2.02.2025

Першая субота жніўня



ЧАЦВЁРТАЯ ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

“Марыя, наша Маці, наша Сястра,
цалкам раздзяліла наш лёс”.
Павел
VI

    Cустракаемся сёння ў чарговую суботу месяца, каб ушанаваць Беззаганнае Сэрца Марыі Панны,  наблізіць нашыя сэрцы да Яе Найчысцейшага Сэрца, захапляцца прыгажосцю Унебаўзятай, прасіць прабачэння за нашыя грахі, асабліва за тыя, што паходзяць з нашых дрэнных прызвычаенасцяў, занядбання нашага паклікання да святасці, да сяброўства з міласэрным і ласкавым Богам.
   Просьма Маці Божую, Унебаўзятую, каб Яна захацела быць блізка да нас падчас гэтага разважання, каб Яна малілася з намі, прасіла Духа Божага для нас, каб асвячала нашыя думкі і сэрцы. Разважайма над справамі Божымі, якія перавышаюць нашыя магчымасці, без дапамогі з высока мы не зможам наблізіцца да іх.
   Духу Святы, Духу жыцця і любові, Духу прабачэння і ласкі, дапамажы нам разважаць над таямніцамі збаўлення нас усіх, таямніцамі Евангелля, таямніцамі ружанца. Просім Цябе, Духу Божы, вучы нас, як Ты вучыў Беззаганнае Сэрца, вядзі нас у школу Панны Марыі.
   Найсаладзейшае Сэрца Езуса, адкрытае для ўсіх людзей, мы хочам любіць Цябе, як Марыя! Адкрый, просім, нашыя сэрцы, дапамажы нам вучыцца ў Беззаганнага Сэрца.
   Скіруйма нашыя думкі да Той, што прыняла Езуса духам і целам, што станавiлася падобнай да Яго кожны дзень, да Той, што суправаджала Яго кожную хвіліну, што першай дасягнула нашай мэты – неба, шчасця з Богам. Дзякуючы дагмату мы ведаем, што “Беззаганная Багародзіца, заўсёды Дзева Марыя, пасля выканання зямнога жыцця была ўзятая з целам і душой да хвалы нябеснай”. Гэта перакананне ішло з Касцёлам з даўніх часоў. Верылі, што, як некаторыя прарокі, Марыя была забраная ў неба, да якога заўсёды належыла духам. Тая, якую нішто не магло разлучыць з Езусам на зямлі, засталася ў найбліжэйшай еднасці з Ім таксама і пасля заканчэння свайго часу на зямлі. Мудрасць і сціпласць Касцёла затрымаліся перад занадта смелымі рашэннямі таго, як Найсвяцешая скончыла жыццё. Некаторыя падкрэслівалі, што Яе жыццё, ва ўсім падобнае на жыццё Яе Божага Сына, магло скончыцца смерцю; якая, аднак, як засыпанне, не магло учыніць Ёй ніводнай крыўды. Іншыя лічылі, што Марыя не перажыла смерці, якая была звязаная з першародным грахом. Папа Пій ХІІ прызнаў найважнейшым падкрэсліванне Божай волі забраць Маці Езуса да неба, да хвалы, з целам і душой. Беззаганнае Сэрца, настолькі падобнае да Сэрца Езуса, стала Яму яшчэ больш блізкім на прыканцы свайго зямнога шляху. Тая, што была цалкам Божай у жыцці, сталася Божай пасля смерці. Тая, што належыла Богу ў хвіліну свайго беззаганнага зачацця, на працягу ўсяго жыцця, належыла Богу і ў хвіліну пераходу да неба, дому Божага, поўнага бляску і прыгажосці. Маці, Сэрца якой было домам Божым, дайшла да дому Божага, да Сэрца Міласэрнага Бога.
   Што ж за суцяшальная таямніца ружанца! Гэтае жыццё Сяброўкі Бога, Дзевы, адданай духам і целам, паказвае нам, кім мы павінны быць, кім мы можам стаць. У Лісце да Эфесцаў мы чытаем, што з самага пачатку свету мы былі прызначаныя для Бога, каб быць святымі і беззаганнымі. Таму кім з’яўляецца чалавек? Кім мы з’яўляемся, калі мы сапраўды з’яўляемся сабой?
