Крыніца і гісторыя набажэнства першых суботаў месяца



   Мы ведаем, што ў цэнтры фацімскіх аб’яўленняў, што адбыліся ў 1917 годзе, знаходзіцца таямніца ў трох частках. Першыя дзве былі адкрытыя раней па Божаму загаду і сталі вядомыя свету. Трэцяя ж таямніца была вядомая да 13 мая 2000 г. толькі Святому Айцу. Менавіта ў гэты дзень на заканчэнне ўрачыстай св. Імшы, цэлебраванай пад кіраўніцтвам Яна Паўла II  у Фаціме, Сакратарыят Стану кардынал Анджэла Садана прачытаў на партугальскай мове наступныя словы: “Святы Айцец даручыў мне, каб я ў гэтую ўрачыстую нагоду, якой з’яўляецца яго візіт у Фаціму, перадаў вам наступнае. Як вы ведаеце, ён прыбыў у Фаціму, каб беатыфікаваць двух пастушкоў. Аднак ён жадае таксама надаць сваёй пілігрымцы значэнне новага акту ўдзячнасці да Маці Божай за Яе апеку, якой Яна ахінала яго ў мінулыя дні пантыфікату. Гэтая апека – як здаецца – звязана з так званай трэцяй часткай фацімскай “таямніцы”.
   (…) Фацімская візія датычыцца, перш за ўсё, барацьбы атэістычных сістэм супраць Касцёла і хрысціян, а таксама апісвае вялікія цярпенні сведкаў веры ў стагоддзі, якое завяршае другі міленіум. Гэта бясконцая крыжовая Дарога, якую вядуць папы другога стагоддзя.
   Паводле інтэрпрэтацыі саміх пастушкоў, паццверджанай таксама сястрой Луцыяй, “біскуп апрануты ў белае”, які маліўся за ўсіх вернікаў, гэта Папа. Таксама і ён, з цяжкасцю крочучы да крыжа сярод забітых пакутнікаў (біскупаў, святароў, сясцёр і братоў законных і шматлікіх свецкіх вернікаў), падае на зямлю як мёртвы, забіты выстраламі агнястрэлу.
   Пасля замаху 13 мая 1981 г. Святы Айцец моцна перакананы, што гэта “мацярынская далонь кіравала бегам гэтай кулі”, дзякуючы чаму “папа ў цяжкім стане” змог затрымацца на “парозе смерці” (“Ян Павел II у Фаціме, Тэцяя фацімская таямніца з каментаром Кангрэгацыі Навукі Веры”, Выдаўніцтва “М”, Кракаў 2000г., стар. 100-101).
   Хтосьці можа спытацца, чаму гэтыя дзве часткі былі адкрытыя раней? Адказ просты: таму што Бог з іх дапамогай хоча дапамагчы свету ў яго змаганні са злом.
   Пачнем з растлумачвання першай часткі таямніцы. Візія пекла павінна дапамагчы людзям усвядоміць “нязручнасць” грэшнага ўжывання часовых рэчаў… У гэтым месцы згадваецца вядомая “ўстанова Паскаля”, з дапамогай якой вядомы французкі вучоны даказваў неабходнасць кіравання ў жыцці маральным правам. Калі – разумеў Паскаль – існуе вечнае жыццё, куды чалавек можа трапіць, пазбягаючы граху і выбіраючы цяжкае дабро, то мудрэй будзе адмовіцца нават ад некалькіх дзесяткаў гадоў самых вялікіх прыемнасцяў, каб усю вечнасць радавацца шчасцю, чым карыстацца імі падчас жыцця на зямлі, а потым цярпець усю вечнасць. Абодва бакі гэтага прыкладу – тлумачыў яшчэ – непрапарцыянальныя, як колькасць часу, таксама і якасць шчасця, таму варта рызыкнуць і весці аскетычане жыццё нават тады, калі праўдападабенства існавання вечнасці было б невялікім…
   А што ж тады казаць пра несумненнасць гэтага паняцця, калі чалавеку было б досыць “доказу” існавання пекла! Бог даў нам гэты доказ, паказваючы дзецям месца вечнага асуджэння. Сэнс аб’яўлення першай фацімскай таямніцы бясспрэчны. Ён павінен стрымаць людзей перад злом, нават калі матывацыяй змены іх жыцця будзе страх перад пеклам, а не любоў да свайго Створцы і Збаўцы.
   Тым самым першая частка фацімскай таямніцы з’яўляецца заклікам, скіраваным да людзей, што знаходзяцца далёка ад Бога, да людзей згубленых, сумняваючыхся. Гэта заклік да “бедных грэшнікаў”, як называла іх тады Найсвяцейшая Маці. Марыя дае ім магчымасць апамятвацца. Яна прапаноўвае ім прааналізаваць сваю “ўстанову” і зысці са шляху зла.
