Фацімскія акты прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі

АКТ ПРЫСВЯЧЭНЯ СВЕТУ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
ПАПАМ ПІЯМ
XII 31 КАСТРЫЧНІКА 1942 ГОДА

  
“Каралева Ружанца Святога, Дапаможніца верных, прытулак роду людзкога, Панна, якая перамагаеш ва ўсіх бітвах Божых, вось мы пакорна падаем перад Тваім тронам.
   Мы прыходзім з поўным даверам, што выпрасім міласэрнасць, атрымаем ласку, а таксама неабходную дапамогу і абарону ў нашых няшчасцях. Атрымаем яе не дзякуючы нашым заслугам, на якія мы не разлічваем, а дзякуючы бязмежнай дабрыні Твайго Мацярынскага Сэрца. Табе, Марыя, Твайму Беззаганнаму Сэрцу, мы аддаемся і прысвячаем сябе ў гэтую трагічную гадзіну чалавечай гісторыі.
   Мы яднаемся не толькі з усім святым Касцёлам, містычным Целам Твайго Боскага Сына, якое пакутуе і крывавіць ва ўсіх члонках і якое вельмі замучанае, але і разам з усім светам, які падзелены спрэчкамі, засмучаны нянавісцю, стаўся ахвярай сваіх уласных грахоў.
   Не будзь абыякавай да столькіх знішчэнняў у свеце і ў душах, столькіх цярпенняў і страхаў, столькіх пакутуючых душаў і людзей, якім пагражае вечнае асуджэнне.
   О Маці Міласэрнасці, выпрасі нам у Бога дар хрысціянскага прымірэння паміж народамі! Выпрасі нам усім перш за ўсё тыя ласкі, якія ў адзін момант могуць перамяніць людзкія сэрцы; тыя ласкі, якія падрыхтуюць і ўзмацуюць настолькі ўпрагнёны супакой! Каралева супакою, маліся за нас і абдары свет супакоем, які будзе абапірацца на праўдзе, справядлівасці і любові Хрыстовай! Прынясі нам у дары перш за ўсё супакой духовы, каб Валадарства Божае магло распаўсюдзіцца ў супакоі і згодзе.
   Не пакідай без Тваёй апекі няверуючых і ўсіх тых, што застаюцца ў ценю смерці! Зрабі так, каб узышло для іх сонца праўды! Зрабі так, каб разам з намі яны паўтаралі перад абліччам адзінага Збаўцы свету гэтыя словы: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!”
   Народам, якія аддзяліліся з-за памылак і раздораў, асабліва тым, якія асаблівым чынам Цябе ўшаноўваюць, прынясі ў дары супакой і прывядзі іх да аўчарні Хрыстовай з адзіным сапраўдным пастырам!
   Выпрасі святому Касцёлу Божаму цалкавітую вольнасць! Захоўвай яго ад ворагаў! Затрымай узрастаючы наплыў злых звычаяў! Абудзі ў верніках любоў да чысціні, хрысціянскага жыцця і апостальскага запалу, каб грамада тых, хто служыць Богу, узрасла ў заслугах і колькасці!
   Як Касцёл і ўсё чалавецтва былі прысвечаныя Сэрцу Твайго Боскага Сына, у Ім паклалі сваю надзею, каб Яно сталася невычэрпнай крыніцай перамогі і збаўлення, так і мы, назаўсёды  прысвячаем сябе Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу, Маці нашая і Каралева сусвету, каб любоў Твая і апека запэўнілі перамогу валадарства Божага, а таксама, каб усе народы, паяднаныя паміж сабой і Богам, благаслаўлялі Цябе і праслаўлялі”.

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ СВЕТУ І КАСЦЁЛА БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ ПАПАМ ПАЎЛАМ VI 21 ЛІСТАПАДА 1964 ГОДА

   Мы аддаем у апеку нашай Маці ў небе ўсё чалавецтва з яго цяжкасцямі і клопатамі, разам з яго прагненнямі і самымі гарачымі спадзяваннямі.
   Багародзіца Дзева Марыя, самая годная Маці Касцёла, Табе мы даручаем увесь Касцёл і Паўсюдны Сабор.
   …сцеражы і дапамагай святым Пастырам у выконванні іх абавязкаў, разам са святарамі, братамі і сёстрамі законнымі, а таксама свецкімі вернікамі…
   Памятай пра хрысціянскі народ, які прыбягае пад Тваю абарону…
   Памятай пра ўсіх тых, што знаходзяцца ў беднасці, у патрэбе і небяспецы, а асабліва пра тых, што церпяць пераследванні і пазбаўленыя волі па прычыне вызнавання хрысціянскай веры. Выпрасі ім, Дзева Маці Божая, моц духа, наблізь упрагнёны дзень грамадскай справядлівасці…
   Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы даручаем, о Багародзіца Дзева, усё чалавецтва. Давядзі яго да прызнання Езуса Хрыста адзіным і сапраўдным Збаўцам. Аддалі ад яго няшчасці, якія цягне за сабой грэх, і ўдзялі яму супакой, які абапіраецца на праўдзе, справядлівасці, волі і любові.

