6.09.2011

Першая субота верасня 2011

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!




І. ПРАДКАЗАННЕ ТРЫЮМФУ
(МЕДЫТАЦЫЯ)

   Так! Пан, наша вялікая надзея, з намі; у сваёй міласэрнай любові Ён ахвяруе свайму народу будучыню: будучыню еднасці з Ім. Божы народ, адчуўшы міласэрнасць і суцяшэнне Бога, які не пакінуў яго падчас цяжкага вяртання з выгнання ў Вавілон, кажа: “Бязмерна весялюся ў Пану, душа мая радуецца ў Богу маім” ( Іс 61, 10). Самай вядомай дачкой гэтага народу з’яўляецца Дзева Маці з Назарэту.
Бенэдыкт XVI


   “Маё Беззаганнае Сэрца пераможа. Што гэта значыць? Сэрца, адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмляцыяй, мацнейшае за карабіны і іншыя віды зброі”, - пісаў у сваім тэалагічным каментары кардынал Рацынгер, сёння папа Бенэдыкт XVI. Гэтае Сэрца перамагае. Аднак, якое сэрца? Не з’яўляецца гэта перамогай у гэтым свеце, бо як пісаў Ян Павел ІІ: “Навошта нам гэтыя цяперашнія перамогі, здабытыя такім вялікім коштам, калі мы не ведаем адказу на пытанне аб вечнасці?”
   Толькі тая лічыцца перамога, якая мае вечнае вымярэнне. У ёй удзельнічае Беззаганнае Сэрца Марыі, якое прыносіць нам адказ на нашае найважнейшае пытанне, у ім мы знаходзім адказ, скіраваны да вечнасці.
   Мы павінны асцерагацца асноўнай памылкі: звязваць Фаціму з цяперашнім “поспехам”. Гэта датычыцца таксама усёй хрысціянскай веры, датычыцца нашых малітваў. Заўважым, што важна для Марыі. Для Яе важнымі з’яўляюцца наша вечнасць, наша збаўленне, наша еднасць з Богам. Менавіта дзеля гэтага павінна быць устаноўлена і распаўсюджана набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца. Калі мы пачнем прыстасоўваць яго да на цяперашняй выгады, усё будзе памылкай. Дакладна, мы не знойдзем дастатковай матывацыі, каб радыкальна змяніць жыццё, - чаго патрабуе марыйная пабожнасць. Мы павінны перабудаваць усё нашае мышленне і стаць сапраўды веруючымі людзьмі – кімсьці, хто жыве перш за ўсё перспектывай вечнасці.
   Найсвяцейшая Маці аб’яўляе: “Маё Беззаганнае Сэрца пераможа”. Гэта прамога, якую перад намі адкрывае Неба, з’яўляецца ўпэўненасцю. Ужо вялікі папа Марыі, Леў XIII, пісаў: “Прыбягаючы ў малітве да Марыі, мы прыбягаем да Маці Міласэрнасці. Яна нам так дапамагае, што ў кожнай патрэбе – асабліва ва ўзрастанні да вечнага жыцця – неадкладна, без нашага закліку, Яна гатова прыйсці да нас з  дапамогай. Яна ўдзеліць нам ласкі са скарбніцы, якой багата адарыў Яе Бог з самага пачатку”.
   Бо Марыя з’яўляецца “Поўнай Ласкі”, а Яе Беззаганнае Сэрца захоўвае ў сабе столькі Божых дароў, што яны выліваюцца за Яго межы. Дастаткова толькі трываць блізка ля Божай Маці, каб нават, калі мы слабыя і ломкія, не ісці, а бегчы ў бок Божага святла.
   Бо згодна з навукай св. Тамаша, Марыя мае столькі ласк, што кожны з нас атрымае для сябе адпаведную дапамогу: “Вялікай справай кожнага святога з’яўляецца тое, што ён мае столькі ласк, што іх хопіць для збаўлення шматлікіх. Але, калі б ён меў столькі ласк, што мог бы збавіць усіх людзей свету, то гэта быў бы надзвычайны дар. А гэта ёсць у Хрыста і Бласлаўлёнай Дзевы”.
