Няхай Тваё
Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
ПЕРШАЯ СУБОТА ВЕРАСНЯ 2015
“ІРАД БУДЗЕ ШУКАЦЬ ДЗІЦЯ, КАБ
ЗАГУБІЦЬ ЯГО”
ПАГРОЗЫ СЯМ’І
“Што сталася з зернем Евангелля на абшары апошніх пакаленняў? Ці зерне
прыказанняў падае ў плённую глебу? […] Ці падставовыя прынцыпы маральнасці не
былі “вырваныя” з нашай глебы злом, якое хаваецца ў розных постацях? Ці не былі
“выкляваныя” раскрычаным птацтвам вялікай прапаганды, публікацый, відовішчаў,
праграмаў, якія гуляюць з людзкой слабасцю? […] Ці дзеля сужонкаў сапраўды
важна тое, каб іх дзеці нараджаліся ад чыстых бацькоў? Ці мы носім у сабе
пачуццё таго, што людзкое цела паклікана да ўваскрашэння і мы павінны
клапаціцца аб захаванні яго годнасці? Ці мы здольныя сабе ўсвядоміць, што цела
чалавека з’яўляецца доказам незвычайнага даверу, які Бог аказвае чалавеку,
мужчыне і жанчыне, і ці не імкнемся мы падмануць гэты Божы давер? Ці памятаем
мы пра тое, што кожны чалавек з’яўляецца асобай і што нельга іншага чалавека
абмежаваць да ролі прадмету, на які можна глядзець з пажадлівасцю або проста
ўжываць?”.
Гэтыя словы сказаў св. Ян Павел ІІ у Ломжы ў 1991 годзе. Цяжка аспрэчыць
тое, што яны актуальныя таксама і сёння. Не трэба быць добрым назіральнікам,
каб заўважыць, што крызіс крануўся не толькі асобных сямей, але, здаецца,
дасягае самой глыбіні інстытуту сям’і. З непакоем мы назіраем за тым, як
змяняюць паняцце сям’і розныя супольнасці, якія хаваюцца пад завесай Брусэля ці
ААН. Бог быў узяты ў дужкі, а нават “па-за дужкі”, як казаў у Варшаве св. Ян
Павел ІІ. Новая дэфініцыя сужэнства, сям’і, рэклямаванне партнёрскага звязу без
усялякіх абавязкаў, права ўсынаўлення дзіцяці аднаполымі, тэорыя гендэр, якая
бачыць у палавой прыналежнасці грамадска-культурную абумоўленасць, а не
біялагічную, “сэксуальнае выхаванне” абмяжоўваецца толькі сажыцельствам і
забяспечваннем ад цяжарнасці – усё гэта прысутнічае ў рэчаіснасці Усходняй
Еўропы і спрабуе экспатравацца ў нашу краіну. […]
Можна аднак сказаць, што ў нашым грамадстве загняздзіліся розныя “Ірады”,
якія палююцца на здароўе і маральнае жыццё нашых дзяцей і сямей. Якія гэта
“Ірады”? Найгоршых, хіба, мы гадуем самі. Адзін з іх – гэта адсутнасць любові ў
сям’ях. Любоў, як высахшая крыніца, якая некалі была поўная вады, а сёння сухая
і патрэсканая. “Ойча, мой “дом”, пра які вы мне так прыгожа казалі, ужо даўно
перастаў быць домам. “Старыя” робяць сабе капітал, мы прачынаемся ранкам,
спатыкаемся адзін аб аднаго, кожны бяжыць у свой бок, вяртаемся ўсе ў розны
час, кожны стомлены зашываецца ў свой пакой і так дзень за днём. Часам бацька
дасць якія-небудзь кішэнныя грошы, каб не ламаць галавы, і думае, што гэтым ён
вырашыў усе пытанні. Няма з кім пагаварыць… Я думаў, які гэта ўсё мае сэнс? Ці
маё жыццё таксама будзе так выглядаць?” – кажа малады чалавек.
Калі я чую нараканні на маладое пакаленне, думаю, ці далі мы ім шанс, каб
усё было інакш, наколькі сапраўды ўсё настолькі “дрэнна”? Малады чалавек,
асабліва ў гарадах, часта пакінуты сам сабе. Адкуль ён чэрпае прыклады
паводзінаў, рэцэпты для жыцця? Натоўпы моладзі пазбаўленыя працы, мільёны
выпіхнутыя за мяжу ў пошуках годнага жыцця, няспыннае рэфармаванне школы
людзьмі, якія не маюць пра гэта паняцця, спяшаючыяся бацькі… “крыклівае птацтва
ўсялякай прапаганды”, пра якое ўзгадваў наш святы папа, прапаганды з боку
людзей, часта страчаных у маральным сэнсе, цынічных і паспяховых у тым, што
робяць. І чаго ж мы чакаем ад маладога пакалення? Як яно можа развівацца ў
здаровым накірунку, калі структуры хворыя, рэчаіснасць хворая, бо пакаленне
сталых людзей не здольнае ўвесці элементарны парадак або не дазваляе гэта
зрабіць тым, якія бачаць, як вырашыць праблемы.
