Чаго чакаем і аб чым просім?

 ЧАГО МЫ ЧАКАЕМ?

Дапамагчы можа толькі неба

       Мы малыя і бездапаможныя. Нам патрэбная дапамога, парада, Божае кіраўніцтва. Мы самі не ў стане вылячыць хваробы, якія апанавалі ўжо не толькі сэрцы людзей, але грамадскія структуры, у якіх мы жывем. Мы ведаем, што уратаваць нас можа толькі неба. Таму, як зрабіў гэта Бенэдыкт XV падчас першай сусветнай вайны, клічам да Маці Божай, просячы Яе аб уратаванні. Заклікайма Яе дапамогі, які людзі ў часы “чорнай смерці”, усведамляючы, што толькі Яна можа нам дапамагчы.
   Свет павінен ухапіцца за Марыю. Ён павінен прыняць да сэрца словы Найсвяцейшай Маці, якая перад тым, як адкрыць дзецям сваю таямніцу, нагадала ў Фаціме, што “толькі Яна можа нам дапамагчы”.
   Нам трэба пайсці слядамі Яна Паўла II, які так клікаў да Марыі ў дзень прысвячэння, 25 сакавіка 1984 г.:

   О Беззаганнае Сэрца! Дапамажы нам перамагчы жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей – зла, якое ў невымерных наступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, перакрывае дарогі ў будучыню.
   Ад голаду і вайны, выбаў нас!
   Ад атамнай вайны, ад самазнішчэння, ад усіх войнаў, выбаў нас!
   Ад грахоў супраць жыцця чалавека, пачынаючы з хвіліны яго зачацця, выбаў нас!
   Ад нянавісці і прыніжэння годнасці Божых дзяцей, выбаў нас!
   Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім жыцці краіны і ўсяго свету, выбаў нас!
   Ад невыканання Божых запаведзяў, выбаў нас!
   Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў чалавечых сэрцах, выбаў нас!
   Ад грахоў супраць Духа Святога, выбаў нас!
   Прымі, наша Маці, гэтыя нашыя заклікі, напоўненыя цярпеннем усіх людзей, абуджаныя цярпеннем цэлых грамадстваў!
   Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць усялякі грэх, грэх у кожным яго абліччы: у нас саміх і вакол нас.
      Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная магутнасць Адкуплення - магутнасць міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі!

    Ці гэтыя словы патрабуюць нейкага каментару? Ян Павел II паказвае нам шлях: да новага, лепшага свету можа завесці нас Марыя. Не мы самі, бо ніводны з нас не можа перамагчы грэх, паўстрымаць зло, вылячыць хворае сумленне.
   Толькі Марыя. Так хоча Бог.

ВЯЛІКАЕ ПАСЛАННЕ, ВЯЛІКІЯ СПАДЗЯВАННІ

  
Фацімскае пасланне мы называем “пасланнем стагоддзя”, “самым вялікім аб’яўленнем з апостальскіх часоў”, заклікам “прыспешваючым, як Евангелле”. Гэта вялікае пасланне, якое нясе з сабой вялікія абяцанні…
   Давайце наследаваць Пія XII, які маліўся “з моцнай надезеяй, што дзякуючы моцнаму заступніцтву Дзевы Марыі шчасліва здзейсняцца прагненні, якія мы маем разам з вамі і ўсімі людзьмі добрай волі, прагненне сапраўднага супакою, братняй згоды і вольнасці, на якую маюць права ўсе, а перш за ўсё Касцёл. Таму дзякуючы нашым малітвам, злучаным з малітвамі вашымі і ўсіх хрысціянаў, будзе ўсталявана ў свеце Валадарства Езуса Хрыста, «валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою»”.
  Нашая надзея вялікая. Сястра Луцыя прадказвала “перамогу новага пакалення над пакаленнем шаната”. Папа Пій XII паўтараў, што ў прысвячэнні чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі “ляжыць надзея надыходу лепшага стагоддзя, трыюмфу веры і хрысціянскага супакою. Ян Павел II у сваю чаргу заклікаў:

   Будзь прывітаная, Беззаганная Маці Божая!
   Прымі нашую малітву
   і згадзіся па-матчынаму ўвесці Касцёл
   у тую поўню часоў,
   да якой усё імкнецца з таго дня,
   калі на свет прыйшоў Твой Боскі Сын,
   а наш Пан, Езус Хрыстус.
   Ён – Пачатак і Канец, Альфа і Амега,
   Валадар стагоддзяў, Першародны сярод усяго стварэння,
   Першы і Апошні.
   У Ім усё здзяйсняецца.
   У Ім усё даходзіць да меры,
   якую запланаваў Бог
   у сваім незразумелым плане любові.

