6.13.2011

Першая субота мая 2011

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!



І. НАЙЦУДОЎНЕЙШАЯ НАВІНА
(МЕДЫТАЦЫЯ)

   Неба – гэта месца, дзе чакае нас Бог. Неба з’яўляецца месцам нашага канчатковага паклікання і прызначэння. У небе мы павінны выканаць сваё пакліканне, сваё існаванне, прабываючы ў вечных адносінах з Богам жывым, з Айцом, Сынам і Духам Святым. Гэта простая праўда пра неба, якую мы чытаем у словах Малітвы Гасподоняй і ў Евангеллі.
Ян Павел ІІ, Генеральная Аўдыенцыя,
 21 ліпеня 1999 г.

   Маёвы месяц 1917 г. прынёс траім дзецям з невялікай вёскі Альюстрэль найцудоўнейшую хвіліну ў іх жыцці. У палове мая, а дакладней трынаццатага дня гэтага месяца, Луцыі дос Сантос, а таксама Францiшку і Гіяцынце Марта з’явілася Найсвяцейшая Маці. Пастушкі ўбачылі Яе такой прыгожай, што самая малодшая з дзяцей – Гіяцынта – не стамлялася потым паўтараць з захапленнем: “Яна была такая прыгожая, такая прыгожая… такая прыгожая Пані… такая прыгожая Спадарыня”. Таму Луцыя баялася, што сямігадовае дзіця не зможа захаваць спатканне з Марыяй ў таямніцы, і пасля вяртання да дому ўсё раскажа блізкім. І сапраўды. Гіяцынта не змагла не распавядаць аб гэтай прыгажосці, якую ў той дзень убачыла ў Кова да Ірыя – у Даліне Супакою. Яе сэрца спявала; дзяўчынка хацела спяваць аб гэтым усяму свету!
   Не павінна нас гэта здзіўляць.
   Марыя, якая аб’явілася дзецям на маладым скальным дубе была такой прыгожай, што ніводнае слова не было ў стане нават прыблізна яе апісаць і даць хоць бы імглістае ўяўленне аб тым, што сталася ўдзелам пастушкоў. Няма такога параўнання на гэтым свеце, якое б паспяхова магло б нас прыблізіць да гэтай незвычайнай прыгажосці. Маленькія візіянеры з Фацімы ўбачылі незямную прыгажосць, прыгажосць не з гэтага свету, прыгажосць Неба. “Ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое на сэрца чалавеку, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго” – тлумачыць  св. Павел (1 Кар 2, 9). Прыгажосць Неба незразумелая. Але, хоць у гэты дзень дзеці зусім не знаходзіліся на Небе, бо Найсвяцейшая Маці аб’явілася ім у іх зямным вымярэнні, у знаках, нават бачны “знак прыгажосці Неба”, які аглядалі візіянеры з такім вялікім захапленнем, ужо быў невыказна прыгожым: яшчэ адчувальны, але ўжо поўны хвалы, аглядальны, але яго ўжо немагчыма апісаць, і захапляльны, з якім чалавек прагне дзяліцца з цэлым светам.
   Аднак, рапсавядаць пра тое, як выглядае гэтая прыгажосць… ніхто не зможа.
   Слушна вучыў аб прыгажосці Неба Ян Павел ІІ: “Трэба захоўваць пэўную меру ў апісанні “канчатковых рэчаіснасцяў”, паколькі яны заўсёды застаюцца неадэкватнымі”.
   Шмат разоў у сястры Луцыі пыталіся як выглядала “Пані з Неба”.  Візіянерка спрабавала апісаць выгляд Найсвяцейшай Маці, але гэта заданне было амаль немагчыма выканаць. Яна апісывала Марыю як “Спадарыню ў белай сукенцы, прамянеючай святлом, яснейшым за сонца”. Пісала, што Маці Божая прыйшла “ахінутая святлом Бога, які Яе перамяняе быццам Яна была новым стварэннем”.
   Цяжка было Луцыі напісаць штосьці большае.
   Перажыванне пастушкоў аказалася немагчыма пераказаць. Ці не падобна было з маляваннем абраза Божай Міласэрнасці? Ці ж Сястра Фаўстына, якая дала ўсе магчымыя ўказанні віленскаму мастаку Яўгенію Казіміроўскаму, не перажыла страшнага расчаравання, калі ў чэрвені 1934 г. убачыла намаляванага на палатне Міласэрнага Езуса? Нават найлепшы пэндзаль не можа перадаць прыгажосць Неба! Недасканаласць твора не была віной мастака, але “віной” Неба. Не атрымаецца схаваць звышнатуральнае багацце ў формах і колерах мастацтва. Сказаў аб гэтым св. Фаустыне Пан Езус, які пераканаў, што важна не тое, што відаць: “Не ў прыгажосці фарбы, ані ў пэндзле веліч гэтага абраза, але ў маёй ласцы”.
Ані найлепшы мастак, ані найлепшы ў свеце скульптар не здольны пераказаць прыгажосць уваскрослага Хрыста ці Унебаўзятай Марыі. Прыходзячых да нас у аб’яўленнях Збавіцеля і Яго Маці характарызуе штосьці, што мы нават не ўмеем назваць: нейкая іншая прыгажосць, нябесная прыгажосць. І нават цудоўная фігура Маці Божай Фацімскай, якая сёння стаіць на месцы аб’яўленняў, хоць і з’яўляецца творам вялікага майстра  - Джозэ Тэдзіма званага “Анёлам Міхалам Партугаліі” – нават гэтая выява не з’яўляецца такой прыгожай, якую бачылі маленькія фацімскія дзеці.
   І зноў значэнне ўяўлення не мае нічога супольнага з прыгажосцю фарбы і золата, але з ласкай…
