Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
Крыжовы шлях Езуса Хрыста
Маці, вось я!
Вось я ў першую суботу побач з Тваім Беззаганным
Сэрцам, Марыя!
Беззаганная Маці майго Пана, сёння праз разважанне
над чацвёртай балеснай таямніцай Ты запрашаеш мяне вырушыць у дарогу, ідучы за
Езусам, які пасля прысуду Пілата распачаў свой крыжовы шлях. Раней можна было
стать у старонцы і пасіўна назіраць, як здзекваліся над Тваім Сынам. Цяпер я
ўжо не магу стаяць ананімна, калі я хачу быць блізка ля Хрыста, я павінен
вырушыць за Ім. Гэта робяць не толькі жаўнеры, але і тыя, што патрабавалі
вызвалення Варавы.
Маці, які ж вялікі боль напаўняў Тваё Сэрца! Вось
той, каго раней прызналі злачынцам, радуецца цяпер вызваленню, а Твой Сын,
якога народ не так даўно хацеў зрабіць каралём, нясе крыж. Гэта несправядліва!
– хацелася б закрычаць і як мага хутчэй пачаць шукаць магчымасці вызваліць
Езуса! Аднак у Тваім Сэрцы не нараджаецца такое жаданне, таму што ў Тваім “fiat” ужо была згода на гэтую ахвяру. Ты
ўсведамляеш, што так павінна быць. Аднак перад абліччам настолькі вялікага
цярпення ці Ты не пытаешся як Маці: чаму вы так здзекваецеся над маім Сынам? А
можа нараджаецца іншае больш важнае пытанне: што будзе з народам, які адкідвае
Таго, каго чакаў столькі стагоддзяў? Гэтая ахвяра, аднак, абавязковая, Езус
дзеля гэтага нарадзіўся, і Ты ў гэтым упэўненая. Што цяпер будзе, калі Той, які
павінен быў прынесці вольнасць, вызваленне Ізраэля, будзе забіты? Ці Тваё Сэрца
зноў не выпрабаванае, як у хвіліну звеставання? Ці перад абліччам таго, што
адбываецца, чалавек можа сказаць: я ўсё разумею. Напэўна не, і трэба вырушаць у
дарогу, бо жаўнеры выводзяць Езуса.
“Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца,
які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім
вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
Езус абярнуўся да іх
і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце
па Мне, а плачце па сабе і па
дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі
скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не
кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце
нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?» Вялі з
Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.
Сама дабрыня і любоў становіцца сярод двух
злачынцаў. Калі па сведчанню двух асобаў магло абапірацца абвінавачванне, так і
падчас крыжовай дарогі на Галгофу іх прысутнасць становіца формай пацвярджэння
таго, што Езус заслугоўвае смерці. Калі так, то тады зразумела, чаму ніхто не
хоча Яму дапамагчы і чаму трэба было прымусіць Сымона Кірынэйца. Чаму адбылося
так, што ўсе прынялі смяротны прысуд? На працягу стагоддзяў гучыць спеў
прывітання Езуса, які ўваходзіць у Ерузалем. Сцежка ўсланая пальмавымі
галінкамі. А ўжо праз некалькі дзён разносіцца ўжо не спеў радаснага
прывітання, а крык: “Укрыжуй яго!” Ці сапраўды, аднак, усе адвярнуліся ад
Езуса, ці дазволілі сябе падкупіць? Вось у пачатку крыжовай дарогі чуецца плач
жанчын, якія ідуць за Тваім Сынам і плачуць, а значыць не ўсе дазволілі сябе
падмануць. Але ці гэты плач суцяшае Цябе? Твой Сын не чакае такога спачування,
бо ёсць нешта большае, чым толькі цярпенне.
Аднак немагчыма паўстрымаць слёзы і хвалявання пры
такім відзе пакуты. “Толькі цяпер ішоў Пан наш і Збаўца, схілены, хістаючыся
пад цяжарам крыжа, збіты, паранены бічамі, патаўканы. З учарашняй Апошняй
Вячэры нічога не еў, не піў, не спаў, бо ўвесь час Яго бязлітасна катавалі; Яго
сілы вычарпаліся са стратай крыві, ранамі, гарачкай, смагай, бясконцымі
духоўнымі пакутамі і трывогай; Ён ледзве мог утрымацца на дружучых, слабых,
параненых нагах. Правай рукой ён з цяжарам стараўся прытрымаць адзенне, якое
перашкаджала Яго няўпэўненым крокам. Два каты цягнулі Яго ўперад на доўгіх вяроўках,
два другія пхалі Яго з тылу; шнуры, якія ішлі ад паса, перашкаджалі Яму
прытрымліваць сваё адзенне, а таму і крокі Яго былі няўпэненымі” (Пасія,
бл. К. Эмерых).
