Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
I. МОЦ ЦЯРПЕННЯ,
ЗЛУЧАНАГА З МАЛІТВАЙ
(МЕДЫТАЦЫЯ)
“Пакута Хрыста на крыжы дала цярпенню новы
сэнс, унатрана яго перамяніла. Увяла ў людзкую гісторыю, якая з’яўляецца
гісторыяй граху, цярпенне без віны, прынятае выключна з любові. Гэта цярпенне,
якое адчыняе дзверы надзеі на вызваленне, на апошняе вырванне “косткі”, якая
раздзірае чалавецтва. Гэта цярпенне, якое спальвае і паглынае зло полымем
любові і нават з граху выводзіць шматлікія плады дабра”.
Ян Павел II, “Памяць і самасвядомасць”, Кракаў 2005
Мы
пачулі просьбу, якая, як пісала сястра Луцыя, скіравана да ўсіх пакаленняў:
“Нястомна ахвяруйце малітвы і ўтаймаванні. З усяго, чаго толькі можаце, зрабіце
ахвяру ў інтэнцыі ўзнагароды за грахі, якімі Ён абражаны, і для навяртання
грэшнікаў”. Словы Анёла, пачутыя і практыкаваныя ў штодзённасці, змяняюць
жыццё, радыкальна. Так было ў фацімскіх пастушкоў. Дзеці пачалі ўжываць цяжкія
хвіліны, дні, поўныя цярпення, каб даваць ім новы сэнс, зрабіць іх незвычайна
каштоўнымі: ахвяраваць іх Богу.
Бо
менавіта гэтага ад іх пажадала Неба.
Ці ў
гэтага жадання няма яшчэ аднаго адрасату? Так, нас, менавіта нас? А жыццё
пастушкоў з’яўляецца для нас узорам, дадзеным для наследавання?
Ёсць
сведчанне Луцыі, якая паказвае нам, што самая старэйшая з трох візіянераў
сапраўды практыкавала вышэй названыя парады Анёла. Ведаем, што калі маці Луцыі
павінна была паслаць сваіх дачок Глорыю і Караліну на працу і вельмі плакала,
візіянерка са свайго болю зрабіла ахвяру Богу. Успамінала так: “Была гэта самая
смутная сцэна, на якіх я прысутнічала. Адчувала, як рвалася маё сэрца ад болю і
смутку па сёстрах, а таксама ад спачування маці. Хоць я была яшчэ дзіцём, але
дасканала разумела сітуацыю, у якой мы знаходзіліся. Нагадвала тады сабе словы
Анёла: “Перш за ўсё прыміце і пакорна
зносьце цярпенні, якія вам пашле Бог”. Хавалася тады ў асобны куток, каб
сваімі цярпеннямі не павялічваць цярпенняў маці. Гэтым месцам звычайна была
нашая студня. Там, на каленях, нахіліўшыся над плытамі, якія яе прыкрывалі, я
змешвала з вадой свае слёзы і ахвяравала Богу свае цярпенні. Часам Францішак і Гіяцынта
знаходзілі мяне там у слязах. Паколькі ад слёз я не магла гаварыць, яны цярпелі
разам са мной і таксама плакалі. Тады Гіяцынта ў голас казала нашую малітву за
грэшнікаў: “Мой Божа, як акт узнагароды і для навяртання грэшнікаў ахвяруем
Табе ўсе гэтыя цярпенні і ахвяры”. Словы ахвяравання не заўсёды былі тымі
самымі, але сэнс заўсёды быў адзін”.
Выкарыстаць цярпенне, надаць яму новы сэнс, аддаць яго Богу ў ахвяры,
каб такім чынам змяніць свет і ратаваць людзей ад пекла! Столькі ўжо зразумелі
дзіці з Фацімы! З усяго рабілі ахвяру Богу таго, што, па словах Анёла, побач з
малітвай было найважнейшым.
І
цярпенне злучалі з малітвай.
Несправядліва абвінавачаная ў тым, што атрымала і ўзяла сабе грошы, Луцыя
ўспамінае, што, “калі ўжо пыл з адзення быў добра вытрасены, я магла пайсці да
сваёй любімай студні і там скласці Богу яшчэ гэтую ахвяру”. Трэба заўважыць,
што візіянерка паказвае месца, якое найбольш нагадвала ёй пра неабходнасць
ахвяравання Богу штодзённых цярпенняў. Была гэта студня ў глыбіні агароду, тая,
дзе адбылося аб’яўленне Анёла, які казаў пра збаўчую вартасць цярпення.