Мы часта чуем пра злачынствы, здзейсненыя падлеткамі з так званых добрых
сямей, нармальных сямей. Тады пануе агульнае здзіўленне. А я тады пытаюся –
калі гэта сям’я была такая добрая і нармальная, то чаму малады чалавек стаў
злачынцам? Можа гэта не прыроджанае каварства, а заклік да любові, да цяпла
сямейнага дому, да даверу, што з дзіцяці ўжо зрабіўся хлопец, дзяўчына…? Дзеці,
пакінутыя адзін на адзін з інтэрнэтам, кампутарнымі гульнямі, з усім
віртуальным светам, які адвучвае адрозніваць яго ад рэчаіснага свету. Так! Усім
нам патрэбна рэформа, аднак, хіба найбольш дарослым, а сярод іх тым, якія ўзялі
адказнасць за краіну і яе будучыню. Плёны выхаваўчых эксперыментаў мы збіраем у
школе, якая для шматлікіх настаўнікаў становіцца цяжарам перад абліччам
пазбаўлення іх практычна ўсіх дысцыплінарных сродкаў. Што ж гэта за школа, у
якой настаўнікі баяцца вучняў, іх бацькоў і… свайго кіраўніцтва? Чаго мы хочам
дасягнуць, “на заўважаючы” ў нашых школах гвалту, наркотыкаў, распусты?
“Разнузданасць” таксама трэба выхаваць.
Краіна будзе такой, якой будзе выхаванне моладзі. А таму, якое сёння
выхаванне моладзі? Прысуд у гэтым выпадку вельмі жорсткі. Занадта часта і
занадта лёгка мы аддаем моладзь у рукі людзей без сумлення, з сумненнай якасцю
самазваных “аўтарытэтаў” і скалечаных маральна ідалаў. Спяшаючыяся бацькі, адсутнасць
дыялогу дома, адсутнасць зацікаўленасці праблемамі маладога чалавека падштурхоўваюць
яго ў асяроддзе, дзе яго заўважаць, прымуць, нават, калі ў нышым паняцці гэта
будзе самае подлае асяроддзе. На “вуліцы” чакаюць секты, якія бамбардуюць
любоўю і спачуваннем, што часта заканчваецца асабістымі драмамі.
Я часта пытаю бацькоў, ці ёсць у іх дома стол. Такая мэбля, за якой можна
сесці падчас нядзельнага абеду без уключанага тэлевізару і паглядзець сабе ў
вочы, паразмаўляць, проста пабыць. Сумны свет, у якім чалавек стаў таварам,
прадметам да ўжытку, таксама і сэксуальнага. Уся індустрыя парнаграфіі,
антыканцэпцыі, абортаў, на якой растуць прыбыткі ў ценю ўбаюквання пра “правы
чалавека”. Каго ў тых асяроддзях цікавіць казанне пра чалавека як пра святыню
Божую, пра любоў? Ці гэтых людзей з Амстэрдаму ці Лёндана цікавіць маральнае
здароўе моладзі недзе над Нёманам, псіхічнае спусташэнне, якое ў нясталай
псіхіцы і духоўнасці здзяйсняе парнаграфія, неўпарадкаваны сэкс, антыканцэпцыя?
Чалавек залежны ад рынку збыту. Нейкае там “збаўленне”? Ха! Гэта дзеля мяне не
аргумент. Можа дзеля нас стане важным, у імя чаго вядомая спадарыня пасол, якой
плацяць праабортныя агенты з Захаду, так імкнецца да “заходніх” стандартаў?
Можа мы пачнем цікавіцца, хто піша праграмы дзеля нашых школ, можа падумаем,
што варта аднак спыніць гэтых апосталаў “прагрэсу” нават коштам страты свайго
“святога спакою”? Калі твой дом – дом цёплы і шчаслівы, не дазволь яго знішчыць
і гані “Ірадаў” як мага далей. Святая Сям’я з Назарэту, ня гледзячы на сваю асабістасць
была звычайнай, як кожная іншая, яна перажыла шмат жыццёвых драм, але
вырашалася на жыццёвы гераізм, нават на ўцёкі ў Егіпет. Бо самым выжным было
Дзіця. Хто робіць крыўду дзіцяці, таксама і праз занядбанне, а тым больш праз
дэмаралізацыю, ад Хрыста пачуе толькі адно: “гора!”.
ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ
Уваскрашэнне Пана Езуса
Усе мы чулі, што людзі паміраюць. Мы таксама некага страцілі, можа некага менавіта цяпер аплакваем, і яшчэ не адзін раз перажывем страту блізкай асобы… Ці мы верым ва ўваскрашэнне, ці сапраўды чакаем, что іх сустрэнем? Апосталы чулі, як і мы, пра ўваскрашэнне, а аднак больш была відаць іх роспач, а подым здзіўленне, чым спакойнае чаканне і задавальненне. Традыцыя Касцёла захавала перакананне, што веру ва ўваскрашэнне Сына ва ўсёй поўні захавала Марыя, Беззаганнае Сэрца, не кранутае недаверам, злосцю, роспаччу, гневам… Цяжка было апосталам прыняць смерць Настаўніка, але нялегкім было і Яго паўстанне з мёртвых. Калі Уваскрослы нечакана прыходзіць, некаторыя баяцца, некаторыя недавяраюць. Езус сядае, есць з імі, каб пацвердзіць, каб выказаць, што Ён сапраўды жыве. Ажно такім быў недавер!
