Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
І. ПРОМНІ ЛАСКІ, МОЦЫ І СУЦЯШЭННЯ
(МЕДЫТАЦЫЯ)
Гаварыце аб канчатковай
рэчаіснасці і разважайце над тым, што Другі Ватыканскі Сабор называе эсхаталогіяй, што з
грэцкай мовы азначае “канчатковы” і змяшчае ў сабе рэчы, якія датычацца
чалавека: смерць, Божы суд, пекла альбо неба. Пра апошнюю рэчаіснасць кажуць няшмат святароў,
а тыя, што гэта робяць, мала кажуць на гэтую тэму. А тым часам, Сабор урачыста
нагадвае аб апошняй рэчаіснасці, якая датычыцца нас усіх, уключаючы тую
страшную праўду аб магчымасці вечнага асуджэння, якое мы называем пеклам.
Павел VI
Надыходзіць гарачы
ліпень. Гэта цэнтр шасці аб’яўленняў, змешчаных
у рамках адзіных у годзе марыйных месяцаў. Бо фацімскія аб’яўленні
распачаліся ў марыйным маі і завяршыліся ў марыйным кастрычніку.
Гарачы ліпень 1917 года
– гэта час таямніцы і аб’яўлення намераў міласэрнасці, якія Бог мае адносна
ўсяго свету. У ім Найсвяцейшая Маці стаіць так блізка ля чалавека, што да
сённяшняга дня можна пачуць, як б’ецца Яе Сэрца.
Паслухаем.
Павольна прачытаем
даклад Сястры Луцыі. У ім змешчана ўсё, уся Фаціма. Без ліпеньскага аб’яўлення
мы не зразумеем настойлівага закліку, які Марыя скіроўвае таксама да кожнага з
нас. І тым больш мы не зразумеем, чым з’яўляецца новае набажэнства да
Беззаганнага Сэрца Марыі, якая яго роля, вызначаная Небам, і якое наша месца ў
ім.
Пазнаёмімся са зместам
ліпеньскага аб’яўлення. Марыя крок за крокам праводзіць нас да сутнасці свайго
паслання.
Луцыя занатавала ў сваіх
успамінах, што калі Найсвяцейшая Маці аб’явілася 13 ліпеня, Яна спачатку
сказала: “Я хачу, каб вы прыйшлі сюды трынаццатага дня наступнага месяца, каб далей
маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай Ружанцовай,
просячы аб супакоі ў свеце і заканчэнні вайны, бо толькі Яна можа
атрымаць гэтыя ласкі…”.
Ужо з першых слоў Марыі мы даведваемся пра два незвычайна важныя прадмета. Па-першае, Найсвяцейшая Маці аб’яўляе – як быццам загаддзя, бо зробіць гэта афіцыйна ў кастрычніку – кім з’яўляецца. Яна з’яўляецца Маці Божай Ружанцовай.
Гэты ўлюбёны тытул Марыі
паказвае тое, якое вялікае Яна мае ўпадабанне ў ружанцы.
Па-другое, аказваецца, што Неба паказала чалавецтву шлях да супакою - гэта менавіта ружанец. Пасля аб’яўленняў у Фаціме ружанец возьме ў рукі
некалькі дзесятак мільёнаў чалавек і вайна, якая здавалася не мела канца,
згасне як затушаная свечка.
Потым Марыя кажа:
“Прыходзце сюды далей кожны месяц. У кастрычніку я скажу, хто я з’яўляюся і чаго жадаю, і зраблю цуд, каб усе паверылі”.
Тут мы атрымліваем
прадказанне кастрычніцкага “цуду сонца”, а гэтае “чаго хачу” будзе толькі
паўтарэннем закліку, які дакладна быў акрэслены менавіта ў ліпені.
Кожная дэталь паказвае
на тое, што аб’яўленне 13 ліпеня мае фундаментальнае значэнне.
Марыя далей кажа:
“Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “О
Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і як ўзнагароду за грахі супраць Беззаганнага
Сэрца Марыі”.
У гэтых сказах
Найсвяцейшая Маці акрэслівае асноўныя рысы фацімскай духоўнасці: ахвяраванне
штодзённых цярпенняў Богу з любові да Яго, у інтэнцыі навяртання грэшнікаў і ў
інтэнцыі ўзнагароды. Першы мы раз чуем мэту нашай пілігрымкі, нашага пошуку бяспечнага порту: гэта Беззаганнае Сэрца
Марыі!
Таму нашыя сэрцы рвуцца і ўсклікаюць так моцна, каб наш воклі мог прабіць Неба: “Беззаганнае Сэрца
Марыі! Вядзі нас і дапамагай нам у нашай працы, якая суправаджае нас падчас вандроўкі
праз часовае жыццё. Навучы нас прымаць штодзённыя крыжы і
ахвяроўваць іх у акце ўзнагароды за грахі, спачатку за свае ўласныя, а потым і
іншых грэшнікаў. Навучы нас любіць Езуса так, як Ты просіш, так, як сама Яго
любіла!”