      З хвілінай Уцелаўлення ўся людзкая гісторыя была скіраваная да поўні часоў. Перад намі час, калі – як мы верым – усё дойдзе да меры, якую запланаваў Бог.


АБ ЧЫМ МЫ ПРОСІМ?

   Падчас Вялікай Фацімскай Навэнны мы молімся аб здзяйсненні вялікіх абяцанняў, якія Марыя перадала ў сваім фацімскім аб’яўленні. Мы просім аб супакоі, аб стрыманні кары, навяртанні свету і трыюмфе Беззаганнага Сэрца.
   Кардынал Рацынгер, Папа Бенэдыкт XVI, пісаў: “«Маё Беззаганнае Сэрца пераможа». Што гэта азначае? Сэрца, адкрытае на Бога і ачышчанае кантэпляцыяй, мацнейшае за карабіны і ўсялякую зброю”. І гэта не толькі гаворка пра Беззаганнае Сэрца Марыі. Маецца на ўвазе кожнае сэрца раскаянае і ачышчанае, якое з’яўляецца месцам адпачынку Бога. Паколькі жыве ў ім Бог сусвету, яно мацнейшае за любую моц гэтага свету. Але трэба памятаць, што такое сэрца можа мець толькі той, хто зробіць сваё сэрца падобным да Сэрца Маці, хто будзе ўглядацца ў Яго, з’яднаецца з Ім, будзе ва ўсім Яго наследаваць.

Супакой

      Маці Божая Фацімская абвясціла: “Калі людзі зробяць тое, што я вам скажу (…) настане супакой. (…) Калі мае жаданні будуць выканананыя (…) запануе супакой”.
   Якім будзе гэты супакой? Пра што кажа Марыя? Сястра Луцыя растлумачвае: “Молімся і просім Бога аб супакоі, не толькі для народу, але і для неспакойных духаў і сумленняў”.
   Так, перш за ўсё мы імкнемся атрымаць ласку супакою сэрца.
   Нагадаем сабе апошнюю сустрэчу пастушкоў з анёлам. Сястра Луцыя ўзгадвае: “Узрушаныя надзвычайная сілай, якая нас ахоплівала, мы ўва ўсім паўтаралі за анёлам, мы ўкленчылі, як ён на зямлі і паўтаралі малітвы, якія ён казаў. Моц прысутнасці Божай была настолькі інтэнсіўнай, што яна амаль цалкам нас паглынала. Нам нават здавалася, што мы былі пазбаўленыя свядомасці”.
   “Гэты стан трываў некалькі дзён: “У гэты час, піша сястра Луцыя, мы выконвалі нашыя вонкавыя абавязкі, як бы падштурхнутыя той самай надзвычайнай істотай, якая нас да гэтага схіляла. Супакой і шчасце, якія мы адчувалі, былі вельмі вялікія, але толькі ўнутрана, цалкам засяроджваючы душу ў Богу”.
   Плён, якога мы чакаем з вялікім даверам, гэта супакой нашых сэрцаў, які нараджаецца з досведу блізкасці Бога. Тады справы гэтага свету, не губляючы сваёй вастрыні, будуць успрыманыя намі, як праз Боскія фільтры. Бог жа будзе блізка да нас і кожны погляд у далечыню будзе поглядам праз Божую яснасць, якая нас ахоплівае. Тады рэчы вакол нас мы будзем бачыць такімі, якія яны ёсць. Гэта прынясе нам плён унутранага супакою, якога свет даць не можа. Не можа таксама яго ў нас забраць.
   Мы чакаем таксама надыходу часу супакою ў нашых сем’ях, айчыне, свеце. Бо Маці Божая запэўніла: “У канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе і на нейкі час у свеце запануе супакой”. А каб так сталася, Яна параіла: “Кожны дзень маліцеся на Ружанцы, каб выпрасіць супакой для свету і заканчэнне вайны”. Больш таго, трэба не толькі маліцца, але і ахвяроўваць у гэтай інтэнцыі сваю працу і цярпенні. Нагадаем словы анёла з другога аб’яўлення: “З усяго, што толькі можаце, зрабіце ахвяру ў інтэнцыі ўзнагароды за грахі, якімі Яго абражаюць, і для навяртання грэшнікаў. Такім чынам вы забяспечыце супакой сваёй айчыне”.
   Гэта ўказанне, каб забяспечыць супакой сваёй сям’і, айчыне, свету!
   Памятаем: калі мы хочам выпрасіць дар супакою, нам трэба звярнуцца да Марыі, “бо толькі Яна можа выпрасіць гэтыя ласкі”. Так Яна запэўнівала нас у Фаціме ў ліпеньскім аб’яўленні.

