2.05.2025

Першая субота чэрвеня

  Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

 ПЕРШАЯ СУБОТА ЧЭРВЕНЯ

ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ

Устанаўленне Эўхарыстыі 


   Маці, вось я!

Я побач з Тваім Сэрцам – Маці Езуса і мая Маці. Дзякую Табе за запрашэнне і за тое, што Ты паказваеш мне шлях надзеі, за тое, што ў гэты дзень я маю доступ да Твайго Беззаганнага Сэрца. Адказваючы на Тваю просьбу, я вырушаю шляхам ружанцовых таямніцаў, каб разважаць над іх зместам, лепш пазнаваць Цябе і Езуса. Сёння я іду разам з вучнямі туды, дзе Езус жадае разам з імі спажываць Пасху.

Евангелле Мацвея пераносіць нас у тое месца і дазваляе ўдзельнічаць у гэтай незвычайна важнай падзеі: “Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі пасху.  Калі ж настаў вечар, Ён сеў за стол з Дванаццаццю.  А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?»  А Ён адказаў: «Хто апусціў  са  Мною  руку  ў  місу,  той  выдасць  Мяне.  Сапраўды,  Сын  Чалавечы адыходзіць,  як  напісана  пра  Яго,  але  гора  таму  чалавеку,  які  выдае  Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца». Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў». Калі  яны  елі,  Езус  узяў  хлеб,  благаславіў,  паламаў  і,  даўшы  вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў. Кажу вам, што адгэтуль не буду піць  ад  гэтага  вінаграднага  плоду  аж  да  таго  дня,  калі  буду  піць  яго  з  вамі новым у Валадарстве Айца Майго». І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару. Тады Езус сказаў ім: «Вы  ўсе  зняверыцеся  ўва  Мне  ў  гэтую  ноч,  бо  напісана:  “Удару  пастыра,  і рассеюцца  авечкі  статку”.  А  пасля  ўваскрасення  Майго  Я  апярэджу  вас  у Галілеі». А  Пётр  сказаў  Яму  ў  адказ:  «Калі  нават  усе  зняверацца  ў  Табе, я ніколі не зняверуся». Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні” (Мц 26, 19-35).

Езус ідзе ў Ерузалем. Яго мука, смерць і ўваскрасенне не з’яўляюцца таямніцай. Ён кажа пра гэта адкрыта, хоць гэта вельмі цяжкія словы. Ён кажа, што Яго Цела і Кроў павінны стаць ежай; той, хто будзе спажываць Яго Цела і Кроў, будзе мець жыццё вечнае. Гэта значыць, мы набліжаемся да вельмі істотных падзеяў. Езус і раней указваў на гэта. У Бэтаніі ў доме Лазара Ён быў намашчаны Марыяй на ўласнае пахаванне, і было гэта за шэсць дзён да Пасхі. Як Маці, якая верна захоўвала ўсе гэтыя ўспаміны ў сваім Сэрцы, Ты напэўна прадчувала надыход гэтай хвіліны. Мы не ведаем, як выглядала ваша апошняя сустрэча і развітанне, аднак, напэўна гэта была хвіліна вашай асабістай размовы. Ці магла яна выглядаць так:

“У Езуса з Найсвяцейшай Маці была асабістая размова (…). Ён казаў, што для прыгатавання Пасхі Ён паслаў у Ерузалем Пятра, увасабленне веры, і апостала Яна, увасабленне любові. Пра Магдалену, якая апошні час не знаходзіла сабе месца з-за глыбокага смутку, Ён сказаў: “Яна вельмі моцна любіць, але яе любоў яшчэ не вызвалілася ад цялесных путаў, а таму ёй будзе вельмі цяжка перажываць маю пакуту”. Ён узгадаў таксама здрадныя планы Юды, а добрая Маці Божая яшчэ заступалася за яго. Даведаўшыся ад Езуса пра тое, што Яго чакае ў бліжэйшы час, Найсвяцейшая Панна прасіла, каб Яна магла памерці разам з Ім. Аднак, Езус папрасіў Яе, каб Яна больш спакойна перажывала, чым іншыя жанчыны, а таксама сказаў, што ўваскрэсне праз тры дні і, куды да Яе прыйдзе. Цяпер Найсвяцейшая Панна супакоілася; ужо не плакала так моцна, але на Яе твары быў бязмежны смутак і ўзрушваючы да глыбіні боль. Як добры і ўдзячны Сын, Езус падзякаваў Ёй за ўсю Яе любоў, абняў Яе на развітанне правай рукой і чула прытуліў да сэрца. Ён абяцаў Ёй, што духоўна будзе спажываць разам з Ёй апошнюю вячэру і нават сказаў гадзіну, калі Яна стане яе ўдзельніцай. З усімі Езус развітваўся вельмі чула і пры гэтым навучаў да апошняй хвіліны” (бл. Ганна Кацярына Эммерых).

Маці, незалежна ад таго, наколькі Ты ведала будучыя падзеі і ўяўляла Сабе іх ход і тое, што адбудзецца ў Ерузалеме, Ты, напэўна, як Маці адчувала боль у сваім сэрцы. Якая маці, нават, калі і пагадзілася з непазбежнай смерцю хворага дзіцяці, можа быць абыякавай у гэтай сітуацыі. Аднак, перш чым надыйдзе хвіліна прынесці сапраўдную ахвяру на крыжы, Езус прагне быць толькі з вучнямі. Ці повязі крыві не значаць больш за адносіны: настаўнік і вучань? Зноў, Маці, не дазволена Табе быць да канца побач з уласным Сынам у такі важны момант. Ты павінна была развітацца з Ім раней, а цяпер чакаць ўсё тое, пра што было сказана раней. Аднак, Езус сваімі паводзінамі падрыхтаваў Цябе да гэтай хвіліны, хоцьбы тады, калі праз тры дні разам з Юзафам Ты знайшла Яго ў святыні. Яго адказ, які параніў Тваё Сэрца, адначасова навучаў, што справы Айца для Яго найважнейшыя. І менавіта гэта адбываецца і цяпер.

Евангелле нічога не кажа пра Цябе, Маці, у хвіліну, калі Езус спажывае Пасху са сваімі вучнямі. Ты не прысутнічаеш цялесна, але напэўна прысутнічаеш духам, прысутнічаеш у Сэрцы свайго Сына. Прысутная вельмі незвычайным і дзіўным спосабам – духам і ласкай. Так нам пра гэта нагадвае с. Луцыя: “Вось бяру ў рукі Евангелле і бачу, што з самага пачатку Езус Хрыстус з’яднаў са сваёй збаўчай справай Беззаганнае Сэрца Той, якую абраў на сваю Маці. Справа нашага адкуплення пачалася ў хвіліну, калі Слова спусцілася з неба на зямлю, каб прыняць людское цела ва ўлонні Марыі. З гэтай хвіліны дзевяць месяцаў кроў Хрыста была крывёй Марыі, выплываючай з крыніцы Яе Беззаганнага Сэрца, а ўдары Сэрца Хрыста злучаліся з ударамі Сэрца Марыі. І гэта цела, атрыманае ад Марыі, сталася ў Хрысце ахвярай для збаўлення людзей; гэта кроў, атрыманая ад Марыі, пульсавала ў жылах Езуса і выплыла з Яго Божага Сэрца; менавіта гэта цела і гэта кроў, атрыманыя ад Марыі, былі нам дадзеныя як кансэкраваныя хлеб і віно як штодзённая ежа для ўзмацнення ў нас жыцця ласкі”.