Мы паводзім сябе падобным чынам – мы бачылі, ведаем, але ці сапраўды верым?
Мы так часта вызнаем веру ва “ўваскрашэнне цела”. Падумаем пра нашых памерлых,
падумаем пра тых з нашай сям’і, хто адышоў, каго мы можа нават не ведалі.
Памолімся ў інтэнцыі іх радаснага уваскрашэння дзеля шчасця ў небе. Памолімся ў
інтэнцыі іх і нашага уваскрашэння.
Унебаўшэсце Пана Езуса
Езус, узыходзячы ў неба, пакінуў апосталам сваю Маці! Ці гэта не здзіўляе
нас? Ці не мог Ён адразу забраць Яе з сабой? Ці ж не ведаў, што Яна будзе
сумаваць па ім? Яна столькі перажыла, столькі выцярпела, колькі ж Ёй каштавалі
гэтыя дні Яго пакуты, здзеквання бічаваннем і крыжовай дарогі, якія вялі да
смерці. Як страшна глядзець на цярпенні любага Дзіцяці, як цяжка суправаджаць Сына з верай, паслухмяна, у такім цяжкім пакліканні!
Потым час чакання ўваскрашэння, такога цяжкага дзеля Маці! А цяпер Езус
адыходзіць, у хвале, да неба. Апосталы разгубленыя, здзіўленыя яны яшчэ доўга
глядзяць у неба, а Марыя?
Яна не здзіўляецца, што Сын узышоў у неба, але, ці разумела, чаму Яна не
можа пайсці з Сынам да Яго Дому, чаму не можа быць ужо назаўсёды ў еднасці з
Ім? Марыя, напэўна з той самай верай, што дагэтуль, прымала ўсё тое, чаго нават
не разумела. Яна ведае, што такая воля Божая. Яна ведае, што найважнейшая
патрэба тут, на зямлі, з апосталамі. Яна прымае, што Яе час яшчэ не выканаўся,
яшчэ шмат трэба зрабіць, Яна ж была дадзеная Яну, павінна суправаджаць яго,
быць яму Маці – па волі Сына…
Паглядзім на нашае жыццё. Ці мы стомленыя? Ці ёсць у нас расчараванне,
стомленасць, ці адчуваем мы сябе непатрэбнымі, надавартасцяванымі? Бог хоча,
каб мы жылі, бо мы тут і цяпер, на Яго думку, патрэбныя. Нам яшчэ шмат трэба
зрабіць. Нам яшчэ шмат трэба ахвяраваць. Так трэба. Такая воля Божая. Прымем жа
яе, як Марыя.
Спасланне Духа Святога
Ці мы бачым, якая прыгожая Найсвяцейшая Панна? З першай хвіліны захаваная
ад першароднага граху, уся Святая, уся чыстая, Беззаганная, Яна аднак моліцца з
апосталамі і чакае дзеля іх, дзеля сябе, Божага Духа. Ніколі не бывае досыць
моцы Духа Святога, ніколі не бывае досыць Божай любові. Беззаганная няспынна
просіць, увесь час адкрывае Сэрца і прагне Бога. Цяпер Яна таксама просіць
дзеля апосталаў сілы духоўнай, дароў дзеля іх, святасці.
Ці памятаем мы нашае бежмаванне? Ці памятаем такі важны сакрамэнт? Можа
тады мы не сумелі ўсім сэрцам прыняць Духа Божага, але заўсёды ёсць час, каб
яшчэ раз прасіць аб Яго дарах! Марыя ахвотна моліцца з намі і за нас. Яна лепш
за нас ведае, як вельмі нам патрэбны дары Божага Асвяціцеля. Яна ж,
Найсвяцейшая, з’яўляецца Яго найцоўдоўнейшым дарам. Гэта ў Ёй найлепш відаць,
кім можа быць Чалавек цалкам аддадзены Богу, якое прыгожае Беззаганнае Сэрца,
поўнае пладоў Духа Божага! А якую адвагу духоўную, моц выказвання маюць
апосталы пасля спаслання Духа Святога…
Папросім аб спасланні дароў Духа Святога дзеля нас, у нашыя сэрцы. Папросім
аб любові, радасці, супакоі, цярплівасці, самавалоданні, вернасці, лагоднасці
сэрца. Адкрыемся на дзейнасць Божай моцы, дазволім весці сябе, асвячаць,
узмацняць. Папросім аб спасланні Духа Святога дзеля нашай сям’і, нашай парафіі,
усяго Касцёла! Як да Найсвяцейшай Дзевы, як да апосталаў, прыйдзі да нас, Духу
Стварыцелю, наймілейшы з Гасцей!
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Марыі Панны
Наша Маці чакае нас у небе! Яна шчаслівая, зачараваная Каханым, які займаў
усё Яе Беззаганнае Сэрца ўсё Яе жыццё! Яна чакае нас, моліцца за нас,
заступаецца за нас, з цалкавітай цярплівасцю, любоўю, хоць мы і не выглядаем
найлепшым чынам. Увесь час мы ўпадаем у тыя самыя слабасці, не можам выйсці з
дрэнных навыкаў. Яна, Найпрыгажэйшая, чакае нас з надзеяй, што мы будзем
лепшыя, мацнейшыя, бліжэй да Бога і Яе – вольныя ад нашых недахопаў, з чыстым
сэрцам, прыгажэйшыя, шчаслівыя – з Ёй.