Калі мы кажам гэтыя
словы, візія, пераказаная вуснамі Найсвяцейшай Маці, саступае месца вобразам –
гэта вядомыя тры часткі фацімскай таямніцы. Луцыя апісвае, што здарылася:
“Падчас гэтых апошніх
слоў Марыя зноў распахнула рукі, як у двух папярэдніх месяцах. Промень святла здавалася прасякнуў усю зямлю і мы ўбачылі як бы мора агню. У гэты агонь былі акунутыя д’яблы і
душы ў чалавечых вобразах, якія былі падобныя да празрыстых, распаленых вуглёў.
Постаці з вялікай сілай высока выкідвала з полымя, яны падалі з усіх бакоў нібы
іскры падчас вялікага пажару, лёгкія як пух, без цяжара і раўнавагі, сярод
страшэнных крыкаў, выцця і болю роспачы, якія выклікалі дрыжыкі жаху. Д’яблы адрозніваліся
ад людзей жахлівымі і агіднымі постацямі, якія былі падобнымі да нейкіх
невядомых жывёлаў, абуджаючых страх, яны былі празрыстыя як распаленыя вуглі.
Спалоханыя, мы паднялі вочы да нашай Спадарыні, шукаючы ў Яе дапамогі”.
Затрымаемся на хвіліну.
Ведаем, што промні, з якіх распачынаецца
візія фацімскай таямніцы, сплылі на дзяцей тройчы. Першы раз гэта здарылася 13
мая, тады, калі Марыя сказала: “Божая ласка будзе вашай моцай”. Другі раз дзеці
ўбачылі промні ў чэрвені, суправаджалі іх словы суцяшэння і надзеі, скіраваныя
да Луцыі: “Я ніколі цябе не пакіну. Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім сховішчам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога”. Трэці раз промні выходзяць з рук Найсвяцейшай Маці менавіта ў ліпені падчас слоў: “Ахвяруйце сябе за грэшнікаў” – за людзей, лёс якіх яны ўбачылі ў візіі,
якая была аб’яўлена пасля гэтых слоў. Гэтыя промні яшчэ раз з’яўляюцца ў
аб’яўленай у 2000 годзе трэцяй часткі фацімскай таямніцы: у той час гэтыя
промні тушаць агонь, які анёл кідаў на зямлю, каб пакараць свет.
А можа гэта ўказанне для нас, знак, які паказвае на нашае жыццё? Можа гэта сведчанне таго, што
той, хто ідзе ў святле, сыходзячым з Беззаганнага Сэрца Марыі, той дасведчыць
патройнае дзеянне ласкі? Спачатку Маці Божая адорвае яго сэрца ўпэўненасцю, што
яго нястомна будзе падтрымліваць дапамога з Неба, што яго суправаджае моцная
дапамога, мацнейшая, чым зло. Потым ён пераконваецца, што шлях, якім ідзе, з’яўляецца
гарантыяй збаўлення: у канцы дакладна знаходзіцца Дом Айца і ніводная цёмная сіла не здольная
спіхнуць яго з гэтага Божага шляху, бо гэты шлях з’яўляецца адначасова
сховішчам ад зла! Нарэшце,
гэта шлях любові, любові не толькі да Бога ў Небе, але і да
людзей, бо Ён – Усемагутны – жыве і пакутуе ў кожным чалавеку. Вандроўка да Божага Сэрца
вядзе праз чалавечае сэрца: праз ахвяру ўсяго за грэшнікаў, каб і яны,
набліжаючыся да Канца, сустрэліся з Богам, які з’яўляецца самой Міласэрнасцю.
Гэтыя тры вуглавыя
камяні, якія ляжаць у пачатку марыйнага шляху, дадзеныя нам як вельмі важныя кантрольныя пункты. Глядзім на іх і
робім рахунак сумлення. Задаем сабе пытанні аб трайным дзеянні ласкі ў нашых
сэрцах і… ужо ведаем, ці ідзем мы шляхам, вызначаным стопамі Беззаганнай з Назарэту. Калі мы не дасведчым моцы ласкі, калі няма ў нас радаснай упэўненасці збаўлення,
калі мы не гатовыя аддаваць жыццё за грэшнікаў (нават найгоршых і зусім нам
невядомых), то гэта з’яўляецца знакам таго, што мы ўсё яшчэ з’яўляемся
фарысеямі, а не стараннымі вучнямі Бога, а наша вандроўка можа быць толькі
перасоўваннем пальца па мапе – не з’яўляецца сапраўднай!