   Няхай гэтая упэўненасць, гэтая гарантыя перамогі нас не ўсыпляе. Гэтая перамога з’яўляецца ўпэўненасцю, але зусім не абавязкова, што яна будзе нашым удзелам! Гэты страшны парадокс паказвае, што,  - як кажа папа Ян Павел ІІ – перамога “не адсоўвае ў бок страх за тое дабро, за знішчэнне надзеі. Аднак (…) кожны хрысціянін павінен мець асабліва вострую свядомасць тых небяспек, якія пагражаюць людзкому жыццю і свету: яго цяперашняй будучыні, а таксама канчатковай будучыні.
   Таму нам патрабна падтрымка Касцёла і яго супольнасці. Менавіта таму Сястра Луцыя з самага пачатку намагалася распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца сярод іерархіі касцёла. Напрыклад, вядома, што пад канец 1934 г. візіянерка паведамляла аб абяцанні, якое атрымала ад біскупа дыяцэзіі Лэйрыя, што ён займецца распаўсюджваннем гэтага набажэнства. У сярэдзіне наступнага года яна інфарміруе свайго духоўнага кіраўніка, што нагадвала біскупу пра яго абяцанні: “Напісала да яго эксцэленцыі біскупа, нагадваючы яму пра яго абяцанне, што ў гэтым годзе ён распачне публікаваць набажэнства, якое ўзнагароджвае Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Няхай Бог зробіць так, каб гэта была хвіліна, вызначаная нашым добрым Панам, для распаўсюджвання таго, што я лічу Божай воляй”.
   Ці словы Сястры Луцыі азначаюць, што ёсць “нейкая хвіліна, вызначаная добрым Панам”, пэўны час, які адпавядае развіццю набажэнства першых суботаў? Калі набажэнства першых суботаў не было афіцыйна зацверджана Касцёлам і сталася паўсюднай практыкай верных, ці “гэты час” яшчэ перад намі? Ён мог быць прызначаны на ўжо мінулы час, але калі чалавецта не выкарыстала тую магчымасць, Бог дае ёй наступныя “падыходзячыя часы”. На гэта ўказвае хаця бы ліст Сястры Луцыі 1939 года, які яна пісала да свайго былога духоўнага кіраўніка і езуіта, а. Джозэ Апарычыо Сільва. Ліст датычыцца сувязі набажэнстваў першых суботаў месяца і ІІ Сусветнай вайны. 20 чэрвеня 1939 года Сястра Луцыя пісала, падкрэсліваючы апошнія словы:           “Найсвяцейшая Маці абяцала адкласці біч вайны на пазнейшыя часы, калі гэтае набажэнства будзе распаўсюджана і практыкавана.  Можна заўважыць, што Яна адсоўвае гэтую кару суадносна высілкам, якія робяцца для распаўсюджвання гэтага набажэнства. Баюся, аднак, што мы маглі б зрабіць больш, чым робім і што Бог менш, чым задаволены, можа ўзняць правіцу сваёй Міласэрнасці і дазволіць, каб свет быў знішчаны праз гэтае ачышчэнне. А ніколі яно не было такім страшным, страшным”.
   Адкуль такія словы? У сакавіку 1939 г. Сястры Луцыі аб’явіўся Пан Езус, які сказаў:
   “Прасі і зноў прасі аб распаўсюджванні Узнагараджальнай Камуніі Марыі ў першыя суботы. Надыходзіць час, калі гнеў маёй справядлівасці пакарае злачынствы розных народаў. Некаторыя з іх будуць нават знішчаны. Нарэшце цяжар маёй справядлівасці ўпадзе на тых, хто хоча знішчыць маё валадарства ў чалавечых душах”.
   Калі людзям недастаткова досведу бескарыслівай любові Бога да свету, тады можа іх пераканае “досвед пекла на зямлі” – страх перад цярпеннем, страх перад страшэннай карай, якая можа сысці на свет? А нават прадчуванне пагрозы пекла?