Зробім прыемнасць сабе самім, нашым блізкім, нашай Маці, самому Богу.
Пабяжым да неба, пойдзем да неба, калі не маем сіл, то проста крок за крокам,
але ў правільным кірунку! Яна заступаецца за нас – Езус заступаецца за нас
перад Айцом, Дух Святы моліцца ў нас, нават калі мы не ўмеем маліцца. Дзень з
днём мы набліжаемся да неба, гэта будзе вялікая радасць наша і ўсіх святых…
Маці знаходзіцца ў небе і моліцца за нас – там наша месца. Штодня мы бліжэй
да Яе, штодня мы бліжэй да Прыяцеля ўсіх грэшнікаў, гэта самае важнае!
Укаранаванне Найсвяцейшай Марыі Панны
Вось Божая справядлівасць! Панна, выбраная незразумелым Божым Провідам,
падрыхтаваная Божай міласэрнасцю, прыняла сваім Беззаганным Сэрцам, духам,
целам Сына Божага. Кіраваная Духам Божым, Яна прайшла ўсё жыццё, захоўваючы ў
вельмі цяжкіх умовах веру, надзею і любоў, стала ідучы за Езусам, зносячы ўсе
выпрабаванні. Невядомая, недавартасцяваная, назаўважаная, Яна верыла ў Хрыста,
калі трымала Яго на руках, як бездапаможнае Немаўля, калі Ён быў захапляючым
Цудатворцам і Аздаравіцелем, калі быў замучаным Вязнем, калі трымала безвольнае,
мёртвае Цела Сына…
А цяпер поўная ласкі Духа Святога; Першая, што паверыла; Адзіная, што
ніколі не страціла веры, ўжо з Сынам у небе! Яе прыняў Айцец, як любую Дачку,
выбраную, падрыхтаваную, самую верную, карануючы Беззаганнае Сэрца.
Падумаем пра Божы Провід, пра Божую міласэрнасць і Божую справядлівасць у
нашым сэрцы. Таксама і нас выбраў Бог, ставячы ў гэтым месцы, у гэты час,
падрыхтаваў нас вялікай ласкай да нашых заданняў, нашага паклікання, нашага
жыцця, таксама і нас вядзе Дух Святы… Мы не адны – нам паказалі ўсё жыццё Маці
Езуса, вучымся на прыкладзе Яе жыцця. Так як Марыя, пойдзем праз усё жыццё з
Хрыстом, не губляйма веры ў Хрыста, шукайма Хрыста, каб апынуцца разам з Ім і
Найсвяцейшай Паннай Марыяй у небе!
ТАЯМНІЦА БАЛЕСНАЯ
Езус нясе крыж на Кальварыю
У крыжы цярпенне,
у крыжы збаўленне,
у крыжы любові навука […],
у крыжы асалода,
у крыжы прахалода…
Сёння наша дамоўленая сустрэча з Маці Божай. Сустрэча з важнай Асобай можа
быць выпадковай, але ў нашым выпадку мы прынялі запрашэнне самой Беззаганнай
Спадарыні. Гэта гонар для нас – Марыя, Маці Збаўцы хацела б, каб мы лепш
пазнавалі жыццё Яе Сына, а таксама Яе жыццё побач з Ім, дзеля Яго. Гэта таксама
навука для нас – паразважаем над жыццём Езуса і Марыі не з-за звычайнай
цікаўнасці, але дзеля нашага збаўлення. Мы можам таксама, калі захочам,
дапамагаць Езусу і Марыі, молячыся за нашы сем’і, за блізкіх і за нашу краіну,
за тых, што патрабуюць нашай малітвы, ахвяруючы ў іх інтэнцыі нашы справы, нашы
намаганні, высілкі, наша жыццё.
Духу Божы, Ажывіцелю, Ты падрыхтаваў Беззаганнае Сэрца Марыі, якое ж
прыгожае гэта стварэнне! Аздаравіцелю людзкой слабасці, якую ж моцную, магутную
Маці Ты падрыхтаваў Езусу і нам! Святло нябеснае ўлей у нашыя сэрцы, у гэтыя
закаморкі, якія настолькі знеахвочваючыя, цёмныя, змрочныя. Дадай нам сілы і
веры, Лекару людзкіх сэрцаў, дапамажы нам, бо мы спатыкаемся і блукаем, мылім
шлях.
Мы радуемся Тваёй прысутнасці Марыя, Тваёй моцнай любові, цярплівай
дабразычлівасці да нас. Мы захапляемся Табой, Спадарыня: ты ўмела захоўваць
супакой і радасць падчас непрадбачаных сітуацый, таксама і тых, якіх мы не
выбіралі ані самі сабе, ані нашым маці. Як Цябе прымалі, Марыя? Мы аздобліваем,
ушаноўваем, захапляемся Тваімі абразамі, фігуркамі, сімваламі… А як да Цябе
адносіліся на працягу жыцця, Марыя? Ты шмат зносіла, Маці лагодная і добрая,
малых і вялікіх прыніжэнняў, людзкой пагарды і абыякавасці да Твайго Сына і да
Цябе, цікавых пытанняў, настойлівых жаданняў, плётак. Дух Божы вёў Цябе
сапраўды цяжкім шляхам – евангелісты адзначаюць, што Бог вёў Цябе так, як і
ўсіх людзей, так як і Езуса ў сталенні і дарастанні ў ласцы. Мы чытаем, што Ты
не разумела, што вучылася, што разважала ў Беззаганным Сэрцы над рознымі новымі
падзеямі, што балелі Табе накаторыя паводзіны Езуса, што паволі Ты пачынала
разумець Божыя таямніцы.