Злучэнне цярпення з малітвай хутка сталася навыкам. Паказвае нам гэта
адна з нататак сястры Луцыі, у якой яна выкарыстоўвае сваё “звычайна”. Луцыя
ўспамінае, што пасля заканчэння аб’яўленняў прыходзілі натоўпы людзей, задаючы
пытанні і просячы аб супольным ружанцы. “Часам я адчувала сябе такой стомленай
паўтараннем ўвесь час таго ж самага, а таксама малітвай, што шукала падтэксту,
каб уцячы. У глыіні сэрца я паўтарала тады маю звычайную малітву: “З любові да
Цябе, Божа, дзеля ўзнагароды за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца
Марыі, дзеля навяртання грэшнікаў…”.
Іншыя дзеці рабілі падобным чынам. Луцыя ўспамінае Гіяцынту: “Яна змагла
дасканала выкарыстаць кожную нагоду для ахвяры”. Таксама рабіў Францішак, які
паўтараў: “Ахвярую Яму [Езусу] усе ўтаймаванні, якія я магу ўчыніць”.
Напрыклад, не ўзяў мёду ў хроснай Маці Луцыі; проста ўцёк, каб мець магчымасць
скласці ахвяру.
Візіянеры інтуіцыйна ведалі, што пасланне, прынесенае Анёлам, было падрыхтоўкай
да чагосьці больш поўнага і важнага. Паколькі Пасланнік з Неба казаў пра
неабходнасць ахвяравання Богу штодзённых цярпенняў і ўжо дапамог дзецям зрабіць
на гэтым шляху першыя крокі, мы можам запытацца, як далёка на тым шляху зайшлі
Луцыя, Францішак і Гіяцынта, калі вяла іх Сама Маці Божая? Гэта напэўна адзін з
найважнейшых сакрэтаў іх святасці, у жыцці сям’і Марто, ужо распазнанай
Касцёлам.
А ў
нашым жыцці гэта ўсё яшчэ больш заданне, чым рэчаіснасць.
Кожная цяжкая хвіліна, кожнае прыніжэнне, кожны боль, усё было нагодай
для таго, каб складаць Богу ахвяры. Бо Створца і Адкупіцель патрабуе іх для
ратавання свету! Умелі так жыць Луцыя, Францішак, Гіяцынта. Давайце вучыцца
гэтаму і мы…
А
маленькія візіянеры кажуць нам, што ўсе ахвяраваныя цярпенні, былі для Бога, не
на паказ. Шлях, паказаны спачатку Анёлам, потым Маці Найсвяцейшай, быў шляхам
таямніцы, схаванай ад людзей. Дзеці ўсведамлялі, што ўсё гэта было толькі для
Бога і сучасны свет не мае з гэтым нічога агульнага. Таму людзі не павінны былі
нічога бачыць. Дзеці баяліся, што падчас дапросу, яны пачнуць казаць зашмат,
“пачнуць нас пытаць, якія мы складаем ахвяры. Гэтага нам толькі не хапала!” –
запісала сястра Луцыя.
Наколькі ж вялікае значэнне ў вачах дзяцей мелі гэтыя ахвяры, калі Гіяцынта
зайздросціла сваёй старэйшай дваюраднай сястры, што тая мае столькі магчымасцяў
ахвярваць Богу свае цярпенні: “Як было б добра, калі б мае бацькі былі такія,
як твае, каб людзі таксама маглі мяне біць, бо тады я магла б больш ахвяр
скласці Богу”. А між тым, Луцыя так шмат піша пра тое, колькі ахвяравала Богу Гіяцынта,
пра тое, на якую вышыню яна ўзнялася ў сваёй любові да Бога і грэшнікаў. Аднак
маленькай візіянерцы гэтага было мала. Паколькі цярпенне суцяшала засмучанага
Бога і ратавала людзей ад пекла, трэба было яго выкарыстаць да канца. Больш
таго, трэба было яго шукаць і прагнуць!
Што
мы на гэта скажам? Ці пойдзем заваёўваць пальму святасці з маленькімі дзцьмі з
Фацімы?
