Шукаем Марыю разам з Янам Паўлам ІІ

Разважанні, на падставе таямніцы, аб’яўленнай
Маці Божай Фацімскай

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

ЗВЕСТАВАННЕ

  
Кожны мае сваё звеставанне. Хто верыць у Бога, прагне Яму служыць, той аднойчы пачуе ў глыбіні сэрца словы з неба. Гэта не зразумелыя словы, і ў той жа час рэчаісныя. Гэта словы, сказаныя Богам, які хоча ўвасці праз чалавечае сэрца ў жыццё свету і змяніць яго. Гэта запрашэнне чалавека да супольнага жыцця з Богам у ажыццяўленні збаўчых немераў Найсвяцейшай Тройцы. Яны будуць гучаць па-рознаму; кожны пачуе вельмі асабістыя словы “звеставання”. Адзіным будзе той, хто іх скіруе. Пан запытаецца: “Ці дазволіш мне стаць чалавекам? Ці дазволіш мне стаць… табой?
   Так было ў жыцці Маці Божай, так у жыцці тых, што хочуць быць да Яе падобнымі. І вось нечакана аказваецца, што таямніца Марыйнага Звеставання становіцца містэрыяй, у якую Бог упісвае кожнага з нас. Гэта цяжкі заклік: перастаць быць назіральнікам, які здзіўляецца паставе Марыі і схіляецца над Ёй без вялікіх абавязкаў, а стаць кімсьці, беспасрэдна ўпісаным у сцэну Звеставання. Так, цяпер я і ты чуем гэтыя словы і нам трэба адказаць вялікім актам веры, даверу і любові.
   Нарэшце, мы адчуваем цяжар слоў, якія нам трэба сказаць. Час здаць экзамен па свайму хрысціянству. Час сказаць Богу “так” на ўсё, што Ён ад нас чакае, на ўсё, што дзеля нас незразумелае, што па-людзку пагражае жыццёвымі праблемамі. Марыя змагла сказаць “так” і прыняць на свае плечы місію, якая азначала вырачэнне сваіх уласных планаў і Крыж. А мы?
   Паглядзім у глыбіню трохчасткавай фацімскай таямніцы! Можа менавіта яна з’яўляецца нашым звеставаннем? Яе словы, не зусім зразумелыя, яны патрабуюць ад нас імгненнай дзейнасці. Менавіта ў ёй знаходзіцца месца нашага ўдзелу ў ажыццяўленні збаўчых планаў Божых. Пазнаёмімся яшчэ раз з гэтай таямніцай, аб’яўленай Маці Божай Фацімскай. На гэты раз мы ўбачым фацімскае пасланне, як скіраваныя да нас словы “звеставання”.

НАВЕДВАННЕ СВЯТОЙ АЛЬЖБЕТЫ

   Шукайма Марыю. Мы прагнем адчуць Яе блізкасць і спазнаць Яе мацярынскую дабрыню. Мацярынства Марыі, навучае Ян Павел II, асаблівым чынам аб’яўляецца там, дзе Яна з намі сустракаецца: у месцах, дзе Яна пасяляецца; у месцах, дзе адчуваецца асаблівая прысутнасць Маці.
   Шмат ёсць такіх месцаў, дзе жыве Марыя. Яны вельмі розныя: ад прысвечанага Ёй кутка ў хаце, ці маленькай каплічкі пры дарозе, аздобленай абразом Маці Божай, да пабудаваных у Яе гонар капліц і касцёлаў. Ёсць таксама такія месцы, дзе прысутнасць Маці адчуваецца асаблівым чынам. Гэтымі месцамі з’яўляюцца Марыйныя Санктуарыі.
   Чалавек едзе туды, каб сустрэцца з Ёй як са сваёй Маці.
   І ты, і я з’яўляемся пілігрымамі на гэтай зямлі. І ты, і я патрабуем такіх хвілін, калі ажывае ў нас евангельская таямніца Наведвання. Часцей за ўсё ісці з пілігрымкай да санктуарыя ня лёгка. Няма часу, цяжкасці растуць, як горы. Ці не так выглядае вандроўка Марыі да сваёй сваячцы Альжбеты? А плёнам было не толькі спатканне з кімсьці блізкім і маючым падобныя думкі, але перш за ўсё з Духам Святым, які дзейнічае з моцай там, дзе ёсць Марыя і Яе прыхільнікі.
   Тады Яна пайшла хутка у горы. Сёння прыйшоў час наследаваць Яе. Падумай: калі ты апошні раз наведваў тое месца, дзе адчуваецца асаблівая прысутнасць Марыі?

