6.05.2011

Іншыя разважанні

ПЕРШАЯ СУБОТА СТУДЗЕНЯ
ЧАС МАЎЧАННЯ
ЦІ МАЎЧАННЕ СВЯТОЕ?

Фаціма нясе ў сабе “таямніцу маўчання”.
Памятаем: Неба выбрала Луцыю, замест яе сяброўкі, якая шмат гаварыла. Памятаем, шмат Фацімскіх таямніц Неба нам перадало толькі пасля доўгіх гадоў. Напрыклад, таямніцу, якая складаецца з трох частак.
Паразмаўляем пра маўчанне. Трэба, бо гэта цнота Маці Божай.
Дзіўная для сучаснага свету. Сёння маўчанне не з’яўляецца каштоўнасцю. Шмат людзей прыцягвае свет, поўны шуму і спрэчных галасоў, свет, хаос якога з’яўляецца паказальнікам яго прыцягальнасці. Але такі свет з’яўляецца крыніцай неспакою!
А ў той час сэрца сумуе па кантэмпляцыі – па сустрэчы з Богам.
Нельга супакоіць гэтага прагнення інакш, як толькі ўцякаючы ад галаслівага свету і адкрываючы сэрца на Бога.
Ян Павел II ставіў Маці Божую як прыклад. Навучаў: “Маўчанне Марыі гэта не толькі ўстрыманне ад таго, каб гаварыць, але перш за ўсё мудрае ўменне памятаць і глядзець вачамі веры на таямніцу Уцелаўлёнага Слова  і на падзеі Яго зямнога жыцця. Менавіта такое маўчанне… такую здольнасць разважання… Марыя паказвае вернікам. У свеце поўным шуму і спрэчных галасоў сведчанне Марыі дапамагае ацаніць вартасць духоўнага маўчання, натхняючы таксама дух кантэмпляцыі”.
Слухаем гэтыя словы і вучымся таму, што так важна ў Фаціме. Цішыні. Паўстрымання ад таго, каб гаварыць. Маўчанню. Захоўваць таямніцы, якія Бог паклаў у нашае сэрца.

ПЕРШАЯ СУБОТА ЛЮТАГА
ЧАС НА ТОЕ, КАБ ПАЧАЦЬ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ
СТАНЕМСЯ “НОВЫМ ПАКАЛННЕМ”

Сястра Луцыя атрымала з Неба місію: “Езус хоча выкарыстаць цябе, каб я была больш знаная і любая. Я хачу ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца”.
Гэтыя словы аднсяцца не толькі да Сястры Луцыі. Яны кажуць пра місію кожнага з нас.
Застаецца пытанне: якім чынам мы павінны выканаць даручанае Небам заданне? Перш за ўсё мы самі павінны пазнаць і палюбіць Марыю. Якім чынам? Праз чытанне кніжак пра Маці Божую і пазнаванне Яе ў малітве.
Але можа Бог чакае ад нас чагосьці большага? Можа я павінен быць Яе сведкам і актыўна прыкладаць намаганні для распаўсюджвання набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца? Ведаем, што нам тэрба нешта зрабіць.
Сястра Луцыя прадказвала, што адказ людзей на гэты марыйны заклік, прынясе плён з’яўлення “новага пакалення”, якое “затрыюмфуе ў барацьбе з пакаленнем шатана, раструшчваючы яму галаву”. Можам сказаць, што плёнам пазнання і любові да Марыі будзе адкрыццё таямніцы Яе Беззаганнага Сэрца, якое з’яўляецца пэўным шляхам да жыцця вечнага.
Першым члонкам гэтага новага пакалення была сястра Луцыя. Пажадаем жа далучыцца да яе, каб разам з ёй і шматлікімі іншымі гарачымі прыхільнікамі Беззаганнага Сэрца Марыі стварыць “аршак новага пакалення, створанага Богам, чэрпаючы звышнатуральнае жыццё з той самай бацькоўскай крыніцы, з Сэрца Марыі”.
Так пісала сястра Луцыя. Каб мы заслужылі стаць у адным шэрагу з людзмі, пра якіх фацімская візіянерка кажа, што яны прызначаныя “Богам для таго, каб раструшчыць галаву пякельнага змея”.
Толькі… мы ўсё яшчэ не да канца ведаем, што нам трэба рабіць, каб стаць часткай нараджаючагася сёння “новага пакалення”.

