6.06.2012

Першая субота жніўня 2012

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!



I. ТАЯМНІЦА ЦЯРПЕННЯ Ў ТАЯМНІЦЫ ЭЎХАРЫСТЫІ
(МЕДЫТАЦЫЯ)

   “Ужо больш за паў стагоддзя, пачынаючы з 2 лістапада 1946 года, калі я адпраўляў сваю першую Святую Імшу, мой погляд кожны дзень спыняўся на белай Гостыі і Келіху, на якіх як бы засяроджваюцца час і прастора, а драма Галогофы жыва паўтараецца, адкрываючы сваю таямнічую сучаснасць. Кожны дзень я з верай распазнаваў Боскага Вандроўніка, які некалі стаў паміж двума вучнямі ў Эмаус, каб адкрыць ім вочы на святло, а сэрцы на надзею”.
Ян Павел II, Вялікі Чацвер 2003 года.

   Анёл з Фацімы вучыў дзяцей пра неабходнасць малітвы і падкрэсліваў патрэбу цярпення, ахвяраванага Богу. Яго апошняя лекцыя закранала найглыбейшую таямніцу чалавечага жыцця. Дзеці ўжо да яе прыгатаваныя… Ці не сведчыць пра гэта апошні ўспамін сястры Луцыі?
   Прайшло шмат часу, пасля таго, як мы пайшлі пасвіць нашых авечак на полі маіх бацькоў. Тут, на стоку ўзгадванай ужо гары, знаходзіцца, трохі вышэй, Валінгас. Гэта аліўкавы гай, які мы называем Прэгуэйра. Пасля пасілку мы вырашылі пайсці да гроту, які знаходзіцца з другога боку гары. Як толькі мы туды прыйшлі, на каленях, з тварамі схіленымі да зямлі, мы пачалі паўтараць малітву Анёла: “Мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і г. д.”.
    Гэта чарговы ўспамін у лістах сястры Луцыі, які паказвае, што дзеці вельмі часта і доўга паўтаралі малітву Анёла. Пацвярджаюць гэта таксама словы сястры Луцыі: “З таго часу мы часта падалі на зямлю і маліліся словамі Анёла аж пакуль не былі стомленымі”.
   Ведаем, што першы ўрок Анёла дзеці вывучылі добра: сапраўды горача маліліся так, як прасіла Неба.
   Каб жа мы маглі параўнацца ў іх стараннасці і гарачай малітве!
   Ведаем, што і другі ўрок быў зразумелы і практыкаваўся ў жыцці. Дзеці не дазвалялі змарнаваць ніводнага цярпення…
   Каб жа і мы ўмелі выкарыстоўваць кожную хвіліну, надаючы ёй надзвычайны, збаўчы сэнс!
   Фацімскія дзеці здалі экзамен на выдатна. Цяпер маглі сустрэць Пасланніка з Неба ўжо трэці раз. Апошні.
   Навошта прыйшоў да іх Анёл? Візіянерка піша:
   “Не ведаю, колькі разоў мы паўтарылі гэтую малітву перад тым, як убачылі нейкі незвычайны бляск. Мы ўсталі, каб паглядзець, што адбываецца, і ўбачылі Анёла, які трымаў у левай руцэ келіх, над якім узвышалася святая Гостыя. Сплывалі з яе да келіха кроплі крыві…”
   Звернем увагу, што словы Луцыі паказваюць на тое, што дзеці дакладна маліліся нахіліўшыся да зямлі, Анёл жа, бляск якога заўважылі, быў непасрэдна перад імі, а дзеці яго не бачылі, пакуль не падняліся.
   Наколькі адрознівалася іх малітва ад нашай. Напэўна не молімся ані зашмат, ані пакорна – на каленях. Ці Бог перастаў быць для нас такім вялікім і святым, каб мы лічылі сябе нічым? Не становімся на калені перад найвялікшай святасцю! Бо… як сёння людзі прыступаюць да Святой Камуніі?
   Хтосьці скажа, што ёсць нават парафіі, дзе святары забараняюць прынімаць Цела Пана на каленях… Гэта праўда. Але ці не сведчыць гэта пра тое, наколькі мы заблукалі? А паколькі мы заблукалі, як мы можам пайсці шляхамі Божымі?
   Менавіта таму пасланне з Фацімы настолькі моцнае, настолькі сёння патрэбнае. Яго прыняцце ці адмаўленне ўплывае на лёсы свету!
   Паглядзім, дзеці становяцца на калені перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Анёл паказвае тут найвялікшую святасць Касцёла, хоча нам растлумачыць, што без Эўхарыстыі няма для нас надзеі.
   Сястра Луцыя піша:
   “Нечакана Келіх з Гостыяй завіс у паветры. Анёл укленчыў каля нас і казаў нам паўтарыць тры разы: “Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы. З найглыбейшай пакорай аддаю Табе пашану і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў, Душу і Боскасць Езуса Хрыста, прысутнага на алтарах усяго свету, як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бязмежныя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў”.
   Потым Анёл устаў з кален, узяў у свае рукі Келіх і  Гостыю. Святую Гостыю даў мне, а Кроў з Келіха падзяліў паміж Гіяцынтай і Францішкам, кажучы: “Прыміце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Узнагароджвайце за іх грахі і суцяшайце вашага Пана”. І зноў, стаўшы на калені, паўтарыў з намі тры разы тую самую малітву: “Найсвяцейшая Тройца…”, а потым знік”.
   Звернем спачатку ўвагу на словы малітвы, якую паўтараў Анёл. Сястра Луцыя тлумачыць нам: “Малітва гэтая была для мяне вялікай сувяззю з Богам, сувяззю, якая мяне прыцягвае і затрымлівае, якая наразрыўна ўмацавалася ў маім сэрцы: Святая Тройца, адзіны сапраўдны Божа, у якога веру, на якога спадзяюся: праслаўляю Цябе і люблю Цябе. Прымі маю любоў і пакорнае праслаўленне. Я так мала маю Табе да ахвяравння, таму прашу, прымі замест маёй нягоднасці, бясконцыя заслугі Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, а ўзамен прашу Цябе аб навяртанні бедных грэшнікаў”.
