Аб'яўленне Маці Божай

Змест аб’яўленняў Маці Божай
у Фаціме ў 1917 годзе


На падставе “Успамінаў сястры Луцыі”.
Тэкст зацверджаны Біскупам дыяцэзіі Лэйрыя Фаціма, снежань 2002.


I. 13 мая 1917 – першае аб’яўленне Маці Божай

13 мая 1917 г. Мы з Гіяцнтай і Францішкам бавіліся на вяршыні скалы Кова да Ірыя. Мы будавалі мур вакол густых кустоў, як нечакана ўбачылі нешта накшталт маланкі.

- „Ідзем лепш да дому, сказала я сваім сваякам. – Пачынае зіхацець, можа пачацца бура”.

- „Добра!” – адказалі яны.

Мы пачалі сыходзіць са схілу, паганяючы авечак у бок дарогі. Калі мы дайшлі амаль да сярэдзіны схілу, каля вялікага дуба мы зноў убачылі ззянне, a пасля таго, як зрабілі некалькі крокаў напеад, мы ўбачылі на скальным дубе Спадарыню ў белай сукенцы, прамянеючую як сонца. Яна зіхацела святлом яснейшым за сонечныя промні, што свецяць праз краштальнае начынне з вадой. Здзіўленыя гэтай візіяй, мы спыніліся.

Мы былі так блізка, што знаходзіліся ў межах святла, якое Яе ахінала, ці якім Яна праменявала, больш-менш на адлегласці паўтара метра.

Потым нашая Дарагая Спадарыня сказала:

- „Не бойцеся! Я нічога вам не зраблю!”
- „Адкуль вы, Спадарыня?” – запыталася я.
- „Я з Неба!”
- „A чаго Спадарыня ад мяне хоча?”
- „Я прыйшла вас папрасіць, каб вы прыходзілі сюды на працягу шасці чарговых месяцаў, 13 чысла ў тыю самую гадзіну. Потым я скажу, хто Я і чаго жадаю. Пазней, я вярнуся яшчэ сёмы раз”. (Сёмым разам было аб’яўленне ўжо 6 чэрвеня 1921 г., напярэдадні ад’езду с. Луцыі да Вар дэ Порта. Гаворка ідзе пра аб’яўленне з асабістым пасланнем для Луцыі, таму яна не лічыла яго такім важным).
- „Ці я таксама пайду да неба?”
- „Так!”
- „A Гіяцынта?”
- „Tаксама!”
- „A Францішак?”
- „Таксама, але павінен яшчэ маліцца шмат ружанцаў”.
Я ўзгадала пра дзве дзяўчынкі, што не так даўна памерлі. Яны былі маімі сяброўкамі і вучыліся ткацтву ў маёй старэйшай сястры.
- „Марыя дас Нэвэс ўжо ў небе?”
- „Taк, ужо ў небе”. (Здаецца, што яна мела недзе 16 гадоў.)
- „A Aмелія?”
- „Яна застанецца ў чысцы аж да канца свету”. (Здаецца, што ёй магло быць 18-20 гадоў.) – (Сапраўды, не трэба гэта разумець літаральна. Да канца свету азначае вельмі доўгі час).
- „Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, якія Ён вам пашле як узнагароду за граіхі, якімі Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?”
- „Так, хочам!”
- „Вы павінны будзеце шмат выцярпець, але ласка Божая будзе вашай моцай!”

Кажучы гэтыя апошнія словы (ласка Божая і т.д.) Яна расчыніла ў першы раз далоні, перадаючы нам настолькі моцнае святло, як бы водблеск, выплываючы з Яе рук. Гэтае святло прасякнула нас унутры, да самай глыбіні душы і зрабіла так, што мы ўбачылі сябе ў Богу, які з’яўляецца нашым святлом, больш выразна, чым у налепшым люстры.

