6.13.2015

Першая субота студзеня 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!


ПЕРШАЯ СУБОТА СТУДЗЕНЯ 2015  

 ТАЯМНІЦА СВЯТЛА
Хрост Пана Езуса

Успаміны Марыі
стваралі ружанец,
які Яна сама няспынна малілася
ў дні свайго зямного жыцця.
Ян Павел ІІ

   Сёння першая субота года, няхай гэта будзе пачаткам новага часу для нас. Новы год – гэта звычайна новыя пастановы, мы ўзбагачаныя шматлікімі досведамі мінулага года, некаторыя з іх яшчэ працягваюцца. Мы ніколі не пачынаем з нуля, можам, аднак, распачаць наноў з добрым Богам, у Яго ласцы, просячы Марыю, Найчысцейшую, каб Яна нас суправаджала, вучыла нас і вяла ў гэтым годзе. Затрымаемся і адкладзем на хвіліну ў бок усё, што нас абцяжарвае, што мы з цяжкасцю нясём, даверымся міласэрнаму Богу, даверымся Беззаганнаму Сэрцу Марыі, даверым нашыя сем’і.
Духу Святы, салодкая радасць сэрцаў, Тваім стварэннем з’яўляецца Беззаганнае Сэрца Марыі. Просім Цябе, Духу Божы, добры і літасцівы, адкрый нашыя сэрцы, дапамажы нам, таму мы просім Цябе аб дапамозе і падтрымцы, чакаем Тваёй лагоднай сілы, дапамогі ад Цябе. Ты вёў Панну Марыю ў Яе прыгожым і цяжкім жыцці, вядзі таксама і нас, кіруй намі, Духу Суцяшальніку, дам нам салодкую прахалоду. Просім, вядзі нас згодна з воляй ласкавага Айца, шляхам марыйным, да Езуса, нашага Брата, нашага Збаўцы, Прыяцеля грэшнікаў.
Езу добры, міласэрны і ласкавы, Збаўца наш, шчодры для ўсіх, хто Цябе заклікае, мы аддаемся Твайму Сэрцу, поўнаму любові.
Найсвяцейшая Панна Марыя, Беззаганная Дзева, Маці дабра! Мы прыходзім сёння да Цябе, у першую суботу года, першую суботу месяца, мы хочам разам з Табой разважаць над Тваім жыццём, так блізкім Богу, а таксама над нашым жыццём.
Марыя, мы хочам, мы просім, каб Ты была нашай Правадніцай у гэтым годзе; мы вельмі просім, вядзі нас! Не палохайся нашых упадкаў і нявернасці, Панна святая і Беззаганная, кіруй намі, вучы нас, патрабуй ад нас як добрая Маці, бо мы вельмі важныя для Цябе.
Мы яшчэ памятаем  Божае Нараджэнне, час для нас, для нашага збаўлення. Мы памятаем Маці з вельмі маленькім Дзіцём, якім Яна апякуецца, якога Яна нясе, якога Яна корміць. Сёння шлях паказвае нам новую таямніцу нашага жыцця, нас саміх.
Паглядзім хвілінку на гэту сітуацыю вачамі маці. Вось Сын Марыі, ужо дарослы, Езус у пачатку сваёй місіі. Гэта ўжо не маленькае немаўлятка на руках Маці, ужо не Падлетак каля Маці, Езус ідзе сам, самастойна прымае рашэнні, сам кіруе сваім жыццём. Для Маці – гэта цалкам новы час, ужо цяпер Яна можа сказаць так – як скажа пазней пра сябе св. Ян Хрысціцель – трэба, каб Езус узрастаў, а Яна памяншалася. Марыя можа ўжо цяпер сказаць як св. Павел – жыву не я, а Хрыстос. Безпаваротна мінаў час вялікай цішыні ў жыцці Святой Сям’і, час інтымнасці і вольнасці ад вачэй натоўпу, час суполнай штодзённасці. Езус ужо не будзе толькі для Яе і св. Юзафа, Езус будзе ўсё больш для ўсіх. Калі нават і было чаканне хвіліны аб’яўлення моцы Сына Божага, пачатак Яго місіі мог быць таксама цяжкім; калі нават Марыя ведала, што гэты час павінен надысці, радыкальная змена павінна была быць вялікай падзеяй. Мы напэўна ўзгадваем сабе падзеі нашага жыцця, якія, хоць і былі чаканымі і прадказанымі, змянялі нашу штодзённасць настолькі радыкальна, што іх сапраўды цяжка было прыняць.
Абодва, Езус, а таксама Марыя – распачынаюць цалкам новы этап жыцця.
Узгадаем яшчэ раз гэту гісторыю. Напэўна мы апавядалі сабе пра Яна Хрысціцеля, яго словы, яго спосаб жыцця, яго навуку, бо людзі прыходзілі са шматлікіх куткоў свету. Ці не было пры ім розных плётак, анегдотаў, домыслаў, як гэта звычайна бывае ў размовах пра вядомых асобаў? Некаторыя задумваліся, чаму адзіны сын святара жыве так дзіўна, настолькі інакш, чым іншыя. Можа – часам гэта здараецца і сёння – не разумелі яго паклікання, можа думалі, што такім чынам ён проста хоча звярнуць на сябе ўвагу? Да яго прыходзіць шмат людзей, па розных прычынах. З цікавасці, з дакладных духоўных прагненняў, з нейкай тугой, выпадкова, у пошуках Бога… Хто ж можа агарнуць усе прагненні людзкіх сэрцаў! Аднак шмат хто пры ім, дзякуючы яму, дзякуючы яго словам, навяртаецца, прымае пакуту.
Навошта ў гэтым асяроддзі Езус? Навошта прыходзіць Беззаганны, Найчысцейшы, найбліжэйшы міласэрнаму Айцу? А аднак і Езус прыходзіць у натоўпе, як усе, з выгляду не адрозніваючыся ад іншых, прымае месца і спосаб сустрэчы. Ён не баіцца таго, “што скажуць людзі”, ці прызнаюць Яго грэшнікам, Ён не аддзяляецца ад звычайных людзей. Хіба толькі адзін Ян Хрысціцель распазнае, што перад ім Найсвяцейшы, Адзіны бязгрэшны. Што за ласка ўмець распазнаць святых, заўважыць каля сябе Сына Божага! Столькі людзей навокал – а хто заўважыў Езуса, хто Яго давартасцяваў! Хто пачуў незвычайныя словы з неба, загад для ўсіх?
Няхай гэта зачэпіцца ў нашых сэрцах: Марыя ўмела верыць у Сына Божага, Немаўлятка, ахінутае нейкім матэрыялам, які служыў Яму аховай і пялёнкамі; тут Ян Хрысціцель распазнае Месію ў Мужчыне, адным з тых шматлікіх, што стаялі перад ім. А што мы бачым, што заўважаем?
Заўважым, што ў гэтай сцэне няма ніводнага слова пра Марыю. Гэта прымушае нас задумацца. Легенды і апокрыфы часта спрабавалі змяшчаць Яе ў гэтай падзеі, прагнучы бачыць Маці таксама і тут. Не паддаемся ж гэтым пачуццям, паспрабуем аднак трымацца Евангелля, дайма сабе шанс навучыцца чамусьці большаму з гэтай гісторыі, дазволім Марыі вучыць нас.
Вельмі шмат святых падкрэслівала тактоўнасць і сціпласць жыцця Маці Божай, укрытасць шляху марыйнага паклікання. Найсвяцейшай Марыі, найбліжэйшай самому Богу, з Беззаганным Сэрцам, не было фізічна побач з Езусам у шмат якіх падзеях. Як добры Айцец вёў сваю Абраную, поўную ласкі? Мы можам увайсці ў таямніцу Марыі, зазірнуць з цікавасцю, можа нават пабожнай, можа сапраўды з найлепшымі намерамі, у Яе святое жыццё. Айцец, які вельмі Яе ўпадабаў, вёў Яе ў вялікай цішыні, захоўваючы ад цікавых позіркаў, сцеражучы Яе як любую Дачку, як Абранніцу, як зяніца вока. Евангелле кажа нам аднак такім чынам вельмі шмат – мы не бачым Марыі ў хвіліну перамянення, Хросту. Мы не ведаем, ці ўдзельнічала Яна пры памнажэнні хлябоў, цудоўных аздараўленнях. Езус браў з сабой часам усіх вучняў, часам дакладна выбраных, аднак мы рэдка чуем выразнае ўзгадванне таго, што ў гэтых падзеях была найбліжэйшая Маці.
Чаму нас вучыць гэта гісторыя? Чытаючы Евангелле, мы заўважаем, што Панну з Беззаганным Сэрцам, найбліжэйшую Сэрцу Езуса, не часта апісваюць, Яна не заўсёды бачна знаходзіцца каля Сына. Сардэчная блізкасць сэрца дае вольнасць, не патрабуе абавязковай прысутнасці ў кожным месцы і кожную хвіліну ў цэнтры падзеі. Любы вучань, той, які прыняў Маці да сябе, да свайго дому і ў сваё жыццё – прымае з вялікім хваляваннем гэтую сціплую прысутнасць Беззаганнай, калі піша пра Яе практычна два разы ва ўсім Евангеллі, хоць можа сярод усіх евангелістаў ён мог бы найбольш распавесці.
Заўважым вялікі ўрок для нас: Панна мудрая, Тая, якая прыняла Яго раней за ўсіх, ведала Яго даўжэй за ўсіх, жыла найбліжэй за ўсіх, пазнавала Яго ў штодзённасці, захоўвае сціпласць і цішыню. Яна не стаіць каля Яго заўсёды і ўсюды, не прамаўляе ў Яго імя, не апавядае дробязяў пра Яго дзяцінства, цікавыя выпадкі з Яго жыцця. Што за стрыманасць, тактоўнасць, умяркаванасць, сціпласць любячай, чулай Маці! Бог мог даручыць Яе далікатнаму, Беззаганнаму Сэрцу свайго Сына, мог даверыць цішыні Яе Сэрца, маўчанню Яе душы. Святы Юзаф, годны Прыяцель, Абраннік, Муж Марыі жыў у той самай далікатнай, чулай сціпласці, укрытасці, яму досыць самой прысутнасці і любові, а не апавяданне пра яе людзям. Кветка расквітае без шуму, плён саспявае без звяртання на сябе ўвагі. Самае важнае тое, што Бог жыве ў нас, а не тое, што іншыя гэта бачаць, важнейшае тое, што адбываецца ў Беззаганным Сэрцы…
Ці згаджаемся мы на цішыню марыйнай духоўнасці? Ці прымаем спосаб прысутнасці Маці, для якой важная блізкасць Сэрца Сына, а не паказванне сябе людзям пры Ім? Найсвяцейшая Панна будзе фізічна прысутная каля Езуса ў выбраных хвілінах, прадбачаных дзеля Яе. Заўсёды ў еднасці з Сынам, заўсёды разважаючая над Яго словамі, Яго ўчынкамі, жэстамі, жыццём. Навучаючаяся ў Яго, нават калі, як выразна падкрэсліваў св. Лука, не ўсё адразу разумела, поўная любові адкрывалася на новае святло, новыя шляхі, цяжкія таксама для Яе самой.
Ці мы жывем, як наша Маці? Ці мы падобныя да Яе? Вучымся ж штодзённасці з Езусам у Марыі, глядзім на Марыю. Прымайма з даверам, без страху, сардэчную цішыню Беззаганнага Сэрца, разважайма над Яе пакліканнем суправаджаць Сына так інтымна, так сціпла. Мы не бачым у Евангеллі Панны, якая ходзіць да людзей, нагадвае, Яна інакш вучыць, Яна інакш вядзе, Яна інакш робіць заўвагі.
Хрост Езуса, як паказвае св. Марк, распачынае дзейнасць Езуса, Яго місію. Настолькі важная падзея напэўна нагадвала Марыі словы анёла, пачатак асабістага шляху. Мы ведаем, што добра вяртацца да важных падзеяў нашага жыцця, убачыць іх чарговы раз, у святле новых падзеяў. Паразважаем таксама над нашым хростам, якога напэўна не памятаем, аднак словы літургіі могуць нам дапамагчы адрадзіць наш першы сакрамэнт; выкарыстаем хросты ў парафіі, у сям’і, каб узгадаць нашыя абавязкі, абяцанні падчас хросту. Як Марыя, паразважаем над гэтымі словамі, як Марыя будзем насіць у сабе гэтую таямніцу, бо мы, як Яна, атрымліваем Духа Божага і Яго дары на святым хросце, падчас канфірмацыі і аднаўлення абяцанняў дадзеных на святым хросце.
Просім жа Духа Божага, Салодкую радасць сэрцаў, няхай Ён нас ачысціць праз Слова Божае і сакраманты, няхай выхоўвае нас, фармуе! Просім Духа для нашых сямей, няхай Ён суцяшае ў іх сэрцы радасцю дзякуючы рэчам малым, штодзённым, няхай Ён улівае супакой у нашыя дамы.
Няхай нашыя сэрцы будуць падобныя да Беззаганнага Сэрца Дзевы. Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца вучыць маё сэрца, няхай Тваё Сэрца затрыюмфуе ў маім сэрцы! Вядзі нас, Беззаганная, мы хочам быць блізка ля Твайго Найчысцейшага Сэрца! Мы хочам, як Ты, верыць Богу, як Ты, праслаўляць Бога, давяраць, як Ты давярала, любіць Твайго Сына, як Ты, Беззаганная! Амэн.