   Звернем увагу, што 3 ліпеня 1939 года Сястра Луцыя піша да кс. Апарычыо: “Я шчаслівая бо набажэнства першасуботняй Святой Камуніі распаўсджваецца”. Што ж такое здарылася? Візіянерка тлумачыць: “Яго Эксцэленцыя Біскуп сказаў, што плануе зрабіць усё, што ў яго моцы, каб распаўсюдзіць гэтае набажэнства да так любай Нябеснай Маці”. Яго кола пацвердзіла, што біскуп думае толькі пра тое, як распаўсюдзіць гэтае набажэнства, што трэба зрабіць дзеля Яе хвалы.
   Цяжка рабіць выснову, але магчыма раптоўная актыўнасць біскупа была плёнам яго “досведу цярпення”: сур’ёзнай хваробы і яго побыту ў шпіталі.
   Сапраўды, часамі Бог выкарыстоўвае цярпенне, каб наноў абудзіць у людзях прагненне служыць Яму ва ўсім. Як жа ж мы ўдзячныя пакутам! Не было б езуітаў, калі б не хвароба св. Ігнацыя Лаыёлы. Не ўзнік бы францішканскі закон, калі б не прыніжэнні і цярпенні св. Францішка! Не было б стараннасці партугальскага біскупа, калі б не шпітальная койка. Можа і нас Найсвяцейшая Маці павінна правесці праз тунэль цярпенняў, каб мы выйшлі з яго з другога боку як новыя людзі, людзі, якія ўглядаюцца ў Неба? Часам гэта зусім не павінна быць нашая асабістая пакута… Часамі Бог спрабуе прамовіць да нас праз пакуты іншага чалавека. Ці ж знакам да навяртання і адкрыцця на вымярэнне вечнасці не была, на прыклад, хвароба і смерць папы Яна Паўла ІІ?
   Застаецца толькі пытанне, ці ўмеем мы распазнаваць гэтыя знакі…
   З дапамогай Найсвяцейшай Маці новае набажэнства становіцца ўсё больш вядомым і любімым. У яго распаўсюджанні прымае ўдзел шмат людзей, таксама іерархія. Вядома, што ў ім прымаў удзел Пій ХІ, а пасля наступныя біскупы Рыма. Ужо летам 1939 года да працы гатова некалькі чалавек, заахвочаных візіянеркай, якая мае свядомасць, што Езус “патрабуе душы, якія аддадуцца Яму бязмежна; а якая ж маленькая іх колькасць!”. У яе ёсць таксама апосталы, якія прыносяць ахвяры ў інтэнцыі распаўсюджвання набажэнства першых суботаў і вельмі іх цэніць, бо Езус падкрэсліваў неабходнасць ахвяры, асабліва такой, якая складаецца са штодзённых крыжаў.
   Ахвяраванне штодзённых малых цярпенняў у інтэнцыі ўзнагароды за грахі і знявагі Езуса і Яго Маці – гэта фундаментальны элемент вялікай фацімскай духоўнасці. Калі мы хочам прыняць да сэрца пасланне з Фацімы і адчуць смак яго плёнаў, мы павінны выкарыстоўваць кожную сітуацыю, кожнае падзею, якое Бог пасылае ў нашую штодзённасць, каб стукаць да брамы неба з перапрашальнай ахвярай за грэшнікаў. Прызнаемся, што гэта для нас з’яўляецца адным з найцудоўнейшых пасланняў з Фацімы: усё тое, што ў нашым жыцці цяжкае і здаецца бессэнсоўным, набірае вялікі Божы сэнс. А нашыя крыжы пачынае суправаджаць радасць, бо ў нас ёсць, што ахвяраваць Богу.
   Падвядзем вынікі: столькі ўжо мінула гадоў з таго часу, калі Марыя прасіла аб распаўсюджванні і практыкаванні ў свеце набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца. Ці на працягу гэтага часу шмат здарылася? Ці можна казаць аб значным прагрэсе ў справе распаўсюджвання гэтага набажэнства? Цяжка сказаць, бо, - як казаў Святы Айцец Ян Павел ІІ, - “статыстыка, метад прымянення лічбаў, не адносіцца да справаў рэлігіі”. Несумненна, Найсвяцейшая Маці “не гоніцца” за лічбай.
   Але ў гэтай лічбе, хоць і найменьшай, павінен быць кожны з нас! “Ці, аднак, Божы Сын знойдзе веру на зямлі, калі прыйдзе?” (Лк 18, 8). 

ІІ. ЦІ БАЯЦЦА АТАКАВАННЯЎ Д’ЯБЛА?
(ПРЫКЛАД)

   Ці павінны мы баяцца д’ябла, што ён нам аб’явіцца, пачне нас атакаваць? Кожны з нас ведае такія сенсацыйныя гісторыі…
   Не будзем баяцца. Існуе наступнае правіла: шатан не аб’яўляецца нікому, толькі вялікаму святому. Калі б ён аб’явіўся аднаму з нас, якая б была наша рэакцыя? Мы бы дакладна навярнуліся, можа не столькі з любові да Пана Бога, колькі са страху перад пеклам. Аднак, гэтай матывацыі было б дастаткова, каб шатан згубіў нашую душу… Таму не будзем баяцца, д’ябал не будзе нас шукаць і палохаць. У нашым жыцці ён застанецца ў ценю. Добра казаў Павел VI, што сёння яго найвялікшай перамогай з’яўляецца тое, што людзі перасталі верыць у яго…
   Калі ён аб’явіцца, то і тады будзе бездапаможным. Бо каля нас будзе Найсвяцейшая Маці, бо Яна заўсёды з намі! Яна не дазволіць, каб здарылася штосьці, што не служыць збаўленню, нашаму збаўленню і збаўленню нашых братоў. У гэтым нас пераконвае св. Айцец Піо і апавяданне пра адну з атакаў д’ябла.
   Аднойчы ноччу жыхары кляштара ў Сан Джавані Ратонда абудзіліся са сну. З келлі Айца Піо даносіліся жахлівыя гукі. Законнікі паспяшаліся ў той бок. Калі яны ўвайшлі, убачылі незвычайнае відовішча. Пакой нумар пяць, якую займаў Айцец Піо, выглядала так, як быццам праз яе прайшоў тарнада, нават больш таго – як быццам ударылі ў яе усе стыхіі. Усё знаходзілася не на сваім месцы, мэбля была перакручана і паламана, тое, што было магчыма разарваць – разарвана. На падлозе, пасярэдзіне гэтага пякельнага балагану, самотна ляжаў Айцец Піо, у разорванай кашулі, у сіняках, акрываўлены. Так, яшчэ хвіліну назад у гэтай келлі быў легіён азлобленых д’яблаў. Але адна рэч не падыходзіла да цэласнасці карціны: пад галавой Айца Піо ляжала падушка, як быццам загаддзя старанна падрыхтаваная, пушыстая, мяккая, не змятая. Браты з супольнасці старанна паднялі нашага святога і паказваючы на гэту падушку коратка запыталіся: “А гэта?”. Адказ таксама быў лаканічным: “Гэта Найсвяцейшая Маці”.
   Марыя не перашкаджала д’яблу атакаваць цела святога. Навучыла яго толькі чэрпаць з гэтага духоўныя выгады, для сябе і для бедных грэшнікаў. Яна давала яму таксама пачуццё бяспекі; бо, калі Яна з ім, то нічога дрэннага з ім не здарыцца. Нават больш таго, ад часу да часу аказвала яму мацярынскую апеку і суцяшэнне.

Падумай:

1. Ці верыш ты ў тое, што калі ты аддаў сябе цалкам Найсвяцейшай Маці, то яна заўсёды з табой? Але адкажы сам сабе яшчэ на адно пытанне: Ці ты заўсёды з Ёй: у сваім сэрцы, душой, думкай? Можа, калі ты ўцякаеш ад Яе да спраў гэтага свету, тады не дазваляеш Ёй быць так блізка, як пры святым капуцыне з Джавані Ратонда?
2. Найсвяцейшая Маці вучыла Айца Піо выкарыстоўваць нават атакі д’ябла для выратавання людзей ад пекла. Можа таксама і ў тваім жыцці існуюць сітуацыі (канешне, можа не такія моцныя), калі ты маеш магчымасць дапамагаць грэшнікам, якія жывуць у небяспецы асуджэння?
3. Калі ты адданы Марыі, Яна дае табе знакі свайго клопату. Можа ты памятаеш такія хвіліны, калі незразумелым чынам ты адчуў дапамогу, калі “штосьці” выратавала цябе ад катастрафічных памылак? Гэта не было выпадкова. А калі гэта была“выпадковая сітуацыя”, то ёй было найсвяцейшае імя. Імя “Марыя”.