ПЕРШАЯ СУБОТА САКАВІКА
ЧАС НА ТОЕ, КАБ НЕ ВЫБІРАЦЬ БОЛЬШ ГЭТЫ СВЕТ
ВЫПРАСІМ У НЕБА ЦУД

Паглядзім на нашую гісторыю. Вучымся ў мінулых пакаленняў Божаму рэцэпту на жыццё. У нашай тысячагадовай гісторыі было ім заўсёды трыванне пры Багародзіцы, Богам праслаўленай Марыі, нашай Каралеве (…), якая застаецца прысутнай у кожным прысвечаным Ёй месцы і ў кожным адданым Ёй сэрцу. Менавіта да Марыі прыбягаем ва ўсіх нашых патрэбах, а Яна ніколі не пагардзіць нашымі просьбамі. Ніколі ў нашым народзе не чулі, каб Яна пакінула таго, хто да Яе прыбягае, Яе на дапамогу кліча, Яе заступніцтва просіць. Дапамагала Яна кожнаму народу, які спрадвеку Ёй належыць. Падтрымлівала сем’і, якія кожны вечар спявалі Ёй песні хвалы. Вяла дзяцей, моладзь і дарослых, паказваючы ім Божыя шляхі. А калі патрэбны быў цуд, бо толькі ён мог уратаваць нас ад небяспекі, даравала нам яго. Так было пад Хоцімам, калі войскі султана перайшлі граніцу, так было пад Веднем, калі Сабескі кароль ішоў з дапамогай хрысціянскай Еўропе. Так было падчас абароны Яснай Гары, калі шведскі патоп заліў усю Польшчу. Так было падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 г., калі Цуд над Віслай прымусіў павярнуць назад Чырвоную Армію, якая стаяла ўжо пад Варшавай. Так было пасля заканчэння другой сусветнай вайны, калі Касёл ў Польшчы, адзіны сярод іншых народаў, якія былі пад уплывам Масквы, змог захаваць вольнасць і свабоду вызнаваць сваю веру. Можна далей пісаць доўгую літанію хвалы Маці Божай (…). А кожны з нас мог бы дапісаць ні адно цудоўнае прызнанне, схаванае ў глыбіні яго сэрца.
Паглядзім – усе гэтыя цуды былі плёнам нашага звяртання да Марыі. Дзве малітвы самым цудоўным чынам адкрывалі Яе Беззаганнае Сэрца, гатовае заўсёды нам дапамагаць. Гэта святы ружанец і даверлівае даручэнне.
Вернемся да нашай марыйнай традыцыі і будзем выпрошваць у Бога так патрэбныя нам сёння ласкі.

ПЕРШАЯ СУБОТА КРАСАВІКА
ЧАС НА ТОЕ, КАБ ПРЫНЯЦЬ ЛАСКІ
ПАТРОЙНАЯ ЛАСКА З ФАЦІМЫ

Фацімскія дзеці атрымалі ад Марыі Божы свет. Тры разы. Яно змяніла іх жыццё, перамяніла іх сэрцы. Кожны, хто імкнецца жыць у святле Беззаганнага Сэрца Марыі, адчувае патройнае дзеянне ласкі. Маці Божая адорвае яго сэрца ўпэўненасцю ў тое, што яго нястомна падтрымлівае дапамога з неба, што спадарожнічае яму падтрымка, мацнейшая за зло. Пераконваецца, што шлях, якім крочыць, гэта гарантыя збаўлення: у канцы напэўна знаходзіцца Дом Айца, і ніводная моц цемры не здольная сапхнуць яго з гэтага Божага шляху – бо гэты шлях з’яўляецца адначасова сховішчам ад зла! Нарэшце, гэта шлях любові – не толькі да Бога ў Небе, бо Ён жыве там і пакутуе ў кожным чалавеку. Вандроўка да Божага Сэрца вядзе праз сэрца чалавека: праз ахвяраванне ўсяго за грэшнікаў, каб і яны, дайшоўшы да канца, сустрэліся з Богам, самой міласэрнасцю.
Гэтыя тры камяні ляжаць на марыйным шляху. Дадзеныя нам як вельмі важныя кантрольныя пункты.
Паглядзім на іх і зробім рахунак сумлення. Зададзім сабе пытанне пра патройнае дзеянне ласкі ў нашых сэрцах і… ужо ведаем, ці крочым мы шляхам, вызначаным стопамі Беззаганнай з Назарэту. Калі не адчуваем моцы ласкі, калі няма ў нас радаснай упэўненасці збаўлення, калі мы не гатовыя аддаць жыццё за грэшнікаў (нават за найгоршых і зусім невядомых), гэта знак таго, што мы павінны мацней прасіць  Марыю аб ласцы ўзмацнення, пазнання і любові да Бога.