   Некаторым здаецца, што будаўнічыя рысы чалавека – гэта зло, грэх, падзенне. Часам культура, фільмы, літаратура хочуць нас пераканаць, што толькі крайні досвед, парушэнне забароны, парушэнне права, невыкананне абяцанняў і абавязкаў дае вольнасць. Нам здаецца, што падстава вольнасці гэта бязмежныя магчымасці эксперыментаў, нават, калі б досвед гэты павінен быў бы зраніць, нешта знішчаць.
    Аднак, ці вольнасць – гэта рабіць сабе і іншым крыўду? Ці шчасце магло б заключацца ў тым, каб спраўдзіць, як мы можам атруціць сябе, знішчаць іншых, парушаць чыйсці супакой дома? Ці не прымушае нас задумацца тое, што дабро здаецца шматлікім асобам нудным, і што яны адпачываюць, аглядаючы людскія драмы, чытаючы пра няшчасці, ствараючы штучную небяспеку, а ўсё з мэтай узняць адрэналін. Аднак, тыя ж асобы не хацелі б быць асілкамі гэтых гісторый, яны не згаджаюцца на тое, каб іх асабістыя лекары парушалі прынцыпы і маюць надзею, што прыдуманыя iмi рызыкі добра скончацца.
   Унебаўзяцце Найсвяцейшай Маці Божай паказвае нам шчаслівы канец людзкога жыцця: шчаслівы чалавек, які нясе ў сваім сэрцы Хрыста, злучаецца з Ім назаўсёды. Мы не можам уявіць сабе гэтага шчасця, нашыя людзкія паняцці абмежаваныя. Езус таксама запэўніваў, што чалавечы розум не ахопіць таго, што падрыхтаваў міласэрны і ласкавы Айцец для выбраных. Аднак давайце будзем верыць Богу, што Ён падрыхтаваў для сваёй Маці і для нас нешта цудоўнае, захапляючае, што варта быць з Ім, варта дайсці да Неба, да супольнасці з Богам. Прамяністасць і прыгажосць Найсвяцейшай Маці спрабавалі апісаць шмат містыкаў і святых, усе яны былі аднак бездапаможнымі. Неба пакажа нашу сапраўдную асобу, дух і сэрца.
   Найсвяцейшая Панна Марыя, выгляду якой не апісалі ніводныя сведкі, якія засярождваліся на Яе пакліканні і блізкасці з Езусам, на тым, як Унебаўзятая аб’яўляецца ў сваёй прыгажосці і хвале, паказваючы сваю незраўнаную святасць. Цела, якое тут, на зямлі, дастаўляе нам часам клопаты і часта з’яўляецца прычынай прыніжэнняў, там, у небе, будзе вобразам хвалы.
   Каралева ўсіх Святых, з Сэрцам не кранутым нічым, што магло б аддзяліць Яе ад Бога, найбольш падобная да Сына, чакае нас у небе. Мы былі запрошаныя да неба, Бог і Маці Збаўцы чакаюць нас, каб мы сталіся прыгожымі і незабруджанымі перад Яго Абліччам, каб мы занялі падрыхтаваныя нам у небе месцы. Тады будуць суцешаныя нашыя сэрцы. Міласэрны Бог, адзіны, хто ведае нашыя сэрцы, вытра з нашых вачэй кожную слязу, не будзе ўжо ані смерці, ані нічога, што прычыніла б нам боль. Міласэрнасць Божая цалкам нас агарне, абвінаваўца наш і нашых блізкіх будзе скінуты.
   Просьма Марыю, каб Яна вяла нас сваім шляхам да шчасця. Просьма, каб Яна суправаджала нас на кожнай сцежцы нашага жыцця, як у таямніцах ружанца – як радасных, так і балесных, няхай святло веры дапамагае нам знайсці дарогу да неба. На гэтай дарозе, як Маці Божая, мы запрошаныя да малітвы за іншых, запрошаныя да неба, да ахвяры і ўзнагароды, да падтрымкі больш слабых члонкаў Касцёла. Беззаганнае Сэрца Марыі, мы просім Цябе, дапамагай нам цярпліва кожнага дня рабіць нашыя сэрцы падобнымі да Твайго Сэрца! Не дазволь, каб мы прызвычаіліся да абыякавасці, да зла, да слабасці! Няхай  Тваё жыццё, якое мы перажываем, молячыся на ружанцы, будзіць нас да працы над сабой, адкрывае нам вочы, акрыляе нашыя думкі, няхай будзе нашым святлом. Просім Цябе, Унебаўзятая, свяці нам надзеяй на нашых шляхах, з Сынам Тваім, ідзі разам з намі, вядзі нас да неба! Амэн.     

