2.02.2025

Першая субота кастрычніка

 ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ

ДРУГАЯ РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА

НАВЕДВАННЕ СВЯТОЙ АЛЬЖБЕТЫ 

  Каралева ружанца святога, у гэтую першую суботу кастрычніка мы прагнем узнагародзіць Табе за ігнараванне і ляноту ў прыняцці закліку да штодзённай малітвы на ружанцы. Будзь з намі падчас гэтага разважання, дай нам зразумець вартасць Тваёй мацярынскай любові, распалі нашыя сэрцы, каб мы лепш і старанней маліліся. 

   “Благаслаўлёная  Ты  між  жанчынамі  і  благаслаўлёны  плод  улоння  Твайго.  Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо, калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам”. 
   І сказала Марыя: “Велічае душа мая Пана,  і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі.  І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,  а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне  над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона  і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым  — Абрагаму і яго патомству навекі”. (Лк 1, 42б – 55). 

   Шчаслівая св. Альжбета, напоўненая Духам Святым! Шчаслівы св. Ян, бо ва ўлонні маці пазнаў Збавіцеля і атрымаў Яго ласку. Шчаслівы Захарыя, які быў звольнены ад кары пазбаўлення мовы і на нова праслаўляў Бога і прарочыў. Гэтай радасцю былі адораныя праз пасрэдніцтва Марыі, Аблюбеніцы Духа Святога. Паўсюль, куды Яна прыходзіць, прысутнічае Найсвяцейшая Тройца і аб’яўляецца асаблівае дзеянне Духа Святога. Слова прывітання “Шалом” – супакой, сказанае Марыяй, нясе дар Духа Святога і Альжбета пазнае таямніцу Ўцелаўлення Сына Божага. Адказвае прывітаннем, благаславіць і абвяшчае годнасць Маці Пана, а Марыя не затрымлівае гэтай хвалы для сябе, але праслаўляе Бога за вялікія справы, якія Ён Ёй учініў.

   Ці мы таксама можам перажыць наведванне Марыяй?

   Так, Яна таксама і да нас прыходзіць з дарам ласкі. Яе шматлікія аб’яўленні ў сучасным свеце сведчаць пра гэта. Яна першая выходзіць на спатканне і прыносіць слова – пасланне. Калі мы прымем яго, будзем напоўненыя супакоем, радасцю, атрымаем ласку.

   “Благаславёная Ты паміж жанчынамі” (Лк 1, 42).

   Так прывітала Марыю Альжбета. А мы, як нам трэба Яе прывітаць, каб прынесці Ёй радасць?

   “Вітай, Марыя…” – лацінскае ave, гэта пераклад з грэцкага chaire – “радуйся”.

   Гэта так проста далучыцца да спеву любові і ўдзячнасці, якую спяваюць з Арханёлам Габрыэлем хоры анёльскія, а пасля Альжбеты чарговыя пакаленні людзей.

   Але як я кажу гэтыя словы? Ці з любоўю, свядомасцю аб прысутнасці Маці Пана? Ці не ўпадаю я ў рутыну, вымаўляючы іх механічна, не ўстанаўліваючы сэрцам адносінаў з Найсвяцейшай Паннай? Няхай гэтае разважанне дапаможа мне зрабіць адпаведныя пастанаўленні, каб з гэтага часу лепш маліцца. 

   Калі мы вітаем Марыю і благаславім Яе, Яна не затрымлівае гэтай хвалы для сябе, але, як у Альжбеты, адказвае праслаўленнем Бога. Ружанец гэта нашая малітва з Марыяй. Таму яна мае такую вялікую моц і настолькі мілая Богу. Марыя ў свой Магніфікат уключае ўсё стварэнне і ад яго імя праслаўляе Бога. Дзякуе за выкананне абяцанняў, дадзеных Абрагаму і Ізраэлю. Яна хваліць Усемагутнага як прадстаўніца пакорных, убогіх і малых пакаленняў, што былі і будуць.

   Ружанец гэта ўлюбёная малітва пакорных. У іх здзяйсняецца прароцтва Марыі: “Ён паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трону  і ўзвысіў пакорных” (Лк 1, 51).