ПЕРШАЯ СУБОТА МАЯ
ЧАС ДЛЯ СВЯТАСЦІ
САМЫ ВЯЛІКІ ЦУД - НАШАЯ СВЯТАСЦЬ

Шатан заўсёды супраціўляўся “паслузе адзінства” - супольнай назве ўсіх Божых намераў. Спачатку, створаны Богам свет, быў дасканалым адзінствам, альбо Раем - месцам поўнай гармоніі, прыгажосці, супакою. Калі шатан увёў у жыццё стварэнняў першы разлом, у гісторыі свету распачалася лавіна падзелаў.
Спачатку чалавек аддзяліўся ад Бога - перастаў Яму давяраць. Потым было знішчана адзінства любові першых бацькоў  - Адам абвінавачвае Еву, не абараняе яе. Потым брат забівае брата – Каін забівае Авеля.
У наступным пакаленні – самалюбівы бязлітасны Ламех, потым быў патоп, потым у выніку падзелаў з’яўляюцца наступныя, яшчэ больш вялікія няшчасці.
Гэтак да сённяшняга дня. Не было пакалення, якое б не бачыла войнаў, насілля, эксплуатацыі, бязлітасна забіваючага эгаізму.
Гэта першы полюс свету ў якім нам прыйшлося жыць. Ведаем, што яшчэ ёсць іншы, яснейшы, бо ён паказвае нам на неба.
Бог, паклікаўшы ўсё да існавання, хацеў, каб свет быў “вельмі добры”. Пасля падзення чалавека Ён паставіў перад чалавецтвам заданне: вяртанне да Раю. Але паколькі чалавек сам не мог (і далей не можа) супрацьстаяць д’ябальскай сіле прыцягвання, павялічваючай гравітацыю падзелаў, Бог паслаў свайго Сына, каб паяднаць – ці зрабіць адзіным – нас з сабою, а чалавецтва зрабіць адной вялікай супольнасцю.
Вось чаму Божы Сын “прыняў цела з Дзевы Марыі і стаўся чалавекам”!
Уцелаўлёны Бог дасканала ведае ўсе таямніцы чалавечай натуры. Таму, паміраючы на крыжы, Ён даў нам за маці сваю Маці, Марыю. Учыніў Яе Маці людзкой сям’і, якая ў час адкуплення стаяла перад сваім найцудоўнейшым шансам: вяртання да пачаткаў, дзе не было месца для зла. Гэты Рай, аб якім сумавалі, раптам стаўся блізкім, бо захаваўся непарушаным у Беззаганным Сэрцы Марыі. Калі праб’е, можа ўжо ў нашым пакаленні, гадзіна трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі, тады мы зразумеем, што азначае тое, што ў Марыі Рай сапраўды блізка нас.
Аб існаванні Раю вырашала чалавечае сэрца! Бачым гэта ў біблійных апісаннях: нічога навокал не змянілася, але досыць таго, што штосьці змянілася ў сэрцах Адама і Евы, і Рай знікнуў з духовай мапы свету.
Таму, час перамены, пра які кажа Фаціма, распачнецца ў людзкіх сэрцах. Каб таксама і ў нашых!