ІІІ. ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

Малітва ў садзе аліўным

   Разважаем сёння над таямніцай Аліўнага Саду. Ці мы ведаем, чаму з Езуса ішоў крывавы пот? Не ад страху перад пакутай. Ён ужо тады пакутваў! Плакаў, ведаючы, што Яго ахвяра не будзе выкарыстана чалавецтвам. Не будзе прынята, як збаўчы дар, будзе паміраць у чалавеку, не прынясе поўных плёнаў. Можна было б засумнявацца ў сэнсе такой ахвяры, праўда? Хіба ж толькі, калі цалкам, бязмежна давяраць Богу… Як Хрыстос…
   Гэтае цярпенне ў Аліўным Садзе было звязана таксама з намі.
   Але яно ўжо не абавязкова павінна датычыцца нас. Трэба толькі распачаць жыць так, як прагне гэтага Бог. Мы павінны прыняць ласкі, якія Ён нам дае. Карміць імі сябе. Несці іх іншым, казаць людзям аб Марыі, бо гэтага сёння хоча Бог. Сёння ласкі сплываюць з Яе Беззаганнага Сэрца.
   Такім чынам мы суцешым Езуса, які пакутуе ў Аліўным Садзе.

Бічаванне

   Ці ведаем мы, што такое фізічны боль? Напэўна неаднойчы быў ён нашым удзелам. Але адкажам сёння на пытанне: што мы рабілі з гэтым цярпеннем? Ці мы ўмелі ахвяроўваць яго Богу за тых, каму пагражае цярпенне, якое выходзіць за ўсе рамкі чалавечага ўяўлення? Мы толькі ведаем, што яно вялікае і вечнае. Гэта цярпенне быць асуджаным.
   Ці мы ўжо здольныя думаць не толькі пра сабе і свой боль, але таксама (а нават перш за ўсё!) пра цярпенні іншых людзей? Як жа ж мы станемся вельмі падобнымі да Найсвяцейшай Маці, калі адкрыемся на Бога не толькі ў хвілінах узнясення і цудоўных духоўных досведах, але таксама ў гадзіну цярпення, прыніжэння, пакінутасці, тады, калі прайграем жыццё! Ад цярпення і болю мы не ўцячэм, тады, што зрабіць з ім? Выкарыстаем іх на шляху да святасці і для выратавання бедных грэшнікаў.

Укаранаванне

   Хто для нас з’яўляецца каралём? Напэўна, кароль з’яўляецца сімвалам найвышэйшай улады і годнасці, якую можа дасягнуць чалавек. Магчыма для нас гэтае слова мае негатыўнае адценне? Больш таго, гэта паняцце, якое адносіцца да гісторыі… Бо сучасныя каралі – гэта “багатыя марыянеткі” палітычных эліт некаторых краін…
   Паспрабуем адказаць сабе на гэтыя пытанні, а пасля задумаемся, ці нашае ўяўленне пра караля падыходзяць да Езуса – Караля. Не? Ці ведаем чаму?
   Але ж Езус з’яўляецца Каралём: Ён сам сведчыў пра гэтам, так таксама называлі Яго тыя, хто ўсклаў на Яго галаву цярнёвую карону. Сапраўды, наш Збавіцель з’яўляецца Каралём, але, як Ён сам казаў, Яго валадарства не з гэтага свету.
   І мы ўжо ведаем, дзе нашае месца: не ў гэтым свеце, сярод бегаючых за грашамі, папулярнасцю і ўладай, але ў свеце Езуса! Бо мы з’яўляемся хрысціянамі, інакш кажучы, людзьмі Хрыста. 

Крыжовая дарога

   Столькі Божых думак стукаецца ў гэтай таямніцы да нашых сэрцаў. Сёння мы глядзім на сцэну ў якой Езус бярэ на свае плечы крыж. Ён прыняў крыж, ведаючы, што Яго місія хутка здзейсніцца. Цяпер усе будуць мець магчымасць удзельнічаць у вечнай радасці. Няхай і намі авалодае прагненне, каб нішто з гэтай ахвяры не было дарэмным. Бог хоча, каб кожная душа была з Ім у нябесным доме. Молімя разам з Марыяй, каб Бог змягчыў душу кожнага чалавека і абудзіў у ім прагненне вярнуцца да дабра. Будзем вучыцца ўдзельнічаць у прагненні Езуса заваёўваць душы для Неба. Тое, каб душы нашых братоў і сясцёр не былі асуджаныя, з’яўляецца мэтай нашага жыцця. Будзем жа несці наш крыж так ахвотна, як Езус. Ахвяруем Яму нашую хваробу, цярпенне, клопаты, няўпўненасць, каб такім чынам выпрошваць для грэшнікаў ласку збаўлення.

