6.13.2013

Першая субота студзеня 2013

ТАЯМНІЦА  V БАЛЕСНАЯ
Смерць Пана Езуса на Крыжы
   
        "Прагну" (Ян 19, 28).
   О Марыя, Найчысцейшая, Балесная, Прыгожая Пані Фацімскага Паслання – будзь прывітаная!
   “Ты, о Найсвяцейшая Дзева,
Ты прыходзіш да нас у цемры,
Як Святладайны факел,
Запальваючы нематэрыяльнае святло,
Вядзеш усіх да пазнання Бога,
Сваім бляскам разсейваеш думкі
Нашым заклікам ушанаваная:
Вітай, праменю духоўнага сонца,
Вітай, маланка, асвячаючая душы,
Вітай, гром, які паражае непрыяцеляў…
Вітай, Дзявочая Сужонка”.
Прыйдзі, Духу Святы! Духу Любові, Моцы і Праўды, Духу Святла.
Прыйдзі, адчыні нашыя сэрцы – Прывядзі
да крыніцы – нашага Адзінага Збаўцы,
да адкрытага Бога нашага Адкупіцеля,
у расчыненыя рукі Марыі – нашай Маці.
Дапамажы нам цалкам прытуліцца да ўкрыжаванага Пана.
   Марыя, Маці нашая, Маці Прыгожай Любові – Маці Ўкрыжаванай Любові – мы прагнем быць з Табой, трываць пад крыжам – на гэтым месцы нашага Адкупіцеля і яшчэ раз – з найглыбейшай удзячнасцю прыняць – усім сэрцам -  у нашае жыццё – Цябе, о Балесная Маці Касцёла; пералей у нашыя сэрцы сваю веру, надзею, любоў.
   Ты – бедны і маўклівы пілігрым, не шукаеш суцяшэння; не, гэта Ты Суцяшальніца свету, стукаеш і просіш, каб Цябе прынялі, бо Ты – Маці, што прагне падзяліцца дарам свайго Сэрца – Надзеяй.
   Мы ўзносім да Цябе нашыя сэрцы, узносім нашыя вочы, поўныя даверу, адданасці, даручэння Твайму Беззаганнаму Сэрцу і Міласэрнаму Сэрцу Езуса – Гостыі.
   “Пасля  гэтага  Езус,  ведаючы,  што  ўжо  ўсё  збылося,  каб  здзейснілася Пісанне,  кажа:  «Прагну».  Стаяла  пасудзіна,  поўная  воцату.  Тады  ўздзелі  на ісоп  губку,  намочаную  воцатам,  і  паднеслі  да  Ягоных  вуснаў.  Калі  Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І схіліўшы галаву, аддаў духа. (…) толькі адзін  з  жаўнераў  прабіў  дзідаю  Ягоны  бок,  і  адразу  выцекла  кроў  і  вада” (Ян 19, 28-30, 34).
   “Стаялі  ж  каля  крыжа  Езуса  Маці  Ягоная  і  сястра  Маці  Ягонай,  Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.  Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога  Ён  любіў,  сказаў  Маці:  «Жанчына,  вось  сын  Твой».  Потым  сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 25-27).
   Езус – Князь Супакою, Баранак без змазы, найпрыгажэйшы з людскіх сыноў, Збаўца свету. Ён памірае на крыжы – паслухмяны аж да смерці; і то смерці крыжовай. Як асуджаны памірае на гэтым дрэве… У падножжа крыжа – з’яднаная са сваім Сынам у Яго знішчэнні – Марыя ўдзельнічае праз веру ў жудаснай таямніцы гэтага знішчэння. Гэта хіба найглыбейшае ў гісторыі свету “праяўленне  веры”. Праз веру Марыя бярэ ўдзел ў смерці Сына – а гэта смерць адкуплення. Езус з Назарэту праз Крыж на Галгофе канчаткова пацвердзіў, што ён гэта той “знак, якому супраціўляцца будуць” (Лк 2, 34), паводле слоў Сімяона. Адначасова здзейсніліся там яго словы, скіраваныя да Марыі: “А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (Лк 2, 35).
   Меч прайшоў Яе Сэрца, нараджаючы невыказаны боль, найвялікшую пакуту прыгатаваную на шляху веры, калі ішла за Хрыстом. Заўсёды верная. Ад FIAT –“Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 35).
   У Фаціме Маці Божая пытаецца: “Ці хочаце вы ахвяравацца Богу і зносіць усе пакуты, якія Ён захоча вам паслаць, як акт узнагароды за грахі, якімі Яго абражаюць і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?”. Які я дам сёння адказ?
   Св. Павел вучыць: мы ўсе члонкі таго самага Цела. Хрыстос жыве ў людзях. Калі мы кранаемся, зраньваем, наносім боль чалавеку, то зраньваем, надаем боль Езусу. Калі да другога чалавека мы не адносімся з павагай, то якія тады мае – нашыя – адносіны да Езуса? Прыняцце Яго Цела і Крыві? Якая мая Камунія?
   “Я  ўжо  не  называю  вас слугамі, але сябрамі” (Ян 15, 15).
   Нават Юда яго сябра – назаўсёды; “Сябра, чаго ты  прыйшоў?” (Мц 26 50) – запытаў Езус, калі здраднік даў знак: “Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго і вядзіце асцярожна” (Мк 14, 44). У такіх людзях Хрыстос ужо раз цярпеў. Езус не хоча, каб мы апраўдвалі грахі, толькі прызналі і вызналі, і тады мы будзем жыць у святле “Калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць  паміж  сабою” (1 Ян 1, 7),  бо пакорным і скрушаным сэрцам Ты, Божа, не пагарджаеш.
   А калі Яго высмеялі… знялі з Яго плашч… і завялі на ўкрыжаванне… Балесная таямніца.
   Яны здзіраюць з Яго шаты, прычыняюць боль. Вучаць той любові, што ні перад чым не адступае. У тую ноч Ён – Баранак без змазы – палюбіўшы сваіх, да канца іх палюбіў. І гэта роля Касцёла: трываць на малітве і праслаўляць. Толькі любоў Езуса вызваляе і збаўляе свет. Трывайма ў Яго любові. Калі мы ёй не жывем, то ўсё нашае хрысціянскае жыццё робіцца пародыяй хрысціянства, фарсам, забавай, гульнёй. А дзеля Яго – укрыжаванага з любові да нас – гэта боль, гэта церні, прабіваючыя Сэрца Беззаганнай. І шатан з усмешкай насміхаецца… Крыжовая дарога, якой ішоў Езус, гэта любоў, якая пераўзыходзіць ўсялякае разуменне. Ужо з першай стацыі мы бачым, як свет адносіцца да Бога. Гэта не Бог судзіць, гэта свет… судзіць Бога. І Бог сам нам кажа: “Не судзіце, і не будуць судзіць вас” (Лк 6, 37). Трэба любіць, каб не судзіць, бо “вусны  гавораць  тое,  чым перапоўнена  сэрца” (Мц 12, 34).  Гэтая поўня – малітва. Езус не бачыць катаў, Ён бачыць Бога Айца: “Ойча, прабач ім”.
   Гіяцынта ў адной з візій убачыла Святога Айца цяжка пакутуючага: “Я ўбачыла Святога Айца ў вельмі вялікім доме, ён кленчыў каля століка, твар закрыў далонямі і плакаў. Звонку было шмат людзей, некаторыя кідалі ў яго камяні, іншыя выкрыквалі і казалі брыдкія словы. Бедны Святы Айцец, мы павінны шмат за яго маліцца”.
   Падчас трэцяга аб’яўлення Маці Божая прадказала распаўсюджванне камунізму: “Бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю аблудную навуку па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераследванне Касцёла, справядлівыя будуць замучаныя, а Святы Айцец будзе шмат пакутаваць. Згінуць розныя народы.
   У канцы, аднак, маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць мне Расію, якая навернецца і на нейкі час у свеце запануе супакой”.
   Марыя не перастае прасіць нас аб супрацоўніцтве ў збаўленні свету, у ратаванні душ. Яна – балесная Маці Касцёла. Як я захоўваю вернасць крыжу і Евангеллю? Ці я памятаю ў сваіх малітвах пра Святога Айца, любага Бэнэдыкта XVI, так балесна выпрабаванага?
   Калі Хрыстос збаўляе свет, Ён мае Цела Дзевы Марыі, Сэрца, якое любіць. Усё, што Яму засталося – гэта Цела, якое Ён прыняў з Дзевы Марыі і Сэрца здольнае любіць. Тое, што Ён атрымаў ад Бога. Сам пакутуючы Хрыстос прысутнічае ў Эўхарыстыі: “Я за іх прысвячаю самога сябе” – гэта Любоў, гэта не справа пачуццяў. Дзякуючы гэтай Любові мы таксама пакліканыя, каб прыносіць плён – любоў”.
   Таямніца Любові ў Пакуце, Пасіі. Трывае Яна ў Эўхарыстыі і трывае ў нас, бо мы носім у сабе кананне Езуса. Бясконцую любоў можна выразіць толькі праз цалкавітую ахвяру, адданне жыцця – “кропля за кропляй…” Наш Збаўца – падняты на крыжы, пазбаўлены ўсяго. “Езус ведае, што Марыя мусіць быць не толькі далучаная да ахвяры, складанай Айцу, але і ў Яго адданні людзям. (…) Яе таксама – у акце найвышэйшага вынішчэння – Ён даў свету, перш чым сваю місію дапоўніў ахвярай асабістага жыцця”.
   Вось Сын Твой,
Вось Маці Твая,
Ойча, у Твае рукі…
і схіліўшы галаву, аддаў духа.
   Гэтая смерць сталася пачаткам Новага Жыцця. Крыж стаўся брамай. Трэцяга дня ўваскрос і… забраў страх смерці: “Я памёр, а цяпер жыву”.
   “Пане Езу Хрысце, у гадзіну Тваёй смерці сонца пакрылася цемрай. Ты кожны раз нанова прыбіты да крыжа. Менавіта ў гэтую гадзіну гісторыі мы перажываем адсутнасць Бога. З-за няспыннага цярпення і людскога каварства аблічча Бога, Тваё аблічча, здаецца схаваным, нераспазнавальным. Але менавіта на крыжы Ты даў сябе пазнаць. Гэта таму, што Ты, які пакутуеш і любіш, узвышаны. Менавіта там Ты затрыумфаваў. Дапамажы нам распазнаць Тваё аблічча ў гадзіну цемры і разгубленасці. Дапамажы нам паверыць у Цябе і ісці за Табой у гэтую гадзіну. Зрабі, каб аб’явілася Тваё збаўленне”.
   Святая Марыя, нашая Маці, вучы нас усё глыбей пазнаваць, усё мацней любіць і ўсе больш верна наслядоўваць Езуса. Вучы нас трываць пад крыжам, прымаць крыж, ахвяроўваць жыццё – у еднасці з Езусам: “Я – хлеб жыцця. Хто спажывае маё Цела і п’е маю Кроў, мае жыццё вечнае” (Ян 6, 35, 34).
   У Фаціме Ты аб’явіла Францішку, Гіяцынце і Луцыі – сваё балеснае Сэрца, а таксама жудасную візію пекла. Яно сапраўды існуе і да яго ідзе так шмат, шмат душаў. “Яны ідуць туды, бо няма нікога, хто б за іх маліўся і складаў ахвяры, пакутаваў” – казала Ты з боллю.
   Ці я адкрываю сваё сэрца для ўсіх, хто патрабуе дапамогі, хто знаходзіцца ў небяспецы вечнага асуджэння?
   Давайце адзін за аднаго маліцца, каб з яшчэ большым запалам выканаць просьбы – заклік Фацімскай Спадарыні; каб наш адказ, наша адказнасць за лёсы свету і збаўленне душ была поўная даверу і веры ў трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі і надыходу эўхарыстычнага валадарства. Трывайма ў Яго Любові, у промнях любові і міласэрнасці. Амэн.

