2.05.2025

Першая субота красавіка

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА КРАСАВІКА


 ПЕРШАЯ ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА

Уваскраcенне Езуса Хрыста

Анёл гучна усклікнуў да той,
што была поўная ласкі:
Радуйся, чыстая Дзева!
Яшчэ раз кажу, радуйся!
Бо Сын Твой трэцяга дня паўстаў з гробу!
Ясней, ясней, о новы Ерузалем…”.
Св. Ян Хрызастом
     

  Гэта час, выбраны для нас – першая субота месяца. Сёння мы прымаем запрашэнне Беззаганнага Сэрца да разважання над справамі Божымі і людскімі, да разважання над таямніцамі Евангелля, жыцця Езуса, нашага Пана і Збаўцы, а таксама Беззаганнай Маці. Гэта падзеі, важныя таксама для нас усіх, таму мы хочам перажыць іх яшчэ раз, наноў. Адарвемся ад спраў гэтага дня, ад нашых клопатаў, ад паспешнасці – затрымаемся цяпер, адкрыем нашыя сэрцы, адсунем усё, што нам перашкаджае, адцягвае нашу ўвагу. Імкнемся, як можам, засяродзіцца на Слове Божым, прасіць ласку сустрэчы з Беззаганным Сэрцам Маці.

   Міласэрны Збаўца, Сябра людзей, Ты сам паказаў нам Сваю Маці, сказаў нам ісці за Табой па Яе прыкладзе, адкрый нашыя сэрцы, дапамажы нам ісці за Табой, вучыцца ў Беззаганнага Сэрца, як Цябе любіць, Найсаладзейшае Сэрца Езуса.

   Духу Святы, Ты ўфармаваў Беззаганнае Сэрца Марыі, Ты ўліў у Яе Сэрца дары любові, радасці, супакою, вытрымкі і мужнасці, фармуй нашыя сэрцы, напоўні іх Тваёй моцай. Мы хочам быць побач з Маці Божай, пазнаваць Яе жыццё, прыняць у сэрца Божае Слова, як Яна. Мы хочам Яе пазнаваць, лепш разумець, уважлівей слухаць і вучыцца ў Яе, дазволіць Беззаганнаму Сэрцу праводзіць нас. Мы ведаем, што наша воля яшчэ слабая, нашыя сэрцы толькі вучацца ў Сэрца Маці Божай, нам патрэбна Твая дапамога, Духу Божы, Твой супакой, Аздаравіцелю людзкіх сэрцаў. Духу ласкі і мудрасці, вядзі нас, просім, адкрый нашыя сэрцы і вушы.

   Просім Маці нашага Настаўніка, каб Яна суправаджала нас, каб нас вучыла ісці марыйным шляхам, дазволіла разважаць і перажываць таямніцы Яе жыцця, Яе паклікання, заўважыць тое, што для Яе найважнейшае. Прызнаем, што нам шмат яшчэ трэба вучыцца Марыйнай веры, паслухмянасці, надзеі, любові. Беззаганнае Сэрца Марыі, мы хочам слухаць і вучыцца ў Цябе, о Найсвяцейшая Панна добрай рады! 

  Красавік абуджае надзею. Няхай гэтае абуджэнне да жыцця будзе відавочным таксама і ў нашых сэрцах, няхай таксама і ў нас узрастае духоўная моц. Просім Духа Святога, які так цудоўна ўфармаваў Беззаганнае Сэрца Марыі, каб і ў нас дзейнічаў такім жа чынам. Няхай гэта будзе чарговы месяц нашай Марыйнай школы.

   Наблізімся сёння да таямніцы, поўнай бляску і святла, суцяшэння і моцы. Пасля жудасных падзеяў, поўных болю, прыніжэнняў, вырачэнняў, пасля жудаснага часу, які цяжка сабе ўявіць, прыходзіць таксама незразумелае, але цудоўнае ўваскрасенне. З гэтай хвіліны ўжо нічога не будзе такім самым, усё зменіцца, на ўсё трэба будзе паглядзець інакш.

    Езус не адзін раз прадказваў сваё ўваскрасенне, пра гэта нам кажуць евангелісты. Вучны чулі пра гэта, напэўна таксама задумваліся, што Настаўнік, які кажа ў прыпавесцях, мае на думцы. Абраныя, яны перажылі таксама Табор, маглі запэўніваць іншых, што бачылі незвычайныя справы. Бачылі, як Ён уваскрасіў Лазара, сына ўдавы, дзяўчынку… Аднак жа, успаміны гэтых цудаў, замест таго, каб абуджаць веру, перад абліччам смерці абудзілі яшчэ большую сумятню ў шматлікіх сэрцах – умеў аздараўляць і ўваскрашаць іншых, чаму не ратуе сам сябе?