МАЛІТВА ПАЎЛА VI ДА МАЦІ БОЖАЙ
У ПЕРШУЮ ГАДАВІНУ
АДКРЫЦЦЯ
II ВАТЫКАНСКАГА САБОРУ

   Паглядзі, Марыя, на ўсё чалавецтва, на гэты сучасны свет, у якім, згодна з планамі Божымі, давялося нам жыць і дзейнічаць; свет, які адварочваецца спіной да Хрыстовага святла, а потым баіцца і плача ў гэтай страшнай цемры, якую сам сабе стварае сваімі дзеяннямі.
   Твой салодкі голас, о Найпрыгажэйшая сярод Дзеваў, о самая годная сярод маці, о Благаслаўлёная сярод жанчын, няхай заахвоціць свет да таго, каб звярнуць увагу на Жыццё, якое з’яўляецца святлом людзей, на Цябе, што з’яўляешся Зоркай, звястуючай Хрыста, адзінае і найвышэйшае Святло свету.
   Выпрасі свету сапраўдныя веды пра сябе самога. Выпрасі свету радасць, выплываючую з існавання ў якасці Божага стварэння, а з гэтага таксама нараджаецца прагненне і здольнасць размаўляць у малітве са сваім Створцам, таямнічы і благаславёны вобраз якога, адлюстроўваецца ў ім.
   Выпрасі свету здольнасць бачыць кожную рэч, як дар ад Бога, а адсюль здольнасць да працы з дабрынёй і ўжывання гэтых дароў з прадбачлівай мудрасцю.
   Выпрасі свету супакой. Зрабі так, каб людзі, якія ўсё яшчэ падзеленыя, былі сабе братамі. Вядзі іх да гэтай мэты, каб яны стварылі ўпарадкаваную і згодную супольнасць.  
   Церпячым, а іх так шмат, і колькасць іх у сённяшняй нядолі ўсё яшчэ ўзрастае, выпрасі суцяшэнне, а памерлым – вечны адпачынак.
   Monstra te esse matrem! Пакажы, што Ты Маці! Вось нашая просьба, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ СВЕТУ
ЯНАМ ПАЎЛАМ
II
РЫМ, 25 САКАВІКА 1984 ГОДА 
  