Першая субота лютага 2013

ТАЯМНІЦА IV РАДАСНАЯ
Ахвяраванне Езуса ў Святыні

   “Было  святло  праўдзівае,  якое  асвятляе  кожнага  чалавека,  які  прыходзіць на свет.  У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго” (1, 9-10).
   О Найчысцейшая, Беззаганная Марыя, Маці Даверу, Дзева Ахвярная, Прыгожая Фацімская Спадарыня, будзь прывітаная!
   Святая Марыя! – ціхая і пакорная; Ты з даверам чакаеш, як Сімяон, “суцяшэння Ізраіля” і выглядаеш, як Ганна, “выбаўлення Ерузалему”, будзь прывітаная!
    Дзякуючы Твайму “Так” надзея ўвайшла ў гісторыю свету. Сёння, ў гэтую першую суботу лютага 2013 года, мы хочам дзякаваць Табе, Любая Маці за Тваё нястомнае заступніцтва за нас і за Святы Касцёл.
   Мы прагнем, чаго так выразна прасіў Пан Езус у Фаціме, “узнагародзіць за тых, што публічна імкнуцца пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду, а нават нянавісць да Беззаганнай Маці”. Нявеста Духа Святога! Маці Прыгожай Любові, Ты ўсё сваё жыццё аддала Асобе і Справе свайго Сына, з даверам прымаючы волю Бога. Навучы нас і дапамажы нам захоўваць у сэрцы таямніцу Яго жыцця, захоўваць Яго слова і разважаць над ім у цішыні нашых сэрцаў, так як Ты гэта рабіла. Прыйдзі, Духу Святы; прыйдзі і адкрый нашыя сэрцы, спашлі полымя Тваёй моцы, вывядзі нас з цемры да святла Праўды, каб жыццём мы паццвердзілі прынятае пасланне, адданасць Беззаганнаму Сэрцу Марыі – за жыццё і збаўленне душ.
   Цяпер час збаўлення.
   Марыя і Юзаф, паслухмяныя Волі Божай, адкінулі ўсе прывілеі, і – спаўняючы наказы Права Майсея – прынеслі Дзіцятка Езус да ерусалімскай святыні, каб прадставіць Яго Пану. “Кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят” (Лк 2, 22-24). Марыя – першая сярод убогіх Пана, у рэчаіснасці ахвяруе сапраўднага Баранка – Збаўцу света, Адкупіцеля чалавецтва.
   “Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы. Хто Ён, гэты Валадар Славы? – Госпад магуццяў, вось хто такі Валадар Славы” (Пс 24, 9-10).
   Менавіта гэты псальм павінен гучаць у ерусалімскай святыні, у хвіліну прыходу ўкрытага ў людскім, слабым целе, народжаным у бэтлеемскім жлобку, падданага праву вукупу – Адкупіцеля чалавецтва.
   У гэты час… прыходзіць незаўважаны… святыня маўчыць…
   Толькі старац Сімяон – “чалавек справядлівы і пабожны, які чакае суцяшэння Ізраіля, на якім спачывае Дух Святы, што аб’явіў яму, што ён памрэ пакуль не ўбачыць Месію Госпада” – і прарочыца Ганна, што была на схіле дзён сваіх. Мела 84 гады. Не пакідала святыні, служачы Богу пастом і малітвай ўдзень і ўначы. Прыйшоўшы менавіта ў гэты час, яна хваліла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў выбаўлення Ізраіля. Ганна – “ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў і жыла ўдавой”. Толькі яны бачаць і могуць сведчыць. Калі Сімяон сустракае ў святыні Езуса, Юзафа і Марыю, бярэ на рукі Дзіця і бласлаўляе Пана: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,  паводле слова Твайго, у спакоі” (Лк 2, 29). Давайце перажывем гэтае блаславенства ў хвіліну цішыні…
   “Марыя аддае Дзіця святому старцу Сімяону. Па волі Божай, гэта Марыя – тая, што дае людзям Езуса”.
   Мы таксама можам узяць у свае рукі Дзіцятка Езуса і сэрцамі, поўнымі веры, казаць за Сімяонам: “бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля” (Лк 2, 30-32).
   Сімяон у самых простых абставінах пазнаў Бога. Знак настолькі просты, што яго можна не заўважыць… Эўхарыстыя, кансэкрацыя… у штодзённасці гэтай прыгажосці можна не заўважыць. Калі мы будзем чакаць надзвычайнасці, то не заўважым Месіі Госпада, так як убачыў гэта Сімяон.
   Найсвяцейшая Панна Марыя няспынна заклікае да пакуты, навяртання, просіць аб штодзённым ружанцы. У кожным з шасці аб’яўленняў у Фаціме ўвесь час просіць, схіляе да штодзённай малітвы на ружанцы. Сястра Луцыя кажа: “Глыбокае навяртанне не можа мець плёнаў без штодзённага ружанца”. У Фаціме “Дзева Марыя сышла з неба, каб нагадаць нам праўды Евангелля”.
   Таямніца нараджэння вучыць нас, што Бог – хоць укрыты – дзейнічае, каб выканалася Пісанне.
   Таямніца ахвяравання паказвае, што – калі мы хочам, каб усё нашае жыццё было ахвяраванае і прысвечанае, асвечанае, мы павінны дазволіць дзейнічаць Богу. Марыя жыве верай. Поўная ласкі Яна аб’яўляецца ў тым, што верыць. Яна таксама павінна давяраць Богу, даверыцца Яму.
   “Увесь час наноў Бог ужывае Яе як святло, каб весці нас да Сябе (…). Вера развіваецца (…). Гэта звязана таксама з усё мацнейшым уваходам у свет Маці Божай як указальніка, як святла ад Бога, як Маці, праз якую мы можам таксама распазнаць Сына і Айца. Так. Бог даў нам знак. Менавіта ў XX стагоддзі. У нашым рацыяналізме і адносна паўстаючых дыктатур – Ён паказвае на пакору Марыі, якая аб’яўляецца малым дзецям, і кажа тое, што з’яўляецца істотным: вера, надзея, любоў, пакута (…) . Людзі тут знаходзяць вакно” (Бэнэдыкт XVI). “Я бачыў у Фаціме, як сотні тысяч людзей, дзякуючы таму, што Марыя перадала маленькім дзецям, у нейкім сэнсе знаходзяць зрок, які дапамагае аглядаць Бога ў гэтым свеце з яго абмежаванасцямі і ўсёй яго закрытасці” – прызнае папа.
   Езус Хрыстус – Жыццё свету і кожнага чалавека –
Святло, якое асвячае,
Праўда, якая збаўляе і вызваляе,
Любоў, якая вядзе да поўні – вось місія ахвяраванага Дзіцяткі.
   Які мой погляд? Якія вочы майго сэрца? Якая любоў да Бога і чалавека? “Пане, Ты стварыў нас для Сябе, і неспакойнае нашае сэрца пакуль не спачне ў Табе” (святы Аўгустын).
   “Тое, што робіць асобу чалавека вялікай, гэта пячаць Бога, якую яна носць у сабе. Як напісана ў Святым Пісанні, была яна створаная па вобразу і падабенству Бога”.
   Якое месца Бога ў маім жыцці?
   “Дзеля чаго патрэбна жыццё, калі не дзеля таго, каб аддаць яго, і аддаць Усявышняму?” – шмат разоў у сваіх вершах паўтарае гэтае пытанне казахскі паэт Ахмед Ессаў.
   “Трэба навучыцца аддаваць сябе, палаючы перад абліччам Бога, як гэтае святло, запаленае на падсвечніку, асвячаючае людзей якія ходзяць у цемры; як гэтыя лямпачкі, што гараць каля алтара, свецячы, згараюць да канца”.
   Паглядзім на Марыю. Аб чым Яна просіць у Фаціме? 13 мая 1917 году ў першым аб’яўленні Яна запыталася ў Гіцынты, Францішка і Луцыі, ці не хочуць яны ахвяраваць Богу ўсе досведы і цярпенні, якія Ён ім спашле; у інтэнцыі ўзнагароды за гріхі, якімі Яго зневажаюць; у інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Дзеці павінны былі ўчыніць гэта ў еднасці з Найсвяцейшай Эўхарыстыяй і праз штодзённую малітву ружанца.
   Наколькі маё сэрца гатовае ахвяраваць радасці і клопаты, цярпенні, непаразуменні, стому, боль? Наколькі я гатовы да  дробных  ахвяр, посту, пакуты – для Бога? У інтэнцыі, аб якой просіць нашая Маці?
   Падчас кожнай Эўхарыстыі мы стаім перад абліччам Укрыжаванай Любові. І сёння Яна бывае жудасна, цалкам адкінутая, высмеяная… У Фаціме Марыя заклікае нас да ўзнагароды Богу за грахі нашыя і ўсяго свету; за багахульствы і зневажанне Божай Любові, якой напоўнена Эўхарыстыя. Можна сказаць, што нават калі б мы выканалі ўсе просьбы, да якіх заклікае нас фацімскае пасланне, і амінулі эўхарыстычнае вымярэнне – просьбу аб Святой узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы месяца – мы б не прынеслі радасці таму, чаго прагне і да чаго заклікае нас Найсвяцейшая Панна Марыя.
   Езус Хрыстус раз назаўсёды праз сваю ганебную, жудасную смерць на крыжы, стаўся найдасканальшай узнагародай Айцу за ўсе нашыя грахі. Аднак Бог, наш Айцец, жадае нашага ўдзелу ў ахвяры свайго любага Сына. Найвышэйшай формай гэтай асабістай узнагароды з’яўляецца Эўхарыстыя, Святая Камунія і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
   У трэцяй візіі – ясны анёл, апрануты ў святло, трымаў у далоні келіх, а над ім Гостыю, з якой сплывалі да келіха кроплі крыві. Цудоўным чынам келіх і Гостыя затрымаліся ў паветры ў ззяючым арэолі, калі анёл укленчыў каля дзяцей, заахвочваючы іх тры разы паўтарыць малітвы:
   “Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы, у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў, Душу і Боскасць Езуса Хрыста, прысутнага на алтарах усяго свету як узнагароду за знявагі, святататства і абыякавасць, якія Яго зневажаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў”.
   Потым ён ўзняўся, ізноў узяў келіх у рукі. Гостыю даў Луцыі, а тое, што было ў келіху даў выпіць Гіцынце і Францішку, кажучы: “Бярые і пейце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Узнагарода за іх злачынствы і суцяшэнне нашага Пана”.
   Сэрцы дзяцей прасякла прысутнасць Божая, прыносячы ім супакой і радасць. З’яднаемся з нашым Боскім Збаўцам, схаванага ў Найсвяцейшым Сакраманце, каб стаць ахвярнай Гостыяй, каб ушанаваць свайго Айца, пакланіцца Яго велічы і святасці Яго імя!
   Эўхарыстычнае Сэрца Езуса – Сэрца настолькі самотнае і прыніжанае, пакінутае, забытае шматлікімі…
   Сэрца Езуса, палаючае любоўю да нашых сэрцаў – змілуйся над намі.
   Ушаноўваю Цябе і праслаўляю. Няхай жыву ўжо не я, але Ты жыві ўва мне… Амэн.
   Давайце адновім сёння прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Прысвячэнне таго, чым мы з’яўляемся і што маем. Аддадзім Ёй дні добрыя, радасныя і шчаслівыя, але таксама цяжкія і балючыя, нашыя слабасці, хваробы, стомленасць, запрацаванасць; а таксама вялікія і прыгожыя прагненні, якія Бог улівае ў нашыя сэрцы. Давайце будзем узнагароджваць таксама за бацькоў і за ўсіх, што не дазваляюць дзецям кахаць і пазнаваць Марыю, не дазваляюць удзельнічаць у рэлігійных набажэнствах.
   Даручым Яе Беззаганнаму Сэрцу гэтых дзяцей, якіх жорстка пазбаўляюць магчымасці ўзрастаць у веры ў Бога, у якіх адбіраюць надзею і якія не адчуваюць мацярынскай Любові. Прысвецім Найсаладзейшаму Сэрцу Марыі ўвесь свет, народы, сем’і. Заўсёды – у Яе Сэрцы – мы ў бяспецы.
   Наш меч болю – злучым з Яе…
   “Няхай будзе блаславёны Бог і Айцец Пана нашага Езус Хрыста (…). З любові Ён прызначыў нас для сябе” (пар. Эф 3-4).
   Мы Яго справа, мы створаныя ў Езусе Хрысце дзеля добрых учынкаў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы іх выконвалі. Ён усё зрабіў паводле плану любові. Ён палюбіў Найсвяцейшую Панну Марыю і ўчыніў Ёй вялікія справы (пар Лк 1, 49). Палюбіў Яе дзеля Сябе. Палюбіў Яе дзеля нас. Даў Яе самому Сабе і даў Яе нам.
   Поўная ласкі, Марыя! Трываючы ў камуніі сэрцаў з любым Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, молімся: “Сваім ТАК Ты згадзілася на планы Створцы і адчыніла нам шлях збаўлення, Ты сама навучы нас казаць нашае “так” волі Пана. Няхай гэта будзе “так” з’яднанае з Тваім, без рэшты, каб нарадзіць новага Чалавека, Хрыста, адзінага Збавіцеля свету і гісторыі. Дай нам адвагу казаць “не”, калі нас падманваюць ўлада, грошы, прыемнасці; “не” – недабрасумленнасці, зайздрасці, карупцыі, крывадушнасці, эгаізму і гвалту”.
   Беззаганнае Сэрца Марыі – Брама неба, блаславі нашыя сэрцы, што аддаюцца Табе, Totus tuus, Tota tua, Maryja! Амэн.