Від пакутючага чалавека звычайна выклікае
спачуванне. У гэтым выпадку яно ўзмацняецца паводзінамі церпячага, які з
пакорай прымае ўсё, што яго сустракае. Цярпенне дзіцяці ў шпіталі нікому не
дазваляе прайсці абыякава. Калі, аднак само дзіця кажа: “не перажывайце, я
паміраю, але іду ў неба, я смуткую па Богу”, ці тады гэтыя словы не разрываюць
сэрца, цi не хвалююць нават самага абыякавага чалавека? Слёзы сціскаюць горла
яшчэ больш, але ўжо не ад звычайнай літасці, а ад пачуцця таго, што перавышае
часовае вымярэнне чалавека, ад пачуцця любові, якая з жыцця робіць ахвяру.
Вось я гляжу на Езуса, як глядзіць маці, што чувае
ля ложка свайго паміраючага дзіцяці, якое згаджадецца на смерць. Гляжу на
Езуса, які нясе крыж, і бачу: “Яго рукі былі распухшыя і параненыя, ад таго,
што іх моцна перавязалі вяроўкамі. Аблічча было пакрытае сінякамі і ранамі, барада
і валасы расшарпаныя, злепленыя засохшай кроўю. Цяжар крыжа і моцныя вузлы
моцна ўдаўлівалі сукню з воўны ў параненае цела, а воўна ізноў прыляплялася да
скрываўленых ранаў. Сярод здзекаў і злосці ворагаў Езус ішоў ціхі, з худым
тварам, змучаны, але поўны любові; Яго вусны шапталі словы малітвы, у позірку
была відаць маўклівая просьба, бязмежнае цярпенне, а таксама прабачэнне. Два
каты, падтрымліваючы на вяроўках канец крыжа, перашкаджалі Езусу і абцяжарвалі
нясенне крыжа, бо не думалі пра тое, каб ісці роўна і на аднолькавай вышыні
трымаць крыж. З двух бакоў, трохі на адлегласці, ішлі жаўнеры, узброеныя
дзiдамi” (Пасія, бл. К. Эмерых).
Вельмі часта людзі сёння пытаюцца: дзе Бог? Ці Ён
увогуле ёсць, калі дазваляе такое вялікае цярпенне і несправядлівасць? Чаму,
аднак, ніхто не спытаецца пра зло, настолькі жудаснае, і чалавецтва настолькі
ім зняволенае, што патрэбна была ахвяра самаго Бога? Словы Езуса, скіраваныя да
плачучых жанчын, здаецца, у чарговы раз нагадваюць нам, што не трэба
засяроджвацца на самім факце цярпення. Досвед цярпення павінен схіліць нас да
пытання: дзе яго крыніца? Само спачуванне не вядзе да змены ці яго вырашэння.
Гледзячы на Цябе, Маці, я імкнуся зразумець, як я
бачу гэту сцэну, калі Ты сустракаешся са Сваім Сынам. “У пачатку натоўпу
Найсвяцейшая Маці ўбачыла паслугачоў катаў, якія з трыюмфам неслі начынні
пакуты; Яна задрыжала і ўзнесла рукі, балесны крык выйшаў з Яе грудзей. Бачучы
гэта, адзін з паслугачоў запытаўся ідучых ля яго назіральнікаў: “Што гэта за
жанчына, якая так балесна крычыць?” Нехта з натоўпу адказаў яму: “Гэта Маці
Галілеяніна”. Гэтыя словы толькі падштурхнулі подлых паслугачоў. Адразу ж
пасыпаліся здзекі і едкія насмешкі на пакутуючую Маці, на Яе тыкалі пальцамі, а
адзін з іх падсунуў Найсвяцейшай Панне кулак, у якім трымаў цвікі, якімі
павінны былі прыбіць Езуса да крыжа. Зламаная бязмежным болем, абаперлася Маці
Божая на браму, узнесла рукі, чакаючы, што хутка ўбачыць Езуса. Яна была белая,
як нябожчыца, з пасінеўшымі вуснамі. […] Бязмежны боль і любоў адгукнуліся пры
яго відзе з падвойнай моцай у сэрцы Найсвяцейшай Панны. Зніклі з Яе вачэй каты,
зніклі жаўнеры, Яна бачыла толькі свайго любага, змучанага, скатаванага Сына;
выйшла на вуліцу, праціснулася сярод катаў і ўпала на калені перад Езусам,
абдымаючы Яго рукамі. […] Я пачула два балесныя ўздыханні: “Сын мой! – Маці
мая!” Шмат жаўнераў адчула іскарку літасці ў сваім сэрцы, але бязлітасныя каты
толькі смяяліся і лаяліся, а адзін з іх крыкнуў: “Жанчына! Чаго ты хочаш? Трэба
было яго лепш выхоўваць, і ён не трапіў бы цяпер у нашыя рукі.” Найсвяцейшую
Панну прымусілі адысці, але ніхто не адважыўся зняважыць яе. Разам з Янам і
жанчынамі, вярнулася Марыя за браму і тут, амаль мёртвая ад болю, упала на
калені на скошаны наўгольнік брамы, павярнулася спіной да смутнага натоўпу, каб
не бачыць больш, што там адбываецца” (Пасія, бл. К. Эмерых).