   Для фацімскіх дзяцей сустрэча з Найсвяцейшай Маці была незвычайным досведам. Гэта была сустрэча з Небам, з яго іншай прыгажосцю, з яго невыразнай, дасканалай прыгажосцю. Таму нас зусім не здзіўляе захапленне пастушкоў, і тое, што з 13 мая ажно да канца свайго зямнога жыцця кожны з іх больш думаў пра Неба, чым пра зямлю. Бо – як кажуць святыя – “зямля ім абрыдла”. Дзеці ведалі, што на ёй няма прыгажосці, якую можна было б паставіць побач з прыгажосцю Неба і хоць на хвіліну засумнявацца, якую з іх выбраць.
   Для пастушкоў з Фацімы выбар быў зразумелы: толькі Неба! Бо той, каго яно кранецца, той пачынае жыць толькі для яго.
   Можна было б сказаць, што калі б аб’яўленні ў Фаціме былі скіраваныя толькі да адных дзяцей - Луцыі, Францішка і Гіяцынты - , то нічога больш не было б патрэбна: гэтай першай сустрэчы дзяцей з Марыяй ў цішыні Даліны Супакою было б дастаткова. Сустрэча, якая распачалася ў маўчанні, без слоў. Ведаем, што нават толькі адзін дотык надзвычайнай прыгажосці выціснуў на пастушках настолькі нязмыўны адбітак, што заклік да навяртання і святасці гучалі ў іх сэрцах да канца іх дзён. Было дастатковым, што прамовіла да іх мова перажывання прыгажосці з Неба. Дзеці ўбачылі прыгажосць, якой не маглі (і не хацелі) супраціўляцца…
   Гэта была прыгажосць, якая нараджае прагненне ўдзельнічаць у ёй, пагрузіцца ў яе, быць яе часткай. Не на хвіліну. Назаўжды, на вякі.
   Прыгажосць – гэта Божая катэгорыя, гэта ключ да пазнання нашага Створцы і Збаўцы. Прыгажосць відаць менавіта ў тым, што Божае. Перад тым, як на свет упаў цень граху, усё стварэнне было добрым і прыгожым; усё было гучным знакам дасканаласці Бога – знакам, які казаў пра тое, якім з’яўляецца Бог. Гэтак ёсць да сённяшняга дня, ня гледзячы на тое, што князь цемры спрабуе ўзяць стварэнне пад сваю ўладу. Калі свет выйшаў з Божых, а не д’ябальскіх рук, то павінен быць прыгожым, бо носіць на сябе след Таго, хто даваў яму формы, колеры, рух. Святы Аўгустын вучыў: “Запытайся прыгажосць зямлі, мора, паветра, якое распаўсюджваецца і вее; запытайся прыгажосць неба…запытайся ўсё, што існуе. Усё адкажа табе: паглядзі і заўваж, як усё прыгожа. Прыгажосць таго, што існуе, з’яўляецца быццам прызнаннем. Хто стварыў усю гэтую прыгажосць, падпарадкаваную зменам, калі не Прыгожы, які ніколі не змяняецца?”
   Таму д’ябал любіць бруд. На зямлі шатан заўсёды застанецца бяссільным, бо не з’яўляецца стварыцелем. Хоча каб на свеце было як мага менш прыгажосці, і як мага больш бруду. Бо там, дзе прыгажосць, там знак існавання Бога, там шэпт, які запрашае да Неба. І пекла не мае новых жыхароў.
   У пекле, якое стварыў д’ябал і панам якога з’яўляецца, няма прыгажосці. Узгадаем апісанне візіі пекла – якое яно было жудаснае...
   Менавіта прыгажосць – незвычайная прыгажосць, прыгажосць звышнатуральная – была першым пасланнем, скіраваным да дзяцей з Фацімы. Была запрашэннем да Неба.
   Калі б Фаціма была аб’яўленнем прызначаным толькі для гэтай тройкі пастушкоў, цэласнасць паслання завяршылася б у кароткім спатканні, якое адбылося ў поўным маўчанні. Але Фаціма – гэта пасланне для свету! Дзеці павінны былі перадаць людзям важныя праўды Неба. Павінны былі занесці на пяць кантынентаў пасланне, якое перадае самае важнае – пасланне аб вечнасці. Бо пра яе свет паволі пачынаў забываць.
   Таму ў Фаціме распачынаецца дыялог Неба з зямлёю. Бог пасылае сваю Маці, каб перадаць людзям найважнейшыя для іх праўды. Невыпадкова, што першай з іх з’яўляецца пацвярджэнне існавання жыцця пасля смерці, да якой Бог прызначыў кожнага з нас.
   Калі дзеці ўбачылі Маці Божую Фацімскую, Луцыя запыталася: “Адкуль Ты, Пані?”
   Шмат гадоў пазней візіянерка тлумачыла, чаму дыялог распачаўся менавіта такім чынам: “Паводле звычаю, які існуе ў нашым краі, калі мы сустракаем незнаёмую асобу і тая звяртаецца да нас, мы пытаемся адкуль яна і чаго жадае”, - тлумачыла Луцыя. Таму яна запыталася Найсвяцейшую Дзеву Марыю, адкуль Яна прыйшла ў Кова да Ірыя.
   Але ўжо сама форма, якой карыстаецца дзяўчынка, задаючы першае пытанне, паказвае на тое, што яна ведае, што перад ёй стаіць асаблівая асоба! Як сама пазней тлумачыла Луцыя, яна звярнулася да Марыі як да “ласкавай Спадарыні”, паколькі гэта “зварот, які ўжываецца ў маёй мясцовасці, калі звяртаюцца да асобаў, якія паходзяць з высокага саслоўя і займаюць вышэйшыя пасады. Менавіта так і запыталася: “Адкуль Ты, ласкавая Спадарыня?”.
   Што ж паходжанне і становішча Марыі сапраўды былі “вышэйшыя”. Дакладна “вышэйшыя”, бо з самага Неба.
   Гэтак адказала Луцыі і Найсвяцейшая Марыя. Яна кажа: “Я з Неба”. Не прыйшла здалёк, але з вышыні! Прыйшла з іншага свету, са звышнатуральнасці.
   Таму Неба існуе! І там так хораша і прыгожа!