“Пад Тваю абарону прыбягаем, Святая Багародзіца!”   Са славамі гэтай антыфоны, якой ужо шмат стагоддзяў  моліцца Хрыстовы Касцёл, мы стаім сёння перад Табой, Маці, у гэтым Юбілейным Годзе нашага адкуплення.   Стаім з асаблівым пачуццём еднасці з усімі Пастырамі Касцёла, ствараючы адно целае і адзіную супольнасць, як па волі Хрыста Апосталы былі адным целам і адзінай супольнасцю з Пятром. Адчуваючы гэту еднасць, мы паўтараем словы гэтага Акту, якім яшчэ раз хочам даверыць “спадзяванні і страхі” Касцёла ў сучасным свеце.   Сорак гадоў таму, а таксама дзесяцю гадамі пазней, Твой слуга, Папа Пій XII, маючы перад вачыма балесны досвед людзкой сям’і, даручыў і прысвяціў Твайму Беззаганнаму Сэрцу ўвесь свет, а асабліва тыя народы, якія з-за сваёй сітуацыі, з’яўляюцца асаблівым прадметам Тваёй любові і клопату.    Гэты свет людзей і народаў стаіць у нас парад вачамі таксамі і сёння; свет падыходзячага да заканчэння другога тысячагоддзя, свет сучасны, наш сённяшні свет!   На Другім Ватыканскім Саборы, памятаючы пра словы Пана, Касцёл знайшоў свядомасць сваёй місіі ў свеце: “Ідзіце… і навучайце ўсе народы… вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету” (пар. Мц 28, 19-20).   І таму, о Маці людзей і народаў, якая ведаеш “усе іх цярпенні і надзеі”, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўстрасаюць наш сучасны свет. Просім, прымі нашы малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі сваёй любоўю Маці і Служабніцы Панскай наш людзкі свет, які мы даручаем Табе і прысвячаем, непакоячыся за зямны і вечны лёс людзей і народаў.   Асаблівым чынам мы давяраем Табе і прысвячаем тых людзей і тыя народы, якім найбольш патрэбна гэтае прысвеячэнне і даручэнне”.    “Пад Тваю абарону ўцякаем, Святая Маці Божая, не пагарджай малітвамі нашымі ў патрэбах нашых!”    Сточы сёння перад Табою, Маці Хрыста, мы прагнем разам з усім Касцёлам, ля Твайго Беззаганнага Сэрца, з’яднацца з прысвячэннем, у якім Сын Твой, з любові да нас, аддаў сябе Айцу: “За іх, сказаў, Я прысвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе” (Ян 17, 19). Мы прагнем з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым прысвячэнні за свет і чалавецтва, якое ў Яго Боскім Сэрцы мае моц папрасіць прабачэння і ўзнагародзіць.   Моц гэтага прысвячэння трывае ва ўсе часы, ахоплівае ўсіх людзей і народы, перавышае ўсялякае зло, які дух цемры здольны пасеяць у сэрцы чалавека і яго гісторыі; якое таксама пасеяў і ў нашыя часы.   О, як глыбока мы адчуваем патрэбу прысвячэння за чалавецтва і свет – за наш сучасны свет у еднасці з самім Хрыстом! Справа адкуплення Хрыста павінна стаць удзелам свету праз Касцёл.   Выражэннем гэтага з’яўляецца цяперашні Год Адкуплення: надзвычайны Юбілей усяго Касцёла.   Будзь благаслаўлёная ў гэтым Святым Годзе, Ты, перш за ўсё, Служабніца Пана, якая найбольш была паслухмянай Божаму закліку!   Будзь прывітаная Ты, што цалкам з’ядналася з адкупленчым прысвячэннем Твайго Сына!   Маці Касцёла! Свяці Божаму народу на шляхах веры, надзеі і любові! Дапамажы нам жыць поўнай праўдай Хрыстовага прысвячэння за ўсю чалавечую сям’ю ў сучасным свеце.   Даручаючы Табе, о Маці, свет, усіх людзей і народы, мы даручаем таксама само гэтае прысвячэнне, складаючы яго ў Тваім Мацярынскім Сэрцы.   О Беззаганнае Сэрца! дапамажы нам перамагчы жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей – зла, якое ў непамерных наступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, закрывае шляхі ў будучыню.
   Ад голаду і вайны - выбаў нас!
   Ад атамнай вайны, ад самазнішчэння, ад усіх войнаў –  
выбаў нас!   Ад грахоў супраць жыцця чалавека, пачынаючы з хвіліны яго зачацця - выбаў нас!   Ад нянавісці і прыніжэння годнасці Божых дзяцей – выбаў нас!   Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім жыцці краіны і ўсяго свету - выбаў нас!   Ад невыконвання Божых запаведзяў - выбаў нас!   Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў людзкіх сэрцах – выбаў нас!   Ад грахоў супраць Духа Святога - выбаў нас!
   Прымі, о Маці Хрыста, гэты заклік, напоўнены цярпеннем усіх людзей! Абуджаны цярпеннем цэлых грамадстваў!   Дапамажы нам моцай Духа Святога перамагаць усялякі грэх: грэх чалавека і грэх свету, грэх у кожным абліччы.   Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная збаўчая моц Адкуплення - моц міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло Надзеі!

АКТ ДАРУЧЭННЯ МАЦІ БОЖАЙ
ФАЦІМА, 13 МАЯ 1991 ГОДА
 
   Маці адкупіцеля…
   Зорка марская, найпрасцейшая сцежка да неба, Ты брама да вечнага раю… узнімі, просім, падаючае чалавецтва, якое заблыталася ў сваіх грахах і прагне з іх паўстаць”. Сёння, сабраныя ў Тваіх стоп у Кова да Ірыя, Маці Хрыста і Маці Касцёла, мы яшчэ раз звяртаемся да Цябе, каб падзякаваць за ўсё, што Ты зрабіла на працягу гэтых цяжкіх гадоў дзеля Касцёла, дзеля кожнага з нас і ўсяго чалавецтва.

   “Monstra te esse matrem!”
   Колькі разоў мы скіроўвалі да Цябе гэты заклік! Сёння мы тут, каб дзякаваць за тое, што Ты заўсёды нас выслухоўвала, што была Маці. Маці місійнага Касцёла, ідучага зямнымі шляхамі да трэцяга тысячагоддзя хрысціянства. Маці людзей, мы дзякуем Табе за нястомную апеку, якая дазволіла нам пазбегнуць катастрофаў і немінуючых знішчэнняў, дала магчымасць доступу і дасягнення сучасных грамадскіх вынаходжанняў.
   Маці народаў, мы дзякуем за гэтыя неспадзяваныя змены, якія вярнулі веру і будучыню народам, якія вельмі доўга знаходзіліся ў прыніжэнні і ўціску; Маці жыцця, мы дзякуем Табе за гэтыя шматлікія знакі, якія кажуць пра тое, што Ты з намі, што ахоўваеш нас ад зла і ад моцаў смерці. Ты заўсёды была мне Маці, а асабліва 13 мая 1981 года, калі я адчуваў пры сабе Тваю апякунчую прысутнасць.  Маці кожнага чалавека, якая змагаешся за жыццё, якое не ведае смерці. Маці чалавецтва, адкупленай крывёю Хрыста. Маці дасканалай любові, Маці надзеі і супакою. Святая Маці Адкупіцеля.