II. МАЛІТВА
КАЛЯ ПЛАШЧАНІЦЫ
(ПРЫКЛАД)
У
красавіку 2010 года ў Турыне была дазволеная публічная адарацыя Плашчаніцы, у
якую, як кажа традыцыя, было завёрнута цела нашага Збаўцы, замучанага на крыжы.
Адарацыя гэтай святой рэліквіі адбывалася пад дэвізам “Passio Christi. Passio hominis” – “Мука Хрыста. Мука Чалавека”. Кардынал
Сэвэріно Полетто напісаў спецыяльную малітву для пілігрымаў, якія наведвалі
турынскую катэдру і станавіліся на калені перад гэтай “незвычайнай іконай”
(Бенэдыкт XVI). Давайце зараз і мы
прачытаем гэтую малітву:
“Пане Езу! Калі я аддаю пашану Святой Плашчаніцы, маё сэрца напаўняе
радасць. У гэтым святым і таямнічым палатне я бачу ўсе знакі Твайго цярпення і
Тваёй мукі, так як гэта паказана ў Евангеллі.
Я магу адчуць трагедыю Твайго цярпення.
Адчуваю яго, гледзячы на кроў на Тваім целе, сплываючую спад цярнёвага вянца,
спад удараў біча, гваздзей, якія прабілі Твае далоні і стопы, дзіду жаўнера, якое прабіла сэрца.
Калі разам з Дзевай Марыяй, Тваёй і нашай
Маці, аддаю Табе пашану, о Пане Езу, тады глыбей разумею, што Ты нясеш на Сабе
паўнату цярпенняў і цяжару ўсяго чалавецтва.
Ўсе мае цярпенні, “рassio hominis”, злучаныя з Тваім цярпеннем, “Passio Christi”, становяцца дзеля мяне
дарам збаўчай вартасці, а я адчуваю Тваю падтрымку і прабачэнне.
Я ўсведамляю, што няма суцяшэння без
навяртання; несучы свой асабісты крыж з верай і Тваёй дапамогай, я абяцаю
пачаць новае жыццё без граху. Ведаю, што такім чынам я даведаюся, што “ў Тваіх
ранах маё здароўе”.
Амэн.
Паразважай:
1.
Турынская Плашчаніца паказвае нам, як шмат выцярпеў Езус для нашага
збаўлення - для твайго збаўлення! Ці ты
ўсведамляеш сабе гэтую цану, якую заплаціў за Цябе Збаўца? Ці гэта накладае на
цябе нейкія абавязкі? Якія?
2. Біскуп Турыну паказвае, што трэба
аддаваць пашану замучанаму Хрысту не аднаму, але ў еднасці з Марыяй, Маці
Збаўцы. Ці ты ведаеш, што ў еднасці з Марыяй у малітве знаходзіцца ключ да
атрымання ласкі зразумення праўдаў Божых? Запрасі Найсвяцейшую Маці ў сваё
жыццё…
3. Хрыстос цярпеў, але церпіш і ты… Як ты
скардзішся Марыі, “енчучы і плачучы ў гэтай слёз даліне”? Ці ты бачыш, што
можаш выкарыстаць сваё цярпенне для нечага большага? Што твой боль можа мець
вартасць адкуплення? Не змарнуй гэтага дару…
III.ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)
МАЛІТВА Ў
САДЗЕ АЛІЎНЫМ
У лісце святога Паўла да Ефесянаў
чытаем, што Бог выбраў нас да пачатку свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі
перад Яго абліччам. Менавіта для ажыццяўлення гэтага паклікання, якім абдараваў
нас усіх Бог, Хрыстос уваходзіць на шлях пакутаў. Хоча нас паставіць на шлях,
які вядзе нас да вольнасці ад граху, да шчасця аглядання Бога, да таго, каб
быць святымі – так, як прагне гэтага наш Створца.
У гэтай таямніцы глядзім на Езуса,
які кажа Айцу “так” на пакуту і смерць. І мы кажам Яму: “Пане, я зраблю ўсё,
каб было менш нагодаў для Тваёй збаўчай Мукі! Не буду шукаць граху, але зраблю
ўсё, каб узнагародзіць Табе за зло, якое раблю я і мае браты”.