Змененая кара

   Маці Божая перасцерагала ў Фаціме: “Набліжаецца пакаранне свету за яго шматлікія злачынствы. Будзе вайна, голад, пераследванне Касцёла і Святога Айца. Справядлівыя будуць замучаныя, загіне шмат народаў…”.
   Усё, аднак, ізноў пачынаецца з нашых сэрцаў. Спачатку трэба казаць пра тое, што ў нас саміх заслугоўвае Божага пакарання.
   У сваім няскончаным “Пасланні з Фацімы” сястра Луцыя сцвярджае, што нашыя грахі патрабуюць ачышчэння. Яна называе іх пайменна: “Нам трэба прасіць “прабачэння ў бліжняга, калі яго закранулі нашыя грахі, абразілі яго, пакрыўдзілі, гэта значыцца пакляпалі яго добрае імя, яго гонар і асабістую добрасумленнасць, схілілі яго на дрэнны, прыніжаючы і нягодны шлях праз наш дрэнны прыклад, хлуслівыя словы, дрэнныя парады (…), нашую зайздрасць, калі мы жадалі завалодаць яго маёмасцю, заняць яго месца, і г.д. Усе гэтыя рэчы і шмат іншых, пра якія я не магу казаць, нязгодныя з Божымі Прыказаннямі і патрабуюць вялікага ачышчэння”.
   Ёсць некалькі спосабаў ачысціцца ад граху. Ёсць чысцец, які робіць нас “годнымі прыняць вялікі Акеан Божай Існасці”. Ёсць ачышчэнне Божым пакараннем падчас жыцця. Ёсць нарэшце шлях навяртання, які знішчае грэх.
   Таму, ці трэба здзіўляцца, што Вялікая Фацімская Навэнна гэта, перш за ўсё, запрашэнне да асабістага навяртання? Прыняць пасланне з Фацімы і жыць ім азначае ўвайсці на шлях вяртання да Бога.
   Толькі, калі так станецца, удзельнікі Вялікай Фацімскай Навэнны, навярнуўшыся самі, змогуць ратаваць грэшнікаў, выпрошваючы для іх ласку навяртання, “бо шмат душаў ідзе да пекла”.
   Калі, заклапочаныя жыццём вечным дрэнных людзей, мы молімся і ахвяроўваем свае цярпенні за грэшнікаў, мы можам у межах Вялікай Фацімскай Навэнны зрабіць чарговае намаганне: клапаціцца пра тое, каб свет не кранула вялікае ачышчэнне. Сястра Луцыя пісала 20 чэрвеня 1939 г.: “Мы можам заўважыць, што Яна стрымлівае гэтую кару адносна нашых намаганняў, каб іх распаўсюджваць. Баюся, аднак, што мы маглі зрабіць больш, чым мы робім, і што Бог, менш, чым задаволены, можа прыбраць руку сваёй Міласэрнасці і дазволіць, каб свет быў знішчаны гэтым ачышчэннем”.
   Таму мы верым, што Бог не спашле на свет належную кару, бо мы дадзім Маці Божай права сцерагчы нас перад Божай Справядлівасцю. Нашыя гарачыя малітвы і святасць жыцця захаваюць чалавецтва ад караючай рукі Божай справядлівасці. Умоўныя перасцеражэнні будуць затрыманыя або прынамсі зменшаныя.
   Памятаем, аднак, словы Яна Паўла II, які кажа пра Марыю, як пра Тую, што можа ратаваць нас ад заслужанай намі кары Божай: “Так, як гэта заўсёды рабіла хрысціянская пабожнасць, давайце будзем даручаць Найсвяцейшай Дзеве цяжкія сітуацыі (…), каб, прыносячы іх Сыну, Яна атрымала ў Яго іх памяншэнне і адмену”.
Навяртанне

   І зноў Вялікая Фацімская Навэнна датычыцца, перш за ўсё, нашых сэрцаў. Просім жа ў ёй Найсвяцейшую Дзеву Марыю аб нашым асабістым навяртанні. Просім Яе таксама аб навяртанні грэшнікаў. Не забываемся маліцца аб навяртанні Расіі.
   Калі, як жадаюць некаторыя, найважнейшае пасланне з Фацімы заключаецца ў апошніх словах Маці Божай, сказаных 13 кастрычніка 1917 г., тады аказваецца, што заклік Марыі з’яўляецца перш за ўсё заклікам да нас: заклікам да нашага асабістага навяртання. Найсвяцейшая Маці кажа на прыканцы аб’яўленняў: “Не абражайце больш Бога, нашага Пана, Ён і так ужо досыць  зняважаны!”.
   Гэтымі словамі Марыя звяртаецца беспасрэдна да нас. Не да “бедных грэшнікаў”, пра якіх казала ў ліпені, не да Расіі ці свету. Яна прамаўляе да Цябе, да мяне, да ўсіх нас. Яна голасна кліча: “Стоп! Не абражайце больш Бога. Час змяніць жыццё. Надышоў час навяртання!”.  Яна дадае, што той, хто робіць намаганні навяртання не сам, а ў супольнасці Касцёла і ў еднасці з Яе Беззаганным Сэрцам, атрымае ад Бога дапамогу, якая дапаможа перамагчы зло, што пасялілася ў яго душы. “Ласка Божая будзе вашай сілай” – кажа Яна. “Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім шляхам, які прывядзе цябе да Бога”. А прывесці да Бога – гэта навярнуцца настолькі дасканала, што мы не толькі адвернемся ад граху, але і скіруем свой твар да Бога, наблізімся да Яго так блізка, што нашым удзелам стане не абмежаваная людскім розумам таямніца еднасці Сэрцаў.
   Таму сястра Луцыя піша: “Тыя, што будуць жыць набажэнствам да Беззаганнага Сэрца Марыі, будуць сапраўды скрушанымі і прысвечанымі Богу, яны будуць «новым пакаленнем, якое пераможа зло»!”
   Другой галоўнай тэмай фацімскіх аб’яўленняў з’яўляецца навяртане грэшнікаў. Анёл і Маці Божая шмат просяць: “Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе пакуты, якія Ён вам спашле як узнагароду за грахі, якімі Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў? (…) З усяго, што толькі можаце, рабіце ахвяру ў інтэнцыі ўзнагароды за грахі, якімі Яго зневажаюць, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. (…) Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце складаць ахвяры: “О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў (…)”. 
   Маці плача, калі бачыць, як шмат любых дзяцей ідзе на асуджэнне…
   Чарговай тэмай з’яўляецца навяртанне Расіі. Марыя запэўнівае, што “Расія навернецца”, але Яна выразна акрэслівае шлях, які да гэтага прывядзе. Гэта не столькі навяртанне Расіі, колькі нашае асабістае выконване просьбаў Маці Божай Фацімскай: Ружанец, набажэнства першых суботаў, жыццё прысвячэннем… Сваім адказам на скіраваны да нас заклік мы зробім так, што Бог будзе мець уплыў на гісторыю Расіі і з вялікай пагрозы для свету Ён зробіць вялікую надзею…

Трыюмф Беззаганнага Сэрца

   Маці Божая Фацімская дала нам безумоўнае абяцанне: “У канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе!”.
   Калі гэта будзе? Сястра Луцыя адзначыла ў 1993 г.: “Трыюмф гэта працэс, які адбываецца на працягу часу”. Мы ведаем толькі тое, што гэта напэўна адбудзецца, не ведаем толькі яго гадзіны. Таму абяцанне трыюмфу Беззаганнага Сэрца трэба разглядаць у духу веры. А таксама даверу ў тое, што нашая найлепшая Маці ведае, што і калі нам патрэбна, а ў хвіліну аб’яўлення сваёй моцы Яна прыйдзе да нас з начыннем ласк.
   Мы таксама ведаем, што хутчэй за ўсё трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі адбудзецца ў некалькіх вымярэннях: асабістым, грамадскім і сусветным.
   Трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі адбудзецца спачатку ў нашых сэрцах, калі мы адкінем усё, што супраціўляецца годнасці Дзяцей Божых, і пачнем жыць Добрай Навінай Евангелля. Гэтая перамога можа стацца ўдзелам кожнага сэрца чалавека, як было ўдзелам сястры Луцыі, якая так апісвала трыюмф Беззаганнага Сэрца ў сваім жыцці: “Беззаганнае Сэрца Марыі – гэта маё сховішча, а асабліва ў цяжкія хвіліны. Там я адчуваю сябе бяспечна. Упэўненасць [у апецы Марыі] суцяшае мяне і радуе. У ім [у Сэрцы Марыі] я знаходжу суцяшэнне і моц. (…) Гэта Сэрца найлепшай з Маці, заўсёды ўважлівае, чуваючае над самай малой са сваіх дачок. (…) Беззаганнае Сэрца гэта канал, праз які Бог дазваляе вялікую колькасць ласкаў вялікай колькасці ласк сплываць у маю душу”.
   І вось мы ўжо ведаем, што такое трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі!
   Ніхто з нас – піша візіянрка – не будзе мець недахопу ў Божай ласцы. Каб мы не паслаблі, Бог змесціць нас “у Святле сваёй вялікай Існасці”. Напісаўшы гэтыя словы, Сястра Луцыя далей кажа пра свой асабісты досвед: “Яго бляск залівае мяне і ахоплівае, куды б Яно не пайшло, я прагну ісці за гэтым святлом, прагну праслаўляць Езуса, прагну Яму служыць і кахаць, быць для Яго Гостыяй вечнай хвалы”.
   Візіянерка так піша пра сваю еднасць з Панам: “Бог становіцца маім Жыллём, маёй Святыняй, Жыццём майго жыцця, а таксама Істотай маёй істоты. Без Яго я не існую. Ад Яго я атрымала існаванне, каб кахаць Яго, служыць Яму, праслаўляць Яго з верай, надзеяй і даверам, у цалкавітым адданні сябе Яго любові да мяне”.
   Гэтая вядомасць таксама і для цябе. Калі ў Тваім сэрцы адбудзецца трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі, ты адчуеш смак еднасці, а тваім удзелам станецца З’яднанне Сэрцаў. Тады ты зможаш сказаць з сястрой Луцыяй: “Нічога больш не прагну, нічога не хачу!”.