Першая субота сакавіка 2013

ТАЯМНІЦА  I  БАЛЕСНАЯ
Малітва Пана Езуса ў Садзе Аліўным

  “Цяпер усхвалявана душа мая;  і  што  Мне  сказаць?  Ойча,  захавай  Мяне  ад  гэтай  гадзіны.  Але  ж  дзеля гэтай  гадзіны  Я  і  прыйшоў.  Ойча,  услаў  імя  сваё!” (Ян 12, 27-28).
    О Марыя, Найчысцейшая Маці, Панна ласкавая, Прыгожая Фацімская Панна, Маці Балесная, Каралева Ружанца Святога – будзь прывітаная!
    Маці Балесная! З’яднай нас з сабою, каб сёння ў першую суботу сакавіка 2013 году, у чарговую суботу Вялікага Посту, мы ішлі разам з Езусам па слядах Яго крыві, падзяляючы Яго страшную муку і Твой боль.
   Пасля Вячэры, перад пачаткам справы Адкуплення, Езус маліўся ў Садзе Аліўным – Гефсіманіі.
   “Выйшаўшы,  Ён  пайшоў,  як  звычайна,  на  Аліўную  гару.  За  Ім  пайшлі таксама вучні.  Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».  А  сам  адышоў  ад  іх,  укленчыў  і  маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».  І з’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.   І, моцна пакутуючы,  Ён  маліўся  яшчэ  больш.  А  пот  Ягоны  быў,  быццам  кроплі  крыві, што падалі на зямлю.  Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што  яны  заснулі,  змучаныя  тугою.  І  сказаў  ім:  «Чаму  вы  спіце?  Устаньце  і маліцеся, каб не паддацца спакусе” (Лк 22, 39-46).
    Езус выбраў ноч і сад; тут Ён адчуваў трывогу; “тут Езус зведаў канчатковую самотнасць і ўсю немач існавання чалавека. Тут бяздонная атхлань граху і ўсяго зла прасякла да самай глыбіні Яго душы. Тут Ён перажыў ашаламленне блізкай смерці. Тут пацалаваў Яго здраднік. Тут пакінулі Яго ўсе вучні. Тут Ён змагаўся таксама за мяне” – запісаў у кніжцы “Езус з Назарэту” кардынал Ю. Рацінгер – Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.
   Боскі Настаўнік бярэ с сабой у Аліўны Сад тых, каго любіў больш за ўсё: Пятра, Якуба і Яна, якія былі сведкамі Яго Перамянення на Гары Фавор. Цяпер Ён жадае зрабіць іх сведкамі сваёй пакуты. Ён просіць: “Маліцеся, каб не паддацца спакусе, каб не ўвайсці ў спакусу…”.
   Гэта гадзіна цемры. Гефсіманія і трывога канання працягваецца…
   У 1991 годзе бл. Ян Павел II пасля вяртання з Фацімы, казаў: “Пасланне з Фацімы гэта заклік да навяртання і пакуты, гэта першы і падставовы заклік Евангелля. Сёння яно найбольш настойлівае, як ніколі раней, бо зло пагражае нам аблудамі, звязанымі з адрачэннем ад Бога. Фацімскае пасланне заклікае нас да чування. Яно заклікае нас таксама, каб праз акт прысвячэння мы наноў наблізіліся да Крыніцы Міласэрнасці. Марыя хоча, каб мы наблізіліся да іх; кожны з нас, кожны народ і ўвесь свет”.
   Сядайце тут… маліцеся… а сам адышоў ад іх на адлегласць кідка камяня – упаў на зямлю ў нязмерным смутку. Якая далікатнасць любові… Якая нязначнасць вымаганняў. Езус хоча толькі, каб Апосталы былі побач… просіць аб прысутнасці. Калі Ён памнажаў хлябы, суцішаў навальніцы, прадказваў, аздараўляў, яны не мусілі быць каля Яго. Цяпер Ён просіць, каб яны былі блізка. Цяпер “гучна і з плачам Ён заносіць горкія просьбы і малітвы да Таго, хто мог Яго збавіць ад смерці і быў выслуханы дзякуючы сваёй паслухмянасці”.
     “Ойча, калі хочаш… калі гэта магчыма…”. Цярпенне і любоў. Не адмаўляецца. Ад самага пачатку прымае ўсё вялікадушна… без рэшты. Ён заўсёды робіць тое, што падабаецца Айцу… Заўсёды выконвае Яго волю.
   Агонія – вялікае змаганне – не тое, што Я хачу, але тое, што Ты… – няхай станецца.
   Гэта таямніца хрысціянскай малітвы: узняцца на тую вышыню, каб з сэрца выплывалі словы: як Ты хочаш бо Ты ведаеш усё маё жыццё… Вытры кожную слязу… бо гэта сляза – сляза Твайго дзіцяці, калі толькі яна чыстая – мае вялікую вартасць у Тваіх вачах.
   “Убачыў, што яны паснулі са смутку… Чаму спіце… маліцеся…”.
   Апосталы – Касцёл – спіць! Мы ў нашых супольнасцях сямейных, парафіяльных, манаскіх… можам заснуць побач з цярпеннем… А гэтая гадзіна ўжо не паўторыцца. Мы можам не мець гэтай далікатнасці і не заўважыць, што побач нехта церпіць…
   Бог хоча толькі, каб мы былі пры Ім, калі Ён збаўляе, каб мы былі сведкамі.
   Сумны вобраз Касцёла: з вялікай радасцю, ахвотай быў пры Ім , калі Ён памнажаў хлябы… але, калі праяўляе слабасць… не ўжывае сілы, гвалту… застаецца адзін.
   “Вы ўсе засумняваецеся ўва мне, пакінеце Мяне аднаго. Але я не адзін, бо Айцес са Мной”.
   Езус просіць вытрываць пры Ім у такіх сітуацыях… “Сказаў вам гэта, каб мелі ўва Мне супакой. У свеце вы спазнаеце смутак, але адвагі! Я перамог свет” (Ян 16,33).
   Вам нельга засумнявацца, паддацца спакусе. Выртрывайма пры Ім да канца, да апошняй кроплі Яго, нашай крыві.
   Колькі выцярпеў Хрыстос… і далей – так моцна церпіць у сваім Касцеле. У рымскім Калізеі 25.03.2005 г. падчас крыжовай дарогі, з вуснаў і сэрца кардынала Ю. Рацінгера гучалі балесна ўзрушваючыя, праўдзівыя словы: “Колькі ж разоў злоўжываецца Сакрамэнтам Яго Прысутнасці, у якую ж пустэчу і злосць сэрца Ён так часта ўваходзіць! Колькі ж разоў мы кіруем Ім, не зважаючы на Яго нават увагі!”.
   Колькі ж разоў Яго слова перахвачанае і надужыванае! Як жа мала веры ў гэтых тэорыях, колькі пустаслоўя. Колькі бруду ў Касцёле, і менавіта сярод тых, што праз святароў павінны цалкам належыць Яму. Колькі ж ганарлівасці і самалюбства! Як жа мала мы цэнім сакрамэнт паяднання, у якім Ён чакае, каб узняць нас з нашых падзенняў! Усё гэта прысутнічае ў Яго пакутах.
   Здрада вучняў, нягоднае прыняцце Яго Цела і Крыві, гэта напэўна самы вялікі боль, які перажывае Яго Сэрца. Нам не застаецца нічога іншага, як звярнуцца да Яго з самай глыбіні душы, заклікаючы: “Kyrie elejson, ратуй, Пане!!!”.
   Адкрыем нашыя сэрцы на фацімскі заклік, заклік да таго, каб абудзіцца са сну. Каб гэтае святло, якое Марыя перадала маленькім пастушкам, магло прасякнуць глыбіні нашых сэрцаў, пабуджаючы да ўзнагароды за грахі нашыя і ўсяго свету, да пакуты… да штодзённай малітвы на ружанцы, практыкавання першых субот месяца, да споведзі, да св. узнагараджальнай Камуніі. Каб па прыкладу Францішка, Гіяцынты і Луцыі мы забываліся пра сябе і памяталі просьбы Фацімскай Пані, Яе абяцанні.
   Калі ў Фаціме Марыя заахвочвала, прасіла прысвяціць свет у ахвяры Яе Беззаганнаму Сэрцу, то не скіроўвала гэтага жадання дзеля сябе. Марыя прагне толькі ўшанавання Сына.
    О мой Езу, у тую ноч, што была цудам Тваёй бясконцай любові, калі Ты ўзяў на сябе нашыя слабасці, грахі, калі Ты цярпеў, канаў… колькі ж добрых шляхетных душ, узрушаных Тваімі балеснымі скаргамі, было пры Табе, удзельнічала ў Тваёй горычы і смертных пакутах?
   “Будзь узмоцнены шэрагамі душ, што ў гэтую самую цяжкую хвіліну, лепш за Апосталаў дзеляць з Табой смутак Твайго Сэрца, супрацоўнічаюць з Табой для збаўлення свайго і іншых”.
   Каб жа і мы маглі прынесці Табе суцяшэнне… і ахвярамі ўзнагародзіць Богу за грахі, якімі Яго няспынна так моцна зневажаюць. Як важны гэты адказ нашых сэрцаў на заклі Фацімскай Спадарыні. Наш адказ, а адначасова адказнасць за лёс свету і збаўленне душ. Молімся адзін за аднаго, каб наш адказ быў поўны гарачай веры, надзеі і любові.
   Марыя – Фацімская Спадарыня, Маці нашая, дапамажы нам слабым і грэшным, узняцца да новага жыцця ў еднасці з Богам.
   “Маці Адкупіцеля, марская Зорка, да неба сцежка найпэўнейшая, Ты брама ўваходу да вечнага раю, падтрымай гінучы люд, заблытаны ў сваіх грахах, які прагне з іх паўстаць…”.
   Будзь Маці ўбогіх,
Будзь Маці еднасці і супакою,
Будзь Маці надзеі.
   Усе мы аддаемся Табе з даверам. Пастанаўляем ісці з Табой за Хрыстом, Адкупіцелем чалавека і няхай нас не затрымлівае стомленасць, праца няхай не спазняе нашых крокаў, перашкоды няхай не згашаюць у нас адвагі, а смутак радасці сэрца.
   Давяраючы Тваёй мацярынскай апецы, о Марыя, і даручаючы Табе ўсё, чым мы ёсць і што маем, мы пастанаўляем ісці з Табой за Хрыстом да перамогі Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.

Першая субота красавіка 2013

ТАЯМНІЦА  І ХВАЛЕБНАЯ
Уваскрашэнне

   “Калі  ўзвысіце  Сына  Чалавечага,  тады  пазнаеце, што Я ЁСЦЬ” (Ян 8, 28).
   “Супакой вам!” (Ян 20, 19).
“Вітайце, не бойцеся!
Дадзеная мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі…
Ідзіце і скажыце маім братам…”.
О Марыя, Найсвяцейшая Дзева,
Найчысцейшая Маці Ўваскрослага Пана,
І нашая Маці, Прыгожая Фацімская Пані,
Каралева Ружанца Святога – будзь прывітаная!
   Жадаем сёння ў першую суботу красавіка 2013 года, з’яднаныя з Тваім Беззаганным Сэрцам, праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу і ўзнагароджваць за цярпенні – боль, знявагі ў Твой адрас, нашая Найсвяцейшая Маці; а таксама Езусу – Гостыі.
    У пасхальным антыфоне Касцёл заахвочвае нас да радасці з Марыяй:
“Каралева неба, радуйся, аллелюя!
Бо той, каго Ты нарадзіла, аллелюя!
Уваскрос, як сказаў, аллелюя!
Радуйся і весяліся, Панна Марыя, аллелюя!
Бо Пан сапраўды ўваскрос, аллелюя!
   Марыя – да канца верная, давяраючая. Езус прасяквае ўсё Яе жыццё: Яна няспынна насіла ў Сэрцы Яго слова, хавала, слухала, разважала; Яна насіла ў сэрцы самога Езуса. А цяпер верай Яна адчувала Прысутнасць Уваскрослага; гэта новы спасаб Яго блізкасці.
    “Калі  мінуў  шабат,  на  світанні  першага  дня  тыдня,  прыйшла  Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім.  Выгляд жа  ягоны  быў,  як  маланка,  і  адзенне  ягонае  было  белае,  як  снег.  Ад  страху перад  ім  задрыжэлі  вартаўнікі  і  сталі  як  мёртвыя.  Анёл  жа,  прамаўляючы  да жанчын,  сказаў:  «Не  бойцеся!  Ведаю,  што  вы  шукаеце  Езуса  ўкрыжаванага. Яго  тут  няма,  Ён  уваскрос,  як  сказаў.  Падыдзіце,  пабачце  месца,  дзе  быў пакладзены,  ды  ідзіце  хутчэй,  скажыце  вучням  Ягоным,  што  Ён  уваскрос  і апярэджвае  вас  у  Галілеі.  Там  Яго  ўбачыце.  Гэта  я  сказаў  вам».  І,  хутка адышоўшы  ад  магілы,  са  страхам  і  вялікай  радасцю  яны  пабеглі  паведаміць вучням Ягоным.
І   вось,   Езус,   выйшаўшы   ім   насустрач,   сказаў:   «Вітайце».   Яны   ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.  Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся.  Ідзіце,  паведаміце  братам  Маім,  каб  ішлі  ў  Галілею,  там  Мяне ўбачаць” (Мц 28, 1-10).
   Пабожныя жанчыны ўбачылі ўваскрослага Пана раней за Апосталаў і атрымалі місію абвясціць гэта вучням Езуса. Тыя, аднак, калі пачулі Радасную Навіну ад жанчын – не паверылі… Не памяталі слоў Езуса; спачатку засумняваліся, здрадзілі; цяпер – зноў шукалі… каб пазнаць Уваскрослага. Якбы закрытыя на Божы план збаўлення, пасля смерці Езуса яны страцілі надзею. Іх вочы, як бы на прывязі, павінен быў адкрыць сам Пан.
   Паглядзім на Марыю. Яна няспынна разважала слова Божае ў сваім сэрцы: яно рабіла Яе ўражлівай на блізкасць, на прысутнасць Уваскрослага.
   І мы не можам затрымацца на смерці, на трумне, забываючыся, што Пан сапраўы ўваскрос, як абяцаў. Мы можам скрозь слёзы, як Марыя Магдалена, не пазнаць Пана сярод нас.
   13 мая 1967 г. падчас залатога юбілею першага аб’яўлення Маці Божай, у гаміліі ў Фаціме Павел VI сказаў: “Настолькі вялікім з’яўляецца прагненне ўшанаваць Найсвяцейшую Дзеву Марыю, Маці Хрыста, а таксама Маці Божай і нашай Маці (…), настолькі вялікай з’яўляецца патрэба Яе заступніцтва перад Хрыстом, Яе Боскім Сынам, што мы прыбылі сюды як пакорныя і даверлівыя пілігрымы да гэтага святога санктуарыя (…).
   Свет знаходзіцца ў небяспецы. Таму мы прыйшлі да стоп Каралевы Супакою прасіць гэтага дару, які можа даць толькі сам Бог, супакою”.
    “СУПАКОЙ ВАМ – СУПАКОЙ ВАМ” (Ян 20, 19.26).
   Настолькі магчыма развітанне з войнамі, стрымліванне хвалі зла, што яно з вялікім крыкам ахоплівае зямны шар…
   Натолькі важны наш адказ на заклік Маці Божай да ружанца і пакуты, даверу, узнагароды, вернасці першым суботам месяца.
   Патрэбна скруха нашых сэрцаў, навяртання, выйсця на шлях прабачэння і паяднання. Святы Павел у Лісце да Карынцянаў напісаў: “Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы, ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага. І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага. Усё мне можна! Але не ўсё карысна” (1 Кар 6, 9-12).
   У акце прысвячэння, які ўчынілі біскупы Партугаліі ў Фаціме 13 мая 1984 г., адзначана:
   “Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы давяраем наш жаль за ўсё, што супраціўляецца адданню Табе. Кожны грэх нішчыць еднасць з Хрыстом. Гэтае прысвячэнне, адданне, даручэнне, прысвячэнне ў ахвяры нам трэба нястомна аднаўляць і маліцца аб ласцы вернасці”.
   Марыя шмат разоў нагадвала дзецям, каб яны маліліся аб навяртанні грэшнікаў. Яна, Маці Прыгожай Любові, Прытулак грэшнікаў, глыбока пазнала Любоў Бога, “які так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага” – на Кальварыі Яна пазнала таксама укрыжоўваючы грэх няўдзячнасці да любячага Бога.
   Яе матчынае сэрца клапоціцца пра кожнае дзіця, пра кожнага чалавека, якому пагражае небяспека страты вечнага жыцця.
   Навяртанне грэшнікаў і ўратаванне бяссмертных душ залежыць ад нашых ахвяр і малітваў. Менавіта таму Марыя просіць, каб пасля кожнай таямніцы ружанца мы дадавалі: “О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, хто найбольш патрабуе Тваёй міласэрнасці”.
   Ці маё сэрца гатовае, каб малітвай аб навяртанні грэшнікаў і складваннем ахвяр адказаць на просьбу, жаданне Маці Божай?
   Ці мы гатовыя ўзнагараджаць за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі? І кожны дзень супрацоўнічаць з Ёй для надыходу эўхарыстычнага валадарства і трыюмфу Яго Сэрца?
   – Пшанічнае зерне павінна памерці…
   “Тады  прыйшоў  услед  за  ім  Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу” (Ян 20, 6), за вучнем, якога любіў Езус. Молімся ж так, каб нашыя рашэнні ішлі ўслед за Любоўю.
   Звёрнутая хуста… нязначнае рэагаванне. Пётр бачыў рэліквіі, што засталіся пасля памерлага Езуса, і нічога больш не заўважыў. Не памятаў слоў, скіраваных да Дванаццаці: “Вось,  мы  ўзыходзім  у  Ерузалем,  і збудзецца  ўсё,  што  пісалі  прарокі  пра  Сына  Чалавечага,  бо  Ён  выдадзены будзе язычнікам, і насмяюцца з Яго, і абразяць, і аплююць, і будуць бічаваць, і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».  Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага” (Лк 18, 31-34).
   Мы таксама можам жыць так, каб на гарызонце бачыць толькі смерць. І нічога больш.
   Без погляду веры, без ясных вачэй веры для нашых сэрцаў мы нічога не ўбачым. І тады – Эўхарыстыя – гэты Цуд Цудаў Божай Любові стане паўсядзённым для нас; літургія, малітва, ружанец…
    Плён Уваскрашэння гэта тое, што Езус даў ім ласку зразумець Пісанне. Гаворка ідзе таксама пра нашае ўваскрашэнне. Неба адчынілася… Анёлы зышлі… Любоў Хрыста вядзе нас да НЕБА. Гісторыя замыкае кола. У садзе Юзафа з Арыматэі Езус Уваскрослы сказаў Марыі Магдалене: “Марыя”. Таямніца Збаўлення дасягнула заканчэння. У садзе разышліся Дарогі Збаўлення. У Садзе Аліўным… у цішыні саду Гефсіманіі – Езус арыштаваны. У велікодную раніцу Езус трыюмфуе. Уваскрослы сустракае ў садзе Марыю Магдалену. Езус любіць кожнага. “Марыя” – “Раббі!” (што азначае “Настаўнік!”). Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да  братоў  Маіх  і  скажы  ім:  узыходжу  да  Айца  Майго  і  Айца  вашага,  да  Бога Майго  і  Бога  вашага” (Ян 20, 16-17).
   Поўня еднасці здзейсніцца ў Доме Айца. Тут – зараз – ёсць поўня любові Укрыжаванага. І гэта нашае збаўленне. Чаму гэты свет яшчэ трывае. Бо трэба выканаць місію. Мы павінны ісці да Братоў і засведчыць аб Уваскрослым: БАЧЫЛА ПАНА.
   Калі нам трэба быць сведкамі, ты мусім любіць, слухаць, пазнаваць і распазнаваць Каханага – Езуса: “Гэта мне сказаў…” усё гэта для нас і для нашага збаўлення. “І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20).
   Працягваецца цярпенне Касцёла і пагроза чалавеку (…), таму далей актуальным застаецца ўказальнік, які дала нам Марыя. Таксама і ў сённяшніх цяжкасцях, калі сілы зла ў самых розных формах пагражае знішчэннем веры. Таксама і цяпер нам абавязкова патрэбны гэты адказ, які Маці Божая дала дзецям (…). Кожны раз наноў у моцы Маці аб’яўляецца моц самога Бога і робіць так, што гэтая моц поўная жыцця (…). Перамогі Бога. Перамогі Марыі ціхія, але ж рэчаісныя.
   Марыя! Каралева Супакою, зрабі так, каб Езус, які памёр і ўваскрос, адрадзіўся ў нас, перамяніў нас і жыў у нас бясконца.
   Ён: “Пан Мой і Бог Мой”.
   Прысвячаючы Яму сябе ў ахвяры, мы ахвяруем нашыя сэрцы Твайму – Беззаганнаму. Блаславі іх, каб мы ўмелі любіць і служыць нават у хвілінах выпрабаванняў. Дзеля хвалы и праслаўлення Твайго Беззаганнага Сэрца і эўхарыстычнага Сэрца Езуса. Амэн.

