Набажэнства першых суботаў месяца

Вялікае Абяцанне
 
ФАЦІМА – 13.07.1917 – “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Бог хоча іх ўратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой.

   Я прыду, каб прасіць прысвячэння Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і ўзнагараджальнай св. Камуніі ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананыя, Расія навернецца і запануе супакой. Калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць па свеце сваю памылковую навуку, правакуючы войны і пераслед Касцёла. Справядлівыя будуць замучаныя, Айцец Святы будзе шмат цярпець. Розныя народы загінуць, у канцы Маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе.”

   Праз сем гадоў пасля заканчэння фацімскіх аб’яўленняў, Маці Божая дазволіла сястры Луцыі адкрыць змест другой часткі фацімскай таямніцы. Яе  прадметам было набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. 10 снежня 1925 г. Марыя аб’явілася Луцыі  з Дзіцяткам Езусам і паказала ёй сэрца, пранізанае цернямі.

   Дзіцятка сказала:

   “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, пранізанаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі зноў і зноў раняць яго, і няма нікога, хто б праз акт узнагароды гэтыя церні павыцягваў.”

   Марыя сказала:

   “Дачка мая, паглядзі, маё Сэрца пранізана цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна раняць багахульствамі і няўдзячнасцю. Прынамсі ты імкніся прыносіць мне радасць і аб’яві ад майго імя, што Я прыду ў гадзіну смерці з ласкамі патрэбнымі для збаўлення да ўсіх тых, хто на працягу першых пяці суботаў месяца паспавядаецца, прыме Святую Камунію, памоліцца адну частку Ружанца і пятнаццаць хвілін будзе разважаць са мною над пятнаццацю ружанцовымі таямніцамі, ахвяруючы гэта ў інтэнцыі ўзнагароды.”
 

Чаму менавіта "пяць суботаў" узнагараджальных, а не дзевяць ці сем, у гонар Маці Божай Балеснай?

   “Ноччу з 29 на 30 мая 1930 года, калі я частку ночы была ў капліцы з нашым Панам і размаўляла з Ім пра чацвертае і пятае пытанне, я нечакана адчула, як мной авалодала Божая прысутнасць. Калі не памыляюся, мне было аб’яўлена наступнае: «Дачка мая, матыў вельмі просты: ёсць пяць відаў зняваг і багахульстваў, якія абражаюць Беззаганнае Сэрца Марыі.
  1. Першае: Багахульствы супраць Яе Беззаганнага Зачацця.
  2.  Другое: Супраць Яе Дзявоцтва
  3. Трэцяе: Супраць Божага Мацярынства, калі Яе прызнаюць выключна як Маці чалавека.
  4. Чацвертае: Багахульствы тых, хто імкнецца адкрыта пасеяць у сэрцах  дзяцей абыякавасць, пагарду, а нават нянавісць да Беззаганнай  Маці.
  5. Пятае: Багахульствы тых, хто зневажае Яе беспасрэдна ў Яе святых абразах.
   Гэта, мая дарагая дачка, той матыў, які прымусіў Беззаганнае Сэрца Марыі прасіць Мяне аб гэтым маленькім акце ўзнагароды. Акрамя таго дзеля Яе Я хацеў узрушыць сваю міласэрнасць, каб прабачыць тым душам, якія мелі няшчасце Яе абразіць. Што датычыцца цябе, імкніся нястомна сваімі малітвамі і ахвярамі ўзрушыць Мяне да таго, каб Я аказаў гэтым бедным душам Сваю міласэрнасць.”
   Езус сказаў сястры Луцыі: “Гэта праўда, дачка мая, шмат душаў пачынае, але мала тых, хто скончвае, і тыя, хто скончвае, маюць за мэту атрымаць абяцаныя ласкі. Я, аднак, хачу тых, хто будзе абыходзіць пяць першых суботаў дзеля таго, каб узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу тваёй Нябеснай Маці, а не тых, што абыходзяць пятнаццаць бяздушна і абыякава.”
 

Умовы набажэнства першых суботаў – што патрэбна,
каб практыкаваць гэтае набажэнства?