БІЧАВАННЕ
ПАНА ЕЗУСА
Чытаючы ліст св. Паўла да
Ефесянаў, мы знаходзім словы: “Хрыстос палюбіў Касцёл і аддаў за яго самога
сябе, каб зрабіць яго святым (пар. Еф 5, 25). Глядзім сёння на церпячага Езуса
падчас бічавання і задаем сабе два пытанні: пра нашую любоў і нашую святасць.
Пане, ці гэта не так, што той, хто
любіць Неба, таго ненавідзяць на зямлі, а той, што святы для Цябе, з’яўляецца
прадметам нянавісці шатана? І наадварот: той, каго любіць гэты свет, будзе пакутваць
ў пекле?
Ці дзеля гэтага Ты так шмат пакутваў,
што быў такім святым, Пане?
УКАРАНАВАННЕ
ЦЕРНЕМ
У гэтай таямніцы мы глядзім на Езуса
ўкаранаванага цернем і ў пурпуравым плашчы. Прыніжаны, пакутуючы Збаўца прымае
цярпенне, каб нам даць збаўленне. Паказвае нам таксама іншае вымярэнне цярпення
– тое духоўнае, часам большае за фізічны боль.
Езус згадзіўся на гэта. Таму дай
нам, Пане, сілы і адвагі, каб мы таксама ўмелі згаджацца на духоўныя цярпенні,
на аддаленне, пагарду, здзекі, жарты, пазбаўленне праў – каб мы так, як Ты і
Твая Маці Беззаганная Марыя, умелі ахвяраваць гэтае вымярэнне цярпення Богу
дзеля збаўлення свету.
КРЫЖОВАЯ
ДАРОГА
Езу, Ты ішоў крыжовым шляхам, поўным
цярпення, здзекаў, упадкаў.. Ты запрашаеш нас на гэты шлях… Хочаш, каб мы
ўвайшлі на яго дабраахвотна, як Ты. Каб мы згадзіліся на самотнасць і боль,
калі Бог патрабуе гэтага дзеля людзей, якія жывуць у граху.
Кожны з нас ідзе нейкім крыжовым
шляхам. Каб мы ўмелі выкарыстаць кожную хвіліну дзеля ўзнагароды Богу за грахі
нашыя і ўсяго свету. Няхай наш шлях, поўны цярпення, будзе поўным
найпрыгажэйшага сэнсу: збаўчага сэнсу. Няхай і мы будзем патрэбнымі Богу,
будзем ратаваць свет.
СМЕРЦЬ НА
КРЫЖЫ
Святыя паўтараюць, што ў Ранах
Езуса нарадзіўся Касцёл, гэта значыць кожны з нас. Гэтае цярпенне было
патрэбнае, каб мы маглі знайсці сапраўднае жыццё, жыццё ў еднасці з Богам,
жыццё, якое не скончыцца. Гэтае цярпенне Езуса не было самотным: пад крыжам стаяла
Марыя. Там стаяла нашая Маці і з таго моманту Яна заўсёды блізка нас. Вучымся
верна трываць пад крыжам, але не адныя, не ўласнымі сіламі, бо тады раней ці
пазней мы адыдзем ад Бога. Няхай узмацняе нас мацярынская любоў і клопат
Беззаганнай Марыі. З Ёй, церпячы разам, мы спрыяем нараджэнню ў свеце дабра,
супакою і надзеі.
IV. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
ПЯТАЯ
РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА
Езуса
знаходзяць у святыні
У гэтую першую суботу месяца мы прагнем
разважаць з Табой, Беззаганная Маці, над таямніцай шукання і знаходжання
дванаццацігадовага Езуса ў Святыні, а таксама жыцця Святой Сям’і ў Назарэце, і
такім чынам маліцца асабліва за дзяцей і ўзнагароджваць за тых, што стараюцца
вырваць з іх сэрцаў любоў да Цябе.
О Каралева наша, кіруй нашымі
думкамі і пачуццямі. Дапамажы нам пачуць Твой голас у сэрцы, распалі любоў,
узмацні надзею.
«Дзіця, чаму
Ты зрaбiў нaм
тaк? Вoсь бацька Твoй i Я балюча
перажывалі, шукaючы Цябе».
«Чaгo ж вы шукaлі
Мяне? Цi вы
не ведaлі, штo
Мне трэбa быць
у тым, што
належыць Aйцу Мaйму?» (Лк 2, 48б
– 50).
