2.05.2025

Першая субота мая

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

 ПЕРШАЯ СУБОТА МАЯ

ТРЭЦЯЯ ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА

Спасланне Духа Святога 

Маці, вось я!

Я побач з Табой, о Беззаганная, у гэты цудоўны дзень, выбраны Табой, каб, як дзеці, мы маглі сустрэцца з Табой і прыняць удзел у ажыццяўленні Божых планаў. Бог прагне ратаваць усіх грэшнікаў, паказвае нам шлях, каб за грахі, якія раняць Тваё Беззаганнае Сэрца узнагароджваць у першыя суботы. Усвядомім жа ў гэты дзень, наколькі радаснай праўдай для нас з’яўляецца тое, што найвялікшы клопат Твайго Беззаганнага Сэрца – гэта вечнае збаўленне ўсіх людзей. Таямніца граху і зла, якое перакрывае шляхі да будучыні, як казаў св. Ян Павел ІІ, пераплятаецца з таямніцай узнагароды і запаветам Езуса, які на крыжы робіць Цябе нашай Маці, Маці людзей і Касцёла.

Ідучы за Табой, Маці, шляхам ружанцовых таямніцаў, як Ты просіш, я з’яўляюся сёння сведкам незвычайнай падзеі ў дзень Пяцідзесятніцы. Словы Святога Пісання, кнігі Дзеяў Апосталаў дазваляюць мне ўдзельнічаць у гэтым “паўторным звеставанні”, каб дасведчыць моцы Духа Святога.

“А калі прыйшлі, падняліся ў святліцу, дзе быў Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі” (Дз 1, 13-14).

“Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.  І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх.  І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць. Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, - мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя». Усе былі ўражаныя і ў замяшанні, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?» А іншыя з насмешкай казалі: «Яны шапіліся маладога віна»” (Дз 2, 1-14).

І зноў усё інакш, чым можна сабе па-людзку ўявіць. Езус уваскрос, але як цяжка было спачатку ў гэта паверыць, хоць сам Езус шмат разоў прадказваў гэта сваім вучням. Калі гэта сталася, яны з недаверам і здзіўленнем адрэагавалі на словы, якія праз тры дні пасля смерці Езуса яны пачулі ад жанчын, якія вярталіся з грабніцы. Потым, на працягу сарака дзён Ён сустракаўся з Апосталамі, дапамагаў ім зразумець і паверыць у тое, што выканаліся словы, якія яны чулі раней. Яны атрымалі місію абвяшчэння Евангелля па ўсім свеце, павінны былі вырушыць з Добрай Навіной аж на край зямлі. І вось пасля ўнебаўшэсця Езуса яны стаяць і ўглядаюцца ў неба. Можа поўныя здзіўлення яны захапляюцца таямніцай, у якой удзельнічаюць. Можа гэтая першапачатковая пасіўнасць з’яўляецца выразам ахопліваючага іх здзіўлення. Як гэта сталася, што раней, будучы так блізка ля Езуса, яны так шмат не разумелі? Праўдападобна ў гэтым ёсць нешта большае: Настаўнік зноў здзіўляе сваіх вучняў. Мы засталіся адны, Настаўніка ўжо няма сярод нас – здаецца, можна пачуць такія думкі ў цішыні, якая пануе, калі воблака забрала з iх вачэй Езуса.

“Мужы з Галілей, чаму вы стаіце і ўглядаецеся ў неба?” – пытаюцца анёлы, ці ж вы далей нічога не разумееце, настолькі здзіўленыя і разгубленыя? Умяшальніцтва анёлаў прымушае мяне задаць пытанне: што магло б быць, калі б не спасланне Духа Святога? Як бы тады выглядала гісторыя Касцёла? Ці праўдзіва выглядаюць наступныя словы Пятра: “Дарагія сябры, якія памятаеце і ўзгадваеце Езуса з Назарэту! Мы ўжо паспелі прызвычаіцца да таго, што няма сярод нас нашага любага Настаўніка. Нам ужо не трэба баяцца габрэяў, бо яны ўжо супакоіліся. Няма поваду зноў іх дражніць. Дасягнуты спакой з’яўляецца занадта вялікім дарам, каб легкадумна ім распараджацца. Няхай так будзе, а мы будзем час ад часу сустракацца, каб не згубіць памяць пра Езуса. Для нас і для Яго справы гэта найлепшае рашэнне”.