Гэтыя промні, якія
з’явіліся толькі падчас трох першых аб’яўленняў, былі крыніцай узмацнення,
пазнання і любові да Бога. Яны былі таксама доказам заступніцкай моцы Марыі і
Яе любові. Калі перад вачыма візіянераў раскрываецца страшная візія пекла (Сястра Луцыя пазней напісала што, калі б не ранейшае перакананне ў
тым, што дзеці пойдуць да Неба, то яны памерлі б са страху), яе адзінай
мэтай было абуджэнне ў Луцыі, Францішку і Гіяцынце – і нас! – прагнення Неба,
прагнення, мацнейшага за нашыя людзкія слабасці.
Ці з намі настолькі
дрэнна, што Бог вымушаны выкарыстоўваць канчатковыя сродкі і паказваць нам
пекла? Нажаль, у пазнешых лістах Сястры Луцыі мы знаходзім сцвярджэнне, што
наступныя пакаленні ўсё больш і больш аддаляюцца ад Бога і ўсё больш заслугоўваюць
пакарання. Людзі, адыходзячы ад Бога, набліжаюцца да пекла. Можа менавіта ў
гэтым кантэксце трэба разумець словы Святога Айца Яна Паўла ІІ з лісту да
біскупа Фацімы ад кастрычніка 1997 г.: “Ужо не першы раз Бог, адчуваючы тое,
што Ён адкінуты і адпіхнуты чалавекам, і адначасова шануючы яго свабоду,
абуджае ў ім адчуванне, што аддаліўся ад Яго (ад Бога), таму згасае святло
жыцця і змрок надыходзіць на гісторыю”.
Бог будзіць ў нас свядомасць, што мы аддаліліся ад Яго, і тым самым адрэзалі сябе ад крыніцы жыцця і шчасця. Ён дае нам перажыць “гадзіны агоніі” і
“цемру ночы”. Гэтая свядомасць – такая балесная і жахлівая – з’яўляецца аднак больш
візіяй, чым рэчаіснасцю. Бог умешываецца на ранейшым этапе. Яго “адыход” павінен
нам дапамагчы знайсці Яго. Вось Божая педагогіка! Пан аддаляецца, каб
прыцягнуць нас да сябе. Каб палегчыць нам вяртанне, ужо загадзя Ён рыхтуе нам дарогу. “Гнеў Божы” не з’яўляецца “сляпым”, яго мэта - прывесці нас да такога
пункта, дзе няма месца для Божага гневу. Дарогай, падрыхтаванай загаддзя,
з’яўляецца Беззаганнае Сэрца Яго Маці, якое здольна прыцягнуць да сябе нават самага
зацвярдзелага грэшніка.
Так, мы павінны паверыць
у тое, што кара, якую
перажывае чалавецтва (і нас) з’яўляецца знакам любові Бога, а
цёмныя хвіліны, у якіх здаецца, што Бога няма, надыходзяць для таго, каб мы
маглі перажыць Божую прысутнасць.
Папа Ян Павел ІІ піша
далей: “Спачатку, аднак, Бог рыхтуе яму (чалавеку) нейкае сховішча. Так сталася на Кальварыі, калі Уцелаўлёны
Бог быў укрыжаваны чалавечай рукою і памёр. Што Ён тады ўчыніў? Заклікаючы
міласэрнасць Нябёсаў словамі : “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”
(пар. Лк. 23, 34), даверыў чалавецтва сваёй Маці: “Жанчына, вось сын Твой”
(пар. Ян 19, 26). Гэтак, кожны раз, калі чалавек адкідвае Бога і Яго праўду,
Хрыстос кіруе вочы чалавецтва на Марыю і Ёй давярае кожнага чалавека, каб абараніць яго
ад роспачы і самотнасці”.
Менавіта так было ў 1917
г. у Фаціме. Бог паслаў на зямлю сваю Маці як лекаванне ад таго, што людзі
адкідваюць Яго.
Так да сённяшняга дня.
Давайце звернем нашую ўвагу на тое, што няма ніводнай “новай Фацімы”, ніводных
вялікіх аб’яўленняў, прызнанных Касцёлам, нягледзячы на тое, што чалавецтва ўсё
больш адракаецца ад Бога. Бог не дае нам новых указальнікаў, але скіроўвае нашы вочы на
Фаціму. Робіць гэта праз знакі часу, якія адназначна ўказваюць нам на Фаціму.
І на яе пасланне!
Але вось ужо закончыцца
ліпеньскае аб’яўленне. Згасае візія і дзеці зноў чуюць Марыю, якая кажа сваё
пасланне. Перадае ім найважнейшы змест фацімскага паслання. Кажа поўная смутку: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных
грэшнікаў. Бог хоча іх выратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць у свеце набажэнства да
майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што скажу вам, шмат людзей
будзе ўратавана ад пекла і ў
свеце запануе супакой.”
Гэта важныя словы для нас. Мы ведаем, што далей ужо мы нічога не павінны шукаць! Марыя кажа нам, якім
чынам мы можам “абараніцца” ад
пекла. Так, трэба пачаць практыкаваць набажэнства да
Беззаганнага Сэрца Марыі!