Смерць на крыжы

   Езус памірае на крыжы. Ці мы ведаем пра тое, што Ён памірае за нас? У Бога няма абстракцый. Калі Збаўца памірае ў пакутах, перад вачыма паўстаюць сцэны канкрэтнага жыцця чалавека, канкрэтныя асобы, а боль, які Яго прасяквае, з’яўляецца болем, які прычыняюць канкрэтныя грахі. Паміраючы, Ён глядзіць на нашае жыццё. Падумаем, колькі Ён павінен цярпець па прычыне нашых жыццёвых выбараў, рашэнняў, якія мы прымаем. Задумаемся, колькі сёння існуе ў нашых сэрцах зла: нежадання кагосьці, можа нават нянавісці, колькі пагарды, колькі эгаізму, колькі думак пра справы гэтага свету. Спавядаемся, шкадуем, але пэўныя структуры зла далей жывуць у нас. А можа нават у нас пастаянна жыве нейкі грэх? Паспрабуем паглядзець на сябе вачыма паміраючага Хрыста. Падумаем, колькі Ён бачыць у нас прычын, каб узяць на сябе крыжовую Пакуту. 

IV БУДЗЬ НАШАЙ НЯСТОМНАЙ ДАПАМОГАЙ!
(МАРЫЙНЫ АПЭЛЬ)

   Калі сёння я стаю перад Табой, Маці Хрыста, я прагну разам з усім Касцёлам, перад Тваім Беззаганным Сэрцам, з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым прысвячэнні за свет і чалавецтва, якое толькі ў Яго Боскім сэрцы мае моц перапрасіць і ўзнагародзіць!
   Моц гэтага прысвячэння трывае праз усе часы, агарняе ўсіх людзей, усе народы, перавышае ўсялякае зло, якое дух цемры здольны пасяліць у сэрцы чалавека і ў яго гісторыі, якое пасеяў таксама ў нашых часах.
Ян Павел ІІ