Як Ты перажыла момант, калі Твой Сын нёс крыж, Маці? Той, каго Ты насіла,
нарадзіла, карміла і клапацілася, хто быў самым важным у Тваім жыцці з самай
першай хвіліны, цяпер збіты, штурханы і трактаваны, як самы горшы. Твой Сын,
які аздараўляў, выглядае так бездапаможна, бяз сіл. Колькі ж людзей глядзела на
Яго з захапленнем, здзіўленнем, хацела стаць бліжэй да Яго, дакрануцца – цяпер
пагардлівыя або абыякавыя твары, выразы агіды тых, што не любяць скрываўленага
віду, пасінячанага цела, парванага і пашарпанага бічом. Столькі людзей пхалася,
каб Яго пачуць, так што Табе не было месца – дзе яны ўсе цяпер?
Нічога не можа дапамагчы, Марыя. Ты можаш маліцца, але як і аб чым? Ты
шануеш у Сэрцы волю Айца, волю Сына. У Цябе запыталіся згоды на тое, каб быць
Маці Збаўцы, і Ты прымаеш Сына разам з Яго пакліканнем, разам з Яго планам і
намерамі. Ты, Маці найцудоўнейшая, Маці над маці, Ты шануеш Сына. Ён ведае, што
можа давяраць Табе, што Ты не здрадзіш, не пакінеш, не ўпадзеш у адчай. Ты,
поўная Духа Святога, згаджаешся, што Сын не павінен выканаць Твае прагненні,
зрэшты, о беззаганная, Тваё прагненне – выконваць волю Айца.
Шмат людзей спрабавала апісваць, што Ты адчувала, што думала, што казала,
заспакойваючы нашу нават самую вялікую цікаўнасць. Евангелісты, якія сапраўды
ўсё ведалі, былі Тваімі і Езуса сябрамі, Тваімі прыхільнікамі, не журналістамі,
Яны думалі пра Цябе і пра Езуса, былі сціплымі, захоўвалі вялікую павагу, а Дух
Святы паказаў ім, што яны павінны запісаць дзеля нашага збаўлення. Што мы
ведаем з Евангелля?
Езус бярэ крыж на свае плечы. Ты, Марыя, не можаш Яму дапамагчы інакш, як
толькі молячыся – Ты не можаш несці крыжа разам з Ім, не можаш захаваць Яго ад
натоўпу. Ты не можаш падаць Яму вады, не можаш супакоіць людзей і жаўнераў.
Езус выдадзены людзям – дзеля нас, дзеля нашага збаўлення. О Маці Балесная,
гэта з-за нас, хоць мы б хацелі думаць, што гэта было даўно, не ў наш час, не ў
нашым горадзе, не ў нашай краіне, не ў нашым народзе. Касцёл аднак вучыць нас,
што гэта з-за нашых грахоў.
Як Ты спраўляешся, о Маці – мы не любім людзей, па віне якіх церпяць нашы
дзеці, мы б не хацелі тых, якія білі і здзекваліся над нашымі блізкімі. Ты
прымаеш грэшнікаў, тых, што раняць сваімі правінамі Твайго Сына – Ты зносіш
слабых і падаючых, маеш цярплівасць да вінаватых. Так хоча Твой Сын, а таму і
Ты хочаш. Як моцна Ты любіш Езуса! Як моцна Ты носіш Яго ў Беззаганным Сэрцы.
Дзеля Цябе – ці малы, бездапаможны і слабы, ці дарослы і поўны моцы, ці носячы
знак ганьбы – гэта Твой Езус.
Якая цяжкая Твая дарога, Панна Балесная. Ты бачыш у натоўпе Езуса настолькі
замучанага, няма ўжо дзеля Яго ратунку на зямлі, Ён нясе крыж, падае, Ты добра
ведаеш, што Твой любы Сын адчувае боль. Гэта з-за мяне, Марыя. Гэта дзеля мяне.
Стражнікі бачаць, што скатаваны Вязень можа памерці, перш чым дойдзе да
месца запланаванай смерці. Сілай яны выбіраюць і прымушаюць Кірынейца, ужо
стомленага пасля працы, каб ён дапамагаў Езусу. Марыя, Ты бачыш яго; неахвотна,
аднак, ён падтрымлівае Твайго Сына. О Панна Балесная, і мы бываем змушанымі
несці крыж і таксама неахвотна. Мы таксама гаворым, што мы ўжо стомленыя
шматлікімі справамі, што ў нас сваё жыццё і свае абавязкі. Мы таксама хацелі б
адысці: мы не хацелі, каб нас бачылі, мы толькі праходізілі, як Сымон з Кірынеі…
Аднак, нехта нас выбраў і паставіў у гэтым месцы, Маці Балесная, хоць мы
ўвогуле не марылі пра тое, каб дапамагаць несці крыж Твайму Сыну. Канешне, мы
любім спяваць каляды, стаяць каля батлейкі, захапляцца ўсялякімі аздараўленнямі,
добра быць каля Езуса, але… Ты, Маці Балесная, умела прымаць Езуса кожную
хвіліну, у кожным стане. Сорамна нам, Маці, але мы аднак хацелі б выбіраць. Мы б
хацелі быць побач з Езусам Уваскрослым, Перамененым, які прыцягвае натоўпы.
