6.13.2011

Першая субота мая 2011

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!



І. НАЙЦУДОЎНЕЙШАЯ НАВІНА
(МЕДЫТАЦЫЯ)

   Неба – гэта месца, дзе чакае нас Бог. Неба з’яўляецца месцам нашага канчатковага паклікання і прызначэння. У небе мы павінны выканаць сваё пакліканне, сваё існаванне, прабываючы ў вечных адносінах з Богам жывым, з Айцом, Сынам і Духам Святым. Гэта простая праўда пра неба, якую мы чытаем у словах Малітвы Гасподоняй і ў Евангеллі.
Ян Павел ІІ, Генеральная Аўдыенцыя,
 21 ліпеня 1999 г.

   Маёвы месяц 1917 г. прынёс траім дзецям з невялікай вёскі Альюстрэль найцудоўнейшую хвіліну ў іх жыцці. У палове мая, а дакладней трынаццатага дня гэтага месяца, Луцыі дос Сантос, а таксама Францiшку і Гіяцынце Марта з’явілася Найсвяцейшая Маці. Пастушкі ўбачылі Яе такой прыгожай, што самая малодшая з дзяцей – Гіяцынта – не стамлялася потым паўтараць з захапленнем: “Яна была такая прыгожая, такая прыгожая… такая прыгожая Пані… такая прыгожая Спадарыня”. Таму Луцыя баялася, што сямігадовае дзіця не зможа захаваць спатканне з Марыяй ў таямніцы, і пасля вяртання да дому ўсё раскажа блізкім. І сапраўды. Гіяцынта не змагла не распавядаць аб гэтай прыгажосці, якую ў той дзень убачыла ў Кова да Ірыя – у Даліне Супакою. Яе сэрца спявала; дзяўчынка хацела спяваць аб гэтым усяму свету!
   Не павінна нас гэта здзіўляць.
   Марыя, якая аб’явілася дзецям на маладым скальным дубе была такой прыгожай, што ніводнае слова не было ў стане нават прыблізна яе апісаць і даць хоць бы імглістае ўяўленне аб тым, што сталася ўдзелам пастушкоў. Няма такога параўнання на гэтым свеце, якое б паспяхова магло б нас прыблізіць да гэтай незвычайнай прыгажосці. Маленькія візіянеры з Фацімы ўбачылі незямную прыгажосць, прыгажосць не з гэтага свету, прыгажосць Неба. “Ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое на сэрца чалавеку, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго” – тлумачыць  св. Павел (1 Кар 2, 9). Прыгажосць Неба незразумелая. Але, хоць у гэты дзень дзеці зусім не знаходзіліся на Небе, бо Найсвяцейшая Маці аб’явілася ім у іх зямным вымярэнні, у знаках, нават бачны “знак прыгажосці Неба”, які аглядалі візіянеры з такім вялікім захапленнем, ужо быў невыказна прыгожым: яшчэ адчувальны, але ўжо поўны хвалы, аглядальны, але яго ўжо немагчыма апісаць, і захапляльны, з якім чалавек прагне дзяліцца з цэлым светам.
   Аднак, рапсавядаць пра тое, як выглядае гэтая прыгажосць… ніхто не зможа.
   Слушна вучыў аб прыгажосці Неба Ян Павел ІІ: “Трэба захоўваць пэўную меру ў апісанні “канчатковых рэчаіснасцяў”, паколькі яны заўсёды застаюцца неадэкватнымі”.
   Шмат разоў у сястры Луцыі пыталіся як выглядала “Пані з Неба”.  Візіянерка спрабавала апісаць выгляд Найсвяцейшай Маці, але гэта заданне было амаль немагчыма выканаць. Яна апісывала Марыю як “Спадарыню ў белай сукенцы, прамянеючай святлом, яснейшым за сонца”. Пісала, што Маці Божая прыйшла “ахінутая святлом Бога, які Яе перамяняе быццам Яна была новым стварэннем”.
   Цяжка было Луцыі напісаць штосьці большае.
   Перажыванне пастушкоў аказалася немагчыма пераказаць. Ці не падобна было з маляваннем абраза Божай Міласэрнасці? Ці ж Сястра Фаўстына, якая дала ўсе магчымыя ўказанні віленскаму мастаку Яўгенію Казіміроўскаму, не перажыла страшнага расчаравання, калі ў чэрвені 1934 г. убачыла намаляванага на палатне Міласэрнага Езуса? Нават найлепшы пэндзаль не можа перадаць прыгажосць Неба! Недасканаласць твора не была віной мастака, але “віной” Неба. Не атрымаецца схаваць звышнатуральнае багацце ў формах і колерах мастацтва. Сказаў аб гэтым св. Фаустыне Пан Езус, які пераканаў, што важна не тое, што відаць: “Не ў прыгажосці фарбы, ані ў пэндзле веліч гэтага абраза, але ў маёй ласцы”.
Ані найлепшы мастак, ані найлепшы ў свеце скульптар не здольны пераказаць прыгажосць уваскрослага Хрыста ці Унебаўзятай Марыі. Прыходзячых да нас у аб’яўленнях Збавіцеля і Яго Маці характарызуе штосьці, што мы нават не ўмеем назваць: нейкая іншая прыгажосць, нябесная прыгажосць. І нават цудоўная фігура Маці Божай Фацімскай, якая сёння стаіць на месцы аб’яўленняў, хоць і з’яўляецца творам вялікага майстра  - Джозэ Тэдзіма званага “Анёлам Міхалам Партугаліі” – нават гэтая выява не з’яўляецца такой прыгожай, якую бачылі маленькія фацімскія дзеці.
   І зноў значэнне ўяўлення не мае нічога супольнага з прыгажосцю фарбы і золата, але з ласкай…
   Для фацімскіх дзяцей сустрэча з Найсвяцейшай Маці была незвычайным досведам. Гэта была сустрэча з Небам, з яго іншай прыгажосцю, з яго невыразнай, дасканалай прыгажосцю. Таму нас зусім не здзіўляе захапленне пастушкоў, і тое, што з 13 мая ажно да канца свайго зямнога жыцця кожны з іх больш думаў пра Неба, чым пра зямлю. Бо – як кажуць святыя – “зямля ім абрыдла”. Дзеці ведалі, што на ёй няма прыгажосці, якую можна было б паставіць побач з прыгажосцю Неба і хоць на хвіліну засумнявацца, якую з іх выбраць.
   Для пастушкоў з Фацімы выбар быў зразумелы: толькі Неба! Бо той, каго яно кранецца, той пачынае жыць толькі для яго.
   Можна было б сказаць, што калі б аб’яўленні ў Фаціме былі скіраваныя толькі да адных дзяцей - Луцыі, Францішка і Гіяцынты - , то нічога больш не было б патрэбна: гэтай першай сустрэчы дзяцей з Марыяй ў цішыні Даліны Супакою было б дастаткова. Сустрэча, якая распачалася ў маўчанні, без слоў. Ведаем, што нават толькі адзін дотык надзвычайнай прыгажосці выціснуў на пастушках настолькі нязмыўны адбітак, што заклік да навяртання і святасці гучалі ў іх сэрцах да канца іх дзён. Было дастатковым, што прамовіла да іх мова перажывання прыгажосці з Неба. Дзеці ўбачылі прыгажосць, якой не маглі (і не хацелі) супраціўляцца…
   Гэта была прыгажосць, якая нараджае прагненне ўдзельнічаць у ёй, пагрузіцца ў яе, быць яе часткай. Не на хвіліну. Назаўжды, на вякі.
   Прыгажосць – гэта Божая катэгорыя, гэта ключ да пазнання нашага Створцы і Збаўцы. Прыгажосць відаць менавіта ў тым, што Божае. Перад тым, як на свет упаў цень граху, усё стварэнне было добрым і прыгожым; усё было гучным знакам дасканаласці Бога – знакам, які казаў пра тое, якім з’яўляецца Бог. Гэтак ёсць да сённяшняга дня, ня гледзячы на тое, што князь цемры спрабуе ўзяць стварэнне пад сваю ўладу. Калі свет выйшаў з Божых, а не д’ябальскіх рук, то павінен быць прыгожым, бо носіць на сябе след Таго, хто даваў яму формы, колеры, рух. Святы Аўгустын вучыў: “Запытайся прыгажосць зямлі, мора, паветра, якое распаўсюджваецца і вее; запытайся прыгажосць неба…запытайся ўсё, што існуе. Усё адкажа табе: паглядзі і заўваж, як усё прыгожа. Прыгажосць таго, што існуе, з’яўляецца быццам прызнаннем. Хто стварыў усю гэтую прыгажосць, падпарадкаваную зменам, калі не Прыгожы, які ніколі не змяняецца?”
