Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
ПЕРШАЯ СУБОТА ЛЮТАГА 2015
ПЕРШАЯ РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА
Ахвяраванне Езуса ў святыні
У ружанцовым набажэнстве
Хрыстос займае першае месца.
Леў ХІІІ
Сёння наш дзень духоўнай засяроджанасці,
наш дзень сустрэчы з Езусам і Марыяй, скарыстаемся запрашэннем Найчысцейшай
Маці, у першую суботу месяца мы запрошаныя Беззаганным Сэрцам Панны Марыі. Маці
Божая просіць нас, каб у нашай паспешнасці мы пажадалі прысвяціць час менавіта
Ёй, каб мы ў Яе прысутнасці разважалі над жыццём Яе Сына, міласэрнага Збаўцы, а
таксама над Яе жыццём побач з Ім. На хвіліну адсунем наш цяжар, наш боль,
клопаты. На хвілінку спынімся разам з Марыяй.
Духу Святы, Ойча ўбогіх, самы
шчодры, ласкавы, Ты фармаваў Беззаганнае Сэрца, Ты выхоўваў і вёў Марыю. Духу
Божы, просім, адкрый нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы. Без Твайго натхнення
мы нічога не зможам, Ты ўзмацні нас, навучы нас, просім, пакажы, вядзі, Духу
Аздаравіцелю, мы давяраем Табе нас саміх і нашыя сем’і.
Духу Святла і Любові, Духу
Езуса, напоўні мяне.
Найчысцейшая Маці Збаўцы,
скіруй нас, просім, на Твой шлях, шлях марыйны, цярпліва дапамагай нам, каб мы
з яго не сышлі, дазволь нам разважаць над таямніцамі Твайго паклікання, важнымі
падзеямі Твайго жыцця. Беззаганнае Сэрца Марыі, нашыя сэрцы прагнуць Цябе і
Тваёй навукі.
Езус шмат людзей прыцягнуў да
Сябе, першай спадарожніцай жыцця Езуса была менавіта Беззаганная Панна. Мы
таксама, як і Яна, запрошаныя нашым Панам, Сябрам нашых сэрцаў, суправаджаць
Яго ў дарозе. Паглядзім на Найсвяцейшую Панну, прымем жа Яе парады, будзем
вучыцца ў Яе, скарыстаемся запрашэннем да марыйнай школы, да якой хацела
належаць таксама шмат святых і блаславёных.
Гэта другі месяц нашай
марыйнай школы, шляху шматлікіх святых. Сёння перад намі вялікая падзея жыцця
Езуса і Марыі – ахвяраванне. Прымем гэтую таямніцу для разважання, гэта скарб
Беззаганнага Сэрца, адна вельмі вялікая хвіліна, якая паўтаралася на працягу
ўсяго жыцця, якая прачытвалася наноў на працягу ўсяго жыцця.
Што мы адчуваем, выказваючы
гэтае слова: ахвяраванне? Ці адчуваем мы радасць, думаючы пра тое, што было
ахвяравана нам? Ці паяўляецца на дне нашага сэрца страх, што нам трэба нешта з
сябе ахвяраваць, можа нешта вельмі важнае, каштоўнае для нас? Што азначае
ахвяраванне Езуса, ахвяраванне Марыі, нашае ахвяраванне?
Падумаем пра Марыю, паглядзім
на Марыю, будзем вучыцца ў Марыі! Як разумець Ахвяраванне?
З самага пачатку Яе Сын
з’яўляецца Сынам Божым, з самага пачатку Ён ахвяраваны Айцу і людзям. Ці ўсё
Яго жыццё не з’яўляецца вялікім ахвяраваннем самога сябе? А Найсвяцейшая Панна
– ці Яна не ахвяравала саму сябе, сваё сужэнства, сваё мацярынства? Якое можа
быць ачышчэнне Найчысцейшай, ачышчэнне Беззаганнай? Як можна прысвяціць Богу
Яго ж Сына, аддаць Богу Яго самога? Хто больш за Езуса можа быць
прысвечаны Айцу?