Маці, Ты побач з Езусам, але не клічаш аднак:
пакіньце Яго, Ён не вінаваты; не даеш волі сваім матчыным пачуццям, каб
бараніць уласнае дзіця, але Ты Сэрцам з Яго Сэрцам. Усведамленне таго, што гэта
ахвяра павінна выканацца, не зрывае кроўных повязяў з Тваім уласным дзіцём, Ты
заўсёды будзеш адчуваць як Маці Езуса, які цяпер нясе крыж, каб скласці ахвяру
для збаўлення ўсяго свету. Маці з Беззаганным Сэрцам, Сэрцам, якое не забрудзіў
ніводны грэх, як жа Ты павінна быць уражлівай на зло, як моцна павінна Табе
балець у гэтую хвіліну.
Ці, аднак, хтосьці абараняў Цябе? Ты толькі
сустрэла словы прыніжэння, якія яшчэ больш узмацнялі боль Твайго Сэрца. Як жа
часта мы глядзім праз прызму дзіцяці на ўсю яго сям’ю; гледзячы недабразычлівым
вокам на дзіця, людзі так сама звычайна глядзяць і на яго блізкіх. З якімі
позіркамі Ты павінна была сустрэцца, калі была Маці Таго, каго вялі на
ўкрыжаванне? Ты Яго Маці! Якая ж вялікая любоў павінна была перапаўняць Тваё
Сэрца, калі ўсе людзкія погляды не мелі для Цябе ніякага значэння. Кожны з нас
у такой сітуацыі пажадаў бы нават не паказвацца, і напэўна не публічна. Ты,
аднак, Маці робіш нешта зусім іншае; Ты праціскаешся праз натоўп, каб быць
побач з Сынам. Гэта Твой Сын – усе гэта ўбачылі!
Маці, я таксама хачу сёння прызнацца, што ведаю
Езуса. Я адчуваю, што такім чынам прынясу найбольшую палёгку Твайму балеснаму
Сэрцу. Дзякую Табе за гэты час медытацыі, за Тваё кіраванне, за Тваю дапамогу ў
адкрыванні таямніцы веры. Ave Maria!
Малітва ў садзе аліўным
Надыходзіць час пагрузіцца ў змрочную таямніцу болю.
Пранізвае нас холад саду аліўнага, а сэрца напаўняе страх. Перад намі паўстае
балючае пытанне. Ці варта? Ці трэба?
У адказ чуем той
самы Божы заклік, які ведаў Езус: Мы павінны мець здольнасць заўважыць, што
сэнс нашага жыцця не за намі, унізе, дзе лягчэй і прасцей жыць, але ў вышыні,
дзе для нас падрыхтавана месца ў Небе. Перад намі стаіць складанае заданне, але
абавязковае: нам трэба гэтаму навучыцца, трэба верыць у сэнс, які яшчэ прыйдзе,
які з’явіцца ў таямніцы ўваскрасення. Трэба быць гатовымі цярпець, бо пасля -
чакае перамога.
Няхай нашыя
сэрцы вучаць гэту праўду на памяць. Гэта навука на цяжкія хвіліны, на
самотнасць, страх, пакінутасць і неразуменне.
У Садзе Аліўным Езуса мы вучымся прымаць крыж.