Пад уплывам унутранага імпульсу, які нам таксама быў перададзены, мы ўпалі на калені і вельмі пабожна паўтаралі:

- „O Найсвяцейшая Тройца, праслаўляю Цябе. Мой Божа, люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакраманце”.

Праз хвіліну Нашая Дарагая Спадарыня дадала:

- „Штодзённа маліцеся на ружанцы, каб выпрасіць супакой для свету і канец вайны!”

Потым пачала спакойна ўзносіцца ў бок усходу і нарэшце знікла ў бясконцай далечыні. Святло, якое Яе ахінала, здавалася, суправаджала Яе ў дарозе да нябеснай прасторы. Таму мы часта казалі, што бачылі, як адчынялася неба.

Мне здаецца, што пішучы пра Гіяцынту ці ў нейкім іншым лісце я ўжо падкрэсліла, што перад нашай Спадарыняй у нас не было страху, страх быў перад надыходзяцай бурай, ад якой мы хацелі ўцячы. Паяўленне Маці Божай не ўзбуджала ў нас страху, але было здзіўленнем. Калі мяне пыталіся, ці я адчувала страх, я казала “так”, але мела на ўвазе страх маланкі і надыходзяцай буры, ад якой мы хацелі ўцячы, бо маланку мы бачылі толькі падчас буры. Аднак гэта не была сапраўдная маланка, але адлюстраванне святла, якое набліжалася. Калі мы бачылі гэтае святло, часта казалі, што бачылі набліжаючуюся нашую Дарагую Спадарыню.

Aле мы маглі пазнаць у гэтым святле Маці Божую, толькі калі Яна была на скальным дубе. Паколькі мы не ўмелі гэтага растлумачыць і жадалі пазбегчы раздражняючых пытанняў, мы часта казалі, што бачым, як прыходзіць, а часам казалі, што не бачым Яе. Калі мы казалі „так”, бачым Яе, як прыходзіць, мы мелі на ўвазе святло, якое набліжалася, але якім была Яна. A калі мы казалі, што не бачым, як Яна прыходзіць, гэта азначала, што мы бачылі Яе толькі, калі Яна была на скальным дубе.

II. 13 чэрвеня 1917 – другое аб’яўленне Маці Божай

13 чэрвеня 1917 г. Пасля малітвы на ружанцы з Гіяцынтай, Францішкам і іншымі прысутнымі асобамі, мы зноў убачылі водблеск набліжаючагася святла (тое, што мы называлі маланкай), а потым над скальным дубам Маці Божую, у постаці цалкам подобнай да той, што мы бачылі ў маі.

- „Чаго Спадарыня жадае ад мяне?”

- „Хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 чысла наступнага месяца, каб штодзённа маліліся на ружанцы і навучыліся чытаць. Пазней я скажу, чаго хачу”.

Я папрасіла аб выздараўленні аднаго хворага.

- „Калі ён навернецца, то выздаравіць на працягу года”.
- „Я хацела б папрасіць, каб Спадарыня забрала нас да неба”.
- „Так! Гіяцынту і Францішка я хутка забяру. Tы, аднак, застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі больш мяне пазналі і пакахалі. Я б хацела ўсталяваць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца” (Тут з паспешнасці Луцыя не напісала канец сказу, які ў іншых дакументах гучыць так: „Хто яго прыме, таму я абяцаю збаўленне душы для аздобы Яго трону”).
- „Я застануся тут адна?” – запыталася я са смуткам.
- „Не, дачка мая! Ты з-за гэта моцна церпіш? Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну, маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога”.

У гэтую хвіліну, калі Яна казала гэтыя апошнія словы, яна расчыніла свае далоні і яшчэ раз перадала нам водблеск гэтага бязмежнага святла. У ім мы бачылі сябе, як бы пагружанымі ў Богу. Гіяцынта і Францішак, здавалася, стаялі ў той частцы святла, якое ўзносілася да неба, а я ў той, што разлівалася па зямлі. Перад правай далонню Маці Божай было Сэрца, ахінутае цернямі, якія, здавалася, прабівалі Яго. Мы зразумелі, што гэта было Беззаганнае Сэрца Марыі, зняважанае людзкімі грахамі, і прагнучае ўзнагароды.