   Бо нашыя малітвы, утаймаванні, а нават найвялікшыя ахвяры - гэта нішто. Нават калі яны маюць самую чыстую інтэнцыю і самыя дасканалыя, яны ўсе роўна нягодныя Бога. Ахвяры, складзеныя намі, гэта пыл і нішто… Адзіная, годная перад Богам Ахвяра гэта ахвяра Крыжа, а яе таямніца прысутнічае ў Эўхарыстыі!
   Давайце ж ахвяроўваць Богу ў акце ўзнагароды і перапрашэння адзіную ахвяру, годную Яго Велічы, Святую Камунію, якую мы прымаем у нашыя сэрцы, каб стаць падобнымі да Сэрцаў Езуса і Марыі!
   Сястра Луцыя піша: “Ён няспынна ахвяруе Сябе Айцу за нас, як ахвяра: ціхі, Ён моліцца ў адзіноце нашых Касцёлаў; забыты, пагарджаны, дрэнна ўспрыманы, прыніжаны і бедны, асуджаны на вязніцу нашых табэрнакляў. Пасланне жадае ад нас, каб мы ахвяравалі Найсвяцейшай Тройцы гэтую Боскую Ахвяру нашых алтароў, як узнагароду за ўсе грахі, якімі Яго абражаюць”.
   “Тут -  дадае візіянерка – я сама задаю сабе пытанне: калі заслугі і малітва Езуса Хрыста дастатковыя для выпраўлення і збаўлення свету, то чаму пасланне ўказвае яшчэ на заслугі Беззаганнага Сэрца Марыі і жадае ад нас малітвы, ахвяры і ўзнагароды?”
   Гэта незвычайна важнае пытанне. Мы таксама задаем яго сабе і пытаемся пра гэта самога Бога! Але першай дзеліцца сваімі разважаннямі сястра Луцыя. Яна кажа: “Адказваю, што не ведаю! (…) Я, аднак, разважала над гэтым. Вось бяру ў рукі Евангелле і бачу, што з самага пачатку Езус Хрысус далучыў да сваёй збаўчай справы Беззаганнае Сэрца Той, якую выбраў сваёй Маці”.
   Марыя аказваецца ключом да зразумення гэтай незвычайнай таямніцы. Бо Езус жадаў, каб Яго Маці ўдзельнічала ў справе адкуплення! З волі Божай Яе роля была настолькі істотнай, што яе акрэсліваюць тытулам Саадкупіцелкі! Марыя ж з’яўляецца адной з нас… Таму і нам выпадае ў планах Божых тое самае заданне. Нам трэба дапамагаць Хрысту збаўляць свет.
   Спачатку праз ахвяраванне Богу той адзінай, годнай Яго ахвяры: ахвяры Яго Сына, прысутнай у таямніцы Эўхарыстыі.
   Таму, калі ў сястры Луцыі запыталіся: “Які сэнс мела дадзеная Анёлам Камунія?”, яна паказала два вымярэнні апошняга аб’яўлення, якое падрыхтоўвала дзяцей да сустрэчы з Марыяй. З аднаго боку, Святая Камунія гэта крыніца, якая ўзмацняе нашую веру: “Для мяне яна азначае волю Бога, каб ажыўляць нашую веру ў прысутнасць сапраўднага Езуса Хрыста, прысутнага ў Боскай Эўхарыстыі і словах, калі казаў: “Гэта Цела маё, гэта Кроў мая”. З другога боку паказвае яна на Хрыста, схаванага ў Эўхарыстыі, як на адзіную, годную ўзнагароду за грахі, і як на ўзор да наследавання: “А таксама, піша, каб мы, упадабняючыся да Хрыста, маглі ахвяроўваць Найсвяцейшай Тройцы ўзнагароду, больш годную і прыемную Яго вачам. Такім чынам, гэтыя маленькія гостыі, асвечаныя ў Хрысце на алтары прысвячэння, будуць ахвяраваныя Айцу як дар вечнай хвалы”.
   Таму нашыя цярпенні толькі тады маюць вартасць перад Богам, калі будуць злучаныя са збаўчым цярпеннем Збаўцы.
   Толькі Езус збаўляе. Калі мы атрымліваем заданне супрацоўніцтва з Богам для збаўлення свету, мы павінны стацца адным з Ім. Нашыя цярпенні павінны быць з’яднаныя з цярпеннем Збаўцы. Нашая любоў павінна адлюстроўваць любоў Хрыста. Нашая шэрая штодзённасць павінна быць напоўненая Яго прысутнасцю. Калі нашае жыццё пачынае мець свой Назарэт, напоўнены штодзённай стомленасцю, але штодзённа злучанае з Езусам, і свае крыжовыя дарогі, поўныя болю, прыніжэння, непаразумення і самоты, але неразрыўна з’яднаныя з мукай Збаўцы, тады, нашая “маленькасць” будзе мець вялікі сэнс: дапоўніць ахвяру адкуплення Хрыста і пачне змяняць свет.
   Сястра Луцыя ведала, што сэрцам гісторыі з’яўляецца збаўчая справа Езуса: пачынаючы з Яго ўцелаўлення, праз Нараджэнне і Ахвяраванне, дзяцінства ў Назарэце і перыяд публічнай дзейнасці, аж да Пасхальнага Трыдыума, мукі, смерці і ўваскрашэння Божага Сына і Яго праслаўлення ў хвале. Калі мы чэрпаем у Бога ласку, калі атрымоўваем ад Яго дары Духа Святога, калі мы памазаныя Божым пакліканнем, усё гэта бярэ свой пачатак у цэнтры гісторыі збаўлення. Усе мы павінны чэрпаць сваё жыццё ў тых падзеях, якія, праз ласку, становяцца падзеямі, якія адбываюцца сярод нас і ў нас, якія робяць прысутнай збаўчую моц Езуса. Як Эўхарыстыя, якая робіць прысутнай тут і цяпер адзіную крыжовую ахвяру.
   Сапраўднае жыццё веры азначае абавязковае і беспаваротнае жыццё таямніцай Эўхарыстыі: паглыблення ў тыя збаўчыя падзеі, каб прыняць іх і зрабіць падзеямі, у якіх мы тут і зараз прымаем удзел.
   Такім чынам, збаўчае вымярэнне жыцця Хрыста будзе перанесена ў нашае жыццё і наш крыж: гэты штодзённы, звязаны з хваробай, прыніжэннем, смерцю. Няма хрысціянства без паглыблення ў таямніцу жыцця і смерці Збаўцы. Мы не можам збавіцца інакш, як праз удзел у збаўленні, якое даканалася праз Езуса Хрыста. Мы не зразумеем гэтага, калі не разумеем, чым з’яўляецца ў нашым жыцці Эўхарыстыя!
   Таму, у школе Фацімы не магло не быць аб’яўлення таямніцы Эўхарыстыі. 

