Фаціма - пасланне надзеі


АНЁЛ СУПАКОЮ


ВЯСНА 1916 г. АНЁЛ АБ’ЯВІЎСЯ НАМ ПЕРШЫ РАЗ У ЛОКА ДЭ КАБЭКА.

Наблізіўшыся да нас, ён сказаў:
   -„Не бойцеся, я Анёл Супакою! Маліцеся са мной".
   Ён укленчыў і схіліў галаву да самай зямлі.
   Захопленыя надзвычайнай сілай, мы рабілі тое самае і паўтаралі словы, якія ён казаў:
   -„O мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу прабачэння за тых, хто ў Цябе не верыць, хто Цябе не праслаўляе, хто Цябе не любіць і не давярае Табе".
   Пасля таго, як ён паўтарыў малітвы тры разы, ён узняўся і сказаў:
   -„Так вы павінны маліцца! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы". І знік.

 1916 г. НАСТУПНАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ
БЫЛО ЛЕТАМ.

Раптам мы ўбачылі перад намі таго ж самага Анёла:
   - „Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць аказаць (свету) вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і ўтаймаванні".
   - „Як нам трэба гэта рабіць?" – запыталася я.
   - „З усяго, што толькі можаце, складайце ахвяру як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы прыцягнеце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, якія Бог вам спашле".

1916 г. ТРЭЦЯЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ, МНЕ ЗДАЕЦЦА, БЫЛО Ў КАСТРЫЧНІКУ АБО НАПРЫКАНЦЫ ВЕРАСНЯ.

Ён трымаў у руцэ келіх, над якім была Святая Гостыя, з якой да келіха сплывалі кроплі Крыві. Раптам келіх з Гостыяй павіс у паветры, а Анёл укленчыў на зямлі і тры разы паўтарыў малітву:
   - „Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын, Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтвы і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласку навяртання бедных грэшнікаў.”
   Потым, уздымаючыся з каленяў, ён ізноў узяў у руку келіх і Гостыю. Гостыю даў мне, а тое, што было ў келіху даў выпіць Гіяцынце і Францішку, адначосова кажучы:
  -„Прыміце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Узнагароджвайце за іх грахі і суцяшайце вашага Бога!"
   Потым ён зноў укленчыў і тры разы прачытаў з намі тую самую малітву: „Найсвяцейшая Тройца" i знік.



 

 АБ'ЯЎЛЕННЕ МАЦ БОЖАЙ

І.
13 МАЯ 1916 Г. – ПЕРШАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ

Наша Дарагая Спадарыня сказала:
- „Не бойцеся! Я нічога вам не зраблю!"
- „Адкуль вы, Спадарыня?" – запыталася я.
- „Я з Неба!"
- „A чаго Спадарыня ад мяне хоча?"
-„Я прыйшла вас папрасіць, каб вы прыходзілі сюды на працягу шасці чарговых месяцаў, 13  дня ў тую самую гадзіну. Потым я скажу, хто Я і чаго жадаю. Пазней, я вярнуся яшчэ сёмы раз". (Сёмым разам было аб’яўленне ўжо 6 чэрвеня 1921 г., напярэдадні ад’езду с. Луцыі да Вар дэ Порта. Гаворка ідзе пра аб’яўленне з асабістым пасланнем для Луцыі, таму яна не лічыла яго такім важным).
- „Ці я таксама пайду да неба?"
- „Так!"
- „A Гіяцынта?"
- „Tаксама!"
- „A Францішак?"
- „Таксама, але павінен яшчэ маліцца шмат ружанцаў".
Я ўзгадала пра дзве дзяўчынкі, што не так даўно памерлі. Яны былі маімі сяброўкамі і вучыліся ткацтву ў маёй старэйшай сястры.
- „Марыя дас Нэвэс ўжо ў небе?"
- „Taк, ужо ў небе". (Здаецца, яна мела недзе 16 гадоў.)
- „A Aмелія?"
- „Яна застанецца ў чысцы ажно да канца свету". (Здаецца, ёй магло быць 18-20 гадоў.)
– (Але, канешне, не трэба гэта разумець дакладна. Да канца свету азначае вельмі доўгі час).
- „Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, якія Ён вам пашле як узнагароду за грахі, якімі Яго неважаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?"
- „Так, хочам!"
- „Вы павінны будзеце шмат цярпець, але ласка Божая будзе вашай моцай!"
Кажучы гэтыя апошнія словы (ласка Божая і г.д.) Яна распахнула ў першы раз свае рукі, перадаючы нам настолькі моцнае святло, як бы водблеск, выплываючы з Яе рук. Гэтае святло прасякнула нас да самай глыбіні душы і зрабіла так, што мы ўбачылі сябе ў Богу, які з’яўляецца нашым святлом, выразней, чым у найлепшым люстры.
Пад уплывам унутранага парыву, які нам таксама быў перададзены, мы ўпалі на калені і вельмі пабожна паўтаралі:
- „O Найсвяцейшая Тройца, праслаўляю Цябе. Мой Божа, люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакраманце".
Праз хвіліну Наша Дарагая Спадарыня дадала:
- „Штодзённа маліцеся на ружанцы, каб выпрасіць супакой для свету і заканчэнне вайны!"
Потым пачала спакойна ўзносіцца ў бок усходу і нарэшце знікла ў бясконцай далечыні.