Ці згаджаемся мы, каб нас вялі шляхам марыйным?
Паглядзі на наша жыццё, Марыя, дапамажы нам, мы таксама хочам знайсці сілы.
У нашым жыцці мы часта бываем прымушанымі Кірынейцамі, часам самі павінны несці
крыж. Натоўп знаёмых глядзіць на нас без зразумення, з неахвотай, амінае нас
або смяецца. Дзе Ты, Марыя? Дапамажы нам быць блізка ля Цябе.
Маці Балесная, дапамажы нам знаходзіць Езуса не толькі, як прыгожае
Дзіцятка, не толькі як Цудатворцу. Маліся за нас і з намі, каб мы ўмелі несці
крыж, які ўжо і так прысутнічае ў нашым жыцці, у нашай сям’і, у сем’ях нашых
блізкіх. Навучы нас, як Ты, дапамагаць Езусу несці крыж, без пытанняў, без
жалю, без папрокаў, без нараканняў. Прасі з намі Духа Суцяшальніка, сілы, каб
мы маглі цярпліва зносіць цярпенне.
Марыя, Панна Балесная, вучы нас, мы хочам, каб нас вялі марыйным шляхам. Як
Марыя, просім, каб шчодры Айцец напоўніў нас сваёй ласкай і моцай. Прымем, як
Яна, Сына Божага ў нашае жыццё, папросім аб гэтым Духа Суцяшальніка, прымем
нашае пакліканне быць побач з Езусам.
Вядзі нас, Марыя, да Твайго Сына, пакажы нам Найсаладзейшае Сэрца Езуса,
Лекара нашых душ! Няхай Твай Беззаганнае Сэрцы вучыць маё сэрца, няхай Тваё
Сэрца затрыюмфуе ў маім сэрцы! Вядзі, Цудоўная Маці, да неба, да шчасця! Маліся
за нас, грэшных, цяпер і ў гадзіну смерці нашай. Амэн.
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.
Кожны дзень з Табой, Марыя
Вернасць і вытрымка
Радуйся, пакланенне агню адмяніла,
Радуйся, жахлівага полымя моц змяніла,
Радуйся, настаўніца ў цнотах для вернікаў,
Радуйся, весялосць усіх народаў.
Маці Божая, Маці Хрыстовая, Багародзіца, мы хочам наблізіцца да Цябе, мы
хочам пазнаваць Цябе, мы хочам, каб Ты прамаўляла да нас, узварушыла нашыя
сэрцы. Займіся намі, Маці, Ты патрэбна нам! Будзь з намі!
Панна магутная, найслаўнейшая, Ты заўсёды блізка да людзей, заўсёды
даступная, заўсёды чакаючая! Мы прыходзім да Цябе без страху, мы верым, што
Твая любоў і вернасць нязменныя, незалежныя ад нас, нам не трэба іх
заслугоўваць, Ты не абражаешся на нас, не адкідваеш. Ты, Маці верная і
наймілейшая, Ты, як скала, ніколі не пакінеш. Панна верная! Ты не падводзіш, не
ўцякаеш, не знеахвочваешся, не хістаешся, Ты не слабая, Табе можна давяраць,
нават, калі часам мы не можам давяраць самім сябе.
Шмат крыўдаў, неахвоты, варожасці, няверы, няўдзячансці, абгавораў,
абвінавачванняў сустрэла Сына Божага. Ты бачыла, спачувала, была свядомая Яго
цяжкай жыццёвай місіі, Табе гэта вельмі балела, як кожная людзкая нявернасць.
Табе, Найвярнейшае Сэрца, радаваўся Айцец, бачучы Цябе настолькі
вытрывалай, вернай, нязломнай, заўсёды блізка ля Сына Божага. Добра Цябе
падтрыхтаваў Дух Святы, моцны Суцяшальнік, Ён зрабіў Цябе сваёй святыняй, святыняй
Божай, з найпрыгажэйшым Беззаганным Сэрцам, дзеля Бога. Ты адзіная ніколі не
падвяла, не здрадзіла, не адышла. Ты ўмела Слова Божае пачуць, прыняць,
давартасцяваць, Ты імкнулася ўсё лепш разумець, дбаць і падтрымліваць. Твая
чулая прысутнасць была дапамогай Сыну Божаму, Яго апосталам, вучням і
вучаніцам, а таксама ўсяму Касцёлу. Панна верная, Ты нястомна нам дапамагаеш,
молішся за нас, падтрымліваеш нас, заступаешся за нас, нават калі мы падаем у
чарговы раз.