Кожная падзея ў жыцці Хрыста гэта
таямніца, якая мае глыбокае значэнне. Паразважаем, які сэнс схаваны ў болю шукання на працягу трох дзён і
радасці знаходжання.
Нават для Маці Божай паводзіны і
словы дванаццацігадовага Езуса не былі цалкам зразумелыя. Яна захоўвала іх у
сваім Сэрцы і разважала. Паволі адкрывала іх сэнс. Было гэта прадказаннем трох дзён
болю пасля мукі і смерці Езуса, а таксама радасці Ўваскрашэння.
У пятай радаснай таямніцы мы можам
адкрыць, што боль кожнага чалавека, калі ён прыняты з падданасцю волі Божай,
вядзе да радасці настолькі вялікай, што яе нельга параўнаць з ніякім цярпеннем.
Калі мы хочам параўнаць сэнс
таямнічых падзей, цемры веры, мы павінны наследаваць Марыю ў Яе пакорным
разважанні на малітве. І менавіта гэта схавана ў ружанцы – прыпамінанне,
захоўванне ў сэрцы і разважанне над Яе таямніцамі, а таксама наш ўдзел ў гэтых
таямніцах. Кожны чалавек павенен у сваім жыцці адлюстроўваць нейкую частку таямніц
Хрыста, гэта значыць наследаваць Яго,
стаць Яго вобразам, часткай Яго Містычнага Цела.
Не ўсё мы можам зразумець і не
заўсёды мы можам зразумець, як Бог дзейнічае ў нашым жыцці і ў гісторыі
чалавецтва. Тады мы павінны з пакорай, верай і даверам гэта прыняць. Бог ёсць!
Ён наш Пан, які ўсім кіруе. Усё, што адбываецца, гэта дзейнасць Яго
Міласэрнасці.
“Цi вы не ведaлі,
штo Мне трэбa
быць у тым,
што належыць Aйцу Мaйму?» (Лк 2, 49б).
Пятая радасная таямніца вучыць нас
шукаць Бога, імкнуцца зразумець Яго волю.
Ці ў нас ёсць на гэта час? Ці мы
падпарадкўваемся яго рытму? На што ў нас увогуле ёсць час? Ці мы задумваемся
паважна над тым, дзеля чаго існуе гэты час?
Ці мы жывем са свядомасцю, што
гэты час прабывання на зямлі гэта выпрабаванне? Што мы выбіраем: вечнасць з
Богам ці вечнасць без Бога? (А наколькі яна страшная, паказала Маці Божая
фацімскім дзецям у візіі пекла).
Каб мець час шукаць Бога, патрэбна
рашэнне, змаганне і мужнасць.
У якой ступені мне гэта ўдаецца?
Ці я мог бы нешта паправіць?
Божы провід даў нам цудоўны
прыклад чалавека – блаславёнага Яна Паўла II, які вытрывала шукаў Бога, шукаў таксама чалавека, з
павагай, любоўю, каб яму дапамагчы наблізіцца да Бога.
У чым я магу наследаваць нашага блаславёнага
Папу?
“І ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у
Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы
свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у
гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей”. (Лк 2, 51-52).
Езус дае нам чацвёртую інтэнцыю набажэнства
першых суботаў месяца – узнагароджванне за
тых людзей, што стараюцца публічна ўкласці ў сэрцы дзяцей знявагу,
пагарду, а нават абыякавасць да Беззаганнай Маці.
Ведаем, што існуе
антыевангелізацыя – пра гэта сказаў блаславёны Ян Павел II. Ці мы ўсведамляем, як яна ўжываецца на практыцы адносна
нашых дзяцей? Ці мы стараемся супрацьстаяць гэтай дэструктыўнай дзейнасці, ці
ідзем, як авечкі, бо нам не хапае разважлівасці і адвагі?
Хто выхоўвае нашых дзяцей –
калысанка, дзіцячы садок, школа, асобы, якія праводзяць дадатковыя заняткі,
тэлебачанне, інтэрнэт ці мы самі? Ці мы разумеем, што тое, найважнейшае, што
з’яўляецца нашым абавязкам, мы не можам аддаць у іншыя, часам не правераныя
рукі? Ці не спіхваем свае абавязкі на кагосьці іншага?