    Умова 1
Споведзь у першую суботу месяца
   Люцыя прадставіла Езусу цяжкасці, якія некаторыя душы перажываюць са споведдзю ў першыя суботы месяца і прасіла, каб святая споведзь была важнай на працягу васьмі дзён. Езус адказаў: “Споведзь можа быць важнай і шмат даўжэй з ўмовай, што людзі будуць у стане ласцы, калі будуць прымаць Мяне і будуць мець намер узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу”.
   Паспавядацца можна, напрыклад у першую пятніцу месяца, памятаючы, аднак, пра ўзнагараджальнаую інтэнцыю Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
   Да споведзі неабходна прыступіць з інтэнцыяй узнагароды за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі. У наступныя першыя суботы можна прыступіць да споведзі ў інтэнцыі ўзнагароды адной з пяці зняваг, пра якія сказаў Езус. Можна абудзіць інтэнцыю падчас падрыхтоўкі да споведзі альбо падчас разграшэння.
   Перад споведдзю можна прачытаць наступную малітву:
Божа, прагну цяпер прыступіць да сакраманту святой споведзі, каб атрымаць прабачэнне ўчыненных грахоў, асабліва тых, якімі свядома або несвядома я прычыніў боль Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Няхай гэта споведзь выпрасіць Тваю Міласэрнасць для мяне, а таксама для бедных грэшнікаў, каб Беззаганнае Сэрца Марыі затрыюмфавала сярод нас.
   Можна таксама падчас адпушчэння грахоў сказаць наступны акт жалю:
Божа, будзь міласцівы да мяне грэшнага, асабліва за мае грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”.
 
Умова 2
Святая Камунія ў першую суботу месяца
   Пасля прыняцця Святой Камуніі трэба ўзбудзіць інтэнцыю ўзнагароды. Можна памаліцца наступнай малітвай:
Люблю Цябе, Езу, Валадару спрадвечнай Любові, і прымаю Цябе з любоўю як Караля майго сэрца.
Прашу Цябе, схавай мяне назаўсёды ў Тваім Боскім Сэрцы і прымі маё жыццё як падзяку за дар збаўлення, які ты ўдзяляеш мне праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі.
 О чулая Маці, прашу ў Цябе прабачэння за мае грахі, за грахі маёй сям’і, Айчыны і свету, якія раняць Тваё Беззаганнае Сэрца! Каб узнагародзіць Табе за ўсе вялікія пакуты, якія Ты церпішь з-за нас, няўдзячных дзяцей, ахвярую Табе бясконцую любоў Езуса, прысутнага у маім сэрцы.
 З любоўю аддаюся Твайму валадаранню, каб як найхутчэй затрыюмфавала Твае Беззаганнае Сэрца. Прытулак грэшных, маліся за нас!
або Малітву Анёла:
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
 Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе, не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.
 У найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў, Душу і Боскасць Езуса Хрыста, прысутнага на алтарах усяго свету як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.
 Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.
 
Умова 3
Узнагараджальны ружанец
у першую суботу месяца
   Спачатку трэба ўзбудзіць узнагароджваючую інтэнцыю, сказаць Найсвяейшай Маці, што мы будзем маліцца, каб ратаваць грэшнікаў і пацвердзіць любоў да сваёй Маці. Калі мы молімся асобна, паспрабуем зрабіць гэта сваімі словамі. Калі мы молімся ружанец у супольнасці, можна прачытаць наступную малітву:
Каралева Ружанца Святога, вось мы становімся на калені для малітвы, каб у першую суботу памаліцца ружанец, аб якім Ты прасіла. Хочам з яго дапамогай узнагародзіць за свае грахі, за грахі нашых блізкіх, нашай Айчыны і ўсяго свету. Хочам маліцца асабліва за тых, што найбольш адышлі ад Бога і найбольш патрабуюць Яго міласэрнасці. Дапамажы нам ласкай, каб мы памяталі пра гэтую інтэнцыю, якую Ты вызначыла. Дапамажы нам узнгароджваць нашым ружанцам за цярпеніі Твайго Беззаганнага Сэрца і Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
   Пасля кожнай таямніцы трэба памаліцца Малітвай Анёла з Фацімы.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба, дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая Міласэрнасць.
 
Умова 4
Пятнаццаціхвілёвае разважанне над ружанцовымі таямніцамі ў першую суботу месяца
   Маецца на ўвазе пятнаццаць хвілін разважання на дакладна вызначаную небам тэму: нам трэба разважаць над еднай (альбо некалькімі) з таямніцаў ружанца. Мы можам самі выбраць таямніцу, а таксама можам разважаць над новымі таямніцамі: таямніцамі святла.
   Узбудзім узнагараджальную інтэнцыю за грэшнікаў, якія не хочуць слухаць Найсвяцейшую Маці і быць Яе дзецьмі, якія выказваюць Ёй сваю абыякавасць, а нават Яе ненавідзяць і шмат робяць дзеля таго, каб паменшыць Яе хвалу. Можам з гэтай мэтай прачытаць наступную малітву:
 Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! Я з радасцю прымаю Тваё запрашэнне да ўдзелу ў Тваім разважанні. У першыя суботы Ты адкрываеш Сваё Беззаганае Сэрца для кожнага, хто жадае ўліць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог даў нам у Фаціме. Прашу, адкрый перада мной Сваё Сэрца. Я асмельваюся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай і з дзіцячай прастатой, бо я хачу Цябе наслядоўваць, бо я хачу жыць любоўю да Твайго Сына, бо прагну заўсёды быць у стане ласкі і любіць Твой Святы Ружанец, і нарэшце – бо прагну ўсяго, што толькі магу ахвяраваць у духу ўзнагароды за бедных грэшнікаў. Дазволь мне ўдзельічаць у Тваім разважанні, а я абяцаю выканаць у жыцці Слова, якое Ты ўвальеш у маё малое сэрца, каб яно станавілася ўсё больш любым Табе, больш падобным да Твайго Беззаганага Сэрца. Амэн.
 
4. А КАЛІ НЕХТА НЕ МОЖА ВЫКАНАЦЬ
ГЭТЫХ УМОЎ У СУБОТУ, ЦІ МОЖА ЗРАБІЦЬ ГЭТА
Ў НЯДЗЕЛЮ?
 
   Сястра Луцыя адказала: “Практыкаванне гэтага набажэнства ў нядзелю пасля першай суботы будзе таксама прынятае, калі мае святары па сур’ёзным прычынам дазволяць гэта душам”.
 
5. ПРЫВІЛЕІ: ЯКІЯ ЛАСКІ БЫЛІ АБЯЦАНЫЯ ТЫМ,
ХТО ХОЦЬ АДЗІН РАЗ ІХ ВЫКАНАЕ?
 
   “Душам, якія такім чынам імкнуцца мне ўзнагародзіць, кажа Найсвяцейшая Маці, я абяцаю суправаджаць іх у хвіліну смерці з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення”.
6. УЗНАГАРАДЖАЛЬНАЯ ІНТЭНЦЫЯ
   Пра тое, наколькі важная ўзнагараджальная інтэнцыя, нагадвае нам сам Езус, калі кажа сястры Луцыі, што вартасць набажэнства залежыць ад таго, ці людзі маюць намер узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Таму сястра Луцыя распачынае свае нататкі заўвагай: “Не забыцца пра інтэнцыю ўзнагароды, якая з’яўляецца вельмі важным элементам першых  суботаў”.
 
7. УМОВЫ САПРАЎДЫ ПРОСТЫЯ,
АЛЕ ЦІ ЯНЫ ВЫКОНВАЮЦЦА?
 
   “Калі будзе зроблена тое, што я вам кажу, шмат душаў будзе ўратавана, у свеце запануе супакой. Вайна скончыцца”, кажа  Марыя. Таму трэба зрабіць тое, аб чым просіць Неба. Калі просьба датычыцца чатырох ўмоў, то трэба выканаць усе чатыры, а не толькі нейкія выбраныя. Калі гаворка ідзе пра інтэнцыю ўзнагароды Беззаганнаму Сэрцу Марыі, то менавіта такая інтэнцыя павінна нам спадарожнічаць на працягу набажэнства першых суботаў месца. Маці Божая просіць аб тым, каб мы разважалі з Ёй 15 хвілін над таямніцамі ружанцовымі, таму не забываемся пра хвіліну медытацыі, тэмы якой добры вызначаныя і няма тут ніякай адвольнасці. Марыя просіць не толькі аб ружанцы, але таксама аб разважанні, таму трэба звярнуць увагу на тое, што разважанне падчас ружанца гэта не разважанне над таямніцамі ружанцовымі. Гэтая хвіліна медытацыі, незалежная ад ружанцовай малітвы, вельмі істотная і з’яўляецца вялікім заклікам для кожнага з нас.
 