Першая субота мая 2013

I. ПЕРШ ЧЫМ Я ПАЧНУ СВЯТКАВАЦЬ
БОЖЫЯ ТАЯМНІЦЫ
(МЕДЫТАЦЫЯ)

   У сённяшнім свеце чалавек вельмі часта не ўмее знайсці сябе. Адным з такіх нядобрых знакаў часу, якія можна лёгка заўважыць, з’яўляецца цалкавітае знікненне атмасферы свята, перажывання ўрачыстасці. Проста штодзённасць паглынае святочны дзень. Досыць паглядзець на гандлёвыя цэнтры. Вялікія надпісы, няспынна мігаючыя яскравымі колерамі, каб звярнуць на сябе ўвагу, інфармуюць: мы адчыненыя кожную гадзіну дня і ночы. Менавіта яны сталіся цяпер “святынямі”, дзе ўсе сем’і адзначаюць новую “літургію”. Гэтае святкаванне папярэджвае час чакання, час падрыхтоўкі да той падзеі, якая мае атмасферу эмацыйнага ўздыму, захаплення. І ў такім настроі адбываецца ўваход у гэты свет новага бога. Тыя, што ўвайшлі ўжо ў гэты рытм, увогуле на ўсведамляюць, што, о дзіва, паўтараюцца словы псальму: “Я суцешыўся, бо мне сказалі: “Пойдзем да дому Пана”. Толькі пра які дом тут ідзе гаворка? Бо гэты дом, Дом Бога ўжо не выклікае ў шматлікіх жыхароў гэтай зямлі ніводнага рэзанансу. Такія людзі нават не ведаюць, што страцілі ў сабе здольнасць адрозніваць святое ад несвятога.
   Кожны год я рыхтую моладзь да сакраманту Бежмавання. Спачатку я нагадваю ім падставовыя веды катэхізісу. Калі я пытюся маладых людзей пра Божыя прыказанні ці сакраманты, у мяне з’яўляецца ўражанне, што шмат з іх ніколі пра гэта не чулі. А з іншага боку можна дзівіцца, як іх жыццёвы  hard disk ўжо закадаваў розныя веды з прасторы гэтага свету бачнага, намацальнага, пачуццёвага.
   Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у Вялікі Чацвер гэтага году падчас св. Імшы сказаў святарам, шафарам Божых таямніцаў, свой вельмі непакоячы дыягназ сучаснага каталіка: “Падчас сустрэчы кардыналаў з нагоды нядаўняга кансісторыя розныя пастыры, абапіраючыся на свой досвед, казалі пра рэлігійную неадукаванасць, якая распаўсюджваецца сярод нашага, так вельмі інтэлігентанага грамадства. Падставовыя элементы веры, якія ў мінулым ведала кожнае дзіця, усё менш вядомыя. Аднак, каб жыць і любіць нашую веру, каб любіць Бога, а значыцца стаць здольнымі слухаць Яго належным чынам, мы павінны ведаць, што Бог нам сказаў; наш розум і сэрца павінны быць кранутыя Яго словам”.
   Сапраўды, у размове з тымі, што ўвесь час лічаць сябе веруючымі, часта адчуваецца поўная безуладнасць, спаралізаванасць, няўменне рухацца ў гэтай прасторы чалавечага існавання, якую нельга ані памераць, ані ўзважыць, ці агарнуць лічбамі, бо гэта датычыцца ўжо Божых памераў. Але свет надаль упарта дае чалавеку свае меркі і чалавек толькі іх ужывае. Таму Божая рэчаіснасць здаецца адсутнай у чалавечым жыцці.
   Фердынанд Крэнзер у сваёй кніжцы “Такая нашая вера” апісвае сучаснага чалавека, як пасажыра, які задаволены толькі тады, калі добра сядзіць у цягніку, у вагоне першага класу, цалкам не цікавячыся тым, куды гэты цягнік едзе. Найважнейшым для яго з’яўляецца камфорт, багатае і прыгожае абсталяванне, прыгожая абшыўка, а за вакном – захапляючае наваколле. Ён праяўляе цалкавітую адсутнасць уяўлення таго, што будзе далей; калі цягнік затрымаецца і на якім гэта будзе прыпынку. Адзін з іх, а гэта напэўна, будзе апошнім у яго падарожжы. Такі падыход відаць, і як жа часта, у бацькоў, што сваіх дзяцей ад самага маленства настаўляюць так, каб яны далі сабе рады ў жыцці. Вучыць малітвы, катэхізіс, удзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі гэта паводле іх страта часу. Яны пасылаюць сваё суцяшэнне на розныя заняткі, на розныя моўныя курсы, спартыўныя секцыі, урокі музыкі, трэнінгі з самага малодшага ўзросту, бо маё дзіця павінна быць найлепшым. Расце яно ў такой атмасферы культу пыхі, а бацькі не бачаць у гэтым нічога дрэннага, бо трэба ж забяспечыць дзецям будучыню? Але пра якую будучыню мы тут гаворым? Што найважнейшае ў маёй любові да бліжняга? Забяспечыць ім сапраўднае шчасце, трывалае, якое было запрапанаванае чалавеку Богам у Тройцы Адзіным. Калі слухаеш пажаданні вельмі блізкіх людзей, здзіўляе той факт, што абмяжоўваюцца яны выключна справамі гэтага свету.
   “Памятай святы дзень святкаваць” – будзе дзіўна гучаць у вушах тых, што ўжо не адчуваюць напружанасці паміж сакрум і прафанум, бо для шматлікіх святочны дзень памыліўся са звычайным днём. Такая адзінароднасць святочнага з паўсядзённым з’яўляецца сёння вельмі распаўсюджанай. Выразна відаць, як пры ўпрыгожаннях, мастацтвах, феярверках сучаснага свету амплітуда жыцця сплюшчваецца.
   Чалавеку сучаснасці, які заблытаўся ў тых ці іншых звычках гэтага свету, Касцёл, наша Маці, у кожную эпоху, адчыняе дзверы сваіх святынь, даючы магчымасць удзельнічаць у літургіі, якая з’яўляецца святлом. Дзверы адчыненыя і ў нас ёсць запрашэнне ад самога Езуса Хрыста, які асабіста запрашае мяне і маіх бліжніх на незвычайнае спатканне. Мне застаецца толькі пачуць і прыняць запрашэнне Езуса. Але тут ужо патрэбная вера, якая з’яўляецца Божым дарам. Чалавек можа прыняць гэты дар, але таксама і адкінуць. Маючы гэты выбар шмат хто адмаўляецца ад запрашэння. Кс. Ян Твардоўскі некалі ў адным са сваіх апытанняў задаў такое пытанне: “Ці сапраўды чалавек прыходзіць у свет з паслабленай уражлівасцю на свет духа?”.
   У вялікі горад прыехаў земляроб. Ідучы вельмі шматлюднай вуліцай, ён нечакана затрымаўся і сказаў свайму сябру: “Чую цвыркуна”. Яго сябра здзіўлена запытаў: “Як ты можаш чуць цвыркуна ў такім шуме?”. “Магу, сказаў вяскоўца, бо маё вуха ўражлівае на яго звон”. І сапраўды, слухаючы ўважліва, адкуль прыходзіць звон, яны заўважылі на падваконніку цвыркуна. Бачучы вялікае здзіўленне сябра, земляроб выняў некалькі манетак і кінуў іх на сцежку. Звон рассыпаных грошаў затрымаў некалькіх прахожых. Ніводны з із не чуў голасу цвыркуна, але шмат пачула звон рассыпаных металічных дыскаў. Бо людзі чуюць толькі тое, на што маюць уражлівае вуха.
   Нажаль, часта бывае так, што чалавечае вуха не ўражлівае на патрэбны звон, на гэты адзіны голас, які для кожнага чалавека з’яўляецца найваженейшым.

 ІІ. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

 ЗВЕСТАВАННЕ
   Ты таксама ў вачах Бога нехта вялікі, важны і патрэбны. Кім бы ты не быў і кім бы сябе не лічыў. Ражважаючы над таямніцай звеставання, ты разважаеш над таямніцай свайго жыцця. Бо і цябе кліча Бог. І ад цябе чакае адказу.
   Падумай, якое Маці Божая можа бачыць у табе падабенства да сябе. Якім ты з’яўляешся Яе дзіцём: падобным да Яе, добрым, верным, глыбока веруючым і любяючым Бога, святым? А можа інакш?
   Паслухай Марыю… Што Яна скажа сёня пра цябе?

НАВЕДВАННЕ
   Ці ты думаў некалі над тым, што таямніца наведвання гэта неад’емная частка твайго хрысціянскага жыцця? Паразважай, чаму на тваім шляху да неба адбываецца тая ці тая падзея. Згадай у памяці, як выглядала наведванне Альжбеты Дзевай Марыяй. Падумай, наколькі яно з’яўляецца вобразам таго, што адбываецца ў тваім жыцці. Як выглядаюць твае сустрэчы з іншымі людзьмі? Колькі ў іх служэння і любові?
   Паслухай не толькі сябе, але перш за ўсё Марыю… Яна ведаю поўны адказ… Яна пакажа табе шлях да дасканалага падабенства да Яе – Тваёй Маці.

БОЖАЕ НАРАДЖЭННЕ
   Прыглядзіся да таямніцы ў Бэтлееме і пашукай адказу на пытанне: “Хто Богу бліжэй за ўсё? Так, чалавек, менавіта чалавек. У Божым Сэрцы першы менавіта ён. Ніводная істота, нават анёл, толькі чалавек. І гэта не абстрактны чалавек, чалавек агульны, некі “хтосьці”. Найбліжэйшы Богу таксама ты! Хоць ты ніяк гэтага не заслугоўваеш, бо чым мог бы заслужыць такога адрознення? А аднак, гэта для цябе Бог стаў чалавекам. Пажадаў быць адным з нас. Каб паказаць табе, што у кожны момант жыцця можна быць чалавекам так, як хоча Бог. Бо Езус быў падобным да цябе ва ўсім. Акрамя граху.

АХВЯРАВАННЕ
   Гледзячы на таямніцу ахвяравання Езуса, ты вучышся праўдзе аб людской залежнасці. Так стварыў цябе Бог: табе трэба некаму аддаць сэрца, некага прызнаць сваім Панам, некаму аддаць сваё жыццё. Будзь уважлівым, бо твая духоўная залежнасць зусім не павінна быць звязанай з Богам. Ты таксама можаш стаць нявольнікам не таго, што Божае, але таго, што людское. Навата шатана! Святы Пётр вучыць: “Хто кім пераможаны, той таго і нявольнік” (2 Пятра 2, 19).