   Гісторыя Касцёла мае шмат прыкладаў таго, што пры дапамозе ружанца малыя арміі перамагалі ворагаў, якія перавышалі іх у колькасці. Сярод гэтых перамог ёсць бітвы, якія ўратавалі цывілізацыі, напрыклад, пад Лепанта. Ёсць таксама перамогі маральныя, напрыклад, пазбаўленне ад алкагалізму пасля аб’яўленняў Маці Божай у Гетшвальдзе, ці навяртанне дому распусты ў Дубліне ў Ірландыі, дзякуючы Легіёну Марыі.

   У Фаціме Маці Божая паклікала да штодзённай малітвы на ружанцы і гэтым дала малітве асаблівую моц. Сястра Луцыя сказала, што няма такой справы асабістай, грамадскай ці міжнароднай, якой бы ня ўдалася вырашыць пры дапамозе ружанца.

   Ці я веру ў гэта? Ці ў ружанцы шукаю вырашэння праблем, ці спрабую ім супрацьстаяць пры дапамозе людзкіх сродкаў?

   “Іншыя спадзяюцца на калёсы ды коней; мы ж прызываем імя Бога нашага” (Пс 20, 8) – казаў псальміст. Паўтараючы за ім, эмігранты ў Парыжы змясцілі ў касцёле Маці Божай Пераможнай  у 1856 годзе табліцу, на якой знаходзіўся надпіс: “Адныя на калёсы, другія на коней спадзяюцца, а мы Імя Марыі прызываць будзем”.

   Ружанец гэта малітва даверу Марыі, якая абяцала, што: “У канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе”.

   Разважаючы над Магніфікатам – песняй трыюмфу ўбогіх і пакорных, а таксама над словамі Найсвяцейшай Панны ў Фаціме, мы павінны моцна схапіцца за ружанец і памятаць пра словы Пана Езуса:

    “Не   бойся,   малы   статак,   бо   спадабалася   Айцу   вашаму   даць   вам Валадарства” (Лк 12, 32). 

   “Ласка Твая, Пане, няхай будзе над намі, як мы на Цябе спадзяемся!” (Пс. 33, 22).

   Не трэба здзіўляцца злу, не трэба наракаць. Гэта не дапаможа. Паверым Марыі, прымем ратунак, які Яна нам дала. Хвала генерала – гэта перамога з нешматлікай  арміяй. Усе мы пакліканыя да Яе войска. Не будзем засмучаць Беззаганнае Сэрца Марыі недаверам, ігнараваннем, лянотай і апешанасцю. 

   Ружанец гэта таксама малітва разважання. Разам з Марыяй, Якая “разважала над таямніцамі Хрыста”, вучымся разумець Божыя намеры, праслаўляць іх, а потым жыць імі.

   Таму мы называем ружанец “школай Марыі”. Хто даверыцца ружанцу і будзе вытрывалым – атрымае мудрасць.

   Ружанец павенен весці нас да кантэмпляцыі.

   Просім сёння аб ласцы лепш маліцца на ружанцы.

   Беззаганная Маці, Прычына нашай радасці, прыйдзі да нас з ласкай Пана. З’яднай нас з Сабой, агарні сваёй малітвай кантэмпляцыі і праслаўлення. Выпрошвай нам Божую Міласэрнасць. Амэн.

 

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ  

Звеставанне Найсвяцейшай Марыі Панны 

   Звеставанне гэта найважнейшая сустрэча Марыі з Богам. Ад гэтай падзеі залежыў лёс чалавецтва. Ці мы бачым, што адбылося яно ў рамках пачынаўшайся сям’і, калі Марыя была ўжо заручаная з Юзафам? Ці для нас гэта не знак таго, якую вялікую ролю ў выкананні намі Божых планаў, мае падставовае асяроддзе, у якім мы жывем кожны дзень – сям’я?
   Молімся праз заступніцтва Марыі аб тым, каб нашыя сем’і былі месцам, дзе Бог застаецца з задавальненнем, каб для кожнага з нас святасць нашых сем’яў мела плёны лепшага пазнання таго, чаго ад нас чакае Бог.
   Марыя, зрабі нашыя сем’і святымі, каб мы маглі чуць у іх голас, заклікаючага нас Бога, і заўсёды адказвалі Яму “так”, як Ты.

   Пасля кожнай малітвы “Вітай, Марыя” чытаецца просьба: 
Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце.