НАРАДЖЭННЕ ЕЗУСА

   Езус, Сын Марыі, нараджаецца ў Бэтлееме. Язычніцкі цэзар пажадаў перапісу тых, што былі пад яго ўладай, таму Святая Сям’я ідзе ў Горад Давіда. Там Збаўца прыходзіць на свет. Езус “першароднае дзіця” Марыі. У Ім Яна становіцца Маці кожнага з нас. Нараджае нас дзеля духоўнага жыцця, дзеля жыцця ў ласцы. Хоць мы жывем у язычніцкім свеце, маем свой Бэтлеем, а Марыя нашая духоўная Маці. Так нам кажа пра гэта Святы Айцец: “У гісторыі здзяйсняецца бязмежнае духоўнае мацярынства Марыі. Мацярынства азначае клопат аб жыцці дзіцяці. Паколькі Марыя Маці нас усіх, Яе клопат аб жыцці чалавека з’яўляецца агульным дзеля ўсх. Клопат Маці ахоплівае ўсе дзіця. Мацярынства Марыі мае свой пачатак у мацярынскім клопаце аб Езусе. У Хрысце… Яна прыняла ў поўні нас усіх”.
   Ці тое, што Марыя твая духоўная Маці, дапамагае табе паўней усвядоміць той дзіўны факт, што жыццё чалавека адкрыта дзеля вечнасці? Запытай сябе, ці тваё сэрца перапаўняе ўдзячнасць Богу за тое, што Ён даў нам Сваю Маці, каб Яна па-мацярынску апекавалася намі на шляхах нашага жыцця?

АХВЯРАВАННЕ ЕЗУСА Ў СВЯТЫНІ

   “А Тваю душу прасякне меч…” – так прадказаў старац Сімяон у сваім прароцтве, якое ў першую чаргу, казала пра Езуса, “знак, якому будуць супраціўляцца”. Марыя чуе гэтыя словы ў сцэне Ахвяравання, калі аддае Свайго Сына і ўсю Сябе ў выключную ўласнасць. Той, хто хоча наследаваць Найсвяцейшую Маці, уваходзіць на Яе шлях і праз Яе рукі ахвяруецца Богу.
   Маці Хрыста заклікае нас, запрашае нас далучыцца разам з Касцёлам жывога Бога да прысвячэння свету, да таго акту даручэння, праз які свет, чалавецтва як адзінае цэлае, народы і кожная асобна прысвечаная людзкая асоба, прадстаўленыя Спрадвечнаму Айцу моцай адкуплення, якое даў Хрыстос.
   Ці ты наслядуеш Марыю, якае аддае Богу самае каштоўнае? Ці адказваеш на Яе заклік прысвяціць сябе Пану праз Яе Беззаганнае Сэрца, каб Яна магла ахвяраваць цябе Спрадвечнаму Айцу? Нарэшце, ці адчуваеш ты, якой дапамогай з’яўляецца апека Марыі ў тваім жыцці, калі ты ахвяруешся Ёй?