   Потым можа адбудзецца сярод нас “мясцовы трыюмф” Беззаганнага Сэрца. Здаецца, што безумоўнае абяцанне Найсвяцейшай Маці можа раней ахапіць усе народы… Нагадаем словы сястры Луцыі: “Наш Пан абяцаў агарнуць Партугалію асаблівай апекай падчас гэтай вайны, дзякуючы прысвячэнню народа Беззаганнаму Сэрцу Марыі партугальскімі біскупамі; гэта будзе доказам ласк, які будуць удзеленыя іншым нардам, калі яны, як Партугалія, зробяць тое самае”. Сярод гэтых іншых народаў таксама і наш. Хто ведае, можа асабліва наш! Менавіта нашым удзелам могуць стаць асаблівыя ласкі і асаблівая апека Збаўцы. Больш таго, гэта Трыюмф Беззаганнага Сэрца папярэдзіць перамогу Марыі ва ўсім свеце. Гэты трыюмф будзе плёнам нараджэння “новага пакалення”, якое “затрыюмфуе ў змаганні з пакаленнем шатана, раструшчваючы яму галаву”.
   Усё гэта можа стаць нашым удзелам, нават да таго дня, калі  пераможа Беззаганнае Сэрца Марыі.
   Але канчатковы трыюмф будзе іншым. Сястра Луцыя засяроджвае нашу ўвагу на трыюмфе Беззаганнага Сэрца, якое будзе паўсюднай перамогай.
   Чым будзе гэтая перамога? Ізноў шукаем адказу ў дакументах, якія даў нам для карыстання Касцёл.
   “«Маё Беззаганнае Сэрца пераможа». Што гэта азначае? Сэрца адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмпляцыяй мацнейшае за карабіны і ўсялякую зброю” – пісаў ва ўзагаданым тэалагічным каментары кардынал Юзаф Рацынгер. Гэтае Сэрца перамагае, але што гэта за перамога? Гэта, аднак, не часовая перамога. Як пісаў Ян Павел II: “Навошта нам гэтыя часовыя перамогі, адкупленыя такім вялікім коштам, калі мы не ведаем адказу на пытанне пра вечнасць?” Гаворка ідзе пра перамогу, якая мае вымярэнне вечнасці, у Беззаганным Сэрцы Марыі і Яе пасланні мы знойдзем адказ, скіраваны да вечнасці. Будзе гэта трыюмф Беззаганнага Сэрца ў сэрцах людзей – у іх несмяротных душах, якія запрагнуць неба.   
   Гэтая перамога пэўная, але яна застаецца для нас таямніцай. З-за гэтага парадоксу, як казаў Ян Павел
II, перамога “не адкідвае на апошні план страху за дабро, за знішчэнне надзеі. Канечне, (…) кожны хрысціянін павінен мець асабліва абвостраную свядомасць таго, што пагражае жыццю чалавецтва і свету: яго часовая і канчатковая будучыня. Аднак, свядомасць гэтых пагроз не нараджае песімізму, але падштурхоўвае да змагання за перамогу…”.
   Хоць… мы можам жыць надзеяй, што абяцаны трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі (яго першае праяўленне, па словах сястры Луцыі, было з прысвячэннем свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі Янам Паўлам II у 1984 г.) будзе чымсьці нават большым: гэта будзе настолькі глыбокая змена, што яна кранецца нават палітычных і грамадскіх структур усёй зямлі. Шмат паказвае на тое, што інтэрпрэтацыя візіянеркі трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі азначае таксама прыняцце ўлады справядлівымі і адданымі Богу людзьмі.  У штурвала света могуць стаць святыя, а слугі шатана не будуць ужо мець уплыву на фарміраванне структур цывілізацыі, у якой нам давялося жыць.