О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”

Першая субота лютага 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА ЛЮТАГА 2015 
 
 РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА
Ахвяраванне Езуса ў святыні

У ружанцовым набажэнстве
Хрыстос займае першае месца.
Леў ХІІІ

   Сёння наш дзень духоўнай засяроджанасці, наш дзень сустрэчы з Езусам і Марыяй, скарыстаемся запрашэннем Найчысцейшай Маці, у першую суботу месяца мы запрошаныя Беззаганным Сэрцам Панны Марыі. Маці Божая просіць нас, каб у нашай паспешнасці мы пажадалі прысвяціць час менавіта Ёй, каб мы ў Яе прысутнасці разважалі над жыццём Яе Сына, міласэрнага Збаўцы, а таксама над Яе жыццём побач з Ім. На хвіліну адсунем наш цяжар, наш боль, клопаты. На хвілінку спынімся разам з Марыяй.
Духу Святы, Ойча ўбогіх, самы шчодры, ласкавы, Ты фармаваў Беззаганнае Сэрца, Ты выхоўваў і вёў Марыю. Духу Божы, просім, адкрый нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы. Без Твайго натхнення мы нічога не зможам, Ты ўзмацні нас, навучы нас, просім, пакажы, вядзі, Духу Аздаравіцелю, мы давяраем Табе нас саміх і нашыя сем’і.
Духу Святла і Любові, Духу Езуса, напоўні мяне.
Найчысцейшая Маці Збаўцы, скіруй нас, просім, на Твой шлях, шлях марыйны, цярпліва дапамагай нам, каб мы з яго не сышлі, дазволь нам разважаць над таямніцамі Твайго паклікання, важнымі падзеямі Твайго жыцця. Беззаганнае Сэрца Марыі, нашыя сэрцы прагнуць Цябе і Тваёй навукі.
Езус шмат людзей прыцягнуў да Сябе, першай спадарожніцай жыцця Езуса была менавіта Беззаганная Панна. Мы таксама, як і Яна, запрошаныя нашым Панам, Сябрам нашых сэрцаў, суправаджаць Яго ў дарозе. Паглядзім на Найсвяцейшую Панну, прымем жа Яе парады, будзем вучыцца ў Яе, скарыстаемся запрашэннем да марыйнай школы, да якой хацела належаць таксама шмат святых і блаславёных.
Гэта другі месяц нашай марыйнай школы, шляху шматлікіх святых. Сёння перад намі вялікая падзея жыцця Езуса і Марыі – ахвяраванне. Прымем гэтую таямніцу для разважання, гэта скарб Беззаганнага Сэрца, адна вельмі вялікая хвіліна, якая паўтаралася на працягу ўсяго жыцця, якая прачытвалася наноў на працягу ўсяго жыцця.
Што мы адчуваем, выказваючы гэтае слова: ахвяраванне? Ці адчуваем мы радасць, думаючы пра тое, што было ахвяравана нам? Ці паяўляецца на дне нашага сэрца страх, што нам трэба нешта з сябе ахвяраваць, можа нешта вельмі важнае, каштоўнае для нас? Што азначае ахвяраванне Езуса, ахвяраванне Марыі, нашае ахвяраванне?
Падумаем пра Марыю, паглядзім на Марыю, будзем вучыцца ў Марыі! Як разумець Ахвяраванне?
З самага пачатку Яе Сын з’яўляецца Сынам Божым, з самага пачатку Ён ахвяраваны Айцу і людзям. Ці ўсё Яго жыццё не з’яўляецца вялікім ахвяраваннем самога сябе? А Найсвяцейшая Панна – ці Яна не ахвяравала саму сябе, сваё сужэнства, сваё мацярынства? Якое можа быць ачышчэнне Найчысцейшай, ачышчэнне Беззаганнай? Як можна прысвяціць Богу Яго ж Сына, аддаць Богу Яго самога?  Хто больш за Езуса можа быць прысвечаны Айцу?
Аднак права казала, што “кожны першародны сын будзе прысвечаны Пану”, пабожны звычай патрабаваў занесці дзіця ў Ерузалем, каб стаць перад Богам. Так рабілі ўсе, так трэба было зрабіць. Калі надышоў час ачышчэння паводле Права Майсея, Бацькі Езуса пайшлі да святыні. Ці гэта толькі пусты жэст, фармальная справа, каб толькі задаволіць людзей, публічную думку, заспакоіць плёткі суседзяў? Не, для Марыі гэта вялікі дзень, сустрэча з добрым Айцом, час ласкі. На самай справе “стаць перад Богам” не было абавязковым, можна было выкупіць першароднага, даючы срэбра святару. Аднак для Марыі і Юзафа намаганне прыйсці да святыні разам з Езусам здаецца важным, абавязковым, патрэбным ім самім. Нягледзячы на тое, што яны больш за іншых маглі быць звольненымі з абавязку, нягледзячы на тое, што маглі яны пачуць сябе выключнымі, абранымі, яны выконваюць Права цалкам, з дадаткам, шчодра – з усяго сэрца – гэта час ласкі, час блізкасці з Богам, час ахвяравання.
Як часта мы бачым, чуем людзей, якія сцвярджаюць, што ім не патрэбна ачышчэнне, споведзь, навяртанне! Як часта людзі спасылаюцца на свае духоўныя выключныя перажыванні, адчуваюць сябе звольненымі ад звычайных практыкаванняў. Хто ж быў больш выключны, чым Езус, чым Марыя, а аднак Яны выбіраюць шлях звычайнасці…
Як часта, вельмі проста, гучаць словы “я не святы”! Панна Марыя была святая – аднак яна бачыла патрэбу прыняць Права, абрад, звычай, падпарадкаванне Традыцыі. Ці ў нас ёсць жаданне вучыцца ў Яе?
Для Яе самой, для св. Юзафа, для Езуса гэта важны дзень.  Напэўна часта прыходзілі маці з першароднымі дзецьмі, Панна Марыя адна са шматлікіх. Гэта звычайная падзея, як сёння хрост у парафіі. Аднак міласэрны Айцец даўно рыхтуе пару, якая прывітае Святую Сям’ю ў дзень ахвяравання. Сімяон, стары мужчына, падтрыманы Духам Святым, чакаў, як кажа нам Евангелле, “суцяшэння Ізраэля”. Менавіта ён – гэта выключэнне сярод шматлікіх людзей, якія наведвалі святыню – заўважае маладую сям’ю, заўважае Марыю і Езуса. Гэта сапраўды каштоўная падказка для нас. Дух Божы робіць людзей здольнымі заўважыць Божых святых, Дух Мудрасці адкрывае вочы сваім верным, каб яны ўбачылі прысутнасць Езуса і Найсвяцейшай Панны. Ужо сама гэтая падзея была б цудоўнай. Колькі ж святых прайшло незаўважанымі сваімі суседзямі, а колькі людзей не распазнала Збаўцу і Яго незвычайную Маці! Аднак Дух Святы сапраўды моцна вядзе сваіх верных. Заўважым, Евангелле ў кароткім тэксце тры разы падкрэслівае блізкасць Божага Духа і Сімяона. Мы чытаем, што “Дух Святы быў з ім”, што “Дух Святы адкрыў яму”, што “кіраваны Духам, ён прыйшоў да святыні”. Менавіта такая асоба можа знайсці ў сваёй штодзённасці, у добра вядомым сабе месцы, сярод шматлікіх людзей – Езуса і Марыю. Менавіта нехта такі можа ў звычайны дзень сустрэць Бога, якога чакае ўсё жыццё. Колькі людзей праходзіла ў той дзень каля Езуса, Марыі, св. Юзафа?
Яшчэ адна таямніца: Айцец міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння дазваляе Сімяону, каб ён сам прывітаў і ўзмацніў Тую, што будзе Дапаможніцай верных, каб ён падтрымліваў Тую, якая вытрывае пад крыжам Сына. Якая вялікая дабрыня Божая! Марыя, якая некалі прыняла анёла, незвычайных гасцей з дарамі для Дзіцяці, цяпер атрымлівае асабістае пацвярджэнне свайго паклікання ў святыні!
Марыя атрымлівае незвычайныя, моцныя, адначасова ўзмацняючыя і непакоячыя словы. Гэта вялікая радасць, што Яе ўмілаваны, адзіны Сын прывітаны як збаўленне для ўсіх народаў, як святло для язычнікаў, як вялікая хвала ўсяго Ізраэля. Сэрца Маці ўзрастае. Евангеліст старанна запісаў, што словы гэтыя былі нечаканасцю для самой Марыі! Абавязкова падумаем над гэтай інтымнай інфармацыяй – Тая, што сама прыняла анёла, што сама чула абяцанні і прадказанні паклікання Яе Сына, сама была здзіўленая. Вось таямніца паклікання, таямніца сталення Беззаганнага Сэрца. Павольна і далікатна вядзе Марыю Дух Святы.
Паглядзім на Марыю – Яна слухае, калі да Яе прамаўляе анёл; слухае, калі Ёй кажа св. Юзаф пра тое, што яму было аб’яўлена ў сне; слухае, калі ёй кажа Сімяон. Якое адкрытае, Беззаганнае Сэрца! Што за гатоўнасць прымаць Бога праз людзей. Езус запрашаў, каб мы вучыліся ў Яго Маці: так, як Яна прымалі таямніцу нашага паклікання, цярпліва вучыліся і саспявалі да нашага шляху з Ім. Ці мы згаджаемся, як Марыя, каб нам казалі, указвалі, павучалі? Ці мы прымаем духоўныя ўказанні? Ці можа ў нас ёсць пачуццё, што мы ўсё ведаем самі, што мала хто можа нам нешта сказаць? Захапляе гатоўнасць Марыі да таго, каб слухаць кожным чынам, кожнага, кожную хвіліну і ў кожным месцы. Анёл прыйшоў “да Яе”, а гэта значыць туды, дзе Яна жыла. Юзаф кажа Ёй пра свой сон, так проста, можа ўначы; Сімяон – у святыні. Марыя вучыцца, слухае, разважае – вось Служабніца Панская! Ці мы не ставім Богу абмежаванняў? Ці любім, каб Ён казаў нам толькі дома або толькі ў Касцёле, або толькі праз выбраных людзей? Ці мы згаджаемся, як Яна, каб Ён сам выбіраў калі, як, праз каго Ён хоча прамаўляць да нас?
Марыя прымае словы Сімяона як прароцтва, як словы анёла. Разам са словамі здзіўляючымі, паказваючымі радасць, хвалу, гонар, моц, Яна чуе прадказанне болю, цярпення, цяжкай раны Сэрца. Прымем таксама і мы тыя словы Сімяона да сябе. Нам хіба лягчэй думаць пра іншых, што гэта яны раняць Марыю, раняць міласэрнае Сэрца Яе Сына. Паглядзім аднак на сябе, падумаем пра сябе. Зоймемся сабой, нашымі адносінамі з Сынам Божым, з Найсвяцейшай Паннай. Ці мы ранім Яе Сэрца? Не апраўдваемся, што можа іншыя раняць Яе больш. Гэта разважанне павінна нас натхняць, не апраўдваць. Сімяон падтрымлівае і суцяшае Марыю. Станем жа разам з ім, суправаджайма Марыю ў Яе малітвае, у Яе імкненнях пашыраць Валадарства Яе Сына, у навяртанні людзей. Яна цалкам ахвяравала сябе Богу – прымаючы цярпенне любага Сына і цярпенне Беззаганнага Сэрца – дзеля ратавання людзей. Вучымся ў Яе, застанемся з Маці, застанемся побоч з Ёй.
Давайце прымем сёння таямніцу ахвяравання, так як сёння вядзе Дух Святы. Толькі што мы разважалі над яе маленькай частачкай, шмат яшчэ застаецца перад намі. Ахвяруемся так, як мы гэта ўмеем сёння, вучачыся ў Яе. Дух Святы напэўна яшчэ не раз будзе нас весці, як Яе, да таямніцы ахвяравання.
О Марыя, Беззагананя Панна, Дзева ахвяруючая сябе, Маці ахвяруючая Сына, будзь Настаўніцай на нашым шляху! Вядзі нас марыйным шляхам, шляхам ахвяравання! Просім – вучы нас у духу ахвяравання прыносіць супакой і дабро, цярплівасць і радасць у нашы сем’і.