ЕЗУСА ЗНАХОДЗЯЦЬ У СВЯТЫНІ

   Вучымся знаходзіць знакі Божага дзеяння, якое мае ў сабе асаблівыя заклікі. Вучымся дзякаваць Божаму Провіду і праслаўляць Божую Міласэрнасць за тое, што Ён робіць у нашым жыцці. Зробім гэта, каб праславіць нашага Бога: “Няхай будзе благаславёны Бог, Створца неба і зямлі”.
   Такі знак убачыў Яна Павел II у супадзенні даты замаху на сваё жыццё і першага аб’яўлення ў Фаціме. У падзеі 13 мая 1981 года ён змог знайсці дзеянне Бога і заўважыць у ім прысутнасць Найсвяцейшай Маці. Ён клікаў: “Да Створцы неба і зямлі ўзношу асаблівы гімн хвалы, якім з’яўляецца Яна Сама, Беззаганная Маці Уцелаўлёнага Слова: “Благаславёная Ты, дачка, выбраная Найвышэйшым Богам сярод усіх дзеваў на зямлі”. Падставай гэтай песні хвалы, якую мы з радасцю спяваем у столькіх месцах на зямлі, з’яўляецца ні з чым не зраўнаны выбар дачкі чалавечага роду на Маці Бога”.
   Ці гэтыя словы спявае таксама і тваё сэрца? Ці ты клічаш: “Няхай перш за ўсё сам Бог будзе праслаўлены – Айцец, Сын і Дух Святы! Няхай будзе ўшанаваная і благаславёная Марыя, якая з’яўляецца месцам прысутнасці Святой Тройцы і прыкладам дзеля Касцёла.
   Дзеля Касцёла, альбо дзеля цябе і дзеля мяне, дзеля кожнага з нас. Бо знайсці Марыю – гэта ўвайсці ў кола дзейнасці Тройцы. Я ўжо ведаю, што не магу знайсці скарбу большага за сваю Нябесную Маці. Знайшоў і на векі прытулю Яе да свайго сэрца. А ты?

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

ХРОСТ ЕЗУСА Ў ЯРДАНЕ

  Першай фацімскай таямніцай “была візія пекла”, піша сястра Луцыя. “Нашая Спадарыня паказала нам мора агню, якое, здавалася, знаходзілася ў глыбіні зямлі. Мы бачылі ў гэтым моры дэманаў і душы, якія былі празрыстымі ценямі альбо смажанымі вугалькамі ў чалавечай постаці. Яны былі ўзношаныя полымем, якое выходзіла з іх разам з клубамі дыму. Яны ляцелі ва ўсе бакі, як іскры падчас вялікіх пажараў, лёгкія, не прыцягальныя, сярод балеснага вою і роспачнага крыку. Бачучы іх, можна было памерці са страху.
   Ці таямніца хросту Езуса ў Ярдане не кажа нам ясна пра існаванне граху і патрэбу вызвалення ад яго? Інакш чакае нас пекла…
   Молімся разам, каб мы прынялі сэрцам заклік Маці Божай Фацімскай і разважаючы пра грэх і яго наступствы, захацелі жыць згодна з ласкай хросту, у еднасці з Панам і паслухмянасці Яго навуцы.

ЦУД У КАНЕ ГАЛІЛЕЙСКАЙ

   Другая фацімская таямніца кажа нам пра Беззаганнае Сэрца Марыі як пра ратунак для свету. Найсвяцейшая Маці сказала: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана, у свеце запануе супакой. Вайна скончыцца. Але, калі вы не перастанеце абражаць Бога…” – тут Найсвяцейшая Маці пачынае маляваць перад намі войны, голад, пераследванні.
   Ці таямніца аб’яўлення Езуса ў Кане Галілейскай не паказвае благаславёныя наступствы паслухмянасці Марыі? Ці і мы, як слугі вясельныя, не павінны выслухаць Яе просьбы і пажаданні? А просіць Яна так няшмат. Тады сказала: “Напоўніце збаны вадой”, і слугі напоўнілі іх аж да поўна. Сёння Яна кажа: “Я жадаю прысвячэння Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і ахвяравання св. Камуніі ў першыя суботы дзеля ўзнагароды”
   Найсвяцейшая Маці, дапамажы кожнаму з нас выканаць Твае жаданні! Дапамажы нам нястомна жыць актам прысвячэння Расіі і свету Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Дапамажы нам з’яднацца са Святым Айцом, які жыве прысвячэннем Табе. Выпрасі нам таксама ласку руплівасці, каб мы верна практыкавалі ўзнагараджальнае набажэнства ў першыя суботы месяца.