ПЕРШАЯ СУБОТА ЧЭРВЕНЯ
ЧАС НА ТОЕ, КАБ ТРЫВАЦЬ БЛІЗКА НЕБА
НАМ УСЁ ЯШЧЭ ПАТРЭБНЫ ЎРОК ПАКОРЫ

Чытаем у фацімскіх дакументах, што, калі Луцыя дос Сантос мела шаснаццаць гадоў, Найсвяцейшая Маці падарыла ёй незвычайную ласку: прыняла яе як уласную дачку!
Ці можна параўнаць з нейкім іншым выбар Найсвяцейшай Маці, якая бярэ сабе чалавека, як свайго духовага сына ці дачку, калі прапануе нам “містычнае ўсынаўленне”? Сястра Луцыя, здаецца, з’яўляецца асаблівым выключэннем, асабліва выбранай Марыяй, якая як бы палюбіла і выбрала яе для сябе больш, чым сваіх самых вялікіх святых прыхільнікаў за ўсе вякі існавання Касцёла.
Гэтае выбранне Луцыі мае вялікае значэнне для зразумення яе духоўнасці, яе місіі і яе незвычайных дароў.
Мы не ведаем іншых прыкладаў такога выбрання. Праўда, моцай запавету Езуса, мы ўсе з’яўляемся дзецьмі  Марыі, сапраўды, ёсць марыйны рух пад назвай “Дзеці Марыі”, сапараўды, шмат хто з нас моліцца да Беззаганнай, як да сваёй нябеснай Маці, нават больш, адчувае Яе мацярынскую цеплыню, якая выплывае з Беззаганнага Сэрца Марыі, але тое, што сталася ўдзелам сястры Луцыі зусім іншае. Яна атрымала ласку містычнага ўсынаўлення! Містычнага. Усё яе далейшае жыццё было напоўненае містыкай, доказам вялікай блізкасці з Найсвяцейшай Маці! Адтуль нястомныя спатканні  Луцыі з Найсвяцейшай Маці і размовы з Ёй.
Ніхто з нас не атрымаў такой ласкі. І добра, бо гэта заклікае нас да гэтага, вучы пакоры. А наш шлях да Неба не пачынаецца з вялікіх, цудоўных ласкаў, а з пакоры. Ці не так было з Марыяй, прыніжанай служабніцай Божай?