 Цяпер найбліжэйшыя Яму апосталы, здзіўленыя, разгубленыя, ашаломленыя! Спачатку, разгубленыя яны не могуць прыняць трагічныя падзеі арыштавання, пакуты, смерці, уцякаюць, баяцца і не ведаюць, як сябе захоўваць. Потым, як самі прызнаюцца па дарозе ў Эмаус, расчараваныя, што Ён не вызваліў край з няволі. Нарэшце, калі далятае да іх добрая вестка, яны ашаломленыя, як самі кажуць, пачуўшы ад жанчын, што Ён жыве!

   Уваскрасенне цяжка прыняць, цяжка зразумець. Хто з вучняў сапраўды чакаў уваскрасення Езуса? Калі дзве Марыі зранку прыходзяць да грабніцы Езуса, праяўляюць вернасць і любоў, клопат аб добрым пахаванні Цела Госпада, не зважаюць на тое, што Настаўнік уваскрос: нясуць пахучыя націранні, доказ прывязансці і павагі, патрэбныя для намашчэння памерлага. Разважаюць, хто мог бы ім дапамагчы адсунуць камень, які ахоўваў уваход да гробу… А ў той час, вялікі камень быў ужо адсунуты, жанчыны могуць убачыць пусты гроб. Анёл пацвярджае перамогу Езуса, вітае іх так, як некалі Марыю ў хвіліну звеставання, заклікаючы да радасці і просіць не баяцца. Цяпер яны павінны стаць апосталкамі добрых навінаў аб Уваскрослым Хрысце. Марыя Магдалена бачыць Пана, яна будзе казаць пра Яго апосталам, будзе сведкам жывой таямніцы, без якой вера марная. Жанчыны з вялікай радасцю, як запэўнівае св. Ян, адразу ж пабеглі абвясціць гэта ўсім вучням. Апосталам напэўна нялёгка паверыць, яны перажываюць вялікія сумневы, ня гледзячы на ранейшыя запэўніванні Езуса. Занадта прыгнётла іх пакута і смерць Настаўніка, занадта моцна яны паддаліся расчараванню і роспачы. Да веры ва ўваскрасенне яны будуць ісці паволі, прыкладаючы намаганні, ледзьве пазнаючы Пана, хоць Ён і перад іх вачыма. Бачылі, але не адразу паверылі…

   Заўважым, што няма ў гэтых момантах Маці Пана! Ведаем, што Яна стаяла пад крыжам, была сведкам памірання Сына, Яго цела паклалі ў труну пры Ёй, бачыла гэта блізка, з любоўю краналася Памерлага. Цяпер, аднак, не ідзе да грабніцы, як бы ўжо верыла, ведала, што Яе Сына там няма; як бы ўжо ізноў пачула заклік да радасці… 

“Маці Святла, радуйся:
Езус, Сонца Справядлівасці,
Перамагаючы змрокі гробу,
Ўвесь свет асвячае сваім бляскам”. 

   Ці нам дапамагае, узмацняе ў нас свядомасць тое, што мы будзем побач з Міласэрным Богам у небе, што чакае нас Найсаладзейшае Сэрца Езуса, Беззаганнае Сэрца Марыі прыме нас, што прасякне нас моц Духа Ажывіцеля? Не будзе ўжо ні няшчасця, ні зла, ні смерці, Уваскрослы перамог смерць, перамог сатану, раздаваіў галаву змея. Мы запрошаныя да раю, дзе чакае нас усё Неба, разам з Маці, узятай у неба з душой і целам.

   Марыя, Маці Ўкрыжаванага і Ўваскрослага, маліся за нас, вучы нас веры, якую Ты мела. Нават не бачучы пустой грабніцы – Ты верыла, што Сын Твой жыве, Маці Святла, вядзі нас да радасці неба! Амэн. 

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.
 


                          

ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ


Уваскрасенне Пана Езуса


 Пасля такой колькасц
i здзекаў, збiтасцi усяго цела, пасля насмешак, скалечанняў, шарпанняў, пасля бiчавання, людзi часта заставалiся калекамi, памiралi. Нясенне Крыжа было вялікім цяжарам, таксама і прыбіванне рук і ног да крыжа. Але пасля ўсяго гэтага, праз тры дні смяротнай цішыні, глухой роспачы, вестка, што Езус уваскрос! Як прынялі гэтую навiну апосталы? Езус прадказваў гэта – яны чулі шмат разоу – аднак гавораць: “Мы спадзяваліся, што ён вызваліць наш край… А тым часам  яго ўкрыжавалі… а цяпер некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас, сказаўшы, што Ён жыве! Падумаем, ці не ставім і мы межаў для моцы Божай? Ці верым, што Бог можа ажывіць грэшнікаў, людзей з дрэннымі звычкамі, няверуючых? Ці молімся мы аб іх духоўным уваскрашэнні? Што мы ахвяравалі за іх сёння?