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, 
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, 
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.



ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ

Уваскрасенне Пана Езуса

   Езус прадказваў сваё ўваскрасенне, апосталы павінны былі пра гэта памятаць. Аднак, ці верылі яны ў гэтыя словы, бачучы, што іх вялікі Настаўнік, цудатворца, які захапляў і якога слухалі натоўпы, цяпер бездапаможны і прыніжаны. Яны бачылі, як білі Езуса, бязвольнага Настаўніка. Апосталы баяліся так моцна, што цела Езуса ў грабніцу складалі два фарысея, а не любыя вучні… Да грабніцы ідуць дзве жанчыны, з каштоўнымі намашчэннямі – яны праяўляюць любоў да Езуса, але не маюць веры ў тое, што Ён уваскрос. Ян выразна адзначае, што першай Езус паказаўся Марыі Магдалене, якую ўзгадваюць, як найважнейшую сярод жанчын, якія суправаджалі вучняў, слухалі Езуса і забяспечвалі іх фінансавыя патрэбы. Яна таксама не здагадваецца пра тое, што Езус уваскрос, яна просіць дапамагчы ёй знайсці знікшае цела Укрыжаванага…. Толькі, калі Уваскрослы кліча яе па імені, яна з захапленнем пазнае Яго і бачыць, што Ён жыве. Ці мы верым ва ўваскрашэнне? Што гэта для нас азначае? Ці гэта важна для нас сёння, цяпер? Езус абяцаў, што мы не памрэм назаўсёды, але паўстанем з мёртвых, будзем радавацца Яго блізкасці, прысутнасці Яго Маці, усіх святых. Ці для нас гэта суцяшальная вядомасць? Просьма Марыю, каб Яна дала нам сваю веру, сваё чаканне ўваскрашэння – сустрэчы з умілаваным Езусам, ужо назаўсёды, шчасця, большага за нашыя ўяўленні…

Унебаўшэсце Пана Езуса

   Езус Уваскрослы паказваўся вучням некалькі разоў, казаў да іх, зноў вучыў іх, растлумачваў ім, казаў пра іх пакліканне і заданні. Калі Ён хацеў, каб яны былі Яго сведкамі і казалі людзям пра Валадарства Божае, апосталы пыталіся пра справы вызвалення сваёй краіны. Езус абяцае ім Духа Святога, які ўсяму іх навучыць, усё ім растлумачыць, будзе весці іх. Памятаем, што апосталы не ўсё разумелі. Так і мы часта не разумеем таго, як Бог нас вядзе, нашай сітуацыі, часта памылкова плануем, бывае так, што мы губляемся ва ўласных настолькі зменлівых пачуццях. Вучні яшчэ не разумеюць, што павінна быць у будучыні, яны спадзяюцца на нешта іншае. Яны нечакана бачаць Езуса ў хвале, узыходзячага да Айца. Гэта вялікі досвед, цяпер, аднак, яны могуць адчуваць сябе пакінутымі: Езус не застаецца з імі, каб іх весці, кіраваць імі, яны застаюцца адны, чакаючы абяцанай моцы з высока. Яны бачаць, як Езус адыходзіць у хвале і моцы, але не разумеюць яго слоў.
   Марыя таксама бачыць Сына, які паўстаў з гробу, жыве, размаўляе, навучае… Аднак усведамляе, што даўнія часы не вернуцца, надыходзяць новыя, Маці ў чарговы раз пазнае Сына наноў. Езус адыходзіць да Айца, у хвале, Марыя застаецца разам з апосталамі. Напэўна, Яна б хацела суправаджаць Сына, цешыцца радасцю Яго і святых. Аднак па волі Божай Яна павінна застацца з вучнямі на зямлі, сведчанне Яе жыцця будзе яшчэ патрэбным.
   Мы таксама часам хацелі б ужо быць у Доме Айца, бо мы ўжо стаміліся ад сябе і ад свету, мы адчуваем сваю бездапаможнасць. Аднак, Бог яшчэ чакае ад нас прысутнасці тут, чакае нашай малітвы, ахвяры, узнагароды, удзелу ў збаўленні нашых бліжніх.

Спасланне Духа Святога

   Гэта пачатак Касцёла – апосталы, якія найлепш ведаюць Езуса, Яго моц аздараўлення, уваскрашэння, настолькі напужаныя, што зачыняюць дзверы, як бы ім пагражала вялікая небяспека, яны вельмі няўпэненыя. Яны ведаюць, што не апраўдаліся іх абяцанні вернасці ў хвіліну, калі схапілі Езуса, і падчас крыжовай дарогі Настаўніка; Пётр ведае, што адрокся ад знаёмасці з Езусам, і толькі Ян быў пад крыжам; але ніхто з іх не адважыўся пахаваць закатаванае цела, толькі два фарысея задбалі аб пахаванні. Акрамя гэтага апосталы сабраліся разам з Марыяй, Маці Сына, якога кінулі, уцяклі… Менавіта на гэтае кола, схаванае і неспакойнае, прыходзіць Дух Святы, ахоплівае іх сваёй моцай як полымем, дае еднасць, упэўненасць, адвагу ўжо не толькі, каб адчыніць дзверы, а нават, для публічнага апавядання пра Езуса, заклікання да навяртання… Усё перажыла Маці Укрыжаванага, не папракаючы, ахвотная да малітвы з тымі, што здрадзілі саміх сябе, Яе Сына, а таксама Яе. Цяпер яны моляцца ўсе разам, вытрывала, просячы аб ласцы. Гэта вобраз для нас – мы таксама здрадзілі, мы таксама абяцалі самім сабе і іншым. Мы таксама расчараваныя іншымі. Нам таксама патрэбны Дух Святы. Молімся ж разам з Беззаганнай, Жанчынай вялікай вытрымкі і цярплівасці, просячы Духа для нас. Просьма Духа аздараўлення для нас, салодкай Радасці сэрцаў, салодкай Прахалоды. Няхай сыйдзе на нас і на нашых блізкіх, на наш Касцёл.