ЕЗУСА ЗНАХОДЗЯЦЬ У СВЯТЫНІ
   Калі ты разважаеш над пятай таямніцай, то адразу ведаеш, з кім трэба Яго шукаць. Пытанні: “Дзе можна сустрэць Збаўцу? З кім трэба ісці, каб дайсці да Яго?” – з’яўляюцца рэтарычнымі. Ты разумееш, што Езуса трэба шукаць з Марыяй. Ты ведаеш таксама, куды Ён цябе вядзе. Да святыні.
   Бо Езуса ты лягчэй за ўсё, паўней за ўсё, самым дасканалым чынам ты сустрэнеш у Эўхарыстыі.

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
ТАЯМНІЦА ІІІ ХВАЛЕБНАЯ
Спасланне Духа Святога

   “Калі  хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.  Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой. Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся  прыняць  тыя,  хто  паверыў  у  Яго” (Ян 7, 37-39).
    “Калі ж прыйдзе  Ён,  Дух  праўды,  навучыць  вас  усёй  праўдзе” (Ян 16, 13).
   О Марыя, Маці Слова, Найчысцейшая Нявеста Духа Святога, Прыгожая Фацімская Пані, Маці Касцёла, Каралева Ружанца Святога, нашая Беззаганная Маці – будзь прывітаная!
    Прыйдзі, Духу Святы! – Духу цішыні адкрытай на Бога,
   Прыйдзі, Духу Святы, ажыўляючая крыніца моцы,
   Прыйдзі Духу Святы, Духу Радасці, што плыве з жыцця ў Праўдзе,
   Прыйдзі Духу Святы Божа, Святло розуму і веры,
   Даўца супакою, сыдзі на параненую, разарваную зямлю нашых сэрцаў,
   Аздараві, аб’яднай, улі ў нас пачуццё адказнасці за трэцяе тысячагоддзе; просім – улі ў нас Духа ўзнагароды…
   Вядзі нас…
    Ад таго, як мы будзем выконваць і ажыццяўляць усё, аб чым прасіла Марыя, нашая Маці, у Фаціме ў 1917 г., залежыць ці свет знойдзе шанс супакою і скіруе сваё сэрца да міласэрнага Збаўцы.
   Еванеглічнае пасланне кажа: “Навяртайцеся і прыносьце ахвяры” – Бог у Тройцы Святой Адзіны, Нязмерны, Усеагарняючы і Усепрысутны з’яўляецца Даўцам Дабра, Святла, Праўды.
   “Дзе памножыўся грэх, там празмерна памножылася ласка” (Рым 5, 20).
   Марыя, ікона Святой Тройцы, мы прагнем сёння, у першую суботу мая 2013 г. асаблівым чынам узнагародзіць за багахульствы ўсіх тых, што абражаюць Цябе ў Тваіх святых абразах. Мы прагнем маліцца аб навяртанні, скрусе сэрца і міласэрнасці для тых Тваіх дзяцей, што найбольш загубіліся, аддаліліся ад Цябе, а таксама Твайго Сына і Касцёла Святога.
   Прыйдзі, о Стварыцелю – Духу, прыйдзі. Сыдзі на зямлю, аднаві аблічча наша Айчыны, Еўропы, Азіі і ўсяго свету.
   Пасля ўнебаўшэсця Езуса яны “вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема,  на  адлегласці  шабатовай  дарогі. А  калі  прыйшлі,  падняліся  ў святліцу,  дзе  быў  Пётр  і  Ян,  Якуб  і  Андрэй,  Філіп  і  Тамаш,  Барталамей  і Мацвей, Якуб Алфееў і Сымон Зелот, і Юда Якубаў.  Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.
   Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.  І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны.  І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным  з  іх.  І  напоўніліся  ўсе  Духам  Святым,  і  пачалі  гаварыць  на  іншых
мовах, як Дух даваў ім прамаўляць” (Дз 1, 12-14; 2, 1-4).
   Вучні разам з Марыяй трывалі ў малітве. Яна, што захоўвала і разважала ў сэрцы над усімі словамі Езуса, “усе гэтыя справы”, на якую ў дзень звеставання зышоў Дух Святы, агарняючы Яе сваім ценем, прасіла цяпер у малітве аб дары Духа Суцяшальніка.
   “Яе асаблівы досвед ўчыніў так, што Яна з таской чакала прыходу Духа Сятога, а таксама казала падтрыхтаваць думкі і сэрцы ўсіх, што былі з Ёй”.
   Дух Святы сыходзіць у дзень Пяцідзесятніцы і нараджаецца Касцёл.
   “Калі  хто  не  народзіцца  з  вады  і  Духа,  не  можа  ўвайсці  ў Божае Валадарства. Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам. Вецер вее  там,  дзе  хоча,  і  голас  яго  чуеш,  але  не  ведаеш,  адкуль  прыходзіць  і  куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа» (Ян 3, 5-8).
   Апосталы дзякуючы атрыманым ласкам сталі асвечаныя, напоўненыя моцай і здольныя адважна абвяшчаць Валадарства Божае па ўсёй зямлі.
   “Дух Святы – што ў недасягальнай глыбіні з’яўляецца Асобай, Дарам дзякуючы Сыну, альбо праз пасхальную таямніцу, новым чынам даецца Апосталам і Касцёлу, а праз іх людзям і ўсяму свету”.
   Як жа вялікі гэта дар – заслужаны ахвярай крыжовай, якую Езус склаў Айцу ў Святым Духу. Як моцна і няспынна мы павінны дзякаваць! Як жа нашае хрысціянскае жыццё павінна быць сапраўдным праслаўленнем Тройцы, існаваннем дзеля хвалы Яго велічы.
    Сэрца Езуса не перастае быць напоўненым болем. Фаціма заклікае да ўзнагароды, даверу. Фаціма заклікае таксама да вернага трывання каля Святога Айца. Пры Ім і з Ім. У трэцім аб’яўленні Марыя сказала дзецям: “Святы Айцец будзе шмат цярпець”.
   Сапраўдная любоў да Марыі працягваецца, пераносіць, ахоплівае Святога Айца і ўвесь Касцёл. Усё містычнае Цела жывога Хрыста.
   Прыйдзі, Дух Святы! Без Тваёй дапамогі ніхто не можа сказаць, што Госпадам з’яўляецца Езус (пар. 1 Кар 12, 3).
   “Прыйдзі, святло сумленняў!
Абмый, што несвятое, зацвярдзелым дай ахвоту,
Разагрэй цвёрдыя сэрцы, прывядзі заблукаўшых –
Прыйдзі, святло сумленняў!”.
   Марыя – Маці Касцёла! З’яднаныя з Табой – цалкавітай адданасцю нашых сэрцаў, мы просім праз Тваё заступніцтва аб новым Спасланні Духа Святога ў нашым жыцці, у жыцці нашага народу і ўсяго свету. Просім аб абуджэнні, перамяненні сумленняў, каб мы цалкам належылі Хрысту, услухоўваліся ў Яго голас і удзельнічалі ў Яго хвале.
   “Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які ад Айца і Сына паходізць” – вызнаем мы ў сімвале веры.
    Якая мая вера?
Вера – гэта Дар Духа Святога.
   “Пазнанне веры мажлівае толькі ў Духу Святым. Каб заставацца ў еднасці з Хрыстом трэба спачатку быць узварухнутым праз Духа Святога. Гэта Ён выходзіць нам насустрач і будзіць у нас веру. Моцай нашага хросту, першага сакрамэнту веры, жыццё, якое мае свой пачатак у Айцу і ахвяруецца нам у Сыне, удзяляецца нам унутрана, асабіста праз Духа Святога ў Касцёле”.
   “Але Я папрасіў  за  цябе,  каб  не  знікла  твая  вера” (Лк 22, 32).
   Езус застаецца верным Пятру. І Пётр захавае вернасць Збаўцы.
   Святы Айцец, Намеснік Хрыста, пацвердзіў фацімскае пасланне, у якім заключаецца таксама просьба, каб праз малітву і ахвяру спяшацца з дапамогай да Пятра нашых часоў.
   Францішак, Гіяцынта і Луцыя шмат маліліся за Святога Айца. Гіяцынта запытала Луцыю падчас супольнай малітвы на двары: “Ці ты не бачыш дарог, сцежак і палёў поўных людзей, якія плачуць з голаду, бо не маюць чаго есці. А Святы Айцец, моліцца ў Касцёле да Беззаганнага Сэрца Марыі, а разам з ім моліцца шмат людзей.
   Ці я ахопліваю сваёй малітвай Намесніка Хрыста, якога ўвесь час – рознымі спосабамі – пераследуюць? Самыя балесныя раны і церні паходзяць ад дзяцей Касцёла… Які смутак для Яго Сэрца… так моцна з’яднанага з Сэрцам Хрыста. Кто ігнаруе голас Святога Айца, кажа тым самым “не” Езусу… “Не, я не буду служыць…”.
    Святы Айцец Пій XII назваў фацімскае пасланне “адзіным ратункам для свету і выбаўленнем чалавецтва ад самазнішчэння”.
   Гэта пашырэнне вялікай любові і пашаны да Найсвяцейшага Сакраманту і вялікае Набажэнства да Найсвяцейшай Марыі Панны. Маці Божая сказала: “Мой Сын прагне, каб Я была больш вядомая і каханая”.
   Як мы адказалі на заклік Фацімскай Спадарыні? На заклік да ахвяравання сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу? Ці мы жывем кожны дзень у духу гэтага ахвяравання?
   Св. Людовік М. Грыньён дэ Манфор піша: “Бог – Дух Святы хоча ў Марыі і праз Марыю фармаваць сабе выбраных… Калі Дух Святы, Яе Сужонак, знаходзіць Яе ў душы, адразу набліжаецца да яе,  цалкам уваходзіць у яе і аддае сябе настолькі, наколькі душа дае месца Яго Сужонцы. Адзіным з галоўных повадаў, чаму Дух Святы не дзейнічае сёння ў душах чынячы цуды ласкі, гэта тое, што яны не досыць моцна з’яднаныя з Яго вернай і неразрыўнай Сужонкай Марыяй”.
   Святы Айцец, бл. Ян Павел II, у буле, абвяшчаючай Юбілей 2000 году, вучыць, што: “Касцёл, абвяшчаючы Езуса з Назарэту, (…) адкрывае перад кожнай чалавечай істотай перспектыву “абагаўлення”.
   Прыйдзі, Духу Святы, зрабі нашыя сэрцы здольнымі трываць з удзячнасцю і праслаўленнем у Эўхарыстычным Сэрцы Езуса і ў Беззаганным Сэрцы Марыі.
   Зрабі нашыя сэрцы здольнымі да ўзнагароды за грахі нашыя і ўсяго свету, за знявагі і прафанацыю Найсвяцейшага Сакраманту і Найсвяцейшай Маці ў Яе святых абразах, настолькі каштоўнага для нас і любага аблічча, якое з’яўляецца іконай у Тройцы Адзінага.
   Бог патрабуе нашай перапрашальнай ахвяры, крыві мучанікаў – замяняючага цярпення. Просіць аб гэтым…
   Ці мы гатовыя скласці на ахвярным алтары – усё сваё жыццё? Аддаваць яго кроплю за кропляй… і так станавіцца гостыяй у Гостыі – ахвярай перапрашэння за грахі свету. Свет можа быць уратаваны праз гэтае “белае мучаніцтва”.
    13 мая 1982 г., у гадавіну замаху, падчас першай пілігрымкі да Фацімы Святы Айцец Ян Павел II прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Тады ён таксама зрабіў незвычайны асабісты заклік: “О як глыбока я адчуваю патрэбу прысвяціць сябе для чалавецтва і свету: за наш сучасны свет у еднасці з самім Хрыстом!”.
   О Марыя, Любая Прысутнасць, Маці Надзеі, Маці Бога, нашая Маці… Навучы нас адкрываць сэрцы на перамяняючую моц слова, навучы нас верыць як ты, любіць і давяраць да канца, да “апошняй кроплі крыві…”.
   Навучы нас трываць – у духу Святым – пад любячым поглядам Бога Айца.
   Totus Tuus, Tota Tua. Amen.

