12.12.2024

Першая субота студзеня 2025

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

 ПЕРШАЯ СУБОТА СТУДЗЕНЯ 

 
РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА

Наведванне Святой Альжбеты 

      Маці, вось я!

Я побач з Табой, Беззаганная Маці, каб несці Табе суцяшэнне, каб спачуваць Твайму Беззаганнаму Сэрцу ў той дзень, калі Ты сказала – у першую суботу месяца. Дапамажы мне, Маці, каб усё маё сэрца было напоўнена інтэцыяй, якую Ты вызначыла, каб гэты час медытацыі стаў актам узнагароды за цярпенні Твайго Беззаганнага Сэрца і Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

З любоўю я адказваю на Тваё запрашэнне, Беззаганная Спадарыня, і іду з Табой шляхам ружанцовых таямніцаў. Сёння, калі я чуваю ля Твайго Беззаганнага Сэрца, я іду разам з Табой да св. Альжбеты. Дазволь мне, аднак, Маці, спытацца: чаму менавіта да гэтай сваячкі ды яшчэ з такой паспешнасцю ты вырушаеш у дарогу? Што Цябе да гэтага так прымушае? Анёл у хвіліну звеставання сказаў Табе, што Альжбета ўжо на шостым месяцы блаславёнага стану, чакае нашчадка, як перасохшая зямля кропляў дажджу. Ці ты жадаеш раздзяліць яе шчасце? Думаеш, ёй будзе патрэбна дапамога? А можа Тваё “fiat” не дазваляе Табе бяздзейсна чакаць, прыспешвае, каб быць там, дзе відавочна здзяйсняюцца знакі, абяцаныя Богам? Тваё спяшанне не дае мне, Маці, спакою. Што ж адбываецца ў Тваім Сэрцы, Беззаганная? “Fiat” – гэта згода на Божы план, а ён ужо здзяйсняецца ў блаславёным стане Альжбеты. Ці Ты можаш не быць там, Ты, ва ўлонні якой Спрадвечнае Слова становіцца целам?

Пытаюся пра гэта, Маці, і мне хацелася б задаць яшчэ шмат пытанняў. Я, Спадарыня мая, ужо з Табой, я таксама спяшаюся да Альжбеты, прагну прыняць удзел у здзяйсненні Божых таямніцаў, а таксама ўглядацца ў Тваё Беззаганнае Сэрца. Дзякуючы словам Евангелля св. Лукі я магу быць сведкам вашай сустрэчы, глядзець і слухаць.

“Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна  ўвайшла  ў  дом  Захарыі  і  прывітала  Альжбету. Калі  Альжбета  пачула прывітанне   Марыі,   узварухнулася   дзіцятка   ва   ўлонні   яе,   і   напоўнілася Альжбета   Духам   Святым. Яна   ўсклікнула   моцным   голасам   і   сказала: «Благаслаўлёная  Ты  між  жанчынамі  і  благаслаўлёны  плод  улоння  Твайго. Адкуль  мне  гэта,  што  Маці  Пана  майго  прыйшла  да  мяне?  Бо  калі  голас прывітання  Твайго  загучаў  у  вушах  маіх,  узварухнулася  радасна  дзіцятка  ва ўлонні  маім. І  шчаслівая  тая,  якая  паверыла,  што  споўніцца  сказанае  Ёй Панам».

І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне  над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым  —  Абрагаму і яго патомству навекі». Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.” (Лк 1, 39-56)

Абяцанне, знак, словы Анёла аб тым, што Альжбета зачала і ўжо на “шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай”, сталася фактам. Вось першае суцяшэнне для Твайго Сэрца, якое носіць незразумелую таямніцу звеставання. Ці хтосьці можа Табе быць дапамогай у нясенні таямніцы Тваёй абранасці на Маці Божага Сына? Я гляжу ў Тваё Сэрца і думаю, што ў ім павінна адбывацца, калі Ты бачыш знак, які пацвярджае, што Ты сапраўды зачала Сына Божага. “Як гэта станецца?” – пытала Ты Анёла, як, будучы дзевай, можна зачаць дзіця? Што ж азначае перад абліччам таямніцы тое, што гэта чалавек-стварэнне мае нарадзіць свайго Створцу?

Чаму, аднак, Альжбету не здзіўляе факт наведвання? Яна як бы нешта ведала і вітае Цябе словамі: “Адкуль  мне  гэта,  што  Маці  Пана  майго  прыйшла  да  мяне?”. Яна радасная, але не здзіўленая, ці ж яна сама чакала Цябе? Мне хочацца далей Цябе спытаць: чаму ты паспешна вырушыла да Альжбеты? А Твая сваячка, здаецца, здзіўляецца не столькі неспадзяваным візітам, колькі тым, што гэта Ты, якая атрымала такі прывілей абранасці, наведваеш яе дом, бо гэта хутчэй да Цябе ўсе павінны ісці. Ты ўжо не адна нясеш таямніцу звеставання. Радасць, словы блаславенства за тое, што Ты паверыла, адкрываюць Тваё Сэрца, каб праслаўляць Бога за вялікія справы, якія Ён Табе ўчыніў. Марыя, я бачу і чую Тваю радасць!