II. “ТЫ ЖЫВЫ ТАБЕРНАКЛЬ”
(ПРЫКЛАД)

   Рэйнольда Мэй з Кангрэгацыі Сясцёр Бенэдыктынак Місіянерак працавала ў шпіталі ў Нгомэ. Там яна атрымала з неба Марыйнае пасланне пра Эўхарыстыю.
   Першае аб’яўленне адбылося 22 жніўня 1955 года. Узгадаем словы с. Рэйнольды: “Марыя паказалася ў ясным святле, у бляску, прыгажэйшым за сонца. Была апранутая ў белае, белы  вэлюм сплываў да самых стоп. На яе грудзях была вялікая Гостыя, аздобленая каронай, прамянеючай жыццём. Марыя была жывой манстранцыяй…”
   Маці Божая сказала візіянерцы: “Называй мяне “Табернаклем Найвышэйшага”. Праз хвіліну з яе вуснаў пачуліся яшчэ больш дзіўныя словы: “Павер мне, ты таксама з’яўляешся такім табернаклем”.
   Маці Найсвяцейшая параўнала нас з сабой, Яна параўноўвае нашае пакліканне, нашае заданне, наш шлях са сваім пакліканнем, сваім заданнем і сваім шляхам. Нашае сэрца, як Сэрца Марыі, павінна стаць месцам прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага. Мы павінны быць манстранцыямі, якія паказваюць Яго свету. Нашая духоўнасць павінна быць уфармаваная сузіраннем, а мы самі павінны не столькі дзейнічаць, сколькі паказваць Хрыста, так каб Ён мог атрымліваць запрашэнні ад іншых сэрцаў і сам пачаць дзейнічаць у свеце. Гэта нагадвае нам падставовую хрысціянскую праўду: толькі Езус збаўляе, а мы сваёй “дзейнасцю” толькі даем Яму месца.
   Далей Марыя сказала: “Я б хацела, каб у свеце было падрыхтавана больш такіх табернакляў. Я маю на ўвазе чалавечыя сэрцы”. 
  