Твой Сын устанаўлівае сакрамэнт незвычайнай прысутнасці сярод нас; прысутнасці ў выглядзе хлеба і віна, але ў сапраўднай прысутнасці свайго Цела і Крыві. А таму, хоць і няма Цябе, Маці, ў Вячэрніку, можна ўсё ж такі сказаць, што там прысутнічае нейкая частка Цябе. Гэта Езус прыходзіць у свет праз Тваё fiat, прымае Цела ў Тваім улонні, а таму, калі становіцца прысутным у сваім Целе і Крыві ў Эўхарыстыі, Ты, Маці, нейкім чынам таксама прысутнічаеш, хоць гэтага не можа зразумець наш розум. Дзякуючы Табе, Маці, я таксама магу думкай і сэрцам удзельнічаць у таямніцах. Узгадваю сабе сцэну звеставання. Вось Ты народзіш Сына Божага. Чалавек народзіць Бога, Дзева, без удзелу мужчыны, народзіць Дзіця; ці можна ўсё гэта ахапіць людскім розумам? Калі, аднак, ёсць воля Божая, калі так кажа Бог, то ці можна не сказаць fiat? Але гэта не вырашае нашых дылемаў, паўстаючых цяжкасцяў, не адказвае на вялікую колькасць пытанняў, якія нараджаюцца ў гэтую ж хвіліну. Даверыцца Богу і сказаць “так”, згадзіцца на Яго волю, гэта не пазбаўляе нас ад праяўленняў нашай натуры. Ці ў такія хвіліны мы не адчуваем у поўні рысы нашага характару, абуджаючыхся пачуццяў і эмоцый? Вось Бог выбраў Цябе на Маці свайго Сына, каб Ён склаў ахвяру Цела і Крыві за нашыя грахі. Гэта адбываецца дзякуючы Тваёй згодзе, а цяпер Ты не можаш прымаць удзел у гэтай падзеі, якая адбываецца бескрывавым чынам. Ты была абраная, насіла ў Сэрцы сваю таямніцу, а цяпер павінна стаяць з боку. Я разумею, Маці, што быць пакорным і паслухмяным, гэта азначае таксама перажываць хвіліны, якія дапамагаюць заззяць гэтым цнотам.

Маці, што адбываецца ў Тваім Беззаганным Сэрцы? Як я магу Цябе суцешыць, спачуваць, каб Ты атрымала палёгку ў цярпенні? Я ўглядаюся праз Евангелле ў Вячэрнік і задумваюся, ці Тваё Беззаганнае Сэрца не адчувае трывогі і цярпення, узгадваючы ў гэтую хвіліну нараджэнне Езуса ў Бэтлееме? Бог, чаканы і абяцаны на працягу стагоддзяў, прыходзіць на свет, і ніхто Яго не чакае, не робіць для Яго месца, не разумее падзеяў, якія адбыліся. Спосаб прыходу Бога на свет цалкам адрозніваўся ад людскіх уяўленняў. А цяпер, калі Ён устанаўлівае сакрамэнт Эўхарыстыі, ці нехта будзе Яго чакаць, разумець? Як жа адрозніваецца кіраванне Божага Провіду ад людской логікі. Ці такая думка, што ўмовы з Бэтлеему могуць паўтарыцца, што Бог не знойдзе для сябе месца, не напаўняе сумневамі і болем Тваё Беззаганнае Сэрца? Ці нехта зразумее, засумуе без Яго прысутнасці, ня лёгкай, каб яе прыняць, згадзіцца, ушанаваць?

Маці, дзякуючы Твайму “так” Бог стаў прысутным як Чалавек сярод нас. Ён і далей прагне, пасля сваёй смерці і ўваскрасення быць з намі да сканчэння свету. Я паволі пачынаю разумець, Беззаганная, што калі я прагну Цябе суцешыць, я павінен усім сэрцам адкрыцца на дар Эўхарыстыі, дар прысутнасці Твайго Сына ў выглядзе хлеба і віна. Я не магу дазволіць, каб Езус, як гэта было ў Бэтлееме, шукаў і не знайшоў адкрытага сэрца. Вось Эўхарыстыя, якая з’яўляецца бескрывавай ахвярай Цела і Крыві Езуса за нашыя грахі, самы вялікі дар Бога для чалавека. Я веру, Маці, што калі я буду жадаць Эўхарыстыі, калі буду прымаць з верай і любоўю святую Камунію, тады я напэўна суцешу Тваё Беззаганнае Сэрца. Ave Maria! 