Адкуль у Цябе такая нязломная вернасць, Беззаганнае Сэрца? Вернасць – гэта
цнота, якая патрабуе вялікай мужнасці, духоўнай сілы, адвагі… Панна моцная, як
захапляе Твая вернасць у кожнай сітуацыі, у кожнай патрэбе! Шмат хто з нас умее
захоўваць вернасць у якой-небудзь дакладнай сітуацыі. Адны з нас верныя, калі
няма вялікіх спакушэнняў, калі жыццё плыве спакойна, калі мы не падвяргаемся
ніякім небяспекам, калі нам нічога не пагражае. Іншыя ахвотна захоўваюць
вернасць у небяспеках, калі могуць змагацца, калі трэба супраціўляцца ворагу,
калі са сваёй душы трэба стварыць моцную крэпасць і абараняць яе ад выразна
бачнай атакі злых сіл. Панна разважная, Панна верная! Ты ўмела захоўваць
вернасць самому Богу ў кожнай сітуацыі – у незразумелым, неспакойным часе шляху
да Бэтлеему, падчас уцёкаў у Егіпет, пагрозы жыцця, але таксама і падчас
доўгага ўкрытага жыцця. Тады, калі трэба было клапаціцца пра штодзённасць,
звычайныя хатнія абавязкі, у прысутнасці Сына Божага, яшчэ такога маленькага,
падрастаючага ў цішыні сямейных дзён. Ты ўмела быць нязломна вернай у цяжкім
дзеля Цябе часе публічнай дзейнасці Сына, калі Ён быў усё больш у справах Айца,
усё часцей з іншымі людзьмі, усім даступны, публічна вядомы, калі Яго
абгаворвалі і распаўсюджвалі плёткі, калі крытыкавалі і хвалілі… Вернасць Твая
была бічаваная і правяраная, як золата ў агню, у шматлікіх розных сітуацыя –
таксама і падчас такой жудаснай, устрасаючай пакуты, высмейвання, бічавання,
катавання Твайго Сына.
Панна моцная, Твая вернасць не баялася цярпення, Твая вернасць не
захісталася, калі любага, найбліжэйшага Твайму Сэрцу Сына вялі, як ягня на
зарэз. Ты не ўцякла, не засумнявалася, нікому не рабіла папрокаў, не
патрабавала спецыяльных адносінаў да Цябе. Цудоўная Маці, Твая любоў згаджалася
на пакліканне Сына, на волю Айца, на такія незраузмелыя, балючыя падзеі!
Евангелісты столькі разоў паўтараюць, што Ты не разумела, але разважала,
задумвалася, была гатовая вучыцца ў Сына, слухаць, а таксама прымаць Яго вельмі
цяжкія словы, жэсты, учынкі. Ты, Панна мудая, Маці цудоўная, верна стаяла пад
крыжам, не лічачыся з думкай асяроддзя, людзкімі заўвагамі, крытыкай іншых.
Твая вернасць была, як скала, як непахісная сцяна, якая стрымлівае ўсе атакі
зла, усе спакусы і натуральныя прагненні сэрца.
Панна верная, Панна моцная, нам патрэбна Твая вернасць, Твая вытрымка. У нас
прысутнічае страх, Маці, боязь, апасенні, часам пачуццё вялікай самотнасці,
незразумення. Мы глядзім на Цябе – Ты не разумела, але верыла, што ж за
гераізм! Што за моц Беззаганнага Сэрца… Ты вытрывала, перажыла, як жаўнер на
складаным пасту, як першапраходзец на новым лёдзе, які першы раз праходзіць
невядомы сабе і іншым шлях. Мы, гледзячы на Цябе, можам, як карту, узяць у рукі
ружанец, разважаць над Тваім жыццём побач з Езусам, вучыцца ў Цябе. Дзякуючы
Табе мы ведаем, як ісці марыйным шляхам да шчасця з Богам ласкавым і
міласэрным.
О Маці, Ты вучыш нас вернасці ўсім Сваім жыццём. У кожнай сітуацыі Ты была
верная і гэтай вернасці чакаеш ад нас, просіш нас аб вернасці Твайму Сыну. Ці
былі мы сёння верныя? Ты штодзённа заклікаеш нас да вернасці, лагодна запрашаеш,
каб мы прынялі Тваё пакліканне суправаджаць Езуса, быць блізка, згаджацца на
Яго місію, Яго планы, Яго волю, каб мы, як Ты, аддавалі жыццё, зрабілі ўсё, што
Ён нам скажа.
Марыя верная і нязломная, моцная і надзейная, як жыць у такой ненадзейнай
штодзённасці? Гэта праўда, Ты чакаеш ад іншых вернасці, салідарнасці. Мы б
хацелі магчы на каго-небудзь спадзявацца. Нас столькі разоў падвялі, каму
верыць? Людзі абяцаюць, Марыя, і не трымаюць слова, а так часта забываюць
папрасіць прабачэння, растлумачыць, чаму яны сталі прычынай клопату. Вернасць
настолькі каштоўная, Маці Божая, Ты ж ведаеш, што мы столькі разоў
расчараваліся ў блізкіх нам асобах.
Марыя, Маці верная, Ты не падводзіш, Ты заўсёды побач з Езусам, верная ў
любові, у малітве, у ахвяры. На Цябе мы можам спадзяваццая, Табе мы можам
давяраць. Тваё жыццё з Езусам патрабавала столькі вырачэнняў, ахвяр
Беззаганнага Сэрца, на якія Ты згаджалася з цалкавітым даверам, адданасцю.