Панна, якая слухае, Панна мудрая, Вучаніца Пана, цярплівая Настаўніца, просім Цябе, маліся з намі і за нас! Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца вучыць маё сэрца, няхай Тваё Сэрца затрыюмфуе ў маім сэрцы! Прасі з намі аб мудрасці Духа Божага, няхай Ён адкрые нашы вушы і сэрца, як Твае, няхай зробіць нашы сэрцы падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн!

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.


Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół, którego nie przemogą bramy piekła.”

Першая субота сакавіка 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!


ПЕРШАЯ СУБОТА САКАВІКА 2015
 
 БАЛЕСНАЯ ТАЯМНІЦА
Бічаванне Пана Езуса
Гэта я,
Гэта мае грахі,
Гэта мая нявернасць,
Б’юць Цела Езуса.
Марыя, маліся за мяне грэшную,
Гэта менавіта я
раню Цела Твайго Сына.
бл. Анеля з Фолігно

Сёння першая субота месяца, час выбраны для нас, час сутрэчы з Марыяй. Цяпер надышоў час, каб адсунуць толькі на хвілінку гэтыя ўсе сапраўды важныя справы, затрымацца, каб разам разважаць над жыццём Езуса і Яго Маці, вельмі блізка ля Сына. Даверым усё, што мы маем у сэрцы, Найсаладзейшаму Сэрцу Езуса, Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Аддадзім усе нашыя хваляванні, клопаты, жаль, знойдзем час для саміх сябе, для Бога, для Найсвяцейшай Панны.
Духу Божы, Духу Суцяшальніку, Духу Супакою, Моцы і Мужнасці, Божай Любові і Мудрасці, Ты патрэбны нам, нам патрэбна Твая дабрыня і шчодрасць, прыйдзі да нас! Запалі Сваё святло ў нашых сэрцах, узмацні нас, дадай моцы, узнімі нас і вядзі. Просім, будзь з намі. Без Твайго натхнення што будзе з намі? Просім Цябе, адкрый нашыя сэрцы, дапамажы нам у гэтым разважанні. Ты ведаеш нашую слабасць, ведаеш, што самі мы не вытрываем, просім Цябе аб дапамозе, чакаем Тваёй ажыўляючай дапамогі. Ты вёў Беззаганную, вядзі і нас, згодна з воляй міласэрнага Айца, пакажы нам марыйны шлях побач з Езусам, да Езуса, Сябра слабых і грэшных.
Езу поўны міласэрнасці і дабрыні, Ты, які ніколі не адштурхоўваў грэшніка, Ты прыняў правіны, грахі, слабасці, падзенні мае ўласныя, а таксам маіх блізкіх, маёй сям’і, знаёмых, сяброў… Езу літасцівы, які ўзнімаеш тых, што ўпалі, пыдтрымліваеш тых, што хістаюцца, Лекар людзкіх душ, шчодры для ўсіх, хто Цябе кліча, суцяшэнне усіх сэрцаў, мы аддаемся Твайму Найсаладзейшаму Сэрцу, даручаем і давяраем нашыя сем’і.
Сёння паглядзім на адну з важных таямніц, якую паказвае нам мудрасць ружанца – адну з таямніц балесных для Езуса, для нас саміх – бічаванне. Што мы адчуваем, думаючы пра такія цяжкія таямніцы? Ці цэнім мы іх, ці прабягаем праз іх, як найхутчэй? Хто з нас не баіцца болю? Хто з нас не хацеў бы захаваць сваіх блізкіх ад цярпення? Калі мы маем такія пачуцці, яны могуць дапамагчы нам наблізіцца да Маці Пакутуючага, Маці Бічаванага Сына.
У часы Езуса і Марыі, як зрэшты ва ўсе часы, прымянялі шмат жорсткіх, часам выдуманых пакаранняў, таксама і публічна, не толькі, каб вяршыць справядлівасць, але таксама і для таго, каб паказаць сваю ўладу, папярэдзіць патэнцыяльных бунтароў. Перш чым нас гэта знеахвоціць, падумаем пра колькасць жудасных сцэн, якія мы так ахвотна аглядаем у паулярных фільмах… Езус бярэ на сябе тое, што людзі прыгатавалі іншым людзям… Марыю сустракае тое, што кранулася ўжо шматлікіх маці – цярпенне любага Дзіцяці. Абодва ўдзельнічаюць ў прасякваючым болю, які ўжо перад гэтым быў удзелам нявінна асуджаных, часам караных так страшна, што вымярэнне пакарання было нашмат большым, чым учыненае злачынства. Узгадваючы гісторыю Беларусі, мы бачым цярпенні асуджаных падчас паўстянняў, роспач тысячы маці. Езус і Марыя прымаюць на сябе боль сэрца, якія зведалі розным чынам, у рознай меры, шмат пакаленняў.
Бічаванне, якое так страшна раніць Езуса, было спрабаваннем Пілата злагодзіць эмоцыі натоўпу і ўратаваць асуджанага ад смерці. Сам Пілат не быў асабіста зацікаўлены ў пакаранні Езуса, хутчэй, як апісваюць евангелісты, дапушчае яго, не жадаючы рызыкаваць сабой і сваім становішчам з-за гэтых клопатаў, можа разбурэнняў у горадзе, бо ён жа адказвае за спакой у Ерузалеме. Зменнасць і гвалтоўнасць настрояў натоўпу тады часта апісвалася і крытыкавалася, занадта часта даходзіла з-за якой-небудзь прычыны да бунту, пабояў і разбурэння горада, беспарадкаў, пасля якіх заставалася шмат параненых. Пілат верыць, што ён задаволіць спадзяванні натоўпу, паказваючы катаванага Езуса і зможа Яго вызваліць. Бічаванне было настолькі вялікім пакараннем, што часта пасля яго не прымянялася ўжо больш ніякіх дадатковых, проста выпускалі асуджанага, параненага аддавалі сям’і. Звычайна колькасць бічаванняў была строга кантраляваная, вылічваная, аднак удары скуранога біча, часта абцяжаранага металём, былі настолькі балючымі і раздзіраючымі цела, што часта здаралася так, што асуджаны паміраў ад ранаў праз нейкі час пасля бічавання. Пілат тройчы прапаноўвае натоўпу: “убічую Яго і адпушчу”, выразна падкрэсліваючы, што гэта толькі адказ на жаданне натоўпу, бо ён сам, як і Ірад, не знайшоў у ім правіны. Аднак нелюбімы ў Ерузалеме намеснік не пераканаў людзей, а ў тыя часы кіраўнікі і чыноўнікі часта прыстасоўваліся да жаданняў натоўпу, каб пазбегнуць разбурэнняў, заспакоіць раз’юшаныя эмоцыі падданых, нават праз моцныя відовішчы. Пілат не дзейнічае з варожасці да Езуса, ён клапоціцца пра ўтрыманне дысцыпліны ў горадзе, лічыць гэта сваім абавязкам. Можна хутчэй здзіўляцца, што, не ведаючы асабіста асуджанага, ён выступае ў яго абарону. Ён не заўважае ў ім нікога вельмі важнага, каб рызыкаваць дзеля Яго сваёй пасадай, сваім жыццём і дабрабытам сям’і. Для пілата гэта адзін са шматлікіх асуджаных, адна са шматлікіх непрыемных спраў у яго працы.
Чаму натоўп патрабуе такіх катаванняў для Езуса? Розныя можна пачуць думкі, некаторыя даследчыкі падкрэсліваюць, што на свята прыходзіла шмат Габрэяў з па-за Ерузалему. Яны не ведалі асабіста Езуса, а Вараву маглі прызнаваць за паўстанца, які змагаўся з рымскімі захопнікамі, бо нават і апосталы ў дарозе да Эмаус прызналіся, што чакалі, што Езус вызваліць Ізраэль. Супрацьстаянне рымскаму прыгнёту было больш зразумелым, чым навучанне Езуса, які не займаўся палітыкай. Публічныя катаванні таксама і праз некалькі сот гадоў былі атракцыйным відовішчам для натоўпаў. Абыякавасць, недахоп зразумення таго, кім з’яўляецца Езус, цяга да гвалту…
Цяжкае відовішча – бічаванне чалавека, нават хоць бы найбольш правініўшагася. Доўгае цярпенне, якое не трывае кароткі перыяд часу, раз за разам прыманы боль, які раздзірае цела і сэрца. Большасць людзей адварочвае твар да балеснага, смутнага відовішча. Мы не хочам бачыць, не хочам чуць. Гэтаму цяжка здзівіцца. Езус не з’яўляецца красамоўным аратарам, захапляючым настаўнікам, аздаравіцелем, ён не дыскутуе і не робіць уражання мудраца, ён прыніжаны, замучаны вязень. Марыя ўжо не тая вядомая жанчына, на якую звярталі ўвагу, Маці Цудатворцы, а Маці звязанага, моцна збітага, замучанага пленнага. Той, што выганяў дэманаў і ўваскрашаў памерлых, ляжыць на зямлі і дазваляе сябе біць бічом, раздзіраючым цела.
Гэта дзеля нас, за нас, дзеля нашага збаўлення, дзеля майго збаўлення. Чаму так? Чаму ў такім болю? Не адходзьма да Марыі. Яна, Панна лагодная, Панна найчысцейшая, павінна гэта знесці. Ані свайго Сына не захаваў Бог Айцец, ані Сын на захаваў Маці ад перажывання сваіх пакутаў. Паглядзім на Марыю – не абяцана Ёй лёгкага жыцця, не захавана ад болю. Так як прадказаў Ёй Сімяон, Яе сэрца пройдзе меч, напэўна не першы раз, але страшнейшым, чым да гэтага, чынам. Беззаганнае Сэрца павінна знесці тое, што б’юць Яе Сына.
Як лёгка апраўдваюць сябе некаторыя асобы – гэта не я, гэта яны! Гэта не мае грахі, гэта некалі, даўно, іншыя людзі; гэта цяпер можа таксама іншыя, але не я. Аднак Езус пакутуе за ўсіх – за кожнага з нас, таксама і за мяне і з-за мяне. Нашым заданнем падчас медытацыі гэтай таямніцы не з’яўляецца тлумачэнне Езусу і Марыі, што мы не вінаватыя, або менш вінаватыя, чым іншыя.
Ці мы ўмеем прымаць бічаванне? Цяжкая гэта справа зносіць цярпенне як асабістае так і сваіх бліжніх. Шмат людзей вакол нас разумее гэтую таямніцу лепш, чым мы самі. Зносіць цяжкія хваробы, асабістыя або некага з сям’і, невылячальныя хваробы, такія, канца якіх нельга прадбачыць, гэта сапраўды, як бічаванне, раздзіраючае душу і цела, знішчаючае знутры. Таксама і зносіць штодзённа слабасці, якія разбіваюць сям’ю, цяжкія ўпартыя грахі блізкіх… Сапраўды патрэбна моц Беззаганнага Сэрца, каб вытрываць, перажыць, стаць перад абліччам бічавання.
Найдзіўнейшая Маці, Маці верная не ўцякае, застаецца побач з Сынам. Яна адыйшла ў бок, засталася так блізка, як магла, прызнаючы, што гэта Яе Сын. Настолькі блізка, як гэта магчыма, нязломная, нічым не расчараваная, без страху жаўнераў і насмешнікаў, засяроджаная на Сыну. Як Маці захапляючага, хвалёнага, аздараўляючага Сына, Яна слухала як пахвалу, так і без сумневу, крытычныя заўвагі пабожных людзей, якія вельмі ахвотна, паводле сваіх уяўленняў, выправілі паводзіны Езуса. Цяпер Яна павінна з аднолькавай верай і любоўю прымаць Езуса ў Яго пакліканні. Марыя шмат разоў, як падкрэслівалі Евангелісты, не даканца разумела Езуса, аднак у кожнай сітуацыі Яна ўмела вытрываць побач з Ім, прымаючы Яго ўсім Беззаганным Сэрцам.
Маці Балесная просіць у нас дапамогі, падтрымкі, супрацоўніцтва. Молімся з Ёй, разам з Ёй зробім намаганне падтрымаць церпячых, падтрымаць спатыкаючыхся на шляху паклікання, узняць тых, што губляюць сілы. Каб мы ніколі не далучыліся да натоўпу, які жадае бічавання. Каб мы ніколі не дазволілі сябе падмануць модзе, прапагандзе, абвінавачванням – медыі сёння бываюць сапраўды больш бязлітасцівымі, чым натоўп у Ерузалеме. Не дазволім жа, каб нас захапілі эмоцыі, не асуджайма… Марыя нікога не абвінавачвае, не патрабуе нічыёй смерці.
Жудаснай з’яўляецца таямніца бічавання, цяжкія балесныя таямніцы, таксама і дзеля нас. Яны былі таму, што нас саміх, нашых блізкіх, нашых суседзяў, знаёмых і незнаёмых таксама часта сустракае бічаванне, балеснае, публічнае. Не будзем уваходзіць у натоўп абвінаваўцаў, насмешнікаў, расчараваных, пакрыўджаных – застанемся з Марыяй. Молімся з Ёй, падтрымліваем Яе малітвай. Маўчанне дазваляе нам пачуць Бога. Гэта марыйная пастава, гэта важная стацыя на шляху марыйнай духоўнасці: не ўцякаць, застацца побач у вельмі цяжкай сітуацыі. Гэта менавіта марыйнае захаванне: быць заўсёды адкрытым на Бога, не паддавацца настрою большасці, не паддавацца людзкой думцы, не баяцца сораму суправаджаць кагосьці ў яго балесных таямніцах, не баяцца балесных таямніц у нашых сем’ях.
Застанемся ж побач з Марыяй, Паннай Балеснай, Пакутуючай. Гэта ж мы і нашыя блізкія ранім Яе Сына. Просім Яе, каб Яе боль, Яе спачуванне вучылі нас агідзе да граху, каб мы ў духу еднасці з Ёй, еднасці з Яе Сынам, прымалі перашкоды, клопаты, прыніжэнні, усялякія бічаванні… кожнага дня.
О Марыя, Маці Пакутуючага, мы хочам застацца побач з Табой, мы хочам, як Ты вытрываць з верай у нашым цярпенні і нашых блізкіх. Маці Бічаванага, вучы нас марыйнаму шляху – спачуваць, зносіць прыніжэнні, трымацца, калі нас не разумеюць, давяраць Богу перад абліччам людзкой абыякавасці. Панна верная, Вучаніца Пана, Маці Міласэрнага, мы просім, маліся за нас цяпер і на нашай крыжовай дарозе! Прасі з намі Духа Божага, няхай Ён зробіць нашыя сэрцы падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн!
Просім Духа Божага, Суцяшальніка ўсіх сэрцаў, Жывую Ваду, няхай Ён ачышчае нас праз слова Божае, праз сакрамэнты, няхай нас выхоўвае, фармуе! Няхай нашыя сэрцы будуць падобнымі да Беззаганнага Сэрца Панны.
   Вядзі нас, Беззаганная, мы хочам быць блізка ля Твайго Беззаганнага Сэрца! Няхай у нас валадарыць Тваё Беззаганнае Сэрца, любячае Езуса, адданае Езусу! Мы хочам як Ты верыць Богу, як Ты – праслаўляць Бога, давяраць, як Ты давярала, любіць Твайго Сына, як Ты, Беззаганная! 