   Таму д’ябал любіць бруд. На зямлі шатан заўсёды застанецца бяссільным, бо не з’яўляецца стварыцелем. Хоча каб на свеце было як мага менш прыгажосці, і як мага больш бруду. Бо там, дзе прыгажосць, там знак існавання Бога, там шэпт, які запрашае да Неба. І пекла не мае новых жыхароў.
   У пекле, якое стварыў д’ябал і панам якога з’яўляецца, няма прыгажосці. Узгадаем апісанне візіі пекла – якое яно было жудаснае...
   Менавіта прыгажосць – незвычайная прыгажосць, прыгажосць звышнатуральная – была першым пасланнем, скіраваным да дзяцей з Фацімы. Была запрашэннем да Неба.
   Калі б Фаціма была аб’яўленнем прызначаным толькі для гэтай тройкі пастушкоў, цэласнасць паслання завяршылася б у кароткім спатканні, якое адбылося ў поўным маўчанні. Але Фаціма – гэта пасланне для свету! Дзеці павінны былі перадаць людзям важныя праўды Неба. Павінны былі занесці на пяць кантынентаў пасланне, якое перадае самае важнае – пасланне аб вечнасці. Бо пра яе свет паволі пачынаў забываць.
   Таму ў Фаціме распачынаецца дыялог Неба з зямлёю. Бог пасылае сваю Маці, каб перадаць людзям найважнейшыя для іх праўды. Невыпадкова, што першай з іх з’яўляецца пацвярджэнне існавання жыцця пасля смерці, да якой Бог прызначыў кожнага з нас.
   Калі дзеці ўбачылі Маці Божую Фацімскую, Луцыя запыталася: “Адкуль Ты, Пані?”
   Шмат гадоў пазней візіянерка тлумачыла, чаму дыялог распачаўся менавіта такім чынам: “Паводле звычаю, які існуе ў нашым краі, калі мы сустракаем незнаёмую асобу і тая звяртаецца да нас, мы пытаемся адкуль яна і чаго жадае”, - тлумачыла Луцыя. Таму яна запыталася Найсвяцейшую Дзеву Марыю, адкуль Яна прыйшла ў Кова да Ірыя.
   Але ўжо сама форма, якой карыстаецца дзяўчынка, задаючы першае пытанне, паказвае на тое, што яна ведае, што перад ёй стаіць асаблівая асоба! Як сама пазней тлумачыла Луцыя, яна звярнулася да Марыі як да “ласкавай Спадарыні”, паколькі гэта “зварот, які ўжываецца ў маёй мясцовасці, калі звяртаюцца да асобаў, якія паходзяць з высокага саслоўя і займаюць вышэйшыя пасады. Менавіта так і запыталася: “Адкуль Ты, ласкавая Спадарыня?”.
   Што ж паходжанне і становішча Марыі сапраўды былі “вышэйшыя”. Дакладна “вышэйшыя”, бо з самага Неба.
   Гэтак адказала Луцыі і Найсвяцейшая Марыя. Яна кажа: “Я з Неба”. Не прыйшла здалёк, але з вышыні! Прыйшла з іншага свету, са звышнатуральнасці.
   Таму Неба існуе! І там так хораша і прыгожа!
   У гэтым месцы візіянерка дадае сваё разважанне:
   “Звычайна я чула, як казалі, што Неба ёсць там, высока, над небасхілам, над зоркамі, месяцам і сонцам, а бачучы такую прыгожую Спадарыню, пачуўшы, што Яна з Неба, я адчула ўнутраную радасць, якая напоўніла мяне даверам і любоўю; мне здавалася, што нішто не можа аддзяліць мяне ад гэтай Спадарыні і я прагнула схапіцца за Яе, каб Яна забрала мяне на крылах свайго палёту. Аднак не такія былі намеры Пана”.
   Луцыя адчувае сябе шчаслівай. Калі яна блізка ля Марыі, адчувае ў сэрцы давер і любоў. Ёй здаецца, што час жыцця скончыўся, і яна знаходзіцца на парозе новай рэчаіснасці; і дастаткова толькі аднаго кроку, каб вечна радавацца агляданнем Найсвяцейшай Дзевы Марыі і жыццём у Небе. Толькі гэтага яна жадала: каб сталася так, што Маці Божая прыйшла ў Даліну Супакою, каб яе, Гіяцынту і Францішка забраць туды, адкуль Яна прыйшла – да Неба. Луцыя піша: “Я хацела схапіцца за Яе, каб Яна забрала мяне на крылах палёту”.
   Аднак, не такія былі намеры Божыя. Цікава, што Луцыя гэта прадчувае, бо не пытаецца, ці Марыя забярэ яе да Неба, але пытаецца аб будучыні. Ведае, што павінна яшчэ прайсці вандроўку праз жыццё. А гэта значыць прыйдзе час, каб задаць пытанне, як ісці праз жыццё, каб дайсці да брамы Неба.
   У гэты момант мы можам на хвіліну атаясаміць сябе з Луцыяй і задаць Марыі пытанне аб нашай вечнасці. Дзесяцігадовая Луцыя не баіцца запытацца пра сваю будучыню ажно да смерці. Яна гаворыць аб смерці адкрыта, без страху. Чаму? Бо ў яе сэрцы быў давер. Яна давярае Богу, бо Прыгожя Спадарыня прамянее такім дабром і любоўю! Луцыя ведае, што Бог яе любіць і прагне, каб яна была ў Небе. Дзякуючы гэтаму даверу, яна смела пытаецца, ці яе ўдзелам калісьці стане Неба. А мы пытаемся разам з ёй.
   Гэта найважнейшае асабістае пытанне, якое ў сваім доўгім жыцці паставіла Луцыя. Жыла яна доўга і шмат было пытанняў – ці ж і мы не задаем тысячы пытанняў? – але лічылася толькі адно і адзін адказ. Калі мы верым у вечнае жыццё, няма іншага пытання, якое мы можам з ім параўнаць. Гэта пытанне пра Неба і нас.
   У перспектыве вечнасці нішто не з’яўляецца такім важным. Сястра Луцыя так узгадвае далейшы працяг размовы з Марыяй: “Дзякуючы даверу, які абудзіла ўва мне Спадарыня, я запыталася Яе: “Ці я таксама пайду да Неба?”. На што Спдарыня адказала: “Так, пойдзеш”. Ох! – запісала Сястра Луцыя. – Немагчыма апісаць унутраную радасць, якую я адчула”.
   Ведаем, што гэта пытанне з’яўляецца таксама нашым пытаннем, але ці нашым з’яўляецца адказ, які пачула Луцыя? Аказваецца, так. Пойдзем да Неба! Гэта зразумела, Бог гэтага вельмі хоча! Пойдзем туды, калі толькі выканаем некалькі ўмоў. Паслухаем, што кажа візіянерка, якая пачуўшы, што дакладна пойдзе да Неба, дадала: “Але я не лічыла сябе з-за гэтага вольнай ад абавязку, які ўсе мы маем: быць вернымі Богу, любіць Яго, служыць Яму, з вернасцю выконваючы Яго наказы і Яго Права”.
   Луцыя піша не толькі пра сябе; яна піша для нас, піша пра нас. Яна пераконвае, што калі мы будзем прыгожа жыць: будзем верныя Богу, будзем Яго любіць і Яму служыць, будзем захоўваць Яго навуку, тады Неба нам гарантавана таксама, як было абяцана траім фацімскім пастушкам.
   Прызнаемся, што гэта цудоўная навіна. Чуе яе не толькі Луцыя, але таксама яе дваюрадныя брат і сястра. Луцыя пытаецца: “Ці я таксама пайду да Неба?”. “Так”, - адказвае Пасланніца ад Бога. “А Гіяцынта?”. “Таксама”. “А Францішак?”. “Таксама, але яму трэба шмат маліцца на ружанцы”.
   Заўважым, што Сястра Луцыя каментуе гэтыя словы. Тлумачыць пастаўленыя пытанні аб вечнасці сваіх дваюрадных брата і сястры. Запэўнівае, што яна зусім не пыталася з дзіцячай цікавасцю:
   “Святы Ян кажа нам, што Бог ёсць любоў. Таму толькі любоў можа зрабіць так, што мы [будзем у Небе дзе] пагрузімся ў Вялікую Сутнасць Бога, так, што будзем адным з Богам. Аднак для гэтай любові не дастаткова быць самаму шчаслівым; яна прагне, каб мы дзяліліся ёй з бліжнімі, гэтым самым шчасцем. Таму я запыталася: “А Гіяцынта?” – “Таксама”. “А Францішак?” – “Таксама”.
   Бо Неба, якое ёсць заданнем для ўсіх, з’яўляецца таксама заданнем для кожнага з нас: туды павінна трапіць як мага больш людзей. Так, мы адказныя за нашых бліжніх. Будзем пытаць не толькі аб сваім прызначэнні, але і сваіх бліжніх. Будзем задаваць пытанне не толькі пра свой лёс, але і пра лёс іншых людзей. І давайце будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб пайсці да Неба. Давайце будзем рабіць усё магчымае, каб там апынуліся нашыя блізкія – як мага больш з іх, усе!