ПЕРШАЯ СУБОТА ЛІПЕНЯ
ЧАС ЗАЎВАЖЫЦЬ, ШТО “НЕБА – ГЭТА ДРУГІ ЧАЛАВЕК”
ПАСЛАННЕ З ПОНТЭВЭДРА

Разважаем пра пекла, сумуем па Небу…
Можа варта ў гэтым кантэксце прыглядзецца да аб’яўленняў набажэнства першых суботаў.
Гэта тады, у 1925 г., у Понтэвэдра, Найсвяцейшая Маці сказала Луцыі: “Дачка мая, паглядзі, маё Сэрца пранізана цернямі, якімі няўдзячныя людзі блюзнерствамі і няўдзячнсцю няспынна яго раняць. Прынамсі ты старайся несці радасць і абвясці ад майго імя, што Я прыйду ў гадзіну смерці з ласкамі, патрэбнымі да збаўлення да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы паспавядаецца, прыме Святую Камунію, памоліцца адну частку ружанца і на працягу пятнаццаці хвілін будзе разважць над таямніцамі ружанца ў інтэнцыі ўзнагароды”. 
Гэтае аб’яўленне - гэта дзве сустрэчы Луцыі з малым хлопчыкам, які ў канцы адкрывае сваю асобу - гэта быў Езус.
Восеню 1925 г. Сястра Луцыя хвіліну размаўляла з адным хлопчыкам: “За некалькі месяцаў да аб’яўлення я сустрэла дзіцятка і запыталася яго, ці ўмее яно маліцца “Вітай Марыя”. Яно адказла, што ўмее. Само, аднак, не ведала, як распачаць, таму я тры разы памалілася з ім гэтую малітву. Пасля таго, як мы скончылі, я папрасіла, каб яно сам яе паўтарыў. Дзіцятка, аднак, маўчала і не магло само памаліцца. Я запыталася тады, ці ведае яно, дзе знаходзіцца касцёл Маці Божай. Яно адказала, што ведае. Я папрасіла яго, каб яно хадзіла туды кожны дзень і малілася наступную малітву: “Мая нябесная Маці, дай мне Свайго Сына Езуса!” Навучыла яго гэтай малітве і вярнулася домоў”.
Што ж асаблівага ў гэтай сустрэчы? На першы погляд, нічога. Пабожная навіцыюшка размаўляе з малым дзіцём. Кажа яму пра Бога, вучыць яго малітве, заахвочвае наведваць касцёл. Звычайны эпізод з жыцця законніцы, якая выйшла за браму кляштара, каб выкінуць смецце. А ў той час
Сярэдзіна лютага 1926 г. Сястра Луцыя сустракае таго самага хлопчыка, якога восенню вучыла маліцца да Маці Божай: “15 лютага 1926 г. я была занятая працай і ўвогуле пра тое [каб распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца] я не памятала. Я выйшла, каб выкінуць смецце, дзе некалькі месяцаў раней спаткала дзіцятка, пытаючыся ў яго ці ўмее яно маліцца “Вітай Марыя”… Таму я запыталася яго зноў: “Ці ты прасіў Маці Божую, каб Яна дала табе Дзіцятка Езуса?” Дзіятка звяртаючыся да мяне запыталася: “А ты распаўсюджваеш па ўсім свеце тое, аб чым Маці Божая цябе прасіла?”. У гэты момант яно перамянілася ў юнака, ад якога сыходзіла святло. Я распазнала, што гэта быў Пан Езус.” 
Што незвычайнага хаваецца ў гэтым прызнанні? Візіянерка піша, што за некалькі месяцаў да аб’яўлення набажэнства першых суботаў месяца, было іншае “ўкрытае аб’яўленне”, якое ў студзені 1926 г. аказалася сустрэчай са звышнатуральнасцю. Перад тым, як Марыя і Езус аб’явіліся Сястры Луцыі выразна,  неба ўжо запланавала гэтае аб’яўленне і місію. Малы хлопчык, апярэджваючы сваім прыходам аб’яўленне 12 снежня, сустрэўся з Сястрой Луцыяй дзеля таго, каб праз некалькі месяцаў ён мог нагадаць ёй, што яна прыкладае мала намаганняў для распаўсюджання набажэнства першых суботаў месяца!
Візіянерка з Фацімы нават не ведала, што вакол яе асобы з неба, схаваныя ў людзкіх постацях.
Ці штосьці падобнае не можа таксама здарыцца з намі? Ці якая-небудзь асоба, якую сустракаем, не з’яўляецца ўкрытым пасланнікам з Неба? Ці наш жэст любові ў адносінах да нейкага чалавека не акажацца некалі жэстам, зробленым самому Езусу? Так, так будзе, бо Хрыстос сказаў: “Што вы зрабілі аднаму з найменшых гэтых, тое Мне зрабілі” (Мф 25, 40).
Не абавязкова гэта спатканне будзе з настолькі “укрытай звышнатуральнасцю”, як гэта здарылася ў жыцці Луцыі. Чалавек, якому мы даем сведчанне веры, альбо якому падаем руку ў патрэбе, можа заўсёды застацца больш ці менш знаёмым чалавекам і ніколі не пераменіцца ў Езуса. Але  ў гадзіну Суда можа аказацца, што гэта быў сам Езус!
Ці такі погляд на іншага чалавека не павінен змяніць нашае жыццё?

ПЕРШАЯ СУБОТА ЖНІЎНЯ
ЧАС ПАСЛУХМЯНАСЦІ І ВЫТРЫМКІ
НЕ БУДЗЕМ ЗМЯНШАЦЬ ЦУДАЎ!