Ці мы праверылі, у якім кірунку
выхоўваюцца нашыя дзеці і кім?
А можа апраўдваем сябе недахопам
часу, стомленасцю, патрэбай адпачынку, неабходнасцю заняцца справамі
матэрыяльнымі?
Сённяшні стыль жыцця не спрыяе
сям’і. Ведаем пра тое, што часта патрэбны гераізм, каб выканаць сваё
бацькоўскае пакліканне. Ці мы памятаем тады пра Святую Сям’ю, якая можа нам
дапамагчы? Ці я шукаю падтрымкі ў каталіцкім асяроддзі?
Укрытае жыццё Езуса ў Назарэце –
убогае, напоўненае малітвай і працай, паслухмянасцю Марыі і Юзафу, з’яўляецца
ўзорам як для дзяцей, так і для бацькоў. З’яўляецца ўказальнікам таго, на якім
шляху трэба шукаць шчасця. Чаго мы хочам для нашых дзяцей? Ці занадта моцны
клопат аб іх матэрыяльным дабрабыце не засланяе нам таго, што найважнейшае?
Калі я цяжка працую на працягу
тыдня, ці стараюся ў нядзелю знайсці час для сваёй сям’і? Гэты дзень, між
іншым, прызначаны менавіта для таго, каб
будаваць сямейныя адонсіны, займацца рэлігійным выхаваннем дзяцей. Мы не
павінны бяздумна праводзіць яго перад экранамі тэлевізараў або кампутара.
Як навучыць дзяцей шукаць Бога?
Чым раней мы пачнем гэта рабіць,
тым лепш, бо малыя дзеці адкрытыя на пазнанне Праўды і Любові. Найважнейшае
гэта паказаць ім, як навязаць кантакт з Богам у малітве.
Ці я вучу дзяцей маліцца па свайму
прыкладу, на супольнай малітве?
Ці мае дзеці ўмеюць маліцца на
ружанцы, аб якім просіць Маці Божая, і з якім звязала сваю асаблівую дапамогу
ва ўмовах сучасных пагрозаў?
Ці я прыступаю да Святой Камуніі ў
першыя пятніцы месяца і ці спрабую звязаць гэта з набажэнствам да Беззаганнага
Сэрца Марыі?
Езус быў паслухмяны сваёй Маці і
дадзенаму Айцу.
Так цяжка сёння навучыць дзяцей
паслухмянасці. У таямініцы знаходжання дванаццацігадовага Езуса ў Святыні мы атрымоўваем
ўказальнік і святло. Калі самі будзем шукаць волю Айца, калі будзе яна для нас
найважнейшая за ўсе іншыя справы, калі будзем дапамагаць дзецям адкрываць Божыя
намеры ў іх жыцці і не перашкаджаць ім, але падтрымліваць у ажыццяўленні
паклікання, тады нашыя сямейныя вузы будуць глыбокія і моладзь не будзе шукаць
вырашэння сваіх праблем у падазроных аўтарытэтаў.
Маці Бога і людзей, мы прагнем
сёння ўзнагародзіць Твайму Беззаганнаму Сэрцу за ўсе дрэнныя прыклады дзяцей,
за свядомыя і несвядомыя ўчынкі, якія прынеслі шкоду іх духоўнаму развіццю.
Асабліва просім прабачэння за асоб, якія паспрыялі гэтаму, за дзяцей і моладзь,
якія страцілі нявіннасць і чысціню, ідучы супраць шостага прыказання.
Беззаганная Маці, заступіся за
нас, каб Бог аказаў нам сваю міласэрнасць! Стрымай зло, выпраў тое, што была
знішчана! Давяраем Твайму заступніцтву!
Сёння шмат бацькоў пакутуе ад
сваіх дзяцей, якія зышлі на дрэнны шлях і згубілі веру. Няхай памятаюць, што
Маці Божая з болем шукала дванаццацігадовага Езуса, але шукае таксама ўсіх заблукаўшых
дзяцей. Няхай з’яднаюць свой боль з Яе болем. Няхай моляцца і церпяць за сваіх
дзяцей. Няхай даверацца міласэрнай Маці, бо Яна зможа сваёй дабрынёй схіліць
самых зацвярдзелых.