   “Monstra te esse matrem!”
   Так, не пераставай паказваць, што Ты Маці для ўсіх, бо Ты патрэбна свету. Новая сітуацыя народаў і Касцёла ўсё яшчэ застаецца няпэўнай і нестабільнай. Усе яшчэ існуе небяспека таго, што месца марксізму можа заняць атэізм у іншай постаці, якая усхваляючы вольнасць, ідзе да знішчэння самых каранёў хрысціянскай і чалавечай маральнасці.
   Маці надзеі, будзь спадарожніцай на нашым шляху, спадарожніцай на шляху чалавека XX стагоддзя, людзей ўсіх культур і рас, усіх становішчаў і ўзростаў. Будзь спадарожніцай народаў у іх імкненні да салідарнасці і ўзаемнай любові. Будзь з маладымі багатырамі ў дні супакою, якія надыйдуць.
   Ты патрэбна народам, якія нядаўна атрымалі вольнасць і цяпер будуюць сваю будучыню. Ты патрэбна і Еўропе, якая ад Захаду да Ўсходу, не зможа знайсці сваю сапрўдную тоеснасць, калі наноў не адкрые супольных хрысціянскіх каранёў. Ты патрэбна свету, каб скончыць такія шматлікі і гвалтоўныя канфлікты, якія яго мучаюць.

   “Monstra te esse matrem!”                                   
   Бузь Маці ўбогіх: таго, хто памірае ад голаду альбо смяротна хворы; таго, каго спаткала крыўда і несправядлівасць, хто не знаходзіць працы, хто не мае дому і дзе схавацца; хто далёка ад Бога спрабуе з роспаччу і дарэмна знайсці суцяшэнне. Дапамажы нам бараніць жыццё, якое з’яўляецца адлюстраваннем любові Бога, дапамажы нам бараніць яго заўсёды: ад зачацця да яго натуральнага канца.
   Будзь Маці еднасці і супакою. Няхай надыйдзе канец гвалту і несправядлівасці паўсюль, дзе яны ёсць. Няхай у сем’ях заквітнее еднасць і згода, а паміж народамі ўзаемнае зразуменне і шанаванне. Няхай супакой, сапраўдны супакой, запануе на ўсім зямным шары! Марыя, дай свету Хрыста, які з’яўляецца нашым супакоем. Няхай народы ўжо не падзяляе нянавісць і прагненне помсты; свет жа няхай не паддасца міражам ілжывага дабрабыту, які забівае годнасць асобы і падвяргае небяспецы ўсё стварэнне.
   Будзь Маці надзеі! Чувай на чакаючым нас шляху. Чувай над людзьмі, над народамі ў новай сітуацыі, якім далей пагражае прывід новай вайны. Чувай над адказнымі за лёсы дзяржаў і над тымі, што ў сваіх руках трымаюць будучы лёс чалавецтва. Чувай над Касцёлам, які заўсёды вымушаны супрацьстаяць сеткам духу гэтага свету. Асаблівым чынам чувай над набліжаючымся Сінодам Біскупаў – важным этапам на шляху новай евангелізацыі Еўропы. Чувай над паслугай намесніка Пятра, які з’яўляецца служэннем Евангеллю і людзям, і кіруй яго да новых гарызонтаў місійнай дзейнасці Касцёла.
                                                                                                                                                                               
   Totus tuus!
   У еднасці з Пастырамі, у еднасці з усім народам Божым, рассеяным па свеце, я аднаўляю сёння перад Табой дзіцячы давер людзкога роду. Мы ўсе давяраемся Табе. Мы пастанаўляем ісці з Табой за Хрыстом, Адкупіцелем чалавека: няхай не абцяжарвае нас стомленасць, праца няхай не спазняе нашых крокаў, перашкоды няхай не гасяць у нас адвагі, а смутак радасці сэрца.
   Марыя, Маці Адкупіцеля, будзь заўсёды Маці для ўсіх, чувай над нашай пілігрымкай і зрабі так, каб у небе, поўныя радасці, мы аглядалі Твайго Сына. Амэн!


АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ ПОЛЬСКАГА НАРОДУ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
ЯСНАЯ ГАРА, 8 ВЕРАСНЯ 1946 ГОДА

  
Благаславёная Дзева! Найчысцейшая Маці Бога! Як некалі пасля шведскага нападу кароль Ян Казімір абраў Цябе Апякункай і Каралевай дзяржавы і Рэч Паспалітую даручыў Тваёй асаблівай апецы і абароне, так сёння,  у гэтую гістарычную хвіліну, мы, дзеці польскага народу, стаім сёння перад Тваім тронам з гімнам любові, сардэчнай пашаны і ўдзячнасці. Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы прысвячаем сябе, увесь народ і ўваскрослую Рэч Паспалітую, абяцаючы Табе верную службу, цалкавітую адданасць, а таксама шанаванне Тваіх святыняў і алтароў. Сыну Твайму, а нашаму Адкупіцелю мы шлюбуем захаванне вернасці Яго навуцы і праву, абарону Яго Евангелля і Касцёла, распаўсюджванне Яго валадарства.
   Пані і Каралева наша! Пад Тваю абарону ўцякаем, мацярынскай апекай агарні польскую сям’ю і сцеражы яе святасць. Натхні надзвычайным духам і пабожнасцю нашу парафію; захоўвай яе члонкаў ад грахоў і няшчасцяў, а пастыра ўмацоўвай і асвячай сваімі ласкамі. Польскаму народу дай вытрываласць у веры, святасць жыцця, зразуменне паслання. Аб’яднай яго ў згодзе і братэрскай любові. Дай гэтай польскай зямлі, прасякнутай крывёю і слязамі, спакойны і слаўны быт у праўдзе, справядлівасці і вольнасці. Рэчы Паспалітай Польшчы будзь Каралевай і Валадаркай, натхненнем і Апякункай.
   Магутная Дапаможніца верных! Агарні плашчом апекі Папу і святы Касцёл. Будзь яму шчытом: выпрасі яму святасць і апостальскі запал,  вольнасць і плённую дзейнасць. Стрымай распаўсюджванне бязбожнасці. Людзям, якія адышлі ад Касцёла, пакажы шлях навяртання да еднасці і да Хрыстовай аўчарні. Пакажы няверуючым сонца праўды і напоўні іх душы пяшчотай Твайго Беззаганнага Сэрца.
   Магутная Каралева свету! Паглядзі літасцівым вокам на клопаты і памылкі людзкога роду. Вывядзі яго са смутку і бязладдзя, з неспагадлівасці і грахоў. Выпрасі народам шчырае і трывалае паяднанне. Пакажы ім шлях вяртання да Бога, каб на падставе Яго прыказанняў яны будавалі сваё жыццё. Дай усім трывалы супакой, які абапіраецца на справядлівасці, братэрстве, даверы.
   Прымі нашую ахвяру і нашыя шлюбаванні, Маці Бога і нашая. Прыгарні ўсіх да свайго Беззаганнага Сэрца і злучы нас на заўсёды з Хрыстом і Яго святым валадарствам. Амэн.

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ СЯМ’І
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
НАПІСАНЫ СВЯТЫМ ЛЮДОВІКАМ
ГРЫНЬЁНАМ ДЭ МАНФОРАМ

   О Марыя, Дзева і Маці Бога, наша сям’я, якую Ты бачыш у Сваіх стоп, урачыста прысвячаецца сёння Твайму Беззаганнаму Сэрцу.
   Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы прысвячаемся бяз рэшты нашу айчыну, нашы сэрцы, нашы душы, усё, чым мы з’яўляемся і што маем. Табе мы прысвячаем нашы часовыя і духовыя клопаты, нашу працу і труд, нашы радасці і цярпенні.
   Марыя, асвяці нас і благаславі!
   Просім Цябе, самая любая Маці, не адмаўляй нам у Сваёй апецы і напоўні нас сваім духам. Адары нас сваімі якасцямі: духам любові да Бога і паслухмянасцю, каб наш дом ўсё больш станавіўся домам супакою; духам маральнасці і пабожнасці, каб мы з глыбокай пашанай адносіліся да цела і душы; духам малітвы і аскетызму, каб праз частае прыманне святых сакрамэнтаў, а перш за ўсё праз малітву на ружанцы, мы захоўвалі і памнажалі ў сабе ласку Божую; духам бескарыслівай любові да бліжняга, каб мы ўсё больш станавіліся адным сэрцам і адной душой; духам вернасці нашым абавязкам і сумленнасці, каб кожны з нас праз перамогу над жаданнем выгады, падабаўся Табе і прыносіў радасць.
   О Беззаганнае Сэрца Марыі!
   Просім Цябе, дазволь, каб з Твайго Сэрца выплыў струмень тых ласкаў, якія ўфармуюць нашу сям’ю на падабентва Святой Сям’і з Назарэту. Дапамажы нам жыць так, як мы абяцалі; кахаць так, каб радаваць Цябе; рабіць так, як Ты гэтага жадаеш! Благаславі нашы пастанаўленні і абяцанні. Дадай нам адвагі, каб праз малітву і утаймаванне цела мы ўдзельнічалі ў збаўленні грэшнікаў, у пашырэнні валадарства Твайго і Твайго Боскага Сына, ва ўзнагароджванні за ўсе знявагі, якімі няўдзячныя людзі раняць Тваё Мацярынскае Сэрца.
   Просім Цябе, Марыя, Маці наша, Пані і Карелева нашай сям’і:  
   Благаславі нас!
   Барані нас!
   Заслані нас!  
   Запішы нашы імёны ў Тваё Беззаганнае Сэрца, як гарантыю Тваёй асаблівай апекі. Амэн.


АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ СЯМ’І БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ 
   Марыя, наша сям’я прысвячае сябе сёння бяз рэшты Твайму Беззаганаму Сэрцу. Мы даручаем Табе нашае мінулае, сучаснасць і будучыню, асабліва гадзіну нашай смерці  і саму смерць. Апякуйся намі і распараджайся нашым часам, духоўным жыццём, нашай працай. Мы прысвячаем Табе нашыя целы, нашыя душы, нашыя здольнасці і ўменні. Табе мы даручаем нашую вольнасць, нашыя імкненні, нашыя абавязкі і нават нашыя правіны.   Перш за ўсё, прасі за нас Духа Святога, Нявестай якога Ты з’яўляешся, каб Ён напоўніў нас і асвяціў. Зрабі так, каб наш сямейны ачаг стаў другім домам назарэтанскім. Асвячай нас праз штодзённую малітву на ружанцы і частае прыняцце святых сакрамэнтаў. Благаславі нас усіх і адары нас Тваім незвычайным супаком. Застанься з намі назаўсёды разам з Езусам, святым Юзафам і святымі анёламі. Будзь “Аркай збаўлення” дзеля нашай сям’і, якая цяпер і назаўсёды прагне Табе належаць, для годнасці і хвалы Бога Найвышэйшага.

АБЯЦАННІ,
ДАДЗЕНЫЯ Ў АКЦЕ ПРЫСВЯЧЭННЯ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ

   Фацімская Спадарыня, Маці Міласэрнасці, Каралева неба і зямлі, Пытулак грэшнікаў! Мы асаблівым чынам прысвячаемся Твайму Беззаганнаму Сэрцу.
   Гэтым актам прысвячэння мы аднаўляем разам з Табой і праз Цябе ўсе абяцанні, складзеныя на святым хросце, і бяром абавязак жыць у духу евангельскага навяртання, пазбавіцца любові да сябе, не ісці на ніводны кампраміс з гэтым светам, каб няспынна заставацца ў Тваім распараджэнні і, як Ты, заўсёды выконваць волю Айца нябеснага.
   Акрамя гэтага, мы даручаем Табе, о найлепшая і наймілейшая Маці, усё нашае існаванне і нашае хрысціянскае пакліканне. У гэты рашучы момант, які навісае над светам, Ты з’яўляешся знакам збаўлення. Мы хочам кіраваць нашым жыццём згодна з Тваімі жаданнямі, у духу пакоры і малітвы. Мы хочам старанна ўдзельнічаць у Святой Імшы, быць апосталамі, кожны дзень пабожна маліцца на ружынцы і ў духу Евангелля весці жыццё, поўнае гатоўнасці дзеля ахвяраванняў, мы прагнем быць здольнымі прабачаць і ўзнагароджваць.
   Мы прагнем усяму свету даваць прыклад цнатлівага і чыстага хрысціянскага жыцця. Ва ўмовах розных супраціваў супраць паслугі навучання і пастырскага служэння папы, якая з’яўляецца фундаментам Касцёла, мы прагнем захаваць вернасць Святому Айцу ў еднасці з біскупамі і святарамі, якія знаходзяцца з ім у самай сціслай сувязі. Пад Тваёй мацярынскай апекай мы прагнем быць апосталамі супольнай малітвы і любові, так вельмі патрэбнай сёння дзеля Папы, просячы аб асаблівай над ім апецы.
   Мы абяцаем Табе таксама маліцца за ўсіх людзей і, наколькі гэта будзе магчыма, за тых, што з намі сутыкаюцца, прыводзячы іх заўсёды да Цябе і абуджаючы ў іх набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца.
   Калі хваля бязбожнасці адабрала веру ў шматлікіх людзей, калі знявага дасягае святынь Божых, а зло і грэх усё раз больш заліваюць свет, поўныя даверу мы асмельваемся ўзносіць наш позірк да Цябе, о Маці Езуса і нашая магутная і літасцівая Маці, ізноў просячы Цябе ўратаваць усіх Тваіх дзяцей, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя! Амэн.


МАЛІТВА ДА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ МАРЫІ ПАННЫ
СВ. ВІНЦЭНТА ПАЛОТТІ

   Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, асвечаны і зааховочаны ласкамі, якія Ты Сваёй мацярынскай ласкавасцю так шмат выпрасіла мне са скарбу Божага, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі маё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Таму аддаю маё сэрца Табе, о Найсвяцейшая Панна, у прысутнасці хораў анёльскіх і ўсіх святых, а Ты ад майго імя прысвяці яго Езусу. З дзіцячым даверам, у якім я Табе прызнаюся, я ўпэнены, што цяпер і заўсёды Ты зробіш усё, каб маё сэрца, найдасканалей наслядуючы святых, а асабліва святого Юзафа, найчысцейшага Твайго Сужонка, няспынна цалкам належала Езусу. Амэн.


АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ
МАРЫІ ПАВОДЛЕ СВ. ЛЮДОВІКА
ГРЫНЬЁНА ДЭ МАНФОРА

   Перад Тваім абліччам, о Беззаганная Маці, я аднаўляю і пацвярджаю сёння абяцанні святога Хросту. Я выракаюся на заўсёды шатана, яго пыхі і яго спраў, і цалкам аддаюся Езусу Хрысту, Уцелаўлёнай Мудрасці, каб пайсці за Ім, несучы свой крыж кожны дзень свайго жыцця. А каб быць яму яшчэ больш верным, чым я быў да сённяшняга дня, я абіраю сёння Цябе, о Марыя, у прысутнасці ўсяго нябеснага двара, як сваю Маці і Гаспадыню.
   Як Твой няволькік я аддаюся Табе і прысвячаю цела і душу маю, даброты ўнутраныя і знешнія, а нават вартасць маіх добрых учынкаў, як мінулых, так сучасных і будучых, пакідаючы Табе цалкавітае права распараджацца мной і ўсім, што ў мяне ёсць без выключэння, паводле Твайго ўпадабання, дзеля большай хвалы Божай цяпер і на векі.


МАЛІТВА СВ. ГЕРТРУДЫ
ДА БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА МАРЫІ

   О Беззаганнае Сэрца, у мяне няма нічога, што магло б быць годным таго, каб скласці Табе ў ахвяры, але я адчуваю патрэбу дзякаваць Табе за ўсе ласкі, якія я атрымліваю праз Тваё заступніцтва ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса! Як жа я павінна ўзнагароджваць Табе за сваю абыякавасць у святым служэнні Табе! Я прагну ахвяраваць Табе любоў за любоў. Адзінае дабро, якое я маю, гэта Боскае Сэрца Езуса, якое Ты мне падаравала. Ахвярую Табе гэты скарб, які мае бязмежную вартасць! Я не магу нічога больш Табе падараваць, а Ты, о Маці, нічога больш ад мяне не чакаеш. Прымаючы гэта дар, так Табе мілы, прымі таксама маё сэрца, якое складае Табе гэты дар, і гэта будзе маім сапраўдным шчасцем. Амэн.


АКТ АДДАННЯ СЯБЕ БЕЗЗАГАННАЙ
СВ. МАКСІМІЛІЯНА МАРЫІ КОЛЬБЭ

   О Беззаганная, Каралева неба і зямлі, Прытулак грэшных і Маці наша наймілейшая, Табе Бог даручыў усё права міласэрнасці. Я, нягодны грэшнік, падаю да Тваіх стоп, пакорна просячы, каб Ты мяне ўсяго прыняла, як сваю цалкавітую ўласнасць, і зрабіла са мной, з  моцамі маёй душы і цела, і ўсім маім жыццём, смерцю і вечнасцю, тое, што Табе спадабаецца.
   Выкарыстай таксама, калі захочаш, мяне ўсяго, без рэшты, дзеля таго, каб здзейснілася тое, што пра Цябе сказана: “Яна раздавіць тваю галаву”, а таксама: “Усе ерасі ты сама знішчыла ва ўсім свеце”, каб у Тваіх беззаганных і найлітасцівейшых руках я стаўся карысным начыннем дзеля ўзмацнення і большага ўзрастання Тваёй хвалы ў заблукалых і абыякавых душах, і такім чынам дзеля большага пашырэння благаславёнага валадарства Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Таму  што там, дзе Ты ўваходзіш, там ласку навяртання і асвячэння выпрошваеш. І праз Твае рукі ўсе ласкі сплываюць на нас з Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
   Дазволь мне хваліць Цябе, о Найсвяцейшая Панна.
   Дай мне моц супраць Тваіх ворагаў.