13 жніўня 1917 года не было аб’яўлення Маці Божай Фацімскай. Планам Неба супраціўляўся “чалавек улады” - Артур Олівэйра дос Сантос. Ён схапіў дзяцей, пасадзіў у турму, пагражаў катаваць і забіць. Хацеў даведацца ў іх пра фацімскую таямніцу…
Пасля Марыя сказала Гіяцынце, што непаслухмянасць гэтага чалавека не застанецца без наступстваў: цуд у кастрычніку “будзе меньшым”.
Што рабіць, каб нашае жыццё не памяншала цуды, якія Бог плануе ўчыніць у свеце? Нам патрэбна вучыцца паслухмянасці.
Калі Сястра Луцыя апісвае аб’яўленне ў Туі ў 1929 г., яна кажа, што Неба перадала ёй сваё заданне: прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, - візіянерка распачынае апавяданне з успаміну аб сваёй паслухмянасці.
Я папрасіла ў настаяцеляў і майго спавядніка дазволу мець святую гадзіну кожную ноч з чацвярга на пятніцу ад гадзіны 11 да поўначы. Аднойчы ноччу я засталася адна. Укленчыла пасярод капліцы, каб памаліцца малітву Анёла. Паколькі я адчувала сябе стомленай, я ўстала на ногі і далей малілася з узнятымі ўгару рукамі. Гарэла толькі вечная лампадка. Раптам капліца асвятлілася надзвычайным святлом”.
Паразважаем над трыма пунктамі, укрытымі ў гэтых словах.
Спачатку паслухмянасць. Сястра Луцыя распачынае адпраўляць начную гадзіну адарацыі толькі тады, калі з гэтым згаджаецца спавяднік і настаяцелька. Паслухмянасць сёння не ў модзе. Сёння свет накіраваны на індывідуалізм і праслаўляе незалежнасць чалавека. А ў той час, Фаціма дае нам зразумець ролю паслухмянасці. Няма сумневаў, без яе не было б апісанага аб’яўлення.
Мы можам падумаць, што нас гэта не датычыцца, бо мы не з’яўляемся ні святаром, ні сястрой законнай і не павінны ўсяго пытацца ў сваіх настаяцеляў. А як са спавяднікам? Верагодна, мы ўвогуле не маем сталага спаведніка…
Другі момант гэта малітва Анёла. Што гэта за малітва? Гэта тая малітва, якой навучыў дзяцей Анёл. Сястра Луцыя застаецца ёй вернай. Сястра Луцыя паслухмяна выконвае патрабаванне Анёла, яна чытала гэту малітву кожны дзень. А мы? Ці мы ведаем яе на памяць?

“О Божа мой, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе,
 давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэнне за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.”

Нарэшце, трэці момант. Кажа ён пра вернасць прынятым пастанаўленням. Нават тады, калі мы ўжо не маем ані сіл, ані ахвоты, калі адчуваем сябе стомленымі, а можа нават абескуражанымі – нават тады трэба вытрымаць у пастанаўленні.
Калі будзе паслухмянасць, вернасць і вытрымка, тады мы можам спадзявацца на Божыя плёны нашай малітвы, ахвяры і працы.

ПЕРШАЯ СУБОТА ВЕРАСНЯ
ЧАС ДЗЕЙНІЧАЦЬ, КАБ НЕ БЫЛО “ЗАНАДТА ПОЗНА”
КАЛІ НЕБА ПРОСІЦЬ, ТРЭБА АДКАЗВАЦЬ АДРАЗУ!

Найсвяцейшая Маці скардзілася сястры Луцыі: “Касцёл не выканаў маёй прсьбы і не ўчыніў акту, які мог бы ўратаваць свет”. Я пачула ў сэрцы Яе словы: “Не хацелі пачуць маёй просьбы! Як кароль Францыі будуць шкадаваць (…), але будзе занадта позна”.
Просьба з Неба звязваецца са св. Маргарытай Алакок. Гэта Ёй Езус даручыў устанавіць набажэнства да Свайго Найсвяцейшага Сэрца ў 1689 г. Маргарыта старалася пераканаць Людовіка XVI, каб ён выканаў жаданні, змешчаныя ў аб’яўленні Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Але ніводная прсьба не была выкананая. На Неба не звярнулі ўвагі.
Наступствы гэтага аказаліся страшнымі: праз сто гадоў пасля закліку, які быў перададзены каралю праз св. Маргарыту пачалася Французкая Рэвалюцыя.
Сімвалічны перыяд часу – сто гадоў. Бог цярплівы і не спяшаецца спасылаць кару. Адкладвае вызначыць кару, як бы робіць гэта неахвотна, як апошнюю справу. Бог дае час на навяртанне, на тое, каб мы выслухалі Яго жаданні.
Сто гадоў гэта дастатковы перыяд – гэта жыццё некалькіх пакаленняў: немагчыма  знайсці простае апраўданне перад Богам.
Ад 1917 г. аддзяляе нас амаль сто гадоў… Каб мы паспелі павярнуцца да Фацімы ўсім сэрцам. Каб адказалі на яе пасланне. Інакш чакае на выкананне абяцанняў Маці Божай, якая прывяла прыклад караля Францыі: часу барацьбы з манархіяй і часу страшных пераследванняў Касцёла
Лёс караля Францыі? Што з ім сталася? Калі пачаліся пераследванні, каралеўская сям’я спяшалася адказаць на заклік Неба. У 1792 г. Людовік XVI аддаў сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса – ужо ў турэмнай капліцы. Абяцаў, што калі Бог яго вызваліць, ён выканае ўсе пажаданні, перададзеныя праз Маргарыту.
Аднак для неба было ўжо занадта позна: Людовік XVI загінуў пад гільётынай 21 ліпеня 1793 г.
А Маці Божая нам пра гэта нагадвае, каб перасцерагчы нас ад падобнага лёсу…
Гэта таксама заклік, скіраваны да нас. Калі нам аб’яўляецца воля Божая, яе жаданне мы павінны выканаць,  не чакаючы, сёння. І гаворка тут зусім не ідзе пра нейкія візіі ці галасы. Воля Божая гэта Яго прыказанні, Яго Еванелле, Яго адданне нас Маці Езуса і наказ, каб мы забралі Яе да свайго дому:  у сваё штодзённае жыццё.