 

РУЖАНЕЦ
(з разважаннямі св. Яна Паўла ІІ)

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА 


Хрост Езуса ў Ярдане 

   Першай фацімскай таямніцай “была візія пекла”, піша сястра Луцыя. “Нашая Спадарыня паказала нам мора агню, якое, здавалася, знаходзілася ў глыбіні зямлі. Мы бачылі ў гэтым моры дэманаў і душы, якія былі празрыстымі ценямі альбо смажанымі вугалькамі ў чалавечай постаці. Яны былі ўзношаныя полымем, якое выходзіла з іх разам з клубамі дыму. Яны ляцелі ва ўсе бакі, як іскры падчас вялікіх пажараў, лёгкія, не прыцягальныя, сярод балеснага вою і роспачнага крыку. Бачучы іх, можна было памерці са страху”.

   Ці таямніца хросту Езуса ў Ярдане не кажа нам ясна пра існаванне граху і патрэбу вызвалення ад яго? Інакш чакае нас пекла…

   Молімся разам, каб мы прынялі сэрцам заклік Маці Божай Фацімскай і разважаючы пра грэх і яго наступствы, захацелі жыць згодна з ласкай хросту, у еднасці з Панам і паслухмянасці Яго навуцы. 

Цуд у Кане Галілейскай 

   Другая фацімская таямніца кажа нам пра Беззаганнае Сэрца Марыі як пра ратунак для свету. Найсвяцейшая Маці сказала: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана, у свеце запануе супакой. Вайна скончыцца. Але, калі вы не перастанеце абражаць Бога…” – тут Найсвяцейшая Маці пачынае маляваць перад намі войны, голад, пераследванні.

   Ці таямніца аб’яўлення Езуса ў Кане Галілейскай не паказвае блаславёныя наступствы паслухмянасці Марыі? Ці і мы, як слугі вясельныя, не павінны выслухаць Яе просьбы і пажаданні? А просіць Яна так няшмат. Тады сказала: “Напоўніце збаны вадой”, і слугі напоўнілі іх аж да поўна. Сёння Яна кажа: “Я жадаю прысвячэння Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і ахвяравання св. Камуніі ў першыя суботы дзеля ўзнагароды”

   Найсвяцейшая Маці, дапамажы кожнаму з нас выканаць Твае жаданні! Дапамажы нам нястомна жыць актам прысвячэння Расіі і свету Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Дапамажы нам з’яднацца са Святым Айцом, які жыве прысвячэннем Табе. Выпрасі нам таксама ласку руплівасці, каб мы верна практыкавалі ўзнагараджальнае набажэнства ў першыя суботы месяца. 

Абвяшчэнне Божага Валадарства 

   Трэццяя фацімская таямніца паказвае шляхі сучаснага Касцёла, якія вызначаюцца перш за ўсё трохразовым заклікам да навяртання і пакуты: “Анёл, паказваючы правай рукой у бок зямлі, сказаў моцным голасам: “Пакута, пакута, пакута!”. Менавіта тады ў візіі з’яўляецца нешта падобнае да людзей у люстэрку, калі праходзіш каля яго”. Фацімскія дзеці ўбачылі ўсю паству Касцёла на чале са Святым Айцом, біскупамі, святарамі, асобамі законнымі і свецкімі. Гэтая візія кажа пра цярпенне і смерць. Ці Езус не казаў, навучаючы на зямлі Палестынскай: “Калі не навернецеся, усе загінеце падобным чынам”? Толькі сапраўднае прыняцце закліку да пакуты можа накіраваць свет і нас саміх у кірунку Божага парадку і супакою.