 ІІ.
13 ЧЭРВЕНЯ 1917 Г.  ДРУГОЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ

- „Чаго Спадарыня жадае ад мяне?"
- „Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 дня наступнага месяца, каб штодзённа маліліся на ружанцы і навучыліся чытаць. Пазней я скажу, чаго хачу".
   Я папрасіла аб аздараўленні аднаго хворага.
- „Калі ён навернецца, то выздаравіць на працягу года".
- „Я хацела б папрасіць, каб Спадарыня забрала нас да неба".
- „Так! Гіяцынту і Францішка я хутка забяру. Tы, аднак, застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі больш мяне пазналі і пакахалі. Я б хацела ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца" (Тут з-за паспешнасці Луцыя не напісала канец сказу, які ў іншых дакументах гучыць так: „Хто яго прыме, таму я абяцаю збаўленне душы для аздобы Яго трону").
- „Я застануся тут адна?" – запыталася я са смуткам.
- „Не, дачка мая! Ты з-за гэта моцна церпіш? Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну, маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога".

 ІІІ.
13 ЛІПЕНЯ 1917 Г. ТРЭЦЯЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ

- „Чаго Спадарыня ад мяне жадае?" – запыталася я.
- „Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 дня наступнага месяца, каб далей маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць супакой у свеце і заканчэнне вайны, бо толькі Яна можа выпрасіць гэтыя ласкі".
- „Я б хацела папрасіць, каб Спадарыня нам сказала, хто Яна і зрабіла цуд, каб усе паверылі, што Спадарыня нам аб’яўляецца".
- „Працягвайце прыходзіць сюды кожны месяц! У кастрычніку Я скажу, хто Я і чаго жадаю, а таксама зраблю цуд, каб усе паверылі".
Потым я сказала Ёй некалькі просьб, не памятаю ўжо, якія. Памятаю толькі, што наша Добрая Спадарыня сказала, што трэба маліцца на ружанцы, каб атрымаць гэтыя ласкі на працягу года. А потым працягвала далей:
- „Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “O Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі".
Пры гэтых апошніх словах Яна зноў распахнула рукі, як у два папярэднія месяцы. Промень святла, здавалася, праходзіў зямлю наскозь, і мы ўбачылі як бы мора агню, а ў гэтым агні былі дэманы і душы ў людскіх постацях, падобныя да празрыстых, распаленых вуглёў, якія плавалі ў гэтым агні.
Напужаныя, мы ўзнеслі вочы на нашу Спадарыню, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна поўная дабрыні і смутку, сказала нам:
- „Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Вайна набліжаецца да заканчэння. Але, калі людзі не перастануць абражаць Бога, то падчас пантыфікату Пія XІ пачнецца другая вайна, яшчэ горшая. Калі аднойчы ноччу вы ўбачыце невядомае святло, (маецца на ўвазе незвычайнае паўночнае ззянне, якое можна было ўбачыць ноччу 25 студзеня 1938 г. па ўсёй Еўропе, таксама і ў Польшчы. Луцыя лічыла гэта знакам з неба) ведайце, што гэта вялікі знак ад Бога, што набліжаецца пакаранне для свету за яго шматлікія злачынствы, будзе вайна, голад, пераследванне Касцёла і Святога Айца.
Каб гэтага пазбегнуць, Я прыду прасіць аб прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і св. узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананныя, Расія навернецца і запануе супакой, калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю аблудную навуку па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераследванне Касцёла, справядлівыя будуць замучаныя, а Святы Айцец будзе шмат цярпець. Загінуць розныя народы. У канцы, аднак, маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць Мне Расію, якая навернецца, і на нейкі час у свеце запануе супакой. У Партугаліі назаўсёды будзе захаваны дагмат веры. Гэтага нікому не кажыце. Францішку можаце сказаць. Калі моліцеся на ружанцы, кажыце пасля кожнай таямніцы: „O мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба, а асабліва тыя, каму найбольш патрабна Твая міласэрнасць".
Настала хвіліна цішыні, а я запыталася:
-„Спадарыня больш нічога ад мяне не жадае?"
- „Не, сёння я ўжо нічога больш ад цябе не жадаю".