 VI. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

   Марыя, Маці Езуса Збаўцы і мая Маці!
   Колькі разоў ты абараняла мяне ад зла, хавала ад холаду, падавала далонь дапамогі, раўнала мае сцежкі, каб я не ўпаў на крутым павароце. Я ведаю, што павінен дзякваць Табе за так шмат, за так шмат рэчаў. Нават, калі памятаю не ўсе даброты, што я атрымаў ад Цябе. Не памятаю кожнага Твайго ласкавага руху, кожнага схілення нада мной, каб бараніць ад зла. Я таксама не ўсведамляю першых хвілін свайго дзяцінства, а яны аднак былі. Я ж тады быў занадта малы, бязрадны, несвядомы. Сёння я таксама памятаю не ўсё, што Ты мне ўчыніла, бо я ўсё ячшэ бязраднае дзіцё. Але Пан пакажа мне некалі ролю, якую Ты мела ў маім жыцці.
   Ужо сёння я дзякую Табе за гэта. Дзякую, Маці.
   Калі я ўбачу, як Ты ўкладвала ў мае далоні дзесяткі, сотні ласк. Я можа нават не заўважыў Твайго матчынага руху – такі ён быў ціхі і ўкрыты. Часта я нават не заўважаў тых скарбаў, што Ты давала мне ў рукі. Заняты гэтым жыццём, я адварочваў свой погляд ад таго, што найважнейшае. Ты ж інакш – Ты ніколі не адвярнула ад мяне Свайго матчынага позірку.
   Я ведаю пра гэта і дзякую Табе. Дзякую, Маці.
   Я ведаю, у маім жыцці было столькі невыкананых жэстаў, якія я быў павінен ўчніць Табе, маёй Маці. Час заўважыць, што я Тваё дзіця, няўдзячнае дзіця. Напэўна няўдзячнае… Бо ці я здольны выказаць Табе досыць удзячнасці за ўсё тое, што Ты для мяне зрабіла? Твая любоў заўсёды быля бязмернай. Таму ніводная ўдзячнасць не зраўнае рахунку паміж дзіцём і Табой, мая Маці… Мне застаецца толькі прызнаць сваю грэшнасць, маленькасць, невыкарыстанасць атрыманых ад Цябе дароў. І сказаць: “Прашу прабачэння”. Сказаць: “Дзякую”. І яшчэ слова, якога Ты больш за ўсё чакаеш. Ты хочаш, каб я сказаў, што люблю Цябе.
   Так, я люблю Цябе, Марыя!
   Сёння я разважаю ў малітве над таямніцай Твайго жыцця. Сёння адкрываю сваё сэрца перад Богам, каб Ён сам пагрузіў мяне ў таямніцу Тваёй еднасці з Езусам. Пан робіць мяне ўдзельнікам Твайго існавання з Ім у еднасці. Каб і я зразумеў некалькі важных праўдаў.
   Сёння хоць адну, што з’яўляецца для мяне найважнейшай.
   Марыя! Дапамажы мне ўсвядоміць, што Ты не толькі зачала ў сваім улонні Езуса, але Ты насіла ў сабе таксама і мяне! Я ж Тваё дзіця! Гэтая містычная праўда кажа пра тое, што доўгі час Ты хавала мяне ад свету, мяне, няспелага, негатовага да жыцця ў краіне зла, пакусаў, духоўных эпідэмій. Ты сказала “так” сваёй мацярынскай апецы нада мной у дарозе да неба. Ты была гатовая стаць мне Маці: каб я быў Тваім “цяжарам” да таго дня, калі я саспею ўвайсці ў гэты свет, як нехта, хто перажыве – заўсёды пры Табе – атакі зла і хваробы гэтага свету.
   Я пачынаю разумець, чаму ў Фаціме Ты была такая сумная. Ты носіш у Сабе так шмат дзяцей, што надалей застаюцца несамастойнымі. Бог даручыў іх Табе, але яны ўсё яшчэ не народжаныя да жыцця, не гатовыя да самастойнага развіцця, працы, служэння. Гэтыя людзі не саспелі духоўна да таго, каб падтрымаць Цябе ў вялікай місіі супольнага збаўлення свету.
   Марыя! Можа нават я сам яшчэ не гатовы прыняць цяжкай місіі быць слугой Бога?
   Ты назвала сябе “Служабніцай Пана” і схіляшся нада мной як Служабніца самога Бога! Ты бачыш ува мне дар Божы, заўважаеш ува мне нейкі Божы элемент: маю бяссмяротную душу, прызначаную для неба. Ты служыш Богу ўва мне. А калі ў маім сэрцы Яго мала, Твая служба становіцца вялкай мацярынскай працай. Ты, Маці, змагаешся за мяне, сваё дзіця. Я ведаю, што занадта часта я малое дзіця, якое патрабуе Тваёй апекі, а не дарослы сын, што можа падтрымаць Цябе сваёй дапамогай.
   Дапамажы мне быць Табе дапамогай і суцяшэннем. Дапамажы мне, Маці.
   Дапамажы мне даспяваць сярод гэтага свету і з Тваёй матчынай дапамогай крок за крокам узрастаць у святасці. Дапамажы мне стаць Тваім дарослым дзіцём і пачаць працаваць разам з Табой, Служабніцай Пана.
   Ці не аб гэтым Ты прасіла ў Фаціме?
   Марыя, Маці Езуса і мая Маці. Дапамажы мне сёння адкрыць сваё месца пры Табе. Досыць таго, што я буду разважаць над таямніцай Твайго звеставання… Гляджу… Калі дзеля мяне гэта толькі апавяданне пра Цябе – Найсвяцейшай Маці – то я ўсё яшчэ няспелы і Табе не дапамога… А калі Твой адказ анёлу перасякаецца са словамі, што я прагну сказаць Богу, тады я ўжо гатовы служыць разам з Табой, Марыя.
   Гэта таксама важна, Марыя. Дапамажы мне дарастаць да здзяйснення найпрыгажэйшага задання, якое можа атрымаць чалавек: да супрацоўніцтва ў збаўленне свету!
   Я хачу быць такім, як Ты, Марыя! Я хачу быць гатовым прыняць з рук Бога тое, чаго я найменш чакаю, што мяне перарастае, што мяне хавае ў глыбокім ценю, робіць убогім, няважным, нават смешным для гэтага свету. Так, навучы мяне, Марыя, што крытэрый справядлівага не ў сэрцах людзей, а ў Сэрцы Божым. Дапамажы мне наслядоўваць Цябе, што вызначыла нам усім шлях да неба, найпрыгажэйшую сцежку, шлях, пракладзены цалкавітай паслухмянасцю Богу, шлях да служэння толькі самому Богу.
   Марыя, зрабі так, каб для мяне не быў найважнейшым толькі погляд гэтага свету, але погляд неба. І прашу, дапамажы мне, каб мой апошні адказ заўсёды ўказваў на Валадарства Божае.
   На Валадарства Твайго Сына, у якім Ты была ўкаранаваная Каралевай неба і зямлі! У якім прыгатавана месца таксама і для мяне.
   Марыя, горача прашу Цябе, няхай гэтае месца не будзе пустым. Няхай Тваё дзіця будзе з Табой на векі! Каб разам з Табой я мог спяваць Богу песню хвалы, песню падзякі, песню праслаўлення. Амэн.

Першая субота чэрвеня 2013

І. ЦІ СЁННЯ Я БОЛЬШ, ЧЫМ УЧОРА,
ДАВЯРАЮ ПАНУ ЕЗУСУ
ЦАЛКАМ І БЯЗ РЭШТЫ?

   Святы Ян Евангеліст у шостым раздзеле апісвае адну са шматлікіх падзей, якімі Пан Езус прыгатаваў вучняў на прыняцце незразумелага дару Эўхарыстыі. Перш чым адбыўся цуд памнажэння хлеба, Пан Езус паставіў умову. Менавіта слухаючы Яго людзі ў колькасці некалькіх тысячаў павінны былі сесці. А што гэта азначала? Ім трэба было проста Яму даверыцца. Яны ж былі ў пустыні, дзе было толькі пяць хлябоў ячменных і дзве рыбы, а сесці – азначала перастаць лічыць на свае магчымасці, на сваю вынаходлівасць, спрытнасць, арыгінальнасць, ці на сябе самога. Ім трэба было вырачыся сваёй самадастатковасці і ўсё даручыць Езусу. Яны доўга стаялі, маглі адысці, каб уласнымі метадамі забяспечыць сабе ежу. Паколькі ж ужо селі – гэта азначае, што яны даверыліся Езусу і ўжо не лічылі на свае сілы. І тут трэба заўважыць, што перш чым Езус учыніў цудоўнае памнажэнне хлеба, цуд адбыўся ўжо раней. І гэта быў сапраўдны цуд з боку слухаючага люду. Распачаўся першы акт веры, акт даверу. У той час, калі хлеб кружыў сярод іх і кожны атрымаў, колькі хацеў, і засталіся ячшэ цэлыя кошыкі рэшткаў – ніхто ўжо не дзівіўся.
   Яны слухалі слова Божае і таму змаглі паверыць Езусу, што Ён можа накарміць і цалкам супакоіць іх прагненні. Яны выйшлі са свайго эгаізму, углядання толькі ў сябе і адкрылі праўду пра сябе. Яны вярнуліся да крыніцы. Людовік Эвелі ў рэкалекцыйных разважаннях, кажучы пра вяртанне чалавека да сваёй крыніцы, ужыў такое параўнанне: “Можна пазнаць нанова кім ты з’яўляешся, але з умовай, што ты вернешся туды, адкуль выйшаў. Вусце ракі мы бачым часта як балоцістае і бясформеннае месца. Калі мы хочам даведацца які смак гэтай вады, назву дадзенай ракі, трэба вярнуцца і шукаць там, адкуль яна выплывае”. Кожны чалавек выйшаў з рукі Бога і ўсё яго жыццё павінна быць перш за ўсё шуканнем, знаходжаннем гэтага Божага вобразу ў сабе. Але, нажаль, дзвігаючы цяжар наступстваў першароднага граху, чалавек надаль углядаецца ў тую самую драму, што і людзі Старога Запавету. Ён стварае сабе вобраз Бога менавіта паводле свайго уяўлення. Было досыць толькі 40 дзён прабывання Майсея на гары Сінай, каб выбраны народ, чакаючы, згубіў цярплівасць, зляпіў свайго Бога з уласных каштоўных камянёў. У чалавечым сэрцы трывае няспынная інтранізацыя. Чалавек няспынна дзвігае з вялікім намаганнем некага ці нешта на алтар свайго сэрца. Ён у няспынным акце праслаўлення і абагаўлення паміж Богам сапраўдным і хлуслівымі багамі.
   Пан Езус праз цуд памнажэння хлябоў падтыхтаваў да прыняцця найцудоўнейшай праўды аб тым, што Ён сам з’яўляецца праўдзівым хлебам, які сышоў з неба: “Хто будзе спажываць маё Цела, той будзе жыць вечна”. Але гэтая праўда сталася для шматлікіх не да прыняцця, яны адышлі і ўжо не хадзілі з Езусам. Шмат хто казаў: “Цяжкая гэта мова. Хто можа яе слухаць”. А былі так блізка. Гаворка ішла толькі пра тое, каб далей ісці за словам Езуса і быць паслухмянымі Богу, даючы Яму час, каб дзейнічаць. Але гэта аказваецца занадта цяжкім, калі няма цалкавітага даверу Богу, каб далей і ў кожнай сітуацыі адмаўляцца да чалавечай мудрасці, асабліва ў прыняцці цалкам незразумелага сведчання. Канешне, пасля цуду памнажэння хлеба, шмат хто меў думкі зрабіць такога цудатворцу валадаром, але паводле свайго зямнога ўяўлення. Калі яны пачулі, што сапраўдны хлеб гэта Езус, які стаіць перад імі, гэта ўжо немагчыма было прыняць. Менавіта тады, калі чалавек не можа зразумець пераўзыходзячай яго рэчаіснасці, ён вельмі часта адыходзіць ад Бога. Таму што няспынна задае пытанні і не можа замаўчаць, таму і не чуе Божага адказу. Гэтыя няспынныя пытанні, страхі, нежаданне маюць пачатак у тым, што Бог не з’яўляецца ў чалавечым сэрцы Богам сапраўдным. Чалавек ужо ўфармаваў у сабе Бога паводле свайго вобразу і ўпарта трывае ў гэтым уяўленні, таму няма нічога дзіўнага, што ён расчароўваецца.
   Гісторыя Самуіла паказвае як Бог, ня гледзячы на сваю ўсемагутнасць, не мог даць сябе пачуць, аж да таго часу, калі Самуіл, навучаны Гелегам, сказаў словы: “Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой”. І ў цішыні, чаканні ён трываў, пакуль да яго не дайшло слова Бога. Няшчасце шматлікіх людзей палягае на тым, што яны перарабляюць малітву Самуіла па-свойму: “Слухай, Пане, і зрабі, што я кажу!”
   Божае наведванне настолькі глыбокае, што часам трэба шмат часу, перш чым яго распазнаеш. Два вучня, ідучы да Эмаус разпазналі Пана Езуса  толькі тады, калі скончылася Яго бачнае аб’яўленне.
   Блаславёны Ньюман казаў: “Мы прыходзім на малітву, як Якуб уначы і кладзем галаву на камяні, як на падушцы. Але калі мы ўстаем і ў думках праходзім тое, што адбывалася, мы нагадваем сабе, што бачылі анёлаў і Бога, які аб’явіўся праз іх і заклікаем: “Пан тут быў, а я пра гэта не ведаў”.
   Сведкі гэтага цудоўнага памнажэння хлеба настойліва шукалі Пана Езуса, бо жалалі назваць Яго каралём, але толькі таму, што яны мелі на ўвазе сваю прыемную матывацыю, каб Пан Езус і далей іх карміў і да насычэння. Падобная матывацыя была таксама і ў Самарытанкі: “Дай мне гэтай вады, каб больш не прагнуць і не прыходзіць сюды па ваду”. Небяспечна затрымацца на гэтым першым этапе Божага навучання, якое павінна толькі дапамагчы  наблізіцца да прыняцца вельмі цяжкай праўды – шакуючай, бо яна цалкам спрэчыць людзкой логіцы. Пан Езус тлумачыць, што трэба клапаціцца пра іншую ежу і напой, які дае жыццё вечнае. Святы Аўгустын растлумачвае гэтую сцэну так: “Вы шукаеце мяне па прычынах цялесных, а не духовых. Колькі ж людзей шукае Езуса, кіруючыся толькі матэрыяльнымі інтарэсамі! Рэдка хто шукае Езуса для Езуса”. Пан Езус усведамляў, што шмат людзей адыдзе ад Яго і на працягу вякоў будзе адыходзіць, не разумеючы з-за сваёй пыхі невыказны дар Эўхарыстыі. Але Ён не губляе надзеі, а толькі працягвае распавядаць пра сапраўдную ежу, каб чалавек мог жыць сапраўдным жыццём. “Хлеб, што я дам, гэта Цела маё выдадзенае за жыццё свету”. Гэта справа самога Бога і я, чалавек, павінен паверыць і даверыць Богу, а не жадаць усё новых знакаў. Як цяжка было паверыць яўрэям, што Пан Езус з’яўляецца гэтым Абяцаным і Чаканым.
   Як цяжка і далей паверыць у сапраўднага Бога, які стаўся ежай для грэшнага чалавека. Менавіта гэты грэх робіць так, чалавек, ад самай хвіліны стварэння, не перастае ствараць сабе хлуслівых вобразаў Бога паводле свайго суджэння. Каб намаляваць гэтую часта паўтараную памылку, я вазьму гэтую сцэну. Адзін малады вязень павінен быў быць закатаваны на ўзыходзе сонца. Лежучы на нарах, ён не мог заснуць з-за розных страшных думак і вялікага прагнення хоць на адзін момант убачыць сваіх блізкіх. І нечакана ён убачыў за вакном постаць мужчыны,  які праз краты падаваў яму розныя знакі. Ён імкнуўся падысці як мага бліжэй, але вязню здавалася, што гэты мужчына смяецца з яго. Таму  поўны злосці ён пачаў крычаць і абудзіў стражнікаў. Непазнаны чалавек учёк, а вязень нават і не думаў, што сваімі паводзінамі ён спужаў свайго сябра, які прыйшоў яго ўратаваць. Так вельмі часта бывае ў жыцці, што чалавек занадта позна адкрывае час сваіх магчымасцяў. Не бачыць іх, калі яны на адлегласці працягнутай рукі. Вязень, калі б не паверыў сваім прывідам, мог бы быць уратаваны. Пан Езус праз людзей і праз падзеі прагне дасягнуць кожнага чалавека, каб даць яму Сябе. Адкідванне Божых заклікаў, Божых магчымасцяў рызыкоўнае, бо хто ведае, якая з іх будзе апошняй? Каб сапраўды сур’ёзна прыняць Божыя словы, няхай дапаможа гэтая сапраўдная гісторыя, якая адбылася ў жыцці ангельскай паэтэсы Элізабэт Барэт Броўнінг. Супраць волі сваіх бацькоў яна выйшла замуж за вядомага паэта Роберта Броўнінга. З-за гэтага яна была пазбаўлена спадчыны. Разам з мужам яна пасялілася далёка ад дома, у Фларэнцыі. Элізабэт вельмі кахала сваіх бацькоў і жадала з імі прымірыцца. Некалькі разоў у месяц пасылала да іх поўныя любові лісты. Праз дзесяць гадоў маўчання, бацькі прыслалі ёй пасылку, у якой былі ўсе яе лісты ў такім выглядзе, як яна іх дасылала, нават не адкрываныя. Потым гэтыя лісты былі прызнаныя самымі прыгожымі ва ўсёй ангельскай літаратуры. А яе бацькі ніколі іх не прачыталі. Калі чалавек, як Элізабэт, зможа столькі выцярпець, каб паяднацца з блізкімі, дык што ж тады казаць пра Сына Божага, які прайшоў не толькі страшны шлях пакутаў і смерці на крыжы, але нават даў сябе як ежу, каб кожны мог стаць Божым дамачадчам. І Касцёл няспынна перадае гэтую Добрую Навіну. Але нажаль, шмат людзей не хоча, адмаўляецца прачытаць ліст любові, напісанага Богам да чалавека. Узгаданая паэтэса ў адным са сваіх верашаў апісала двух серафімаў, што чувалі каля крыжа Хрыста. Адзін з іх, вельмі занепакоены, сказаў, што ў людзей цяпер будзе больш прычын любіць Бога, чым у анёлаў. Ці гэта сапраўды так?
   Дзякуючы Касцёлу, да якога я належу, кожны год у мяне ёсць магчымасць перажываць літургію божых таямніц, каб кожны раз нанова і паўней адкрываць у сваім сэрцы голад Бога. Дзеля гэтага ёсць Адвэнт, Вялікі Пост і Спасланне Духа Святога, каб я мог належным чынам падрыхтавацца да гэтых самых вялікіх святаў. Але гэты голад Бога з боку чалавека не ідзе ні ў якае параўненне з голадам, які Бог адчувае ў адносінах кожнага з нас. Кожная Эўхарыстыя – гэта пацвярджэнне гэтай непраўадападобнай любові Бога.
   Жывучы ў сённяшнім свеце, дзе нянавісць да Касцёла і тым самым да Хрыста дасягае тэмпературы кіпення, варта ўзгадаць паганскага філосафа Цэльсія, які ў 178 годзе напісаў паскіль поўны нянавісці, сарказму і здзекаў на тэму хрысціянскіх дагматаў Уцелаўлення і Адкуплення. Хрысціян, удзельнічаючых у найсвяцейшай Эўхарыстыі, ён навзаў шалёнымі, бо яны вераць, што іх Бог стаў адным з іх і яны могуць злучацца з Ім падчас сваіх спатканняў. А той жа час трэба сказаць, што ўсё зусім наадварот, гэта не хрысціяне шалёныя, а Хрыстос, што дае Сябе ў постаці хлеба. Бог сапраўды ашалеў у сваёй любові да чалавека. Але, каб паверыць у гэтую праўду, што Бог сапраўды так моцна любіць чалавека, што далей яго запрашае і розным чынам, і цярпліва чакае ў сваёй шалёнай любові, як айцец марнатраўнага сына, патрэбна ласка веры. Пан Езус, кажучы ў сінагозе ў Кафарнауме пра хлеб жыцця, аж восем разоў заклікае да веры (пар. 6, 29.30.35.36.40.47.64). Святар падчас адпраўлення святой Эўхарыстыі ў кульмінацыйны момант, адразу пасля кансэкрацыі кажа да ўдзельнікаў: “Вось вялікая таямінца веры!”.
   Кс. Тадэвуш Дайчэр у сваёй кніжцы “Разважанні пра веру” ў радзделе пра Эўхарыстыю піша таксама: “Калі вера абапіраецца на Хрыста і давяраецца Яму, то ў Эўхарыстыі трэба даручаць Яму ўсе свае справы, страхі, непакоі. Эўхарыстыя будзе прыносіць табе супакой, які нараджаецца з веры ў адкупленчую моц Езусовай ахвяры; з веры ў тое, што Ён адкупіў цябе таксама ад страху, няўпэўненасці і стрэсаў, ад усяго, што знішчае тваё духоўнае, псіхічнае ці фізічнае жыццё. Дзякуючы веры ты зможаш прымаць ахвяры Адкуплення.
   Калі вера гэта прызнанне асабістай бязраднасці і грэшнасці, а таксама чаканне ўсяго ад Бога, то Эўхарыстыя як сакрамэнт веры патрабуе ад цябе паставы бездапаможнага дзіцяці і паставы грэшніка, які нічога так не прагне, як аздараўлення са свайго зла. Спрабуй быць падчас Святой Імшы як гэты пракажонны з Евангелля і прасі, каб Езус ачысціў цябе з праказы эгаізму, з праказы страху за сябе, паспешнасці, непакою і смутку, з праказы занадта вялікага клопату аб сучасных справах, бо ўсё гэта робіць немагчымым урастанне Хрыста ў Цябе.
   Дзякуючы веры ты будзеш падчас святой Імшы адкрываць сябе, сваю грэшнасць і патрэбу Адкуплення. Ты пачнеш усё больш, па меры паглыблення тваёй веры, бачыць сябе ў праўдзе. Ты ўбачыш сваю праказу граху. І тады ты даведаешся, наколькі ты нягоды Эўхарыстыі, а адначасова так вельмі патрабуеш Яго збаўчага дзеяння ў тваім жыцці”.