   Найсвяцейшая Маці, дапамажы нам адказаць на заклік Езуса да навяртання, каб мы змянілі аб’яўленыя Табой прадказанні і не дапусцілі іх здзяйснення. Няхай нашае жыццё ў вырачэнні і пакуце паспрыяе паглыбленню таго, што мы ўжо бачым: не здзяйсненне грозных прадказанняў, якія з’яўляюцца ўмоўнымі, і залежаць ад нашага навяртання і прыняцця ў нашыя сэрцы Божага Валадарства. 

Перамяненне на Гары Табор 

   У фацімскай таямніцы нам даецца абяцанне: “У канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе”. З тугой мы чакаем здзяйснення фацімскага абяцання. “Маё Беззаганнае Сэрца пераможа”. Што гэта азначае? Сэрца адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмпляцыяй Бога, мацнейшае за карабіны і іншую зброю. “FIAT”, сказанае Марыяй, гэтае слова Яе Сэрца, змяніла ход гісторыі свету, таму што Яна дала гэтаму свету Збаўцу; таму што, дзякуючы Яе “так” Бог змог стаць чалавекам у нашым свеце і застаецца ім заўсёды”.

   Мы ведаем, што абяцаны ў Фаціме трыюмф будзе плёнам культу Беззаганнага Сэрца Марыі. Азначае гэта набліжэнне да такой паставы сэрца, у якой “fiat” – “будзь воля твая” – становіцца цэнтрам, фармуючым чалавечае існаванне.

   Ці таямніца перамянення на гары Табор не абяцае перамогі Бога над моцай зла і цярпення? Ці абяцанне Маці Божай Фацімскай не з’яўляецца дзеля нас “Таворам нашага стагоддзя”, якое дае прадчуванне перамогі, яе абяцанне і яе гарантыю?

   Найсвяцейшая Маці, дапамажы нам наследаваць Тваё Беззаганнае Сэрца, каб мы маглі навучыцца жыць штодня Тваім верным “fiat” і спрыяць хуткаму надыходу трыюмфу Твайго Найчысцейшага Сэрца. 

Устанаўленне Эўхарыстыі 

   У апошніх словах фацімскай таямніцы мы можам заўважыць, што “сатана мае моц над светам. Мы бачым гэта і няспынна гэта адчуваем. Ён мае моц, бо нашая вольнасць дазваляе аддаляцца ад Бога. З таго моманту, як Бог мае людзкое сэрца, Ён скіраваў вольнасць чалавека да дабра, да Бога; воля рабіць зло ўжо не мае апошняга слова”.

   Таямніца Апошняй Вячэры адкрывае прысутнасць сатаны і моц яго ўздзеяння. Эўхарыстычны стол, аб’яўленне бязмежнай любові Бога, становіцца адначасова месцам здрады і граху. У Юду ж, як мы чытаем у Евангеллі, уваходзіць шатан. І хоць д’ябал мог стаць у самым сэрцы таямніцы Божай любові і міласэрнасці, ён не змог аднак перамагчы Езуса. Бог нават выкарыстаў яго, каб зрабіць яшчэ больш дабра!

   “З таго моманту набіраюць моцы словы: “У свеце спазнаеце шмат смутку, але адвагі: Я перамог свет!” (пар. Ян 16, 33). Пасланне Фацімы заклікае нас да таго, каб мы паверылі гэтаму абяцанню” (5, стар. 44), якое становіцца прысутным дзеля нас у кожнай літургіі Святой Імшы і ў кожнай адарацыі Езуса, схаванага ў знаку хлеба і віна.

   Найсвяцейшая Маці, выпрасі нам ласку ўмець стаяць на баку дабра, на баку Бога, і адкідваць нават найменшае зло. Дапамажы нам зразумець што сілы да барацьбы за злом мы можам чарпаць у Эўхарыстыі, сакрамэньце пераможнай любові Бога.


Перакладзена з польскай мовы.
"Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, 
Maryi, naszych." Sekretariat Fatimski 2016.
"Modlitewnik serca", Sekretariat Fatimski 2009.