ІV.
19 ЖНІЎНЯ 1917 Г. ЧАЦВЕРТАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ.
- „Чаго Спадарыня жадае ад мяне?"
- „Я хачу, каб вы далей прыходзілі да Кова да Ірыя 13 дня i штодзённа маліліся на ружанцы. У апошні месяц я ўчыню цуд, каб усе паверылі".
- „А што нам рабіць з грашамі, якія людзі пакідаюць у Кова да Ірыя?"
- „Зрабіце два перанасныя алтарыкі. Адзін будзеш насіць ты з Гіяцынтай і дзве іншыя дзяўчынкі, апранутыя ў белае, а другі няхай носіць Францішак і тры хлопчыкі. Грошы, якія ахвяруюць на гэтыя алтарыкі, прызначаныя на свята Маці Божай Ружанцовай, а рэшта на будаўніцтва капліцы, якая павінна тут быць пабудаваная".
- „Я б хацела папрасіць аздаравіць некалькі хворых".
- „Добра, некаторых Я аздараўлю на працягу года" – а потым з больш смутным выглядам сказала:
- Маліцеся, маліцеся шмат, складайце ахвяры за грэшнікаў, таму што шмат душаў ідзе на вечнае асуджэнне, бо няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся".
  
 V.
13 ВЕРАСНЯ 1917 Г. ПЯТАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ

- „Далей працягвайце маліцца на ружанцы, каб выпрасіць заканчэнне вайны. У кастрычніку прыйдзе таксама Наш Пан, Маці Божая Балесная і з Гары Кармэль, св. Юзаф з Дзіцяткам Езусам, каб блаславіць свет. Бог задаволены вашымі сэрцамі і ахвярамі, але не хоча, каб вы ў ложку мелі на сабе пакутны шнур. Насіце яго толькі на працягу дня".
- „Мне даручылі, каб я папрасіла Спадарыню аб аздараўленні аднаго хворага і аднаго глуханямога".
- „Добра, некалькіх аздараўлю, а іншых не. У кастрычніку я ўчыню цуд, каб усе паверылі".

 VІ.
13 КАСТРЫЧНІКА 1917 Г. ШОСТАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ

- „Чаго Спадарыня ад мяне жадае?"
- „Я хачу сказаць табе, каб тут пабудавалі ў мой гонар капліцу. Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы. Вайна скончыцца і жаўнеры хутка вярнуцца да дому".
- „Я павінна шмат аб чым папрасіць Спадарыню: ці можа Спадарыня аздаравіць некалькі хворых і навярнуць некалькі грэшнікаў і ячшэ шмат чаго".
- „Адных так, іншых не. Яны павінны выправіцца і няхай просяць аб прабачэнні сваіх грахоў".
I са смутным тварам дадала:
- „Няхай людзі больш не зневажаюць Бога грахамі, Ён і так ужо вельмі зняважаны".
Яна зноў шырока распахнула рукі, прамянеючыя ў сонечным бляску. Калі Яна ўзносілася, Яе бляск адлюстроўваўся ў сонцы. […]
Калі наша Спадарыня знікла ў бясконцай далечыні нябёсаў, мы ўбачылі з боку сонца св. Юзафа з Дзіцяткам Езусам і нашу Добрую Спадарыню, апранутую ў белае з блакітным плашчом. Мне здавалася, што св. Юзаф з Дзіцяткам блаславіць свет рухамі рукі на падабенства крыжа.
Хутка гэта візія знікла і мы ўбачылі Пана Езуса з Найсвяцейшай Маці. Мне падалося, што гэта Маці Божая Балесная.
Пан Езус, здавалася, блаславіў свет такім жа чынам, што і св. Юзаф. Знікла гэтая візія, і потым мне здалося, што я бачыла яшчэ Маці Божую з Гары Кармэль.