Аднак права казала, што “кожны
першародны сын будзе прысвечаны Пану”, пабожны звычай патрабаваў занесці дзіця
ў Ерузалем, каб стаць перад Богам. Так рабілі ўсе, так трэба было зрабіць. Калі
надышоў час ачышчэння паводле Права Майсея, Бацькі Езуса пайшлі да святыні. Ці
гэта толькі пусты жэст, фармальная справа, каб толькі задаволіць людзей,
публічную думку, заспакоіць плёткі суседзяў? Не, для Марыі гэта вялікі дзень,
сустрэча з добрым Айцом, час ласкі. На самай справе “стаць перад Богам” не было
абавязковым, можна было выкупіць першароднага, даючы срэбра святару. Аднак для
Марыі і Юзафа намаганне прыйсці да святыні разам з Езусам здаецца важным,
абавязковым, патрэбным ім самім. Нягледзячы на тое, што яны больш за іншых
маглі быць звольненымі з абавязку, нягледзячы на тое, што маглі яны пачуць сябе
выключнымі, абранымі, яны выконваюць Права цалкам, з дадаткам, шчодра – з усяго
сэрца – гэта час ласкі, час блізкасці з Богам, час ахвяравання.
Як часта мы бачым, чуем
людзей, якія сцвярджаюць, што ім не патрэбна ачышчэнне, споведзь, навяртанне!
Як часта людзі спасылаюцца на свае духоўныя выключныя перажыванні, адчуваюць
сябе звольненымі ад звычайных практыкаванняў. Хто ж быў больш выключны, чым
Езус, чым Марыя, а аднак Яны выбіраюць шлях звычайнасці…
Як часта, вельмі проста,
гучаць словы “я не святы”! Панна Марыя была святая – аднак яна бачыла патрэбу
прыняць Права, абрад, звычай, падпарадкаванне Традыцыі. Ці ў нас ёсць жаданне
вучыцца ў Яе?
Для Яе самой, для св. Юзафа,
для Езуса гэта важны дзень. Напэўна часта прыходзілі маці з першароднымі
дзецьмі, Панна Марыя адна са шматлікіх. Гэта звычайная падзея, як сёння хрост у
парафіі. Аднак міласэрны Айцец даўно рыхтуе пару, якая прывітае Святую Сям’ю ў
дзень ахвяравання. Сімяон, стары мужчына, падтрыманы Духам Святым, чакаў, як
кажа нам Евангелле, “суцяшэння Ізраэля”. Менавіта ён – гэта выключэнне сярод
шматлікіх людзей, якія наведвалі святыню – заўважае маладую сям’ю, заўважае
Марыю і Езуса. Гэта сапраўды каштоўная падказка для нас. Дух Божы робіць людзей
здольнымі заўважыць Божых святых, Дух Мудрасці адкрывае вочы сваім верным, каб
яны ўбачылі прысутнасць Езуса і Найсвяцейшай Панны. Ужо сама гэтая падзея была
б цудоўнай. Колькі ж святых прайшло незаўважанымі сваімі суседзямі, а колькі
людзей не распазнала Збаўцу і Яго незвычайную Маці! Аднак Дух Святы сапраўды
моцна вядзе сваіх верных. Заўважым, Евангелле ў кароткім тэксце тры разы
падкрэслівае блізкасць Божага Духа і Сімяона. Мы чытаем, што “Дух Святы быў з
ім”, што “Дух Святы адкрыў яму”, што “кіраваны Духам, ён прыйшоў да святыні”.
Менавіта такая асоба можа знайсці ў сваёй штодзённасці, у добра вядомым сабе
месцы, сярод шматлікіх людзей – Езуса і Марыю. Менавіта нехта такі можа ў
звычайны дзень сустрэць Бога, якога чакае ўсё жыццё. Колькі людзей праходзіла ў
той дзень каля Езуса, Марыі, св. Юзафа?
Яшчэ адна таямніца: Айцец
міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння дазваляе Сімяону, каб ён сам прывітаў і
ўзмацніў Тую, што будзе Дапаможніцай верных, каб ён падтрымліваў Тую, якая
вытрывае пад крыжам Сына. Якая вялікая дабрыня Божая! Марыя, якая некалі
прыняла анёла, незвычайных гасцей з дарамі для Дзіцяці, цяпер атрымлівае
асабістае пацвярджэнне свайго паклікання ў святыні!