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”

Першая субота красавіка 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА КРАСАВІКА
2015 


 ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Унебаўшэсце Пана Езуса

Гэта час спецыяльна выбраны для нас, паказаны Марыяй, Правадніцай ружанцовай духоўнасці – гэта першая субота месяца.
Мы прынялі запрашэнне Яе Беззаганнага Сэрца, каб нашым сэрцам прыняць Евангелле. Гэта жыццё Езуса і Маці, важнае для нашага жыцця, для нас усіх. У цяжкай дарозе важна мець адпачынак, узмацненне, пасілак. Няхай гэты час накорміць нас, адсвежыць, суцешыць, узмоцніць. Затрымайма ўсё, што нам перашкаджае, што рассейвае нашу ўвагу. Наблізім сэрцы да Сэрца Беззаганнай Маці, дазволім сябе суцешыць і ўзмацніць у дарозе.
Духу Святы, Твае дары фармавалі і выхоўвалі Беззаганнае Сэрца Марыі, Ты – чулы Айцец для ўбогіх, Ты найлепш ведаеш таямніцы Яе жыцця. Вучы нас, вядзі, фармуй нашыя сэрцы, адкрывай на радасць і святасць. Ты заўсёды даеш шчодрыя дары – просім, адары нас. Няхай Твой супакой дазволіць нам бачыць наша жыццё, нас саміх, не дазволіць нам згубіцца сярод страхаў, апасенняў, пачуццяў віны. Пакажы нам прабачаючую міласэрнасць Божую і Божую волю, Духу Ажывіцелю. Ты – прахалода у працы – лечыш раны сэрца, Аздаравіцелю людзкіх сэрцаў. Духу ласкі і мудрасці, вядзі нас, просім, адкрый нашыя вочы і вушы.
Міласэрны Збаўца, цярплівы Сябра людзей, дапамажы нам ісці за Табой, вучыцца ў Беззаганнага Сэрца Тваёй Маці, як любіць Цябе, Найсаладзейшае Сэрца Езуса.
Найласкавейшая Панна, падтрымлівай нас, просім, вучы нас ісці за Табой, Тваім шляхам! Яшчэ шмат трэба нам вучыцца марыйнай веры, паслухмянасці, надзеі, любові. Беззаганнае Сэрца Марыі, мы хочам слухаць Цябе і вучыцца ў Цябе, вядзі, Найсвяцейшая Панна, Маці добрай рады! Будзь з намі, Выхавацелька святых, Панна мудрая, пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца! Сталіца Мудрасці, пакажы нам Езуса!
У нас шмат спадзяванняў на весеннія месяцы – яны ж абяцаюць не толькі прыгажосць вясны і лета, вакацыі, і намаганні працы. Прыгажосць Марыі таксама нас захапляе, запрашае нас наследаваць Яе, ці можа быць большай радасцю для Маці, чым бачыць гэтыя намаганні дзяцей? Прыглядзімся да жыцця Марыі, дазволім Ёй нас вучыць, бо мы хочам быць Яе знакам у нашых сем’ях.
Сёння нас запрасілі для разважання над цудоўнай таямніцай ружанца, колькі ж у ёй святла, хвалы, моцы! Унебаўшэсце Пана Езуса было незвычайна таямнічай падзеяй, захапляючай, агаломшваючай для тых, што былі яго сведкамі.
Чытаючы апісанне ў першым раздзеле Дзеяў Апосталаў, мы адразу бачым, што апосталы нават пасля пакуты і ўваскрашэння не вельмі разумеюць свайго Настаўніка. Яны няспынна пытаюць: “Пане, ці Ты цяпер вернеш Валадарства Ізраэля”? Што мы можам пра гэта думаць? Нам таксама блізкія ідэі народнага вызвалення, вольнасць нашага краю. З рознай нагоды мы ўзгадваем нашы традыцыі, шмат хто з нас ганарыцца заслугамі сваёй сям’і перад краінай. Езус, аднак, вучыць, што еднасць у Ім самім з’яўляецца падставай вольнасці, а вольнасць духоўная – найважнейшая. Ён абяцае ім іншыя дары, паказвае іншае пакліканне, іншыя абавязкі. “Атрымаеце моц Духа Святога, які сыйдзе на вас, і вы будзеце маімі сведкамі” – ці апосталы сапраўды разумеюць гэтыя словы? Настаўнік абяцае ім удзел у моцы Божай, аднак не з мэтай узброенага паўстання, не для прыняцця ўлады, узмацнення мяжы, а менавіта дзеля таго, каб пераступіць межы ўсіх краін і культур, у імя Езуса. Апосталы павінны ісці да ўсіх, не звяртаючы ўвагі на паходжанне і звычаі, “у Ерузалеме, у Самарыі і ва ўсім свеце”. Такое бачанне магло моцна здзіўляць. Апосталы да гэтага не цікавіліся збаўленнем людзей недзе далёка, любілі Езуса, хацелі Яго слухаць, клапаціліся пра будучыню свайго народу, прыгнечанага Рымлянамі. Да гэтага гаворка не ішла аб падрыхтоўцы да місіі сярод язычнікаў, хоць Езус размаўляў з усімі, аздараўляў таксама людзей з па-за Ізраэля, быў ласкавым не толькі для Габрэяў, але і для іншаземцаў, людзей пагарджаных і тых, якіх лічылі адступнікамі і ератыкамі. Аднак Уваскрослы Сын Божы нічога больш не тлумачыць апосталам, лічучы, што досыць просьбы не пакідаць сталіцы, чакаючы абяцання Айца – Духа Святога.
Лёгка нам сабе ўявіць здзіўленне і няўпэўненасць апосталаў. Нават, калі Езус сапраўды казаў ужо пра Духа Святога, як мы ведаем з Евангелля св. Яна. Слухачы ж не маглі прадбачыць ані дароў Божых, ані будучыні маленькай супольнасці. Таксама і мы маглі быць здзіўленымі, калі б нам нечакана паказалі нашае пакліканне, ці мы самі часам не занадта засяроджваемся на нашых справах, упадабаннях?
Езус абвяшчае вучням іх пакліканне і адбываецца нешта нечканае: “Пасля гэтых слоў Ён узнёсся на іх вачах у вышыню і яны бачылі Яго, пакуль воблака Яго не схавала”. Як гэта разумець? Як гэта прыняць? Бездапаможнасць апосталаў вельмі добра акрэслівае чарговы сказ, які напісаў св. Лука: “настойліва ўглядаліся ў неба”. Здзіўленне, бездапаможнасць, пачуццё пакінутасці? Як бы мы адрэагавалі? Чаго менавіта чакалі апосталы? Можа думалі, што калі Уваскрослы жыў з імі на зямлі і паказваўся ім на працягу 40 дзён, ужо тут і застанецца? Цяжка нам здагадвацца, якія ў іх былі пачуцці, відаць аднак, што разам са спадзяваннямі, загадамі і адыходам Езуса да неба яны проста шакаваныя. Не на гэта спадзяваліся.
А ў той час апосталы застаюцца адны, з Марыяй, дадзенай Яну. Для суцяшэння літасцівы Айцец пасылае ім анёлаў, якія дабразычліва і ветліва робяць заўвагу, паказваючы бессэнсоўнасць настойлівага ўглядання ў неба. Яны абяцаюць, што Езус некалі прыйдзе, але калі? Апосталы засталіся без свайго Настаўніка, чакаючы далейшага бегу падзеяў. Што ім цяпер рабіць? Іх стан духа адлюстроўвае як ўгляданне ў аблокі, за якімі знік Уваскрослы, так і зачыненыя дзверы Вячэрніка. Як, ахопленыя жахам, згубленыя людзі могуць ісці да чужых і казаць пра Езуса?
Гэта вельмі важны ўрок як для нас, так і для апосталаў. Так як апосталы мы не ведаем, куды хоча паслаць нас Айцец, куды нас вядзе Дух Святы. Так як апосталы мы не ведаем Яго спадзяванняў, Яго моцы і нашых магчымасцяў. Побач з апосталамі, як і побач з намі, прысутнічае Марыя. Заўважым аднак, што ў апавяданні пра ўнебаўшэсце Езуса няма ніводнага слова пра Маці Пана! Стрыманасць св. Лукі, які так шмат ведаў пра Марыю, можа змушаць нас задумацца. Мы не ведаем, што тады адчувала, думала, перажывала дзіўная і таямнічая Панна; Тая, што верыла з самага пачатку. Мы ведаем, што яна спазнала цудоўную штодзённасць з Езусам без вялікіх, шумных падзеяў, спакойную і поўную чулай прысутнасці, спазнала час публічнай дзейнасці Езуса, поўнай вялікіх падзеяў і цудаў; Яна ведае таксама жудасны боль спачування, пакуты, смерці, развітання. Цяпер ізноў Езус, Яе Сын, жывы, у хвале, адыходзіць. Марыя напэўна, як заўсёды, поўная веры, даверу, спакою. Марыйны шлях не азначае, як вучыць нас Евангелле, поўні свядомасці, поўні ведання, наадварот, св. Яна Павел ІІ пісаў пра “цёмную ноч веры Марыі”, цяжар пілігрымкі веры.
Марыйны шлях – гэта прытуліцца сэрцам, няспынна ачышча́ным сэрцам, Беззаганным Сэрцам да Езуса, Умілаванага. Можна ўявіць, што Марыя суправаджае апосталаў, падтрымлівае іх, як і нас, малітвай, прысутнасцю, верай. Час выканання абяцанняў Айца яшчэ толькі прыйдзе, цяпер – час сталення ў маўчанні, узрастання ў пачуцці пакінутасці Настаўнікам, час чакання. Апосталы павінны пачаць новы этап гісторыі збаўлення. Надыходзіць хвіліна, калі яны выйдуць з зачыненасці, перастануць баяцца, адкрыюць сваё пакліканне, пойдуць да невядомых краінаў і людзей… Яны ўжо не будуць хавацца, не будуць чакаць вяртання Уваскрослага, ужо яны самі пойдуць абвяшчаць ва ўсе канцы свету, несучы Яго словы моцай Духа Святога.
Ці мы таксама толькі пазнаем наша пакліканне? Можа трэба паглядзець на яго наноў? Замест таго, каб баяцца новага, замест таго, каб глядзець у неба, як згубленыя, пакінутыя, будзем прасіць разам з Марыяй, Маці вернай і ўпэўненай, Духа Святога, аб распазнанні нашага месца ў Касцёле, нашай місіі, нашай адказнасці?
О Беззаганная, мы давяраемся Тваёй цярплівасці, гэта Ты прайшла настолькі розныя шляхі, столькі досведаў і болю, ведаеш час маўчання і сталення. Вядзі нас, узмацняй, не дазволь нам хавацца ад нашага паклікання. Прасі з намі моцы Духа Божага, Яго дароў для нас, вучы нас нашаму месцу ў Касцёле! Настаўніца наша, вядзі нас да Езуса.
Просім Духа Божага, Салодкую радасць сэрцаў, няхай Ён нас ачысціць праз Слова Божае, сакраманты, няхай выхоўвае нас, фармуе! Няхай нашыя сэрцы будуць падобнымі да Беззаганнага Сэрца Панны. Духу Божы, узмацні нас, каб мы штодзённа прыносілі слодыч Тваіх дароў у нашыя дамы і супакой  у нашыя сем’і.
Вядзі нас, Беззаганная, мы хочам быць блізка ля Твайго Найчысцейшага Сэрца! Мы хочам, як Ты, верыць Богу, як Ты, праслаўляць Бога, давяраць, як Ты давярала, любіць Твайго Сына, як Ты, Беззаганная! Амэн.