Найсвяцейшая Маці далей
кажа:
“Вайна скончыцца, але
калі людзі не перастануць абражаць Бога, то падчас пантыфікату Пія ХІ
распачнецца другая вайна, горшая. Калі аднойчы ноччу вы ўбачыце невядомае
святло, ведайце, што гэта вялікі знак ад Бога, што набліжаецца свету кара за яго шматлікія
злачынствы. Будзе вайна, голад, пераследаванне Касцёла і Святога Айца. Каб
адхіліць гэта, Я прыду, каб прасіць аб прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму
Сэрцу і аб узнагараджальнай Святой Камуніі ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананыя, Расія навернецца і запануе супакой. Калі не, - бязбожная прапаганда распаўсюдзіць па свеце сваю аблудную навуку, выклікаючы войны і пераследванне Касцёла. Добрыя будуць замучаныя, Святы Айцец будзе шмат
пакутваць. Розныя народы згінуць, у канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе”.
Трыюмф Беззаганнага Сэрца!
Гэта самае цудоўнае абяцанне, дзеля якога варта жыць і паміраць. Не будзем
жадаць больш нічога, акрамя таго, каб садзейнічаць марыйнай перамозе!
ІІ. СОН АБ МАРЫЙНАЙ СМЕРЦІ
(ПРЫКЛАД)
Аднойчы адзін святар
расказаў мне свой незвычайны сон. Гэта быў сон, які змяніў усё яго жыццё.
“Гэта быў дзіўны сон.
Ведаю, што гэта мне прыснілася, але усё адбывалася так, нібы я прачнуўся ад сну. Сярод ночы. Так, мяне абудзіў
стук у дзверы. “Гэта немагчыма, - падумаў я, - бо тут нікога няма. Я жыву адзін… Ніхто не мог
сюды ўвайсці… А цяпер нехта стукаецца”. Не падумай, што я сказаў, каб увайшлі.
На колькі памятаю, дзверы былі зачыненыя на замок. Я толькі глядзеў на гэтыя дзверы і
чакаў. На працягу хвіліны нічога не адбывалася, а потым… Потым нехта націснуў
на клямку і шырока адкрыў дзверы. На парозе стаяла Яна. Такая прыгожая, поўная
супакою і нейкай мудрасці… Яна затрымалася на парозе майго пакою і глядзела на
мяне. Найсвяцейшая Маці. Не,
я не быў здзіўлены, і дакладна не спалоханы. Думаю, што штосьці
было мне дадзена ад Яе духа. Гэты супакой, незвычайны супакой. А Яна зноў праз
хвіліну, падчас якой нічога не адбывалася, падняла руку і працягнула яе да
мяне, запрашаючы. Я зразумеў, што павінен пайсці з Ёй. І раптам… гэта было як
святло: я зразумеў, што тая Марыя – гэта мая смерць, што Яна мяне кліча, каб я
ўжо пайшоў з Ёй, каб адышоў з гэтага свету. Я зразумеў, што, калі Яе
паслухаюся, калі ўстану і падам Ёй руку, то раніцай мяне знойдуць у ложку
мёртвым…
Бачыш, я яшчэ жыву. Не
павінен апавядаць табе чаму. Не, я не ўстаў і не схапіўся за гэту найсвяцейшую
руку. Не таму што ў той час я чагосьці баяўся. Тая смерць нават спакушала: гэта
было запрашэнне, такое прыгожае запрашэнне… Аднак я не пайшоў. Ці я засумняваўся і не прыняў
гэтую незвычайную ласку? Не ведаю, не памятаю, гэта для мяне не важна. Важна
тое, што, калі я раніцай прачнуўся, першая думка, якая прасякнула мяне – успамін пра тое, што я перажыў ноччу. Другі промень раптоўнага святла асвяціў мяне: я
зразумеў, што я памёр, бо Яна ж прыйшла за мной, бо я ж сустрэў Марыю-Смерць… Я
зразумеў, што я знаходжуся ў чысцы - надыйшоў час пакутаваць за грахі. Так, я
не заслужыў ні на што лепшае, як толькі на чысцец. І знайшоў сябе там.
Бачыш, - заканчваў мой
сябар, - знешне нічога не змянілася. Абсалютна. Але маё жыццё пасля той ноччы –
гэта не далейшы працяг жыцця. У гэтай рэчаіснасці я перажываю свой ачышчаючы чысцец.
З радасцю прымаю крыжы, працу, нязручнасці, хваробы. Я не прагну прыемнасці, радасці, славы, грошай ці яшчэ чагосьці.
Ведаеш, чаго я прагну? Каб у адну ноч Яна другі раз прыйшла за мной. А я быў бы
гатовы пайсці за Ёй туды, куды б Яна мяне не правяла. Там, дзе Яна, там Неба.