На заканчэнне таямніцы:
  О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая мсіласэрнасць.
  О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе. 

Наведванне святой Альжбеты 

   Сустрэча з Богам прыносіць плён любові да людзей. Мы бачым гэта ў таямніцы наведвання святой Альжбеты Марыяй, якая некалькі хвілін таму сусрэла ў сваім жыцці Бога, а зараз спяшаецца, каб сустрэцца з чалавекам, якому патрабна Яе любоў. Любоў да Бога была б несапраўднай, калі б не было ў нас любові да бліжніх.
   Просім найсвяцейшую Панну Марыю, каб Яна навучыла нас сапраўднай любові да Бога і адкрыла нашыя сэрцы на патрэбы бліжніх. А калі гэта патрэбна, няхай пакажа нам, што нашая любоў да Бога несапраўдная, бо нашыя сэрцы не могуць любіць Бога, калі не любяць людзей. 

Пасля кожнай малітвы “Вітай, Марыя” чытаецца просьба:
  Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Непарушнае Дзявоцтва.

На заканчэнне таямніцы:
  О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая мсіласэрнасць.
  О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе. 

Нараджэнне Езуса Хрыста 

    Таямніца Божага Нараджэння паказвае нам вялікую праўду пра нас саміх: што мы таксама атрымалі пакліканне нараджаць Бога. Касцёл навучае, што кожнае дабро, зробленае чалавекам, нараджае ў нас саміх і ў нашых бліжніх Бога. Так, як у бэтлеемскую ноч нарадзіўся гэты Бог – ціхі, нябачны, пакорны, але ў якога ёсць моц змяніць людзкія сэрцы і свет.
  Заклікаем Божую прысутнсць у свеце, якому так патрабна дапамога з Неба. Няхай Марыя дапаможа нам выканаць пакліканне нараджаць Бога нашай малітвай, ахвярай і любоўю, дадзенай нават тым, што нас ненавідзяць. 

Пасля кожнай малітвы “Вітай, Марыя” чытаецца просьба:
  Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці.

На заканчэнне таямніцы:
  О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая мсіласэрнасць.
  О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе. 

Ахвяраванне ў святыні 

   У чацвёртай радаснай таямніцы Марыя вучыць нас ахвяраваць Богу ўсё, што мы любім. Усё, што мы маем, павінна з гэтага моманту належаць Богу. Калі Бог так хоча, Ён не забярэ ў нас гэта, але зробіць яшчэ больш каштоўным. Усё, што мы маем, ужо належыць Яму, і павінна быць ужываным згодна з Яго воляй.
  Ці не такія наступствы нашага прысвячэння Найсвяцейшай Панне Марыі? З гэтага моманту – праз Марыю – усё, што маем, належыць не нам, а Богу!
   Просім Маці Божую, каб Яна вучыла нас усё ўжываць згодна з воляй Божай. Няхай усё служыць нашаму збаўленню і ратаванню грэшнікаў! 

Пасля кожнай малітвы “Вітай, Марыя” чытаецца просьба:
Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў.

На заканчэнне таямніцы:
  О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая мсіласэрнасць.
  О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе. 

Езуса знаходзяць у святыні 

   Ёсць такія хвіліны ў жыцці кожнага з нас, калі мы губляем Езуса. Бог тады далёка, а мы самотныя і згубленыя. Гэтая апошняя радасная таямніца паказвае нам, што трэба тады шукаць Бага, шукаць пакуль не знойдзем. Марыя і Юзаф шукалі згубленага Езуса доўгія тры дні… Гэта сімвалічная лічба, якая паказвае пошукі ў бясконцасць, аж пакуль не знойдзем.
 Няхай Найсвяцейшая Маці, якая цярпліва шукае свайго Сына, выпрасіць нам ласку цярплівасці ў шуканні Бога. Няхай Яе прыклад ажывіць у нас надзею, што Бог дасць сябе знайсці кожнаму, хто будзе Яго настойліва шукаць, з тугой і любоўю. 

Пасля кожнай малітвы “Вітай, Марыя” чытаецца просьба:
  Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.

На заканчэнне таямніцы:
  О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая мсіласэрнасць.
  О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.

 

Перакладзена з польскай мовы:
Nie żyjemy dla siebie. Wynagrodzenie za grzechy świata.