Навэнна перад гадзінай цуду

НАВЭННА ПЕРАД ГАДЗІНАЙ ЦУДУ

Прамінаюць людзі і валадары гэтага свету…
але канчатковая перамога належыць Богу,
а Яго перамога гэта засўсёды трыюмф
міласэрнасці і супакою.

Ян Павел ІІ

   У 2017 годзе выпадае стогадовы юбілей фацімскіх аб’яўленняў. Гэтая надзвычайная інтэрвенцыя, што адбылася ў Партугаліі ў 1917 г. да сённяшняга дня прыцягвае ўвагу соцен мільёнаў людзей па ўсім свеце. Хоць пасля аб’яўленняў у Фаціме было ячшэ шмат іншых сустрэч Найсвяцейшай Маці з абранымі Ёй асобамі, хоць Яе пасланні абвяшчаліся на ўсіх кантынентах, а некалькі з гэтых марыйных аб’яўленняў Касцёл прызнаў сапраўднымі, Фаціма аднак не была спіхнутая на апошні план. Новыя аб’яўленні аказваюцца толькі “ўзмацненнем” фацімскага голасу і “нагадваннем” Яе паслання 1917 г. у Даліне Супакою. Яны нагадваюць пра пасланне, якое – інакш, чым іншыя вядомыя ў гісторыі – не належыць мінуламу, а кажа нам пра нашае сёння і заўтра, нават больш: кажа ўсё больш і ўсё грамчэй. Нагадаем: толькі ў 1942 годзе мы бліжэй пазналі змест фацімскіх аб’яўленняў і дзве часткі фацімскай таямніцы; менавіта тады сястра Луцыя напісала свае першыя ўспаміны. Толькі ў 2000 годзе мы даведаліся пра трэцюю, апошнюю частку таямніцы Фацімы. Толькі ў 2007 годзе мы даведаліся пра так званае сёмае аб’яўленне і ўбачылі першую старонку дзённіка сястры Луцыі. Толькі ў год смерці візіянеркі мы даведаліся пра цалкам новую інтэрпрэтацыю фацімскага паслання… Аказваецца, што яно з’яўляецца адзінай надзеяй пазбегнуць часу ачышчаючага апакаліпсісу…
   Нічога дзіўнага, што Фаціма настолькі каштоўная – не толькі для саміх каталікоў. Мы ведаем, што было ў ім схавана нейкае незразумелае прароцтва пра вызнаўцаў ісламу, што ідзе гаворка пра шкодную небяспечную дзейнасць масонаў. “Фаціма – карона аб’яўленняў”? Так, гэтыя аб’яўленні Ян Павел ІІ лічыў найважнейшымі ў гісторыі. Папа паляк жыў для Фацімы! Гэта ён шмат разоў падкрэсліваў, што фацімскае “або – або” (трыюмф дабра – перамога зла) да сённяшняга дня не страціла сваёй актуальнасці. І… што ўсё ў нашых руках.
   Мы маем права чакаць, што ўрачысасці, звязаныя з гадавінай гэтых аб’яўленняў, будуць часам асаблівай ласкі. Тысячы людзей рыхтуюць духоўны грунт на гэтыя юбілейныя хвіліны. Яны будуюць час ласкі на 2017 год перш за ўсё сваім удзелам у Вялікай Фацімскай Навэнне.
   Гэта адказ на шматлікія знакі часу, якія дае нам Бог. Узгадаем першы з іх: сама Фаціма распачалася навэннай!
   Перад пачаткам аб’яўленняў у 1917 г папа Бенядзікт XV запрасіў увесь Касцёл да навэнны ў інтэнцыі супакою ў свеце. Быў гэта час першай сусветнай вайны, калі ніводны з кіраўнікоў гэтага свету не жадаў яе скончыць і ніводны з іх не слухаў закліку папы аб супакоі. Паколькі зямныя валадары засталіся абыякавымі да прапановы папы, той вырашыў, што надышоў час звярнуцца толькі да самога Бога. Бенэдыкт XV верыў, што Валадар Неба не адвернецца ад яго просьбаў. Не жадалі яго слухаць каралі і прэзідэнты, але ён будзе выслуханы Небам. Святы Айцец папрасіў вызнаўцаў Хрыста стукаць да брамаў Неба, просячы аб дары супакою. Свой малітоўны заклік ён скіраваў да Бога праз Найсвяцейшую Маці. І не памыліўся. У апошні дзень навэнны, які выпадаў у 13 мая 1917 г., сама Божая Маці прыйшла на зямлю, каб паказаць свету шлях да супакою. Яна абвясціла: “Маліцеся на ружанцы, каб выпрасіць супакой для свету”.