О! – уздыхнуў, - як жа ж я сумую па гэтым! Я хацеў бы быць ужо
гатовым…”
“Так выглядае смерць
марыйных прыхільнікаў, - падумаў я. – Прыгожая смерць, якая мае самае прыгожае
імя. Імя Маці Божай”.
Падумай:
1.
Якое Тваё уяўленне аб смерці? Можа тое, што
ты яе баішся ці чакаеш, з’яўляецца нейкім знакам таго наколькі ты “гатовы” да яе?
2.
Ці хацеў бы ты памерці так, як апавядае стары
святар? Сапраўды, гэта ідэальная смерць – прайсці з Марыяй да вечнасці, праўда?
3.
Ці ж сапраўды Касцёл не навучае, што чысцец
з’яўляецца абавязковым для тых, хто не выкарыстаў жыццё на гэтым свеце, каб
ачысціцца з грахоў і іх наступстваў? Можа і ты павінен з сённяшняга дня жыць
так, як быццам знаходзішся ў чысцы?
ІІІ. ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)
Уваскрашэнне
Змрок мінае, боль
сціхае, з’яўляецца цёплы бляск новай рэчаіснасці. Хрыстос уваскрос, перамог
смерць, шатана, які паставіў перад
сабой мэту зрабіць з зямлі частку пекла. Ад яго планаў засталіся
руіны.
Калі мы ўглядаемся ў
таямніцу ўваскрашэння, ці бачым, што наш навакольны свет можа быць іншым,
лепшым? Ці крыж, на якім мы абапіраем сваё жыццё становіцца для нас знакам
таго, што Бог даў чалавеку моц, каб прыспешыць хвіліну, калі будзе “як у небе,
так і на зямлі”? Так, верым у гэта ўсім сваім сэрцам, узносім вочы ўвысь, дзе
крыж кранаецца неба і ўсклікаем: “Мы не адны! Хто ж як Бог! Хрыстос – Валадар!
Так, Ты – Валадар, а мы Твае слугі!”
Чытаем сёння пастаўленае
перад намі заданне: мы павінны перамяніць свет, асвяціць яго, зрабіць яго
месцам, дзе будзе жыць Бог. Аднак, гэта толькі першая хвалебная таямніца.
Ведаем ужо з упэўненасцю, што дабро пераможа, але, як навучаў Ян Павел ІІ,
гэтая перамога “не адкідвае страх за тое дабро, за знішчэнне надзеі. Так (…) кожны хрысціянін павінен мець асабліва вострую свядомасць
тых небяспек, якія паўстаюць у жыцці чалавека і свету: яго цяперашняя і
канчатковая будучыня. Аднак усведамленне гэтых небяспек не нараджае песімізму,
але мабілізіруе да змагання за прамогу…”.
Да бою, Сёстры і Браты,
пад знакам хвалебнага крыжа!
Унебаўшэсце
Унебаўшэсце – гэта
таямніца. Як быццам Бог паставіў паміж небам і зямлёй драбіну крыжа…
Высокі Бог схіляецца
сёння нізка, каб перамяняць аблічча зямлі. Бог ажыццяўляе свае намеры любові
паводле ўласнага гадзінніка, часта інакш, чым хацеў бы таго чалавек. Ён кажа
нам нястомна ўглядацца ў неба, трываць
на малітве, вучыцца моцы любові ўваскрослага Хрыста. Ён кажа нам чакаць таго
дня, калі пакліча нас да дзеяння. Ён узыйшоў на неба, каб прынесці нам зброю,
якая заўсёды перамагае.
З даверам чакаем, углядаючыся ў неба. Узгадваем словы нашага Папы Яна Паўла
ІІ: “Я яшчэ сюды да вас прыеду ў спакайнейшыя часы”. Сёння разумеем іх па-новаму: надыйдзе час спакайнейшы, час святы, у якім Ян Павел ІІ стане сярод нас навучаючы, а яго навука стане канстытуцыяй нашых сэрцаў! Гэта
будзе час новага пакалення, якое прадказвала візіянерка з Фацімы. Але пакуль
што чакаем святла і моцы з вышыні. Пакуль углядаемся ў Неба.
Спасланне Духа Святога
Трываем з’яднаныя ў малітве з Маці Езуса. Вучымся ў Яе веры і надзеі, служэнню і забыванню пра сябе. Наша малітва вытрывалая, бо мы не ўстанем з кален, пакуль з намі
моліцца Марыя. Слухаем, як у Яе Беззаганным Сэрцы ціха працуюць Божыя млыны,
якія пераапрацоўваюць людзкі труд, ахвяру і малітву ў ласкі, сплываючыя на чалавечыя душы як раса.
Сярод іх ёсць найбольшая, найбольш чаканая: дар Духа Святога, які змяняе зямлю, аднаўляе яе аблічча і нараджае святасць.