ПЕРШАЯ СУБОТА КАСТРЫЧНІКА
ЧАС НАНОЎ АДКРЫЦЬ РУЖАНЕЦ
АБ МОЦЫ РУЖАНЦА Ў НАШЫХ РУКАХ

У кастрычніку Фаціма задае нам свае пытанні. Фаціма пытаецца ў нас пра веру ў цуды, бо менавіта ў кастрычніку было вялікае цуда. Пытаецца нас пра веру, бо гэты цуд адбыўся дзеля таго, каб людзі паверылі. Фаціма пытаецца таксама пра наш ружанец.
Ці аддаем мы Найсвяцейшай Маці пашану сваёй малітвай на ружанцы? Ці верым у тое, што Марыя, “прысутная ў ружанцы”, можа для нас выпрасіць тое, што па-чалавечы немагчыма?
Ці ў днях, калі Касцёл заклікае да вялікай ружанцовай малітвы, мы не павінны выпрасіць ласку “паўтору таго кастрычніка”? Ці не павінны мы вымаліць цуд? Ці ж мы не павінны абудзіць веру? Ці не павінны мы запісаць у гісторыю чалавецтва наступны цуд? Цуд ружанцовы?
Дакладна, мы можам гэта зрабіць! Была перамога пад Лепанто, перамога пад Хоцімам, была Круцята Сямейнага Ружанца айца Пэотына, якая адарыла мільёны сямей ва ўсім свеце духоўнай вясной. Была круцята пакуты і паяднання айца Паўліцка, у выніку якой савецкае войска пакінула Аўстрыю ў 1955 г. – і гэта без адзінага выстралу! Была бразілійская і партугальская круцяты – усе яны змаглі выпрасіць у Бога праз заступніцтва Марыі пажаданы цуд. Была вялікая малітва на Філіпінах…
Ці ж сёння нам не патрэбная наступная круцята людзей, занепакоеных будучыняй? Калі ружанец ударыць у Неба, над нашымі галовамі рассеюцца хмары і заззяе сонца цудоўнай надзеі!
Нашае пакаленне не горшае за папярэднія. У нашых сэрцах таксама ёсць гарачая любоў да Найсвяцейшай Маці і такая ж самая шчырая марыйная пабожнасць. Давайце распачнем маліцца на ружанцы і перастанем баяцца. Той, хто трымае ў руках ружанец заўсёды перамагае!