АБВЯШЧЭННЕ БОЖАГА ВАЛАДАРСТВА

   Трэццяя фацімская таямніца паказвае шляхі сучаснага Касцёла, якія вызначаюцца перш за ўсё трохразовым заклікам да навяртання і пакуты: “Анёл паказваючы правай рукой у бок зямлі, сказаў моцным голасам: “Пакута, пакута, пакута!”. Менавіта тады ў візіі з’яўляецца нешта падобнае да людзей у люстэрку, калі праходзіш каля яго”. Фацімскія дзеці ўбачылі ўсю паству Касцёла на чале са святым Айцом, біскупамі, святарамі, асобамі законнымі і свецкімі. Гэтая візія кажа пра цярпенне і смерць. Ці Езус не казаў, навучаючы на зямлі Палестынскай: “Калі не навернецеся, усе загінеце падобным чынам”? Толькі сапраўднае прыняцце закліку да пакуты можа накіраваць свет і нас саміх у кірунку Божага парадку і супакою.
   Найсвяцейшая Маці, дапамажы нам адказаць на заклік Езуса да навяртання, каб мы змянілі аб’яўленыя Табой прадказанні і не дапусцілі іх здзяйснення. Няхай нашае жыццё ў вырачэнні і пакуце паспрыяе паглыбленню таго, што мы ўжо бачым: несапраўднасці грозных прадказанняў, якія з’яўляюцца ўмоўнымі, залежаць ад нашага навяртання і прыняцця ў нашыя сэрцы Божага Валадарства.

ПЕРАМЯНЕННЕ НА ГАРЫ ФАВОР

   У фацімскай таямніцы нам даецца абяцанне: “У канцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе”. З тугой мы чакаем здзяйснення фацімскага абяцання. “Маё Беззаганнае Сэрца пераможа”. Што гэта азначае? Сэрца адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмпляцыяй Бога, мацнейшае за карабіны і іншую зброю. “FIAT”, сказанае Марыяй, гэтае слова Яе Сэрца, змяніла ход гісторыі свету, таму што Яна дала гэтаму свету Збаўцу; таму што, дзякуючы Яе “так” Бог змог стаць чалавекам у нашым свеце і застаецца ім заўсёды”.
   Мы ведаем, што абяцаны ў Фаціме трыюмф будзе плёнам культу Беззаганнага Сэрца Марыі. Азначае гэта набліжэнне да такой паставы сэрца, у якой “fiat” – “будзь воля твая” – становіцца цэнтрам, фармуючым чалавечае існаванне.
   Ці таямніца перамянення на гары Фавор не абяцае перамогі Бога над моцай зла і цярпення? Ці абяцанне Маці Божай Фацімскай не з’яўляецца дзеля нас “Фаворам нашага стагоддзя”, якое дае прадчуванне перамогі, яе абяцанне і яе гарантыю?
   Найсвяцейшая Маці, дапамажы нам наследаваць Тваё Беззаганнае Сэрца, каб мы маглі навучыцца жыць штодня Тваім верным “fiat” і спрыяць хуткаму надыходу трыюмфу Твайго Найчысцейшага Сэрца.