І напэўна вучні сустракаліся б яшчэ не адзін раз, каб ажывіць памяць пра іх Настаўніка і ўшанаваць Яго асобу. З часам, калі б сіл заставалася ўсё менш, сустрэчы былі б радзейшыя. І разам са смерцю апошняга з іх скончылася б “справа Езуса”. Калі б не парыў Духа Святога, магчыма такой была б гісторыя Езуса – Таго, хто столькі зрабіў на зямлі, што калі б паспрабаваць дакладна ўявіць, то ўвесь свет не змясціў бы кніг, якія трэба было б напісаць, як мы чытаем у евангеллі св. Яна.

Углядаючыся ў Цябе, Марыя, я спрабую таксама зразумець, уявіць сабе, што адбывалася ў Тваім  Беззаганным Сэрцы. Недахоп веры ў вучняў пасля смерці Езуса, іх здзіўленне, а можа нават разгубленасць пасля ўнебаўшэсця, ці не магло ўсё гэта стаць формай спакусы? Ці Ты сама не перажыла страху, што з-за людзкой слабасці справа Езуса хутка ўвогуле скончыцца? Калі нехта атрымае важную місію, адпаведнае заданне, і здаецца агаломшаным, ці не нараджаюцца сумневы ў поспеху распачатай місіі? Калі жаўнер на фронце не ведае, што рабіць, якое ў яго заданне, калі са здзіўленнем глядзіць вакол сябе, ці можна не адчуваць занепакоенасці? Аднак такія думкі наконт ажыццяўлення Божых планаў былі б пэўнай формай сумневу ў моцы Бога, для Якога няма нічога немагчымага. У Тваім Сэрцы, Марыя, не было аднак нават найменшага зярнятка сумневу. Адкуль жа ў Табе, Марыя, столькі даверу, надзеі насуперак усялякай надзеі? Я захапляюся Тваёй паставай, Марыя, і пытаюся: хто Ты, о Беззаганная?

Гісторыя Касцёла, аднак, выглядае зусім інакш. Распачынае ён сваё жыццё і дзейнасць у дзень Спаслання Духа Святога. Ты, Марыя, прысутная ў Вячэрніку, “трываеш на малітве” з жанчынамі і Апосталамі (пар. Дз 1, 14). Ты была прысутная пры зачацці і нараджэнні Езуса – Галавы таго Касцёла. Гэта Ты сапраўдным чынам злучаеш гэтыя два моманты: Назарэт і Вячэрнік; гэта там новае жыццё пачынаецца са справай Духа Святога. Чым лепш Касцёл прыглядаецца да таямніцы Уцелаўлення і Спаслання Духа Святога, тым лепш заўважае праўду, што дзякуючы Твайму “fiat”, Марыя, мы ўпершыню даведваемся пра існаванне і ўмяшальніцтва Духа Святога ў гісторыю чалавецтва. Анёл растлумачыў падчас Звеставання, што “Дух Святы сыйдзе на Цябе і моц Божая агарне Цябе” (пар. Лк 1, 35). І вось ажыццяўленне Божага намеру стала магчымым дзякуючы таму, што Ты, Марыя, паверыла, што выканаюцца словы абяцаныя Панам (пар. Лк 1, 45). Ты, Марыя, якая “зачала ад Духа Святога” (пар. Мц 1, 18), зноў была Ім напоўненая. Увесь Твой шлях веры, любові, дасканалай еднасці з Хрыстом, менавіта з хвіліны гэтай Пяцідзесятніцы, злучыўся са шляхам Касцёла. Вера пакорнай Дзевы з Назарэту свеціць вялікім бляскам сярод Апосталаў. Выбраныя Езусам вучні, здаецца, спалоханыя, адчуваюць страх, а Ты сярод іх становішся Каралевай Апосталаў. У гэтую хвіліну ў чарговы раз можна ўбачыць веліч Твайго “fiat”. Гэта не была толькі згода маладой спалоханай дзяўчыны, а свядомая падпарадкаванасць волі Божай, насуперак усім спакусам і слабасцям людзкой натуры.

Святы Вінцэнт Палотын, які меў з Табой “містычныя заручыны”, прасіў намаляваць абраз, на якім прадстаўлена сцэна спаслання Духа Святога, а Цябе  - як Каралеву Апосталаў. Менавіта вучням аб’яўляўся Уваскрослы Езус, менавіта іх навучаў і даваў знакі таго, што жыве, менавіта ім даручыў місію абвяшчэння Добрай Навіны. Пётр – першы сярод Апосталаў, аднак, узгаданы абраз Цябе, Маці, паказвае ў цэнтры. Гэта не Пётр на першым месцы ў коле Апосталаў, а Ты недзе сярод Іх, або схаваная ў ціхім кутку Вячэрніка. Цябе, Маці, Касцёл бачыць як Тую, якую акружае грона вучняў, а Пётр у жэсце пакоры, падаючы на калені, ля Тваіх стоп кладзе ключы, сімвал улады, атрыманай ад Уваскрослага. Ці ж у гэты час перад днём Пяцідзесятніцы Ты, Марыя, не была для вучняў узмацненнем у веры? Гэта не Касцёл, як мы можам заўважыць, а Ты, як Маці атуляеш Касцёл сваім Беззаганным Сэрцам. Святы Вінцэнт растлумачвае нам, чаму Цябе, Марыя, ён распазнае як Каралеву Апосталаў. У Табе, Маці, мы маем самы дасканалы пасля Езуса ўзор сапраўднага каталіцкага апостальства і дасканалай любові. Ты столькі супрацоўнічала “ў справах для павялічвання хвалы Божай і збаўлення душ, што ў заслугах пераўзышла Апосталаў”. Таму Касцёл справядліва вітае Цябе словамі: Каралева Апосталаў!

Беззаганная Маці, дзякую Табе за чарговы ўрок веры. Дзякую Табе, Марыя, за тое, што вядзеш мяне шляхам таямніцаў ружанца, дзякуючы чаму я мог убачыць Цябе ў Вячэрніку як Каралеву Апосталаў, як Маці нараджаючагася Касцёла. Дух Святы напоўніў Цябе ў хвіліну Звеставання. Пасля ўнебаўшэсця Езуса Ты таксама гатовая Яго прыняць. Тваё Сэрца было і заўсёды застаецца адкрытым на ласку Божую. Ты не перасташ быць служабніцай Божай. Праз прысутнасць у Вячэрніку ты ажыццяўляеш сваё пакліканне да духоўнага мацярынства адносна нараджаючагася Касцёла. Ты Маці і Ты вучыш сваёй паставай правільна выбіраць. “У Вячэрніку той самы Дух зноў сышоў на Цябе, каб уласным прыкладам Ты пабуджала Апосталаў да засяроджанасці, вытрываласці і малітвы,” – вучыў бл. Кс. Сапоцька – каб Ты магла стаць Маці нашай веры.

Дзякую Табе, што дзякуючы Твайму ўроку я зразумеў, што Ты – Маці Езуса Хрыста і Яго неразлучная Спадарожніца ў новай гісторыі збаўлення, калі Сын Божы прыняў ад Цябе людзкую натуру, каб праз таямніцу свайго Цела вызваліць чалавека з граху, а таксама таму, што ўсёй супольнасці абраных Ты свеціш як узор цнотаў (пар. Павел VISignum Magnum). Як кожная маці не можа абмяжоўваць свайго задання толькі нараджэннем новага чалавека, але павінна таксама выкарміць дзіця і выхаваць яго, так я цяпер разумею, што Ты напэўна зрабіла б тое самае, Найсвяцейшая Дзева Марыя. Дзякую Табе за тое, што Ты мне Маці, што ў Тваім Сэрцы я заўсёды магу ўбачыць давер і надзею, хоць людзкая логіка падказвае мне нешта зусім супрацьлеглае. Ave Maria!

 

ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

Уваскрасенне Езуса Хрыста 

Калі б не ўваскрасенне, можна было б падумаць, што Езус – гэта адзін з тых шматлікіх, якія сапраўды захаплялі натоўпы прыгожымі і моцнымі словамі, але нічога акрамя ўспамінаў пасля яго не засталося. Езуса некалі вялікім грамадскім дзеячам і абаронцам убогіх, або адным са шматлікіх аздаравіцеляў, магаў, лекараў, якога, нажаль, забілі. Можна здзіўляцца, што жудасна забілі некага, хто аздараўляў так шмат людзей, але ж усе мы ведаем што смерць нельга перамагчы.

Аднак для Езуса ўваскрасенне было незвычайна важнае, бо Ён жа папярэджваў, што праз тры дні паўстане з мёртвых. Той, што ўваскрашаў памерлых, быў таксама ўваскрэсены моцай любячага Айца. Гэта абяцанне таксама і для нас.

Страшную смерць Сына перажыла таксама і Маці. Праз тры сапраўды цяжкія дні Яна дачакалася ўваскрасення. Падумаем пра сябе, ці мы, як Марыя, верым, што тое, што памерла, можа ўваскрэснуць? Ці мы гатовыя чакаць? Калі мы верым ва ўваскрасенне, мы цалкам інакш убачым Езуса, і сябе. Звернем увагу на словы Езуса, цудоўныя аздараўленні, абарону слабых, але таксама нязломна будзем насіць надзею, што таксама і наш боль, нашы раны, зламаныя сэрцы можа аздаравіць Уваскрослы Езус. Падумаем цяпер пра наша жыццё: добры Айцец сапраўды вытра кожную слязу. Нашу слязу. 

Унебаўшэсце Езуса Хрыста 

   Хіба не на гэта спадзяваліся апосталы! Самі казалі па дарозе ў Эмаус, што Месія павінен вызваліць краіну, народ, устанавіць парадак! Яны б хацелі выгнаць чужую армію, якая кіруе, навязвае свае звычаі. Тады было б відаць, хто справядлівы, можна было б узнагародзіць мужных і перастаць высмейваць пабожных. Тады можна было таксама вярнуць добрыя традыцыі.

Што ж дрэннага ў такіх марах? Нічога, бо ўсё гэта было б прыгожым. Аднак Езус адыходзіць, пакідае апосталаў, іх вучняў, а значыць і нас разам з Марыяй, каб мы паволі, цярпліва, самі навярталі, самі былі справядлівымі, падтрымлівалі добрыя традыцыі, паказвалі, пра што мы клапоцімся, а таксама стрымана і тактычна, з годнасцю захоўвалі добрыя звычаі.

Тое самае, што і з апосталамі, няспынна здараецца на працягу соцен гадоў з новымі пакаленнямі. Мы таксама стаім, бездапаможна ўглядаючыся ў вышыню. Мы не чакаем анёла. Разам з Марыяй задумаемся цяпер над якім-небудзь дробным крокам, які можна зрабіць, каб наблізіць Божае Валадарства – што я магу зрабіць малога ці добрага сёння? Не далёка адсюль, але тут, побач са мной, у сябе дома, у сваім асяроддзі?

Спасланне Духа Святога 

Мы ахрышчаныя, былі ў споведзі, памятаем пра наш сакрамэнт канфірмацыі. Мы прыступаем да Святой Камуніі. Молімся, чытаем Святое Пісанне. Посцімся. Штодзённа імкнемся знайсці добрае слова, зрабіць добры жэст, добры ўчынак. Мы працуем над сабой. Разважаем над таямніцамі ружанца думкай, сэрцам і жыццём.