   У гэтым месцы візіянерка дадае сваё разважанне:
   “Звычайна я чула, як казалі, што Неба ёсць там, высока, над небасхілам, над зоркамі, месяцам і сонцам, а бачучы такую прыгожую Спадарыню, пачуўшы, што Яна з Неба, я адчула ўнутраную радасць, якая напоўніла мяне даверам і любоўю; мне здавалася, што нішто не можа аддзяліць мяне ад гэтай Спадарыні і я прагнула схапіцца за Яе, каб Яна забрала мяне на крылах свайго палёту. Аднак не такія былі намеры Пана”.
   Луцыя адчувае сябе шчаслівай. Калі яна блізка ля Марыі, адчувае ў сэрцы давер і любоў. Ёй здаецца, што час жыцця скончыўся, і яна знаходзіцца на парозе новай рэчаіснасці; і дастаткова толькі аднаго кроку, каб вечна радавацца агляданнем Найсвяцейшай Дзевы Марыі і жыццём у Небе. Толькі гэтага яна жадала: каб сталася так, што Маці Божая прыйшла ў Даліну Супакою, каб яе, Гіяцынту і Францішка забраць туды, адкуль Яна прыйшла – да Неба. Луцыя піша: “Я хацела схапіцца за Яе, каб Яна забрала мяне на крылах палёту”.
   Аднак, не такія былі намеры Божыя. Цікава, што Луцыя гэта прадчувае, бо не пытаецца, ці Марыя забярэ яе да Неба, але пытаецца аб будучыні. Ведае, што павінна яшчэ прайсці вандроўку праз жыццё. А гэта значыць прыйдзе час, каб задаць пытанне, як ісці праз жыццё, каб дайсці да брамы Неба.
   У гэты момант мы можам на хвіліну атаясаміць сябе з Луцыяй і задаць Марыі пытанне аб нашай вечнасці. Дзесяцігадовая Луцыя не баіцца запытацца пра сваю будучыню ажно да смерці. Яна гаворыць аб смерці адкрыта, без страху. Чаму? Бо ў яе сэрцы быў давер. Яна давярае Богу, бо Прыгожя Спадарыня прамянее такім дабром і любоўю! Луцыя ведае, што Бог яе любіць і прагне, каб яна была ў Небе. Дзякуючы гэтаму даверу, яна смела пытаецца, ці яе ўдзелам калісьці стане Неба. А мы пытаемся разам з ёй.
   Гэта найважнейшае асабістае пытанне, якое ў сваім доўгім жыцці паставіла Луцыя. Жыла яна доўга і шмат было пытанняў – ці ж і мы не задаем тысячы пытанняў? – але лічылася толькі адно і адзін адказ. Калі мы верым у вечнае жыццё, няма іншага пытання, якое мы можам з ім параўнаць. Гэта пытанне пра Неба і нас.
   У перспектыве вечнасці нішто не з’яўляецца такім важным. Сястра Луцыя так узгадвае далейшы працяг размовы з Марыяй: “Дзякуючы даверу, які абудзіла ўва мне Спадарыня, я запыталася Яе: “Ці я таксама пайду да Неба?”. На што Спдарыня адказала: “Так, пойдзеш”. Ох! – запісала Сястра Луцыя. – Немагчыма апісаць унутраную радасць, якую я адчула”.
   Ведаем, што гэта пытанне з’яўляецца таксама нашым пытаннем, але ці нашым з’яўляецца адказ, які пачула Луцыя? Аказваецца, так. Пойдзем да Неба! Гэта зразумела, Бог гэтага вельмі хоча! Пойдзем туды, калі толькі выканаем некалькі ўмоў. Паслухаем, што кажа візіянерка, якая пачуўшы, што дакладна пойдзе да Неба, дадала: “Але я не лічыла сябе з-за гэтага вольнай ад абавязку, які ўсе мы маем: быць вернымі Богу, любіць Яго, служыць Яму, з вернасцю выконваючы Яго наказы і Яго Права”.
   Луцыя піша не толькі пра сябе; яна піша для нас, піша пра нас. Яна пераконвае, што калі мы будзем прыгожа жыць: будзем верныя Богу, будзем Яго любіць і Яму служыць, будзем захоўваць Яго навуку, тады Неба нам гарантавана таксама, як было абяцана траім фацімскім пастушкам.
   Прызнаемся, што гэта цудоўная навіна. Чуе яе не толькі Луцыя, але таксама яе дваюрадныя брат і сястра. Луцыя пытаецца: “Ці я таксама пайду да Неба?”. “Так”, - адказвае Пасланніца ад Бога. “А Гіяцынта?”. “Таксама”. “А Францішак?”. “Таксама, але яму трэба шмат маліцца на ружанцы”.
   Заўважым, што Сястра Луцыя каментуе гэтыя словы. Тлумачыць пастаўленыя пытанні аб вечнасці сваіх дваюрадных брата і сястры. Запэўнівае, што яна зусім не пыталася з дзіцячай цікавасцю:
   “Святы Ян кажа нам, што Бог ёсць любоў. Таму толькі любоў можа зрабіць так, што мы [будзем у Небе дзе] пагрузімся ў Вялікую Сутнасць Бога, так, што будзем адным з Богам. Аднак для гэтай любові не дастаткова быць самаму шчаслівым; яна прагне, каб мы дзяліліся ёй з бліжнімі, гэтым самым шчасцем. Таму я запыталася: “А Гіяцынта?” – “Таксама”. “А Францішак?” – “Таксама”.
   Бо Неба, якое ёсць заданнем для ўсіх, з’яўляецца таксама заданнем для кожнага з нас: туды павінна трапіць як мага больш людзей. Так, мы адказныя за нашых бліжніх. Будзем пытаць не толькі аб сваім прызначэнні, але і сваіх бліжніх. Будзем задаваць пытанне не толькі пра свой лёс, але і пра лёс іншых людзей. І давайце будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб пайсці да Неба. Давайце будзем рабіць усё магчымае, каб там апынуліся нашыя блізкія – як мага больш з іх, усе!