Менавіта гэта, Эксцэленцыя, мы мелі на ўвазе, калі казалі, што Маці Божая адкрыла нам у чэрвені таямніцу. Нашая Пані не казала нам хаваць гэта ў таямніцы, але мы адчувалі, што Бог нас да гэтага схіляе.

III. 13 ліпеня 1917 – трэцяе аб’яўленне Маці Божай

13 ліпеня 1917 г. Хутка пасля таго, як мы прыйшлі ў Кова да Ірыя да скальнага дубу, пасля малітвы на ружанцы са шматлікімі сабранымі асобамі, мы ўбачылі ўжо знаёмы бляск святла, а потым Маці Божую на скальным дубе.

- „Чаго Спадарыня ад мяне жадае?” – запыталася я.
- „Хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 наступнага месяца, каб далей маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць супакой у свеце і канец вайны, бо толькі Яна можа выпрасіць гэтыя ласкі”.
- „Я б хацела папрасіць, каб Спадарыня нам сказала, хто Яна і зрабіла цуд, каб усе нам паверылі, што Спадарыня нам аб’яўляецца”.
- „Працягвайце прыходзіць сюды кожны месяц! У кастрычніку Я скажу, хто Я і чаго жадаю, а таксама зраблю цуд, каб усе паверылі”.

Потым я сказала Ёй некалькі просьб, не памятаю ўжо, якія. Памятаю толькі, што нашая Добрая Спадарыня сказала, што трэба маліцца на ружанцы, каб атрымаць гэтыя ласкі на працягу года. А потым далей працягвала:

- „Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “O Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”.

Пры гэтых апошніх словах Яна зноў расчыніла далоні, як і ў два папярэднія месяцы. Промень святла, здавалася, прасякваў зямлю, і мы ўбачылі як бы мора агню, а ў гэтым агні былі дэманы і душы ў чалавечых постацях, падобныя да празрыстых, распаленых вуглёў, якія плавалі ў гэтым агні. Постаці гэтыя з вялікай моцай былі выкіданыя з полымя і з усіх бакоў падалі, як іскры падчас вялікага пажару, лёгкія, як пух, без цяжару і раўнавагі, сярод жудасных крыкаў, вою і болю роспачы, якія нараджалі жудаснае дрыжанне. (Ад таго, што я ўбачыла, я закрычала «aй», бо людзі гэта, праўдападобна, чулі.) Дэманы адрозніваліся ад людзей сваёй жудаснай і абрыдлівай пастаццю, падобнай да нейкіх невядомых страшных жывёл, адначасова празрыстых, як распаленыя вуглі.

Здзіўленыя, мы ўзнеслі вочы на нашую Спадарыню, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна поўная дабрыні і смутку, сказала нам:

- „Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душ будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Вайна набліжаецца да заканчэння. Але, калі людзі не перастануць абражаць Бога, то падчас пантыфікату Пія Xl пачнецца другая вайна, яшчэ горшая. Аднойчы ноччу вы ўбачыце невядомае святло, (маецца на ўвазе надзвычайнае паўночнае ззянне, якое можна было ўбачыць ноччу 25 студзеня 1938 г. па ўсёй Еўропе, таксама і ў Польшчы. Луцыя лічыла гэта знакам з неба) ведайце, што гэта вялікі знак ад Бога, што набліжаецца пакаранне для свету за яго шматлікія злачынствы, будзе вайна, голад, пераследванне Касцёла і Святога Айца.