 VІІ.
16 ЧЭРВЕНЯ 1921 Г. СЁМАЕ АБЯ’ЎЛЕННЕ
МАЦІ БОЖАЙ.

Я прыйшла вас папрасіць, каб вы прыходзілі сюды на працягу шасці месяцаў кожнага 13 дня ў тыю самую гадзіну. Потым я скажу, хто Я і чаго жадаю. Пазней, я вярнуся яшчэ сёмы раз".
Сёмым разам было аб’яўленне ўжо 16 чэрвеня 1921 г. за дзень да ад’езду Луцыі да Вілар дэ Порто. Гаворка ідзе пра аб’яўленне з прыватным пасланнем для Луцыі, таму яна не лічыла яго настолькі важным.
“І вось, як вельмі клапатлівая, Ты яшчэ раз спусцілася на зямлю і тады я адчула Тваю сяброўскую далонь і Твой матчын дотык на маім плячы; я ўзняла позірк і ўбачыла Цябе, гэта была Ты, Блаславёная Маці, якая працягвала мне далонь і паказвала шлях; Твае вусны адчыніліся і салодкі гук Твайго голасу вярнуў святло і супакой маёй душы: “Я прыходжу сюды сёмы раз. Ідзі, кроч шляхам, якім цябе захоча весці Ксёндз Біскуп, такая воля Бога.”
Тады я аднавіла сваё Так, але цяпер ужо больш свядома, чым 13 мая 1917 года”.

VІІІ.
10 ЛІПЕНЯ 1925 Г.  ПАНТЭВЭДРА, ГІШПАНІЯ.

10 снежня 1925 г. Найсвяцейшая Панна аб’явілася з Дзіцяткам у Пантэвэдра. Найсвяцейшая Дзева паклала руку на плячо Луцыі і паказала аплеценае цернямі сэрца, якое трымала ў другой руцэ. Дзіцятка сказала: “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды павыцягваў гэтыя церні”.
Потым сказала Найсвяцейшая Панна: “Дачка мая, паглядзі, Сэрца маё аплеценае цернямі, якімі няўдзячныя людзі багахульствамі і няўдзячнасцю няспынна яго раняць. Прынамсі Ты імкніся мяне суцешыць і перадай усім, што я абяцаю прыйсці на дапамогу ў гадзіну смерці з усімі ласкамі да тых, што на працягу пяці месяцаў у першыя суботы паспавядаюцца, прымуць св. Камунію, памоляцца адну частку ружанца і 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцам будуць разам са Мной у інтэнцыі ўзнагароды”.
Не забыцца пра інтэнцыю, як узнагароду, якая з’яўляецца вельмі важным элементам першых суботаў.

ІХ.
13 ЧЭРВЕНЯ 1929 Г. ТУІ, ГІШПАНІЯ

Туі, Гішпанія. “Я папрасіла ў сваіх настаяцеляў і свайго спавядніка дазволу на святую гадзіну кожную ноч з чацвярга на пятніцу ад 11 гадзіны да поўначы. Аднойчы ноччу я была адна. Я ўкленчыла сярод капліцы, каб прачытаць малітву Анёла. Паколькі я адчувала сябе стомленай, я ўзнялася і далей малілася з паднятымі рукамі. Гарэла толькі вечная лампадка. Раптам ва ўсёй капліцы стала светла з-за незвычайнага святла.
На алтары паказаўся яскравы крыж, які даставаў ажно да паталка. У больш яскравым святле можна было ўбачыць у версе крыжа аблічча і верхнюю частку цела чалавека. Над грудзямі быў голуб таксама са святла. А да крыжа прыбіта чела іншага чалавека. Трохі ніжэй бедраў у паветры вісеў келіх і вялікая Гостыя, на якую падалі кроплі крыві з аблічча Укрыжаванага і з адной раны на грудзях. З Гостыі гэтыя кроплі сплывалі ў Келіх. Пад правай перакладзінай крыжа стаяла Найсвяцейшая Панна Мары. Гэта была Маці Божая Фацімская са сваім Беззаганным Сэрцам у левай руцэ, без мяча і ружаў, але з цярнёвай каронай і полымем. Пад левай перакладзінай крыжа былі вялікія літары, як з бы чыстай крынічнай вады, яны сцякалі на алтар, утвараючы словы: “Ласка і Міласэрнасць”. Я зразумела, што мне была перададзена таямніца, якой мне нельга было адкрываць. Потым да мяне прамовіла Маці Божая: “Надышла хвіліна, калі Бог заклікае Святога Айца разам з біскупамі ўсяго свету прысвяціць Расію майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы яе ўратаваць пры дапамозе гэтага сродка. Так шмат душ будзе асуджана з-за грахоў супраць мяне. Таму я прыходжу прасіць аб узнагародзе. Ахвяруйся ў гэтай інтэнцыі і маліся”.
Я сказала пра гэта майму спавядніку, які загадаў мне запісаць тое, што пажадала Маці Божая.
Пазней, праз унутранае пачуццё Маці Божая сказала мне, скардзячыся: “Не захацелі выслухаць маёй просьбы! Як кароль Францыі будуць шкадаваць і прысвецяць мне Расію, але будзе ўжо занадта позна. Расія распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, выклікаючы войны, правакуючы пераследванне Касцёла. Святы Айцец будзе шмат цярпець”. 



ТРЭЦЯЯ ЧАСТКА ФАЦІМСКАЙ ТАЯМНІЦЫ
J.M.J.

Пасля дзвюх частак, пра якія я ўжо расказала, мы ўбачылі ўверсе злева ад Нашай Спадарыні анёла з вогненным мячом у левай руцэ, ад ззяння якога вырываліся языкі полымя, здавалася, што яны падпаляць зямлю, але яны згасалі ў сутыкненні з бляскам, які сыходзіў у яго кірунку з правай рукі Нашай Спадарыні. Анёл, паказваючы правай рукой на зямлю, прамовіў гучным голасам: „Пакаянне, пакаянне, пакаянне!“ І ўбачылі мы ў бязмежным святле, якім ёсць Бог, „штосьці падобнае да таго, калі бачыш людзей у люстэрку, калі яны праходзяць перад ім“, — біскупа, апранутага ў белае адзенне, „у нас было адчуванне, што гэта Святы Айцец“, шмат іншых біскупаў, святароў, манахаў і манашак, якія ўзыходзілі на стромкую гару, дзе стаяў вялікі Крыж, збіты з неачэсаных бэлек, быццам з коркавага дрэва, пакрытага карою. Перш чым Святы Айцец дайшоў туды, ён прайшоў упэўненым крокам праз вялікі напаўзруйнаваны і напаўдрыжучы горад, змучаны болем і цярпеннем, ён ішоў і маліўся за душы мёртвых людзей, целы якіх сустракаў на сваім шляху. Прыйшоўшы на вяршыню гары, ён укленчыў каля вялікага Крыжа, а потым быў забіты групаю жаўнераў, якія некалькі разоў трапілі ў яго з агнястрэльнай зброі і стрэламі з лука, такім жа чынам былі забітыя адзін за адным біскупы, святары, манахі і манашкі, а таксама шмат свецкіх мужчын і жанчын рознага паходжання і становішча. Па абодва бакі ад Крыжа стаялі два анёлы, кожны трымаў у руках крышталёвую лейку, у якую збіраў кроў Мучанікаў і ёю акрапляў душы, што набліжаліся да Бога.  Туі 3.1.1944».

на падставе “Успамінаў с. Луцыі з Фацімы”,

ч. І, рэд Л. Кондор, том І, Фаціма 2002

Imprimatur – Фаціма, снежань 2002,
Бп. Сэрафін дыяц. Лэйрыя-Фаціма