Ці мы, аднак, ведаем,
што чаканы з прагненнем дар Духа Святога з’яўляецца зброяй, якую хтосьці
павінен узяць у рукі? Таму ўсклікнем, што мы гатовыя апрануць Божую зброю і
вырушыць ў бою са знакам Крыжа.
Унебаўзяцце Марыі
Хто з’яўляецца нашым
галоўнакамандуючым? Якія фарбы маюць нашыя баявыя прапорцыі? Гэта Марыя, наша
нябесная Маці, Зорка нашага збаўлення. Ёй давяраем, да Яе прыбягаем, на Яе
дапамогу заўсёды лічым. Яна з’яўляецца Магутнай Заступніцай. Яе Беззаганнае
Сэрца мацнейшае, чым намеры Злога і ўсе яго пасткі. Навокал Яе разліваецца
столькі ласк! Там, дзе Яна, там Шатан, наш моцны вораг, выглядае як пазбаўлены
жыцця тапелец.
Таму цалкам аддаём сябе Ёй і з даверам аддаем Ёй увесь наш свет. Ведаем,
што ў Марыі столькі ласкі Божай, што хопіць для ўсіх. Гэтай ласкі досыць, каб дапамагчы кожнай
бядзе, каб пакласці канец кожнай несправядлівасці, каб перамяніць кожную сферу жыцця чалавека.
Святыя кажуць: “Вялікай справай у кожнага святога з’яўляецца тое, што ён мае
столькі ласкі, што яе хопіць на збаўленне шматлікіх. Але, калі б ён меў яе
столькі, што хапіла б на збаўленне людзей усяго свету, гэта быў бы надзвычайны
дар. Гэты дар ёсць у Хрыста і Бласлаўлёнай Дзевы”.
Укаранаванне Марыі на каралеву неба і зямлі
Сёння непераможную моц
атрымаюць тыя, хто ўстаў з Марыяй на Хрыстовы шлях і верна ідуць па ім, а іх
сэрцы становяцца падобнымі да сэрца Беззаганнай. Гэта пра іх казаў св. Людвік дэ
Монфор, калі навучаў: “Найвышэйшы разам са сваёй Маці павінны стварыць сабе
вялікіх святых, якія сваёй святасцю пераўзыдуць іншых святых, як кедры Лібану пераўзыходзяць карлікавыя кусты (…). Фармаванне і выхаванне вялікіх святых (…) пакінута для Яе, паколькі толькі Яна,
цудоўная Дзева, здольная, у еднасці з Духам Святым, чыніць асаблівыя і
незвычайныя справы”.
Гэта Марыі Каралеве
даверыў Бог пакліканне да жыцця “новага пакалення”. Сястра Луцыя нагадвае нам,
што “Марыя з’яўляецца Маці новага пакалення… якое народзіца з Дзевы, абранай Богам, і затрыюмфуе ў барацьбе з пакаленнем сатаны, знішчаючы яго галаву”. Візіянерка
некалькі разоў паўтарала прадказанне паяўлення “новага пакалення”, якое з Сэрца Марыі будзе
чэрпаць моц для пераможнай барацьбы з шатанам. Больш таго, яна прадказвала, што час новага пакалення ўжо сапраўды блізка!
Дзякуем Табе, наша Пані
і Каралева. Бо ці ж ёсць большы гонар, чым бараніць Тваю хвалу?
IV. ДАПАМАГАЙ, БАРАНІ І ПАДТРЫМЛІВАЙ НАС!
(АПЭЛЬ
МАРЫЙНЫ)
“Бласлаўлёныя чыстыя
сэрцам, бо яны Бога сузіраць будуць” (пар. Мц. 5,8). Гэтыя словы ўводзяць нас у
глыбіню евангельскай праўды пра чалавека. Езуса знаходзяць тыя, што Яго шукаюць, так як
шукалі Марыя і Юзаф. Гэта падзея пралівае святло на гэтую вялікую справу ў жыцці кожнага
чалавека, якім з’яўляецца пошук Бога. Так, чалавек сапраўды шукае Бога; шукае
Яго сваім розумам, сваім сэрцам, усёй сваёй сутнасцю. Святы Аўгустын кажа:
“Неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Богу. Гэты непакой з’яўляецца
творчым непакоем. Чалавек шукае Бога, паколькі ў Ім, і толькі ў Ім ён можа
знайсці сваё ажыццяўленне – ажыццяўленне сваіх імкненняў да
праўды, дабра і прыгажосці”.
Ян Павел ІІ
Святая Марыя, Маці Божая
і наша Маці!
Маліся за нас да Свайго
Сына Езуса Хрыста і заступайся за нас усім сваім мацярынскім Сэрцам, поўным
любові Духа Святога.
Памнож нашу веру, ажыві
надзею, узмацні нашую любоў.