Унебаўзяцце Маці Божай

   Падумаем, Марыя цалкам святая, цалкам Божая, бо Яму належыць, цалкам адданая Богу, дзень за днём Яна прымала сваё жыццё, вывучаючы Езуса, усё больш пазнаючы Яго, імкнучыся ўсё глыбей Яго зразумець. Прымас Тысячагоддзя, Кардынал Стэфан Вышынскі называў Беззаганную Дзеву Першай Студэнткай Тэалогіі, бо ўсё сваё жыццё, як кажа евангеліст, Яна вывучала, разважала над Словам Божым – словы Езуса, Яго жэсты, учынкі, усё Яго жыццё. Найбліжэйшая Езусу, Яна рабіла падобным сваё Сэрца да Яго Сэрца, жыла ў еднасці з Ім. Такі таксама і канец зямнога Яе жыцця – цалкам Божая, цалкам Яму адданая, па волі міласэрнага і ласкавага Бога Яна ўзятая ў неба, з вялікай ласкі і любові. Гэта ўказанне і абяцанне для нас, як казаў папа, што нашая Маці і Сястра ідзе ў нас у перадзе на нашым шляху, прадказваючы і нашае прызначэнне – Бог хоча і нас прывесці да сябе, абдараваць ласкамі, быць блізка да нас, даць нам сябе і неба. Марыя – гэта найпрыгажэйшы чалавек, некрануты злом, менавіта такімі хацеў бачыць нас Бог. З ласкі мы пакліканыя, ня гледзячы на нашыя грахі, да прыгажосці, дабра, блізкасці да Бога, да жыцця з Ім, з Маці Божай, са святымі, да шчаслівага жыцця ў небе. Просьма Марыю, каб Яна вяла нас сваёй дарогай, сваёй духоўнасцю, каб мы мелі ў сабе духа Марыі, які імкнецца да шчасця ў небе.   

Укаранаванне Маці Божай

   Таямніца ружанца вядзе нас да невядомай нам яшчэ таямніцы – Маці Божая была ўкаранаваная ў небе. Скажам так, па-людзку, поўнае хвалы прыняцце Панны Марыі там, дзе Яна сэрцам заўсёды належыла Богу і супольнасці святых. Яе жыццё было сціплае, недзе ў правінцыі імперыі, у краіне акупаванай рымскім войскам. Яна жыла ў маленькіх мясцовасцях, спазнала горыч паспешных уцёкаў, эміграцыі, змены месцаў жыхарства і жыцця ў замежных краінах, дзе цяжка знайсці дабразычлівую дапамогу. У Яе быў толькі адзін Сын, Яна перажыла Яго цяжкае пакліканне, слухала Яго навуку, была адданая Яму ўсім сэрцам, падтрымлівала Яго вучняў, бачыла Яго пакутуючага і паміраючага – найвялікшае цярпенне для кожнай маці. У гэтыя цяжкія хвіліны Яна захавала давер і веру. Ці гэта каралеўскае жыццё? Ружанец кажа нам, што менавіта так і ёсць. Жыццё, укрытае ў Богу, усім сэрцам і ўсёй душой, поўнае ласкі, атрымлівае карону ў небе. Поўная ласкі Божай, Найсвяцейшая Маці Божая, любая Дачка Айца, Маці нашага Збаўцы, Нявеста Духа Святога. Беззаганнай радуюцца анёлы і святыя, Яна таксама хоча быць нашай радасцю, нашай Маці і нашай Каралевай. Ці прымаем мы ўкаранаванне Марыі, Маці Божай, таксама і ў нашых сэрцах? Ці мы згаджаемся слухаць Яе словы, парады, просьбы? Ці мы толькі Ёй захапляемся і просім аб патрэбных нам ласках? Ці мы дазваляем, каб Яна патрабавала чаго-небудзь ад нас? Ці згаджаемся, каб Яна была нашай Каралевай, каб указвала нам на нашыя абавязкі, каб чаго-небудзь ад нас чакала, чагосці патрабавала?