Езус узрастаў у ласцы Бога і ў
людзей, жывучы ва ўбогай назарэтанскай Сям’і. Ён – Сын Божы хацеў вучыцца ў
Марыі і быць Ёй паслухмяным. Калі мы хочам, каб нашыя дзеці ўзрасталі пад
апекай Найсвяцейшай Маці, каб Яна захоўвала іх ад зла і фармавала асобы, трэба
ахвяраваць іх Беззаганнаму Сэрцу гэтай добрай Маці. Блаславёны Ян Павел II назваў гэта запісам да “школы Марыі”. Паказаў прыклад
фацімскіх дзяцей, якія хутка дасягнулі вялікай святасці, робячы тое, што казала
Найсвяцейшая Панна.
Беззаганнае Сэрца Марыі, будзь для
ўсіх дзяцей сховішчам і дарогай, якая прывядзе іх да Неба! Дай ім бацькоў і
настаўнікаў, якія будуць шукаць і выконваць
волю Божую, маліцца і цярпець. Амэн.
V. ДАЙ НАМ ЛАСКУ ЎБАЧЫЦЬ У ЦЯРПЕННІ
БРАМУ СУСТРЭЧЫ З ХРЫСТОМ
БРАМУ СУСТРЭЧЫ З ХРЫСТОМ
(АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ)
“Надзея дапамагае нам даць
новы сэнс цярпенню, ператварыць яго ў шлях збаўлення, у здольнасць да
евангелізацыі і да ўдзелу ў адкупленні. Цярпенне “можа мець для чалавека і для
самога грамадства таксама пазітыўнае значэнне, бо можа стаць формай удзелу ў збаўчым
цярпенні Хрыста і ў радасці Яго ўваскрашэння, а таму і сілай, якая асвячае і
будуе Касцёл”. Ваш досвед цярпення, абапёрты на Хрысце і прасякнуты прысутнасцю
Духа Святога, будзе абвяшчаць пераможную моц Уваскрашэння”.
Ян Павел II, Пасланне на Міжнародны Дзень Хворых, 1998
Марыя! Дапамажы нам сёння стаць на
калені перад таямніцай цярпення.
Цярпенне, яго сэнс, яго збаўчае
вымярэнне і абавязковая прысутнасць у нашым жыцці гэта, о Маці, адна з
найбольшых таямніц нашай веры. А Ты кажаш, што нават нешта большае, што гэта
адначасова вызначае нашу еднасць з Хрыстом.
Марыя, так шмат цярпення ў нашым
жыцці. У розных формах уваходзіць яно ў нашу штодзённасць. Фізічны боль, страх
за здароўе, за блзікіх людзей, за захаванне працы, за выкананне заданняў, якія
нам даручыў Бог, а таксама розныя духовыя складанасці, сумневы, ці мы выбралі
добры шлях, аж да няўпэўненасці ў збаўленні.
Нашае жыццё ў гэтым свеце
нялёгкае… Енчым і ўздыхаем у гэтай слёз даліне.
Таму просім Цябе сёння, Марыя, каб
Ты нам дапамагла… Не, не хочам, каб Ты дапамагла пазбавіцца ад цярпення, але
навучыла нас змяняць яго вектар. Дапамажы нам надаць нашаму цярпенню вялікі
сэнс, настолькі цудоўны, каб мы змаглі зразумець, чаму столькі святых прасілі
Неба даць ім ласку цярпення.
Ты нагадваеш нам словы св. Паўла:
“Ласкай вам дадзена гэта для Хрыста: не толькі верыць у Яго, але і для Яго
цярпець” (пар. Флп 3, 29).
І Ты раіш услухацца ў дзіўныя,
напоўненыя містыкай словы трапісты Томаса Мэртана, які казаў у адной са сваіх
канферэнцый: “Калі ты сустракаеш свайго брата, Хрыстос сустракае Хрыста”.
“Хрыстос сустракае Хрыста…” Калі
так можа быць сярод нас, людзей, наколькі гэта сапраўднае ў communion sanctorum – у супольнасці святых! І наколькі дасканалае ў спатканні з Табой, Марыя.
