6.13.2015

Першая субота красавіка 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА КРАСАВІКА
2015 


 ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Унебаўшэсце Пана Езуса

Гэта час спецыяльна выбраны для нас, паказаны Марыяй, Правадніцай ружанцовай духоўнасці – гэта першая субота месяца.
Мы прынялі запрашэнне Яе Беззаганнага Сэрца, каб нашым сэрцам прыняць Евангелле. Гэта жыццё Езуса і Маці, важнае для нашага жыцця, для нас усіх. У цяжкай дарозе важна мець адпачынак, узмацненне, пасілак. Няхай гэты час накорміць нас, адсвежыць, суцешыць, узмоцніць. Затрымайма ўсё, што нам перашкаджае, што рассейвае нашу ўвагу. Наблізім сэрцы да Сэрца Беззаганнай Маці, дазволім сябе суцешыць і ўзмацніць у дарозе.
Духу Святы, Твае дары фармавалі і выхоўвалі Беззаганнае Сэрца Марыі, Ты – чулы Айцец для ўбогіх, Ты найлепш ведаеш таямніцы Яе жыцця. Вучы нас, вядзі, фармуй нашыя сэрцы, адкрывай на радасць і святасць. Ты заўсёды даеш шчодрыя дары – просім, адары нас. Няхай Твой супакой дазволіць нам бачыць наша жыццё, нас саміх, не дазволіць нам згубіцца сярод страхаў, апасенняў, пачуццяў віны. Пакажы нам прабачаючую міласэрнасць Божую і Божую волю, Духу Ажывіцелю. Ты – прахалода у працы – лечыш раны сэрца, Аздаравіцелю людзкіх сэрцаў. Духу ласкі і мудрасці, вядзі нас, просім, адкрый нашыя вочы і вушы.
Міласэрны Збаўца, цярплівы Сябра людзей, дапамажы нам ісці за Табой, вучыцца ў Беззаганнага Сэрца Тваёй Маці, як любіць Цябе, Найсаладзейшае Сэрца Езуса.
Найласкавейшая Панна, падтрымлівай нас, просім, вучы нас ісці за Табой, Тваім шляхам! Яшчэ шмат трэба нам вучыцца марыйнай веры, паслухмянасці, надзеі, любові. Беззаганнае Сэрца Марыі, мы хочам слухаць Цябе і вучыцца ў Цябе, вядзі, Найсвяцейшая Панна, Маці добрай рады! Будзь з намі, Выхавацелька святых, Панна мудрая, пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца! Сталіца Мудрасці, пакажы нам Езуса!
У нас шмат спадзяванняў на весеннія месяцы – яны ж абяцаюць не толькі прыгажосць вясны і лета, вакацыі, і намаганні працы. Прыгажосць Марыі таксама нас захапляе, запрашае нас наследаваць Яе, ці можа быць большай радасцю для Маці, чым бачыць гэтыя намаганні дзяцей? Прыглядзімся да жыцця Марыі, дазволім Ёй нас вучыць, бо мы хочам быць Яе знакам у нашых сем’ях.
Сёння нас запрасілі для разважання над цудоўнай таямніцай ружанца, колькі ж у ёй святла, хвалы, моцы! Унебаўшэсце Пана Езуса было незвычайна таямнічай падзеяй, захапляючай, агаломшваючай для тых, што былі яго сведкамі.