      У сваю чаргу, у другой частцы фацімскай таямніцы ёсць заклік, скіраваны да прыхільнікаў Божай Маці. Гэта заклік да іх сэрц мець бескарыслівую любоў да Найсвяцейшай Панны Марыі, узнагароджваць Беззаганнаму Сэрцу Марыі за грахі, якімі людзі няспынна Яе абражаюць. Апрача гэтага, заклікае яна прыхільнікаў Марыі да таго, каб аказваць любоў грэшнікам, а значыцца наслядоўваць Маці Божую ў Яе асаблівым мацярынскім клопаце аб хворых дзецях, якім пагражае вечная смерць.

Другая фацімская таямніца і яе прыгатаванне

   У чарговых размовах фацімскіх дзяцей з Маці Божай відавочная як тэма граху і “бедных грэшнікаў”, так і заклік да таго, каб аказваць любоў Беззаганнаму Сэрцу Марыі і ўзнагараджаць за Яго знявагі. Гэтую тэму знаходзім ужо ў аб’яўленнях анёла, якія былі падрыхтоўкай да сустрэчы з Маці Божай. Нагадаем, што Анёл Супакою ў першай размове з дзецьмі, калі тлумачыў ім, чаму трэба казаць малітву “О мой Божа, веру ў Цябе…”, казаў: “Маліцеся так! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы”. Луцыя дадае свой каментар: “Гэтыя словы так запалі ў нашай памяці, што мы ўжо ніколі пра іх не забыліся”. Гэта першае ўзгадванне пра Сэрца Марыі, неразрыўна звязанае з Сэрцам Езуса. Запамятаем гэтую сувязь сэрцаў, яна будзе вельмі істотным элементам паслання, змешчанага ў набажэнстве першых суботаў.
   Вернемся да аб’яўленняў анёла. Падчас наступнай сустрэчы анёл яшчэ раз тлумачыць сэнс навучынай ім малітвы, зноў злучае разам Сэрцы Маці і Сына: “Маліцеся шмат! Найсвяцейшыя Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць аказаць міласэрнасць”. Трэба заўважыць, што падчас трэцяга (апошняга) аб’яўлення гэты ж самы анёл навучыў дзяцей іншай малітве, у якой былі словы: “Праз бязмерныя заслугі Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца прашу аб навяртанні бедных грэшнікаў”.  Тым самым анёл указаў дзецям на сувязь культу Сэрца Езуса і Марыі з ідэяй узнагароды – падставовай мэтай набажэнства першых суботаў.
   Істотныя элементы гэтага набажэнства былі перададзеныя ўжо ў чэрвені 1917г., а значыцца, што цікава, перад адкрыццём дзецям першай фацімскай таямніцы – перад вядомай візіяй пекла. Мала хто звяртае ўвагу на гэты элемент Марыйнай логікі, паводле якой Найсвяцейшая Маці кажа спачатку пра таямніцу, скіраваную да сваіх прыхільнікаў, таямніцы любові, і выразна дае зразумець, што “другая” фацімская таямніца мае першапачатковае значэнне, што менавіта для таго, каб перадаць яе і распаўсюджваць Луцыя павінна жыць шмат гадоў. (Зрэшты, гэтая частка таямніцы была аб’яўленая першай). Толькі пазней Марыя скажа, што яна адрасаваная да людзей абыякавых і тых, што не жывуць прагненнем яднання з Богам, і ў гэтай таямніцы матывацыя перамены жыцця - гэта страх перад асуджэннем. Падчас чэрвеньскага спаткання Маці Божая тлумачыць місію, даручаную Луцыі: “Ты, аднак, застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі пазналі мяне і палюбілі. Я б хацела, тлумачыць Яна, усталяваць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Хто яго прыме, таму я абяцаю збаўленне дзеля аздобы майго трону”. Дзяўчынку, якая перажывала, што застанецца адна, суцяшала: “Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну. Маё Беззаганнае Сэрца будзе твім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога”. Маці Божая Фацімская сказала так: “Я хачу выкарыстаць цябе, каб быць больш вядомай і любімай”.
   Потым надышла вядомая візія Беззаганнага Сэрца Марыі. “У хвіліну, калі Марыя казала гэтыя апошнія словы, Яна раскрыла свае далоні і, як успамінае с. Луцыя, перадала нам… водблеск гэтага бязмежнага святла… Гіяцынта і Францішак, здавалася, знаходзяцца ў той частцы святла, якое ўзносілася да неба, а я ў той, што разлівалася па зямлі”. У сваім так званым “Трэцім успаміне” с. Луцыя пракаментавала гэтую падзею наступным чынам: “Нам здавалася, што ў той дзень святло, перш за ўсё, павінна было ўзмацніць нас у пазнанні і асаблівай любові да Беззаганнага Сэрца Марыі… З таго дня, дадае с. Луцыя, мы адчувалі ў сэрцы больш гарачую любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі”.
   “Перад правай далонню Маці Божай, піша далей фацімская візіянерка, было Сэрца аплеценае цернямі, якія, здавалася прабівалі яго. Мы зразумелі, што гэта было Беззаганнае Сэрца Марыі, зняважанае грахамі чалавецтва, якое прагнула ўзнагароды”.