Каб гэтага пазбегнуць, Я прыду прасіць аб прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і св. узнагараджальнай Камунні ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананныя, Расія навернецца і запануе супакой, калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю аблудную навуку па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераследванне Касцёла, справядлівыя будуць замучаныя, а Святы Айцец будзе шмат цярпець. Загінуць розныя народы. У канцы, аднак, маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць Мне Расію, якая навернецца, і на нейкі час у свеце запануе супакой. У Партугаліі назаўсёды будзе захаваны дагмат веры і г.д. Гэтага нікому не кажыце. Францішку можаце сказаць. Калі моліцеся на ружанцы, кажыце пасля кожнай таямніцы: „O мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба, а асабліва тыя, што найбольш патрабуюць Тваёй міласэрнасці”.

Настала хвіліна цішыні, а я запыталася:

- „Спадарыня больш нічога ад мяне не жадае?”
- „Не, сёння я ўжо нічога больш ад цябе не хачу”.

І як заўсёды ўзнеслася ў бок усходу, пакуль не знікла ў бясконцай далечыні нябёсаў.

IV. 19 жніўня 1917 – чацвёртае аб’яўленне Маці Божай

13 жніўня 1917 г. (13 жніўня, у той дзень, калі павінна было адбыцца чацвёртае аб’яўленне, візіянеры не маглі адправіцца ў Кова да Ірыю, таму што ўпраўляючы Оўрэма забраў іх і кінуў у вязніцу. Ён хацеў сілаю вырваць у дзяцей Таямніцу, але безвынікова.)

Паколькі я ўжо апавядала, што ў той дзень здарылася, не буду паўтараць, але перайду да аб’яўлення, якое лічу, адбылося 15 пад вечар (Луцыя мылілася, калі лічыла, што аб’яўленне адбылося ў той самы дзень, калі яны выйшлі з вязніцы Віла Нова дэ Оўрэм. Аб’яўленне мела месца на наступным тыдні, 19 жніўня).

Паколькі тады я не ўмела адрозніваць дні месяца, то магу памыляцца. Але здаецца мне, што было гэта ў той самы дзень, калі мы выйшлі з вязніцы Віла Нова дэ Оўрэм.

Калі з Францішкам і яго братам Янам мы гналі авечак на месца, якое называецца Валінгос, я адчула, што да нас набліжаецца і ахоплівае нешта надзвычайнае. Дапушчала, што Маці Божая можа прыйсці да нас і шкадавала, што Гіяцынта можа Яе на ўбачыць. Таму папрасіла яе брата Яна, каб ён пайшоў па яе. Паколькі ён не хацеў гэтага рабіць, я дала яму 20 манетак, і ён адразу ж пабег пе яе.

У той час я з Францішкам убачыла бляск святла, які мы назвалі маланкай. Хутка пасля таго, як прыбегла Гіяцынта, мы ўбачылі Маці Божую над скальным дубам.

- „Чаго Спадарыня жадае ад мяне?”
- „Хачу, каб вы далей прыходзілі да Кова да Ірыя 13 чысла i штодзённа маліліся на ружанцы. У апошні месяц я зраблю цуд, каб усе паверылі”.
- „А што нам рабіць з грашамі, якія людзі пакідаюць у Кова да Ірыя?”
- „Зрабіце два перанасныя алтарыкі. Адзін будзеш насіць ты з Гіяцынтай і дзве іншыя дзяўчынкі, апранутыя ў белае, а другі няхай носіць Францішак і тры хлопчыкі. Грошы, якія ахвяруюць на гэтыя алтарыкі, прызначаныя на свята Маці Божай Ружанцовай, а рэшта на будаўніцтва капліцы, якая павінна тут быць пабудаваная”.
- „Я хацела папрасіць аздаравіць некалькі хворых”.
- „Добра, некаторых Я аздараўлю на працягу года” – а потым з больш смутным выглядам сказала: – Маліцеся, маліцеся шмат, прыносце ахвяры за грэшнікаў, таму што шмат душ ідзе на вечнае асуджэнне, бо няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся”.

I як заўсёды пачала ўзносіцца ў бок усходу.