Чытаючы апісанне ў першым раздзеле Дзеяў Апосталаў, мы адразу бачым, што апосталы нават пасля пакуты і ўваскрашэння не вельмі разумеюць свайго Настаўніка. Яны няспынна пытаюць: “Пане, ці Ты цяпер вернеш Валадарства Ізраэля”? Што мы можам пра гэта думаць? Нам таксама блізкія ідэі народнага вызвалення, вольнасць нашага краю. З рознай нагоды мы ўзгадваем нашы традыцыі, шмат хто з нас ганарыцца заслугамі сваёй сям’і перад краінай. Езус, аднак, вучыць, што еднасць у Ім самім з’яўляецца падставай вольнасці, а вольнасць духоўная – найважнейшая. Ён абяцае ім іншыя дары, паказвае іншае пакліканне, іншыя абавязкі. “Атрымаеце моц Духа Святога, які сыйдзе на вас, і вы будзеце маімі сведкамі” – ці апосталы сапраўды разумеюць гэтыя словы? Настаўнік абяцае ім удзел у моцы Божай, аднак не з мэтай узброенага паўстання, не для прыняцця ўлады, узмацнення мяжы, а менавіта дзеля таго, каб пераступіць межы ўсіх краін і культур, у імя Езуса. Апосталы павінны ісці да ўсіх, не звяртаючы ўвагі на паходжанне і звычаі, “у Ерузалеме, у Самарыі і ва ўсім свеце”. Такое бачанне магло моцна здзіўляць. Апосталы да гэтага не цікавіліся збаўленнем людзей недзе далёка, любілі Езуса, хацелі Яго слухаць, клапаціліся пра будучыню свайго народу, прыгнечанага Рымлянамі. Да гэтага гаворка не ішла аб падрыхтоўцы да місіі сярод язычнікаў, хоць Езус размаўляў з усімі, аздараўляў таксама людзей з па-за Ізраэля, быў ласкавым не толькі для Габрэяў, але і для іншаземцаў, людзей пагарджаных і тых, якіх лічылі адступнікамі і ератыкамі. Аднак Уваскрослы Сын Божы нічога больш не тлумачыць апосталам, лічучы, што досыць просьбы не пакідаць сталіцы, чакаючы абяцання Айца – Духа Святога.
Лёгка нам сабе ўявіць здзіўленне і няўпэўненасць апосталаў. Нават, калі Езус сапраўды казаў ужо пра Духа Святога, як мы ведаем з Евангелля св. Яна. Слухачы ж не маглі прадбачыць ані дароў Божых, ані будучыні маленькай супольнасці. Таксама і мы маглі быць здзіўленымі, калі б нам нечакана паказалі нашае пакліканне, ці мы самі часам не занадта засяроджваемся на нашых справах, упадабаннях?
Езус абвяшчае вучням іх пакліканне і адбываецца нешта нечканае: “Пасля гэтых слоў Ён узнёсся на іх вачах у вышыню і яны бачылі Яго, пакуль воблака Яго не схавала”. Як гэта разумець? Як гэта прыняць? Бездапаможнасць апосталаў вельмі добра акрэслівае чарговы сказ, які напісаў св. Лука: “настойліва ўглядаліся ў неба”. Здзіўленне, бездапаможнасць, пачуццё пакінутасці? Як бы мы адрэагавалі? Чаго менавіта чакалі апосталы? Можа думалі, што калі Уваскрослы жыў з імі на зямлі і паказваўся ім на працягу 40 дзён, ужо тут і застанецца? Цяжка нам здагадвацца, якія ў іх былі пачуцці, відаць аднак, што разам са спадзяваннямі, загадамі і адыходам Езуса да неба яны проста шакаваныя. Не на гэта спадзяваліся.
А ў той час апосталы застаюцца адны, з Марыяй, дадзенай Яну. Для суцяшэння літасцівы Айцец пасылае ім анёлаў, якія дабразычліва і ветліва робяць заўвагу, паказваючы бессэнсоўнасць настойлівага ўглядання ў неба. Яны абяцаюць, што Езус некалі прыйдзе, але калі? Апосталы засталіся без свайго Настаўніка, чакаючы далейшага бегу падзеяў. Што ім цяпер рабіць? Іх стан духа адлюстроўвае як ўгляданне ў аблокі, за якімі знік Уваскрослы, так і зачыненыя дзверы Вячэрніка. Як, ахопленыя жахам, згубленыя людзі могуць ісці да чужых і казаць пра Езуса?
