Першасуботнія малітвы

   Шмат сэрцаў, якія б’юцца дзеля Маці Божай, хочуць аддаваць Ёй усё больш і больш свайго часу, сваіх думак і сваёй любові. Калі ў чалавеку абуджаецца жаданне ахвяраваць яшчэ больш малітвы (напрыклад, у першыя суботы і ў фацімскія дні) і глыбей увайсці ў таямніцу Яе прысутнасці сярод нас, можна скарыстаць з наступных малітоўных тэкстаў.
                                                                           
МАЛІТВЫ НА РАСПАЧАЦЦЕ
ПЕРШАЙ СУБОТЫ

   Найсвяцейшая Маці, з асаблівай руплівасцю і святым запалам, сёння, у першую суботу месяца, я прагну аднавіць маё жаданне жыць узнагароджальнай інтэнцыяй Твайму Беззаганнаму Сэрцу.

МАЛІТВА ПЕРАД СПОВЕДДЗЮ

   Пане Езу Хрысце, мой Збаўца і Адкупіцель! Я прагну праз хвіліну прыступіць да сакраманту паяднання, каб вызнаць свае грахі і праз паслугу Касцёла атрымаць іх адпушчэнне. Я – грэшнік, грэх цягне мяне ўніз, як каменне, прывязанае да ног, не дазваляючы маёй душы ўзляцець да неба. Адвяжы мяне ад іх, вызвалі ад гэтага цяжару, каб я мог з’яднацца з Табою, і абдараваны чыстым сэрцам, мог служыць Табе і супрацоўнічаць у справе адкуплення свету.
   Езу, Ты паказаў нам пагрозу граху, які вядзе людзкія душы да вечнага асуджэння, паглядзі на ўсіх тых, хто знаходзіцца ў няволі зла. Я прыступаю да святой споведзі, як іх брат (сястра), адказны за іх лёс. Прашу, няхай ласкі, якія выплываюць з гэтага сакраманту, будуць дадзеныя не мне, а тым душам, якім яны найбольш патрэбныя.
   Збаўца свету, які ўказаў на Беззаганнае Сэрца сваёй Маці, пранізанае цернямі людзкіх грахоў! Я прагну праз гэту святую споведзь узнагародзіць за зло, якое раніць Сэрца Тваёй Маці, і такім чынам выцягнуць хоць адзін балесны шып з Яе Беззаганнага Сэрца. Няхай духовыя даброты, якія Ты хочаш мне ўдзяліць, а Ты ўдзеліш таксама патрабуючым іх грэшнікам, пройдуць спачатку праз Беззаганнае Сэрца Марыі, несучы Ёй палёгку і суцяшэнне. Для мяне самога можа нічога не застацца, бо ў мяне толькі адна інтэнцыя споведзі: узнагародзіць, як Ты прасіў, церпячаму Сэрцу Тваёй Маці і такім чынам прынесці Ёй радасць і суцяшэнне.
   Езу, Сыне Марыі, удзялі мне гэтую ласку, каб я быў годны ўзнагародзіць церпячаму Сэрцу Тваёй Беззаганнай Маці.

МАЛІТВА ПАСЛЯ СПОВЕДЗІ

   Езу, мой Збаўца! Ты памёр за нас на крыжы, каб вывесці чалавецтва з няволі граху і адчыніць усім душам браму да неба. Дзякую Табе за тое, што ў сакраманце пакуты Ты даў мне Сваё прабачэнне і дакрануўся ласкай міласэрнасці. Ты паставіў мяне на шляху збаўлення! Ніякія словы не могуць выказаць тое, што адчувае мая душа. Ты аддаліў ад мяне зло, вызваліў ад уплыву шатана, напоўніў сэрца ласкай, даў моц крочыць каралеўскім шляхам Евангелля. Будзь за ўсё гэта праслаўлёны!  
   Прашу Цябе, мой Збаўца, дапамажы мне вытрываць у Тваёй ласцы. Няхай я ніколі не адыду ад Цябе. Няхай я не буду дзеля Цябе прычынай смутку і цярпення. Няхай маё жыццё, ў еднасці з Табой, будзе дзеля Цябе радасцю і суцяшэннем.
   Мой Пане, так шмат людзей не хоча адкрыцца на Тваю ласку, так шмат душаў ідзе па свеце, адварочваючыся ад Цябе. Яны ідуць шляхам, які вядзе да асуджэння, памнажаючы па дарозе зло ў свеце. Прашу, злітуйся таксама над гэтымі грэшнымі дзецьмі і ўратуй іх ад пекла! Калі Табе патрэбна дзеля гэтага мая ахвяра і малітва, вось я! Ахвярую Табе маю споведзь у інтэнцыі ўзнагароды за іх грахі, аддаю Табе ў распараджэнне мой штодзённы крыж, цярпенні, цяжкасці і хваробы. Дай мне, прашу Цябе, ласку ўзнагараджаць за гэтых маіх братоў і сясцёр. Абдары мяне ласкай разам з Табой ратаваць бедных грэшнікаў.
  