Дапамагай нашым сем’ям.
Абараняй моладзь і
дзяцей.
Суцяшай церпячых.
Будзь Маці верных і Маці
пастыраў Касцёла.
Будзь для ўсіх нас
прыкладам і зоркай новай евангелізацыі, якой так патрабуе сучасны свет.
Таму мы глядзім на Цябе і
вучымся ў Цябе, як жыць у нашай штодзённасці.
Таму мы прыбягаем да Тваёй
дапамогі і просім, каб Ты вучыла нас, як сёння быць сведкамі любові Твайго Сына, і нашага Адкупіцеля
і Пана – Езуса Хрыста.
Маці міласэрнасці, будзь
нашай настаўніцай укрытай і ціхай ахвяры! Вучы нас, як Ты, выходзіць насустрач
кожнаму чалавеку і несці яму радасць збаўлення.
Таму просім: Удзялі супакою, справядлівасці і поспеху нашым дням, бо ўсё,
што мы маем і чым з’яўляемся, мы
давяраем Тваёй апецы, Спадарыня і Маці наша. Мы хочам цалкам належыць Тябе, з Табою ісці
дарогай поўнай вернасці Хрысту ў Яго Касцёле: вядзі нас заўсёды сваёй любячай
рукою.
Таму просім: дай нашым
сем’ям ласку, каб яны шанавалі і любілі зачатае жыццё той самай любоўю, з якой
Ты ў сваім улонні зачала жыццё Божага Сына.
Таму просім: сцеражы
нашыя сем’і, каб яны заўсёды трывалі ў згодзе, і блаславі ў выхаванні нашых дзяцей.
Таму просім: паглядзі на
нас з літасцю, навучы нас нястомна ісці да Езуса, а калі мы ўпадзем, дапамажы
нам падняцца і вярнуцца да Яго праз вызнанне нашых правінаў і нашых грахоў у сакраманце пакуты, які
прыносіць супакой душы. Молім Цябе, удзялі дару любові да ўсіх святых сакрамантаў, якія як знак
пакінуў для нас Твой Сын на зямлі.
Ты сапраўды поўная
ласкі, о Марыя! З гэтай паўнаты вырас у Табе новы свет Эмануэля, свет Бога з
людзьмі. Свет веры, які атуляе звышнатуральнай, Боскай рэчаіснасцю. Божы свет,
парадак вечнай любові, нябеснае валадарства!
О Маці, о Нявеста
апранутая ў сонца Божай любові, о вялікі Знак для ўсіх, хто пілігрымуе праз
гэтую зямлю да “святыні” Бога жывога, - пачуй нас!
І выслухай нас! Няхай
“міласэрнасць Божая з пакалення ў пакаленне” не перастае быць удзелам сыноў і
дачок гэтай зямлі праз Тваё заступніцтва. Няхай яна аб’явіцца ў нашым пакаленні
- у нас, якія сёння з’яўляемся пілігрымуючым народам, народам, які вандруе да Неба. З Табой, о Марыя! Тваім Шляхам, о Маці!
О ласкавая, о
літасцівая, о салодкая Дзева
Марыя! Просім: дапамажы нам жыць так, як хоча Бог! А тады,
Найсвяцейшая Маці, з супакоем Божым у сумленні, з сэрцам вольным ад злосці і нянавісці, мы зможам усім несці сапраўдную радасць і сапраўдны супакой,
крыніцай якіх з’яўляецца Твой Сын, наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Духам
Святым жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.
V. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
УНЕБАЎШЭСЦЕ
Дазволь сёння Найсвяцейшаяй Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табою. Супакой сваё
сэрца, супакой свае пачуцці,
а ў тваёй душы няхай запануе спакой. Няхай разважанне
таямніцы смерці Збаўцы будзе
месцам тваёй
сустрэчы з Марыяй. Ты пачуеш Яе голас, які прамаўляе асабіста да цябе.
Марыя сёння задае Табе некалькі самых асноўных пытанняў. Паспрабуй адказаць на іх у малітве…
Што
для Цябе з’яўляецца самым важным? Аб чым часцей за ўсё просіш для сябе? Аб чым
просіш для сваіх самых умілаваных
уа свеце? Скажы, ці просіш аб небе? Ці гэта неба? Скажы,
ці памятаеш пра неба? Ці сумуеш па ім? Ці марыш з’яднацца з Богам і сустрэцца з Ім тварам у твар, сэрцам ў сэрца, душа ў душу са мной, Тваёй Маці, з улюбёнымі святымі (маю надзею, што ў цябе ёсць такія і ты размаўляеш з імі), з
блізкімі, якія ўжо адыйшлі? Адкажы, ці ты думаеш пра неба? Ці стараешся пазнаць
паўней таямніцу, якая з’яўляецца
выкананнем Твайго жыцця?