Гэта вельмі важны ўрок як для нас, так і для апосталаў. Так як апосталы мы не ведаем, куды хоча паслаць нас Айцец, куды нас вядзе Дух Святы. Так як апосталы мы не ведаем Яго спадзяванняў, Яго моцы і нашых магчымасцяў. Побач з апосталамі, як і побач з намі, прысутнічае Марыя. Заўважым аднак, што ў апавяданні пра ўнебаўшэсце Езуса няма ніводнага слова пра Маці Пана! Стрыманасць св. Лукі, які так шмат ведаў пра Марыю, можа змушаць нас задумацца. Мы не ведаем, што тады адчувала, думала, перажывала дзіўная і таямнічая Панна; Тая, што верыла з самага пачатку. Мы ведаем, што яна спазнала цудоўную штодзённасць з Езусам без вялікіх, шумных падзеяў, спакойную і поўную чулай прысутнасці, спазнала час публічнай дзейнасці Езуса, поўнай вялікіх падзеяў і цудаў; Яна ведае таксама жудасны боль спачування, пакуты, смерці, развітання. Цяпер ізноў Езус, Яе Сын, жывы, у хвале, адыходзіць. Марыя напэўна, як заўсёды, поўная веры, даверу, спакою. Марыйны шлях не азначае, як вучыць нас Евангелле, поўні свядомасці, поўні ведання, наадварот, св. Яна Павел ІІ пісаў пра “цёмную ноч веры Марыі”, цяжар пілігрымкі веры.
Марыйны шлях – гэта прытуліцца сэрцам, няспынна ачышча́ным сэрцам, Беззаганным Сэрцам да Езуса, Умілаванага. Можна ўявіць, што Марыя суправаджае апосталаў, падтрымлівае іх, як і нас, малітвай, прысутнасцю, верай. Час выканання абяцанняў Айца яшчэ толькі прыйдзе, цяпер – час сталення ў маўчанні, узрастання ў пачуцці пакінутасці Настаўнікам, час чакання. Апосталы павінны пачаць новы этап гісторыі збаўлення. Надыходзіць хвіліна, калі яны выйдуць з зачыненасці, перастануць баяцца, адкрыюць сваё пакліканне, пойдуць да невядомых краінаў і людзей… Яны ўжо не будуць хавацца, не будуць чакаць вяртання Уваскрослага, ужо яны самі пойдуць абвяшчаць ва ўсе канцы свету, несучы Яго словы моцай Духа Святога.
Ці мы таксама толькі пазнаем наша пакліканне? Можа трэба паглядзець на яго наноў? Замест таго, каб баяцца новага, замест таго, каб глядзець у неба, як згубленыя, пакінутыя, будзем прасіць разам з Марыяй, Маці вернай і ўпэўненай, Духа Святога, аб распазнанні нашага месца ў Касцёле, нашай місіі, нашай адказнасці?
О Беззаганная, мы давяраемся Тваёй цярплівасці, гэта Ты прайшла настолькі розныя шляхі, столькі досведаў і болю, ведаеш час маўчання і сталення. Вядзі нас, узмацняй, не дазволь нам хавацца ад нашага паклікання. Прасі з намі моцы Духа Божага, Яго дароў для нас, вучы нас нашаму месцу ў Касцёле! Настаўніца наша, вядзі нас да Езуса.
Просім Духа Божага, Салодкую радасць сэрцаў, няхай Ён нас ачысціць праз Слова Божае, сакраманты, няхай выхоўвае нас, фармуе! Няхай нашыя сэрцы будуць падобнымі да Беззаганнага Сэрца Панны. Духу Божы, узмацні нас, каб мы штодзённа прыносілі слодыч Тваіх дароў у нашыя дамы і супакой  у нашыя сем’і.
Вядзі нас, Беззаганная, мы хочам быць блізка ля Твайго Найчысцейшага Сэрца! Мы хочам, як Ты, верыць Богу, як Ты, праслаўляць Бога, давяраць, як Ты давярала, любіць Твайго Сына, як Ты, Беззаганная! Амэн.

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”