ІІ. ПЕРАЙСЦІ НА ВЫШЭЙШУЮ СТУПЕНЬ
(ПРЫКЛАД)

   Калісьці я чуў вось такую гісторыю. Героямі з’яўляюцца два хлопчыка. А можа зусім не яны, а кампутарная гульня, у якую яны гулялі? Можа гэта была іх першая сур’ёзная гульня, якую аднойчы яны ўключылі на сваім кампутары.
   Хлопцы сустрэліся, каб пагуляць. Вандравалі па ўсіх кутках, якія з’яўляліся на экране манітора, аглядалі розныя пакоі, у якіх знаходзіліся… Спачатку гульня была цікавая, але з часам станавілася нуднай.
   Гулялі яны ўжо больш за чвэрць гадзіны, а ўсё круціліся на адным месцы. Праўда, навучыліся паспяхова пазбягаць небяспекі, якія пагражалі ім у гэтым віртуальным жыцці, і далей працягвалі сваю бясконцую вандроўку… Паволі гульня станавілася ўсё больш нуднай. А прадавец у краме пераконваў, што гэта самая цікавая гульня, ім дакладна спадабаецца! Нарэшце, яны кінулі гульню.
   У гэты час у пакой ўвайшоў бацька, які даў ім грошы на гульню, дазволіў яе ўсталяваць на хатнім кампутары і згадзіўся, каб сёння яны пагулялі. Тата стаяў у дзвярах здзіўлены. Ён быў перакананы, што застане хлопцаў разгаманённых, углядаючыхся ў экран, а тут – два хлопчыка сядзяць незадаволеныя. “Тата, мы думалі, што гэта цудоўная забава, а гэта – нуда. Колькі ўжо можна хадзіць на тым самым месцы, па некалькіх пакоях, і уцякаць, каб цябе нешта не з’ела? Гэты прадавец у краме нас падмануў! Ніякая гэта не прыгода!”
   Бацька паглядзеў на іх з усмешкай. “А вы прачыталі правіла гульні? Не? А чаму? Бо нуднае, бо шкада на яго часу, а вы не хочаце ўжо гуляць, праўда? Запэўніваю, калі б вы пазнаёміліся з інструкцыяй, гульня была б цікавай. Я ведаю яе. Я гуляў з цікавасцю ў яе”.
   Хлопцы паглядзелі адзін на аднаго. Гэта праўда. Хацелі адразу гуляць. Інструкцыя? – падумалі шкада часу на яе.
   Хутка ўжо ўсё ведалі. Аказалася, што яны ўвесь час знаходзіліся на першым, самым простым і найменш цікавым узроўні! Нават не ведалі, што яны павінны вандраваць па ім так доўга, пакуль не знойдуць усе элементы, якія з’яўляюцца кодам да зачыненных дзвярэй. А калі стануць перад дзвярыма з сабранымі прадметамі (а сабраць іх - звычайна нялёгкае заданне), перад імі адкрыецца брама і яны апынуцца на другім, больш цікавым узроўні. І толькі там распачнецца захапляльная гульня! Дасягальная толькі для тых, хто здаў уступны экзамен на выпрабавальным узроўні … Але, калі збярэш не тое, што павінен, замест дзвярэй адкрыецца перад табою пастка…
   Гэта праўдзівая гісторыя, якая можа ніводнаму з нас здаецца нецікавай. Аднак падумаем: ці не існуе пэўная аналогія паміж віртуальным жыццём у гэтай камп’ютарнай гульні, і праўдзівым жыццём, у якім мы жывем?