ІІ. ПЕРАЙСЦІ НА ВЫШЭЙШУЮ СТУПЕНЬ
(ПРЫКЛАД)

   Калісьці я чуў вось такую гісторыю. Героямі з’яўляюцца два хлопчыка. А можа зусім не яны, а кампутарная гульня, у якую яны гулялі? Можа гэта была іх першая сур’ёзная гульня, якую аднойчы яны ўключылі на сваім кампутары.
   Хлопцы сустрэліся, каб пагуляць. Вандравалі па ўсіх кутках, якія з’яўляліся на экране манітора, аглядалі розныя пакоі, у якіх знаходзіліся… Спачатку гульня была цікавая, але з часам станавілася нуднай.
   Гулялі яны ўжо больш за чвэрць гадзіны, а ўсё круціліся на адным месцы. Праўда, навучыліся паспяхова пазбягаць небяспекі, якія пагражалі ім у гэтым віртуальным жыцці, і далей працягвалі сваю бясконцую вандроўку… Паволі гульня станавілася ўсё больш нуднай. А прадавец у краме пераконваў, што гэта самая цікавая гульня, ім дакладна спадабаецца! Нарэшце, яны кінулі гульню.
   У гэты час у пакой ўвайшоў бацька, які даў ім грошы на гульню, дазволіў яе ўсталяваць на хатнім кампутары і згадзіўся, каб сёння яны пагулялі. Тата стаяў у дзвярах здзіўлены. Ён быў перакананы, што застане хлопцаў разгаманённых, углядаючыхся ў экран, а тут – два хлопчыка сядзяць незадаволеныя. “Тата, мы думалі, што гэта цудоўная забава, а гэта – нуда. Колькі ўжо можна хадзіць на тым самым месцы, па некалькіх пакоях, і уцякаць, каб цябе нешта не з’ела? Гэты прадавец у краме нас падмануў! Ніякая гэта не прыгода!”
   Бацька паглядзеў на іх з усмешкай. “А вы прачыталі правіла гульні? Не? А чаму? Бо нуднае, бо шкада на яго часу, а вы не хочаце ўжо гуляць, праўда? Запэўніваю, калі б вы пазнаёміліся з інструкцыяй, гульня была б цікавай. Я ведаю яе. Я гуляў з цікавасцю ў яе”.
   Хлопцы паглядзелі адзін на аднаго. Гэта праўда. Хацелі адразу гуляць. Інструкцыя? – падумалі шкада часу на яе.
   Хутка ўжо ўсё ведалі. Аказалася, што яны ўвесь час знаходзіліся на першым, самым простым і найменш цікавым узроўні! Нават не ведалі, што яны павінны вандраваць па ім так доўга, пакуль не знойдуць усе элементы, якія з’яўляюцца кодам да зачыненных дзвярэй. А калі стануць перад дзвярыма з сабранымі прадметамі (а сабраць іх - звычайна нялёгкае заданне), перад імі адкрыецца брама і яны апынуцца на другім, больш цікавым узроўні. І толькі там распачнецца захапляльная гульня! Дасягальная толькі для тых, хто здаў уступны экзамен на выпрабавальным узроўні … Але, калі збярэш не тое, што павінен, замест дзвярэй адкрыецца перад табою пастка…
   Гэта праўдзівая гісторыя, якая можа ніводнаму з нас здаецца нецікавай. Аднак падумаем: ці не існуе пэўная аналогія паміж віртуальным жыццём у гэтай камп’ютарнай гульні, і праўдзівым жыццём, у якім мы жывем?



Падумай:

1. Ці не абмяжоўваеш ты сваё жыццё першым узроўнем? Ці ведаеш, што цяперашні час – гэта толькі ўводзіны да больш поўнага жыцця? Не гаворым тут пра тэорыю, а пра свядомасць, якую ты маеш штодня…
2. Ці ведаеш ты “інструкцыю карыстання” сённяшнім жыццём? Можа нават чытаў яе шмат гадоў таму, але ці кіруешся ёю ў асобных выбарах, у штодзённых рашэннях? А можа заўсёды паступаеш згодна з ёю? Брава!
3. Ці ўсведамляеш ты сабе, што за дрэнныя выбары, якія ты робіш на гэтым узроўні, і якія, на першы погляд, не прыносяць бачных вынікаў, трэба будзе калісьці заплаціць? Калі ты станеш перад брамай лепшага жыцця, аб’явяцца іх вынікі. Ці ведаеш, што можа адкрыцца пастка? Калі не выкарыстаеш хаця б зусім апошняга шансу – скрухі і жалю ў гадзіну смерці – не ўвойдзеш на ўзровень Неба.

ІІІ. ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

Малітва ў садзе аліўным
   Надыходзіць час пагрузіцца ў змрочную таямніцу болю. Пранізвае нас холад Саду, а сэрца напаўняе страх. Перад намі паўстае балючае пытанне. Ці варта? Ці трэба?
   У адказ чуем той самы Божы заклік, які ведаў Езус: Мы павінны мець здольнасць заўважыць, што сэнс нашага жыцця не за намі, унізе, дзе лягчэй і прасцей жыць, але ў вышыні, дзе для нас падрыхтавана месца ў Небе. Перад намі стаіць складанае заданне, але абавязковае: нам трэба гэтаму навучыцца, трэба верыць у сэнс, які яшчэ прыйдзе, які з’явіцца ў таямніцы ўваскрашэння. Трэба быць гатовымі цярпець, бо пасля - чакае перамога.
   Няхай нашыя сэрцы вучаць гэту праўду на памяць. Гэта навука на цяжкія хвіліны, на самотнасць, страх, пакінутасць і неразуменне.
   У Садзе Аліўным Езуса мы вучымся прымаць крыж.

Бічаванне

   “Чувайце і маліцеся… Калі Пан цярпеў, будзе і слуга цярпець”. Узгадваем гэтыя словы Хрыста, які – страшна бічаваны – быў затрыманы катамі на парозе смерці. Зусім не з літасці, але для таго, каб можна было яму прычыніць наступны боль. І наступны, ажно да насычанасці іх д’ябальскага жадання крыві.
   Ці мы таксама павінны згадзіцца на такое цярпенне і быць побач са смерцю? Гэта складанае пытанне, але адказ адзін. Ведаем, што ні за які кошт не можам мы адысці ад Езуса. Мы павінны быць гатовымі на ўсё. Мы павінны падрыхтавацца да ачышчэння, якое чакае нас на дарозе крыжа. І не спыніцца на шляху, не адрачыся, не ўцячы. “Вы павінны быць моцнымі моцай любові, якая мацнейшая, чым смерць”, - заклікаў Ян Павел ІІ.
   Будзем памятаць: праз цярпенне Хрыста, “быў пераможаны шатана, пераможана смерць, перададзена жыццё, вернута надзея, дадзена святло” (Ян Павел ІІ).
   У сцэне бічавання вучымся заўважаць Божае вымярэнне цярпення.

Укаранаванне цернем

   Час затрымацца над таямніцай цярнёвай кароны. Яе насіў Езус, наш Пан, Кароль Неба і зямлі. Гэта карона цярпення, насуперак інтэнцыям яе творцаў, замест таго, каб прынізіць, адарыла Хрыста годнасцю. Ведаем Яго таямніцу – здольнасць прыняць цярпенне як ахвяру ўзнагароды за грахі. Кароль - гэта той, хто мае ўладу служыць. Калі трэба, ён гатоў служыць цярпеннем.
   Многія атрымалі гэту каралеўскую годнасць. Калі мы адважымся запытацца Езуса, якім чынам ён з’яўляецца “каралём”, адказ ажно раніць: праз укрытае цярпенне, праз невядомую нікому ахвяру, праз гатоўнасць на ўсё, каб толькі выратаваць бедных грэшнікаў.
   У сцэне ўкаранавання Езуса цярнёвай каронай вучымся разумець, як становяцца каралём.

