1.18.2017

Першая субота снежня


ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Нараджэнне Езуса Хрыста

Маці, вось я!
Я побач з Тваім Сэрцам, о Беззаганная Маці. Я іду за Табой шляхам ружанцовых таямніц, згодна з Тваімі ўказаннямі. Сёння я вырушаю разам з Табой і Тваім Абраннікам Юзафам у Бэтлеем, каб удзельнічаць у прадказаным ад пачатку стагоддзяў самым вялікім цудзе: нараджэнні Бога на зямлі.
“У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта  быў  першы  перапіс  падчас  панавання  Квірынія  ў  Сірыі. І  пайшлі  ўсе запісвацца,  кожны  ў  свой  горад. Пайшоў  таксама  і  Юзаф  з  Галілеі,  з  горада Назарэта,  у  Юдэю,  у  горад  Давіда,  званы  Бэтлеем,  бо  ён  быў  з  дому  і  роду Давіда, каб  запісацца  з  Марыяй,  заручанай  з  ім,  якая  была  цяжарнай. А  калі яны  былі  там, надышоў  Ёй   час нарадзіць. І   нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім  анёл:  «Не  бойцеся,  я  абвяшчаю  вам  вялікую  радасць,  якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І  вось  вам  знак:  знойдзеце  Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася  вялікае  войска  нябеснае, якое праслаўляла  Бога  і ўсклікала:  «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі». Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». І пайшлі
яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся  таму,  што  расказвалі ім пастухі. А Марыя  захоўвала  ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 1-19).
Вось вялікая таямніца веры; вось Божыя планы, якія былі Табе, Маці, звеставаныя, а цяпер становяцца Целам. Ты прымала ўдзел у народзінах св. Яна, калі наведвала Альжбету. Табе была дадзена магчымасць непасрэдна ўдзельнічаць у здзяйсненні Божых абяцанняў. Падчас звеставання Ты пачула, што на шостым месяцы тая, якую лічылі няплоднай. Ты заставалася тры месяцы ў сваёй сваячкі, гэта значыць да хвіліны нараджэння таго, пра каго Ты чула ад Анёла. Бог выконвае сваё абяцанне, Ты магла даслоўна ў гэтым пераканацца. Ці, аднак, Табе былі настолькі неабходныя гэтыя знакі, Маці? Твая паспешнасць у падарожжы да Альжбеты і радасць слоў Магніфікату указваюць на тое, што Твая пастава з’яўляецца знакам для нас. Цяпер мы можам захапляцца веліччу Твайго fiat, таму што Ты не чакаеш знакаў, а прагнеш удзельнічаць у прадказаных падзеях. Ты цалкам для Бога, Ты прагнеш цалкам быць там, дзе Ён ажыццяўляе свае планы.
Цяпер, аднак, о Беззаганная Маці, надыходзіць момант, калі павінна выканацца абяцанне, якое беспасрэдна датычыцца Цябе. Вось чалавек народзіць Бога, вось Тваё Дзіця будзе названае Сынам Божым, вось стварэнне народзіць свайго Створцу. Ужо адны толькі Твае словы робяць так, што людскі розум пачынае блытацца, усе правы людскога рацыяналізму становяцца перад абліччам супярэчнасці. Павінна адбыцца нешта, што па-людску ні ў якім разе не павінна быць. Ты, Маці, паставіла пытанне і дала нам знак, што не было Табе дадзена зразумець усяго. Ты таксама стаяла перад абліччам бязмежнай таямніцы. Адказ Ты знайшла ў даверы Богу, ва ўпэўненасці, што такая Яго воля; а калі так, то Ён можа ўсё ўчыніць. Маці, што Ты адчуваеш як Маці, якая пад сваім Сэрцам носіць вялікую таямніцу? Што Ты адчуваеш, калі вырушаеш з Юзафам у дарогу да Бэтлеему? Кожная жанчына, вырушаючы ў доўгую дарогу і чакаючы нараджэння дзіцяці, напэўна непакоілася б пра шматлікія справы; старалася б пакалапаціцца пра розныя рэчы, якія будуць ёй патрэбныя. Магчыма маці ў такую хвіліну паважна б задумалася: ці ўвогуле ёсць сэнс вырушаць у дарогу, калі ў гэтым няма вялікай неабходнасці? Больш таго, невядома, дзе і калі павінен прыйсці ў свет прадказаны Месія. Гэта можа здарыцца ў дарозе, можа ў Бэтлееме, а ўсё ж такі мэта падарожжа не звязана з наведваннем сям’і, а гэта значыць народзіны не будуць у выгадным для жанчыны месцы. Народзіны дзіцяці – гэта асаблівы для жанчыны момант, гэта хвіліна, якую з радасцю чакаюць месяцамі, але гэта таксама вельмі паважная хвіліна, якой нельга занядбаць. Ты, аднак, Маці, вырушаеш у дарогу з Юзафам, як бы гэта было нармальным, як бы з гэтым не было звязана ніякіх патрабаванняў, небяспекаў, цяжкасцяў. Проста Юзаф вырушае ў Бэтлеем; нават Евангеліст не занатаваў, што ён бярэ Цябе, што гэта было супольнае рашэнне. Юзаф, згодна з загадам, прагне запісацца разам з Табой, разам з нарачонай яму Марыяй, якая была цяжарная. І таму вы вырушаеце разам у дарогу да Бэтлеему.