Вядзі нас, Панна верная. Мы хочам быць пры Табе і прасіць прабачэння за нявернасці,
вучыцца ў Цябе, будзь нашым натхненнем, рухай нашымі думкамі і сэрцамі,
узмацняй нас. Няхай Твая вернасць будзе для нас як зорка, якая паказвае
накірунак на цёмным шляху, няхай вядзе нас і робіць заўвагі. Дапамажы нам,
просім, верна і адважна, як Ты, зносіць зменлівасць часу, пагрозы, слабасць
іншых. Дапамажы нам быць падобнымі да Цябе, як непахісная, моцная скала, якая
не ламаецца, не разбураецца, не выветрываецца пры павеве ветру.
Марыя, Маці Святой Сям’і, мы аддаем Тваёй малітве нашы сем’і. Маліся з намі
і за нас, нашы сем’і бываюць слабыя, нясталыя перад абліччам спакусы, нам
патрэбна вернасць, давер, адвага стаць на пасту, дзеля штодзённай службы, часта
так мала эфектыўнай. Паглядзі, колькі разбітых сямей з-за нявернасці, здрады,
падману, занядбанняў, якія паходзяць з нявернасці і ўзмацняюць нявернасць… Мы
ведаем – Ты хацела б, каб мы былі апорай вернасці ў нашай сям’і.
Нявернасць нараджае горыч, Маці, шмат хто з нас задумваецца, ці можа ён
паверыць камусьці другі раз, чацвёрты, дзесяты? Як верыць, ці верыць безумоўна,
ці больш патрабаваць, чаго патрабаваць? Маці добрай рады, ратуй нас, Сталіца
Мудрасці, Ты, якая насіла ў Сабе Сына Божага, уцелаўлёную Мудрасць, якая
слухала гэту ўцелаўлёную мудрасць! Ты, якая ўмела быць Вучаніцай Сына, навучы
нас, як быць вернымі і як узмацняць чыюсьці вернасць. Верная Суцяшальніца,
суцяшай нас, калі мы спазналі чыюсьці нявернасць, калі баліць нам гэта
нявернасць, не дазволь нам затапіць сэрцы ў горкіх жалях. Вылячы нас,
Беззаганнае Сэрца, Аздараўленне хворых сэрцаў!
Панна верная, Ты сама найлепш ведаеш, як цяжка быць верным, вернасць
шліфуецца на вельмі ўхабістай дарозе! Ты сама заўсёды была верная, суцяшала
Цябе прысутнасць Божая, любоў Божая. Цябе падтрымлівала ласка, не людзі, Ты не
лічыла на іх прызнанне, на іх пахвалу, узнагароду. Няма іншага выхаду –
вернасць не спектакулярная, Маці наша! Вернасць не шукае апладысментаў, гэта не
аднарозовае дасягненне, яна не нагадвае поспеху спартоўца. Вернасць, як зямля,
якая дазваляе ўкараніцца, буйна развівацца, расці ўвышыню. Мы захапляемся
вялікімі моцнымі дрэвамі, няшмат думаючы пра тое, што іх прыгажосць паказвае
пладароднасць і стабільнасць глебы. Вернасць, як паветра, якое дазваляе дыхаць,
ствараць, квітнець, прыносіць плёны… Маці верная, вучы нас моцы вернасці, якая дазваляе
жыць.
Вернасць не блішчыць, не робіць уражанняў, часам бывае нават высмейваная…
Не занадта можна хваліцца вернасцю, яна ціхая, відаць хутчэй яе адсутнасць, а
яе прысутнасць толькі па плёнах, часта вельмі павольна спеючых… Марыя, пакажы
нам сябе, дапамагай нам быць вернымі, як Ты, для Хрыста, для Цябе, для нас
саміх, каб ісці ў Валадарства Божае…
Маці верная, Маці добрай рады, падтрымлівай нас, маліся з намі аб вернасці,
вучы нас адкрывацца на дар Духа Святога, маліся аб моцнай цярплівасці нашай вернасці,
аб згодзе на сталенне ў цішыні, для выбараў, якія робяць больш лёгкай вернае
служэнне. Нашымі грахамі не палохайся, Панна верная, вучы нас таксама не
знеахвочвацца з-за нашых упадкаў. Мы хочам быць вернымі перш за ўсё Твайму Сыну
і Табе! Мы слабыя, занадта добры мы гэта ведаем! Просім Цябе, верная і магутная
Маці, маліся за нас і прасі Духа Святога для нас, Духа супакою, вернасці,
цярплівасці, пабожнасці, Духа Божага. Няхай напоўніць наша сэрца, няхай забярэ
ўсё дрэннае, слабое, няўпэўненае, пагражаючае дзеля нас саміх. Няхай ачысціць
нашыя сэрцы, каб яны былі падобныя да Твайго Беззаганнага, Найчысцейшага Сэрца,
Найсвяцейшая!
Будзь з намі, Панна верная! Маліся з намі, за нас, вядзі нас Тваім шляхам
вернасці Хрысту, шляхам марыйным! Амэн.
Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”