Крыжовая дарога

   Ян Павел ІІ заклікаў: “Вышэйшая за смерцяносную нянавісць - (…) гэта любоў. Гэта любоў, якой Бог палюбіў свет ў Хрысце ўкрыжаваным і ўваскрослым. Крыж з’яўляецца знакам гэтай любові. Крыж з’яўляецца знакам вечнага жыцця ў Богу”. Таму Папа хацеў, каб увесь свет “схіліўся ля падножжа крыжа, жыў і развіваўся ў яго ценю”. Сёння гэтае “распрасціранне ў ценю крыжа” нялёгкае. Гэта азначае, што нашыя асабістыя і народныя шляхі – Крыжовая Дарога. Гэтак было ў часы папярэдніх пакаленняў, хто ведае, ці не напісана гэта і для нас. Хіба што зноў нагадаем пра надзею, якая перад намі…
   У сцэне ўкрыжавання вучымся кожны дзень жыць у ценю крыжа.

Смерць на крыжы

   Езус памірае на крыжы. Нам застаецца ўкленчыць пад гэтым крыжам і схапіцца за яго, каб прытуліліся да яго нашыя сэрцы. І каб мы былі разам з Езусам укрыжаванымі. І каб разам з Ім памерлі на крыжы збаўлення. Першай гэта ўчыніла Беззаганнае Сэрца Марыі на Галгофе, сёння гэта робім мы, адданыя Ёй як Маці.
   Гэта з Марыяй мы вучымся аддаваць жыццё, каб вытрываць у вернасці Хрысту. Ян Павел ІІ кажа: “Пакутнікі маюць шмат чаго нам сказаць. Аднак, перш за ўсё яны пытаюцца нас пра стан нашых сумленняў”.
   Можа час зрабіць такі глыбокі рахунак сумлення, такую вялікую скруху і жаль, такое гарачае прагненне перамены жыцця, што мы памрэм для таго, што было, і ўсё станецца новым, а смерць пераменіцца ва ўваскрашэнне? Так што не будзем больш баяцца пакутніцтва?
   Бо ў сцэне смерці Езуса мы атрымалі Марыю за Маці.

IV. ПАКАЖЫ НАМ ПАСЛЯ ГЭТАГА ВЫГНАННЯ ЕЗУСА
(АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ)

   Чалавек дасягае міласэрнай любові Бога, Яго міласэрнасці настолькі, наколькі сам перамяняецца ўнутрана ў духу падобнай любові ў адносінах да бліжніх… Няхай пасланне аб Божай міласэрнасці заўсёды знаходзіць адлюстраванне ў справах міласэрнасці людзей.
Ян Павел ІІ, Кракаў, 18 жніўня 2002

   Вітай, Марыя, наша Каралева!
   Да Цябе сёння ўсклікаем мы, Твае дзеці. Прызываем Тваёй апекі і Тваёй міласэрнасці.
   Таямніца Маці Міласэрнасці ўпісанна ў гісторыю людзей і народаў. На колькіх мовах прамаўляюць да Вострабрамскай Маці Міласэрнасці людзкія вусны і людзкія сэрцы? На колькіх мовах паўтараюцца словы анёльскага прывітання падчас звеставання? “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табой, “бласлаўлёная Ты паміж жанчынамі” (…), бо знайшла ласку ў Бога. Вось зачнеш і народзіш Сына, якому дасі імя Езус” (пар. Лк 1, 28.30-31).
   “Бласлаўлёны плод улоня Твайго, Езус” (пар. Лк 1, 42).
   Людзкія вусны і людзкія сэрцы вымаўляюць гэтыя словы па-польску, па-літоўску, па-беларуску, па-руску, па-украінску… і яшчэ на іншых мовах? Чалавек становіцца сведкам Божага паслання – таго, якое адкрыла новую прастору Запавету Бога з чалавецтвам. Новую прастору сувязі Бога з чалавекам: сувязі ў Богу-Сыне, які стаўся чалавекам і праз справу Духа Святога нарадзіўся з Дзевы Марыі.
   Будзь прывітана… Маці Міласэрнасці.
   Будзь прывітана… Сталіца Мудрасці.
   Дзякуем за тое, што Ты з’яўляешся для нас Маці міласэрнасці.
   Дзякуем за тое, што мы можам сёння ўшаноўваць Тваю святую таямніцу.
   Стаім перад Табою, Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты з’яўляешся Маці Міласэрнасці. Кажам Табе: Вітай, Каралева, вітай, Каралева.
   Вітай, Каралева! Няхай новае пакаленне шукае справядлівасці, якая паходзіць ад Бога – людзкой справядлівасці, якая мае свае каранні ў Богу. Няхай новае пакаленне, гэта значыць нашае і тыя, якія прыйдуць пасля нас, чэрпаюць з крыніцы Спрадвечнай Мудрасці, бо мудрасць Спрадвечная “знаходзіць сваю радасць, маючы сувязь з чалавечымі сынамі ў кожным пакаленні” (пар. Прысл. 8, 31).
   Вучы нас, Марыя, захоўваць запаведзі! Зрабі, каб мы заўсёды памяталі, што запаведзі Дэкалогу вучаць нас асноўным правілам справядлівасці. Просім аб большым: няхай Божая Мудрасць, аб’яўленая ў Хрысце, Сыне Марыі, паказвае нам яшчэ глыбейшае вымярэнне маральнасці – вымярэнне любові, асабліва вымярэнне міласэрнай любові. Зрабі так, каб нашыя сэрцы на памяць вувычылі тое, аб чым вучыць Хрыстус: што над узроўнем дабротаў, якія можна і трэба дзяліць паводле меры справядлівасці – чалавек пакліканы да любові, якая большая за ўсе прамінаючыя даброты.
   Так, Марыя, Ты з’яўляешся сведкай таго, што толькі любоў не прамінае. Любоў не прамінае. Яна з’яўляецца мерай вечнага жыцця – гэта значыць жыцця чалавека ў самім Богу. Бо Бог сам ёсць Любоў. (пар. 1 Ян 4, 8).
   Просім, выпрасі для нас гэтую ласку, каб усё нашае жыццё было цалкам выткана з любові. З любові да Бога і з любові да бліжняга. Няхай мы станемся падобнымі да Цябе – у любові, якая не мае канца. Амэн.

V. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
СМЕРЦЬ НА КРЫЖЫ

   Дазволь сёння Найсвяцейшай Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табой. Супакой сваё сэрца, супакой свае пачуцці, а ў тваёй душы няхай запануе супакой. Няхай разважанне над таямніцай смерці Збаўцы будзе месцам тваёй сустрэчы з Марыяй. І ты пачуеш Яе голас, які прамаўляе асабіста да цябе.