УСТАНАЎЛЕННЕ ЭЎХАРЫСТЫІ

   У апошніх словах фацімскай таямніцы мы можам заўважыць, што “шатан мае моц над светам. Мы бачым гэта і няспынна гэта адчуваем. Ён мае моц, бо нашая вольнасць дазваляе аддаляцца ад Бога. З таго моманту, як Бог мае людзкое сэрца, Ён скіраваў вольнасць чалавека да дабра, да Бога; воля рабіць зло ўжо не мае апошняга слова”.
   Таямніца Апошняй Вячэры адкрывае прысутнасць шатана і моц яго ўздзеяння. Эўхарыстычны стол, аб’яўленне бязмежнай любові Бога, становіцца адначасова месцам здрады і граху. У Юду ж, як мы чытаем у Евангеллі, уваходзіць шатан. І хоць д’ябал мог стаць у самым сэрцы таямніцы Божай любові і міласэрнасці, ён не змог аднак перамагчы Езуса. Бог нават выкарыстаў яго, каб зрабіць яшчэ больш дабра!
   “З таго моманту набіраюць моцы словы: “У свеце спазнаеце шмат смутку, але адвагі: Я перамог свет!” (пар. Ян 16, 33). Пасланне Фацімы заклікае нас да таго, каб мы паверылі гэтаму абяцанню” (5, стар. 44), якое становіцца прысутным дзеля нас у кожнай літургіі Святой Імшы і ў кожнай адарацыі Езуса, схаванага ў знаку хлеба і віна.
   Найсвяцейшая Маці, выпрасі нам ласку ўмець стаяць на баку дабра, на баку Бога, і адкідваць нават найменьшае зло. Дапамажы нам зразумець што сілы да барацьбы за злом мы можам чарпаць у Эўхарыстыі, сакраманце пераможнай любові Бога.

БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

МАЛІТВА Ў САДЗЕ АЛІЎНЫМ

   Умець цалкам пагрузіцца ў малітву і не баяцца закрануць у ёй самай балеснай тэмы: “Шмат людзей ідзе на асуджэнне”. Так сказала Маці Божая Фацімская ў ліпені 1917 года. А мы сёння ў малітве пытаемся: “Што мы можам зрабіць, каб ратаваць гэтых людзей?”.
   Умець услухацца ў Божы голас у сваім сэрцы. Умець адкрыць яго “новае спасланне Духа Праўды ў сэрцах людзей і ў супольнасцях, якое вядзе нават да цалкавітай ахвяры і да мучаніцтва, каб выратаваць “вобраз і падабенства Божае ў чалавеку”, каб вызваліць чалавека ад самога чалавека”. Ці я магу прыняць гэтага Духа, які заклікае да таго, каб скласці з сябе цалкавітую ахвяру? Так зрабіў Ян Павел II… А я? А ты?

БІЧАВАННЕ

   Часам Бог сам абуджае ў чалавеку “пачуццё таго, што Ён аддаліўся ад яго”. Што мы тады адчуваем? “Гасне святло жыцця і цемра спускаецца над гісторыяй”.
   Гэта не азначае, аднак, што Бог нас пакінуў. Бог будзіць у нас пачуццё таго, што аддаліўся ад нас. Робіць гэта так, як піша Ян Павел II: “што чалавек адчувае сябе адкінутым і адштурхнутым”. Паказвае тады, што такое свет без Бога.  
   Ты адчуваеш сябе адштурхнутым? Бог далёка? Не адчуваеш Яго прысутнасці? Памятай, што Ён, перш за ўсё, рыхтуе табе “нейкае сховішча”. Там схавайся ад гарачага сонца жыцця, ад цемры, якая спускаецца над гісторыяй”. Бог “даручыў чалавецтва Сваёй Маці”.
   Прымем жа гэтыя словы папы блізка да свайго сэрца. Яны могуць змяніць жыццё тваё і маё. Больш таго, яны маюць моц змяніць жыццё свету.