                                                       МАЛІТВА ПАСЛЯ СВЯТОЙ КАМУНІІ                                                                                                                                                          
   Звяртаюся да Цябе, о мая Нябесная Маці, каб узнагародзіць Табе за ўсе знявагі, учыненыя Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Так шмат людзей выказвае Табе абыякавасць, холад, няўдзячнасць, а нават варожасць. Так шмат людзей супраціўляецца Твайму прывілею, які з’яўляецца ласкай. Так шмат абражае і зневажае Цябе, засмучаючы Цябе і Твайго Боскага Сына сваім грэшным жыццём. Гэтыя акты ігнарвання і несправядлівасці напаўняюць Тваё Сэрца горыччу і раняць Яго, як вострыя церні.
   О, калі б мая душа, ушаноўваючы Цябе, магла выправіць усё тое, што некалі зрабілі Табе гэтыя праяўленні неразважнасці, абыякавасці і злосці! У сваёй абмежаванасці і слабасці я сам на гэта ня здольны, але магу гэта зрабіць праз Твайго Боскага Сына. Толькі што ў Святой Камуніі я прыняў да свайго Сэрца Езуса! Ён пасяліўся ўва мне і цалкам мне аддаўся. У Ім і з Ім я ўсхваляю Цябе, ушаноўваю і праслаўляю, а цяпер складаю Яго ў Тваім параненым Сэрцы, каб суцешыць Яго і зрабіць шчаслівым. Гэты струмень любові, які выліваецца з Яго Боскага Сэрца, няхай цалкам Цябе напоўніць і ўзрадуе, дазваляючы забыцца пра ўсю несправядлівасць, якую некалі ўчынілі Табе людзі. Няхай гэтае Боскае Сэрца стане дзеля Цябе ўзнагародай, актам пашаны і аддання, а таксама невычэрпнай крыніцай суцяшэння.

МАЛІТВА ПЕРАД РУЖАНЦАМ

   Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб Ты пакінула таго, хто да Цябе звяртаецца, Тваёй апекі просіць, Цябе на дапамогу кліча. Гэтым даверам ажыўлены, да Цябе, о Панна над Паннамі, звяртаюся, да Цябе прыходжу, перад Табою плачучы стаю. О Маці Слова, не пагарджай словамі маімі, але пачуй іх ласкава і выслухай.
   У еднасці з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаю Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, да майго Сэрца. Разам з Табой я прагну разважаць над таямніцамі святога ружанца. Згодна з Тваім жаданнем, я буду гэта рабіць у інтэнцыі ўзнагароды за грахі. Прашу Цябе, дапамажы мне пазбегнуць няўважлівасці, якая будзе перашкаджаць мне падчас разважання над таямніцамі жыцця Езуса.

МАЛІТВА ПЕРАД
ПЕРШАСУБОТНІМ РАЗВАЖАННЕМ

   Маці мая, няхай Тваё святло напоўніць маё сэрца!   Багародзіца, дазволь мне адчуць Тваю прысутнасць каля мяне.   Панна над Паннамі, пакажы мне любоў, якой Ты палюбіла мяне, сваё нягоднае дзіця.   Сталіца Мудрасці, узбагаці мяне мудрасцю, якую Ты жадаеш мне сёння даць.   Я хачу заўсёды трываць блізка ля Цябе і наследаваць Цябе. Таму прашу, выпрасі мне яшчэ тую ласку, каб усё, што я пачую, я ўмеў ператварыць у сваё штодзённае жыццё, у маё прагненне збаўлення, у думкі пра неба, а не пра зямлю, пра Твайго Сына, а не пра сябе. Прашу, дай мне Сваё Сэрца, каб я змог узнагародзіць за грэшнікаў і дапамог як мага большай колькасці душаў на вяртальным шляху да Бога.   З верай і ўпэўненасцю у тое, што Ты мяне выслухаеш, я клічу: “Пакажы, што Ты Маці! Паказвай мне гэта штодня! Вядзі мяне шляхам збаўлення. Вядзі да Свайго Сына. Цяпер і заўсёды. Амэн.

МАЛІТВА АБ ДАРЫ НОВАГА СЭРЦА

                О найцудоўнейшая Маці, замяні маё грэшнае сэрца Тваім Беззаганным Сэрцам, каб Святы Дух мог дзейнічаць ува мне, а Твой Боскі Сын – узрастаць. О магутная і засёды верная Пасрэдніца ласкаў, выслухай маю просьбу, якую я сёння ўзношу да Цябе.

МАЛІТВА НА ЗАКАНЧЭННЕ ПЕРАПРАШАЛЬНАГА РУЖАНЦА
паводле св. Максімільяна Марыі Кольбэ


Дазволь мне праслаўляць Цябе, Найсвяцейшая Панна.
Дазволь мне хваліць Цябе сваімі сіламі.
Дазволь, каб для Цябе і толькі для Цябе я жыў, працаваў, цярпеў, аддаў сваё жыццё і памёр.
Дазволь, каб я да Цябе цэлы свет прывёў.
Дазволь, каб я ўсё больш і больш праслаўляў Цябе.
Дазволь, каб я прынёс Табе такую хвалу, якой яшчэ ніхто Табе не прыносіў.
Дазволь, каб іншыя перавышалі мяне ў імкненні
ўзвысіць Цябе, а я – іх.
Няхай у такім прыгожым спаборніцтве ўзрастае Твая хвала ўсё глыбей, усё хутчэй, усё мацней,  так, як гэтага прагне Той, хто так цудоўна ўзвысіў Цябе па-над усімі істотамі.
У адной Табе праславіўся Бог незраўнана больш,
чым ва ўсіх сваіх святых.
Дзеля Цябе Бог стварыў свет, дзеля Цябе Ён і мяне да жыцця паклікаў.
Адкуль жа мне такое шчасце?      О! Дазволь мне праслаўляць Цябе, Найсвяцейгая Панна!