 Паразважай:
   1. Што гэта азначае: я павінен быць Гостыяй? Можа гэта проста сказаць, аднак на практыцы гэтае заданне складанае, як святасць. Ці ты гатовы з’яднацца з Хрыстом эўхарыстычным, ды настолькі, што станеш Гостыяй? І Езус укрыецца ў тваім целе, тваіх словах, тваіх учынках.
  2. Калі мы станем “другім Хрыстом”, такіх Гостый будзе цэлае мора, і зло будзе бездапаможным перад моцай нашага Збаўцы. Наплыў граху адступіць, а Бог затрымае сваю караючую руку. Ці ты бачыш у гэтым вялікае заданне для Касцёла? Ці бачыш ты, што трэба нагадваць вернікам значэнне таямніцы Эўхарыстыі?
   3. Найсвяцейшая Маці дае нам вельмі цяжкае заданне. Але запэўнівае, што будзе нам лягчэй, чым мы думаем, і дапаможа нам Яе прысутнасць: Яе аб’яўленні, якія будуць памнажацца ў сучаснасці. Сапраўды, гэты знак гісторыя ўжо праверыла. На працягу апошняга паўстагоддзя Марыя прыйшла на зямлю столькі разоў! І амаль заўсёды ўказвала менавіта на ролю Эўхарыстыі.
   4. Таму зрабі рахунак сумлення са свайго стаўлення да Эўхарыстыі…

III. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

ЗВЕСТАВАННЕ

   Марыя атрымала ад Бога ласку, прызначаную Ёй  і неабходную для выканання Яе паклікання. Ці ведаеш ты, што і ў цябе ёсць сваё ўласнае непаўторнае пакліканне, якім пазначыў цябе Бог? Гэтае пакліканне павінна быць узмоцена ласкай, якую вызначыў табе Пан. Калі ты прымеш яе і захаваеш, выканаеш тады сваю ролю ў свеце і станеш святым!
   Застаецца толькі адно пытанне: “ці ты ўмееш, як Марыя, сказаць Богу сваё “так”? Не ведаючы да канца свайго паклікання, не разумеючы, чаго хоча ад цябе Неба? Ці ты гатовы сказаць Богу: “Вось я слуга Твой, няхай мне станецца, як Ты хочаш, не так, як я запланаваў. Вось я слуга Твой, а слуга не павінен усяго разумець. Павінен быць паслухмяным. І я паслухмяны!”

НАВЕДВАННЕ СВЯТОЙ АЛЬЖБЕТЫ

    Альжбета на парозе свайго дому славіць Марыю: “Блаславёная тая, што паверыла ў тое, што выканаюцца словы, сказаныя Табе Панам”. Такое самае блаславенства павінна стаць удзелам кожнага з нас. Бо кожны з нас павінен паверыць Богу. Кожны з нас павінен зрабіць веру першай у сваім жыцці.
   Няважна, ці тое, чаго хоча Бог, па-людзку магчымае ці не магчымае. Верым, што ў Яго няма нічога немагчымага, аддаць мала і бязмежна шмат, дзеля Яго адно і тое ж. Таму трэба верыць верай Марыі, а Бог зможа паслугоўвацца намі ў справе збаўлення свету.

БОЖАЕ НАРАДЖЭННЕ

   Марыя паверыла слову Бога. Згадзілася на ўсё, чаго пажадаў Бог. Згадзілася на беднасць, службу, холад, выгнанне і пераследванне. Згадзілася на тое, што Яе жыццё не будзе поспехам, перамогай, бліскучай кар’ерай. Гэта ўсё няважна; лічыцца толькі тое, што трэба выканаць волю Бога, каб Пан быў Ёй задаволены.
   Нарадзіла Божага Сына, а той адразу паказаў Ёй, якім ёсць прызначэнне тых, каго палюбіў Бог і захацеў зрабіць падобнымі да Сябе. Падараваў Ёй пакору, апошняе месца, шэрасць і цярпенне. А Марыя дзякавала за гэтыя дары – самыя каштоўныя, бо яны каштоўныя ў вачах Пана.
   Няхай кожны з нас вучыцца гэтаму…

АХВЯРАВАННЕ Ў СВЯТЫНІ

   Марыя чуе: “Вось той, што прызначаны на ўпадак і паўстанне шматлікіх у Ізраілі, і на знак, якому будуць супраціўляцца. А Тваю душу пройдзе меч…” . Так, гэта тое, што ў вачах свету малое і нязначнае, а перад Богам аказваецца бясконцым скарбам. Малое, добра прыбранае немаўля, хавае ў сваім сэрцы прызначэнне, якое не снілася нават каралям! А маці ўбогага Езуса будзе запрошаная да ўдзелу ў найвялікшай справе Бога ў свеце – адкуплення чалавецтва.
   Ці ведаеш ты, што ў гэтай сцэне ёсць таксама месца для цябе? Наколькі ты з’яднаны з Езусам і як Ён, “ціхі і пакорны сэрцам”, настолькі і тваім удзелам становіцца запрашэнне да прыняцця рашэнняў у тым, што найважнейшае ў гісторыі свету: ты будзеш разам з Езусам пісаць гісторыю шматлікіх, шматлікіх людзей…

ЕЗУСА ЗНАХОДЗЯЦЬ У СВЯТЫНІ

   Калі пасля таго, як Езуса знайшлі ў святыні, на пытанне Маці: “Чаму ты нам зрабіў гэта?”, Езус адказаў: “Ці вы не ведалі, што я павінен быць у тым, што належыць Айцу майму?”, Евангеліст дадае: “Яны, аднак, не зразумелі таго, што ён ім сказаў”. Аказваецца, што “толькі Айцец ведае Сына”. Нават тая, якой найпаўней была аб’яўлена таямніца Яе Сына, з гэтай таямніцай можа быць толькі дзякуючы веры. Нават Марыя не разумее планаў Божых. Але Яна згаджаецца ўдзельнічаць у іх і зрабіць усё, што Бог запланаваў для Яе. Таму не пытаецца ні пра што. Верыць. Паслухмяная Богу, не разумеючы.
   Так і мы, не можам адказаць на большасць пытанняў, звязаных з нашай верай. Не павінны. Марыя таксама не была павінна. Мы павінны верыць. І далей жыць паводле таго, што запланаваў для нас Бог.

IV. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
ЧАЦВЕРТАЯ ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Унебаўзяецце Найсвяцейшай Марыі Панны

   Мы сабраліся ў чарговую першую суботу месяца, каб ушанаваць Беззаганнае Сэрца Марыі, праслаўляць Яе чыстую прыгажосць і прасіць прабачэння за грахі, якія забруджваюць нашыя сэрцы. Папросім Маці Божую, каб Яна была з намі падчас гэтага разважання, каб мы, напоўненыя святлом пазнання Божых таямніц, і распаленыя любоўю, маглі яшчэ больш станавіцца годнымі імя хрысціяніна.

   У жніўні хочам скіраваць погляд нашай душы да Той, што з’яўляецца Найсвяцейшай, што першай дасягнула таго, чаго ўсе людзі спадзяюцца дасягнуць напрыканцы канцы часоў.
   1 лістапада 1950 года, Святы Айцец Пій XII, абвясціў дагмат аб тым, што: “Беззаганная Маці Божая, заўсёды Дзева Марыя, пасля заканчэння свайго зямнога жыцця, была з душой і целам узятая да нябеснай хвалы” (Булла “Munificentissimus Deus”).  
   “І  знак  вялікі  з’явіўся  на  небе:  жанчына,  апранутая  ў  сонца,  і  месяц  пад нагамі  яе,  а  над  яе  галавою  вянок  з  дванаццаці  зорак” (Ап 12, 1). 
   У гэтым вобразе св. Ян Апостал прадставіў у Апакаліпсісе хвалу Марыі.
   “Якая ж ты прыгожая, Марыя, якая ж святая…”
   “Дазволь мне хваліць Цябе, Панна Святая…”

   Хвала Ўнебаўзятай Марыі гэта плён Яе Беззаганнага Зачацця, непарушнага Дзявоцтва і Божага Мацярынства. Святасць Марыі гэта асаблівая святасць. Гэта адлюстраванне святасці Хрыста.
   Святасць Марыі, якой Яна дасягнула ў першы момант свайго існавання праз Беззаганнае Зачацце, адрознівае Яе ад усіх святых не толькі перыядам дасягнення святасці, але таксама характарам. Асвячаючая ласка, якую Яна атрымала ў пачатку свайго жыцця, павялічвалася, павялічвалася і такім чынам Яна дасягнула ступень ласкі, якая далёка выбягае за межы ласкі, якую могуць дасягнуць усе людзі.
   “Будзь прывітана, поўная ласкі…” (Лк. 1, 28).

   Марыя ўзвышаецца над усім чалавецтвам, дзякуючы Свайму Беззаганнаму Зачаццю і Божаму Мацярынству.
   “Наколькі б цяжка, а нават немагчыма, было акрэсліць гэтую святасць, якая робіць Марыю падобнай да Хрыста, а аднак, у агульных рамках можна сказаць, што Яе святасць звязяна са святасцю Хрыста, а не са святасцю людзей ці анёлаў”.
   “Будзь прывітана, поўная ласкі…” (Лк. 1, 28).

   Беззаганнае Зачацце, непарушнае дзявоцтва, Божае Мацярынства надаюць асобе Марыі надзвычайны бляск. Іх канчатковае выкананне і ўкаранаванне хвалой Унебаўзяцця, вядуць да найвышэйшай дасканаласці ўсю асобу Божай Маці, Яе душу і цела”.
   Св. Герман (памёр у 733) скіраваў да Ўнебаўзятай такія словы: “Як жа тленне цела магло ператватыць ў прах Цябе, што Целам Твайго Сына, з Цябе ўзятым, вызваліла чалавечы род ад сапсавання смерці? (…) Тваё дзявочае Цела цалкам чыстае, цалкам з’яўляецца жыллём Бога і таму вольнае ад распаду ў прах (…) таму, што было б немагчыма, каб у трумне памерлых затрымалася тое, што з’яўляецца годным Бога, жывой святыняй Найвышэйшай Боскасці”.

   “Будзь прывітана, поўная ласкіа, Пан з Табою, блаславёная Ты паміж жанчынамі…” (Лк. 1, 28).
   Падзіўлячы святасць Марыі, задумаемся над пакліканнем да святасці, да якога мы ўсе былі запрошаныя, прымаючы сакрамэнт хросту.

   Бог прагне радавацца, знаходзячы Марыю ў кожным з нас. Хоча прыцягнуць нас да Сябе як мага бліжэй. Даць нам найвялікшы ўдзел у сваёй хвале. Ці мы разумеем, што азначае быць бліжэй да Бога ўсю вечнасць? А можа, калі Бог кліча нас да больш глыбокага з’яднання з Сабой, мы баімся пайсці за Божым пакліканнем выбіраем больш лёгкія шляхі?
   Фацімскія дзеці паказалі нам сваім жыццём, што ў школе Марыі можна хутка і вельмі рана дасягнуць вялікай святасці. Хто паслухмяны Марыі, той за кароткі час здабудзе тое, чаго сваімі сіламі і працай не мог бы доўга дасягнуць.
   “Хто мяне слухаецца, не будзе пасаромлены, а хто разам са мной дзейнічаць будзе, не заблукае” (пар. Сір 24, 22).
   На шляху да святасці кожнага чалавека шмат ласкі ідзе ў першую чаргу на тое, каб перамагчы наступствы першароднага граху, пісаў блаславёны Ян Павел II. Нам трэба прайсці шлях ачышчэння, каб увайсці на шлях асвячэння і еднасці з Богам. У гэтай барацьбе мы знаходзім дапамогу нашай Беззаганнай Маці, без граху першароднага пачатай, святасць якой была іншай. Яна памнажала ласку, якую мела з хвіліны свайго пачацця.
    Ці ў хвіліны слабасці, спакусаў, я звяртаюся з даверам да Марыі, каб праз Яе заступніцтва атрымаць перамогу?
   Наколькі ж незразумелая нам святасць Маці Божай. А аднак, наш Пан Езус Хрыстус кажа: “Хто выконвае волю Айца Майго, той з’яўляецца Мне маці…” (пар. Мц 12, 50).
   Ці я прагну аддаць сваю волю Богу?
   Як я выконваю волю Бога, змешчаную ў прыказаннях, абавязках стану?
   Ці я імкнуся зразумець планы Божыя адносна мяне, чытаючы Святое Пісанне?
   Ці я малюся аб тым, каб зразумець, што Бог хоча мне сказаць праз факты, падзеі, людзей, пастаўленых на маім шляху?
   Ці я распазнаю ў сабе спакусы рабіць сваю ўласную волю?
   Ці я паслухмяны Божым натхненням?
   Найсвяцйшая Маці, якая ўважліва слухала словы Анёла, стараючыся зразумець планы Створцы, свядома і з любоўю адказваючы “так” волі Божай, выпрасі нам ласку, каб мы маглі Цябе наследаваць”

   Таямніца ўнебаўзяцця Марыі паказвае нам вялікую годнасць душы і цела чалавека.
   Сёння свет падманвае нас матэрыялістычнымі лозунгамі, заахвочвае да таго, што нягоднае паклікання чалавека, высмейвае тое, што прыгожае, маральна здаровае.
   Ці ў мяне ёсць пастава Божага дзіцяці, свядомасць таго, куды я крочу?
   Як лёгка звярнуць са шляху мудрасці Божай, забыцца пра канчатковыя рэчы, пайсці бяздумна за модай, нават грэшнымі звычаямі.

   Што я раблю, каб сябе і іншых захаваць ад памылак і падману; не паддацца таму, што пад выглядам дабра вядзе да згубы?
   Унебаўзятая з душой і целам Маці Бога, дапамажы нам зразумець высокую мэту, для якой прызначаныя душа і цела чалавека!
   Ты Каралева і Маці ўсіх святых. Ты самая пэўная, самая бяспечная і дасканалая дарога да Неба! Ты брама да раю!
   Маліся за нас грэшных цяпер і ў хвіліну нашай смерці.