   Месяцам пазней, ужо пасля візіі пекла, Марыя спасылаецца на ўжо аб’яўленую ідэю набажэнства першых суботаў. Кажа: “Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў і як узнагароду за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”. А пасля ўжо згаданай вышэй візіі пекла і прадказання таго, што чакае чалавецтва, калі яно не паяднаецца з Богам, дадае: “У канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе”.
   Сувязь абедзвух вядомых нам частак фацімскай таямніцы вельмі выразная. Набажэнства першых суботаў павінна быць не толькі сродкам ушанавання Найсвяцейшай Маці і формай асабістага удасканальвання, але і плённым сродкам ратавання людзей ад вечнага асуджэння.
    Цалкам змест набажэнства першых суботаў быў перададзены с. Луцыі 10 снежня 1925 г. у кляштары ў Пантэвэдра. Фацімская візіянерка, ужо як законная сястра, мела чарговае аб’яўленне Маці Божай, якая тым разам прыйшла з Дзіцяткам Езус. Візія была вельмі асабістай і суправаджалася вельмі інтымнай атмасферай сяброўства і даверу; чытаем пра гэта ў напісаным с. Луцыяй тэксце,  што “Найсвяцейшая Панна Марыя паклала на плячо Луцыі сваю руку”. Менавіта тады “паказала цернем аплеценае Сэрца, якое трымала ў другой руцэ”, а Дзіцятка Езус сказала: “Спачувай разам з Сэрцам Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценым цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды павыцягваў гэтыя церні”.
   Езус просіць аб тым, каб зраўнаважыць зло дабром (а менавіта зрабіць большым дабро), знішчыць моц зла, якое ўбівае церні ў Сэрца Марыі, моцай дабра, якая зробіць так, што старыя церні будуць выцягнутыя, а новыя вострыя шыпы ніколі да крануцца Беззаганнага Сэрца Марыі. Менавіта такі сэнс узнагароды.
   Пасля слоў Дзіцяткі Езуса зноў пачала гаварыць Марыя: “Дачка мая, паглядзі, Сэрца маё аплеценае цернямі, якімі няўдзячныя людзі праз багахульствы і няўдзячнасць няспынна Яго раняць. Прынамсі ты імкніся Мяне суцешыць і перадай усім, што ў гадзіну смерці я абяцаю прыйсці на дапамогу з усімі патрэбнымі ласкамі да тых, што на працягу пяці месяцаў у першыя суботы паспавядаюцца, прымуць св. Камунію, памоляцца частку ружанца і пятнаццаць хвілін разважання над таямніцамі ружанца будуць суправаджаць Мяне ў інтэнцыі ўзнагароды”.
   Так, калі “людзі праз багахульствы і няўдзячнасць няспынна раняць” Беззаганнае Сэрца Марыі, трэба няспынна Яму ўзнагароджваць…
   Яшчэ раз Найсвяцейшая Маці ўказала на значэнне набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца. Гэта было падчас апошняга аб’яўлення с. Луцыі, якое адбылося ў гішпанскім кляштары ў Туі 13 чэрвеня 1929 г. У візіі, якую мела візіянерка, “пад правай перакладзінай крыжа стаяла Найсвяцейшая Панна Марыя. Была гэта Маці Божая Фацімская са сваім Беззаганным Сэрцам у левай руцэ, без мяча і ружаў, але з цярнёвай каронай і полымем… Маці Божая сказала мне: “Прыйшла хвіліна, калі Бог кліча Святога Айца, каб разам з біскупамі ўсяго свету ён прысвяціў Расію майму Беззаганнаму Сэрцу… Прыходжу, каб прасіць аб узнагародзе…”.
   Не маю намераў разумець планы Божага Провіду, але можна пакорна здагадвацца, што рэалізацыя абяцанняў Маці Божай Фацімскай залежыла ад двубоковага супрацоўніцтва Касцёла з Беззаганным Сэрца Марыі, якое павінна было даць магчымасць Богу выліць на свет ласкі, якія напаўняюць Сэрца Маці Божай. Першае вымярэнне – гэта дзеянні Святога Айца і біскупаў, а таксама касцёльнай іерархіі – яны павінны былі прысвяціць Расію Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Другое вымярэнне датычыцца вернікаў, усяго люду Божага, які павінен практыкваць набажэнства першых суботаў месяца, і такім чынам аказаць любоў і прагненне ўзнагароды Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Першая форма супрацоўніцтва была ўжо ўчыненая і ахвяраваная Богу. Ян Павел II у 1984 г. прысвяціў свет і Расію Беззаганнаму Сэрцу Марыі, што пацягнула за сабой абяцанае ў Фаціме падзенне камунізму. Другое вымярэнне супрацоўніцтва ўсё яшчэ перад намі… Пакуль свет не пачне жыць набажэнствам першых суботаў, мы не станем сведкамі трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі.