2.05.2025

100-ая гадавіна аб'яўлення ў Пантэвэдра

ГОД 2025
100-ая гадавіна аб’яўлення ў Пантэвэдра - 10.12.1925
 – якая датычылася Першых Суботаў Месяца













Дарагая Сям’я Беззаганнага Сэрца Марыі, 
якая складвае частку свайго сэрца ў інтэнцыікаб Марыя была больш вядомая і каханая; каб свет пазнаў і выканаў Яе Заклік з Фацімы!

 

Калі такая інтэнцыя матывуе наша апостальства для Марыі, то мы ўсведамляем, наколькі важная наша штодзённая ружанцовая малітва і ўзнагараджальнае набажэнства ў першыя суботы месяца. Такім чынам мы выконваем Заклік з Фацімы і спрыяем надыходу часу супакою для свету, навяртання Расіі і трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі.

Таму варта ў 2025 годзе вярнуцца думкай у мінулае, у 1925 год, каб наноў узгадаць просьбу Неба, якая датычылася набажэнства Першых Суботаў Месяца. 100-ая гадавіна аб’яўлення Дзіцяткі Езуса і Маці Божай сястры Луцыі ў Пантэвэдра (10 снежня) з’яўляецца для гэтага значным штуршком. Мінае 100 гадоў пасля таго, як Бог праз Марыю даў свету лек, які нам так вельмі патрэбны, даючы нам зразумець, што людзкія намаганні становяцца несувымернымі з выклікамі, з якімі нам трэба сёння сутыкнуцца.

Калі з дапамогай Прымаса Польшчы Аўгуста Хлонда нараджалася Фаціма ў Польшчы ў 1946 годзе, тады прагучалі такія словы: „Чалавецтва апошніх дзесяцігоддзяў перажыло страшныя, амаль жудасныя рэчы апошніх часоў – асабліва дзве вайны, якія сваім жахам пераўзышлі ўсё, што чалавек да сённяшняга дня бачыў.” Але ці мы крочым да лепшых часоў? Хутчэй не. Супакой паміж народамі не абапіраецца на трывалым фундаменце.  Атмасфера, нягледзячы на прыгожыя словы, якія гучаць на міжнародных канферэнцыях, застаецца цяжкай і напружанай. Свет можа ізноў стаць перад абліччам цяжкіх мілітарных баёў, грамадскіх пераваротаў, а перш за ўсё змаганняў светапоглядаў і рэлігійных войнаў. Толькі Бог ведае, які акеан слёз, крыві і людзкой бяды гэта можа справакаваць.

Гледзячы на ўсё гэта, можна было б пагрузіцца ў песімістычныя думкі, а нават у роспач. Аднак ёсць нешта, што павінна напоўніць нас надзеяй і радасцю. Гэта пэўная вельмі яскравая зорка, якая заззяла на панурым і зацягнутым цяжкімі хмурамі небасхіле сённяшняга жыцця, звястуючы нам лепшае заўтра. Гэта аб’яўленне Беззаганнай Дзевы з Фацімы”.

 

Трэба нам сёння, у 100 гадавіну аб’яўлення, якое датычыцца Першых Суботаў Месяца, вельмі свядома вярнуцца да стараннага практыкавання гэтага набажэнства, а таксама распачаць апостальства, каб адкрываць сэрцы іншых, каб крочыць гэтым “фацімскім шляхам”.

 

Дарагія, памятайце, што ў кожную першую суботу мы молімся ў Вашай інтэнцыі на Кшэптуўках, а таксама пілігрымуючы штогод у Фаціму з Кнігай Круцыяты Адной Інтэнцыі, там адпраўляем Св. Імшу за кожнага з Вас, каб Вы не стаміліся ў дарозе, каб Вам хапіла сіл і духа ў апостальстве для Марыі.

 

Мы ўдзячныя кожнаму з вас, што разам з Фацімскім Сакратарыятам Вы праводзіце апостальства, каб затрыюмфавала Беззаганнае Сэрца Марыі! Дзякуем Богу і Марыі за Вас усіх, за Ваш труд, малітву і матэрыяльную падтрымку. Няхай Бог узнагародзіць!


 

Кс. Крыштаф Чапля SAC

Дырэктар Фацімскага Сакратарыяту.

Аб'яўленне ў Пантэвэдра

 10 ЛІПЕНЯ 1925 Г.  ПАНТЭВЭДРА, ГІШПАНІЯ.

10 снежня 1925 г. Найсвяцейшая Панна аб’явілася сястры Луцыі разам з Дзіцяткам у Пантэвэдра. Найсвяцейшая Дзева паклала руку на плячо Луцыі і паказала аплеценае цернямі сэрца, якое трымала ў другой руцэ. Дзіцятка сказала: “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды павыцягваў гэтыя церні”.

Потым сказала Найсвяцейшая Панна: “Дачка мая, паглядзі, Сэрца маё аплеценае цернямі, якімі няўдзячныя людзі багахульствамі і няўдзячнасцю няспынна яго раняць. Прынамсі Ты імкніся мяне суцешыць і перадай усім, што я абяцаю прыйсці на дапамогу ў гадзіну смерці з усімі ласкамі да тых, што на працягу пяці месяцаў у першыя суботы паспавядаюцца, прымуць св. Камунію, памоляцца адну частку ружанца і 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцам будуць разам са Мной у інтэнцыі ўзнагароды”.

Важна не забыцца пра інтэнцыю, як узнагароду, якая з’яўляецца вельмі важным элементам першых суботаў.

Першая субота студзеня

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

 ПЕРШАЯ СУБОТА СТУДЗЕНЯ 

 
РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА

Наведванне Святой Альжбеты 

      Маці, вось я!

Я побач з Табой, Беззаганная Маці, каб несці Табе суцяшэнне, каб спачуваць Твайму Беззаганнаму Сэрцу ў той дзень, калі Ты сказала – у першую суботу месяца. Дапамажы мне, Маці, каб усё маё сэрца было напоўнена інтэцыяй, якую Ты вызначыла, каб гэты час медытацыі стаў актам узнагароды за цярпенні Твайго Беззаганнага Сэрца і Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

З любоўю я адказваю на Тваё запрашэнне, Беззаганная Спадарыня, і іду з Табой шляхам ружанцовых таямніцаў. Сёння, калі я чуваю ля Твайго Беззаганнага Сэрца, я іду разам з Табой да св. Альжбеты. Дазволь мне, аднак, Маці, спытацца: чаму менавіта да гэтай сваячкі ды яшчэ з такой паспешнасцю ты вырушаеш у дарогу? Што Цябе да гэтага так прымушае? Анёл у хвіліну звеставання сказаў Табе, што Альжбета ўжо на шостым месяцы блаславёнага стану, чакае нашчадка, як перасохшая зямля кропляў дажджу. Ці ты жадаеш раздзяліць яе шчасце? Думаеш, ёй будзе патрэбна дапамога? А можа Тваё “fiat” не дазваляе Табе бяздзейсна чакаць, прыспешвае, каб быць там, дзе відавочна здзяйсняюцца знакі, абяцаныя Богам? Тваё спяшанне не дае мне, Маці, спакою. Што ж адбываецца ў Тваім Сэрцы, Беззаганная? “Fiat” – гэта згода на Божы план, а ён ужо здзяйсняецца ў блаславёным стане Альжбеты. Ці Ты можаш не быць там, Ты, ва ўлонні якой Спрадвечнае Слова становіцца целам?