Ці набажэнства першых суботаў месяца сёння ячшэ актуальнае?

       Бенэдыкт XVI адказвае: “Памыляўся б той, хто думаў бы, што прарочая місія Фацімы скончылася. У гэтым сэнсе пасланне не скончылася, хоць і зніклі абедзьве дыктатуры. Працягваецца цярпенне Касцёла і працягваецца пагроза чалавецтву, а таму мы не перастаем шукаць адказу; чаму ўсё яшчэ застаецца актуальным знак, які дае нам Марыя. Таксама ў цяперашняй небяспецы, калі сілы зла ў розных формах пагражаюць знішчэннем веры. Таксама і цяпер нам неабходны гэты адказ, які Маці Божая дала сваім дзецям”.
   Да сённяшняга дня застаюцца актуальнымі словы сястры Луцыі: “Найсвяцейшая Марыя Панна абяцала адкласці біч вайны на пазней, калі гэтае набажэнства будзе практыкаванае і распаўсюджанае. Можам заўважыць, што адкладвае Яна гэтую кару адносна намаганняў, якія будуць учыненыя дзеля таго, каб яго распаўсюдзіць. Баюся аднак, што мы маглі зрабіць больш, чым робім, і што Бог менш, чым задаволены, можа ўзняць руку Сваёй міласэрнасці і дазволіць, каб гэты свет быў знішчаны гэтым ачышчэннем. І ніколі не было яно такім страшным, страшным”. Набажэнства першых суботаў месяца ўсё яшчэ з’яўляецца заклікам для Касцёла і для кожнага з нас; мы і далей можам сцвярджаць, што мы маглі зрабіць больш, каб яно было вядомым і практыкаваным.
   Нараджаецца аднак пытанне: навошта нам сёння гэтае набажэнства? Не забываемся аднак, што гэта Бог жадае ўсталяваць у свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Таму Сам Створца Неба і Зямлі працягвае чалавеку дапаможную далонь праз Марыю, а гэта цалкам мяняе сутнасць рэчаў. Сястра Луцыя з вялікай прастатой вучыць усіх, хто сумняваецца ў  сэнсе гэтага набажэнства, што Бог гэта Айцец, і Ён лепш за нас разумее патрэбы сваіх дзяцей, і жадае зрабіць больш простай дарогу да Сябе.
   Успамін пра гэтае набажэнства ў той час, калі трывае Вялікая Фацімская Навэнна, мае асаблівы сэнс. Яно з’яўляецца сутнасцю паслання Маці Божай і заклікам, скіраваным да кожнага з нас. Калі мы гаворым пра фацімскую пабожнасць, то не можам прыраўняць яго толькі да 13 дня кожнага месяца ад траўня да кастрычніка. Фаціма заклікае да набажэнства першых суботаў месяца. Мы не выканаем фацімскага пасланя, калі не будзем узнагароджваць Сэрцу Марыі ў першыя суботы.
   Да сённяшняга дня застаецца актуальным нагадванне кс. бп. Станіслава Чайкі ў 1948 г. “Яснагорскае прысвячэнне польскага народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі было найцудоўнейшым актам ушанавання Багародзіцы Польшчай. Падобнай дэманстрацыі, падобных натоўпаў Ясная Гара ніколі да гэтага не бачыла.
   Сама Найсвяцейшая Маці выказала ў Фаціме жаданне аб прысвячэнні свету Яе Беззаганнаму Сэрцу. Але адным сказам Яна выказала таксама жаданне святой узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы месяца.”
 

КАЛІ ТЫ ЛЮБІШ МАРЫЮ – ПАДУМАЙ!

       Да сённяшняга дня няма паўсюднага адказу на другую частку просьбы Марыі, ў якой ідзе гаворка аб узнагародзе ў першыя суботы месяца.
   Набліжаецца стогадовы юбілей Фацімскіх аб’яўленняў; а таму прыйшоў час аб’яднаць сілы і разам чынам адказаць на заклік Марыі. Трэба, каб мы ўсе аб’ядналіся ў першыя суботы, каб праз святую споведзь, святую Камунію, ружанец і медытацыю узнагароджваць збалеламу Сэрцу нашай Маці.
   Будзьма ўсе разам пры Беззаганным Сэрцы ў першыя суботы; мабілізуйма адзін аднаго, каб у першую чаргу рабіць тое, чаго ад нас чакае Бог.