АКТ АСАБІСТАГА АХВЯРАВАННЯ СЯБЕ
СТЭФАНА ВЫШЫНСКАГА
НАЙСВЯЦЕЙШАЙ МАЦІ Ў СТОЧКУ
   Святая Марыя, Багародзіца Дзева, я абіраю цябе сёння як сваю Гаспадыню, Заступніцу, Апякунку і сваю Маці.   Я моцна пастанаўляю і абяцаю, што ніколі не пакіну, не скажу і не зраблю нічога супраць Цябе. Ніколі не дазволю, каб іншыя зрабілі што-небудзь супраць Тваёй годнасці.   Прашу Цябе, прымі мяне назаўсёды як свайго слугу і дзіця. Дапамагай мне ўва ўсіх маіх патрэбах душы і цела, а таксама ў святарскай працы дзеля іншых.   Я аддаюся Табе, Марыя, у цалкавітую няволю, а як Твой нявольнік, я прысвячаю Табе цела і душу маю, даброты ўнутраныя і знешнія, нават вартасць маіх добрых учынкаў, мінулых, цяперашніх і будучых, пакідаючы Табе цалкавітае і поўнае права распараджацца мной і ўсім, што я маю, без выключэння, паводле Твайго ўпадабання, дзеля большай хвалы Бога, цяпер і на векі.   Я прагну праз Цябе, з Табой, у Табе і дзеля Цябе стаць цалкавітым нявольнікам Твайго Сына, якому Ты, о Маці, аддай мяне ў няволю так, як я аддаўся Табе.   Усё, што я буду рабіць, праз Твае Беззаганныя рукі, Пасрэдніца ўсіх ласкаў, я аддаю дзеля хвалы Святой Тройцы – Soli Deo!   Марыя Яснагорская, не пакідай мяне ў штодзённай працы і пакажы Сваё чыстае аблічча ў гадзіну маёй смерці. Амэн.

ЯСНАГОРСКІ
АКТ АХВЯРАВАННЯ СЯБЕ МАЦІ БОЖАЙ
СКЛАДЗЕНЫ КАРДЫНАЛАМ ВЫШЫНСКІМ
 
   Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю.   Шчырым сэрцам я аддаюся Табе ў няволю любові.   Даю Табе поўную свабоду карыстацца мной дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святога Касцёла, Маці якога Ты з’яўляешся.   З гэтага часу я прагну рабіць усё з Табой, праз Цябе і дзеля Цябе. Я ведаю, што ўласнымі намаганнямі я нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і Ты заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, зрабі, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сараўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.

АКТ АСАБІСТАГА ПРЫСВЯЧЭННЯ СЯБЕ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
 
   О Беззаганнае Сэрца Найхавалебнешай Дзевы Марыі! Вітаю Цябе як Сэрца Маці Божай, Маці Адкупіцеля людзкога роду, Пасрэдніцы ўсіх ласкаў, вяльможнай Каралевы свету, а таксама маёй чулай Маці.   У еднасці з Сэрцам Езуса, Твайго Наймілейшага Сына, я прысвячаю і аддаюся Табе цалкам і бяз рэшты, клічучы: “TOTUS TUUS EGO SUM ET OMNIA MEA TUA SUNT!” О Сэрца Марыі, я цалкам належу Табе і ўсё, што я маю, належыць Табе. Твайму Беззаганнаму Сэрцу я прысвячаю жыццё маё і ўсю маю дзейнасць, пачуцці і сілы, даброты духоўныя і матэрыяльныя, натуральныя і звышнатарульныя, унутраныя і знешнія, прамінаючыя і сталыя, сваё мінулае, сучаснасць і будучыню – ўсё бяз рэшты – свой час, жыццё, вечнасць, неба, сваё сэрца, цела, душу, асобу і ўсю сваю сутнасць – усё!   О Беззаганнае Сэрца маёй найчысцейшай Маці, агарні мяне сваёй магутнай уладай і распараджайся мной і гэтай маёй ахвярай паводле намераў і ўпадабанняў Божых.   О, Сэрца, палаючае Божай любоўю, я цалкам давяраюся і даручаюся Табе. Будзь маім святлом і сілай, апорай і дапамогай, адпачынкам і прытулкам, радасцю і жыццём, маім апякуном і ўсім маім пасля Найсвяцейшага Сэрца Езуса, майго Караля і Жаніха.   Я абяцаю Табе, о Беззаганнае Сэрца, пазбягаць, па Твайму прыкладу, ўсялякага граху і недасканаласці, якія, як вострыя шыпы, маглі б Цябе зраніць.   Я прагну, каб з гэтага моманту, кожная хвіліна майго жыцця была адзіным актам любові да Езуса, з’яднаным з Тваім, Марыя, Беззаганным Сэрцам. Я хачу жыць, працаваць, маліцца і цярпець, змагацца і паміраць для прыспешвання надыходу Валадарства Сэрца Езуса, праз валадаранне Твайго Мацярынскага Сэрца.   О Сэрца Панны вернай і Прытулку грэшнікаў, зрабі мяне верным вучнем і паслядоўнікам Езуса; абудзі ўва мне нянавісць да граху і ментальнасці гэтага свету; адары мяне духам Божага дзіцяці; ствары ўва мне сэрца чыстае, адважнае і мужнае. Памнажай ува мне жыццё Божае, з’яднанае з Найсвяцейшай Тройцай, каб праз Тваё заступніцтва я ўжо тут, на зямлі, дасягнуў такі ўзровень святасці, а ў вечнасці – такі ўзровень хвалы, якія Бог мне падрыхтаваў з самага пачатку. Амэн.