   Праз некалькі гадоў, 13 мая 2017 г., міне цэлае стагоддзе з той хвіліны, як быў выслуханы Небам папа Бенэдыкт XV і на зямлю прыйшла Маці Божая Фацімская. Набліжаецца стогадовы юбілей фацімскіх аб’яўленняў. Ці не варта распачаць у Касцёле новую навэнну, заклікаючую чарговы цуд з неба? Вялікую Навэнну, якая магла б выпрасіць яшчэ большы цуд, чым той, што Бог даў праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Маці ў Фаціме. […]
   Ці не можам мы верыць, што і ў гэты раз неба адкажа на наш заклік і, як верыла сястра Луцыя, на нашых вачах выканаюцца вялікія абяцанні Фацімы: у свет прыйдзе супакой, чалавецтва вернецца да Бога, а Беззаганнае Сэрца Марыі станецца крыніцай ласкаў, якія затопяць зло?
   Так, вялікая навэнна прынясе плён вялікага цуду!
   Вясна хрысціянства, цывілізацыя любові, перамога новага пакалення над пакаленнем шатана – шмат імёнаў, якія святыя даюць нашым вялікім спадзяванням. Бог абяцаў іх выканаць. Абяцаў у Фаціме праз сваю пасланніцу Марыю. Ён абвясціў, што ў Яго бязмежнай міласэрнасці ўсё ўмоўна. Не павінен здзейсніцца ніводны са змрочных сцэнарыяў, якія напаўняюць людзей страхам. Вайна зла з дабром, якую ніводны з кіраўнікоў гэтага свету не хоча скончыць, не будзе цягнуцца вечна. Божая інтэрвенцыя зробіць так, што дабро пераможа і ў свеце запануе супакой. Прыбягаючы да Беззаганнага Сэрца Марыі, аддаючы сябе цалкам Найсвяцейшай Маці, мы назаўсёды ў бяспецы, тут – на зямлі, і там – у вечнасці. Больш таго, мы становімся прыладай выканання вялікіх Божых планаў, якія змяняюць аблічча зямлі і адчыняць людзям браму шчаслівай вечнасці!
   Вялікая Фацімская Навэнна, некалькі гадоў да гадавіны аб’яўленняў у Фаціме, гэта “падыходзячы час”, час асаблівай ласкі. Мы верым, што кожны, хто прыме ў ёй удзел усім сэрцам, будзе крануты Божым благаславенствам. Бо Марыя не пакіне сваіх адданых прыхільнікаў, гатовых самахвярна Ёй служыць.
   Не мыляцца тыя, што ўважліва ўслухоўваюцца ў голас Фацімы.
   Не будзе стаяць на месцы чалавек, які ўглядзіцца ў шлях, паказаны ў Фаціме.
   Кожны, хто будзе пазнаваць пасланне з Даліны Супакою, здабудзе мудрасць.
   А паколькі ён не будзе адзін чуваць каля Сэрца Беззаганнай Марыі, не будзе маліцца адзін, адзін практыкаваць цноты, адзін выконваць просьбы Маці Божай, а наадварот, падтрыманы малітвай і ахвярай тысячы сваіх братоў і сясцёр, ён ніколі не спазнае духоўнага голаду. Ён дасведчыць, што такое сапраўдны Касцёл – гэта супольнасць заснаваная Езусам Хрыстом, якая насычаецца сакрамэнтамі і ўглядаецца ў святасць Марыі, Маці Божай.
   Што такое Вялікая Фацімская Навэнна і як у ёй удзельнічаць? Адказы на гэтыя пытанні мы спрабуем даць у “Правадніку”, які з радасцю перадаем у вашыя рукі і ў рукі ўсіх тых, што жадаюць ВЫРУШЫЦЬ У БОК ЦУДУ.