 ІІ. ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА
(РУЖАНЕЦ)

 ХРОСТ У ЯРДАНЕ
    Запрагні ўступіць на час малітвы светлай часткі ружанцовай да школы Марыі. Прасі ў малітве, каб Яна зрабіла цябе даверанай асобай сваіх разважанняў над падзеямі, у якіх звычайна, як і ты сам, яна не прымала непасрэднага ўдзелу. Няхай прыкладам для цябе будзе таямніца хросту Езуса ў Ярдане. Марыі там не было. Але Яна разважала ў сваім сэрцы гэтую таямніцу пачатку дзейнасці Хрыста. Няспынна. Аж да таго моманту, пакуль не зразумела, што ў гэтай таямніцы адбываецца нашае збаўленне.
   Вучыся ў Яе, як быць блізка да Божых таямніц, нават калі ты з’яўляешся іх беспасрэдным удзельнікам.

 ВЯСЕЛЛЕ Ў КАНЕ
    Ці зможаш ты ўявіць сабе сучасны свет як Кану Галілейскую? Гэта праверка тваёй веры: ці можаш ты ўбачыць, што чалавецтва заўсёды стаіць перад магчымасцю распачаць новае жыццё, будаваць сапраўдную супольнасць, стаць сям’ёй, дзе Божая любоў можа перамагчы кожную цяжкасць, кожны крызыс і знішчыць любоўю зло яшчэ ў зародку? Ці ведаеш ты, што гэты поўны шуму свет, можа быць іншым, што ёсць у ім людзі добрай волі, а перш за ўсё, ёсць у ім Маці Езуса? А тым самым… атмасфера гэтага свету напоўненая патэнцыяльным цудам?
   Таму, запрашай да сучаснай Каны Марыю, каб Яна была нашай заступніцай перад Богам.

 НАВУЧАННЕ АБ ВАЛАДАРСТВЕ БОЖЫМ
І ЗАКЛІК ДА НАВЯРТАННЯ
    Як далёка ты бачыш? Дзе гарызонт, на якім затрымліваецца твой позірк, калі ты прымаеш штодзённы рашэнні? Гэта зноў пытанне пра тваю веру: пра яе месца ў тваім жыцці і яе якасць. Падумай, што для цябе сапраўды важнае. Ці “тут і зараз”? А можа вечнасць, Божае валадарства?
   Няхай ты будзеш належаць да тых, што робяць усе мачымыя намаганні, каб будаваць “новы дом”, у якім ты сам і людзі, якіх ты любіш і якім служыш, змогуць пасяліцца на вякі.

ПЕРАМЯНЕННЕ НА ГАРЫ ФАВОР
   “Пан з Табой” – сказаў анёл Марыі у хвіліну звеставання. Так, Яе Пан заўсёды быў з Ёй. Быў з Ёй перш за ўсё ў шэрай штодзённасці. Яе Бог найбольш палюбіў. Можа ты глядзіш са здзіўленнем на той факт, што трыццаць гадоў Божы Сын быў укрытым у назарэтанскім доме. Трыццаць гадоў быў з Марыяй, без бляску і хвалы. Назарэт – гэта доўгія гады, Фавор – некалькі хвілін. Бог марыйнай штодзённасці – гэта не Бог светлых аб’яўленняў, громаў з яснага неба і цудаў, захапляючых дух у грудзях. Бог Найсвяцейшай Маці гэта Бог з Назарэту, Бог пакорнай служабніцы. Ён – Бог укрыты. І таму Марыя так моцна Яго палюбіла.
   І ты запрагні палюбіць такога Бога, і тады тваё сэрца пачне біць у рытме Беззаганнага Сэрца Маці.

УСТАНАЎЛЕННЕ ЭЎХАРЫСТЫІ
   Памятай, ты не разумееш таямніцы Вячэрніка, калі не заўважаеш яго марыйнага фундаменту. Калі ты засяроджана разважаеш над гэтай ружанцовай таямніцай і запрашаеш Марыю да свайго сэрца, Яна навучыць цябе праўдзе Эўхарыстыі, не таму, што вонкавае ў гэтай збаўчай падзеі, а таму, што найважнейшае: унутранае, духоўнае. Хоць Эўхарыстыю можна цэлебраваць і прымаць у розных месцах, зрабіць гэта можна толькі ў адзінай паставе.
   Паставе Марыі.

 ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
ТАЯМНІЦА V РАДАСНАЯ
Езуса знаходзяць у святыні