Падумай:

1. Ці не абмяжоўваеш ты сваё жыццё першым узроўнем? Ці ведаеш, што цяперашні час – гэта толькі ўводзіны да больш поўнага жыцця? Не гаворым тут пра тэорыю, а пра свядомасць, якую ты маеш штодня…
2. Ці ведаеш ты “інструкцыю карыстання” сённяшнім жыццём? Можа нават чытаў яе шмат гадоў таму, але ці кіруешся ёю ў асобных выбарах, у штодзённых рашэннях? А можа заўсёды паступаеш згодна з ёю? Брава!
3. Ці ўсведамляеш ты сабе, што за дрэнныя выбары, якія ты робіш на гэтым узроўні, і якія, на першы погляд, не прыносяць бачных вынікаў, трэба будзе калісьці заплаціць? Калі ты станеш перад брамай лепшага жыцця, аб’явяцца іх вынікі. Ці ведаеш, што можа адкрыцца пастка? Калі не выкарыстаеш хаця б зусім апошняга шансу – скрухі і жалю ў гадзіну смерці – не ўвойдзеш на ўзровень Неба.

ІІІ. ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

Малітва ў садзе аліўным
   Надыходзіць час пагрузіцца ў змрочную таямніцу болю. Пранізвае нас холад Саду, а сэрца напаўняе страх. Перад намі паўстае балючае пытанне. Ці варта? Ці трэба?
   У адказ чуем той самы Божы заклік, які ведаў Езус: Мы павінны мець здольнасць заўважыць, што сэнс нашага жыцця не за намі, унізе, дзе лягчэй і прасцей жыць, але ў вышыні, дзе для нас падрыхтавана месца ў Небе. Перад намі стаіць складанае заданне, але абавязковае: нам трэба гэтаму навучыцца, трэба верыць у сэнс, які яшчэ прыйдзе, які з’явіцца ў таямніцы ўваскрашэння. Трэба быць гатовымі цярпець, бо пасля - чакае перамога.
   Няхай нашыя сэрцы вучаць гэту праўду на памяць. Гэта навука на цяжкія хвіліны, на самотнасць, страх, пакінутасць і неразуменне.
   У Садзе Аліўным Езуса мы вучымся прымаць крыж.