Марыя атрымлівае незвычайныя,
моцныя, адначасова ўзмацняючыя і непакоячыя словы. Гэта вялікая радасць, што Яе
ўмілаваны, адзіны Сын прывітаны як збаўленне для ўсіх народаў, як святло для
язычнікаў, як вялікая хвала ўсяго Ізраэля. Сэрца Маці ўзрастае. Евангеліст
старанна запісаў, што словы гэтыя былі нечаканасцю для самой Марыі! Абавязкова
падумаем над гэтай інтымнай інфармацыяй – Тая, што сама прыняла анёла, што сама
чула абяцанні і прадказанні паклікання Яе Сына, сама была здзіўленая. Вось
таямніца паклікання, таямніца сталення Беззаганнага Сэрца. Павольна і далікатна
вядзе Марыю Дух Святы.
Паглядзім на Марыю – Яна
слухае, калі да Яе прамаўляе анёл; слухае, калі Ёй кажа св. Юзаф пра тое, што
яму было аб’яўлена ў сне; слухае, калі ёй кажа Сімяон. Якое адкрытае,
Беззаганнае Сэрца! Што за гатоўнасць прымаць Бога праз людзей. Езус запрашаў,
каб мы вучыліся ў Яго Маці: так, як Яна прымалі таямніцу нашага паклікання,
цярпліва вучыліся і саспявалі да нашага шляху з Ім. Ці мы згаджаемся, як Марыя,
каб нам казалі, указвалі, павучалі? Ці мы прымаем духоўныя ўказанні? Ці можа ў
нас ёсць пачуццё, што мы ўсё ведаем самі, што мала хто можа нам нешта сказаць?
Захапляе гатоўнасць Марыі да таго, каб слухаць кожным чынам, кожнага, кожную
хвіліну і ў кожным месцы. Анёл прыйшоў “да Яе”, а гэта значыць туды, дзе Яна жыла.
Юзаф кажа Ёй пра свой сон, так проста, можа ўначы; Сімяон – у святыні. Марыя
вучыцца, слухае, разважае – вось Служабніца Панская! Ці мы не ставім Богу
абмежаванняў? Ці любім, каб Ён казаў нам толькі дома або толькі ў Касцёле, або
толькі праз выбраных людзей? Ці мы згаджаемся, як Яна, каб Ён сам выбіраў калі,
як, праз каго Ён хоча прамаўляць да нас?
Марыя прымае словы Сімяона як
прароцтва, як словы анёла. Разам са словамі здзіўляючымі, паказваючымі радасць,
хвалу, гонар, моц, Яна чуе прадказанне болю, цярпення, цяжкай раны Сэрца.
Прымем таксама і мы тыя словы Сімяона да сябе. Нам хіба лягчэй думаць пра
іншых, што гэта яны раняць Марыю, раняць міласэрнае Сэрца Яе Сына. Паглядзім
аднак на сябе, падумаем пра сябе. Зоймемся сабой, нашымі адносінамі з Сынам Божым,
з Найсвяцейшай Паннай. Ці мы ранім Яе Сэрца? Не апраўдваемся, што можа іншыя
раняць Яе больш. Гэта разважанне павінна нас натхняць, не апраўдваць. Сімяон
падтрымлівае і суцяшае Марыю. Станем жа разам з ім, суправаджайма Марыю ў Яе
малітвае, у Яе імкненнях пашыраць Валадарства Яе Сына, у навяртанні людзей. Яна
цалкам ахвяравала сябе Богу – прымаючы цярпенне любага Сына і цярпенне
Беззаганнага Сэрца – дзеля ратавання людзей. Вучымся ў Яе, застанемся з Маці,
застанемся побоч з Ёй.
Давайце прымем сёння таямніцу
ахвяравання, так як сёння вядзе Дух Святы. Толькі што мы разважалі над яе
маленькай частачкай, шмат яшчэ застаецца перад намі. Ахвяруемся так, як мы гэта
ўмеем сёння, вучачыся ў Яе. Дух Святы напэўна яшчэ не раз будзе нас весці, як
Яе, да таямніцы ахвяравання.
О Марыя, Беззагананя Панна,
Дзева ахвяруючая сябе, Маці ахвяруючая Сына, будзь Настаўніцай на нашым шляху!
Вядзі нас марыйным шляхам, шляхам ахвяравання! Просім – вучы нас у духу
ахвяравання прыносіць супакой і дабро, цярплівасць і радасць у нашы сем’і.
Панна, якая слухае, Панна мудрая, Вучаніца Пана,
цярплівая Настаўніца, просім Цябе, маліся з намі і за нас! Няхай Тваё
Беззаганнае Сэрца вучыць маё сэрца, няхай Тваё Сэрца затрыюмфуе ў маім сэрцы!