   Смерць. Немінучая хвіліна, якая чакае кожнага з нас, хоць многія не хочуць памятаць пра яе. Людзі ўцякаюць, калі гучыць слова “смерць”. Баяцца яго, бо для іх яно з’яўляецца сінонімам канца. Для сапраўдных хрысціян яно з’яўляецца чымсьці незвычайна важным: з аднаго боку гэта пачатак новага жыцця, з другога – выршыня жыцця тут, на зямлі.
   Твой адказ на пытанне аб смерці – гэта дасканалая праверка праўдзівасці Тваёй веры. Падумай: Чым для Цябе з’яўляецца смерць? Не шукай, аднак, падрыхтаваных фармуліровак з катэхізісу. Адкажы сэрцам… Як ты глядзіш на смерць? Як думаеш пра яе? Уцякаеш ад гэтай тэмы? Баішся яе? А можа глядзіш на яе з супакоем у сэрцы? Можа і тут вучышся быць “як Марыя”?
   Ці ведаеш ты пра тое, што кожны дзень размаўляеш з Марыяй аб смерці? Паўтараеш слова “смерць” нават сотні разоў! Кожны дзень просіш Найсвяцейшую Маці, каб Яна малілася за Цябе “у хвіліну смерці нашай”… Ці ты калі-небудзь задумваўся аб чым просіш, вымаўляючы словы, якія заканчваюць кожную Тваю малітву “Вітай, Марыя…”? Просіш, каб у тую хвіліну Марыя была блізка, каб узмацніла Цябе ласкай, каб смерць зрабіла сустрэчай з Богам. Молячыся да Найсвяцейшай Маці, ты прызнаешся, што на гэтую найвышэйшую вяршыню свайго жыцця ты не можаш забрацца сам, патрабуеш дапамогі з неба. Памятаеш абяцанні Марыі тым, хто будзе практыкаваць набажэнствы першых суботаў? “Прыйду з усімі патрэбнымі ласкамі ў гадзіну смерці…”. У найважнейшую хвіліну жыцця атрымаеш ад Маці ўсё, што будзе Табе патрэбна!
   Калі ты хочаш быць “як Марыя”, ведай, што гэтыя абяцаныя ласкі не будуць толькі для таго, каб Ты увайшоў да неба. Гэтыя ласкі зробяць так, што Твой пераход да Дому Айца зменіць свет, які пакідаеш. Памятаеш цуды звязаныя са смерцю Яна Паўла ІІ? У першую суботу красавіка 2005 г. Марыя прыйшла да яго з усімі ласкамі, патрэбнымі яму для збаўлення і патрэбнымі ласкамі перамены ў свеце таго, што нічога не было здольнае змяніць. Памятаеш тыя хвіліны, тыя навяртанні, паяднанні, абяцанні, узнёслыя малітвы, перамененыя жыцці? Гэта быў плён смерці, якую суправаджалі ўсе патрэбныя ласкі.
   Аб такой смерці ты просіш у малітве “Вітай, Марыя…”. Аб смерці падобнай да смерці Езуса на крыжы. Аб смерці, якая прыносіць збаўленне свету.
   Не важна калі і ад чаго ты будзеш паміраць, які будзе Твой крыж. Пакінь гэта Богу. Маліся, каб Твая смерць была святая: каб табе дала збаўленне, а многім людзям уратаванне ад патопу зла. Смерць Езуса збавіла свет, Твая смерць можа быць удзелам у Езусавай справе збаўлення свету. Так станецца, калі ты будзеш паміраць, як паслядоўнік Хрыста. Тваё паміранне павінна быць актам любові – не толькі да Бога, але і да бліжняга. “Ці хочаце вы ахвяраваць усе цярпенні, якія Бог спашле на вас?” – пыталася Марыя ў Фаціме, просячы, каб скласці іх Богу як ўзнагароду за грэшнікаў, якім пагражае вечнае асуджэнне. Смерць – гэта найвялікшая ахвяра, якую ты можаш прынесці як дар за загублены свет. Ці тады, калі Бог спашле яе Табе, ты захочаш ахвяраваць сваё цярпенне Найсвяцейшай Маці, каб збаўляць людзей? Такая смерць гэта не эгаістычная думка пра сябе, а фацімская думка пра іншых. Гэта найвышэйшы акт любові. Гэта быць як Хрыстос! Такая смерць збаўляе свет.
   Ніхто з нас не з’яўляецца такім моцным, каб самому набліжацца да смерці. Такая праўда таксама і пра Цябе. Таму, як чалавек адданы Марыі, ты прыбягаеш да Яе. Просіш, каб Найсвяцейшая Маці малілася за Цябе “цяпер і ў хвіліну смерці”. Каб Яна была з табой у хвіліну памірання, каб чувала каля цябе, як трывала пад крыжам свайго Сына, Езуса. Запрашай Яе ў сваё жыццё – у сваё “цяпер”, але ўжо цяпер запрашай Яе таксама ў сваё паміранне. Прасі, каб у апошнюю хвіліну жыцця Ты быў падобны да церпячага Збаўцы, які паміраў пры Маці.
   Памятай: Марыя стаяла пад крыжам Езуса – свайго Дзіцяці. Калі Яна павінна стаяць каля Цябе ў гадзіну смерці, Ты павінен быць Яе дзіцём! Наслядуй Яе, вучыся ў Яе, жыві як Яна, палюбі Яе цноты! Няхай Твая пабожнасць будзе сапраўдная. Няхай перамяняе Тваё жыццё і жыццё іншых. Няхай не будзе – як асцерагаў св. Павел – “з выгляду пабожныя, а да моцы Божай варожыя ” (2 Цім. 3, 5).


   Калі ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёй па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе месцы, у якіх знаходзіцца штосьці, што Яна хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа гэта будзе святло, можа бальзам суцяшэння, можа моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа гэта будзе досвед Яе блізкасці і чуласці, калі Сваёй далонню Яна ласкае твой стомлены твар…

Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал Więcej niż doczesność. Jest niebio, jest piekło, jest czyściec.

6.12.2011

Першая субота чэрвеня 2011


 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!



І. УЗМОЦНЕНЫЯ АБЯЦАННЕМ
(МЕДЫТАЦЫЯ)

   Хто ж мае час, каб Яго слухаць і дазволіць захапіцца Яго любоўю? Хто ж чувае ў ноч сумневаў і няўпэўненасці з сэрцам трываючым у малітве? Хто чакае світання новага дня, трымаючы запаленае полымя веры? Вера ў Бога адкрывае чалавеку гарызонты надзеі, якая не падманвае; паказвае на салідны фундамент, на якім можна без боязі абапіраць сваё уласнае жыццё; просіць аб ахвяраванні сябе, поўнага даверу, у рукі Любові, якая падтрымлівае свет.
Бенэдыкт XVI