Бічаванне

   “Чувайце і маліцеся… Калі Пан цярпеў, будзе і слуга цярпець”. Узгадваем гэтыя словы Хрыста, які – страшна бічаваны – быў затрыманы катамі на парозе смерці. Зусім не з літасці, але для таго, каб можна было яму прычыніць наступны боль. І наступны, ажно да насычанасці іх д’ябальскага жадання крыві.
   Ці мы таксама павінны згадзіцца на такое цярпенне і быць побач са смерцю? Гэта складанае пытанне, але адказ адзін. Ведаем, што ні за які кошт не можам мы адысці ад Езуса. Мы павінны быць гатовымі на ўсё. Мы павінны падрыхтавацца да ачышчэння, якое чакае нас на дарозе крыжа. І не спыніцца на шляху, не адрачыся, не ўцячы. “Вы павінны быць моцнымі моцай любові, якая мацнейшая, чым смерць”, - заклікаў Ян Павел ІІ.
   Будзем памятаць: праз цярпенне Хрыста, “быў пераможаны шатана, пераможана смерць, перададзена жыццё, вернута надзея, дадзена святло” (Ян Павел ІІ).
   У сцэне бічавання вучымся заўважаць Божае вымярэнне цярпення.

Укаранаванне цернем

   Час затрымацца над таямніцай цярнёвай кароны. Яе насіў Езус, наш Пан, Кароль Неба і зямлі. Гэта карона цярпення, насуперак інтэнцыям яе творцаў, замест таго, каб прынізіць, адарыла Хрыста годнасцю. Ведаем Яго таямніцу – здольнасць прыняць цярпенне як ахвяру ўзнагароды за грахі. Кароль - гэта той, хто мае ўладу служыць. Калі трэба, ён гатоў служыць цярпеннем.
   Многія атрымалі гэту каралеўскую годнасць. Калі мы адважымся запытацца Езуса, якім чынам ён з’яўляецца “каралём”, адказ ажно раніць: праз укрытае цярпенне, праз невядомую нікому ахвяру, праз гатоўнасць на ўсё, каб толькі выратаваць бедных грэшнікаў.
   У сцэне ўкаранавання Езуса цярнёвай каронай вучымся разумець, як становяцца каралём.

Крыжовая дарога

   Ян Павел ІІ заклікаў: “Вышэйшая за смерцяносную нянавісць - (…) гэта любоў. Гэта любоў, якой Бог палюбіў свет ў Хрысце ўкрыжаваным і ўваскрослым. Крыж з’яўляецца знакам гэтай любові. Крыж з’яўляецца знакам вечнага жыцця ў Богу”. Таму Папа хацеў, каб увесь свет “схіліўся ля падножжа крыжа, жыў і развіваўся ў яго ценю”. Сёння гэтае “распрасціранне ў ценю крыжа” нялёгкае. Гэта азначае, што нашыя асабістыя і народныя шляхі – Крыжовая Дарога. Гэтак было ў часы папярэдніх пакаленняў, хто ведае, ці не напісана гэта і для нас. Хіба што зноў нагадаем пра надзею, якая перад намі…
   У сцэне ўкрыжавання вучымся кожны дзень жыць у ценю крыжа.

Смерць на крыжы

   Езус памірае на крыжы. Нам застаецца ўкленчыць пад гэтым крыжам і схапіцца за яго, каб прытуліліся да яго нашыя сэрцы. І каб мы былі разам з Езусам укрыжаванымі. І каб разам з Ім памерлі на крыжы збаўлення. Першай гэта ўчыніла Беззаганнае Сэрца Марыі на Галгофе, сёння гэта робім мы, адданыя Ёй як Маці.
   Гэта з Марыяй мы вучымся аддаваць жыццё, каб вытрываць у вернасці Хрысту. Ян Павел ІІ кажа: “Пакутнікі маюць шмат чаго нам сказаць. Аднак, перш за ўсё яны пытаюцца нас пра стан нашых сумленняў”.
   Можа час зрабіць такі глыбокі рахунак сумлення, такую вялікую скруху і жаль, такое гарачае прагненне перамены жыцця, што мы памрэм для таго, што было, і ўсё станецца новым, а смерць пераменіцца ва ўваскрашэнне? Так што не будзем больш баяцца пакутніцтва?
   Бо ў сцэне смерці Езуса мы атрымалі Марыю за Маці.

IV. ПАКАЖЫ НАМ ПАСЛЯ ГЭТАГА ВЫГНАННЯ ЕЗУСА
(АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ)

   Чалавек дасягае міласэрнай любові Бога, Яго міласэрнасці настолькі, наколькі сам перамяняецца ўнутрана ў духу падобнай любові ў адносінах да бліжніх… Няхай пасланне аб Божай міласэрнасці заўсёды знаходзіць адлюстраванне ў справах міласэрнасці людзей.
Ян Павел ІІ, Кракаў, 18 жніўня 2002