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”

Першая субота мая 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА МАЯ 2015


СВЯТАЯ СЯМ’Я –
ШКОЛА ВЫКОНВАННЯ ВОЛІ БОЖАЙ.
МАРЫЯ, МАЦІ АДКУПІЦЕЛЯ

Апошняе аб’яўленне Маці Божай у Фаціме 13 кастрычніка 1917 года – гэта не толькі цуд сонца, які адбываўся на вачах дзесятак тысяч людзей як пацвярджэнне паслання, заклікаючага чалавецтва да пакуты і навяртання. Падчас апошняй візіі дзеці бачылі таксама аб’яўленне святой Сям’і: Юзафа, Марыі і Дзіцяткі Езуса. Магчыма гэта было ўказаннем, у якім мы мала падкрэсліваем, што Фацімскае Пасланне павінна ажыццяўляцца таксама у сем’ях і праз сем’і.
Аднова свету можа адбыцца праз аднову канкрэтных людзей, а найлепшым чынам гэтага можна дасягнуць ў сямейнай супольнасці. Можа гэта быў заклік Марыі, скіраваны да маці, і заклік Юзафа, звяртаючагася да айцоў: “глядзі на мяне!”. Навошта мы да некага прыглядаемся? Розныя на гэта прычыны, але часта гэта для таго, каб узяць прыклад, “навучыцца жыццю”.
Таму прыглядзімся да Марыі. На абразах мы бачым Яе ў залатых і срэбраных сукенках, каронах, аздобленых каштоўнасцямі. Аднак у Назарэце Марыя так не апраналася. Гэта мы Яе так апранулі, жадаючы так, як зможам, выказаць нашыя пачуцці да Яе. Там на канцы свету ў маленькім Назарэце, дзе ўсе ведалі ўсіх, Яна была толькі звычайным падлеткам, дзяўчынай, вонкава нічым не адрознівалася ад іншых. У доме Якіма і Ганны Яна “жыла проста, звычайна, як мы”. Аж да хвіліны, калі перад Ёй стаў Боскі Пасланнік, каб абвясціць Ёй волю Божую адносна Яе. Прыняць Божую волю… Як проста гэта гучыць. Марыя прыняла словы арханёла з прастатой і даверам. Яна не выясняла, не ўдакладняла. “Вось я служабніца Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”… Ці кажучы гэта, Яна магла ведаць наступствы свайго рашэння падпарадкавацца Волі Божай? Абсалютна не. А яны былі, гледзячы па-людзку, багатыя наступствамі. З гэтага моманту Яна сталася Маці Ўцелаўлёнага Слова – Адкупіцеля чалавека. Знешне нічога не змянілася. Анёлы не насілі Яе на руках, Ёй нічога не падалі на залатым падносе. Цяпер, пасля Звеставання, Яна адправілася ў Айн-Карым, бо там немаладой і цяжарнай сваячцы Альжбеце будзе патрэбна дапамога. Ёй застаецца тры месяцы. А пасля вяртання ў Назарэт усе пачалі заўважаць, што Яна ў благаславёным стане. Колькі ж несправядлівых асуджэнняў, думак, колькі ж Яна павінна была знесці, асабліва ўнутранага цярпення? А за блуд, у якім Яе напэўна падазравалі, Ёй пагражала пакаранне згодна з правам. Юзаф, “муж справядлівы”, прагнуў, ня гледзячы ні на што, Яе ўратаваць ад людзкой справядлівасці. Ён хацеў Яе патаемна адпусціць, можа недзе схаваць? Заспакоены анёлам ў начной візіі, ён “узяў Марыю да сябе”. А потым – падарожжа ў Бэтлеем і нараджэнне Дзіцяці ў вядомых абставінах, а потым чарговы заклік анёла: “Юзэфе, устань, вазьмі Дзіця і яго Маці, і ідзі ў Егіпет, бо Ірад хоча забіць Дзіця”. Сярод ночы, у чужую краіну, у чужы свет, у невядомае, з трывогай у сэрцы… Колькі ж драматычнасці мае ў сабе гэта сцэна. Калі Ірад памёр, яны вярнуліся, але ўжо не ў Бэтлеем, а ў Назарэт. Менавіта адтуль дванаццацігадовы Езус пайшоў з імі ў Ерузалем на свята… “Згубіўся” у іх. Калі яны Яго знайшлі праз пару дзён і Марыя звярнулася да Яго з папрокам, Ён упершыню нагадаў ім, што Ён павінен быць “у справах Айца”. Не зразумелі…
Надышоў момант, калі надышла поўня часу. Яна напэўна сачыла за падарожжам Сына па сцежках Палестыны, калі нават прыйшла да Яго са сваякамі, калі Ён навучаў. Гэта стала нагодай, каб мы пачулі, што той Яму “маці, айцец і браты”, хто выконвае Волю Айца… Ажно надышоў час Галгофы. Яна стаяла пад крыжам з умілаваным вучнем Сына, а вочы напэўна ўжо былі сухія, бо выплакала ўсе слёзы. Як жа мы ўжо прызвычаіліся да гэтай сцэны; яна ўжо не ўражвае нас. У той жа час цяжка сказаць, што нешта больш трагічнага і балеснага можа сутрэць маці, калі яна бачыць агонію, жудасныя пакуты любага дзіцяці. Яна ніяк не магла Яму дапамагчы, магла толькі глядзець. Што Яна тады перажыла, колькі выцярпела, ведае толькі Бог. А Яна напэўна зразумела тады словы старца Сіямона пра “меч болю”, які прасякне Яе Сэрца. Маці Божая Балесная… Ты трымала на сваіх руках мёртвае цела Сына, прытуляла яго да свайго Сэрца і глядзела ў наш бок, так як глядзіць з П’еты Міхал Арханёл… Як бы хацела сказаць нам: “Глядзіце, колькі вы Яму каштавалі…” Яна дачакалася ўрэшце раніцы ўваскрашэння, а потым была пры ўнебаўшэсці і спасланні абяцанага Духа Святога. Яна сталася сведкай нараджэння Касцёла, які, як Ян, “возьме Яе да сябе”, называючы сваёй Маці.
Калі мы прыглядзімся да лёсу Марыі, напэўна лёгка кожны з нас можа ў Яе жыцці ўбачыць частку свайго жыцця. Менавіта клопат пра нашчадкаў, пра хлеб на стале і дах над галавой, штодзённая праца, якая суправаджала Марыю і ў Назарэце, можа нейкая жыццёвая драма, трагедыя. Колькі ж сучасных матак балесна чувае часам ля ложка сваіх хворых дзяцей, гледзячы з болем, як яны згасаюць… Падчас пахавання бл. кс. Папялушкі я стаяў не далёка ад трумны. На працягу некалькіх гадзін я мог назіраць за тварам яго мамы, белым, як крэйда, сціснутым болем… Такая сучасная Балесная Маці. Я ўсвядоміў сабе з часам іх агульныя рысы. З вуснаў Марыі ніколі не вырвалася слова скаргі, прэтензіі, або папроку ў адрас Бога. Яна ўсё прымала з глыбокім даверам да Таго, з воляй якога згадзілася. Яна ведала, што Бог з кожнай драмы можа зрабіць дабро, што кожная Галгофа і Крыж скончацца ўваскрашэннем. Нашыя людзкія шляхі не суправаджае ніякі фаталізм! Бог часам дапускае зло, каб ратаваць і грэшнікаў. Часам непавінная смерць можа быць адкупленчай дзеля грэшнікаў, бо злучаецца з Пакутай Хрыстовай.
Нагадаем сабе візію трэцяй фацімскай таямніцы, у якой анёлы збіраюць нявінную кроў пакутнікаў і напэўна ўсіх добрых людзей. Яна не плыве марна, яна не бессэнсоўная. Гэта таксама вялікая таямніца веры і сапраўды патрэбны дар Божы, каб яе несці. А мама бл. кс. Папялушкі? Памятаем яе выказванні. Няма ў іх ані жалю, ані роспачы… Зато якая жыццёвая мудрасць, колькі ж звычайнага, унутранага даверу Богу і якое ж прыгожае жыццё, прыгожае хоць і поўнае працы, ахвяры, а таксама матчынага болю. Сапраўды, не дактараты і не макіяжы ўпрыгожваюць чалавека! Як жа адрозніваюцца гэтыя прыклады ад сённяшніх “вызваленых жанчын”, якія ўцякаюць ад таго, што з’яўляецца найпрыгажэйшым у пакліканні жанчыны – ад мацярынства, якія панічна баяцца любой ахвяры, вырачэння. Які ж чужы ім Крыж Хрыста. Мы бачым іх часам на экранах тэлевізараў: ганарлівыя, упэўненыя ў сабе, дзёрзкія, часам вульгарныя. Дзеля іх “нараджэнне” – гэта толькі “рэпрадукцыя”, а “дзіця” – гэта толькі “плод”. Які ж іншы гэты свет, які ж бедны, як жа бязмежна пусты і бессэнсоўны, і як вельмі патрабуючы нашага ружанца. Толькі я павінен і сябе пытаць: да якога з гэтых светаў мне бліжэй…. Фацімская Маці, вучы нас не баяцца Крыжа…

 ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ

Уваскрашэнне Пана Езуса

Калі б не ўваскрашэнне, можна было б падумаць, што Езус – гэта адзін з тых шматлікіх, якія сапраўды захаплялі натоўпы прыгожымі і моцнымі словамі, але нічога акрамя ўспамінаў пасля яго не засталося. Езуса некалі лічылі таксама рэвалюцыянерам, якога перамагла імперская ўлада. Часам вялікім грамадскім дзеячам і абаронцам убогіх, або адным са шматлікіх аздаравіцеляў, магаў, лекараў, якога, нажаль, забілі. Можна здзіўляцца, што жудасна забілі некага, хто аздараўляў так шмат людзей, але ж усе мы ведаем што смерць нельга перамагчы.
Аднак для Езуса ўваскрашэнне было незвычайна важнае, бо Ён жа папярэджваў, што праз тры дні паўстане з мёртвых. Той, што ўваскрашаў памерлых, быў таксама ўваскрэсены моцай любячага Айца. Гэта абяцанне таксама і для нас.
Страшную смерць Сына перажыла таксама і Маці. Праз тры сапраўды цяжкія дні Яна дачакалася ўваскрашэння. Падумаем пра сябе, ці мы, як Марыя, верым, што тое, што памерла, можа ўваскрэснуць? Ці мы гатовыя чакаць? Калі мы верым ва ўваскрашэнне, мы цалкам інакш убачым Езуса, і сябе. Звернем увагу на словы Езуса, цудоўныя аздараўленні, абарону слабых, але таксама нязломна будзем насіць надзею, што таксама і наш боль, нашы раны, зламаныя сэрцы можа аздаравіць Уваскрослы Езус. Падумаем цяпер пра наша жыццё: добры Айцец сапраўды вытра кожную слязу. Нашу слязу.

Унебаўшэсце Пана Езуса

   Ой, хіба не на гэта спадзяваліся апосталы! Самі казалі па дарозе ў Эмаус, што Месія павінен вызваліць краіну, народ, усталяваць парадак! Яны б хацелі выгнаць чужую армію, якая кіруе, імкнецца паказаць сябе, навязвае свае звычаі. Выгнаць кіраўнікоў, якія захоўваюць сябе, як усемагутныя, бо супрацоўнічаюць з іншаземнай уладай; адразу тыя, што супрацоўнічалі, павінны былі б перастаць даносіць, можна было б нават паказць іх злачынствы. Тады было б відаць, хто справядлівы, можна было б узнагародзіць тых, што засталіся вернымі, вытрывалі, і перастаць высмейваць пабожных. Тады можна было таксама вярнуць добрыя традыцыі.
Што ж дрэннага ў такіх марах? Нічога, бо ўсё гэта было б прыгожым. Аднак Езус адыходзіць, пакідае апосталаў, іх вучняў, а значыць і нас разам з Марыяй, каб мы паволі, цярпліва, самі навярталі, самі былі справядлівымі, падтрымлівалі добрыя традыцыі, паказвалі, пра што мы клапоцімся, а таксама стрымана і тактычна, з годнасцю захоўвалі добрыя звычаі.
Тое самае, што і з апосталамі, няспынна здараецца на працягу соцен гадоў з новымі пакаленнямі. Мы таксама стаім, бездапаможна ўглядаючыся ў вышыню. Мы не чакаем анёла. Разам з Марыяй задумаемся цяпер над якім-небудзь дробным крокам, які можна зрабіць, каб наблізіць Божае Валадарства – што я магу зрабіць малога ці добрага сёння? Не далёка адсюль, але тут, побач са мной, у сябе дома, у сваім асяроддзі?

Спасланне Духа Святога

Мы ахрышчаныя, былі ў споведзі, памятаем пра наш сакрамэнт канфірмацыі. Мы прыступаем да Святой Камуніі. Молімся, чытаем Святое Пісанне. Посцімся. Штодзённа імкнемся знайсці добрае слова, зрабіць добры жэст, добры ўчынак. Мы працуем над сабой. Разважаем над таямніцамі ружанца думкай, сэрцам і жыццём.
Гэта вельмі добра, гэта ставіць нас блізка ля Езуса, разам з Марыяй. Яна прыняла звеставанне, Яна ўсім Беззаганным Сэрцам разважала над усімі словамі Сына, паслухмяная волі Божай, хоць гэта і патрабавала з Яе боку моцы асілка. Цалкам Божая, поўная дароў Духа Святога, поўная любові, цярплівасці, лагоднасці, стрыманасці. Мы бачым, што Яна няспынна развівалася духоўна, задумвалася над сваім жыццём, над жыццём Езуса. Мы бачым, як Яна просіць з апосталамі Духа Божага – дзеля сябе, дзеля іх, дзеля нас.
Гэта наша таямніца: нам патрэбны Дух Святы, мы таксама просім Духа Суцяшальніка дзеля нашых блізкіх, дзеля ўсяго свету. Цяпер, з Марыяй, просім, молімся – разам.

Унебаўзяцце Панны Марыі

Касцёл запрашае нас прысвяціць наш час і наша сэрца настолькі важнай інтымнай таямніцы жыцця нашай Маці. Мы называем яе ўнебаўзяццем, забіранне да неба ўсёй Марыі. Яна ў небе, блізка ля Бога, захопленая Ім усёй душой, усім сэрцам, усім розумам, усім целам. Паразважаем над поўняй шчасця найсвяцейшай Панны.
Традыцыя, жывая і настолькі важная для шматлікіх святых, пацвярджае нашу перакананасць, што пасля жыцця ў блізкасці з Богам на зямлі Марыя жыве ў блізкасці з Богам у небе, у радасці, дзе няма слёз, дзе наймілейшы Айцец усіх запрашае да Божага Сэрца. Ніхто з нас не можа сабе ўявіць такога ўсеабдымнага шчасця – мы проста не можам…
Падумем пра гэта: разважаючы над жыццём Езуса і Панны Марыі, мы думалі пра Іх таямніцы ўкрытага, публічнага жыцця, балеснага і поўнага прыніжэнняў. Тут нам дадзены як абавязак час разважання над радасцю і шчасцем Маці Божай. Падумаем, якая важная радасць у Богу, шчасце ў Богу, які важны гэты плён дзейнасці і моцы Духа Божага для нашага збаўлення! Ці мы згаджаемся разважаць над шчасцем і радасцю, якія нам дасць прабыванне ў блізкасці з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса, як Марыя?

   Укаранаванне Марыі на каралеву неба і зямлі

   Нагадаем сабе цяпер – хоць на хвілінку – калі нас адзначылі, калі мы сабой ганарыліся? Сапраўды, павінен быў быць такі момант, калі нас узнагародзілі, хвалілі, побач стаялі задаволеныя бацькі, задаволеныя сябры… можа тады лягчэй знайшоўся той, хто нас прывітаў, бо гэта была вядомая асоба!
Цяпер перад намі ўкаранаванне Марыі! Сапраўды, ніхто з людзей ніколі не бачыў гэтага, а можа мы бачылі розныя візіі мастакоў – прыгожая Маці ў цэнтры, Айцец радуецца, накладаючы Ёй карону, шмат святых навокал, шмат анёлаў… Можа гэты вобраз трохі наіўны ва ўяўленні, але вельмі значны ў сваёй мудрасці. Гэта радасць самой Марыі і радасць усіх святых, усёй Яе сям’і, Яе маці, Яе айца, цёцяў і дзядяў, Яе бабуль і дзядуль, усіх Яе сваякоў, сяброў, знаёмых, Яе народу… Яе прыхільнікаў, нас…
Ці мы думалі пра тое, наколькі важны гэты духоўны поспех для вельмі вялікай колькасці людзей? Наколькі вялікае значэнне мае нашае жыццё? Наколькі важна для нашых продкаў, бабуль, дзядуль, сваякоў, бацькоў і сяброў тое, каб мы сталі святымі? Колькі пакаленняў дзяцей, іх дзяцей, будзе радаваць, удахнаўляць наша асоба? Колькім асобам мы можам дапамагчы?
Няма патрэбы выкручвацца – мы патрэбныя; наша жыццё, чым бліжэй яно да святасці, тым важнейшае яно будзе для вялікай колькасці людзей, і будзе радасцю для шматлікіх!



ТАЯМНІЦА РАДАСНАЯ
Езуса знаходзяць у святыні

Пане, я згубіла Цябе.
Дазволь мне шукаць Цябе, як Марыя,
знайсці Цябе, як Марыя,
прыняць Цябе, як Марыя.
Бегінка