   Часамі нам здаецца, што на гарызонце сучаснай гісторыі чалавецтва Бог не запаліў ніводнага святла, а жыццё звычайных людзей не адзначаецца знакамі Яго выразнай прысутнасці. Калі мы так лічым, тады варта затрымацца над словамі Святога Айца Яна Паўла ІІ, які сказаў: “Цяжка казаць пра маўчанне Бога. Можна толькі казаць пра волю заглушэння голасу Бога”. “Гэтая воля, - дадае Папа, - досыць праграмная: многія ўсё робяць для таго, каб Яго голас не быў пачуты, а каб чулі толькі голас чалавека, які нічога не можа ахвяраваць свету, акрамя сучаснасці”.
   Бо, калі чалавек пачуе, што існуе штосьці большае, чым сучаснасць, тады пачне інакш жыць. Цяжка тады будзе кіраваць людзьмі згодна з уласнымі схільнасцямі (і жаданнямі) тым, каму здаецца, што яны атрымалі ўладу над светам і яго гісторыяй.
   Сапраўды, куды б мы не скіравалі свой позірк, паўсюль бачым шыльды гэтага свету, якія заахвочваюць нас усёй сваёй сутнасцю прыхіліцца да сучаснасці. Іх бляск і шум пераследуе мэту не толькі звярнуць нашую ўвагу на прапанаваны стыль жыцця, але і заглушыць голас Бога, які кажа аб вечнасці і адказнасці за нашыя цяпершанія выбары. Свет хоча стварыць як мага шырэйшае кола сваіх прыхільнікаў – “свецкіх людзей”. Яго найвялікшыя ворагі – гэта тыя, хто прагне служыць не яму, а Богу.
   Дакладна адзначыў гэта вялікі марыйны святы, Людовік Грыньон дэ Манфор, які пісаў:     “Чалавек, які належыць свету, кіруецца ў сваіх паводзінах асабістым гонарам, тым “што людзі скажуць?”, сяброўскімі сувязямі, матэрыяльнымі адносінамі, правільнымі манерамі і красамоўнымі размовамі. Гэтыя крытэрыі з’яўляюцца для яго беспамылковай характарыстыкай таго, ад чаго, як ён лічыць, залежыць яго задавальненне жыццём.
   Свет абвесціць яго святым за такія дабрадзейнасці як адвага, элегантнасць, тактоўнасць, спрытнасць, тонкасць, памяркоўнасць і пачуццё гумару…
   Чалавек свецкі будзе верна захоўваць запаведзі, якія дае яму свет:
   Будзеш добра знаёмы са светам.
   Будзеш клапаціцца аб яго пашане.
   Будзеш паспяховым чалавекам.
   Будзеш пільнаваць усё, што тваё.
   Не будзеш спыняцца на тым, што маеш.
   Будзеш сам выбіраць сабе сяброў.
   Будзеш часта знаходзіцца ў модным таварыстве.
   Будзеш шукаць выгаднае жыццё.
   Не будзеш змяншаць радасці.
   Не будзеш кімсьці асаблівым ці занадта пабожным.”
   Святы Людовік прапаноўвае, каб мы зрабілі незвычайна карысны рахунак сумлення. Наколькі мы знаходзім сябе ў гэтым каталогу? Колькі з гэтых “характарыстак свету” мы лічым пазітыўнымі і пажаданымі? Рахунак сумлення можа нам паказаць, што нават не ведаючы пра гэта, мы звязаны са светам путамі, якія цяжка разарваць. Можа выявіцца, што мы не маем рысаў, прыносячых радасць Божаму Сэрцу, якое мае вечнае ўпадабанне ў святасці Марыі. А Яна кажа да кожнага з нас: “Чым больш цябе прываблівае свет, тым больш старанна імкніся быць падобным да Мяне, і ты знойдзеш сапраўднае шчасце і сапраўдную радасць”.
   Людзі, якія хочуць закрыць нас у вымярэнні “тут і цяпер”, запалілі вялікае штучнае святло, якое амаль асляпляе, уключылі вялікі мегафон, які амаль заглушае ўсё іншае. Святы Айцец Ян Павел ІІ меў рацыю: “Бог дае знакі, але свет намагаецца іх схаваць альбо высмеяць”.
   Мы маем выбар: наследаваць свет і пасяліцца ў цёмнай крэпасці князя гэтага свету альбо наследаваць Марыю – адрачыся ад зямнога жыхарства і ўжо сёння запісацца на службу для нябеснага валадарства. У нас ёсць выбар: зневажаць Бога грахамі альбо ўзнагародзіць за грахі праз набажэнствы да Беззаганнага Сэрца Марыі.
   Чаму перад намі паўстае такая альтэрнатыва? Бо яе паказаў сам Езус, калі аб’явіўся Сястры Луцыі і папрасіў аб устанаўленні на свеце набажэнства першых суботаў месяца. Гэта набажэнства пракладзе Богу дарогу да людзкіх сэрцаў, да грамадскіх структур, пранікне ў свет палітыкі і эканомікі, дасць месца Богу, адкрые перад людзьмі перспектыву вечнага жыцця, адорыць чалавецтва вечным збаўленнем.
   Сучасны свет шмат робіць для таго, каб пазбавіць нас Божых знакаў. Робіць гэта абдумана, паслядоўна, стала. Свет хоча, каб мы ішлі яго дарогай, якая вядзе да паражэння – вечнай згубы! “Шмат душаў ідзе на асуджэнне”, - скардзіцца ў Фаціме Найсвяцейшая Маці.
   Калі сучасны чалавек адкрые вушы на знакі часу і галасы з Неба, што акружаюць яго, найверагодней, пачуе слова “Фаціма”. Адны, як Алі Аджа, які намагаўся забіць Яна Паўла ІІ, будуць неспакойна паўтараць: “Фаціма, Фаціма. Што гэта такое?”. Іншыя ўжо ведаюць гэты лозунг, які адкрывае скрабніцу Беззаганнага Сэрца Марыі. Сярод іх знаходзімся таксама і мы. Гэта наша вялікае шчасце і ўдзел у асаблівай ласцы. Але… ці ведаем усё, што хаваецца ў гэтай скарбніцы?
   Калі не, то зробім усё, каб пачуць.
   Тады мы зразумеем, чаму кажуць, што Фаціма – гэта “найвялікшае аб’яўленне з апостальскіх часоў” і адзін з найвялікшых знакаў часу ХХ ст. Зразумеем незвычайны змест новага тытулу, які Ян Павел ІІ надаў Марыі. Ён назваў Яе “Madonna del messaggio” – “Спадарыня паслання”. Якое ж незвычайнае пасланне! Дарога да Неба!
   Гэты тытул падкрэслівае значэнне фацімскага паслання. Неабходна засяродзіць на ім сваю ўвагу і адкрыць у ім тое, што з’яўляецца “ажно такім важным”. Гэта павінен зрабіць Касцёл са сваімі вучонымі тэолагамі і клапатлівымі душпастырамі. Гэта павінен зрабіць кожны з нас і адкрыць у пасланні з Фацімы некалькі слоў, якія быццам асабіста да нас скіраваныя.
   Гэта з’яўляецца таксама нашым заданнем. Таму ўслухаемся ў голас, які даносіцца да нас з далёкай Фацімы, з адлеглага часу, з дня 13 чэрвеня 1917 года.
   Сястра Луцыя піша, што ўжо ў чэрвені на месцы аб’яўлення збіраліся натоўпы. “У гэты час збягаліся людзі з далёка і з блізка, бедныя і багатыя, вучоныя і невучы, веруючыя і няверуючыя, бязбожныя, цікаўныя, запальчывыя, агрэсіўныя…”.
   Навошта прыйшлі? Прыйшлі, бо Фаціма была таксама і для іх. Таксама і да іх былі скіраваныя словы, якія ў той дзень спачатку пачула Сястра Луцыя, а потым усе: “Ніколі цябе не пакіну. Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім сховішчам і дарогай, якая правядзе цябе да Бога”. Таксама і тым людзям патрэбны быў знак, які паказвае дарогу, дарогу да Неба! Гэтыя людзі жылі, і сёння так жывуць, у нястомным хаосе, які заглушае голас з Неба. Людзі жылі і да сённяшняга часу жывуць у поспеху і сярод асляпляючага хлуслівага святла рэклам і прапаганды. Яны – як тлумачыла Сястра Луцыя – як паток, “які не мае канца, які ўвесь час нарастае і ўсё больш і больш павялічваецца”. Бо ў кожным чалавеку жыве прагненне поўні жыцця, а гэта можна знайсці толькі ў Богу. Сястра Луцыя пісала, што з самага пачатку да Фацімы прыходзіў “люд прагнучы Бога, расчараваны і стомлены аблудай і паспехам свету, які зноў з’яўляецца язычніцкім, зматэрыялізаваным, эгаістычным і перапоўненым агрэсіяй, светам пазбаўленым мэты і  правадніка, які правёў бы яго да збаўчай брамы прыстанка, які правёў бы яго да крыніцы жывой вады, што струмяніцца і спаталяе прагненне вечнага жыцця”.
   Ці сярод гэтых людзей знаходзімся таксама і мы?
Сцэны чэрвеня 1917 года маюць асаблівае, містычнае значэнне: яны гавораць аб прагненнях, што знаходзяцца ў глыбіні людскіх сэрц, прагненнях іншага свету, іншых каштоўнасцяў і іншага сапраўднага шчасця, якое з’яўляецца плёнам поўнага навяртання, забыцця пра грэх, з’яднання з Богам – адным словам, такога жыцця, якое прадзначыў нам Створца. “Сёння, - піша Сястра Луцыя, - я гляжу назад як быццам на намаляваны абраз і бачу мінулае: Бога, які прагне працягнуць і даць нам далонь, каб ахвяраваць нам збаўленне і знішчыць бездань граху, дзе пахавана загубленае чалавецтва, чалавецтва падманутае і ашуканае, чалавецтва, якое шукае на зямлі тое, што можна знайсці толькі ў Небе”.
   Гэта да нас Найсвяцейшая Маці звяртаецца са словамі: “Вельмі моцна церпіш? Не сумуй. Я ніколі не пакіну цябе. Маё Беззаганнае Сэрца будзе для цябе сховішчам і дарогай, якая правядзе цябе да Бога”.
   Марые паказвае нам Неба. Паказвае таксама дарогу. З’яўляецца ёй Беззаганнае Сэрца Марыі. Трэба ў ім схавацца, трэба ахінуць сябе святасцю Марыі як мурам, што ахоўвае ад зла і граху.
   Мы ведаем, што словы Найсвяцейшай Маці падзейнічалі на Луцыю як супакойваючы бальзам. Ці не з’яўляюцца яны таксама бальзамам для нас? Бо, гэта ж словы скіраваныя да нас! Няхай кожны з нас прыме словы фацімскай візіянеркі як адказ сваёй душы:
   Я адчула сябе ўзмоцненай гэтым абяцаннем, поўнай даверу. Я ўпэўнена, што Спадарыня ніколі мяне не пакіне, што гэта Яна павядзе мяне, пакіруе маімі крокамі на дарогах жыцця, дзе Бог захоча мяне правесці. Такім чынам, я аддам сябе у бацькоўскія рукі нашага Бога, а таксама Яе матчынай апецы.” 


ІІ. ЗАЎСЁДЫ ПРЫСУТНАЯ
(ПРЫКЛАД)

   Гэта здарылася яшчэ перад ІІ Сусветнай вайной. У Харлеме, чорным ньюйоркскім раёне, законныя сёстры ўтрымлівалі дзіцячы дом. Адным з жыхароў быў маленькі Мішэль – чорнае, незвычайна таленавітае дзіця, якое усіх здзіўляла прыгажосцю сваіх малюнкаў. Калі аднойчы, займаючыся з хлопчыкамі, законная сястра не магла справіцца з шумнай грамадой, яна вырашыла запрапанаваць дзецям пачаць займацца іх улюбёнымі заняткамі. Сястра паклікала да сябе Мішэля, дала яму паперу і алоўкі, і папрасіла намаляваць для яе Маці Божую з Дзіцяткам Езусам. Праз нейкі час яна схілілася над малюнкам і сказала з дакорам: “Мішэль, ты павінен быў намаляваць Маці Божую. Чаму Марыя адна? Дзе Дзіцятка Езус?”. Тады Мішэль падняў галаву і паглядзеў на законную сястру вялікімі здзіўленнымі вачамі: “А Сястра не ведае, што там, дзе Марыя, там заўсёды, недзе блізка, ёсць Езус?”. На яго малюнку Езус пабег на хвілінку дзесьці далей, па белую паперу. Але праз хвіліну зноў прыбяжыць да Маці, каб прытуліцца да Яе, а потым зноў вернецца да забавы.
   Чорны Мішэль ведаў штосьці, чаго не ведала ў тэалогіі законная сястра. Ён разумеў, што Найсвяцейшая Маці ніколі не адна, што Яе Сын заўсёды побач, каля Яе. Толькі часамі Ён не змяшчаецца на нашых маленькіх паперах…