Маці, што Ты адчуваеш, калі, як жанчына, Ты ўсведамляеш, што набліжаецца дзень народзінаў дзіцяці? Думаю, што Ты, Маці, усведамляеш, што, калі б не паехала з Юзафам, народзіны Езуса маглі быць падчас адсутнасці Твайго Абранніка. І таму Ты свядома выбіраеш свой шлях, які будзе для Цябе вялікім выклікам. Ты жадаеш у гэтую адзіную і асаблівую хвіліну быць разам з Юзафам, а Юзаф таксама прагне быць разам з Табой і Езусам. Як жа гэта прыгожа быць разам з асобай блізкай сэрцу, у Божых справах, разам удзельнічаць у іх і перажываць. Пасля дня вашага нарачэнства Юзаф перажыў незвычайнае выпрабаванне. Ён не прымаў удзелу ў звеставанні, а таму не меў упэўненасці ў тым, што тое, што адбываецца, з’яўляецца Божым планам. Толькі словы Анёла падчас сну пазбаўляюць яго сумневаў. З самага пачатку шляху Твайго абрання вы не маглі быць разам; цяпер жа, як здаецца, вы свядома прагнеце ва ўсім, што здарыцца, быць разам. Было ўжо вяселле, вы ўжо сужонкі, і таму ў такія незвычайныя хвіліны сужонкі стараюцца быць разам.
Маці, ці магу я запытаць, колькі ў гэтых падзеях Тваіх указанняў для нас, а колькі для Юзафа? Ты жадала быць з Юзафам падчас нараджэння Езуса, каб падтрымліваць Юзафа ў яго цяжкіх змаганнях, ці гэта не знак для кожнага з нас? Дзякую Табе, Маці, таму што ўсё, што я тут заўважаю, я разумею як выраз Тваёй любові таксама і для мяне. Як жа часта мы перажываем сумневы ў духоўных змаганнях, а Ты сваёй паставай вучыш, што трэба даверыцца Богу і не паддавацца спакусе. Калі Ты, хоць мела поўнае права адчуваць няўпэўненанасць, перажываць шмат сумневаў перад падарожжам, вырушаеш, аднак, у дарогу да Бэтлеему, а таму нагадваеш, што fiat азначае fiat.
Маці, а калі ў Бэтлееме не будзе адпаведных умоў для жанчыны, для якой надыйдзе час нарадзіць дзіця? Калі Ты сустрэнешся з абыякавасцю або злоснымі заўвагамі, што гэта неадказнасць у такім стане вырушаць у далёкую дарогу, і не атрымаеш патрэбнай дапамогі, як тады Ты народзіш сярод чужых людзей? Маці, я не магу пазбавіцца такіх думак, людскіх разлікаў. Усё ж такі праз факт абрання Цябе на Маці Божага Сына Бог не пазбавіў Цябе людской натуры і пачуццяў. А значыць давер Богу, вера ў Яго дапамогу і падтрымку павінны былі перамяшацца са шматлікімі ўяўленнямі, страхам, які заўсёды адчувае жанчына, калі надыходзіць для яе такая асаблівая хвіліна: нараджэнне дзіцяці. Колькі ж, Маці, у гэтым, як ахвяры, так і пакоры перад абліччам Божых планаў.