Сёння мы сустракаемся ў першую суботу месяца – гэта дзень Марыі ў месяцы маі. Мы прыйшлі спецыяльна дзеля Яе, да Яе, каб быць з Ёй, як Яна прасіла. Мы верым, што Яна сама запрашае нас, гасцінна прымае, маючы цярплівасць да нашых падзенняў, грахоў, клопатаў. Не прыгнятае Цябе наша слабасць і бездапаможнасць, Беззаганная, Ты поўная радасці, супакою, цярплівасці, вытрываласці.
Духу Святы, гэта Ты ўліваеш цярплівасць і супакой у Беззаганнае Сэрца, настолькі поўнае Тваё радасці. Духу Божы, салодкая радасць Сэрцаў, узнімі нас, просім Цябе. Мы хочам хоць на хвіліну адкласці наш цяжар і падтрымлівацца Тваёй моцай, як Панна Марыя. Мы хочам прыняць таямніцу жыцця Езуса, Прыяцеля грэшнікаў і Маці Божай, цалкам святой, цалкам Божай, поўнай Тваіх дароў, Духу Святы.
Добры Езу, дзякуем Табе, што Ты даў нам Сваю Маці за Правадніцу і Настаўніцу нашых сэрцаў, мы вельмі хочам слухаць навуку Беззаганнага Сэрца, хоць гэта і цяжка для нас слабых, зменлівых у рашэннях. Мы занадта засяроджваемся на сабе, Пане, Лекару душ нашых. Мы абяцаем аднак разважаць над жыццём Тваім і Тваёй Маці, Пане, так як Яна нас прасіла.
Сёння перад намі таямніца, якой нельга надзівіцца. Чаму традыцыя Касцёла заўседы змяшчала яе сярод радасных падзей? Каб Езуса знайсці, Яго спачатку трэба было згубіць. Перш чым знойдзецца дзіця, шмат бывае непакою, страхаў, нерваў, пошукаў, бездапаможнасці… Ці не здзіўляе нас, што такую таямніцу нам далі для разважання? Які айцец, якая маці ахвотна прызнаюцца, што згубілі дзіця? Калі яго згубілі, то напэўна не заўважылі, як яно аддалілася, можа ўвогуле занядбалі нагляд? Ці мы самі не памятаем сітуацыі, калі нехта – можа мы – згубіў дзіця з вачэй на пляжы, на плошчы поўнай людзей? Якія думкі можна пачуць! Шмат гледачоў гатовых адчуць сябе суддзямі, усязнаўцамі і прадбачлівымі. А колькі ж страху, што сталася з дзіцём! Ці хацелі б мы, каб нехта змясціў такую непрыемную падзею ў нашай скарочанай біяграфіі? Ці ганарыліся б мы гэтым?
Аднак Касцёл не сумняваецца, што трэба яе змясціць у ружанцовыя таямніцы, каб над ёй разважалі ўсе вернікі на працягу стагоддзяў. Дух Святы сам пераканаў людзей Касцёла, як евангеліста, што гэта падзея шмат чаму нас навучыць – пра Езуса, пра Марыю, пра нас саміх… кожнае пакаленне ХХ стагоддзя карыстаецца гэтым кароткім апісаннем.
Ці заўважылі мы пакору і падпарадкаванасць Марыі, якая з радасцю прымае кожную волю Божую, што гэта сітуацыя няспынна ўзгадваецца, разважаецца? Тут мы вучымся перш за ўсё погляду на саміх сябе – ацэньваць тое, што са мной адбываецца, менавіта, як Яна. Ці з непрыемнага для нас досведу мы вучымся нечаму пра Бога, пра сябе? Ці мы лепш бачым самаго Бога? Калі нешта дзіўнае адбываецца ў нашым жыцці. Запытаемся згодна з логікай гэтай таямніцы – што мы даведваемся пра Езуса, пра Сябе? І ці ў такой сітуацыі не паставіў Бог ужо загадзя самой Беззаганнай Марыі, а таксама іншых святых?
Юзаф і Марыя ідуць сярод людзей, размаўляюць, моляцца. Як сужонкі яны дамовіліся ісці разам. Хоць жанчыны не мелі абавязку удзельнічаць у пілігрымцы, уся сям’я перажывала вельмі прыгожы час: “пайшлі туды, як загадваў святы звычай”. Езусу, як відаць, далі вольнасць належную падлетку. Яны яму таксама давяраюць, ведаюць Яго. Мы таксама ведаем, на каго можам спадзявацца, чаго можна чакаць ад некага блізкага. Яны найлепш ведаюць Сына, выхоўваюць Яго, моляцца з Ім штодзённа, размаўляюць, працуюць, займаюцца шматлікімі хатнімі абавязкамі. Яны штодзённа Яго бачаць са знаёмымі, сябрамі, сваякамі. Яны бачылі яго ўжо ў столькіх сітуацыях, Ён ніколі іх не падвёў. Як жа цяпер магло быць інакш? Яны ведаюць Яго таямніцу, аднак жывуць вельмі стрымана, прызвычайваючыся да штодзённасці з Ім. Напэўна ў глыбіні сэрцаў Яны адчуваюць, што гэта некалі адбудзецца, што поўная спакою штодзённасць скончыцца, але не сёння, не цяпер…
“Свята скончылася, яны вярталіся да дому”. Вяртанне са святыні, з пілігрымкі яшчэ больш супакойвае. Мы былі ў святым месцы, адчулі сябе ўзмоцненымі, спакойнымі, прыгарнутымі Божым Провідам. Шмат людзей лічыць, што яны адыходзяць з новымі ласкамі, а гэта значыць, што нічога дрэннага не павінна, проста не можа здарыцца. Зрэшты, штогод, як запісаў Евангеліст, Святая Сям’я хадзіла ў пілігрымку ў Ерузалем, значыцца гэта была адна са шматлікіх такіх сітуацый. Магчыма, яны лічылі, што ўжо вялікі Сын можа ісці са знаёмымі, не павінен увесь час ісці з імі. Можа Юзаф ішоў у групе знаёмых мужчын, Марыя ў групе жанчын, можа кожны з Іх быў перакананы, што Езус ідзе ў іншай групе? Не ведаем. Дванаццацігадовага хлопчыка ў тыя часы лічылі досыць самастойным.
Нечакана яны заўважаюць, што Езуса няма. Напэўна праўду яны ўсведамляюць паволі, пытаюць, правяраюць, шукаюць. Усведамляюць сабе, што Яго не бачылі ўжо на працягу нейкага часу, але колькі? Паспрабуем уявіць сабе час пытанняў, адказаў, няўпэўненасці, усё большага непакою. Няма Езуса. Ніхто не бачыў Сына. Невядома, дзе Ён!
Евангелісты падыходзяць да Маці Божай з вялікай павагай, рэдка адважваюцца апісваць Яе пачуцці, яшчэ радзей прапаноўваюць сваю ацэнку сітуацыі. Шкада, што не ўсе захоўваюць павагу і стрыманасць у адносінах да Беззаганнай, найбольш таямнічай Жанчыны свету, найбліжэйшай Богу…
Мы не ведаем, што думае і адчувае Марыя, але досвед маці, якія хоць на хвіліну згубілі з вачэй дзіця і шукалі яго, адлюстроўвае тое, што незапісана і невыказана. Магчыма спачатку Юзаф і Марыя ішлі яшчэ кавалак дарогі з людзьмі, пытаючыся пра Сына. Ішлі ўжо другі дзень падарожжа, гэта нямала. Яны шукаюць Яго другі дзень, ідучы ў групе. Нарэшце вяртаюцца, ўсё больш занепакоеныя. Мінае чарговы дзень дарогі ў Ерузалем, там разам, ужо без сваякоў і знаёмых, з пачуццём не столькі святочных успамінаў, колькі нарастачага непакою. Евангелле адразу інфармуе чытача, што “Езус быў у Ерузалеме, яле Яго бацькі пра гэта не ведалі”.
Паглядзім уважліва – зрэшты гэта не Сын згубіўся, гэта Бацькі Яго згубілі. Ен проста застаўся на месцы, Яны ж пайшлі далей. “Праз тры дні знайшлі Яго ў святыні: Ён сядзеў сярод настаўнікаў, прыслухоўваўся да іх і задаваў ім пытанні”. Як бы мы адчулі сябе на месцы Марыі? Якія пачуцці б нарадзіліся ў нас, магчыма шмат розных пачуццяў?
Езус не занепакоены, і спецыяльна не зацікаўлены тым, дзе Яго бацькі, здаецца, што Ён не адчувае, што Яму некага не хапае. Ён робіць уражанне вельмі занятага, засяроджанага на сваіх справах. Ён застаўся ў тым месцы, дзе Яму спадабалася, адчуў сябе, як у сябе дома, Яму тут падабаецца. Ён увогуле не згубіўся, увогуле не меў намеру адсюль адыходзіць. Нават больш, Ён радуецца выбранай супольнасці, якая таксама лічыць, што Ён на сваім месцы: “усе, слухаючы Яго, не маглі надзівіцца Яго мудрасці і адказам”.
Сапраўды варта, каб мы затрымаліся і на хвіліну ўявілі сябе на месцы Юзафа і Марыі!
Сын іх здзівіў, Сын і далей працягвае іх здзіўляць. Не досыць таго, што Ён проста знік з вачэй, не досыць, што яны перажывалі, Ён увогуле не выглядае разугубленым, не апраўдваецца, не просіць прабачэння.
Што за размова! “Айцец Твой і я з болем сэрца шукалі Цябе”. – “Ці вы не ведалі, што я павінен быць у доме Айца?”
Над гэтым варта падумаць. Можа спачатку над далікатнасцю Марыі, якая кажа спачатку пра св. Юзафа, не пра Сябе. Гэта таксама дае нам свет на пачуцці Юзафа, спрадвеку абранага на мужа Марыі, на айца зямлі, на найбольш сціплага мужчыну. Ці здзіўляе нас рэакцыя Марыі? Якая ж Маці не выказвала б такіх пачуццяў? Падумаем пра Юзафа, які шчодрым сэрцам прыняў Дзіця Жонкі, Дзіця Божае. Ён выхоўваў Яго з найвялікшай любоўю і пяшчотай, а цяпер боячыся за Сына, шукаў Яго, і нечакана чуе, што Айцец у небе – першы. Юзаф ведаў пра гэта, сапраўды, але…
А Езус, ці Ён чакаў, што Яны самі здагадаюцца пра тое, што Ён хацеў тут застацца? Ці хацеў даць знак, што ведае, што Ён пакліканы да паслухмянасці перш за ўсё Айцу ў небе?
Юзаф і Марыя з хвіліны Божага Нараджэння глядзяць на Езуса, лепш пазнаюць Яго, вучацца кожнага дня, слухаюць Яго словы. Іх штодзённае жыццё засроджваецца на Сыне – падрастаючым, спеючым да публічнай дзейнасці Езуса. Сёння асаблівы дзень – як пробліск, незразумелае прадказанне будучыні. Езус не прыйшоў выканаць спадзяванні Бацькоў, хоць Ён іх і вельмі любіць. Пакліканне Езуса – “быць у справах Айца”. Езус вельмі любіць Юзафа і Марыю, аднак перш за ўсё Ён выконвае волю ласкавага Айца.
Падумаем хвілінку над тым, чага мы чакаем ад Езуса? Ці мы прызнаем, што Езус мае права адносіцца да нас, як да Марыі і Юзафа? Ці мы абражаемся, калі адыходзім вельмі далёка і губляем Яго з вачэй, ці як Маці Божая, шукаем Сына Божага?
Пане, мы згубілі Цябе, хоць нам здавалася, што мы так блізка. Прабач нам. Ты ў справах Айца, а мы аддаліліся ад Цябе. Мы хочам вярнуцца да Цябе, хочам знайсці Цябе. Ты важны для нас.
Пане, дазволь нам шукаць Цябе, як Марыя і Юзаф, з болем сэрца, з пачуццём недахопу найважнейшай Асобы ў нышым жыцці, вытрывала, паўсюль. Нам дрэнна без Цябе, мы далёка ад Цябе і не хочам прызвычаіцца да гэтага аддалення ад Тваго Найсаладзейшага Сэрца.
Пане, дазволь нам, просім, знайсці Цябе, як Марыя і св. Юзаф з палёгкай выслухаць Твае словы, нават калі мы іх не разумеем. Вучы нас насіць у сабе Твае словы, разважаць над імі, прыняць Цябе, як Марыя.
Беззаганнае Сэрца, якое ўглядаешся ў Бога, суправаджай мяне ў дарозе! Амэн.