Пытаюся пра гэта, Маці, і мне хацелася б задаць яшчэ шмат пытанняў. Я, Спадарыня мая, ужо з Табой, я таксама спяшаюся да Альжбеты, прагну прыняць удзел у здзяйсненні Божых таямніцаў, а таксама ўглядацца ў Тваё Беззаганнае Сэрца. Дзякуючы словам Евангелля св. Лукі я магу быць сведкам вашай сустрэчы, глядзець і слухаць.

“Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна  ўвайшла  ў  дом  Захарыі  і  прывітала  Альжбету. Калі  Альжбета  пачула прывітанне   Марыі,   узварухнулася   дзіцятка   ва   ўлонні   яе,   і   напоўнілася Альжбета   Духам   Святым. Яна   ўсклікнула   моцным   голасам   і   сказала: «Благаслаўлёная  Ты  між  жанчынамі  і  благаслаўлёны  плод  улоння  Твайго. Адкуль  мне  гэта,  што  Маці  Пана  майго  прыйшла  да  мяне?  Бо  калі  голас прывітання  Твайго  загучаў  у  вушах  маіх,  узварухнулася  радасна  дзіцятка  ва ўлонні  маім. І  шчаслівая  тая,  якая  паверыла,  што  споўніцца  сказанае  Ёй Панам».

І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне  над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым  —  Абрагаму і яго патомству навекі». Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.” (Лк 1, 39-56)

Абяцанне, знак, словы Анёла аб тым, што Альжбета зачала і ўжо на “шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай”, сталася фактам. Вось першае суцяшэнне для Твайго Сэрца, якое носіць незразумелую таямніцу звеставання. Ці хтосьці можа Табе быць дапамогай у нясенні таямніцы Тваёй абранасці на Маці Божага Сына? Я гляжу ў Тваё Сэрца і думаю, што ў ім павінна адбывацца, калі Ты бачыш знак, які пацвярджае, што Ты сапраўды зачала Сына Божага. “Як гэта станецца?” – пытала Ты Анёла, як, будучы дзевай, можна зачаць дзіця? Што ж азначае перад абліччам таямніцы тое, што гэта чалавек-стварэнне мае нарадзіць свайго Створцу?

Чаму, аднак, Альжбету не здзіўляе факт наведвання? Яна як бы нешта ведала і вітае Цябе словамі: “Адкуль  мне  гэта,  што  Маці  Пана  майго  прыйшла  да  мяне?”. Яна радасная, але не здзіўленая, ці ж яна сама чакала Цябе? Мне хочацца далей Цябе спытаць: чаму ты паспешна вырушыла да Альжбеты? А Твая сваячка, здаецца, здзіўляецца не столькі неспадзяваным візітам, колькі тым, што гэта Ты, якая атрымала такі прывілей абранасці, наведваеш яе дом, бо гэта хутчэй да Цябе ўсе павінны ісці. Ты ўжо не адна нясеш таямніцу звеставання. Радасць, словы блаславенства за тое, што Ты паверыла, адкрываюць Тваё Сэрца, каб праслаўляць Бога за вялікія справы, якія Ён Табе ўчыніў. Марыя, я бачу і чую Тваю радасць!

Аднак, разам з радасцю, якая мне перадаецца і ўліваецца ў маё сэрца, я адчуваю здзіўленне, бо ўсведамляю, што Ты ўвесь час верыла і верыш. У Табе не было і няма нават кроплі сумневу. Больш таго, Ты не толькі паверыла словам Анёла, але і глыбока ўсведамляла сваю абранасць: “І цяпер бласлаўляць мяне будуць усе пакаленні.” Ты не прыйшла за знакам дзеля сябе, Ты сама знак для іншых; Ты не прыйшла за ўмацаваннем, Ты сваім наведваннем узмацняеш іншых. Наведванне – гэта Тваё вызнанне веры. О Беззаганная, як жа па-сапраўднаму Ты паверыла. Тваё “fiat” ужо выканалася, яно было і ёсць поўным з самага пачатку. Я па-троху пачынаю разумець Тваю паспешнасць. Ты не шукаеш знаку, Ты бяжыш сюды, бо Ты ўпэўненая. Ты прагнеш быць там, дзе здзяйсняецца Божы план збаўлення чалавека, прадказаны Анёлам. Тваё наведванне становіцца для нас, якія глядзім на гэтую падзею, духоўным шляхам, каб паверыць у Божае нараджэнне. У звеставанні мы чуем не толькі пра нараджэнне Сына Божага, мы даведваемся таксама, што “для Бога няма нічога немагчымага”, і Ты таму ідзеш да Альжбеты, каб нам гэта паказаць, нагадаць, сказаць: паглядзіце, бо гэта сапраўды так!

Абяцаны знак і яго здзяйсненне можна ўбачыць уласнымі вачыма. Ці ёсць тут месца смутку, болі, цярпенню? Кожны з нас скакаў бы ад радасці, перажываючы нешта падобнае на шляхах уласных жыццёвых дылемаў.

Тваё наведванне паказвае нам вельмі глыбокую праўду. Маці, дзякую Табе за прыгожы ўрок мудрасці, які адкрывае нам вочы. Як жа часта можна сустрэцца з перакананнем, што калі б можна было б перажыць цуд, тады лягчэй было б паверыць. Цяпер я ўжо ведаю, што гэта не так і не трэба чакаць цудаў, бо вера – гэта ласка і яна нараджаецца ў слуханні слова Божага, а не ад перажывання надзвычайных знакаў. Я ўжо ўяляю сённяшнія сумневы: ці сапраўды Альжбета была бясплоднай, ці сапраўды гэта не збег абставінаў, звычайнае супадзенне? Ужо пачынаюць працаваць механізмы людзкіх калькуляцый, рацыянальнага падыходу да свету, захавання пэўнай дыстанцыі. Ты, аднак, верыш і радуешся ў Богу! Захапляе мяне Тваё Беззаганнае Сэрца; захапляе, але і сароміць, бо я сам адчуваю спакусы і сумневы. Думаю, што ў маім сэрцы нарадзілася б пытанне: а калі гэта сапраўды збег абставінаў? Не трэба чакаць знакаў, каб толькі на іх будаваць веру. Фундамент – гэта дазволіць, каб на грунт нашага сэрца ўпала зерне Слова Божага. Толькі ў перспектыве веры можна годна прыняць дар ад Бога ў выглядзе знаку; супрацьлеглы накірунак, ад знаку да веры, можа стаць небяспечным з-за людзкога жадання ўсё рацыянальна растлумачыць.

Хацелася б падыйсці да Цябе, Беззаганная Маці, і далікатна, з вялікім клопатам, звярнуцца да Цябе, каб Ты не забывалася, што пасля Твайго вяртання ў Назарэт ўсе ўбачаць, што Ты ў блаславёным стане. Падказвае мне гэта не вера, а розум. Калі я будую сваю веру на знаках, тады, навучаны знакам выканання прароцтва адносна Альжбеты, я павінен усведамляць тое, што адбудзецца ў Тваім жыцці, Марыя. Дазволь мне задаць Табе чарговае пытанне: ці ўсе людзі таксама будуць перакананыя ў Тваёй чыстасці, вернасці абяцанню, дадзенаму Юзафу? Трэба цяпер спакойна сесці і падумаць, што рабіць, бо сітуацыя здаецца не такая ўжо аптымістычная.

Беззаганная, што адбываецца ў Тваім Сэрцы? Я гляжу на Тваю радасць, услухоўваюся ў Твае словы праслаўлення Бога і прагну радавацца разам з Табой. Гэты знак, які пацвярджае Тваю абранасць, а таксама прадказанне, што Ты павінна будзеш стаць перад бацькамі, сваім Абраннікам Юзафам, перад жыхарамі Назарэту. Ці ўсе яны Табе вераць? Калі не, права Майсея не пакідае выбару, а таму трэба падрыхтавацца да найгоршага. Знак вядзе ад радасці да цярпення, але я не заўважаю, Маці, нават следу цярпення ў Тваім абліччы. Знак вядзе ад надзеі, якая ажыццяўляецца ў цяжарнай Альжбеце, да страху за сваё жыццё. Марыя, чаму няма ў Табе ніякага непакою? Здзяйсняюцца планы Божыя, але хто іх зразумее? Як можна стаць маці без удзелу сужонка, як стварэнне можа нарадзіць Створцу? Ці перад абліччам выкліку людзкая логіка не падсоўвае такіх пытанняў, ці не нараджаюцца сумневы? Але ж напэўна, калі Ты вернешся ў Назарэт, то сустрэнешся з незразуменнем, аддаленнем, прыніжэннем, а можа нават укаменаваннем. Ці ж розум не падказвае застацца ў Альжбеты, яна ж Цябе разумее. Маці, Ты таксама цалкам усведамляеш Божыя планы адносна яе. Сапраўды, о Беззаганная, толькі тры месяцы Ты застанешся ў Альжбеты. Калі ж Ты маеш намеры вярнуцца, то можа лепш ужо цяпер, адразу, калі ніхто яшчэ нічога не заўважыць, і тады гэта ўдасца вырашыць разам з Юзафам? Маці, чаму Ты не хочаш прыняць мае парады, ці ж гэта не будзе разумней?

Так, я ведаю і разумею, што Ты будзеш тут тры месяцы, бо столькі засталося да родаў Альжбеты. Чаму Ты, аднак, не думаеш пра Сябе, пра сваю будучыню і бяспеку? Твой спакой, Маці, зноў для мяне з’яўляецца ўрокам. Я добра разумею, што калі бачыш толькі знакі, нават цудоўныя, можна заблукаць і пайсці ўласным шляхам людзкой вынаходлівасці. Вера нагадвае сказанае “fiat”, а таму трэба пакінуць прыватныя планы і людзкую логіку забеспячэння.

 Беззаганная Маці, дзякую Табе за чарговы ўрок, якога я быў сведкам. Прашу прабачэння за тое, што я так часта кажу Богу “fiat”, а аднак далей шукаю ўласнага шляху. Ave Maria!


РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ 

Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі 

Бог выбраў Марыю на Маці Збаўцы. Яе пакора і прастата падабаліся Богу. Марыя на заклік Бога адказала: “Так, няхай здзейсніцца Твой план”. Яна цалкам даверылася Божаму абяцанню. Божае звеставанне трывае ажно да сённяшняга дня. Яно здзяйсняецца на розных шляхах і ў розныя часы. Марыя, дапамажы нам заўсёды даваць станоўчы адказ Богу.

 Наведванне св. Альжбеты

 Марыя паспяшалася, каб дапамагаць Альжбеце. У сваёй паслузе Яна паўсюль разносіць блаславенства Хрыста. І сёння Хрыстос наведвае нас у сваім слове, у сакрамэнтальнай ласцы. Ён прыходзіць да нас у другім чалавеку. Плёнам наведвання ў Аін Карым быў гімн падзякі і праслаўлення Бога – Магніфікат. Марыя, дай нам сэрца, адкрытае на іншага чалавека. 

Нараджэнне Езуса Хрыста 

У Бэтлеемскай гроце прыходзіць на свет Збаўца. Пан прыходзіць да сваёй уласнасці, а свае Яго не прымаюць. Бог, які ёсць Любоўю, стаўся адным з нам, каб чалавек стаў жыллём Бога. Марыя, дапамажы, каб у нашых сэрцах кожнага дня нараджаўся Хрыстус. 

Ахвяраванне Езуса ў святыні 

Марыя ахвяравала Езуса, свой скарб, Айцу, так, як загадвала Права. Гэту падзею суправаджала прароцкае прадказанне пакутаў Езуса і Яго Маці. І ты таксама з’яўляешся Яе скарбам. Яна ўвесь час аддае цябе ў рукі Бога. Ахвярная прыхільнасць патрабуе гатоўнасці да прысвячэння. Марыя, дапамажы нам быць ахвярнымі. 

Езуса знаходзяць у святыні 

З якім болем і клопатам шукала Марыя свайго Сына. Пасля намаганняў і перажыванняў падчас пошукаў, Марыя знаходзіць Езуса, які размаўляў з настаўнікамі Пісання ў Ерузалемскай святыні. Гэта падзея растлумачвае сутнасць місіі Езуса – быць у тым, што належыць Айцу. Гэта пакліканне кожнага чалавека. Марыя, дапамажы нам, каб мы мелі вочы, адкрытыя на знакі прысутнасці Хрыста ў Касцёле і свеце. 

 

Перакладзена з польскага выдання:
“Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością.”
Sekretariat Fatimski 2015; “Modlitewnik Fatimski”, Ząbki 2017.

Першая субота лютага

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

 ПЕРШАЯ СУБОТА ЛЮТАГА

ПЕРШАЯ  РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА

Ахвяраванне Езуса ў святыні 

У ружанцовым набажэнстве
Хрыстос займае першае месца.
Леў ХІІІ 

   Сёння наш дзень духоўнай засяроджанасці, наш дзень сустрэчы з Езусам і Марыяй, скарыстаемся запрашэннем Найчысцейшай Маці, у першую суботу месяца мы запрошаныя Беззаганным Сэрцам Панны Марыі. Маці Божая просіць нас, каб у нашай паспешнасці мы пажадалі прысвяціць час менавіта Ёй, каб мы ў Яе прысутнасці разважалі над жыццём Яе Сына, міласэрнага Збаўцы, а таксама над Яе жыццём побач з Ім. На хвіліну адсунем наш цяжар, наш боль, клопаты. На хвілінку спынімся разам з Марыяй.

Духу Святы, Ойча ўбогіх, самы шчодры, ласкавы, Ты фармаваў Беззаганнае Сэрца, Ты выхоўваў і вёў Марыю. Духу Божы, просім, адкрый нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы. Без Твайго натхнення мы нічога не зможам, Ты ўзмацні нас, навучы нас, просім, пакажы, вядзі, Духу Аздаравіцелю, мы давяраем Табе нас саміх і нашыя сем’і.

Духу Святла і Любові, Духу Езуса, напоўні мяне.

Найчысцейшая Маці Збаўцы, скіруй нас, просім, на Твой шлях, шлях марыйны, цярпліва дапамагай нам, каб мы з яго не сышлі, дазволь нам разважаць над таямніцамі Твайго паклікання, важнымі падзеямі Твайго жыцця. Беззаганнае Сэрца Марыі, нашыя сэрцы прагнуць Цябе і Тваёй навукі.

Езус шмат людзей прыцягнуў да Сябе, першай спадарожніцай жыцця Езуса была менавіта Беззаганная Панна. Мы таксама, як і Яна, запрошаныя нашым Панам, Сябрам нашых сэрцаў, суправаджаць Яго ў дарозе. Паглядзім на Найсвяцейшую Панну, прымем жа Яе парады, будзем вучыцца ў Яе, скарыстаемся запрашэннем да марыйнай школы, да якой хацела належаць таксама шмат святых і блаславёных.

Гэта другі месяц нашай марыйнай школы, шляху шматлікіх святых. Сёння перад намі вялікая падзея жыцця Езуса і Марыі – ахвяраванне. Прымем гэтую таямніцу для разважання, гэта скарб Беззаганнага Сэрца, адна вельмі вялікая хвіліна, якая паўтаралася на працягу ўсяго жыцця, якая прачытвалася наноў на працягу ўсяго жыцця.

Што мы адчуваем, выказваючы гэтае слова: ахвяраванне? Ці адчуваем мы радасць, думаючы пра тое, што было ахвяравана нам? Ці паяўляецца на дне нашага сэрца страх, што нам трэба нешта з сябе ахвяраваць, можа нешта вельмі важнае, каштоўнае для нас? Што азначае ахвяраванне Езуса, ахвяраванне Марыі, нашае ахвяраванне?

Падумаем пра Марыю, паглядзім на Марыю, будзем вучыцца ў Марыі! Як разумець Ахвяраванне?

З самага пачатку Яе Сын з’яўляецца Сынам Божым, з самага пачатку Ён ахвяраваны Айцу і людзям. Ці ўсё Яго жыццё не з’яўляецца вялікім ахвяраваннем самога сябе? А Найсвяцейшая Панна – ці Яна не ахвяравала саму сябе, сваё сужэнства, сваё мацярынства? Якое можа быць ачышчэнне Найчысцейшай, ачышчэнне Беззаганнай? Як можна прысвяціць Богу Яго ж Сына, аддаць Богу Яго самога?  Хто больш за Езуса можа быць прысвечаны Айцу?

Аднак права казала, што “кожны першародны сын будзе прысвечаны Пану”, пабожны звычай патрабаваў занесці дзіця ў Ерузалем, каб стаць перад Богам. Так рабілі ўсе, так трэба было зрабіць. Калі надышоў час ачышчэння паводле Права Майсея, Бацькі Езуса пайшлі да святыні. Ці гэта толькі пусты жэст, фармальная справа, каб толькі задаволіць людзей, публічную думку, заспакоіць плёткі суседзяў? Не, для Марыі гэта вялікі дзень, сустрэча з добрым Айцом, час ласкі. На самай справе “стаць перад Богам” не было абавязковым, можна было выкупіць першароднага, даючы срэбра святару. Аднак для Марыі і Юзафа намаганне прыйсці да святыні разам з Езусам здаецца важным, абавязковым, патрэбным ім самім. Нягледзячы на тое, што яны больш за іншых маглі быць звольненымі з абавязку, нягледзячы на тое, што маглі яны пачуць сябе выключнымі, абранымі, яны выконваюць Права цалкам, з дадаткам, шчодра – з усяго сэрца – гэта час ласкі, час блізкасці з Богам, час ахвяравання.

Як часта мы бачым, чуем людзей, якія сцвярджаюць, што ім не патрэбна ачышчэнне, споведзь, навяртанне! Як часта людзі спасылаюцца на свае духоўныя выключныя перажыванні, адчуваюць сябе звольненымі ад звычайных практыкаванняў. Хто ж быў больш выключны, чым Езус, чым Марыя, а аднак Яны выбіраюць шлях звычайнасці…

Як часта, вельмі проста, гучаць словы “я не святы”! Панна Марыя была святая – аднак яна бачыла патрэбу прыняць Права, абрад, звычай, падпарадкаванне Традыцыі. Ці ў нас ёсць жаданне вучыцца ў Яе?

Для Яе самой, для св. Юзафа, для Езуса гэта важны дзень.  Напэўна часта прыходзілі маці з першароднымі дзецьмі, Панна Марыя адна са шматлікіх. Гэта звычайная падзея, як сёння хрост у парафіі. Аднак міласэрны Айцец даўно рыхтуе пару, якая прывітае Святую Сям’ю ў дзень ахвяравання. Сімяон, стары мужчына, падтрыманы Духам Святым, чакаў, як кажа нам Евангелле, “суцяшэння Ізраэля”. Менавіта ён – гэта выключэнне сярод шматлікіх людзей, якія наведвалі святыню – заўважае маладую сям’ю, заўважае Марыю і Езуса. Гэта сапраўды каштоўная падказка для нас. Дух Божы робіць людзей здольнымі заўважыць Божых святых, Дух Мудрасці адкрывае вочы сваім верным, каб яны ўбачылі прысутнасць Езуса і Найсвяцейшай Панны. Ужо сама гэтая падзея была б цудоўнай. Колькі ж святых прайшло незаўважанымі сваімі суседзямі, а колькі людзей не распазнала Збаўцу і Яго незвычайную Маці! Аднак Дух Святы сапраўды моцна вядзе сваіх верных. Заўважым, Евангелле ў кароткім тэксце тры разы падкрэслівае блізкасць Божага Духа і Сімяона. Мы чытаем, што “Дух Святы быў з ім”, што “Дух Святы адкрыў яму”, што “кіраваны Духам, ён прыйшоў да святыні”. Менавіта такая асоба можа знайсці ў сваёй штодзённасці, у добра вядомым сабе месцы, сярод шматлікіх людзей – Езуса і Марыю. Менавіта нехта такі можа ў звычайны дзень сустрэць Бога, якога чакае ўсё жыццё. Колькі людзей праходзіла ў той дзень каля Езуса, Марыі, св. Юзафа?

Яшчэ адна таямніца: Айцец міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння дазваляе Сімяону, каб ён сам прывітаў і ўзмацніў Тую, што будзе Дапаможніцай верных, каб ён падтрымліваў Тую, якая вытрывае пад крыжам Сына. Якая вялікая дабрыня Божая! Марыя, якая некалі прыняла анёла, незвычайных гасцей з дарамі для Дзіцяці, цяпер атрымлівае асабістае пацвярджэнне свайго паклікання ў святыні!

Марыя атрымлівае незвычайныя, моцныя, адначасова ўзмацняючыя і непакоячыя словы. Гэта вялікая радасць, што Яе ўмілаваны, адзіны Сын прывітаны як збаўленне для ўсіх народаў, як святло для язычнікаў, як вялікая хвала ўсяго Ізраэля. Сэрца Маці ўзрастае. Евангеліст старанна запісаў, што словы гэтыя былі нечаканасцю для самой Марыі! Абавязкова падумаем над гэтай інтымнай інфармацыяй – Тая, што сама прыняла анёла, што сама чула абяцанні і прадказанні паклікання Яе Сына, сама была здзіўленая. Вось таямніца паклікання, таямніца сталення Беззаганнага Сэрца. Павольна і далікатна вядзе Марыю Дух Святы.

Паглядзім на Марыю – Яна слухае, калі да Яе прамаўляе анёл; слухае, калі Ёй кажа св. Юзаф пра тое, што яму было аб’яўлена ў сне; слухае, калі ёй кажа Сімяон. Якое адкрытае, Беззаганнае Сэрца! Што за гатоўнасць прымаць Бога праз людзей. Езус запрашаў, каб мы вучыліся ў Яго Маці: так, як Яна прымалі таямніцу нашага паклікання, цярпліва вучыліся і саспявалі да нашага шляху з Ім. Ці мы згаджаемся, як Марыя, каб нам казалі, указвалі, павучалі? Ці мы прымаем духоўныя ўказанні? Ці можа ў нас ёсць пачуццё, што мы ўсё ведаем самі, што мала хто можа нам нешта сказаць? Захапляе гатоўнасць Марыі да таго, каб слухаць кожным чынам, кожнага, кожную хвіліну і ў кожным месцы. Анёл прыйшоў “да Яе”, а гэта значыць туды, дзе Яна жыла. Юзаф кажа Ёй пра свой сон, так проста, можа ўначы; Сімяон – у святыні. Марыя вучыцца, слухае, разважае – вось Служабніца Панская! Ці мы не ставім Богу абмежаванняў? Ці любім, каб Ён казаў нам толькі дома або толькі ў Касцёле, або толькі праз выбраных людзей? Ці мы згаджаемся, як Яна, каб Ён сам выбіраў калі, як, праз каго Ён хоча прамаўляць да нас?

Марыя прымае словы Сімяона як прароцтва, як словы анёла. Разам са словамі здзіўляючымі, паказваючымі радасць, хвалу, гонар, моц, Яна чуе прадказанне болю, цярпення, цяжкай раны Сэрца. Прымем таксама і мы тыя словы Сімяона да сябе. Нам хіба лягчэй думаць пра іншых, што гэта яны раняць Марыю, раняць міласэрнае Сэрца Яе Сына. Паглядзім аднак на сябе, падумаем пра сябе. Зоймемся сабой, нашымі адносінамі з Сынам Божым, з Найсвяцейшай Паннай. Ці мы ранім Яе Сэрца? Не апраўдваемся, што можа іншыя раняць Яе больш. Гэта разважанне павінна нас натхняць, не апраўдваць. Сімяон падтрымлівае і суцяшае Марыю. Станем жа разам з ім, суправаджайма Марыю ў Яе малітвае, у Яе імкненнях пашыраць Валадарства Яе Сына, у навяртанні людзей. Яна цалкам ахвяравала сябе Богу – прымаючы цярпенне любага Сына і цярпенне Беззаганнага Сэрца – дзеля ратавання людзей. Вучымся ў Яе, застанемся з Маці, застанемся побоч з Ёй.

Давайце прымем сёння таямніцу ахвяравання, так як сёння вядзе Дух Святы. Толькі што мы разважалі над яе маленькай частачкай, шмат яшчэ застаецца перад намі. Ахвяруемся так, як мы гэта ўмеем сёння, вучачыся ў Яе. Дух Святы напэўна яшчэ не раз будзе нас весці, як Яе, да таямніцы ахвяравання.

О Марыя, Беззагананя Панна, Дзева ахвяруючая сябе, Маці ахвяруючая Сына, будзь Настаўніцай на нашым шляху! Вядзі нас марыйным шляхам, шляхам ахвяравання! Просім – вучы нас у духу ахвяравання прыносіць супакой і дабро, цярплівасць і радасць у нашы сем’і.

 Панна, якая слухае, Панна мудрая, Вучаніца Пана, цярплівая Настаўніца, просім Цябе, маліся з намі і за нас! Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца вучыць маё сэрца, няхай Тваё Сэрца затрыюмфуе ў маім сэрцы! Прасі з намі аб мудрасці Духа Божага, няхай Ён адкрые нашы вушы і сэрца, як Твае, няхай зробіць нашы сэрцы падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн!


О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

 

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

 Зеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі 

Сын Божы становіцца чалавекам… Захапляйся дабрынёй Бога Айца, які дае нам свайго Сына, каб Ён нас адкупіў. Дзякуй Сыну Божаму, які сышоў да нас, каб прынесці нам навуку пра збаўленне, а таксама навучыць пакоры перад Богам… Распальвай сябе любоўю да Хрыста, абуджай жаданне збаўлення людзей. Аддай пашану Марыі, як Маці Збаўцы свету. Яна, Маці Божая, называе сябе Служабніцай Пана. Вучыся ў Яе служыць іншым. 

Наведванне св. Альжбеты 

Марыя наведвае Альжбету, каб падзяліцца з ёй радасцю… каб служыць ёй: вучыся гатоўнасці дапамагаць іншым… Паглядзі на пачуцці Езуса, які хоча асвяціць Яна… і абуджай у сабе прагненне асвячаць людзей… Ян атрымлівае ласку падчас наведвання Марыі – прасі Яе, каб і цябе Яна наведала ў працы, цярпеннях… і прынесла табе ласку Езуса… Ад Альжбеты вучыся ўшаноўваць Марыю: гэта яна, шаноўная пані, аддае паклон Марыі… Разам з Альжбетай праслаўляй Марыю. 

Нараджэнне Езуса Хрыста 

Паглядзі на любоў Бога, які ў постаці немаўляці з’яўляецца на зямлі… Праслаўляй гэта Дзіця… Радуйся Яго прыйсцю, а адначасова вучыся ў Яго ўбоству, прыніжэнню і ўмярцвенню… Людзі не прынялі Юзафа і Марыю, але Яны не крыўдзяцца на іх, Яны радуюцца Езусу… Вучыся ў Іх цешыцца Езусам, хоць і знаходзішся ў цяжкім становішчы… З пастушкамі аддай паклон Езусу і пакладзі Яму свае дары: думкі, пачуцці, сэрца, волю, словы і добрыя ўчынкі. Гэта так няшмат, але гэта дар нашага любячага сэрца. 

Ахвяраванне Езуса ў святыні 

Марыю не абавязвала права ачышчэння, аднак Яна выконвае яго, каб падабацца Богу… Вучыся дабраахвотна выконваць добрыя ўчынкі… Вучыся ў Марыі пакоры: гэта Яна, Дзева, становіцца ў шэрагу звычайных маці, не паказваючы свайго прывілею… Езус, хоць яшчэ і немаўля, але мае поўную свядомасць і самога сябе ахвяруе свайму Айцу за жыццё свету… Ахвяруй і ты сябе Богу на працу для збаўлення людзей… Радуйся з Сімяонам, які песціць Езуса, якога яму дала Марыя… прасі Яе, каб і табе Яна дала Езуса… Прасі Яе, каб Езус не прыйшоў да цябе на ўпадак, але на паўстанне і вечнае жыццё. 

Езуса знаходзяць у святыні 

Езус застаўся ў святыні, бо такая была воля Яго Айца… Езус адчуў балесную разлуку з Марыяй і Юзафам, таму што іх любіў… аднак без іх ведама застаўся ў святыні, бо так хацеў Бог… Вучыся для выканання волі Бога вырачыся сябе… Спачувай Марыі і Юзафу, якія не па сваёй віне згубілі Езуса, і толькі знешне, бо сэрцам яны былі злучаныя з Ім… У гэтай сітуацыі яны не наракаюць на Бога… яны перажываюць і шукаюць Езуса… ты таксама не наракай у цярпенні… рабі тое, што ў тваіх сілах, а рэшту аддай Богу… шукай Езуса ў святыні, гэта значыць у малітве… Радуйся з Марыяй і Юзафам… Так ёсць і ў тваім жыцці: пасля смутку прыходзіць суцяшэнне.    

 

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół, którego nie przemogą bramy piekła.”
Sekretariat Fatimski 2014; “Modlitewnik Fatimski”, Ząbki 2017.

Першая субота сакавіка

 Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

 ПЕРШАЯ СУБОТА САКАВІКА


 ПЕРШАЯ БАЛЕСНАЯ ТАЯМНІЦА

Крыжовы шлях Езуса Хрыста 

Маці, вось я!

Вось я ў першую суботу побач з Тваім Беззаганным Сэрцам, Марыя!

Беззаганная Маці майго Пана, сёння праз разважанне над чацвёртай балеснай таямніцай Ты запрашаеш мяне вырушыць у дарогу, ідучы за Езусам, які пасля прысуду Пілата распачаў свой крыжовы шлях. Раней можна было стать у старонцы і пасіўна назіраць, як здзекваліся над Тваім Сынам. Цяпер я ўжо не магу стаяць ананімна, калі я хачу быць блізка ля Хрыста, я павінен вырушыць за Ім. Гэта робяць не толькі жаўнеры, але і тыя, што патрабавалі вызвалення Варавы.

Маці, які ж вялікі боль напаўняў Тваё Сэрца! Вось той, каго раней прызналі злачынцам, радуецца цяпер вызваленню, а Твой Сын, якога народ не так даўно хацеў зрабіць каралём, нясе крыж. Гэта несправядліва! – хацелася б закрычаць і як мага хутчэй пачаць шукаць магчымасці вызваліць Езуса! Аднак у Тваім Сэрцы не нараджаецца такое жаданне, таму што ў Тваім “fiat” ужо была згода на гэтую ахвяру. Ты ўсведамляеш, што так павінна быць. Аднак перад абліччам настолькі вялікага цярпення ці Ты не пытаешся як Маці: чаму вы так здзекваецеся над маім Сынам? А можа нараджаецца іншае больш важнае пытанне: што будзе з народам, які адкідвае Таго, каго чакаў столькі стагоддзяў? Гэтая ахвяра, аднак, абавязковая, Езус дзеля гэтага нарадзіўся, і Ты ў гэтым упэўненая. Што цяпер будзе, калі Той, які павінен быў прынесці вольнасць, вызваленне Ізраэля, будзе забіты? Ці Тваё Сэрца зноў не выпрабаванае, як у хвіліну звеставання? Ці перад абліччам таго, што адбываецца, чалавек можа сказаць: я ўсё разумею. Напэўна не, і трэба вырушаць у дарогу, бо жаўнеры выводзяць Езуса.

“Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.

Езус  абярнуўся  да  іх  і  сказаў:  «Дочкі  ерузалемскія,  не  плачце  па  Мне,  а плачце  па  сабе  і  па  дзецях  вашых, бо  вось  надыходзяць  дні,  калі  скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»  Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.

Сама дабрыня і любоў становіцца сярод двух злачынцаў. Калі па сведчанню двух асобаў магло абапірацца абвінавачванне, так і падчас крыжовай дарогі на Галгофу іх прысутнасць становіца формай пацвярджэння таго, што Езус заслугоўвае смерці. Калі так, то тады зразумела, чаму ніхто не хоча Яму дапамагчы і чаму трэба было прымусіць Сымона Кірынэйца. Чаму адбылося так, што ўсе прынялі смяротны прысуд? На працягу стагоддзяў гучыць спеў прывітання Езуса, які ўваходзіць у Ерузалем. Сцежка ўсланая пальмавымі галінкамі. А ўжо праз некалькі дзён разносіцца ўжо не спеў радаснага прывітання, а крык: “Укрыжуй яго!” Ці сапраўды, аднак, усе адвярнуліся ад Езуса, ці дазволілі сябе падкупіць? Вось у пачатку крыжовай дарогі чуецца плач жанчын, якія ідуць за Тваім Сынам і плачуць, а значыць не ўсе дазволілі сябе падмануць. Але ці гэты плач суцяшае Цябе? Твой Сын не чакае такога спачування, бо ёсць нешта большае, чым толькі цярпенне.

Аднак немагчыма паўстрымаць слёзы і хвалявання пры такім відзе пакуты. “Толькі цяпер ішоў Пан наш і Збаўца, схілены, хістаючыся пад цяжарам крыжа, збіты, паранены бічамі, патаўканы. З учарашняй Апошняй Вячэры нічога не еў, не піў, не спаў, бо ўвесь час Яго бязлітасна катавалі; Яго сілы вычарпаліся са стратай крыві, ранамі, гарачкай, смагай, бясконцымі духоўнымі пакутамі і трывогай; Ён ледзве мог утрымацца на дружучых, слабых, параненых нагах. Правай рукой ён з цяжарам стараўся прытрымаць адзенне, якое перашкаджала Яго няўпэўненым крокам. Два каты цягнулі Яго ўперад на доўгіх вяроўках, два другія пхалі Яго з тылу; шнуры, якія ішлі ад паса, перашкаджалі Яму прытрымліваць сваё адзенне, а таму і крокі Яго былі няўпэненымі” (Пасія, бл. К. Эмерых).

Від пакутючага чалавека звычайна выклікае спачуванне. У гэтым выпадку яно ўзмацняецца паводзінамі церпячага, які з пакорай прымае ўсё, што яго сустракае. Цярпенне дзіцяці ў шпіталі нікому не дазваляе прайсці абыякава. Калі, аднак само дзіця кажа: “не перажывайце, я паміраю, але іду ў неба, я смуткую па Богу”, ці тады гэтыя словы не разрываюць сэрца, цi не хвалююць нават самага абыякавага чалавека? Слёзы сціскаюць горла яшчэ больш, але ўжо не ад звычайнай літасці, а ад пачуцця таго, што перавышае часовае вымярэнне чалавека, ад пачуцця любові, якая з жыцця робіць ахвяру.

Вось я гляжу на Езуса, як глядзіць маці, што чувае ля ложка свайго паміраючага дзіцяці, якое згаджадецца на смерць. Гляжу на Езуса, які нясе крыж, і бачу: “Яго рукі былі распухшыя і параненыя, ад таго, што іх моцна перавязалі вяроўкамі. Аблічча было пакрытае сінякамі і ранамі, барада і валасы расшарпаныя, злепленыя засохшай кроўю. Цяжар крыжа і моцныя вузлы моцна ўдаўлівалі сукню з воўны ў параненае цела, а воўна ізноў прыляплялася да скрываўленых ранаў. Сярод здзекаў і злосці ворагаў Езус ішоў ціхі, з худым тварам, змучаны, але поўны любові; Яго вусны шапталі словы малітвы, у позірку была відаць маўклівая просьба, бязмежнае цярпенне, а таксама прабачэнне. Два каты, падтрымліваючы на вяроўках канец крыжа, перашкаджалі Езусу і абцяжарвалі нясенне крыжа, бо не думалі пра тое, каб ісці роўна і на аднолькавай вышыні трымаць крыж. З двух бакоў, трохі на адлегласці, ішлі жаўнеры, узброеныя дзiдамi” (Пасія, бл. К. Эмерых).

Вельмі часта людзі сёння пытаюцца: дзе Бог? Ці Ён увогуле ёсць, калі дазваляе такое вялікае цярпенне і несправядлівасць? Чаму, аднак, ніхто не спытаецца пра зло, настолькі жудаснае, і чалавецтва настолькі ім зняволенае, што патрэбна была ахвяра самаго Бога? Словы Езуса, скіраваныя да плачучых жанчын, здаецца, у чарговы раз нагадваюць нам, што не трэба засяроджвацца на самім факце цярпення. Досвед цярпення павінен схіліць нас да пытання: дзе яго крыніца? Само спачуванне не вядзе да змены ці яго вырашэння.

Гледзячы на Цябе, Маці, я імкнуся зразумець, як я бачу гэту сцэну, калі Ты сустракаешся са Сваім Сынам. “У пачатку натоўпу Найсвяцейшая Маці ўбачыла паслугачоў катаў, якія з трыюмфам неслі начынні пакуты; Яна задрыжала і ўзнесла рукі, балесны крык выйшаў з Яе грудзей. Бачучы гэта, адзін з паслугачоў запытаўся ідучых ля яго назіральнікаў: “Што гэта за жанчына, якая так балесна крычыць?” Нехта з натоўпу адказаў яму: “Гэта Маці Галілеяніна”. Гэтыя словы толькі падштурхнулі подлых паслугачоў. Адразу ж пасыпаліся здзекі і едкія насмешкі на пакутуючую Маці, на Яе тыкалі пальцамі, а адзін з іх падсунуў Найсвяцейшай Панне кулак, у якім трымаў цвікі, якімі павінны былі прыбіць Езуса да крыжа. Зламаная бязмежным болем, абаперлася Маці Божая на браму, узнесла рукі, чакаючы, што хутка ўбачыць Езуса. Яна была белая, як нябожчыца, з пасінеўшымі вуснамі. […] Бязмежны боль і любоў адгукнуліся пры яго відзе з падвойнай моцай у сэрцы Найсвяцейшай Панны. Зніклі з Яе вачэй каты, зніклі жаўнеры, Яна бачыла толькі свайго любага, змучанага, скатаванага Сына; выйшла на вуліцу, праціснулася сярод катаў і ўпала на калені перад Езусам, абдымаючы Яго рукамі. […] Я пачула два балесныя ўздыханні: “Сын мой! – Маці мая!” Шмат жаўнераў адчула іскарку літасці ў сваім сэрцы, але бязлітасныя каты толькі смяяліся і лаяліся, а адзін з іх крыкнуў: “Жанчына! Чаго ты хочаш? Трэба было яго лепш выхоўваць, і ён не трапіў бы цяпер у нашыя рукі.” Найсвяцейшую Панну прымусілі адысці, але ніхто не адважыўся зняважыць яе. Разам з Янам і жанчынамі, вярнулася Марыя за браму і тут, амаль мёртвая ад болю, упала на калені на скошаны наўгольнік брамы, павярнулася спіной да смутнага натоўпу, каб не бачыць больш, што там адбываецца” (Пасія, бл. К. Эмерых).

Маці, Ты побач з Езусам, але не клічаш аднак: пакіньце Яго, Ён не вінаваты; не даеш волі сваім матчыным пачуццям, каб бараніць уласнае дзіця, але Ты Сэрцам з Яго Сэрцам. Усведамленне таго, што гэта ахвяра павінна выканацца, не зрывае кроўных повязяў з Тваім уласным дзіцём, Ты заўсёды будзеш адчуваць як Маці Езуса, які цяпер нясе крыж, каб скласці ахвяру для збаўлення ўсяго свету. Маці з Беззаганным Сэрцам, Сэрцам, якое не забрудзіў ніводны грэх, як жа Ты павінна быць уражлівай на зло, як моцна павінна Табе балець у гэтую хвіліну.