     “У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў” (Ян 6, 29).
   О Марыя! Найчысцейшая, Нявеста Духа Святога! Маці Слова, якая носіш Слова, складаеш Яго ў сваім Сэрцы – ціхім і лагодным – Умілаваная Фацімская Спадарыня, Спадарыня Паслання, нашая Маці і Каралева, будзь прывітаная!
   Маці, што прывяла Езуса ў Ерузалем на Свята Пасхі,
   Марыя, якой Езус быў паслухмяны ў Назарэце, будзь прывітаная!
    Мы ўсім сэрцам прагнем суправаджаць Цябе ў першую суботу чарговага месяца 2013 года, прагнем узнагародзіць і выконваць Твае просьбы.
   Сястра Луцыя запісала ў “Закліках фацімскага паслання”: “Шатану, які спакусіў першыя людскія істоты і давёў іх да непаслухмянасці Божым загадам, Пан сказаў: «Пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, паміж нашчадкамі тваімі і яе»” (пар. Быц 3, 15).
   Марыя – Маці гэтага новага пакалення (…). Марыя – Маці гэтага патомства, прызначанага Богам раструшчыць галаву пякельнаму змею. Набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі павінна распаўсюдзіцца і ўкараніцца ў свеце праз сапраўднае прысвячэнне (кансэкрацыю), якое прынясе плёны навяртання і адданасці. Хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Хрыста, менавіта праз прысвячэне (кансэкрацыю), зачэрпнутыя ў сваім жыццёвым быце з Сэрца Марыі. Менавіта ў гэтай форме Беззаганнае Сэрца Марыі павінна быць для нас прытулкам і шляхам, што вядзе нас да Бога.
    Назарэт – гэта школа жыцця, школа нашай веры. Там “Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім. Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi.  I кaлі Яму былo двaнaццaць  гaдoў,  яны  ўзышлі  ў  Ерузaлем  пaвoдле  звычaю  святa. Калі  па заканчэнні  дзён  свята  вярталіся,  зaстaўся  Хлопец  Езус  у  Ерузaлеме,  i  не заўважылі  гэтага  Ягoныя  бaцькi.  Думaючы,  штo  Ён  ідзе  з  пілігрымамі, прайшлі  дзень  дaрoгi  і  тады  пачалі  шукaць  Ягo  мiж  свaякaмi  i  знaёмымi.  Не знaйшoўшы,  вярнуліся  ў  Ерузaлем,  шукaючы  Ягo.
   I  пaсля  трoх  дзён  знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх.  А
ўсе,  хто  слухaў  Ягo,  дзівіліся  рoзуму  i  aдкaзaм  Ягo.  I,  убaчыўшы  Яго,  яны здзiвiліся,  i  скaзaлa  Яму  Мaці  Ягoнaя:  «Дзіця,  чаму  Ты  зрaбiў  нaм  тaк?  Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі,  шукaючы Цябе». Ён скaзaў iм: «Чaгo ж вы  шукaлі  Мяне?  Цi  вы  не  ведaлі,  штo  Мне  трэбa  быць  у  тым,  што  належыць Aйцу Мaйму?»  Але яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.
   І ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (Лк 2, 40 52).
   Марыя не папракае, толькі пытаецца: “Чаму? Дзеля чаго?” – бо ведае, што ў гэтым крыецца таямніца. Праз некалькі гадоў Ёй будзе вельмі патрэбны гэты досвед. Пад крыжам Яна будзе адзінай, якая бачыла, як Бог адкупляе свет… Яна зразумела, што азначаюць словы: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).
   Марыя і Юзаф перажылі словы Пасхі… Праз тры дні яны знайшлі Езуса ў святыні. Менавіта таму Марыя вытрывала пад крыжам, бо Яна ўжо перажыла гэты Яго адыход.
   “З болем сэрца… пакутуючы…  – гэта горкае ўнутранае цярпенне – гэта ласка, гэтае адчуванне болю…”.
    Евангелле не можа перастаць быць таямніцай; не можа перастаць нас зачароўваць. Калі я разумею, гэта значыць, што гэта не Бог; абмежаваны не можа зразумець бязмежнае.
   “Чаму вы мяне шукалі?” – пытаецца Езус сваю Маці ў Айцу – на алтары крыжа. Гэты крык Галгофы настолькі жудасны, што евангелісты сумняваліся ў тым, каб яго тлумачыць і перадалі ва ўсёй вастрыні сяміцкіх слоў: lema sabachtani.
   “Чаму? Сыне, чаму ты нам учыніў гэта і чаму вы Мяне шукалі” – адказваюць адзін аднаму. Абодва “чаму” – змяшчаюць у сабе нешта незразумелае, нешта бязмежнае , нешта бяздоннае. “Гэта Езус, які бачыць Айца, які цешыцца ашчасліўваючым бачаннем, большым за ўсіх святых і анёлаў разам узятых, з’яўляецца Мужам Болю, і то якога болю! Я аднак, пытаюся сам у сябе: “Ці Яго дзіцячае “чаму?” не з’яўляецца ашаламляльным перш за ўсё для мяне?”
   Ён прыйшоў на свет, каб выканаць волю Айца: збавіць свет праз вялікія, неўяляльныя пакуты, праз катаванне на крыжы. Маці Божая ў Фаціме пытаецца ў дзяцей, ці хочуць яны ахвяравацца Богу, каб узнагародзіць за грахі і выпрасіць навяртанне грэшнікаў і ўзнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу Марыі за знявагі, якімі Яго абражаюць. На іх: “Так, хочам” – Яна не абяцала, што захавае ад цярпенняў. Сказала проста: “Шмат павінны будзеце выцярпець, але ласка Божая дадасць вам моцы”.
   І дзеці не прасілі Марыю, каб Яна вызваліла іх ад страхаў і цярпення…
   Самі таксама не зрабілі нічога, каб вызваліцца ад клопатаў, што ім давялося перажываць.
   Яны цвёрда трывалі, давяраючы Марыі, Маці Божай, якая абяцала ім сваю любоў і Божую дапамогу.
   “Цi  вы  не  ведaлі,  штo  Мне  трэбa  быць  у  тым,  што  належыць Aйцу Мaйму?” – Марыя гэтыя словы пакінула, хавала, захоўвала ў сваім Сэрцы. Яна разважалі над імі, паступова адкрываючы іх таямнічую глыбіню.
   Захоўваць у памяці словы Божыя, прымаць незразумелае, незразумелае для нас Божае дзеянне – менавіта тады нараджаецца надзея. Марыя прайшла гэты досвед… а праз тры дні знайшла Яго ў святыні, жывога. Ён не трэба было ў Вялікую Пятніцу дадаваць веры…
    Дванаццацігадовае дзіця – Езус – засмучаным бацькам вызнае, што Ён прыйшоў выканаць волю Бога. Юзаф і Марыя не разумелі гэтых слоў… “Які ж вялікі боль адчувалі іх бацькоўскія сэрцы. Колькі ж матак ведае подобны боль. Часам таму, што яны не разумеюць, што іх дзіця прагне пайсці за голасам Бога, клічучым яго да службы бліжнім”. Ахвяраваны Богу праз Марыю, Ён стане пазней дзеля саміх Бацькоў і для нас усіх крыніцай вялікай радасці.
   Марыя разумее, адчувае непакой, страх, боль маці і кожнага чалавека. Яе Беззаганнае Сэрца і сёння праходзіць меч болю, калі шукае аблічча Езуса ў душах людзей, і ў так шматлікіх не знаходзіць любага вобразу. Марыя запрашае нас да супрацоўніцтва ў ратаванні грэшнікаў, заклікае да ўзнагароды за грахі нашыя і ўсяго свету. Яна шукае душы, прагне душы, якія б былі суцяшэннем, суцяшэннем Яе пакутуючага Сэрца і Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
   Што я зрабіў, каб суцешыць Яе Беззаганнае Сэрца і Сэрца нашага Збаўцы, Езуса-Гостыі?
   Што я магу яшчэ зрабіць? Як жыць, каб Марыя знайшла ўва мне аблічча свайго любага Сына?
   Ці я шукаю Езуса? Ці жыву для Яго? Ці імкнуся яднацца з Ім падчас штодзённых заняткаў, падчас радасці святкавання? Бо можна так святкаваць, што мы не заўважым прысутнага з намі Хрыста, не заўважым, што нарадзілася нязгода… што маё сэрца далёка адышло… ці я шукаю Езуса падчас цяжкіх вырабаванняў? Дзе я Яго шукаю? Аднаго толькі трэба: духоўнай камуніі з Ім?
   Дзе тое месца, дзе я Яго пакінуў, згубіў?
   Ад чаго мне трэба аддаліцца, каб Яго знайсці? А можа мне ад кагосьці трэба адысці? Ці я шукаю волі Бога і сваім жыццём імкнуся выканаць яе?
   “Хто кажа “не” Богу, выступае супраць Той, што адказала Богу цалкавітым “так”.
   Што я магу зрабіць, каб маё сэрца станавілася ўсё больш Хрыстовым? Цалкам Хрыстовае, як Сэрца Марыі, нашай Маці і Каралевы?
    “Марыя! Маці мая, надзея мая”.
   Яшчэ раз я давяраю Твайму Беззаганнаму Сэрцу ўсё маё жыццё. Без рэшты, цалкам. Прагну заўсёды старанна адказваць на Твае просьбы, на Твае нагадванні. Прагну, як Тваё дзіця, супрацоўнічаць з Табой для ратавання свету, для збаўлення душ. Няхай маё жыццё будзе адзіным актам узнагароды за ўсе знявагі і багахульствы супраць Цябе, Твайго Беззаганнага Сэрца і Сэрца Езуса-Гостыі.
   Павел VI, першы папа, які ў маі 1967 г. пілігрымаваў да Фацімы, растлумачыў:
   “Кожны страх недаверу адносна паслання з Фацімы гэта знявага Праўды, аб’яўленай праз Марыю, якая паказала дзецям і вернікам сваё матчынае, добрае, яснае аблічча, для збаўлення нашага свету”.
   Молімся разам з дарагім Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, трываючы ў еднасці сэрцаў:
   “О Марыя, Дзева Беззаганная-
Ты поўная ласкі!
Тваё імя для ўсіх пакаленняў –
гэта заклад пэўнай надзеі (…).
Да гэтай крыніцы, да гэтай крыніцы Твайго
Беззаганнага Сэрца,
прыходзім ячшэ раз як поўныя даверу пілігрымы,
каб зачарпнуць веры і суцяшэння,
радасці і любові, бяспекі і супакою.
Марыя, Маці, якая сказала “так”,
Ты слухала Езуса і ведаеш як гучыць Яго голас,
як б’ецца Яго Сэрца.
Зорка Ранішняя, кажы нам пра Яго
і пра Твой шлях – пра тое, як Ты ішла за Ім сцежкай веры.
Марыя, якая ў Назарэце жыла разам з Езусам,
улі ў нас Твае пачуцці, Тваю паслухмянасць, Тваю ціхасць,
каб мы маглі пачуць Слова
і рабіць сапраўды вольныя выбары.
Марыя, кажы нам пра Езуса,
каб жывая вера праменявала ў нашых вачах
і разагравала сэрцы тых, каго мы сустрэнем. (…)
Дапамажы нам, Дзева з Назарэту,
быць паслухмянымі Святому Духу так,
як Ты была Яму паслухмяная.
Дапамажы нам, як вучням улюбёным у Твайго Сына Езуса,
Станавіцца святымі”. Амэн.
 
IV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

   Маці Найсвяцейшая! Маці мая, якая заўсёды побач з кожным з нас. Ты заўсёды са мной. Дзякую Табе за гэта і прашу, навучы і мяне заўсёды быць з Табой. Быць блізка, быць у Тваёй школе святасці, наслядоўваць Тваё жыццё.
   Бо Твой шлях – гэта мой шлях, Твая любоў – гэта мая любоў, Тваё шчасце і радасць – гэта маё шчасце і мая радасць.
   Адары мяне, прашу, ласкай, каб я мог сёння ўслухацца ў шэпт Твайго Беззаганнага Сэрца.
   Чаму Ты вучыш мяне сённяшнім вечарам, калі я стаю перад Табой падчаса марыйнага апэлю? Перш за ўсё пакоры.
   Я ведаю, Марыя, што я сляпец. Я не здольны заўважыць Бога ўкрытага, а часам нават аб’яўляючагася ў свеце і чалавеку… У мяне “прыроджанае парушэнне зроку”, унаследаваную ад продкаў, што былі аслепленыя грахом ганарлівай непаслухмянасці. З пакорай прызнаю, што я не святы, што я не ведаю Бога як Ты, што ўсе мае назіранні заўсёды маюць недахопы, яны няпоўныя і недакладныя. Я няшмат разумею, а, чым большая таямніца, тым яна для мяне цяжэйшая.
   А Ты, Марыя, як “вясёлка з прыгожых фарбаў”. Прыкоўваю і я свой скалечаны позірк да Цябе, да ззяючай перада мной святой, шматкаляровай вясёлкі. Я ведаю, Ты прыгажэйшая за неба, і я не здольны гэтага заўважыць. Таму я гляжу ў Твае вочы, гляжу ў Тваё Сэрца, гляжу на Твайго Сына, з кожным разам з усё большай пакорай.
   Па-рознаму кажуць пра Цябе, Дзева з гарадку Назарэт. Але я хачу думаць пра Цябе заўсёды як пра Маці. Бо Ты Ёй з’яўляешся найбольш і найпаўней, істота Твайго паклікання быць Маці! Божае мацярынства з’яўляецца цэнтрам, крыніцай і шчытом Твайго, Марыя, прызначэння. Усё, чым Ты з’яўляешся, усё, чым Бог Цябе абдарыў, абапіраецца менавіта на гэтым адзіным – на Тваім пакліканні быць Маці. Незвычайнай. Беззаганнай. Езуса. Сына Божага. І Маці нас усіх, укрытых у пакліканні ўмілаванага вучня. Але гэтае другое з’яўляецца толькі наступствам першага паклікання, закліку да зачацця ад Духа Святога, закліку несці свету Хрыста Адкупіцеля.
   Я не магу пра гэта забыцца.
Бог патрабаваў Цябе, патрабаваў Маці…
   Ты і Хрыстос. Заўсёды разам. Трымаецеся за рукі, разам ідзеце праз жыццё. Спачатку Ты вядзеш Сына, і нечакана, незаўважна, Сын пачынае весці Цябе. А можа так было заўсёды? Сын вёў сябе праз Цябе, сваю Маці? Веў праз браму Твайго Сэрца і ўлоння аж да брамы гробу, праз які ў другі раз выйшаў на свет – уваскрослы, вечны, пераможны.
   Я не ведаю. Ты ведаеш…
   Але адно напэўна: Хрыстос патрабаваў Цябе і быў з Табой неразлучна звязаны сваёю прыродай і даручанай Айцом  справай. Хрыстос патрабаваў Маці. А Ты дала Яму ўсё, усю сябе і кожную хвіліну, і кожнае месца. Усю прастору Твайго свету напоўніў напаўняў толькі Ён сам. Ты дала Яму чалавечае цела і людское “я”. Ты дала Яму жыццё. І аддала Яму жыццё дзеля служэння Яго жыццю.
   Будзь жа за гэта бласлаўлёнай праз усе пакаленні!
   Ты далей мне паўтараеш, што Хрыстос і мяне патрабуе. Мне трэба, як і Табе, даць Яму ўсё. Усяго сябе і ўсё сваё жыццё.
   Езус гэта адлюстраванне Маці. Гэта Тваё Сэрца стварыла Яго такім, якім я Яго ведаю. Яго прыгажосць – гэта Твая прыгажосць. Усё, што людское, усё, што з’яўляецца фізічным знакам прысутнасці Бога-з-намі, Пан узяў з Цябе. Зачарпнуў двума рукамі. Яго постаць узятая з Цябе. У Яго рысах, рухах, голасе, больш – у Яго сэрцы ціхім і пакорным, я знаходжу Цябе – пакорная Даўца Жыцця. Тое, што было канчатковым у Яго вачах, было спачатку ў Тваіх. Езус вучыўся смяяцца так, як Ты смяялася да Яго. Ён вучыўся любіць так, як Ты Яго любіла. Ён вучыўся чакаць, як Ты, слухаць, як Ты, давяраць, як Ты.
   Твая манера глядзець на свет, Тваё бачанне свету было перададзена Сыну. Калі ўжыць словы “кіраўніцтва духоўнае”, напэўна Той, што вучыла Езуса жыць, што шліфавала Яго духоўнасць, была Ты, Марыя.
   Будзь такой і для мяне, Маці мая. Будзь маёй настаўніцай. Будзь парадай на маіх духовых бездарожжах. Дапамажы мне вырашаць настолькі цяжкія для мяне заданні, у якіх нехта змясціў столькі пастак, у якіх так лёгка заблытацца ў падліках і паверыць у памылковыя вынікі, а таксама прызнаць, што выйсце гэта тое, што робіць шчаслівым у гэтым свеце. Ты Боскі Матэматык, умееш мне паказаць месцы, дзе я памыляюся.
   Маці Найсвяцейшая, Ты была самай блізкай Езусу. Ці я не павінен углядзецца ў Твайго Сына і зрабіць усё, каб стаць да Яго падобным? Каб быць з Табой і вучыцца ад Цябе. Як Езус.
   Ты любіла Езуса і любіш мяне. Ты жыла толькі дзеля Яго і так сама жывеш дзеля мяне. Ты думала толькі пра Яго, думаеш таксама пра мяне! Ты прытуляла Яго да сэрца, але прытуляеш і мяне! Ён адзіны напаўняў Твае думкі, Марыя, але я ведаю, што і я напаўняю Твае думкі! Ён быў у Табе, але і я жыву ў Тваім Сэрцы!
    Марыя, Маці мая! Навучы мяне быць такім як Езус. Дапамажы мне выканаць маё пакліканне, якім абдарваў мяне Бог. Як Езус. Дапамажы мне быць Тваім дзіцём. Як Ён.
   Каб я быў святы. Каб я жыў на хвалу Божую. Каб я спрыяў збаўленню свету. Амэн.