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Кожны дзень з Табой Марыя.
Радасць

Маці Божая, Маці Езуса, Маці нашая, шмат хто з нас прыходзіць да Цябе са сваімі патрэбамі, чакаючы Тваёй падтрымкі, суцяшэння. Цябе стагоддзямі заклікалі як Суцяшальніцу засмучаных, заклапочаных, хвалюючыхся, тых, што ў роспачы. Так шмат людзей прыходзіла з цяжкім сэрцам, часта не бачучы выхаду з сітуацыі, шукаючы паратунку, чакаючы падтрымкі. Маці суцяшэння, побач з Табой, у Тваёй прысутнасці столькі людзей плакала, не ўмеючы нават выказаць сваёй малітвы, не ведаючы, як уратавацца ў розных выпадках. 
Мы прыходзім сёння да Цябе, Марыя, Панна Найсвяцейшая, Маці нашага Пана і Сябра, нашага Збаўцы, ружанец набліжае нас да Твайго жыцця, паказвае нам падзеі жыцця Езуса і Твайго. Ты сама зведала столькі радасці і суцяшэння ад Бога, Ты ўмела адкрываць Беззаганнае Сэрца на радасныя таямніцы, радавацца прысутнасці Езуса, прымаць радасць. Ты насіла Радасць і Суцяшэнне, Езуса, у сабе. Ты была найпрыгажэйшай Святыняй Бога, Аркай Запавету. Ты насіла Таго, хто носіць усё і ўсіх.
О Маці, Суцяшальніца шматлікіх пакаленняў, Суцяшальніца засмучаных, Прытулак грэшных, мы хочам сёння прасіць Цябе: навучы нас прымаць радасць, о Марыя!
Хто вучыў Цябе радасці, Найсвяцейшая Панна? Мы чытаем, што Ты была поўная Духа Святога, Салодкай радасці сэрцаў, гэта Ён напаўняў Цябе, Тваё Сэрца, сваімі дарамі. Менавіта Ты, Беззаганная, не кранутая ніводным грахом, магла найбольш прыняць ласку радасці. Ты, Беззаганная, поўная дароў Духа Святога, сапраўды чыстая, магла цалкам адкрыцца. Нішто не аддзяляе Цябе, о Найсвяцейшая. ад Божага Суцяшальніка, ніякі грэх, і таму менавіта Ты, цалкам Божая, цалкам падпарадкаваная моцнай і салодкай моцы Духа, магла стаць таксама Суцяшальніцай.
Панна радасная, поўная дароў Божых, поўная радасці Божай, настолькі блізкая Езусу, вучы нас радасці. Так шмат у нас страхаў, смуткаў, дрэнных успамінаў, горычы, жалю… Панна з добрым Беззаганным Сэрцам будзь з намі!
Паглядзі ў нашыя сэрцы, Панна Марыя Пакажы нам Тваё Сэрца! Ты маеш Сэрца Беззаганнае, чыстае, як крышталь. Ты бачыш Бога, Яго міласэрнасць з пакалення ў пакаленне, Ты бачыш моц Божую, мы ж перш за ўсё бачым нашую слабасць, нашую бездапаможнасць, Панна радасная, Панна моцная! Будзь нашым натхненнем, будзь нашай Правадніцай, просім Цябе!
Мы ведаем дары і плады Духа Святога: мы ведаем, што гэта Ён, Дух Божы, дзейнічае ў сэрцах і тады мы прымаем любоў, радасць, супакой, цярплівасць, дабрыню, дабразычлівасць, лагоднасць, стрыманасць. Самі па сабе мы няшмат можам, так лёгка нас пераварочвае нават маленькая перашкода, крыўда, расчараванне!
Маці, Настаўніца жыцця, пакажы нам радасць жыцця, навучы нас, просім Цябе, радасці!
Якія былі Твае радасці, о Панна? Было іх напэўна шмат, а Дух Святы паказаў нам столькі з Твайго жыцця ў Евангеллях, колькі нам было патрэбна для нашага збаўлення. Мы хочам з павагай думаць пра Тваё жыццё, як пра жыццё нашай Маці, мы не хочам шукаць тое, што з’яўляецца толькі Тваёй таямніцай, таямніцай дзейнасці Бога ў Тваім жыцці, захаванай толькі для Цябе, для Тваёй Сям’і, для самога Бога. Што кажуць нам Евангелісты пра Твае радасці, о Марыя?
Мы ведаем, што Тваёй вялікай радасцю было звеставане, першая радасная таямніца, якая адкрыла Тваё пакліканне. О Панна Найсвяцейшая, Панна мудрая, Ты ўмела прыняць нечаканае, невядомае, вельмі дзіўныя навіны з радасцю, узрадавацца Божаму дару, прыняць Езуса як Радасць, хоць і ведала, што ў абяцанага Месіі будзе нялёгкае жыццё. Ты ведала, што трэба будзе згаджацца на планы Божыя. Мы глядзім на Цябе ў радасці звеставання і бачым, які вялікі трэба мець давер да Айца добрага і ўсемагутнага, каб прыняць радасць. Ты, Найчысцейшая, умела прыняць радасць звеставання, перажыць яе як радасную таямніцу. З такім даверам, як дзіця, якое прымае падарунак ад Айца, які дае добрыя дары сваім дзецям. Вучы нас, Панна мудрая, Панна ласкавая, працягваць рукі да Айца, як Ты, з Сэрцам чыстым, адкрытым, з даверам на ўсё гатовым. Як мы прымаем наш шлях паклікання? Са страхам, з бояззю? Ці так, як Ты?
Мы ведаем, што Тваёй радасцю была сустрэча з Альжбетай. Беззаганае Сэрца дазволіла весці сябе да сваячкі, старэйшай жанчыны. Ты прыняла, Маці, рызыку падарожжа, рызыку сустрэчы. Твая радасць умее прывітаць радасць некага іншага, умее радавацца дзеянню Божаму дзеля іншых, у іншых. Праз Цябе прыходзіць радасць да Альжбеты, да малога Яна Хрысціцеля. Твая прысутнасць узмацняе іх у пакліканні да адданасці Айцу міласэрнаму і ўсемагутнаму, заклікае да блізкасці Божай. Твой прыход дадае ім моцы і адвагі, прыносіць надзею і супакой. Навучы нас, Настаўніца сустрэчы, Настаўніца радасці Божай, радавацца з іншымі, падтрымліваць радасці іншых, быць дзеля іх радасцю!
Тваёй радасцю, як мы ведаем, было нараджэнне Бога – Ты ўзяла Езуса на рукі, Ты бачыла Таго, у якога верыла. Маці моцная верай, Маці поўная даверу, Ты першая сярод тых, што не бачылі, а паверылі! Па слову анёла Ты паверыла, хоць і не магла ніяк спраўдзіць, што носіш у Сабе Сына Божага… Цяпер, калі Ты нарадзіла, Ты радуешся Яму – ня гледзячы на ўсе цяжкасці, верыш, радуешся Сыну Айца і Твайму, бачыш толькі малое Немаўля. Колькі ж даверу і веры было ў Тваёй радасці, Маці… Як мы можам вучыцца ў Цябе – так, без ніякіх знакаў – верыць у прысутнасць Божую ў штодзённасці?
Тваёй радасцю, Марыя, было ахвяраванне – Ён радаваў Цябе ў святыні, Ты, такая блізкая Богу, аддавала ў дар Яму, які Сам Табе даваў, Ты Яму аддавала, згаджаючыся на ўсе вялікія цяжкасці паклікання Твайго і Твайго Сына. Ты з верай прымала ўсё, што Айцец прадбачыў і запланаваў для дабра ўсіх людзей. Ты радавалася ўсім Беззаганным Сэрцам, чуючы што Сын Твой будзе гонарам і хвалой Ізраэля, Твайго народу. Адкрытым, шчодрым Сэрцам Ты згадзілася з радасцю, што Ён будзе таксама збаўленнем язычнікаў. Тваё чыстае Сэрца ахоплівала ўсіх. Словы Сімяона пра меч, які пройдзе Тваё Сэрца, Ты таксама прыняла, хоць і здзіўлялася ўсяму, імкнулася прымаць, разумець, разважаць. Ты ўмела радавацца гэтай сустрэчы, хоць быў у ёй неспакой, прадказанне цярпення. Навучы нас, Маці, просім Цябе, прымаць радасць, навучы нас не пагарджаць радасцю таксама і тады, калі з’яўляюцца цяжкасці, няясная будучыня. Тваю радасць мы бачым таксама ў знаходжанні Езуса ў святыні – хоць і цяжкая гэта была радасць прымаць падрастаючага Езуса, ўсё больш засяроджанага на пакліканні, на шляху жыцця для Айца, для людзей. Ты прыняла, Найсвяцейшая найцудоўнейшая Маці, Езуса разам з Яго місіяй, Яго воляй, Яго пакліканнем.
Твая радасць – гэта не толькі радасныя таямніцы. Ты радавалася навучанню Езуса, хоць і ведала, што ёсць таксама недабразычлівыя галасы, Ты радавалася навяртанням сэрцаў, аздараўленням. Тваёй радасцю быў Езус, Суцяшальнік засмучаных, Аздараўленне хворых, Той, што ўзнімаў упаўшых і пагарджаных, адкінутых і асуджаных, які нікім не пагарджаў. Навучы нас, Панна мудрая, радавацца Езусу! Навучы нас, як Ты, бачыць Езуса, вядзі нас да радасці! Тваёй радасцю была Яго прысутнасць у спакойныя дні ў Назарэце, без вялікіх падзей, без вялікіх цудаў. Ты ўмела таксама радавацца цуду ў Кане, радавацца сціплай дапамозе Езуса падчас вяселля. Радавала Цябе вера апосталаў, вучняў… Як жа вялікая Твая радасць была з уваскрашэння Сына! У дзень спаслання Духа Святога Ты ў чарговы раз атрымала Духа Божага, а таксама дары радасці! О Марыя, Панна радасная! Ты ўмела прымаць Беззаганным Сэрцам тое, што прыходзіць. Ты не рабіла ніякіх абмежаванняў, не мела ніякіх жаданняў. Будзь нам, як Маці, настаўніца радасці. Просім Цябе, не дазволь нам пагрузіцца ў жаль і боязь, у страх і хворае ўяўленне. Ты паказваеш нам Езуса, які заўсёды быў Тваёй радасцю, паказваеш нам неба, дзе мы будзем разам, аздароўленыя, шчаслівыя. Мы святкуем таксама Тваю радасць унебаўзяцця, дзе цалкам Божая, шчаслівая, Ты злучылася з Сынам, у радасці Духа Святога, да радасці Айца.
Тваёй найвялікшай радасцю быў сам Езус, Ён быў шчасцем Твайго Беззаганнага Сэрца, о Найсвяцейшая і Найчысцейшая! Дапамажы нам, Маці Радасная, радавацца Богу, насіць у сэрцы Духа Суцяшальніка! Прасі з намі аб дарах і пладах Духа Святога, просім Цябе, Панна магутная!
Дапамажы нам быць таксама Тваёй радасцю, Маці. Мы вельмі хочам быць радасцю Беззаганнага Сэрца, Тваім суцяшэннем, прынесці Табе нашую ўдзячнасць і радасць. Маці хочуць радавацца сваім дзецям. Мы хочам быць падобнымі да Цябе, о найпрыгажэйшая! Мы хочам несці радасць Духа Божага людзям, як Ты, быць іх падтрымкай, дапамогай, адпачынкам.
Ты – Маці поўная радасці, праз Цябе праходзіць Радасць, Езус. Ты ўмела радавацца Езусу кожнага дня, жывучы ў блізкасці з Ім, у штодзённасці звычайнай і незвычайнай, настолькі поўнай прысутнасці Бога, Ты ўмела радавацца Богу.
Мы хочам жыць з табой і так, як Ты, Беззаганная Марыя. Маці, маліся з намі, маліся за нас, прасі Духа Божага для нас, каб Ён пасяліўся ў нас, як у Табе. Няхай нас вядзе Салодкая радасць сэрцаў, Салодкі адпачынак. Святая Панна, мудрая і добрая, вучы нас даверлівай радасці, пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца, не кранутае злом, адкрытае на радаць Божую.
Вучы нас радасці, Панна мудрая, Панна вольная ад граху, вольная ад горычы, вольная ад злосці і знеахвочвання. Панна поўная радасці Божай, прасі з намі Духа мужнасці, мудрасці, вытрываласці, радасці. Так, як Ты, мы хочам часцей несці радасць у нашыя сем’і, да месцаў нашай працы. Няхай будзе ў нас Твой дух, які радуецца Богу, які праслаўляе Пана, свайго Збаўцу.
Мы хочам, як Ты, радасна прымаць Езуса, насіць у сабе, спяваць дзеля Яго, радавацца з Ім, як Ты, Беззаганная.
Панна радасная, Панна праслаўляючая,
Панна мудрая, маліся за нас,
вядзі нас, падтрымлівай нас,

будзь нашай Маці! Амэн.

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”