УКАРАНАВАННЕ ЦЕРНЕМ

   Ян Павел II казаў: “Маліцеся аб Божым суцяшэнні і мужнасці дзеля ўсіх, каб людзі згадзіліся “дапоўніць у сваім целе тое, чаго не хапае пакутам у целе Хрыста”, памятаючы пра гэту ўзрастаючую і заўсёды не да канца паглыбленую таямніцу, моцай якой “збаўленне шматлікіх душаў залежыць ад малітваў і цярпенняў, якія зносяцца дабраахвотна ў гэтай інтэнцыі…”
   Узгадаем аб’яўленне, якое ў 1925 годзе мела сястра Луцыя. Найсвяцейшая Маці стрымала дадзенае ў Фаціме слова і прыйшла ізноў да адзінай жывой візіянеркі з Фацімы. У кляштары Сясцёр Даратэек у Пантэвэдра Найсвяцейшая Маці паказала сваё ўкаранаванае цернем Сэрца.
   Так, Марыя была першай, хто стаў на шлях пакутаў Збаўцы. Яна таксама найлепшым чынам удзельнічала ў Яго пакуце, у Яе душы найпаўней была выражаная Яго смерць.
   Магчыма надыйшоў час згадзіцца, як гэта зрабіў Ян Павел II, быць цалкавітай ахвярай дзеля ратавання грэшнікаў. Можа прыйшоў час сказаць “так” на карону з церня, якая агарне тваё сэрца. Калі гэта патрэбна, няхай так будзе!

КРЫЖОВАЯ ДАРОГА

   “Хто ж не нясе свайго крыжа? – пытаўся слуга Божы Ян Павел II. – Несці крыж кожны дзень, ідучы слядамі Настаўніка – гэта шлях, які нам вызначае Евангелле. Гэта напэўна благаславенства і яно служыць нашаму збаўленню. Найважнейшае, не губляць з вачэй першага Укрыжаванага”.
   Трэба ісці за Езусам. Ты павінен ісці за Ім і я. Не за Езусам хвалы і трыюмфу, але за Панам пагарджаным, самотным, асуджаным на смерць. Бо сёння быць, як Езус, азначае ўдзельнічаць у Яго Крыжы. Сёння гэта азначае быць хрысціянінам. Трэба згадзіцца зрабіць сваё жыццё Крыжовай Дарогай, такім чынам ты ўдзельнічаеш у збаўленні свету. Але не бойся! Крыж, які ты сёння нясеш, не большы за ласку, якую Бог Табе дае. Таму, вазьмі свой крыж, а цярпенне ахвяруй Богу як частку сваёй цалкавітай ахвяры за грэшнікаў.

СМЕРЦЬ НА КРЫЖЫ

   “І з таго моманту, - нагадвае Ян Павел II, - вучань узяў Яе да сябе”. Вучня гэтага звалі Янам. Гэта Ён пачуў сказаныя з вышыні Крыжа словы: “Вось Маці твая”. Але спачатку Хрыстос сказаў сваёй Маці: “Жанчына, вось сын твой”. Гэта быў цудоўны запавет. Калі Хрыстос адышоў з гэтага свету, Ён даў Сваёй Маці чалавека, чалавечую істоту, каб ён стаўся дзеля Яе, як сын – Ян. Ён даручыў яго Ёй. І пасля гэтага аддання, гэтага даручэння, Марыя сталася Маці чалавека. З таго моманту Ян “узяў Яе да сябе” і стаў зямным апекуном Маці свайго Настаўніка. Сыны маюць права і абавязак клапаціцца пра сваіх Маці.
   У Яне кожная чалавечая істота стала Яе дзіцём. Кожны з нас. Ты і я. І табе, і мне нагадвае Святы Айцец пра сыноўскі абавязак дзіцяці: ты павінен клапаціцца пра сваю Маці. Таму барані Яе годнасць. Абвяшчай Яе хвалу. Жыві дзеля Яе. Гэта Яго запавет. Ці можаш ты яго не выканаць? Ці адвернешся і адыдзеш? Ці станеш месцам, дзе паселіцца Марыя, каб ззяць сваёй мацярынскай любоўю?

ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

УВАСКРАШЭННЕ

    Прайшоў Вялікі Чацвер, Вялікая Пятніца і Вялікая Субота. Набліжаецца велікодная раніца. Нечакана вялікая таямніца Ўваскрашэння адкрывае перад здзіўленым светам бязмежную моц Бога.
   Здавалася, што зло мае канчатковую перамогу! Езус быў асуджаны, прыніжаны, забіты. Ёсць “навуковыя доказы”! Ёсць Крыж, ёсць сэрца, прабітае дзідай, ёсць трумна і камень. Вучні разбегліся, апосталы ўцяклі. Ворагі Хрыста ізноў могуць жыць так, як бы Бог не існаваў.
   Аднак не ім належыць перамога. Велікодная раніца паказала свету, што Хрыстос жыве! Пан уваскрос! Апошняе слова за Богам!
   Так было ў пачатку першага тысячагоддзя, калі свету была дадзеная найвялікшая ласка – дар прысутнасці Уцелаўлёнага Слова. Дзень Уваскрашэння, які мы святкуем кожную нядзелю, аж да нашых часоў, быў вялікім знакам, клічучым: “Хрыстос жыве! Евангелле з’яўляецца дарогай праўды! Дабро перамагае! Трэба жыць так, каб штодзённа быць як мага бліжэй да хвалебнага Крыжа нашага Збаўцы!
   Нічога не змянілася за гэтыя дзве тысячы гадоў. Грабніца Езуса застаецца пустой. Крыж застаецца знакам перамогі дабра над злом, веры над нявер’ем, любові над нянавісцю. Святы Айцец Ян Павел II навучае, што навакольны свет спрабуе жыць так, як бы Бога не было, а паўсюль, навокал нас, здаецца, трыюмфуе зло і эгаізм. Ён дадае аднак, што факт гэты не абуджае ў нас пачуцця бездапаможнасці, не напаўняе нас песімізмам. Богу належыць канчатковая перамога. Ён і сёння паказвае сваю моц. І ў нашыя часы трывае “цуд велікоднай раніцы”, калі насуперак усялякай надзеі, насуперак усялякім людзкім разлікам, Хрыстос перамагае.
   Будзем жа ўдзельнікамі радасці ўваскрашэння! Збярэмся вакол Пятра нашых часоў, з’яднаемся з Найсвяцейшай Маці, вера якой на хісталася нават перад абліччам смерці і пахавання Яе Сына. Вызнаем у голас тое, у што Яна заўсёды верыла: што Езус, “замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памер і быў пахаваны, трэцяга дня ўваскрос, паводле Пісання”.
   У гэтай дзесятачцы ружанца молімся аб моцнай веры ва Уваскрашэнне Хрыста і Яго перамогу – ў нашым жыцці, у жыцці нашых сямей, у нашай Айчыне і свеце.