Падумай:

   1. Ці разумееш ты таямніцу марыйнай пабожнасці? Яе незвычайны плён у тым, што набліжаючыся да Найсвяцейшай Маці, ты стаіш блізка Езуса.
   2. Заўваж, што звычайна самотныя Мадонны глядзяць не на нябачнае для нас Дзіцятка, але на нас. Ці разумееш, чаму Найсвяцейшая Маці з любоўю і чуйнасцю глядзіць на Цябе? Існуюць два адказы, і кожны з іх з’яўляецца цалкам праўдзівым. Першы адказ: Марыя глядзіць на Езуса. Яна глядзіць на свайго Сына, які ёсць у Табе… Які Ён там? Радасны ці балесны? Шчаслівы ці церпячы? Другі адказ іншы: Марыя глядзіць на Цябе, а не на Езуса, бо Ты больш патрабуеш Яе ўвагі, клопату і апекі. Езус не адыйдзе, Езус не згубіць дарогу. Ты ўсё яшчэ жывеш у небяспецы. Марыя хоча абараніць Цябе ад яе.

ІІІ. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

Звеставанне

   Паглядзі. Яна не мае на галаве кароны, на нагах – залатога абутку, не носіць далікатных сукенак. Яна не скончыла элітную школу, не аб’ехала палову свету. Яна - не хтосьці асаблівы. Шэры, звычайны чалавек. Напэўна на вуліцы ніхто нават не звярнуў бы на Яе ўвагу…
   Што бачыць у Ёй Бог, калі менавіта да Яе паслаў свайго найважнейшага анёла, каб ён аддаў Ёй поўную пакоры пашану? Што ж бачыць у Ёй, калі ўзвышае Яе па-над усімі стварэннямі?
  Паглядзі. Бог бачыць у Ёй сябе. Калі схіляецца над Ёй, бачыць у Ёй сваё святло. Памятаеш? Маці Божая аб’яўляецца ў Фаціме цалкам апрамененая святлом. “А гэтым свтялом быў Бог”, - тлумачыла Сястра Луцыя.
   Бачыш? У гэтым сапраўдная веліч чалавека. Быць з Божага святла. Усё іншае гэта іллюзія вялікасці.
   Прашу Цябе, Марыя, каб ува мне жыло Божае святло. Яшчэ больш святла. Яшчэ болш Бога, а меньш мяне. Рэшта не мае значэння.

Наведванне Святой Альжбеты

   Паглядзі. Яна была па-над усім узвышаная. Цяпер сапраўды з’яўляецца Кімсьці. Анёл перад Ёй стаў на калені, Бог пажадаў, каб Яна была Маці Яго Сына.
   Бачыш? Вырушае ў дарогу. Куды Яна ідзе? Да каралеўскага палаца, каб забраць пурпурны плашч? На рынак, каб прыняць пашану натоўпу? Каб Ёй усе служылі?
   Не. У Яе жыцці нічога не змянілася. Яна ідзе служыць. Ідзе да чалавека ў патрэбе – дапамагчы цяжарнай Альжбеце. Так, размаўляе з Богам, але патрэбная людзям. Ідзе ім служыць. Ведаеш чаму? Бо бачыць у іх Бога. Бяжыць да людзей, каб служыць Богу, які ёсць у іх.
   Марыя, навучы мяне бачыць у кожным чалавеку Бога. Адкрый мае вочы, каб я умеў убачыць іх Боскую веліч і годнасць. Вучы мяне ўсё рабіць, каб яны вечна былі з Богам.

 Нараджэнне

   Паглядзі: штосьці тут не так. Ці ж Бог не павінен паклапаціцца аб добрых умовах для нараджэння свайго Сына? А тут не хапае нават самага неабходнага! Увайдзі ў гэты хлеў. Няма тут нічога падобнага да стаенкі, якую сёння робім на Свята Божага Нараджэння. Тут сена, бруд, смурод ад жывёл. Ці хацеў бы Бог нам праз гэта штосьці сказаць? Не толькі тое, што веліч чалавека не залежыць ад таго, колькі ён мае. Не, штосьці большае. Тое, што Бог любіць беднасць. Сам Бог выбраў і падараваў яе як дар Сыну і Найсвяцейшай Маці. Даў беднасць, якая баліць.
   Падумай: ці хочаш быць абраннікам Богам, хочаш быць любімым як Езус і Марыя? Тады будзь уважлівым: лічыцца толькі Бог і Неба. Рэшта не існуе. Рэшта не патрэбна. Рэшта з’яўляецца перашкодай у з’яднанні свайго сэрца толькі з Ім!
   Бог, даючы сябе, забірае ўсё.
   Прашу Цябе, Марыя, учыні ў маім сэрцы гэты цуд, каб мне было дастаткова толькі Бога.

Ахвяраванне Езуса ў святыні

   Паглядзі. Яны ўбогія. Прыходзяць скласці Богу ахвяру бедных людзей, бо не могуць дазволіць сабе скласці “добрую” ахвяру. Ці гэта перашкаджае Богу? Ці Ён мерае чалавека мерай таго, што той прыносіць да святыні?
   Для Яго няма розніцы паміж бедным і багатым. Мяжа таго, што падабаецца Богу праходзіць дзесьці ў іншым месцы. Праз сэрца. Колькі ў ім любові адданай свету, і не затрыманай для сябе…
 Па глядзі. Бог прымае гэту бедную ахвяру. Згодна з правам Марыя выкупае свайго Сына. Цяпер Ён Яе. Але Яна адразу аддае Яго Богу. Адмаўляецца ад сваіх правоў. Адмаўляецца ад права на Яго і на сябе. Так будзе да самага канца.
Ці ведаеш, якую Яна за гэта атрымала ўзнагароду? Найвялікшую! Атрымала ласку з’яднання з Сынам. Але будзь уважлівым: дзяліць лёс Езуса – гэта не насіць кароны і быць кімсьці вялікім у вачах гэтага свету. Выбраць Езуса – гэта выбраць крыж.
   Марыя! Дапамажы мне аддаць Богу ўсё, што для мяне каштоўнае, аддаць больш – самога сябе. Прашу, дапамажы мне радавацца таму, што і маё сэрца пройдзе меч, што Ты адорыш мяне ласкай супольнага цярпення.

                                                       Езуса знаходзяць у святыні                                                                                                                                                                                                                                      Зноў з’яўляецца штосьці, чаго не разумеем. Хрыстус пакідае сваю Маці, дазваляе, каб Яна, у сэрцы поўным трывогі, старалася Яго знайсці. І гэта павінна быць радаснай таямніцай? Гэты боль Яе сэрца? Гэтыя тры дні няспыннага пошуку? Гэты страх, што не засталася вернаму свайму пакліканню, што не даглядзела Езуса, згубіла Яго?
   Так, гэта радасная таямніца, але, каб яе зразумець трэба заглянуць у глыбіню сэрца Марыі. Яна не разумела, але верыла, што Бог далей ажыццяўляе свае планы. На іншых дарогах, не на тых, на якіх чакала.
   Бачыш, гэта добра, што Бог не дзейнічае паводле нашых спадзяванняў. Нават, калі яны святыя, нават, калі яны найсвяцейшыя, як Марыі. Бог большы за ўсё гэтае, большы, чым наша людзкая святасць, якая таксама блукае, якая вучыцца любіць.
   Марыя! Навучы мяне радавацца з таго, што Бог ажыццяўляе свае планы інакш, чым я таго жадаю. Дапамажы мне, каб маё сэрца было як Тваё – не разумець, але давяраць і любіць.