Прыходзіць мне на думку, Маці, адна сцэна з жыцця св. Філіпа Нэры, якога Папа папрасіў праверыць сапраўднасць пэўных аб’яўленняў. Ён адразу адправіўся наведаць асобу, якая атрымала гэтыя ласкі, каб перадаць свету Божае пасланне. Калі ён прыйшоў на месца, прамокшы амаль наскрозь ад дажджу, то папрасіў, каб менавіта гэтая асоба занялася яго адзеннем і прамокшымі ботамі. Ён адразу сустрэўся з неахвотай і вялікім здзіўленнем з боку гэтай асобы. Яна, абраная Богам, цяпер павінна займацца такімі справамі? Тады св. Філіп, не чакаючы наступнага дня, вярнуўся да Папы і сказаў, што напэўна ў гэтым выпадку няма нават найменшых слядоў Божага дзеяння. Адсутнасць пакоры была для яго несумненным аргументам, які дазволіў зрабіць вынік. О Беззаганная, якая ж павучальная Твая сціпласць і пакора. Ты не шукаеш узвышэння, хвалы, каб Табе служылі, але цалкам аддаешся справам Бога.
Што, аднак, адбываецца ў Тваім Беззаганным Сэрцы, калі ў такіх сціплых і ўбогіх умовах Ты бярэш на рукі маленькага Езуса? Ён нічым не адрозніваецца ад такіх самых нованароджаных дзяцей, а Ты ведаеш, што трымаеш у людской постаці Бога, Створцу, Пана Сусвету. Што Ты адчуваеш у такую незвычайную хвіліну? Вось абяцанне выканалася і ў Тваім жыцці. Ці, аднак, не маючы знакаў, бачучы толькі маленькае слабое дзіця, чалавек можа ў такую хвіліну паверыць і прызнаць? Гэта мой Бог і Пан? Хацелася б запытаць: а як Ты сама гэта сабе ўяўляла, якія апасенні нараджаліся ў Тваім Сэрцы, а што Ты цяпер адчуваеш, калі Езус прыйшоў на свет? Тое, што было прадказана, ужо не толькі чаканне, яно дасягальнае розумам; бачучы, кранаючыся, слухаючы, у нас з’яўляецца поўны вобраз, поўны адказ на ўсе ранейшыя пытанні і сумневы. Што тады спазнала Тваё Беззаганнае Сэрца?
Як жа гэта дзіўна, Маці! Дзіўна яшчэ таму, што аповесць пастухоў нараджае шмат новых пытанняў. Што так сапраўды адбываецца, што будзе адбывацца, калі народзіцца Сын Божы. Бог прыйшоў на свет. “А ўсе, што чулі пра гэта, дзівіліся гэтаму” – хацелася б запытаць, калі пастухі прыйшлі і расказалі пра тое, што бачылі і што ім сказаў анёл, то хто гэтаму здзіўляўся? Ці для Цябе, Маці, гэтыя словы не былі таксама вялікім уражаннем? Вось анёлы абвяшчаюць свету факт нараджэння Твайго Сына. Што тады яшчэ здарыцца, што Цябе чакае, да чаго Табе трэба падрыхтавацца ў бліжэйшы час? Цяжка нават думаць пра такую далёкую будучыню, калі пасля нараджэння адбываюцца такія цудоўныя рэчы і маюць месца нечаканыя адведзіны і аповесці. Ты, аднак, захоўваеш усе гэтыя справы і разважаеш над імі ў сваім Сэрцы. Ці гэта не з’яўляецца для нас адказам і ўказаннямі для нас, Маці, што Табе не было дадзена пра ўсё ведаць і ўсё разумець?
Дзякую Табе, Маці, за такі павучальны ўрок. Дзякую за Тваё fiat, якое сёння я мог не толькі пачуць, але таксама і ўбачыць. Ave Maria!

Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016