Ці, аднак, хтосьці абараняў Цябе? Ты толькі сустрэла словы прыніжэння, якія яшчэ больш узмацнялі боль Твайго Сэрца. Як жа часта мы глядзім праз прызму дзіцяці на ўсю яго сям’ю; гледзячы недабразычлівым вокам на дзіця, людзі так сама звычайна глядзяць і на яго блізкіх. З якімі позіркамі Ты павінна была сустрэцца, калі была Маці Таго, каго вялі на ўкрыжаванне? Ты Яго Маці! Якая ж вялікая любоў павінна была перапаўняць Тваё Сэрца, калі ўсе людзкія погляды не мелі для Цябе ніякага значэння. Кожны з нас у такой сітуацыі пажадаў бы нават не паказвацца, і напэўна не публічна. Ты, аднак, Маці робіш нешта зусім іншае; Ты праціскаешся праз натоўп, каб быць побач з Сынам. Гэта Твой Сын – усе гэта ўбачылі!

Маці, я таксама хачу сёння прызнацца, што ведаю Езуса. Я адчуваю, што такім чынам прынясу найбольшую палёгку Твайму балеснаму Сэрцу. Дзякую Табе за гэты час медытацыі, за Тваё кіраванне, за Тваю дапамогу ў адкрыванні таямніцы веры. Ave Maria!

 Балесныя таямніцы

Малітва ў садзе аліўным

  Надыходзіць час пагрузіцца ў змрочную таямніцу болю. Пранізвае нас холад саду аліўнага, а сэрца напаўняе страх. Перад намі паўстае балючае пытанне. Ці варта? Ці трэба?
  У адказ чуем той самы Божы заклік, які ведаў Езус: Мы павінны мець здольнасць заўважыць, што сэнс нашага жыцця не за намі, унізе, дзе лягчэй і прасцей жыць, але ў вышыні, дзе для нас падрыхтавана месца ў Небе. Перад намі стаіць складанае заданне, але абавязковае: нам трэба гэтаму навучыцца, трэба верыць у сэнс, які яшчэ прыйдзе, які з’явіцца ў таямніцы ўваскрасення. Трэба быць гатовымі цярпець, бо пасля - чакае перамога.
  Няхай нашыя сэрцы вучаць гэту праўду на памяць. Гэта навука на цяжкія хвіліны, на самотнасць, страх, пакінутасць і неразуменне.

   У Садзе Аліўным Езуса мы вучымся прымаць крыж.

Бічаванне Езуса

  “Чувайце і маліцеся… Калі Пан цярпеў, будзе і слуга цярпець”. Узгадваем гэтыя словы Хрыста, які – страшна бічаваны – быў затрыманы катамі на парозе смерці. Зусім не з літасці, але для таго, каб можна было яму прычыніць наступны боль. І наступны, ажно да насычанасці іх д’ябальскага жадання крыві.
   Ці мы таксама павінны згадзіцца на такое цярпенне і быць побач са смерцю? Гэта складанае пытанне, але адказ адзін. Ведаем, што ні за які кошт не можам мы адысці ад Езуса. Мы павінны быць гатовымі на ўсё. Мы павінны падрыхтавацца да ачышчэння, якое чакае нас на дарозе крыжа. І не спыніцца на шляху, не адрачыся, не ўцячы. “Вы павінны быць моцнымі моцай любові, якая мацнейшая, чым смерць”, - заклікаў Ян Павел ІІ.
  Будзем памятаць: праз цярпенне Хрыста, “быў пераможаны сатана, пераможана смерць, перададзена жыццё, вернута надзея, дадзена святло” (Ян Павел ІІ).

   У сцэне бічавання вучымся заўважаць Божае вымярэнне цярпення. 

Укаранаванне цернем

   Час затрымацца над таямніцай цярнёвай кароны. Яе насіў Езус, наш Пан, Кароль Неба і зямлі. Гэта карона цярпення, насуперак інтэнцыям яе творцаў, замест таго, каб прынізіць, адарыла Хрыста годнасцю. Ведаем Яго таямніцу – здольнасць прыняць цярпенне як ахвяру ўзнагароды за грахі. Кароль - гэта той, хто мае ўладу служыць. Калі трэба, ён гатовы служыць цярпеннем.
   Многія атрымалі гэту каралеўскую годнасць. Калі мы адважымся запытацца Езуса, якім чынам ён з’яўляецца “каралём”, адказ ажно раніць: праз укрытае цярпенне, праз невядомую нікому ахвяру, праз гатоўнасць на ўсё, каб толькі выратаваць бедных грэшнікаў.

   У сцэне ўкаранавання Езуса цярнёвай каронай вучымся разумець, як становяцца каралём. 

Крыжовая дарога

   Ян Павел ІІ заклікаў: “Вышэйшая за смерцяносную нянавісць - (…) гэта любоў. Гэта любоў, якой Бог палюбіў свет ў Хрысце ўкрыжаваным і ўваскрослым. Крыж з’яўляецца знакам гэтай любові. Крыж з’яўляецца знакам вечнага жыцця ў Богу”. Таму Папа хацеў, каб увесь свет “схіліўся ля падножжа крыжа, жыў і развіваўся ў яго ценю”. Сёння гэтае “распрасціранне ў ценю крыжа” нялёгкае. Гэта азначае, што нашыя асабістыя шляхі – гэта Крыжовая Дарога. Гэтак было ў часы папярэдніх пакаленняў, хто ведае, ці не напісана гэта і для нас. Хіба што зноў нагадаем пра надзею, якая перад намі…

   У сцэне ўкрыжавання вучымся кожны дзень жыць у ценю крыжа. 

Смерць на крыжы

   Езус памірае на крыжы. Нам застаецца ўкленчыць пад гэтым крыжам і схапіцца за яго, каб прытуліліся да яго нашыя сэрцы. І каб мы былі разам з Езусам укрыжаванымі. І каб разам з Ім памерлі на крыжы збаўлення. Першай гэта ўчыніла Беззаганнае Сэрца Марыі на Галгофе, сёння гэта робім мы, аддадзеныя Ёй як Маці.
   Гэта з Марыяй мы вучымся аддаваць жыццё, каб вытрываць у вернасці Хрысту. Ян Павел ІІ кажа: “Пакутнікі маюць шмат чаго нам сказаць. Аднак, перш за ўсё яны пытаюцца нас пра стан нашых сумленняў”.
   Можа час зрабіць такі глыбокі рахунак сумлення, такую вялікую скруху і жаль, такое гарачае прагненне перамены жыцця, што мы памрэм для таго, што было, і ўсё станецца новым, а смерць пераменіцца ва ўваскрасенне? Так што мы не будзем больш баяцца пакутніцтва?

   Бо ў сцэне смерці Езуса мы атрымалі Марыю за Маці.


Перакладзена з польскага выдання
"Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga,
 
który jest Miłością."
Sekretariat Fatimski 2015