ПЕРШАЯ СУБОТА ЛІСТАПАДА
ЧАС ТРЫВАЦЬ ПРЫ МАРЫІ
АТАКАВАНЫЯ? ПЕРАМОГА НАЛЕЖЫЦЬ МАРЫІ

Нагадаем сабе словы кардынала Сюэнэнса: “Касцёл, як самалёт. У яго два крылы. Адно мае імя «Пётр», другое - «Марыя»”. Адно гэта іерархія: папа, біскупы і святары, і звязаная з імі сакрамэнтальная паслуга. Другое мае вымярэнне харызмату: Марыя і духоўнае жыццё, містыка і цноты.
Сёння ворагі Бога стараюцца падарваць аўтарытэт духавенства і такім чынам максімальна абмежаваць поле дзейнасці і ўплыву Касцёла. Павялічваюцца абвінавачванні супраць святароў, сеецца сумнеў у святасці Эўхарыстыі, уводзіцца мода, супярчлівая каштоўнасцям сакрамэнтаў. Але гэта толькі першае крыло! Магчыма, хутчэй, чым мы спадзяемся, ворагі ўдараць у другое крыло, нябеснае крыло Касцёла – у Марыю і тых, хто Ёй належыць.
Гісторыя вучыць: нават там, дзе пераследванні знішчылі знешні Касцёл з яго іерархіяй і сакрамэнтальным жыццём, вера была ў стане вытрываць у чалавечых сэрцах нават некалькі стагоддзяў, калі толькі заставалася ў іх любоў да Найсвяцейшай Маці. Так было Японіі, Уетнаме, Кітаі…
Ворагі нашага збаўлення вучацца на вопыце гісторыі. Ведаюць, што марыйнасць – гэта капсула, у якой выжыве хрысціянства. Таму справядліва Марыю лічаць “жэзлам прававернай навукі”, “гарантыяй артадаксіі”, “пэўнай дарогай да збаўлення”. Хто адкідвае Марыю, той перастае быць хрысціянінам. Бо, як вучыў Ян Павел II, “хрысціянскі - значыць марыйны”.
Ведае пра гэта і непрыяцель. Таму раней ці пазней ён пачне масавую атаку на марыйнасць Касцёла. Такім  чынам паспрабуе знішчыць развіццё паслання з Фацімы. Такім чынам захоча не дапусціць нараджэння “новага пакалення”, якое раздавіць яму галаву. Заатакуе кожнага, хто захоча служыць Марыі. Ці мы гатовыя да барацьбы? Сапраўды, вопыт запэўнівае нас, што мы не павінны баяцца даручыць сябе Марыі, ачысціцца ад сябе, стаць як голае немаўлятка, дазволіць Мадонне ўзяць сябе на рукі, дазволіць, каб пад крыжам нашага жыцця стала Дзева. Да неба трэба ісці, аддаючы парус свайго жыцця Той, Якая ведае туды дарогу…
Сёння шмат людзей марыць пра тое, каб моцна трымаць у руках штурвал свайго жыцця, а нават жыцця іншых людзей. Ці не на гэтым абапіраецца жаданне ўлады: кантраляваць усё сваё жыццё і жыццё як мага большай колькасці людзей? А тым часам марыйны шлях святасці бяжыць у цалкам супрацьлеглым накірунку.
Нам трэба з радасцю падпарадкавацца Найсвяцейшай Маці.

ПЕРШАЯ СУБОТА СНЕЖНЯ
ЧАС З’ЯДНАЦЦА З СЭРЦАМ МАРЫІ
БЯСПЕЧНЫЯ Ў СЭРЦЫ МАЦІ

Ян Павел ІІ казаў на парозе трэцяга тысячагоддзя: “Сучасны свет мае шмат пагрозаў. Ён знаходзіцца пад пагрозай можа нават больш, чым калісьці ў гісторыі. Таму трэба, каб Касцёл чуваў ля стоп Таго, які з’яўляецца адзіным Панам гісторыі і Валадаром будучага стагоддзя. Таму я прагну чуваць разам з усім Касцёлам, заносячы заклік да Сэрца Беззаганнай Маці. Прашу ўсіх, каб ядналіся са мной у духу”.
Гэтая просьба Папы непасрэдна датычыцца Фацімы. Бо менавіта там Найсвяцейшая Маці ўказала на сваё Беззаганнае Сэрца, як на ратунак для свету. Папа ўсведамляў, як патрэбная сёння людзям гэтая надзея, якая застаецца ўкрытай у Сэрцы Маці. Ён ведаў, што разам з рухам стрэлак “гістарычнага гадзінніка”, Фаціма паварочваецца да сучаснасных падзей. Таму на парозе новага тысячагоддзя Святы Айцец навучаў, што словы Маці Божай з Фацімы “напрыканцы стагоддзя, здаецца, набліжаюцца да свайго выканання”.

Так, на гадзінніку прабіў час Беззаганнага Сэрца Марыі. Уражваюць нас цытаты, якія пераварочваюць нам усё да гары нагамі: “Беззаганнае Сэрца Марыі з’яўляецца ратункам для свету”, “Беззаганнае Сэрца Марыі мацнейшае, за карабіны і іншага роду зброю”. “Як шлях да гэтай мэты (гаворка ідзе аб збаўленні) нам паказаны, на здзіўленне людзей англасакскага і нямецкага культурнага кола, культ Беззаганнага Сэрца Марыі”.



Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал Więcej niż doczesność. Jest niebio, jest piekło, jest czyściec.