Гэта вельмі добра, гэта ставіць нас блізка да Езуса, разам з Марыяй. Яна прыняла Звеставанне, Яна ўсім Беззаганным Сэрцам разважала над усімі словамі Сына, паслухмяная волі Божай, хоць гэта і патрабавала з Яе боку моцы асілка. Цалкам Божая, поўная дароў Духа Святога, поўная любові, цярплівасці, лагоднасці, стрыманасці. Мы бачым, што Яна няспынна развівалася духоўна, задумвалася над сваім жыццём, над жыццём Езуса. Мы бачым, як Яна просіць з апосталамі Духа Божага – дзеля сябе, дзеля іх, дзеля нас.

Гэта наша таямніца: нам патрэбны Дух Святы, мы таксама просім Духа Суцяшальніка дзеля нашых блізкіх, дзеля ўсяго свету. Цяпер, з Марыяй, просім, молімся – разам.

Унебаўзяцце Панны Марыі 

Касцёл запрашае нас прысвяціць наш час і наша сэрца настолькі важнай інтымнай таямніцы жыцця нашай Маці. Мы называем яе ўнебаўзяццем, забраннем да неба Марыі з душой і целам. Яна ў небе, блізка да Бога, захопленая Ім усёй душой, усім сэрцам, усім розумам, усім целам. Паразважаем над поўняй шчасця найсвяцейшай Панны.

Традыцыя, жывая і настолькі важная для шматлікіх святых, пацвярджае нашу перакананасць, што пасля жыцця ў блізкасці з Богам на зямлі Марыя жыве ў блізкасці з Богам у небе, у радасці, дзе няма слёз, дзе наймілейшы Айцец усіх запрашае да Божага Сэрца. Ніхто з нас не можа сабе ўявіць такога ўсеабдымнага шчасця – мы проста не можам…

Падумем пра гэта: разважаючы над жыццём Езуса і Панны Марыі, мы думалі пра Іх таямніцы ўкрытага, публічнага жыцця, балеснага і поўнага прыніжэнняў. Тут нам дадзены як абавязак час разважання над радасцю і шчасцем Маці Божай. Падумаем, якая важная радасць у Богу, шчасце ў Богу, які важны гэты плён дзейнасці і моцы Духа Божага для нашага збаўлення! Ці мы згаджаемся разважаць над шчасцем і радасцю, якія нам дасць прабыванне ў блізкасці з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса, як Марыя?

   Укаранаванне Марыі на каралеву неба і зямлі

   Нагадаем сабе цяпер – хоць на хвілінку – калі нас адзначылі, калі мы сабой ганарыліся? Сапраўды, павінен быў быць такі момант, калі нас узнагародзілі, хвалілі, побач стаялі задаволеныя бацькі, задаволеныя сябры…

Цяпер перад намі ўкаранаванне Марыі! Сапраўды, ніхто з людзей ніколі не бачыў гэтага, а можа мы бачылі розныя інтэрпрэтацыі мастакоў – прыгожая Маці ў цэнтры, Айцец радуецца, накладаючы Ёй карону, шмат святых навокал, шмат анёлаў… Можа гэты вобраз трохі наіўны ва ўяўленні, але вельмі значны ў сваёй мудрасці. Гэта радасць самой Марыі і радасць усіх святых, усёй Яе сям’і, Яе маці, Яе айца, цёцяў і дзядзяў, Яе бабуль і дзядуль, усіх Яе сваякоў, сяброў, знаёмых, Яе народу… Яе прыхільнікаў, нас…

Ці мы думалі пра тое, наколькі важны гэты духоўны поспех для вельмі вялікай колькасці людзей? Наколькі вялікае значэнне мае нашае жыццё? Наколькі важна для нашых продкаў, бабуль, дзядуль, сваякоў, бацькоў і сяброў тое, каб мы сталі святымі? Колькі пакаленняў дзяцей, іх дзяцей, будзе радаваць, удахнаўляць наша асоба? Колькім асобам мы можам дапамагчы?

Няма патрэбы адмаўляць – мы патрэбныя; наша жыццё, чым бліжэй яно да святасці, тым важнейшае яно будзе для вялікай колькасці людзей, і будзе радасцю для шматлікіх!

 

 

Перакладзена з польскага выдання:
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”
, Sekretariat Fatimski 2014.
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga,
który jest Miłością.
”, Sekretariat Fatimski 2015