УНЕБАЎШЭСЦЕ

   Нам, людзям трэцяга тысячагоддзя, не была дадзена ласка, якую мела пакаленне Марыі – ласка аглядання Езуса тварам у твар… Пасля заканчэння сваёй місіі на зямлі, Хрыстос узышоў на неба. Пасля свайго Уваскрашэння сорак дзён Ён узмацняў веру апосталаў і навучаў іх праўдам Евангелля. Потым узносіўся на іх вачах да неба і застанецца там да таго дня, калі вернецца судзіць жывых і памерлых.
   “Дадзена мне вялікая ўлада на зямлі і ў небе. Ідзіце і навучайце ўсе народы.” – сказаў Езус перад тым, як вярнуўся да Айца. Гэта Збаўца перадаў нам сваю збаўчую місію, зрабіў нас сведкамі Свайго Евангелля, даручыў нам расказваць па ўсім свеце праўду пра Яго любоў, Яго пакуту і Яго ўваскрашэнне, пра Яго прысутнасць у Эўхарыстыі. Менавіта таму святы Айцец Ян Павел II без адпачынку пілігрымаваў па ўсіх кантынентах. Нёс людзям добрую навіну пра Хрыста. Гэта было яго заданнем як першага сярод сучасных апосталаў. Але і нам Бог вызначае тую самую місію. Мы павінны паўсюль абвяшчаць Уваскрослага Езуса Хрыста. Мы павінны сведчыць пра Яго дома, у школе, на працы і на вуліцах нашых гарадоў. Нашае сведчанне патрэбна свету. Свет мае закрытыя вочы на Хрыста – не бачыць знакаў, якія можа заўважыць веруючы чалавек. А калі ён нават іх бачыць, не можа іх зразумець. Танцуючае сонца 97 гадоў таму над Фацімай? Можа гэта прыродная з’ява, не растлумачаная яшчэ навукай. Няўдалы замах на Папу? Гэта толькі выпадковы збег абставінаў, які ўратаваў жыццё Святога Айца? Распад Савецкага Саюзу і незвычайныя змены ў свеце? Гэта невядомыя нам правілы гісторыі.
   Гэта няпраўда. Бог пакідае нам знакі. Бог робіць дзеля нас цуды. Да сённяшняга дня. Мы павінны пра іх казаць, пра іх сведчыць, указваць на іх. Трэба, каб кожы з нас, па прыкладзе Святога Айца, стаўся нястомным сведкам Хрыста, які дзейнічае сёння так сама, як і ўчора, і на вякі. Мы павінны ўзяцца за гэтае заданне індывідуальна і ў супольнасцях. Так, як гэта робіць “Радыё Марыя” – нястомны сведка Хрыстовай Праўды.
   У гэтай дзесятачцы ружанца молімся аб ласцы сведчання свету пра нашу веру ў Хрыста, які ўзышоў на неба і сядзіць праваруч Айца.

СПАСЛАННЕ СВЯТОГА ДУХА

   “Прашу вас, - прасіў Ян Павел II, - каб вы маліліся ад імя чалавецтва і за яго: “Пад Тваю абарону аддаемся, Святая Багародзіца…” Малітва, скіраваная да Марыі з просьбай, каб мы маглі схавацца пад Яе мацярынскім плашчом, адкрывае нас на дзеянне Духа Святога. Яна “нашымі просьбамі не пагарджае ў патрэбах нашых”, таму выбаўляе нас ад усялякай злой прыгоды. Як? Марыя заклікае Духа Святога, Марыя Яго выпрошвае, Марыя ўдзяляе Яго.
   Менавіта таму, “трэба імкнуцца да таго, каб культ Марыі станавіўся больш моцным і глыбей перажываным”.

УНЕБАЎЗЯЦЦЕ МАРЫІ

   “Поўная далікатнай  прыгажосці, Марыя, - навучаў Святы Айцец, - вядзе нас да праўды і сцеражэ ад спакусаў гэтага свету”. Паказвае нам найвышэшую Прыгажосць, у якой мы знаходзім сапраўдны супакой душы, дазваляе нам наноў адкрыць свет, без усёй яго брыдкасці, у яго першапачатковай рэчаіснасці і чысціні, гэты свет, які выйшаў з рук Створцы і быў збаўлены Крывёю Хрыста”.

УКАРАНАВАННЕ МАРЫІ


  Яна – нашая Каралева, або Маці ва ўсёй паўнаце. Яе мацярынства настолькі магутнае, што слова “каралеўскае” азначае клопат аб жыццё кожнага дзіцяці, вельмі плённы клопат. Таму – тлумачыў Ян Павел II – “трэба перакладаць на Найсвяцейшую Дзеву цяжкія прыватныя абставіны, каб паказваючы іх Сыну, Яна выпрасіла ў Яго памяншэнне іх і адмену. Але прадставім Ёй таксама грамадскую сітуацыю і міжнародны крызіс разам з усім тым, што будзіць непакой: беднасць, безпрацоўе, адсутнасць ежы, распаўсюджванне зброі, пагарджанне людскімі правамі, канфлікты, якія ўжо існуюць альбо пагражаюць, часткова ці цалкам. Усё гэта мы прагнем па-дзіцячы скласці перад Яе “міласэрнымі вачамі”. Бо ЯНА, Пасрэдніца ласкаў, плённа выпрошвае “памяншэнне іх і адмену”.