Скажы, што ты думаеш, чаго прагнеш, чаму сумуеш, радуешся ў гэтую хвіліну… І дзякуеш Богу за дар неба… Большага
атрымаць нельга.
Можа
ты скардзішся, што Неба для цябе з’яўляецца абстракцыяй, бо ты нічога не ведаеш пра
яго. Евангелле пакінула толькі некалькі вобразаў неба, як у Старым Запавеце. Ты ведаеш ключавыя словы: вячэра, шмат пакояў, вечнае жыццё, паўната шчасця, еднасць… Гэтыя словы не акрэсліваюць рэчаіснасці неба, яны застаюцца на ўзроўні сімвалаў. А цяжка сумаваць па
чымсьці, чаго немагчыма назваць, апісаць, дакрануцца… Неба занадта далёка, каб
яно было важным…
Таму падумай хвілінку, ці маеш ты права лічыць сябе пакрыўджаным. Ці ж ведалі больш, чым
ты пра неба Апосталы? Альбо Марыя? Ты не маеш права жадаць атрымаць для сябе больш, чым яны
атрымалі. Бо табе досыць
таго, што для цябе даступнае!
Езус, які на вачах сваіх вучняў узыходзіць на неба, абвяшчае дзве
праўды, якімі Найсвяцейшая Маці заўсёды жыла. Першая праўда – “двайны доказ”
існавання неба.
З
аднаго боку, ты атрымаў ад Бога ласку веры, а разам з ёй добрую навіну пра
неба, якое чакае. Памятай, што гэты дар, вера, не толькі з’яўляецца каштоўнай
манетай, якую нельга табе згубіць і якая заўсёды захавае сваю вартасць. Вера –
гэта дар і заданне. Калі ты не клапоцішся пра яе, яна будзе марнавацца. Можа знешне яна захавае сваю форму, але ў сярэдзіне
будзе толькі гніль – не знойдзеш у ёй ніякай вартасці і дапамогі ў хвілінах,
калі менавіта яна можа дапамагчы. Калі ты не молішся, як Апосталы: “Памнож нашу веру” і сам не клапоцішся пра
яе ўзрост, у тваіх руках застанецца
пустая шкарлупа традыцый і звычаяў. Скажы, што ты разумееш гэта, і што твая вера будзе мець у табе клапатлівага апекуна! Скажы сёння гэта Езусу, які паказвае табе неба!
Без
сталай веры ты не адчуеш прыгажосці неба.
З
іншага боку, нават, калі не маеш веры, якая дае жыццё, то пашукай у сваім сэрцы
доказы неба. У ім знаходзіцца туга па
небу. Узгадай хвіліны, калі цябе кранулася раптоўнае
прагненне святасці, злучэння з Богам, пагружэнне ў любові, быць кімсьці
большым, чым ты цяпер з’яўляешся і быць “у чымсьці большым”, у чым ты жывеш цяпер. Кожны
перажыў такія хвіліны. У кожным чалавеку жыве не названае прагненне Бога.
Толькі Ён можа насыціць Твой голад. Яго ежа - гэта неба.
Марыя просіць: узгадай тыя моманты, калі ты адчуваў такое вялікае прагненне Бога, што ажно плакаў. А яшчэ лепш, - падай мне руку і увайдзі
менавіта цяпер, са Мной, тваёй Маці, у краіну прагнення Бога…
Час
узгадаць другую праўду. Неба чакае цябе. Але памятай, што яно з’яўляецца
адначасова дарам і заданнем. Ці ведаеш ты, што Езус не казаў пра неба так мала, як гэта табе здаецца? Кожны раз, калі Ён казаў аб тваім навяртанні, святасці, любові бяз межаў – Ён казаў пра неба. Кожны
раз, калі Ён казаў пра
сакраманты – Ён казаў пра неба, якое расце ў табе. Кожны раз, калі звяртаў тваю ўвагу на
твайго бліжняга – паказваў, што ў служэнні іншаму чалавеку схавана таямніца неба. Ён апавядаў табе, як
будуецца неба ўжо цяпер, падчас жыцця на зямлі. Тлумачыў, што ты можаш ужо
цяпер знайсці нябесны супакой, якога свет не зможа ў цябе адабраць. Хрыстос
нястомна казаў пра неба! Падумай, што з’яўляецца больш важным: апавядаць
людзям, як выглядае неба ці
можа навучыць іх, як працаваць, каб яго здабыць? Заспакоіць
цікавасць – гэта задача медыяў, а не Евангелля.
Калі
ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёй па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе месцы, у якіх
знаходзіцца штосьці, што Яна
хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа гэта
будзе святло, можа бальзам суцяшэння, можа моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць
тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа гэта будзе досвед Яе блізкасці і
чуласці, калі Сваёй далоняй
ласкае твой стомлены твар…
Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал Więcej niż doczesność. Jest niebio, jest piekło, jest czyściec.