Аднак, разам з радасцю, якая мне перадаецца і ўліваецца ў маё сэрца, я адчуваю здзіўленне, бо ўсведамляю, што Ты ўвесь час верыла і верыш. У Табе не было і няма нават кроплі сумневу. Больш таго, Ты не толькі паверыла словам Анёла, але і глыбока ўсведамляла сваю абранасць: “І цяпер бласлаўляць мяне будуць усе пакаленні.” Ты не прыйшла за знакам дзеля сябе, Ты сама знак для іншых; Ты не прыйшла за ўмацаваннем, Ты сваім наведваннем узмацняеш іншых. Наведванне – гэта Тваё вызнанне веры. О Беззаганная, як жа па-сапраўднаму Ты паверыла. Тваё “fiat” ужо выканалася, яно было і ёсць поўным з самага пачатку. Я па-троху пачынаю разумець Тваю паспешнасць. Ты не шукаеш знаку, Ты бяжыш сюды, бо Ты ўпэўненая. Ты прагнеш быць там, дзе здзяйсняецца Божы план збаўлення чалавека, прадказаны Анёлам. Тваё наведванне становіцца для нас, якія глядзім на гэтую падзею, духоўным шляхам, каб паверыць у Божае нараджэнне. У звеставанні мы чуем не толькі пра нараджэнне Сына Божага, мы даведваемся таксама, што “для Бога няма нічога немагчымага”, і Ты таму ідзеш да Альжбеты, каб нам гэта паказаць, нагадаць, сказаць: паглядзіце, бо гэта сапраўды так!

Абяцаны знак і яго здзяйсненне можна ўбачыць уласнымі вачыма. Ці ёсць тут месца смутку, болі, цярпенню? Кожны з нас скакаў бы ад радасці, перажываючы нешта падобнае на шляхах уласных жыццёвых дылемаў.

Тваё наведванне паказвае нам вельмі глыбокую праўду. Маці, дзякую Табе за прыгожы ўрок мудрасці, які адкрывае нам вочы. Як жа часта можна сустрэцца з перакананнем, што калі б можна было б перажыць цуд, тады лягчэй было б паверыць. Цяпер я ўжо ведаю, што гэта не так і не трэба чакаць цудаў, бо вера – гэта ласка і яна нараджаецца ў слуханні слова Божага, а не ад перажывання надзвычайных знакаў. Я ўжо ўяляю сённяшнія сумневы: ці сапраўды Альжбета была бясплоднай, ці сапраўды гэта не збег абставінаў, звычайнае супадзенне? Ужо пачынаюць працаваць механізмы людзкіх калькуляцый, рацыянальнага падыходу да свету, захавання пэўнай дыстанцыі. Ты, аднак, верыш і радуешся ў Богу! Захапляе мяне Тваё Беззаганнае Сэрца; захапляе, але і сароміць, бо я сам адчуваю спакусы і сумневы. Думаю, што ў маім сэрцы нарадзілася б пытанне: а калі гэта сапраўды збег абставінаў? Не трэба чакаць знакаў, каб толькі на іх будаваць веру. Фундамент – гэта дазволіць, каб на грунт нашага сэрца ўпала зерне Слова Божага. Толькі ў перспектыве веры можна годна прыняць дар ад Бога ў выглядзе знаку; супрацьлеглы накірунак, ад знаку да веры, можа стаць небяспечным з-за людзкога жадання ўсё рацыянальна растлумачыць.

Хацелася б падыйсці да Цябе, Беззаганная Маці, і далікатна, з вялікім клопатам, звярнуцца да Цябе, каб Ты не забывалася, што пасля Твайго вяртання ў Назарэт ўсе ўбачаць, што Ты ў блаславёным стане. Падказвае мне гэта не вера, а розум. Калі я будую сваю веру на знаках, тады, навучаны знакам выканання прароцтва адносна Альжбеты, я павінен усведамляць тое, што адбудзецца ў Тваім жыцці, Марыя. Дазволь мне задаць Табе чарговае пытанне: ці ўсе людзі таксама будуць перакананыя ў Тваёй чыстасці, вернасці абяцанню, дадзенаму Юзафу? Трэба цяпер спакойна сесці і падумаць, што рабіць, бо сітуацыя здаецца не такая ўжо аптымістычная.