Прасі з намі аб мудрасці Духа Божага, няхай Ён адкрые нашы вушы і сэрца, як
Твае, няхай зробіць нашы сэрцы падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн!
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.
РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
Зеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Сын Божы становіцца чалавекам… Захапляйся дабрынёй
Бога Айца, які дае нам свайго Сына, каб Ён нас адкупіў. Дзякуй Сыну Божаму, які
сышоў да нас, каб прынесці нам навуку пра збаўленне, а таксама навучыць пакоры
перад Богам… Распальвай сябе любоўю да Хрыста, абуджай жаданне збаўлення
людзей. Аддай пашану Марыі, як Маці Збаўцы свету. Яна, Маці Божая, называе сябе
Служабніцай Пана. Вучыся ў Яе служыць іншым.
Наведванне св. Альжбеты
Марыя наведвае Альжбету, каб падзяліцца з ёй
радасцю… каб служыць ёй: вучыся гатоўнасці дапамагаць іншым… Паглядзі на
пачуцці Езуса, які хоча асвяціць Яна… і абуджай у сабе прагненне асвячаць
людзей… Ян атрымлівае ласку падчас наведвання Марыі – прасі Яе, каб і цябе Яна
наведала ў працы, цярпеннях… і прынесла табе ласку Езуса… Ад Альжбеты вучыся ўшаноўваць
Марыю: гэта яна, шаноўная пані, аддае паклон Марыі… Разам з Альжбетай праслаўляй
Марыю.
Нараджэнне Езуса Хрыста
Паглядзі на любоў Бога, які ў постаці немаўляці
з’яўляецца на зямлі… Праслаўляй гэта Дзіця… Радуйся Яго прыйсцю, а адначасова
вучыся ў Яго ўбоству, прыніжэнню і ўмярцвенню… Людзі не прынялі Юзафа і Марыю,
але Яны не крыўдзяцца на іх, Яны радуюцца Езусу… Вучыся ў Іх цешыцца Езусам,
хоць і знаходзішся ў цяжкім становішчы… З пастушкамі аддай паклон Езусу і пакладзі
Яму свае дары: думкі, пачуцці, сэрца, волю, словы і добрыя ўчынкі. Гэта так
няшмат, але гэта дар нашага любячага сэрца.
Ахвяраванне Езуса ў святыні
Марыю не абавязвала права ачышчэння, аднак Яна
выконвае яго, каб падабацца Богу… Вучыся дабраахвотна выконваць добрыя ўчынкі…
Вучыся ў Марыі пакоры: гэта Яна, Дзева, становіцца ў шэрагу звычайных маці, не
паказваючы свайго прывілею… Езус, хоць яшчэ і немаўля, але мае поўную
свядомасць і самога сябе ахвяруе свайму Айцу за жыццё свету… Ахвяруй і ты сябе
Богу на працу для збаўлення людзей… Радуйся з Сімяонам, які песціць Езуса,
якога яму дала Марыя… прасі Яе, каб і табе Яна дала Езуса… Прасі Яе, каб Езус
не прыйшоў да цябе на ўпадак, але на паўстанне і вечнае жыццё.
Езуса знаходзяць у святыні
Езус застаўся ў святыні, бо такая была воля Яго
Айца… Езус адчуў балесную разлуку з Марыяй і Юзафам, таму што іх любіў… аднак
без іх ведама застаўся ў святыні, бо так хацеў Бог… Вучыся для выканання волі
Бога вырачыся сябе… Спачувай Марыі і Юзафу, якія не па сваёй віне згубілі Езуса,
і толькі знешне, бо сэрцам яны былі злучаныя з Ім… У гэтай сітуацыі яны не
наракаюць на Бога… яны перажываюць і шукаюць Езуса… ты таксама не наракай у
цярпенні… рабі тое, што ў тваіх сілах, а рэшту аддай Богу… шукай Езуса ў
святыні, гэта значыць у малітве… Радуйся з Марыяй і Юзафам… Так ёсць і ў тваім
жыцці: пасля смутку прыходзіць суцяшэнне.
Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół, którego nie przemogą bramy piekła.”
Sekretariat Fatimski 2014; “Modlitewnik
Fatimski”, Ząbki 2017.