   Вітай, Марыя, наша Каралева!
   Да Цябе сёння ўсклікаем мы, Твае дзеці. Прызываем Тваёй апекі і Тваёй міласэрнасці.
   Таямніца Маці Міласэрнасці ўпісанна ў гісторыю людзей і народаў. На колькіх мовах прамаўляюць да Вострабрамскай Маці Міласэрнасці людзкія вусны і людзкія сэрцы? На колькіх мовах паўтараюцца словы анёльскага прывітання падчас звеставання? “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табой, “бласлаўлёная Ты паміж жанчынамі” (…), бо знайшла ласку ў Бога. Вось зачнеш і народзіш Сына, якому дасі імя Езус” (пар. Лк 1, 28.30-31).
   “Бласлаўлёны плод улоня Твайго, Езус” (пар. Лк 1, 42).
   Людзкія вусны і людзкія сэрцы вымаўляюць гэтыя словы па-польску, па-літоўску, па-беларуску, па-руску, па-украінску… і яшчэ на іншых мовах? Чалавек становіцца сведкам Божага паслання – таго, якое адкрыла новую прастору Запавету Бога з чалавецтвам. Новую прастору сувязі Бога з чалавекам: сувязі ў Богу-Сыне, які стаўся чалавекам і праз справу Духа Святога нарадзіўся з Дзевы Марыі.
   Будзь прывітана… Маці Міласэрнасці.
   Будзь прывітана… Сталіца Мудрасці.
   Дзякуем за тое, што Ты з’яўляешся для нас Маці міласэрнасці.
   Дзякуем за тое, што мы можам сёння ўшаноўваць Тваю святую таямніцу.
   Стаім перад Табою, Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты з’яўляешся Маці Міласэрнасці. Кажам Табе: Вітай, Каралева, вітай, Каралева.
   Вітай, Каралева! Няхай новае пакаленне шукае справядлівасці, якая паходзіць ад Бога – людзкой справядлівасці, якая мае свае каранні ў Богу. Няхай новае пакаленне, гэта значыць нашае і тыя, якія прыйдуць пасля нас, чэрпаюць з крыніцы Спрадвечнай Мудрасці, бо мудрасць Спрадвечная “знаходзіць сваю радасць, маючы сувязь з чалавечымі сынамі ў кожным пакаленні” (пар. Прысл. 8, 31).
   Вучы нас, Марыя, захоўваць запаведзі! Зрабі, каб мы заўсёды памяталі, што запаведзі Дэкалогу вучаць нас асноўным правілам справядлівасці. Просім аб большым: няхай Божая Мудрасць, аб’яўленая ў Хрысце, Сыне Марыі, паказвае нам яшчэ глыбейшае вымярэнне маральнасці – вымярэнне любові, асабліва вымярэнне міласэрнай любові. Зрабі так, каб нашыя сэрцы на памяць вувычылі тое, аб чым вучыць Хрыстус: што над узроўнем дабротаў, якія можна і трэба дзяліць паводле меры справядлівасці – чалавек пакліканы да любові, якая большая за ўсе прамінаючыя даброты.
   Так, Марыя, Ты з’яўляешся сведкай таго, што толькі любоў не прамінае. Любоў не прамінае. Яна з’яўляецца мерай вечнага жыцця – гэта значыць жыцця чалавека ў самім Богу. Бо Бог сам ёсць Любоў. (пар. 1 Ян 4, 8).
   Просім, выпрасі для нас гэтую ласку, каб усё нашае жыццё было цалкам выткана з любові. З любові да Бога і з любові да бліжняга. Няхай мы станемся падобнымі да Цябе – у любові, якая не мае канца. Амэн.

V. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
СМЕРЦЬ НА КРЫЖЫ

   Дазволь сёння Найсвяцейшай Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табой. Супакой сваё сэрца, супакой свае пачуцці, а ў тваёй душы няхай запануе супакой. Няхай разважанне над таямніцай смерці Збаўцы будзе месцам тваёй сустрэчы з Марыяй. І ты пачуеш Яе голас, які прамаўляе асабіста да цябе.

