АБС Фацімскай духоўнасці

Кожны, хто прагне жыць фацімскім пасланнем павінен адклікнуцца на просьбы Маці Божай.

1. Мы пакліканыя да веры. Мы павінны навучыцца пераходзіць ад натуральных рэчаў да звышнатуральных, ад натуральнага да вечнага свету. Да іншага свету. У святле веры мы ведаем, што існуе два света: гэты, наш свет, у якім жывем, і будучы свет. Мы не можам абмяжоўвацца толькі зямным светам. Мы павінны цаніць наш свет, але нам таксама трэба заўсёды ісці да новага, лепшага свету. Мы, перадусім, павінны быць веруючымі людзьмі.

2. Мы пакліканыя да надзеі. Гледзячы на сённяшні свет у Божым святле, мы павінны быць поўнымі надзеі. Той, хто даў нам сённяшні дзень, дае нам таксама будучыню. Сёння людзі не маюць надзеі, бо думаюць, што будучыня залежыць толькі ад іх. Мы павінны стаць людзьмі надзеі.

3. Любіць Бога ўсім сваім сэрцам і з усіх сваіх сіл. Любоў у нашым жыцці павінна быць дамінуючым фактарам. Святы Айцец Ян Павел ІІ шмат разоў гаварыў пра гэта. Ён казаў, што моц любові мацнейшая за ўсе грахі свету. Мы можам гэта зразумець у святле слоў “Бог ёсць любоў”, Deus caritas est. Так напісаў св. Апостал Ян (1 Ян 4, 18). Мы павінны навучыцца любіць усім сэрцам і ўсёй сваёй моцай.

4. Мы пакліканыя да прабачэння. Прабачэнне – гэта пачатак адкуплення. Калі нейкая знявага пачынае знішчаць нашую асобу, прабачэнне можа нанова яе аздаравіць. Бог з’яўляецца крыніцай прабачэння. Ён ведае, як адбудаваць нашае жыццё. Мы павінны навучыцца прабачаць заўсёды і безумоўна!

5. Малітва. Малітва звязана з Адарацыяй. Малітва – вялікае намаганне дасягнення Бога. Гэта аснова містыкі, найвышэйшага кантакту з Богам. Калі мы хочам быць апосталамі Фацімы, мы павінны быць людзьмі вялікай малітвы. Толькі дзякуючы малітве надыдзе новы, лепшы свет.

6. Разважаць аб вечным жыцці. У сённяшнім свеце мы жывем пад націскам, каб паддацца і абмежавацца толькі зямным жыццём. Фаціма – вельмі вялікі заклік да таго, каб мы задумаліся аб будучыні. Дзве рэчы адрозніваюць нас, веруючых, ад няверуючых: душа, яе трансцэндэнтнасць, і вечнасць. Мы павінны памятаць аб перспектыве жыцця пасля смерці.

7. Запрашэнне да апостальства. Уся нашая любоў да Бога павінна пераходзіць у любоў да людзей. Існуе выразная тэндэнцыя падзяляць любоў і пашану да Бога ад любові да бліжняга. “Сапраўднае апостальства, – піша сястра Люцыя – вымагае прывячэння сябе службе іншаму чалавеку”.

8. Прысвячэнне свайго жыцця Богу. Пра гэта навучаў Ян Павел ІІ. Ён нам нагадвае пра тое, што Маці Божая першая аддала сваё жыццё Пану. Яна пасвяціла сябе Езусу, а Езус – Айцу. Прысвячаючы сябе Божай Маці – мы прысвячаем сябе Богу. Гэта правіла тэалогіі прысвячэння Марыі. Мы павінны прасякнуцца ў змест формулы: “Праз Марыю да Езуса”.

9. Перастаць зневажаць Бога! Знявага – пачатак адрачэння ад Бога. Мы запрошаныя да таго, каб пазбягаць зла, бо зло з’яўляецца супраціўнікам дабра і святасці. Таму мы пакліканыя, каб пазбягаць усялякага граху.

10. Пакліканне да святасці. Крочыць дарогай да неба. Гэта пазітыўная частка фацімскага паслання. Шмат людзей лічыць, што Фаціма мае толькі негатыўны аспект, што прадказвае толькі зло і апакаліпсіс. Але гэта няпраўда. Асноўным элементам фацімскага паслання з’яўляецца аб’яўленне шляха да збаўлення. Мы павінны памятаць, што ініцыятыва Бога з’аўсёды мацнейшая, чым зло. Мы павінны моцна верыць у гэта, каб стаць святымі.

11. Захоўваць Божыя запаведзі. Жыць Божымі запаведзямі. Можа быць, хтосьці запытаецца, што Божыя запаведзі маюць супольнага з фацімскімі пасланнямі? Маюць, і шмат у чым. Божыя запаведзі – найважнейшыя ў пасланні. Маці Божая скончыла аб’яўленні ў Фаціме наступным чынам: “Не абражайце больш Бога, нашага Пана, які ўжо і так вельмі моцна зняважаны”. Раней, 13 ліпеня 1917 г. Яна сказала: “У кастрычніку я скажу, хто я і чаго хачу”. Такім чынам, мы можам зрабіць вынік, што Найсвяцейшая Маці хацела і зрабіла мэтай свайго паслання тое, каб мы больш не абражалі Бога. Няма сумневу – тое, што найбольш абражае Бога – гэта парушэнне Яго прыказанняў. Усё Святое Пісанне кажа аб гэтым. Усе прарокі заклікалі да захоўвання Божых запаведзяў. Падобна абвяшчаў Езус, таксама робіць Касцёл, які працягвае Яго збаўчую місію.