Беззаганная, што адбываецца ў Тваім Сэрцы? Я гляжу на Тваю радасць, услухоўваюся ў Твае словы праслаўлення Бога і прагну радавацца разам з Табой. Гэты знак, які пацвярджае Тваю абранасць, а таксама прадказанне, што Ты павінна будзеш стаць перад бацькамі, сваім Абраннікам Юзафам, перад жыхарамі Назарэту. Ці ўсе яны Табе вераць? Калі не, права Майсея не пакідае выбару, а таму трэба падрыхтавацца да найгоршага. Знак вядзе ад радасці да цярпення, але я не заўважаю, Маці, нават следу цярпення ў Тваім абліччы. Знак вядзе ад надзеі, якая ажыццяўляецца ў цяжарнай Альжбеце, да страху за сваё жыццё. Марыя, чаму няма ў Табе ніякага непакою? Здзяйсняюцца планы Божыя, але хто іх зразумее? Як можна стаць маці без удзелу сужонка, як стварэнне можа нарадзіць Створцу? Ці перад абліччам выкліку людзкая логіка не падсоўвае такіх пытанняў, ці не нараджаюцца сумневы? Але ж напэўна, калі Ты вернешся ў Назарэт, то сустрэнешся з незразуменнем, аддаленнем, прыніжэннем, а можа нават укаменаваннем. Ці ж розум не падказвае застацца ў Альжбеты, яна ж Цябе разумее. Маці, Ты таксама цалкам усведамляеш Божыя планы адносна яе. Сапраўды, о Беззаганная, толькі тры месяцы Ты застанешся ў Альжбеты. Калі ж Ты маеш намеры вярнуцца, то можа лепш ужо цяпер, адразу, калі ніхто яшчэ нічога не заўважыць, і тады гэта ўдасца вырашыць разам з Юзафам? Маці, чаму Ты не хочаш прыняць мае парады, ці ж гэта не будзе разумней?

Так, я ведаю і разумею, што Ты будзеш тут тры месяцы, бо столькі засталося да родаў Альжбеты. Чаму Ты, аднак, не думаеш пра Сябе, пра сваю будучыню і бяспеку? Твой спакой, Маці, зноў для мяне з’яўляецца ўрокам. Я добра разумею, што калі бачыш толькі знакі, нават цудоўныя, можна заблукаць і пайсці ўласным шляхам людзкой вынаходлівасці. Вера нагадвае сказанае “fiat”, а таму трэба пакінуць прыватныя планы і людзкую логіку забеспячэння.

 Беззаганная Маці, дзякую Табе за чарговы ўрок, якога я быў сведкам. Прашу прабачэння за тое, што я так часта кажу Богу “fiat”, а аднак далей шукаю ўласнага шляху. Ave Maria!


РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ 

Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі 

Бог выбраў Марыю на Маці Збаўцы. Яе пакора і прастата падабаліся Богу. Марыя на заклік Бога адказала: “Так, няхай здзейсніцца Твой план”. Яна цалкам даверылася Божаму абяцанню. Божае звеставанне трывае ажно да сённяшняга дня. Яно здзяйсняецца на розных шляхах і ў розныя часы. Марыя, дапамажы нам заўсёды даваць станоўчы адказ Богу.

 Наведванне св. Альжбеты

 Марыя паспяшалася, каб дапамагаць Альжбеце. У сваёй паслузе Яна паўсюль разносіць блаславенства Хрыста. І сёння Хрыстос наведвае нас у сваім слове, у сакрамэнтальнай ласцы. Ён прыходзіць да нас у другім чалавеку. Плёнам наведвання ў Аін Карым быў гімн падзякі і праслаўлення Бога – Магніфікат. Марыя, дай нам сэрца, адкрытае на іншага чалавека. 

Нараджэнне Езуса Хрыста 

У Бэтлеемскай гроце прыходзіць на свет Збаўца. Пан прыходзіць да сваёй уласнасці, а свае Яго не прымаюць. Бог, які ёсць Любоўю, стаўся адным з нам, каб чалавек стаў жыллём Бога. Марыя, дапамажы, каб у нашых сэрцах кожнага дня нараджаўся Хрыстус. 

Ахвяраванне Езуса ў святыні 

Марыя ахвяравала Езуса, свой скарб, Айцу, так, як загадвала Права. Гэту падзею суправаджала прароцкае прадказанне пакутаў Езуса і Яго Маці. І ты таксама з’яўляешся Яе скарбам. Яна ўвесь час аддае цябе ў рукі Бога. Ахвярная прыхільнасць патрабуе гатоўнасці да прысвячэння. Марыя, дапамажы нам быць ахвярнымі. 

Езуса знаходзяць у святыні 

З якім болем і клопатам шукала Марыя свайго Сына. Пасля намаганняў і перажыванняў падчас пошукаў, Марыя знаходзіць Езуса, які размаўляў з настаўнікамі Пісання ў Ерузалемскай святыні. Гэта падзея растлумачвае сутнасць місіі Езуса – быць у тым, што належыць Айцу. Гэта пакліканне кожнага чалавека. Марыя, дапамажы нам, каб мы мелі вочы, адкрытыя на знакі прысутнасці Хрыста ў Касцёле і свеце. 

 

Перакладзена з польскага выдання:
“Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością.”
Sekretariat Fatimski 2015; “Modlitewnik Fatimski”, Ząbki 2017.