IV. ПРЫБЯГАЕМ ДА ТВАЙГО БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА
(АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ)

   Яна ведае, што павінна прысутнічаць на Яго шляху. Ведае, што праз любоў і ахвяру яна будзе супрацоўнічаць з Ім у справе Адкуплення. І такім чынам мы ўваходзім у таямніцу вялікай любові Марыі да Езуса, любові, якая ахоплівае сваім Беззаганным Сэрцам бязмежую Любоў – Слова Спрадвечнага Айца.
Ян Павел ІІ


   О Беззаганнае Сэрца! Нашае сховішча! Дарога, якая вядзе нас да Бога!
   Дзякуем Табе за тое, што Ты аддаеш нам сябе цалкам, што Ты першая і найбольш поўна з’яўляешся “Totus Tuus”.
   Так, сапраўды, Ты ўся, цалкам, для нас. Ты кожнага з нас прагнеш весці шляхамі збаўлення. Кожнаму з нас падаеш сваю руку, калі нас спакушае зло і грэх. Кожнага хочаш схаваць у сваім Беззаганным Сэрцы, каб нас агарнула святасць, чысціня і Божая ласка.
   Таму мы праслаўляем і бласлаўляем Цябе.
   Будзь бласлаўлёная, Слуга Пана, цалкам з’яднаная са збаўленным прысвячэннем Твайго Сына! Якая цалкам схілілася над намі, занепакоеная нашым збаўленнем!
   У Тваім сэрцы жыве бласлаўленне прызначанае Айцом для кожнага з нас.
   Таму няхай жа будуць бласлаўлёнымі ўсе душы, якія пасяліліся ў ім, якія сталіся паслухмянымі закліку Спрадвечнай Любові і прагнуць жыць у еднасці з сэрцамі: быць адно з Тваім Беззаганным Сэрцам, якое дае нам уратаванне! Якое ўпэўненнай дарогай праводзіць нас да Бога.
   Няхай будуць бласлаўлёнымі ўсе тыя, што наследуюць Цябе не словамі, але чынам, які выплывае з ачышчаных сэрцаў. Тыя, хто дзень за днём прымае пакліканне, о Маці, робіць тое, што скажа Твой Сын, Езус (пар. Ян 2, 5), даючы Касцёлу простую, укрытую святасць, а свету аб’яўляюць радаснае сведчанне жыцця, натхнённае Евангеллем.
   Марыя! Свяці нам на шляхах веры, надзеі і любові! Дапамажы нам жыць у сучасным свеце цалкавітай праўдай аб прысвячэнні Хрыста для ўсёй людзкой сям’і.
   Будзь нашай Маці, прыкладам і дарогай, якая вядзе да Бога! Будзь з намі, Марыя, якая дала свету свайго Сына, якая ішла крыжовай дарогай за Хрыстом, якая была прысутная пры нараджэнні Касцёла ў дзень Пяцідзесятніцы, дзякуючы моцы Святога Духа.
   Будзь нашай надзеяй, прахалодай, супакоем і радасцю! Вядзі нас, Марыя, якая з’яўляешся Маці ўсіх людзей, збаўленых праз Хрыста.
   Мы схіляемся сёння перад Табой і просім з даверам: у сваёй чуласці заступайся за чалавецтва з яго слабасцямі. Атрымліваючы хвалу, узмацняй у нашых сэрцах надзею збаўлення і прагненне Неба, якое нішто не заспакоіць на гэтым свеце! Толькі адзіны Бог. Амэн.
   О Марыя, прытулак нас, грэшнікаў, і наша самая любая Маці. Просім , атулі нас сваёй нястомнай дапамогай і міласэрнасцю. Будзь з намі: цяпер, а асабліва ў гадзіну нашай смерці, калі мы будзем пакідаць гэты свет.
   Прасі Свайго Сына, каб у сваёй дабрыні Ён дазволіў нам памерці ў стане ласкі, паяднанымі з Богам і нашымі братамі. Ужо сёння мы аддаем Табе нашыя душы, аддаем сэрцы, цела і думкі, прагненні. І няхай так будзе на ўсю вечнасць. Амэн. 

V. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
УВАСКРАШЭННЕ

   Дазволь сёння Найсвяцейшаяй Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табой. Супакой сваё сэрца, супакой свае пачуцці, а ў тваёй душы няхай запануе супакой. Няхай разважанне над таямніцай смерці Збаўцы будзе месцам тваёй сустрэчы з Марыяй. Ты пачуеш Яе голас, які прамаўляе асабіста да цябе.

   Марыя пытаецца сёння Цябе: Чым з’яўляецца для Цябе праўда пра уваскрашэнне? Што Ты пра яе ведаеш? Не хоча, аднак, каб за Цябе адказвалі кніжкі і катэхізісы; Яна хоча пачуць адказ Твайго сэрца. Што Ты ведаеш аб уваскрашэнні? Пашукай адказ у сабе…
   Ты кажаш Сваёй Маці, што гаворка ідзе аб уваскрашэнні цела, што першы ўваскрос Езус, што Найсвяцейшая Маці была ўзятая на Неба, а значыць Уваскрэсла. І – больш нічога. Можа дадаеш, што ўваскрашэнне – гэта таямніца, таямніца веры. Так, гэта адна з праўдаў, якая для нас незразумелая. Мы ведаем, што ўваскрашэнне ёсць, але як яно выглядае, маглі б запытацца толькі тых, хто ўжо стаў удзельнікам гэтага Боскай таямніцы. Таму можаш задаваць пытанне тым, што ўваскрэслі: Езусу, Яго Маці… Калі, аднак, запытаешся іх, не даведаешся, як выглядае ўваскрашэнне. Даведаешся пра нешта іншае. Пачуеш, як выглядае дарога да ўваскрашэння.
   Ці не падобна гэта да таямніцай Фацімы? Сястра Луцыя звычайна паўтарала: “Усё, што нам патрэбна, нам ужо аб’яўлена. Рэчы, якія для вас закрытыя, не маюць для вас ніякага значэння. Калі б вы павінны былі ведаць таямніцы, Марыя б вам іх перадала. Вы ведаеце ўсё, што абавязкова патрэбна ведаць; вы ведаеце, як трэба жыць. Вы павінны навярнуцца да Бога, маліцца, пакутаваць. Гэтага ад вас жадае Найсвяцейшая Маці…”. Таксама і з уваскрашэннем. Не пытайся пра дэталі. Досыць таго, што Бог Табе паказаў да яго дарогу.
   Да таямніцы ўваскрашэння ты можаш дакрануцца толькі праз веру. Яна кажа стаць перад гэтай таямніцай у маўчанні на калені. Яна дае ўпэўненасць. Яна спрыяе таму, што ты пачынаеш думаць і марыць аб уваскрашэнні, не пытаючыся як яно выглядае. “Ані вока не бачыла, ані вуха не чула, якія вялікія рэчы Бог падрыхтаваў для тых, хто Яго любіць”, - чытаем у Святым Пісанні. Не шукай адказу. Шкада на гэта часу. Лешп выкарыстай свае сілы, каб паставіць наступны крок на дарозе да ўваскрашэння.
   Калі ў малітве ты схіляешся над таямніцамі жыцця Езуса, усе яны пасылаюць табе адзін гучны сігнал. Кажуць пра любоў і запрашаюць да любові. Гэтак і першая таямніца хвалебная кажа пра любоў Бога і пра нашу любоў. Удзелам у ёй будуць радавацца тыя, “што Яго любяць”. Таму пытайся пра любоў. Як жыць, каб удзельнічаць ва ўваскрашэнні Езуса?
   Як жыць? Ты ведаеш адказ на гэтае пытанне. “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я вас палюбіў” (Ян 15, 12). Ты павінен любіць найвышэйшай мерай – мерай Езуса. Нават аддаць сваё жыццё за тых, хто па-людзку заслугоўвае толькі пякельную кару. Калі ты маеш удзел у жыцці Езуса, ты маеш таксама ўдзел у Яго ўваскрашэнні.
   Кожны дзень ты становішся дзіцём уваскрашэння. У штодзённым шэрым дні – хвалі Бога і служы Яму! Няхай кожная хвіліна будзе прысвечана Яму. […] Любі Бога і любі людзей, забываючы пра сябе і свае уласныя рэцэпты і планах на жыццё. Паглядзі на Марыю. Бог не абяцаў Ёй радасці на гэтым свеце. Ён хацеў даць Ёй неба. Яе жыццё было напоўнена працай і цярпеннем. А, аднак, Яна была самым шчаслівым чалавекам на зямлі! Яна была дзіцём уваскрашэння. Кожная хвіліна Яе жыцця памнажала тое, што мае вечную каштоўнасць – дабро, якое нараджаецца ў любові. А яно не прамінае.
   Будзь як Яна. Не марнуй сваё жыццё для сучаснасці. Выкарыстай яго для вечнасці.


   Калі ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёй па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе месцы, у якіх знаходзіцца штосьці, што Яна хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа гэта будзе святло, можа бальзам суцяшэння, можа моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа гэта будзе досвед Яе блізкасці і чуласці, калі Сваёй далонню Яна ласкае твой стомлены твар…

Перакладзена з польскай мовы.
Арыгінал Więcej niż doczesność. Jest niebio, jest piekło, jest czyściec.