Марыя! Калі я гляжу ў Тваё чыстае
адлюстраванне, я пачынаю разумець, што і ўва мне жыве Хрыстос, хоць можа цяжка
мне гэта адчуць. Ён са мной, ува мне, укрыты. Жыве ў маім жыцці. Дае мне пакаштаваць
смак сваёй радасці, але яшчэ больш прагне даць пасмакаваць сваё цярпенне. Усё,
што ёсць, і ўсё, чым я з’яўляюся, паходзіць з Божай рукі, гэта Яго. Гэта Ён,
толькі Ён, Ён сам мяне вядзе. Ён вызначае мой шлях да сябе. Ён ува мне, але мне
трэба прайсці доўгі, не вымераны часам шлях, які з’яўляецца дарогай майго ўнутранага
жыцця. Дарогай да спаткання Яго тварам у твар.
Ты сама, Марыя, вучыш мяне
цярпенню ў еднасці з Хрыстом! Я люблю Цябе, таму калі Ты церпіш, я адчуваю Твой
боль, які становіцца маім болем. Калі гэта так, то гэта знак таго, што я
сапраўды люблю Цябе. Ведаю, што ўзмацняецца ўва мне цярпенне адносна маёй
любові да Цябе і маёй бездапаможнасці. Я бездапаможны.
Бездапаможны? Не да канца. Бо Ты
сама прыйшла з Езусам на зямлю, каб паказаць мне, як я магу цябе суцешыць.
Малітва і пакута – гэта ўсё, што я
магу ахвяраваць. Не хопіць мяне на іншае. Але Твой Сын казаў, што адбываюцца
нават намагчымыя справы, калі чалавек моліцца і посціць. Нават злыя духі, якія
ўпіваюцца пазурамі ў душу чалавека, ўцякаюць ад слоў малітвы і акту пакуты,
знікаюць, ахопленыя моцай Божай.
Я ведаю, што Ты носіш нас усіх у
Сваім Беззаганным Сэрцы. Калі ў нашую душу ўпіваюцца пазуры шатана, і нячысты
дух жыве ў нас, як у сваёй уласнай хаце, Тваё Сэрца, не кранутае грахом,
кранаецца граху ў нас.
Я таксама гэты бедны грэшнік.
Малітва за гэтых няшчасных, гэта перш за ўсё, малітва за мяне. Марыя, падары
мне Твае слёзы.
І пакажы мне сэнс і патрэбу
цярпення.
Ты вучыш мяне, што на цярпенне
можна паглядзець з двух бакоў. Калі чалавек глядзіць на яго з аднаго боку,
становіцца перад абліччам яго неабходнасці. З гэтага боку цярпення відаць
надпіс “павінен”. Калі чалавек падыходзіць да цярпення як да неабходнасці,
ведае, што не ўцячэ ад яго, што трэба яму несці гэты крыж, бо няма іншага выхаду.
Калі згаджаецца, адмаўяючыся ад болю, то гэта ганарлівае самалюбства. Але
цярпенне, агляданае з гэтага боку, становіцца тоўстым мурам, які аддзяляе ад
радасці і шчасця. Той, хто стаіць перад ім, ведае, што не пройдзе праз
цярпенне. Не змагаецца. Церпіць, бо павінен. Церпіць, поўны годнасці, якая
звычана шукае сябе.
Ёсць яшчэ іншая форма згоды на
цярпенне. Гэта Твая, Марыя. Ёсць яшчэ іншы бок цярпення. Гэта “fiat”, якое з’яўляецца брамай. Цярпенне
становіцца шляхам да Валадарства супакою і радасці.
Дапамажы мне шукаць у цярпенні
Бога. Навучы станавіцца перад абліччам цярпення, як перад сцежкай, якая вядзе
да сустрэчы з Умілаваным. Гэтае цярпенне ўжо не сцяна. Хрыстос зрабіў яго
брамай. Навучы мяне, Найсвяцейшая Маці, казаць “fiat” – слова, якое хавае ў сабе тры вялікія
словы: слова “люблю”, слова “давяраю” і “згаджаюся” – на ўсё, каб яно было
паводле волі Божай, не маёй.
Ты кажаш: гэтая сцежка, гэтая
брама, яна ў нас. Знайдзіце яе: шлях свайго ўнутранага жыцця, які вызначыў вам
любячы вас Пан.
Маліся з намі, Марыя, каб мы
сталіся годнымі цярпець для нашага збаўлення і збаўлення нашых братоў. Амэн.
Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал: Nie żyjemy dla siebie. Wynagrodzenie za grzechy świata.