V. 13 верасня 1917 – пятае аб’яўленне Маці Божай

13 верасня 1917. Kалі набліжалася гадзіна, мы з Гіяцынтай і Францішкам прабіраліся праз тлум людзей, якія ледзве давалі нам прайсці. Вуліцы былі поўныя людзей. Усе хацелі нас бачыць і размаўляць з намі. Там ніхто нікога не баяўся. Шмат асоб, нават заможныя спадары і спадарыні, прабіраліся праз тлум, які нас акружаў. Яны падалі перад намі на калені, просячы, каб мы прадставілі Маці Божай іх просьбы. Iншыя ж, што не маглі да нас наблізіцца, крычалі з далёк:

- „Дзеля любові Божай, прасіце Маці Божую, каб вылячыла майго сына калеку”.
Нехта іншы крычаў:
- „Няхай вылячыць маё сляпое дзіця”. І зноў іншы:
- „A маё глухое”. I зноў іншы:
- „Няхай прывядзе да дому майго мужа і сына”.
- „Няхай наверне мне грэшніка”.
- „Няхай аздаравіць мяне з сухоты” i г.д.

Там аказалася ўся мізэрнасць чалавечай немачы, некаторыя крычалі з дрэў, іншыя з мураў, на якіх сядзелі, каб нас убачыць, калі мы праходзілі побач. Абяцаючы адным выкананне іх просьб, іншым падаючы руку, каб дапамагчы падняцца з зямлі, мы маглі прасоўвацца далей, дзякуючы некалькім мужчынам, якія пракладвалі нам дарогу праз тлум.

Калі цяпер я чытаю ў Новым Запавеце тыя цудоўныя сцэны, якія адбываліся ў Палестыне, калі праходзіў Пан Езус, нагадваю сабе тыя, што, як дзіця, я магла перажыць на сцежаках і вуліцах з Альюстрэль да Фацімы і да Кова да Ірыя. Дзякую Богу і ахвярую Яму веру нашага добрага партугальскага народу.

Я думаю, што калі тыя людзі падалі на калені перад тройкай бедных дзяцей толькі таму, што па Божай Міласэрнасці, яны атрымалі ласку размаўляць з Маці Божай, што б яны зрабілі, калі б убачылі перад сабой самога Езуса Хрыста? […]

Мы нарэшце дайшлі да Кова да Ірыя каля скальнага дуба і пачалі маліцца на ружанцы разам з людзьмі. Хутка пасля гэтага мы ўбачылі водблеск святла i нашую нашую Спадарыню над скальным дубам.

- „Далей працягвайце маліцца на ружанцы, каб выпрасіць заканчэнне вайны. У кастрычніку прыйдзе таксама Наш Пан, Маці Божая Балесная і з Гары Кармэль, св. Юзаф з Дзіцяткам Езусам, каб блаславіць свет. Бог задаволены вашымі сэрцамі і ахвярамі, але не хоча, каб вы ў ложку мелі на сабе пакутны шнур. Насіце яго толькі на працягу дня”.

- „Мне даручылі, каб я папрасіла Спадарыню аб аздараўленні аднаго хворага і аднаго глуханямога”.
- „Добра, некалькіх аздараўлю, а іншых не. У кастрычніку я ўчыню цуд, каб усе паверылі”.

I ўзносячыся, зноў знікла.

VI. 13 кастрычніка 1917 – шостае аб’яўленне Маці Божай

13 кастрычніка 1917. Мы выйшлі з дому вельмі рана, бо лічылі што спазняемся. Людзі прыйшлі масамі. Ліў праліўны дождж. Мая маці ў страху, што гэта мой апошні дзень жыцця, з цяжкім сэрцам ад няпэўнасці таго, што магло здарыцца, хацела мяне суправаджаць. На дарозе тыя ж самыя сцэны, што і ў папярэднія месяцы, але яшчэ больш шматлікія і больш узрушваючыя. Нават багна не перашкаджала людзям пакорна станавіцца на калені ў малітоўнай паставе.