   Унебаўзяцце Марыі кіруе наш позірк да Неба, дзе знаходзіцца нашая Каралева. Яна стаіць найбліжэй да Бога і адначасова з’яўляецца Маці людзей. Яна прагне весці нас да Неба, а таму захаваць ад граху, ад пекла. Гэта вельмі яскрава, што ў XX стагоддзі, перад самым пачаткам кастрычніцкай рэвалюцыі, якая дала пачатак памылкам, пераследванню Касцёла і веры, аб’яўляецца ў Фаціме Марыя, апакаліптычная Жанчына. Перасцерагае і дае лек ад страшнай пагрозы, ад хваробы чалавецтва, якой з’яўляецца нянавісць, асляпленне, адыход ад Бога. Каб ажывіць згасаючыя сэрцы і нагадаць людзям пра сапраўднае існаванне як Неба так і пекла, паказвае ўсё гэта тром дзецям, з якіх адно мела ледзьве сем гадоў.
   Маці Божая дала нам такі просты спосаб ратавання свету, а менавіта:
   перастаць грашыць,
   чыніць пакуту,
   штодзённа маліцца, асабліва на ружанцы,
   ахвяраваць сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу,
   практыкаваць набажэнствы першых суботаў месяца ў духу ўзнагароды.

   Марыя, нашая Маці, мы прагнем цалкам належыць Табе! Навучы нас усё рабіць з Табой, праз Цябе, у Табе і для Цябе. Аддаем Табе сваю волю, фармуй нас згодна з Тваім упадабаннем і паслугоўвайся намі паводле Тваіх намераў. Амэн.

V. ГЭТА ТВАЁ ЦЕЛА І ТВАЯ КРОЎ
(АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ)

   “У Найсвяцейшай Эўхарыстыі ўсё духоўнае дабро Касцёла, гэта азначае, што сам Хрыстос, нашая Пасха і Хлеб жывы, які праз сваё Цела, якое ажыўляе Дух Святы, дае жыццё людзям. Таму Касцёл таксама нястомна скіроўвае свой погляд да свайго Пана, прысутнага ў Сакраманце Алтара, дзе ў поўні аб’яўяляе Ён веліч сваёй любові”.