 

Унебаўшэсце Пана Езуса

 

  Езус вяртаецца да Айца: Ён пражыў  Сваё жыццё на зямлі, казаў пра Валадарства Божае, заклікаў да навяртання, абяцаў Божую міласэрнасць, лячыў, уваскрашаў, прабачаў, навучаў… цяпер усё адбылося, Езус можа вярнуцца да Любага Айца, узысцi да неба. Там Ён будзе чакаць Сваю Мац, Сваіх апосталаў, вучняў, усіх нас.

   Ці памятаем мы, што на самой справе нашай мэтай з’яўляецца менавіта неба? Гэта месца радасці і шчасця з Богам, дзе не будзе ўжо ніякіх смуткаў і слёз. Месца ля Найсаладзейшага Сэрца Езуса з Беззаганным Сэрцам Марыі, у любові і радасці Духа Святога. Калі часам нам горка тут на зямлі, падумаем, што мы можам гэтыя хвіліны ахвяраваць у еднасці з цярпеннем Хрыстовым.  Найвялікшае суцяшэнне будзе ў небе.

 

Спасланне Духа Святога

 

  Гэтая таямніца асабліва важная для нас і для ўсяго Касцёла. Дух Святы, як Езус і абяцаў, сыходзіць на апосталаў і Марыю, якія прабываюць у малітве. Так і мы, нягледзячы на тое, што раздзіраюць нас розныя досведы, розныя зраненні, мы можам клікаць Таго, Хто Суцяшае, хто з’яўляецца Аздарауленнем Сэрцаў, каб Ён сышоў на нас, як на Найсвяцейшую Панну Марыю і вучняу. Глядзіце – якая вялікая прыгажосць Беззаганнага Сэрца Марыі. Гэта шчодрасць дароў Духа Святога, плёны ласкі. Апосталы, некалі пасварыўшыся між сабою, няўпэўненыя, цяпер выходзяць і навучаюць з вялікай адвагаю. Гэтая моц Божага Духа дае ім магчымасць. Просім разам з Найсвяцейшай Маці Добрай рады аб спасланні Духа Святога на нас, аб Яго моцы, Яго дарах, просім аб мудрасці, розуме,  мужнасці, радасці, супакоі, стрыманасці, цярплівасці…

 

Унебаўзяцце Маці Божай

 

   Гэтая тамніца – спецыяльны падарунак для тых, хто шануе Беззаганную. У Ёй мы бачым выкананае абяцанне, адкрытае для нас: прадказанне канца шляху Марыйнай духоўнасці, школы Марыі, упадабленне да Яе – Унебаўзяцце. Маці Божая запрашае нас да неба, да сябе, да Езуса. Яна ведае, што мiласэрны Збаўца вельмi хоча нас бачыць у супольнасцi святых.

  Не дайма затрымаць сябе ў дарозе да шчасця, адкінем усё, што нам перашкаджае цалкам быць з Богам, з Марыяй і святымі. Будзем клапаціцца аб нашых блізкіх, сябрах і знаёмых, няхай нашая малітва і ахвяра аблегчаць ім дарогу да неба. Просім таксама за нашых ворагаў і ворагаў Касцёла, ім патрэбная Божая міласэрнасць. Вялікая будзе радасць за кожнага грэшніка, які навярнўуся, які дзякуючы нашай дапамозе апынецца ў небе.

 

Укаранаванне Маці Божай

 

   Маці Найсвяцейшая, на працягу жыцця так мала вядомая. Маці збітага Смяротніка, цяпер аб’яўляе кім Яна сапрауды з’яўляецца. Як пісау св. Ян: “Умілаваныя, мы цяпер дзеці божыя, але яшчэ не аб’яўлена чым будзем. Ведаем толькі, што калі, будзе аб’яулена, мы будзем да Яго падобныя, бо ўбачым Яго такім, Які Ён ёсць (пар. 1 Ян 3,2). Зараз у небе ззяе хвала Марыі. Захапляюцца Ёю анёлы і святыя, радуюцца Ёй, набліжаюцца да Яе Беззаганнага  Сэрца. Абрады каранацыі выяваў і абразоў Маці Божай вельмі цудоўныя. Але найважнейшым для нашага збаулення будзе пытанне ці Яна з’яуляецца Каралевай майго сэрца? Ці Яна каралева майго сэрца сёння?



Перакладзена з польскага выдання
“Zapraszani do nieba.
Jednak różaniec, szkaplerz, sznur pokutny”. 
Sekretariat Fatimski, 2013.