Калі мы прыйшлі да Кова да Ірыя каля скальнага дуба, пад уплывам унутранага натхнення я прасіла людзей схаваць парасоны, каб можна было маліцца на ружанцы. Трохі пазней мы ўбачылі водблеск святла, а потым нашую Спадарыню над скальным дубам.

- „Чаго Спадарыня ад мяне жадае?”
- „Я хачу сказаць табе, каб тут пабудавалі ў мой гонар капліцу. Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы. Вайна скончыцца і жаўнеры хутка вярнуцца да дому”.
- „Я павінна шмат аб чым папрасіць Спадарыню: ці можа Спадарыня аздаравіць некалькі хворых і навярнуць некалькі грэшнікаў і ячшэ шмат чаго”.
- „Адных так, іншых не. Яны павінны выправіцца і няхай просяць аб прабачэнні сваіх грахоў”.
I са смутным тварам дадала:
- „Няхай людзі ўжо не абражаюць Бога грахамі, Ён і так ужо вельмі зняважаны”.

Яна зноў шырока распахнула рукі, прамянеючыя ў сонечным бляску. Калі Яна ўзносілася, Яе бляск адлюстроўваўся ад сонца. […]

Калі нашая Спадарыня знікла ў бясконцай далечыні нябёсаў, мы ўбачылі з боку сонца св. Юзафа з Дзіцяткам Езусам і нашую Добрую Спадарыню, апранутую ў белае з блакітным плашчом. Мне здавалася, што св. Юзаф з Дзіцяткам блаславіць свет рухамі рукі на падабенства крыжа.

Хутка гэтая візія знікла і мы ўбачылі Пана Езуса з Найсвяцейшай Маці. Мне падалося, што гэта Маці Божая Балесная.

Пан Езус, здавалася, блаславіў свет такім жа чынам, што і св. Юзаф. Знікла гэтая візія, і потым мне здалося, што я бачыла яшчэ Маці Божую з Гары Кармэль.

У той час, калі гэтыя вобразы праходзілі адзін за другім перад вачыма візіянераў, велізарны натоўп (70 тысяч) быў сведкам цуду сонца.

На працягу ўсяго аб’яўлення ішоў дождж. У канцы размовы Люцыі з Найсвяцейшай Паннай у той момант, калі Маці Божая пачала ўзнімацца, а Люцыя ўсклікнула: «Гляньце на сонца!» – хмары расступіліся, адкрыўшы сонца ў выглядзе велізарнага срэбнага дыска. Яно ззяла з надзвычайнаю сілаю, але пры гэтым не асляпляла. Гэта працягвалася толькі момант, затым велізарны шар пачаў «танцаваць». Нібы гіганцкае вогненнае кола, сонца раптам завіравала. Яно на нейкі час спынілася, перш чым зноў пачаць абарочвацца вакол сябе з галавакружнай хуткасцю. Потым яно стала чырванець па краях і плысці па небе, кружачыся, як віхор, і кідаючы вакол сябе чырвоныя снапы полымя. Гэтае святло адбівалася на зямлі, на дрэвах, на кустах і нават на тварах людзей і на іх вопратцы, афарбоўваючы ўсё яркаю фарбаю розных колераў. Здавалася, што пад уздзеяннем нястрымнага руху вогнены шар задрыжаў і затросся, нібы збіраўся ўпасці зігзагам на замерлы ад страху натоўп.

Усё гэта працягвалася прыблізна 10 хвілін. У канцы сонца зігзагападобным рухам перамясцілася на сваё месца, і зноў, спакойнае, як штодня, пачало свяціць.

Цуд скончыўся.

Сонечны цуд назіралі таксама шматлікія сведкі, якія знаходзіліся за 40 кіламетраў ад мясцовасці, дзе адбываліся аб’яўленні».