   Дзева Марыя, Маці Бога і наша Маці, якая суправаджаеш кожнага з нас на шляхах, якія вядуць у вечнасць, і якая заўсёды паказвала нам свайго Сына, нашага Збаўцу, як прыклад і мэту нашага пілігрымавання да Неба, мы прыходзім сёння да Цябе, каб яшчэ раз аддаць Табе наш жыццёвы шлях, аддаць цалкам пад Тваю апеку. Каб даверыць наш шлях Твайму мацярынскаму клопату, каб Ты дапамагла нам прыняць кожнае натхненне Святога Духа. Прыняць і ажыццяўляць.
   Просім: дапамажы нам славіць Езуса і праслаўляць Яго. Цяпер і на вякі. Адкрый нашыя вусны, каб мы ў праслаўленні ўсклікалі:
   Езус, наш Збаўца! Дзякуем Табе за тое, што Ты даў нам сваю Маці. Разам са словамі, якія Ты прамовіў на крыжы: “Вось сын Твой”, аддаў Яе ў рукі Яна, каб Яна магла быць Маці ўсіх людзей.
   Праслаўляем Цябе, Пане, бо Ты аказваеш сваю бязмерную веліч у прыніжэнні і пакоры Тваёй служабніцы Марыі. Ты выбраў Яе і ўпрыгожыў усялякімі ласкамі, узнёс Яе па-над анёламі і святымі, каб Яна, наша святая Маці, Маці поўная ласкі, сталася Тваім прыгожым “цудам”. Яна, да якой праз усе вякі ўсё чалавецтва звяртаецца з любоўю і сыноўняй удзячнасцю.
   Езус, наш Пан! Усё стварэнне абвяшчае хвалу Пана. З магутнай дапамогай нашай Маці, о Пане, мы прагнем рассыпаць па ўсёй зямлі плёны Твайго Запавету любові з чалавекам. Мы хочам, каб усе людзі Цябе пазналі і любілі, як Пана і Створцу; каб умелі адкрыць Тваю прысутнасць у сваім жыцці і мэту, дзеля якой яны былі створаны; каб працавалі для таго, каб заяснеў вобраз, які выціснуў з ласкавасцю поўнай захаплення ў сэрцы кожнага чалавека. Зрабі так, каб дзякуючы Тваёй ласцы, гэты Боскі вобраз, намаляваны ў іх душах, не быў зацемнены нянавісцю і насіллем, скажэннем звычаяў альбо падманлівым уцёкам ад рэчаіснасці да алкаголю, наркотыкаў ці сэксуальнай развязаннасці; ані праз падпарадкоўванне націску розных відаў матэрыялістычнай ідэалогіі, якія раняць годнасць чалавечай асобы.
   Просім Цябе сёння, Пане, каб тыя, што сёння перасталі Цябе праслаўляць, выбіраючы шляхі, якія аддаляюць ад Евангелля, змянілі свае паводзіны і вярнуліся да Цябе. Вярнуліся праз заступніцтва Дзевы Марыі.
   А Ты, Добрая Маці, якая заўсёды блізка ля сваіх дзяцей і якая цярпліва чакаеш іх вяртання да Касцёла, зрабі, каб яны вярнуліся! Каб яны сталі на шлях, які вядзе да Неба! Молім аб гэтым Бога праз Тваё заступніцтва.
   Маці прыгожай любові, вядзі нас!
   Маці вернага трывання з Богам, паказвай нам дарогу да Неба!
   Маці, Каралева свету, будзь для нас прыкладам жыцця!
   Бо Ты - Маці прыгожай любові,
   Ты – Маці Езуса,
   Крыніца усялякіх ласкаў,
   Водар кожнай цноты,
   Адбітак кожнай чысціні,
   Ты – радасць у плачы,
   Перамога ў баі,
   Надзея ў смерці,
   Ты – радасць церпячых,
   Карона Мучанікаў,
   Прыгажосць дзеваў.
   Молім Цябе,
   аддай нас пасля гэтага выгнання
   ва ўласнасць свайму Сыну, Езусу.
   У Табе мы пакладаем усю нашую надзею і толькі ад Цябе і праз Цябе чакаем дапамогі, патрэбнай нам для збаўлення. Бласлаўляем сёння Цябе і складаем Богу падзяку за тое, што Ён даў нам такі давер у Тваю мацярынскую прысутнасць. Марыя, Тваю блізкасць мы прымаем як знак таго, што ўзмоцненыя ласкаю, мы ідзем шляхамі збаўлення.
   Так, Беззаганная Марыя! Мы ведаем, што, калі ў мінулым мы падалі, то менавіта таму, што не прыбягалі да Цябе.
   Таму просім: Будзь заўсёды з намі! Дай нам чулае, уражлівае сэрца, каб мы заўсёды ўмелі прыбягаць да Цябе. Прыбягаць асабліва тады, калі на нам пагражае небяспека граху.
   Марыя! Будзь нашай Апякункай, барані нас ад усялякіх спакусаў злога і не дазволь, каб мы зноў упалі і зграшылі. Мы ведаем, што з Тваёй дапамогай мы пераможам усялякія спакусы. Толькі таго мы баімся, каб у будучым мы не перасталі прыбягаць да Цябе і не страцілі з-за гэтага Бога. Таму молім Цябе аб ласцы, каб мы ў спакусах шатана заўсёды прыбягалі пад Тваю апеку, заклікалі Тваю дапамогу, усклікаючы: “Марыя, барані мяне, бо без Цябе я на векі страчу Бога”.
   О Маці, дай нам ласку вытрываць у добрым аж да смерці.
   Табе на векі пашана. Амэн.

V. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
УНЕБАЎЗЯЦЦЕ МАРЫІ

   Дазволь сёння Найсвяцейшаяй Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табою. Супакой сваё сэрца, супакой свае пачуцці, а ў тваёй душы няхай запануе супакой. Няхай словы гэтай медытацыі аб унебаўзяцці Марыі стануць тваімі ўласнымі словамі, і ты пачуеш голас Найсвяцейшай Маці, які прамаўляе да цябе.