   Смерць. Немінучая хвіліна, якая чакае кожнага з нас, хоць многія не хочуць памятаць пра яе. Людзі ўцякаюць, калі гучыць слова “смерць”. Баяцца яго, бо для іх яно з’яўляецца сінонімам канца. Для сапраўдных хрысціян яно з’яўляецца чымсьці незвычайна важным: з аднаго боку гэта пачатак новага жыцця, з другога – выршыня жыцця тут, на зямлі.
   Твой адказ на пытанне аб смерці – гэта дасканалая праверка праўдзівасці Тваёй веры. Падумай: Чым для Цябе з’яўляецца смерць? Не шукай, аднак, падрыхтаваных фармуліровак з катэхізісу. Адкажы сэрцам… Як ты глядзіш на смерць? Як думаеш пра яе? Уцякаеш ад гэтай тэмы? Баішся яе? А можа глядзіш на яе з супакоем у сэрцы? Можа і тут вучышся быць “як Марыя”?
   Ці ведаеш ты пра тое, што кожны дзень размаўляеш з Марыяй аб смерці? Паўтараеш слова “смерць” нават сотні разоў! Кожны дзень просіш Найсвяцейшую Маці, каб Яна малілася за Цябе “у хвіліну смерці нашай”… Ці ты калі-небудзь задумваўся аб чым просіш, вымаўляючы словы, якія заканчваюць кожную Тваю малітву “Вітай, Марыя…”? Просіш, каб у тую хвіліну Марыя была блізка, каб узмацніла Цябе ласкай, каб смерць зрабіла сустрэчай з Богам. Молячыся да Найсвяцейшай Маці, ты прызнаешся, што на гэтую найвышэйшую вяршыню свайго жыцця ты не можаш забрацца сам, патрабуеш дапамогі з неба. Памятаеш абяцанні Марыі тым, хто будзе практыкаваць набажэнствы першых суботаў? “Прыйду з усімі патрэбнымі ласкамі ў гадзіну смерці…”. У найважнейшую хвіліну жыцця атрымаеш ад Маці ўсё, што будзе Табе патрэбна!
   Калі ты хочаш быць “як Марыя”, ведай, што гэтыя абяцаныя ласкі не будуць толькі для таго, каб Ты увайшоў да неба. Гэтыя ласкі зробяць так, што Твой пераход да Дому Айца зменіць свет, які пакідаеш. Памятаеш цуды звязаныя са смерцю Яна Паўла ІІ? У першую суботу красавіка 2005 г. Марыя прыйшла да яго з усімі ласкамі, патрэбнымі яму для збаўлення і патрэбнымі ласкамі перамены ў свеце таго, што нічога не было здольнае змяніць. Памятаеш тыя хвіліны, тыя навяртанні, паяднанні, абяцанні, узнёслыя малітвы, перамененыя жыцці? Гэта быў плён смерці, якую суправаджалі ўсе патрэбныя ласкі.
   Аб такой смерці ты просіш у малітве “Вітай, Марыя…”. Аб смерці падобнай да смерці Езуса на крыжы. Аб смерці, якая прыносіць збаўленне свету.
   Не важна калі і ад чаго ты будзеш паміраць, які будзе Твой крыж. Пакінь гэта Богу. Маліся, каб Твая смерць была святая: каб табе дала збаўленне, а многім людзям уратаванне ад патопу зла. Смерць Езуса збавіла свет, Твая смерць можа быць удзелам у Езусавай справе збаўлення свету. Так станецца, калі ты будзеш паміраць, як паслядоўнік Хрыста. Тваё паміранне павінна быць актам любові – не толькі да Бога, але і да бліжняга. “Ці хочаце вы ахвяраваць усе цярпенні, якія Бог спашле на вас?” – пыталася Марыя ў Фаціме, просячы, каб скласці іх Богу як ўзнагароду за грэшнікаў, якім пагражае вечнае асуджэнне. Смерць – гэта найвялікшая ахвяра, якую ты можаш прынесці як дар за загублены свет. Ці тады, калі Бог спашле яе Табе, ты захочаш ахвяраваць сваё цярпенне Найсвяцейшай Маці, каб збаўляць людзей? Такая смерць гэта не эгаістычная думка пра сябе, а фацімская думка пра іншых. Гэта найвышэйшы акт любові. Гэта быць як Хрыстос! Такая смерць збаўляе свет.
   Ніхто з нас не з’яўляецца такім моцным, каб самому набліжацца да смерці. Такая праўда таксама і пра Цябе. Таму, як чалавек адданы Марыі, ты прыбягаеш да Яе. Просіш, каб Найсвяцейшая Маці малілася за Цябе “цяпер і ў хвіліну смерці”. Каб Яна была з табой у хвіліну памірання, каб чувала каля цябе, як трывала пад крыжам свайго Сына, Езуса. Запрашай Яе ў сваё жыццё – у сваё “цяпер”, але ўжо цяпер запрашай Яе таксама ў сваё паміранне. Прасі, каб у апошнюю хвіліну жыцця Ты быў падобны да церпячага Збаўцы, які паміраў пры Маці.
   Памятай: Марыя стаяла пад крыжам Езуса – свайго Дзіцяці. Калі Яна павінна стаяць каля Цябе ў гадзіну смерці, Ты павінен быць Яе дзіцём! Наслядуй Яе, вучыся ў Яе, жыві як Яна, палюбі Яе цноты! Няхай Твая пабожнасць будзе сапраўдная. Няхай перамяняе Тваё жыццё і жыццё іншых. Няхай не будзе – як асцерагаў св. Павел – “з выгляду пабожныя, а да моцы Божай варожыя ” (2 Цім. 3, 5).


   Калі ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёй па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе месцы, у якіх знаходзіцца штосьці, што Яна хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа гэта будзе святло, можа бальзам суцяшэння, можа моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа гэта будзе досвед Яе блізкасці і чуласці, калі Сваёй далонню Яна ласкае твой стомлены твар…

Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал Więcej niż doczesność. Jest niebio, jest piekło, jest czyściec.