Ян Павел II, “Ecclesia de Eucharystia”, стар. 1

   Багародзіца Дзева, Богам праслаўлёная Марыя! Пачуй галасы, напоўні думкі чалавечыя!
   Так, Маці нашага Пана, пачуй сёння нашую малітву! І напоўні нашыя думкі сваёй светлай думкай, поўнай Бога. І навучы нас, што любоў патрабуе прысутнасці. Каб далей мець магчымасць даваць сябе, каб складаць сябе ў ахвяры, каб клапаціцца пра шчасце таго, каго палюбілі да канца…
   Святыя вучаць, Марыя, што ты прадчувала адыход свайго Сына. Ведала, што Яго дом не тут. Што ў Езуса ёсць свой дом у Небе. Мы, так як Ён, таксама пілігрымы. І няма ў нас тут пастаяннага месца. І мы таксама некалі адыдзем адсюль…
    Але Ты, Марыя, ведала, што Езус, Той, хто да канца нас палюбіў, застанецца ў Касцёле, што павінен там застацца. Што Ён будзе з намі рознымі спосабамі.
   Сярод іх, найважнейшая Эўхарыстыя, прысутнасць збаўчай ахвяры, якая папрасіла прабачэння ў Неба, збавіла нас з няволі граху, была годная ўзнагародзіць Айцу за Яго пагарджаную любоў.
   А таямніца Эўхарыстыі гэта Твая Таямніца, Марыя.
   Так, Тваё Сэрца перапаўняла і перапаўняе радасць таго, што Бог адарыў Касцёл гэтым найвялікшым дарам, якім была для цябе магчымасць быць адным з Езусам і для Езуса, несці Яго людзям, раздаваць свету, жыць для Яго, жыць з Ім… Ты напэўна ведала лепш за самых вялікіх містыкаў, што такое Эўхарыстыя, якім скарбам Яна з’яўляецца для свету і Касцёла.
   Айцец Піо сказаў, што “лягчэй было б зямлі існаваць без сонца, чым без Найсвяцейшай Ахвяры Святой Імшы”.
   А што Ты нам кажаш?
   Марыя? Калі ў часе Святой Імшы я кленчу перад алтаром і гляжу на Гостыю, якую трымае святар, я ведаю, што ў Ёй хаваецца ціхі Езус. Тады я думаю пра Цябе, Маці Езуса, які быў складзены з перапрашальнай ахвяры за мае грахі. Думаю пра Цябе, што Ты дала Езусу сваё цела і кроў, усю сябе. Святар трымае ў далонях ціхага Бога і паўтарае словы Хрыста: “Гэта маё Цела, выданае за вас, гэта келіх Крыві маёй, якая за вас будзе пралітая”.
   Гэтыя словы, сказаныя Збаўцам, а сёння паўтараныя святарамі, з’яўляюцца, перш за ўсё, Найсвяцейшая Маці, Тваімі!
   Ты маеш на іх найвялікшае права.
   Бог захацеў падзяліцца са святарамі Тваім мацярынствам.
   І пры гэтай думцы ахоплівае нас, Марыя, святы страх. Бо… каб словы кансэкрацыі загучалі годна ў іх вуснах, яны павінны атрымаць Твой дух. Пан сказаў, што быць Яго Маці - не азначае быць блізка фізічна, але духоўна, гэта азначае блізкасць духа. Менавіта гэтае другое Ён увесь час падкрэсліваў і менавіта яно было і з’яўляецца тытулам Тваёй хвалы, Марыя: “Блаславёная Ты, што паверыла”! Ты ў поўні Маці Божая таму, што заўсёды насіла Бога ў сэрцы, таму што Ён перапаўняў усе Твае думкі і пачуцці, таму што Ты была цалкам для Яго, нічога не пакідала для Сябе. Толькі таму магла сказаць пра Езуса: “Гэта маё цела і мая кроў, ува мне Яго чалавечая натура!”
   Ты з Езусам не толькі адно цела, але, перш за ўсё, адзін дух. Аб гэтым таксама молімся, просячы ў эўхарыстычнай малітве, каб “мы сталіся адным целам і адной душой у Хрысце”.
   Так і мы прагнем напаўняцца Тваім духам, Марыя, каб і мы змаглі годна вызнаць таямніцу перамены. Каб мы, удзельнічаючы ў сумесным святарстве, былі адно з Хрыстом.
   Таму мы хочам прасіць Цябе сёння аб асаблівай ласцы: аб евангелічным адданні служэнню справе збаўлення.
   Просім, каб Ты заўсёды была з намі, каб вучыла нас на памяць Евангеллю Твайго Сына, каб фармавала наш дух. Бо дух у вучня Езуса - гэта фунадамент святасці.
   Мы просім, каб Ты выпрасіла нам дар зразумення таго, што найбольш важнае за тое, што мы ёсць, гэта тое, што Ты з намі. Бо няма немарыйнага хрысціянства, няма немарыйнай святасці без Тваёй святасці, зачэпленай за нашыя сэрцы. Гэта настолькі ясна, Марыя. Ты для нас прыклад пілігрымавання ў веры!
   Запавет крыжа дае шмат святла на Тваю ролю ў хрысціянстве. Там Езус публічна падкрэслівае Тваю прысутнасць у сваёй справе. Падкрэслівае Тваю неабходнасць, незамянімасць, важнасць. Праз Цябе Ён увайшоў у нашую гісторыю, дзякуючы Тваёй веры і бязмежнай любові прыйшоў Ён на свет. Ты Яго зачала і нарадзіла. Твае мацярынскія далоні песцілі Яго. Твой дух уфармаваў Яго дух. Ты вучыла Яго глядзець на свет з даверлівай любоўю. Ты вучыла Яго малітве і адрачэнню ад сябе. А прысутны ў Табе Божы Дух вучыў Яго Евангеллю, якое Ён павінен быў абвясціць свету.
   Мы ведаем, Марыя, што Езус, наш Пан і Збаўца, меў марыйны дух, Твой дух. Ты - сэрца Яго Евангелля і пачатак Яго таямніцы збаўлення. І гэтая таямніца працягваецца. А без Тваёй прысутнасці яна становіцца далёкай і чужой. Таму з вышыні крыжа пачуліся гэтыя кароткія, таямнічыя словы: “Жанчына, вось сын Твой; вось Маці твая”.  Ты павінна была стаць Маці, павінна быць сярод нас, каб адкупленне Твайго Боскага Сына сталася блізкім кожнаму чалавеку.
   Ты стаяла пад крыжам. Адкупленне адбылося пры Табе, размоленай і веруючай. Таму і ў Эўхарыстыі нельга без Цябе, нельга, каб Ты не была тады на гары Крывавай Ахвяры, якая ўвесь час аднаўляецца на алтарах свету. Святая Імша гэта памятка і прысутнасць справы адкуплення, якая адбылася толькі адзін раз – у Тваёй прысутнасці, Марыя.
   Эўхарыстыя з’яўляецца сэрцам нашага адкуплення. А Ты ў гэтым сэрцы. “Гэта мае Цела і Кроў”. Эўхарыстыя напоўнена Твёй мацярынскай прысутнасцю. Яе таямніцу стварае сам Дух, які сышоў некалі на Цябе ў Назарэце. Цяпер гэты самы Дух асвячае і перамяняе дары Касцёла, каб яны сталіся Целам і Крывёю Пана нашага Езуса Хрыста.
   Дзякуем Табе за гэта, Марыя.
   І ў канцы просім: дай нам зразумець, што няма блізкасці Езуса без блізкасці Маці. Што няма радства з Езусам без напаўнення Тваім духам, духам пакорнай служабніцы. Бо мы ніколі не станем братамі і сёстрамі Хрыста, калі не будзем падобнымі да Цябе, Панны Хвалебнай і Блаславёнай.

   Амэн.


Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал: Nie żyjemy dla siebie. Wynagrodzenie za grzechy świata.