   З хвілінай унебаўзяцця распачынаецца вечнасць, якую немагчыма апісаць інакш, як у цяперашнім часе. Марыя жыве ў небе, прымаючы ўдзел у перамозе Хрыста над грахом. Ужо не толькі верыць, але пазнае бяз межаў, і Яе пазнанне Бога з’яўляецца ўдзелам у Богу. Яе сэрца, аднак, застаецца сярод людзей на зямлі, так блізка, што час ад часу, любоў прымушае Яе пакінуць неба і ступіць у цяперашні час, каб ратаваць людзей, якім пагражае бязвер’е, якія заблукалі ў краіне граху, замянілі дабро злом, любоў нянавісцю, прагненне таго, што вечнае прамянялі на зямныя скарбы. Так Марыя становіцца Божым апосталам на зямлі. “З сапраўднай, сапраўднай радасцю скажу: хоць Ты адышла, але не аддзялілася ад хрысціян, не аддалілася – Ты, што з’яўляешся жыццём беззаганнасці – з гэтага поўнага заганаў свету, але прыходзіш…”, - усклікаў у адной са сваіх гамілій святы Герман.
   Усклікаем і мы. А наш голас з’яўляецца сведчаннем таго, што да нас бліжэй Тая, якая адышла да Неба. Там Яна бліжэй да нашых сэрцаў. Таму найбольш любові і дапамогі мы атрымліваем ад Марыі. Яна адышла, каб быць яшчэ бліжэй да нас.
   Хто з’яўляецца нашым Галоўнакамандуючым? Якія колеры маюць нашыя баявыя прапорцыі? Гэта Марыя, наша Нябесная Маці, Зорка нашага збаўлення. Ёй давяраем, да Яе прыбягаем, на Яе дапамогу заўсёды разлічваем. Яна - Магутная Заступніца. У жыцці Айчыны, у жыцці свету, але можа, перш за ўсё, менавіта ў тваім асабістым жыцці, Яна з’яўляецца Магутнай Заступніцай, калі ты далучаеш да Яе малітваў свае просьбы. Ты з зямлі, Яна з неба – вы заклікаеце Божую дапамогу. Паспяхова. Бо Яе Беззаганнае Сэрца мацнейшае, чым намеры Злога і ўсіх яго пастак. Вакол Яе разліваецца столькі ласк, што там, дзе Яна, наш магутны вораг, шатан, выглядае як пазбаўлены жыцця тапелец.
   Карыстайся гэтым прывілеем.
   З даверам аддай Марыі сябе і ўвесь свет. Бо ты ведаеш, што ў Ёй схавана столькі ласк Божых, што хопіць для ўсіх, дастаткова іх, каб дапамагчы кожнай бядзе, каб прынесці канец кожнай несправядлівасці, каб перамяніць кожную сферу чалавечага жыцця. Касцёл навучае: “Вялікай справай кожнага святога з’яўляецца тое, што ён мае столькі ласк, што можа збавіць шмат людзей. Але, калі б ён меў столькі ласкі, што мог бы збавіць увесь свет, усіх людзей свету – тады гэта быў бы надзвычайны дар. А такая ласка ёсць у Хрыста і Багародзіцы”.
   Маці з Бэтлеему і Назарэту, з-пад Крыжа і Вячэрніка, сёння Унебаўзятая Маці. Яна паказала табе шлях, гэта вернасць Хрысту ў кожнай таямніцы жыцця – у радасці, у хвіліны, залітыя святлом з неба, у цемры і болю. У Фаціме Яна тлумачыла: “Маё Беззаганнае Сэрца з’яўляецца шляхам, які правядзе вас да Бога”. Углядайся ў Яе, аддавай Ёй пашану, адорвай любоўю, наслядуй Яе. А Яна ў кожнай патрэбе – асабліва ў імкненні да вечнага жыцця – неадкладна, без нашага закліку, гатовая прыйсці нам на дапамогу.
   Так навучаў папа Ян Павел ІІ, які быў Totus Tuus, які найбольш поўна перажыў апеку Марыі.
  Шлях праз Марыю да Езуса – гэта наш шлях.
   Калісьці французская пісьменніца Калет Рычард напісала: “Кожны з нас носіць у сабе зорку, да якой свядома ці несвядома працягвае далонь”. Так, гэтая “зорка” ў нашых сэрцах, і яе імя Марыя. Тут знойдзеш прыклад, як жыць, каб перамагаць. З Ёй мы заўсёды пераможам! Сястра Луцыя нам нагадвае: “Беззаганная Марыя з’яўляецца нашай перамогай!”


   Калі ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёй па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе месцы, у якіх знаходзіцца штосьці, што Яна хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа гэта будзе святло, можа бальзам суцяшэння, можа моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа гэта будзе досвед Яе блізкасці і чуласці, калі Сваёй далоняй ласкае твой стомлены твар…

Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал Więcej niż doczesność. Jest niebio, jest piekło, jest czyściec.