Бічаванне Езуса
“Чувайце і
маліцеся… Калі Пан цярпеў, будзе і слуга цярпець”. Узгадваем гэтыя словы
Хрыста, які – страшна бічаваны – быў затрыманы катамі на парозе смерці. Зусім
не з літасці, але для таго, каб можна было яму прычыніць наступны боль. І
наступны, ажно да насычанасці іх д’ябальскага жадання крыві.
Ці мы таксама
павінны згадзіцца на такое цярпенне і быць побач са смерцю? Гэта складанае
пытанне, але адказ адзін. Ведаем, што ні за які кошт не можам мы адысці ад
Езуса. Мы павінны быць гатовымі на ўсё. Мы павінны падрыхтавацца да ачышчэння,
якое чакае нас на дарозе крыжа. І не спыніцца на шляху, не адрачыся, не ўцячы.
“Вы павінны быць моцнымі моцай любові, якая мацнейшая, чым смерць”, - заклікаў
Ян Павел ІІ.
Будзем памятаць:
праз цярпенне Хрыста, “быў пераможаны сатана, пераможана смерць, перададзена
жыццё, вернута надзея, дадзена святло” (Ян Павел ІІ).
У сцэне бічавання вучымся заўважаць Божае вымярэнне цярпення.
Укаранаванне цернем
Час затрымацца
над таямніцай цярнёвай кароны. Яе насіў Езус, наш Пан, Кароль Неба і зямлі.
Гэта карона цярпення, насуперак інтэнцыям яе творцаў, замест таго, каб
прынізіць, адарыла Хрыста годнасцю. Ведаем Яго таямніцу – здольнасць прыняць
цярпенне як ахвяру ўзнагароды за грахі. Кароль - гэта той, хто мае ўладу
служыць. Калі трэба, ён гатовы служыць цярпеннем.
Многія атрымалі
гэту каралеўскую годнасць. Калі мы адважымся запытацца Езуса, якім чынам ён
з’яўляецца “каралём”, адказ ажно раніць: праз укрытае цярпенне, праз невядомую
нікому ахвяру, праз гатоўнасць на ўсё, каб толькі выратаваць бедных грэшнікаў.
У сцэне
ўкаранавання Езуса цярнёвай каронай вучымся разумець, як становяцца каралём.
Крыжовая дарога
Ян Павел ІІ
заклікаў: “Вышэйшая за смерцяносную нянавісць - (…) гэта любоў. Гэта любоў,
якой Бог палюбіў свет ў Хрысце ўкрыжаваным і ўваскрослым. Крыж з’яўляецца
знакам гэтай любові. Крыж з’яўляецца знакам вечнага жыцця ў Богу”. Таму Папа
хацеў, каб увесь свет “схіліўся ля падножжа крыжа, жыў і развіваўся ў яго
ценю”. Сёння гэтае “распрасціранне ў ценю крыжа” нялёгкае. Гэта азначае, што
нашыя асабістыя шляхі – гэта Крыжовая Дарога. Гэтак было ў часы папярэдніх
пакаленняў, хто ведае, ці не напісана гэта і для нас. Хіба што зноў нагадаем
пра надзею, якая перад намі…
У сцэне
ўкрыжавання вучымся кожны дзень жыць у ценю крыжа.
Смерць на крыжы
Езус памірае на
крыжы. Нам застаецца ўкленчыць пад гэтым крыжам і схапіцца за яго, каб
прытуліліся да яго нашыя сэрцы. І каб мы былі разам з Езусам укрыжаванымі. І
каб разам з Ім памерлі на крыжы збаўлення. Першай гэта ўчыніла Беззаганнае
Сэрца Марыі на Галгофе, сёння гэта робім мы, аддадзеныя Ёй як Маці.
Гэта з Марыяй мы
вучымся аддаваць жыццё, каб вытрываць у вернасці Хрысту. Ян Павел ІІ кажа:
“Пакутнікі маюць шмат чаго нам сказаць. Аднак, перш за ўсё яны пытаюцца нас пра
стан нашых сумленняў”.
Можа час зрабіць
такі глыбокі рахунак сумлення, такую вялікую скруху і жаль, такое гарачае
прагненне перамены жыцця, што мы памрэм для таго, што было, і ўсё станецца
новым, а смерць пераменіцца ва ўваскрасенне? Так што мы не будзем больш баяцца
пакутніцтва?
Бо ў сцэне смерці Езуса мы атрымалі Марыю за Маці.
Перакладзена з польскага выдання
"Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga,
który jest Miłością."
Sekretariat Fatimski 2015