Перамога над пакаленнем шатана

   Мы ведаем словы сястры Луцыі: “Гэтае новае пакаленне, што народзіцца з Жанчыны, абяцанай Богам, затрыюмфуе ў змаганні з пакаленнем шатана, раструшчваючы яму галаву. Марыя – Маці гэтага новага пакалення. (…) Сэрца Маці нейкім чынам з’яўляецца сэрцам гэтага новага пакалення, першы плод якога – Езус Хрыстус, Слова Божае. Менавіта з гэтага плоду павінна чарпаць харчаванне ўсё пакаленне таго ж Беззаганнага Сэрца. (…) Марыя з’яўляецца Маці гэтага пакалення, прызначанага Богам раструшчыць галаву гэтаму пякельнаму змею (…)”.
   Усё гэта адбываецца “сёння”! Сястра Луцыя піша ў цяперашнім часе: “Мы ствараем кола гэтага новага пакалення, створанага Богам, чэрпаючы надзвычайнае жыццё з той самай бацькоўскай крыніцы, з Сэрца Марыі”.
   З кожным разам мы ўсё лепш разумеем, што перамога Беззаганнага Сэрца гэта перамога “новага пакалення”. Менавіта такое прароцтва абвяшчаў кардынал Аўгуст Хлонд. Калі прыйдзе перамога, “будзе гэта перамога Найсвяцейшай Панны Марыі”. Але адразу ж дадае: “Працуйце, вашая перамога пэўная…”.
   Перад “новым пакаленнем”, што змагаецца з пакаленнем шатана, стаіць вялікае заданне. Ці можам мы казаць пра нешта дакладнае, акрамя намаганняў нястомнай малітвы, жыцця ў духу прысвячэння Марыі, змагання з грахом і супрацоўніцтва з кожнай, нават самай маленькай ласкай? Здаецца, што сястра Луцыя пакінула нам у сваіх лістах некалькі парад. Калі, напрыклад, у канцы снежня 1961 г. яна пісала да сваёй гішпанскай сяброўкі, што “каб атрымаць больш плённую дапамогу з неба, абавязкова патрэбная рэформа грамадства, што вядзе да лепшага жыцця”. І дадала, як указанне: “Працуйма ў гэтым накірунку; няхай кожны робіць усё, што можа”.
   21 красавіка 1961 г. візіянерка падкрэсліла, што: “Абавязкова патрэбна агульнанародная кампанія супраць распаўсюджвання зла і абароны дабра, якое паступова знікае з жыцця народа. Чаму б не стварыць групы (…) ва ўсі рэгіёнах краю, якія б працавалі для гэтай справы, самі пачынаючы даваць добры прыклад? Малітва абавязковая, але яна не звальняе ад дзейнасці. Адно звязанае з другім, прывядзе да перамогі; але гэта павінна быць злучанае адно з адным”.
   Сястра Луцыя заклікае кожнага з нас:
   “Нам трэба супрацьстаяць аблудным навукам, вучыцца адварочвацца ад дрэнных учынкаў і кіраваць свае крокі на шлях справядлівасці, якую разумеюць як міласэрнасць, калі чалавек прысвячаецца і ахвяруецца для дабра іншых, каб дапамагаць сабе  наўзаем. Усё гэта можа служыць ідэяй для новага маральнага абуджэння, якое вельмі паспрыяе супакою сярод нашага народу і нашага краю”.
   Такія нашыя задані. Такі шлях, які зробіць з нас “новае пакаленне” і прывядзе да перамогі над “пакаленнем шатана”.

Нашая святасць

   Ёсць яшчэ адзін плён…  Цудоўны, пра які марыць Бог, выглядае неба, якое мае большы ўплыў на гісторыю света, чым усе іншыя дзеянні. Гэта святасць. Дакладная святасць: твая, мая…
   Сучасны свет гэта месца нараджэння вялікіх святых.
   На думку кармелітанкі з Каімбры, сёння сярод грэшнікаў квітнеюць святыя. “Ніколі грэх, распуста і злачынствы не разрасталіся ў свеце так, як сёння, піша яна ў адным са сваіх лістоў, але ніколі таксама не было столькі святых, як сёння. У садзе Касцёла заўсёды, нават сярод вялікіх ураганаў, квітнеюць кветкі. Трэба толькі ведаць, як іх знайсці”. Яна дадае з усмешкай, што нам трэба памятаць, што святыя, глыбока пакорныя душы, не цікавяць журналістаў. Не пра іх кажуць загалоўкі газет і першыя навіны тэлебачання. Што зусім не азначае, што іх няма і што яны не маюць ролі важнейшай за вялікіх гэтага свету.
  Таму, заклікае сястра Луцыя, трэба, ні на што не звяртаючы ўвагі, пачаць з сябе, бо “калі б ў Содаме і Гаморы знайшлося дзесяць справядлівых, абодва гарады былі б уратаваныя, нягледзячы на свае жудасныя грахі. «Душа, якая ўздымаецца, уздымае таксама свет» - паўтарала Альжбета Лезюр. І наадварот, душа, якая грашыць, спрыяе вайне, бо, як кажа св. Павел, грэшнікі «не знойдуць шлях супакою» (Рым 3, 17).