Фацімскі ружанец

Маці Божая не стамляецца запрашаць нас да малітвы на ружанцы. Яна нагадвае пра гэта падчас кожнага аб’яўлення ў Фаціме:

“Штодзённа маліцеся на ружанцы.” (13 мая 1917 – першае аб’яўленне)

“Я хачу, каб вы (…) штодзённа маліліся на ружанцы” (13 чэрвеня 1917 – другое аб’яўленне)

“Я хачу, каб вы (…)  далей маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай Ружанцовай.” (13 ліпеня 1917 – трэцяе аб’яўленне)

“Я хачу, каб вы (…) штодзённа маліліся на ружанцы.” (19 жніўня 1917 – чацвёртае аб’яўленне)

„Далей працягвайце маліцца на ружанцы.” (13 верасня 1917 – пятае аб’яўленне)

“Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы.” (13 кастрычніка 1917 – шостае аб’яўленне)

Каб адказаць на заклік Маці Божай і падрыхтавацца да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе, вернікі парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіна сумесна з каталікамі Украіны арганізавалі ружанцовую малітву праз Skype.

Мэтай гэтай малітвы з’яўляецца больш глыбокае пазнанне аб’яўленняў Маці Божай, а таксама адказ на яе заклік да малітвы. Плануецца таксама стварыць некалькі груп, якія будуць маліцца ў розны час.

Малітва на ружанцы праз Skype адбываецца штодня ў 22.00 па беларускім часе. Каб далучыцца і ўдзельнічаць, трэба знайсці ў Skype лагін catholic.rosarium і дадаць сабе новы кантакт.